…Паэт – нішто, а Слова – ўсё…

— Леанід Галубовіч

Алесь Аркуш

Захоп марсіянамі Беларусі
 Урывак з рамана

Частка першая
 Зіма не спяшалася прыходзіць. Стаяла цёплае восень­скае надвор’е. Увогуле нічога не папярэднічала гэтаму дзіўнаму сну. Мінуў звыклы дзень, са звыклымі жыццёвымі клопатамі. Надышоў вечар. Полацкі пісьменнік Васіль Кроква з паўгадзінкі пагартаў стужку сяброў у сваім Фэйсбуку, наведаў некалькі інфармацыйных сайтаў. Ніякіх адметных падзеяў за мінулы дзень не адбылося – ані ў Беларусі, ані ў свеце.
 Кроква прысніў Власта, прычым той быў у нейкім напаўразбураным памяшканні. Будынак нагадваў корпус закінутага цэху. Усярэдзіне будынка ўся падлога была засыпаная друзам. Праз прабоіну ў сцяне Васіль убачыў абрысы полацкай каменнай пажарнай вежы – значыць, гэта недзе ў раёне помніка Сімяону Полацкаму, падумаў ён. Але там няма ніякіх прамысловых аб’ектаў. Хіба што толькі гаражы мясцовай пажарнай часткі.
 Кроква адразу пазнаў Власта. Ластоўскі быў дакладна такі, як на класічным фотаздымку – у сціплым шэрым гарнітуры, з вузкай стужачкай гальштука. Мужчыны павіталіся, але толькі на словах. Власт руку не падаў, а Кроква не насмеліўся гэта зрабіць. Пры гэтым абодва размаўлялі неяк тэлепатычна, іх вусны былі нерухомыя. Тады Крокву гэта не падалося незвычайным. Толькі нараніцу, калі ён пачаў асэнсоўваць сон, ён згадаў гэтую дзіўную акалічнасць.
 Власт паклікаў Крокву ісці за ім. Яны мінулі цэнтр закінутага памяшкання. Роўна ўсярэдзіне будынка ў столі была дзірка, праз якую на падлогу падаў прамень. У зыркім святле віравалі клубы пылу, як мільярды планетаў у невядомай галактыцы. Кроква заўважыў, што побач з гэтым промнем абрысы постаці Власта захісталіся і згубілі выразнасць. Але калі Власт пайшоў далей, гэтыя зрокавыя хістанні зніклі. Насупраць чарговай прабоіны ў сцяне Ластоўскі спыніўся. У перспектыве праспекта Францыска Скарыны быў бачны буданак полацкай мэрыі. Усё яго левае крыло пужала чорным колерам, відавочна гэта сталася або ў выніку пажару, або нейкага моцнага задымлення. Над будынкам лунаў незразумелы сцяг з вертыкальнымі чорнымі палосамі.
 – Полацак захапілі марсіяне, – сказаў Крокву Ластоўскі.
 – Але ж я ўчора днём быў у гэтым будынку – ніякіх марсіянаў там не бачыў, – здзіўлена прамовіў Васіль, хутчэй для самога сябе, бо цяпер абгарэлую мэрыю ён мог назіраць на ўласныя вочы.
 – Больш таго, яны ўжо захапілі ўсю Беларусь, – дадаў Власт.
 – І што цяпер рабіць? – разгублена спытаў Кроква.
 – Трэба ратаваць Бацькаўшчыну. – Вусны Ластоўскага заставаліся нерухомымі, але Кроква выразна пачуў гэтыя словы.
 – Як ратаваць?
 – Напрыклад, напісаць кнігу з назвай “Захоп марсіянамі Беларусі”, – адказаў Ластоўскі.
 – І гэта ўсё?! – Вочы полацкага пісьменніка акругліліся ў трывожным здзіўленні.
 – Гэта толькі пачатак, але мусіш ужо заўтра пачаць працу. – Голас Ластоўскага гучаў без уплыву якіх-кольвечы пачуццяў, як у военачальніка, які павінен усім сваім выглядам паказваць, што ўсё пад кантролем, няма чаго хвалявацца, і калі не будзем губляць галавы, то пераможам.
Прачнуўшыся, Кроква сеў на ложак і хвілінаў дваццаць асэнсоўваў сон. У сне ён не паабяцаў Власту, што напіша раман “Захоп марсіянамі Беларусі”. Да таго ж назва гэтая яму абсалютна не падабалася. Якія яшчэ марсіяне?! Але нейкае трывожнае пачуццё вярэдзіла душу.

* * *
 Дваццацігадовы Алесь Дудар прыехаў у Полацак цягніком з Віцебска. Лютаўскі дзень хіліўся на вечар. На вакзале ён пачаў распытваць, як яму прайсці да рэдакцыі газеты “Полоцкий пахарь”, але ягоную рафінаваную беларускую мову не кожны мог тут зразумець. Можа, з трэцяга роспыту яму дапамагла чарнявая дзяўчына, якая патлумачыла паэту, як прайсці да будынка, у якім месцілася рэдакцыя. Дудар меў накіраванне на працу ў полацкую акруговую газету.
 Лютаўскі мароз хутка пачаў даймаць паэта. Ён перыядычна хаваў твар у каўнер свайго кажушка, які шмат пабачыў на сваім вяку. Поўсць авечкі захоўвала пахі роднага бацькоўскага дома, і гэты ўспамін таксама саграваў хлопца. Дудар спяшаўся трапіць у рэдакцыю – часу яму бракавала. Паэт мог застацца проста пасярод вуліцы, калі нікога не заспее ў будынку.
 Па дарозе Алесь думаў пра беларускі горад. У цягніку ён увесь час чуў беларускую мову, большасць людзей у вагоне былі вяскоўцамі, або жыхарамі невялікіх мястэчак. Яны абмяркоўвалі віды на ўраджай, кошты на полацкім кірмашы, нейкія свае турботы і клопаты. Але як толькі ён ступіў на вакзальны перон у Полацку, мова нібыта адразу знікла. Горад сустрэў яго расейскай гаворкай. Так было і ў Віцебску, дзе ён месяц адпрацаваў у тамтэйшай газеце. Вось і ягоныя звароты да полацкіх чыгуначнікаў не былі зразуметыя. У такіх выпадках Дудар часам пераходзіў на расейскую мову, але гэтым разам заўпарціўся і пачаў шукаць іншага суразмоўцу. Заўжды яму рабілася прыкра і балюча. Чаму так? Гэтае пытанне ён задаваў сабе сотні разоў. Ён меў некалькі адказаў, але ўсе яны не задавальнялі. Ён зноў і зноў вярэдзіў сваю душу гэтым балючым пытаннем, спрабуючы знайсці не толькі адказ, але і спосаб, як гэтую праблему развязаць. Для Дудара не было ніякага іншага варыянту будучыні роднай Беларусі, як толькі ў развіцці і пашырэнні роднай мовы. «Беларусі перадусім не хапае нацыянальнай культуры», – казаў сабе Дудар. Таму, па вялікім рахунку, і была заснаваная Дударом і яго паплечнікамі літаратурная арганізацыя “Маладняк”. Каб несці культуру ў беларускія масы. А пад словам “культура” маладнякоўцы мелі на ўвазе і беларускую мову. Бацькі-заснавальнікі “Маладняка” марылі пра стварэнне філіяў літаратурнай арганізацыі ў кожным беларускім горадзе і нават у невялікіх мястэчках. Таму Дудар і прыбыў у Полацак як місіянер беларускай культуры, няхай сабе і пралетарскай, але перадусім беларускай.
 Будынак, дзе месцілася рэдакцыя, Дудар знайшоў хутка, – ён знаходзіўся амаль на цэнтральным пляцы горада. На шчасце, паэт заспеў рэдактара газеты на працоўным месцы. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, гадоў на дзесяць-пятнаццаць старэйшы за яго. На рэдактары быў пакамечаны гарнітур мышынага колеру. Стомленыя вочы чыталі нейкія паперы, якія бязладна грувасціліся на стале. Дзверы ў кабінет былі адчыненыя. Дудар лёгка грукнуў у іх і прывітаўся:
 – Добры дзень!
 – Здравствуйте, товарищ! Присаживайтесь. Через пять минут я освобожусь. Тут, знаете, срочно нужно вычитать материал – прислали из окружкома. И как всегда за несколько часов до сдачи номера.
 Дудар сеў на адно з венскіх крэслаў, якія стаялі ля сцяны насупраць стала. Нейкай іншай мэблі ў пакоі не было. Складалася ўражанне, што рэдактара сюды засялілі часова. Далі стол і крэсла. Працуй, таварыш. Прыйдзе час, гэтак сама хутка выселім, як і засялілі. Памятай пра гэта і не будуй далёкасяжных планаў.
 «Я б цябе прыбраў ужо сёння ж, русацяп», – незадаволена падумаў Дудар.
 – Ну вот и всё, – выгукнуў рэдактар, распісаўся на паперах, якія чытаў, і некага гучна паклікаў: – Володя, зайди-ка быстренько.
 У суседнім па калідоры пакоі адчыніліся дзверы, і да рэдактара зайшоў хлопец прыкладна аднаго ўзросту з Дударом.
 – Вот, готово, теперь можно нести в набор. Сгоняй, Володя, в типографию. Скажи, что я просил оперативно набрать, чтобы ещё сегодня вычитать набор.
 Хлопец узяў паперы і выйшаў з рэдактарскага пакою.
 – Слушаю вас, товарищ. Вы что-то написали для нашей газеты? – нарэшце рэдактар звярнуў увагу на незнаёмца.
 – Я да вас прысланы на працу, – адказаў Дудар, устаў з крэсла і падаў складзеную ў столку паперу, якую ўжо некалькі хвілінаў камечыў у руках.
 Рэдактар узяў паперу, разгарнуў і пачаў чытаць. Ён прачытаў усё да канца і нават надпіс на пячатцы агітацыйна-прапагандысцкага аддзела Віцебскага акружкама.
 – Вот и отлично, – сказаў рэдактар, – нам как раз нужна помощь. Мы ждали вас. Нам звонили из Витебска. Сейчас я вам напишу бумагу, чтобы вас поселили в общежитие. Это тут рядом. Володя вас проведёт.
 Рэдактар пачаў пісаць паперу з просьбай пасяліць новага працаўніка газеты.
 Дудар устаў з крэсла і падышоў да вакна. На вуліцы ўжо шарэла. Сонца няспешна кацілася за званіцы вялікага сабору, які стаяў на другім баку пляца.
* * *
 Васіль Кроква быў фрылансэрам – пісаў для некалькіх газетаў. Гэта дапамагала яму ўтрымліваць сям’ю. Занятак літаратурай у Беларусі ў ХХІ стагоддзі амаль не прыносіў прыбытку. Гэта, хутчэй, было пакліканне. Беларусь заўсёды трымалася на літаратуры і паўстала з літаратуры. Прыкладна так лічыла большасць беларускіх пісьменнікаў. Васіль Кроква пісаў, бо не мог не пісаць. У літаратуру ён прыйшоў як паэт у далёкія студэнцкія гады. Але калі ён сур’ёзна пасталеў, адчуў, што мусіць ствараць вялікія празаічныя творы, каб было прасторна ягоным думкам, якія шчодра раіліся ў ягонай галаве. Кроква ніколі не арыентаваўся на нейкія моды, запатрабаванні выдаўцоў або на патрэбу замежнага чытача. Ягоныя раманы былі герметычныя і скіраваныя выключна на беларускую аўдыторыю. Замежнікам яны былі б зусім незразумелыя. Таму Кроква цураўся модных літаратурных тусовак і хаваўся ад усяго свету ў ціхамірнай правінцыі. Пасля сканчэння ўніверсітэта ён адмыслова ўзяў размеркаванне ў Полацак. Тут ён стварыў сям’ю, стаў журналістам і напісаў свае лепшыя літаратурныя творы.
 Кроква верыў у свой лёс. Лёс трэба вычуваць і не імкнуцца рабіць тое, што табе не наканавана. Васілю здавалася, што калісьці, у іншым жыцці, ён ужо жыў у Полацку, і быў перакананы, што ў нейкіх таемных куточках яго мозгу захоўваюцца ўспаміны пра гэта. Часам яны фрагментарна адкрываліся ў начных відзежах. Таму ён вельмі сур’ёзна ставіўся да сноў. Толькі ў адрозненне ад традыцыйнага іх успрымання, як нейкага зашыфраванага прадказання будучыні, Кроква бачыў у снах напамін пра мінулыя падзеі, якія нікуды не знікаюць, а дзесьці існуюць у іншай рэальнасці.
 Сон, у якім ён сустрэўся з Ластоўскім, выбіваўся са звыклага ўспрымання снення, да якога звыкся Васіль. Ластоўскі не быў з мінулага. Гэта было абсалютна дакладна зразумела Крокву. І пры чым тут марсіяне? Ніякіх больш-менш сэнсоўных тлумачэнняў сну Кроква не знаходзіў.
 Васіль нават дзеля цікавасці схадзіў у мэрыю, наведаў аддзел капіталь­нага будаўніцтва, дзе ўзяў інфармацыю пра ўзвядзенне новага супермаркета ў мікрараёне Аэрадром, дзе ён жыў. Мэрыя была такая ж самая, як учора і пазаўчора. Ніякіх слядоў пажару на будынку не было. Кроква нават пашукаў месца, адкуль ён з Ластоўскім аглядаў будынак мэрыі. Але такога месца не існавала ў прыродзе. Бо калі глядзець на будынак з праспекта Францыска Скарыны, то бачны толькі адзін бок мэрыі, а не ўвесь будынак.
* * *
 Уладзік Скуратовіч аказаўся добрым хлопцам. І пакуль яны разам ішлі ў інтэрнат, Дудар амаль пасябраваў з ім.
 – А ты всё время говоришь по-белорусски? – гэта было другое пытанне, якое задаў Дудару яго новы знаёмец.
 – Ну, а як я павінен гаварыць, калі я беларус і жыву ў Беларусі. – Такія пытанні заўжды нервавалі юнака, але гэтым разам Алесь стрымаўся і не пачаў дыскутаваць.
 – Так-то так. Только в белорусских горадах практически все говорят по-русски. Вот и наша газета выходит по-русски.
 – Да пары да часу. Рэвалюцыя разняволіла народы і беларусы пачынаюць адраджаць сваю Бацькаўшчыну. А якая Бацькаўшчына без матчынай мовы, – скаламбурыў Дудар, засмяяўся і прадэкламаваў: – Паняслася песня волі між лясоў густых, балот...
 – О, это строки Михася Чарота, он выступал в Полацке, читал свою поэму «Босыя на вогнішчы». А ты хоть видел живого Чарота?
 – Не толькі бачыў, але разам з ім працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». І разам ствараў «Маладняк». Можна сказаць, што гэта мой сябар.
 – Да ну! – здзівіўся Уладзік. – Так и ты, наверное, поэт?
 Уладзік спыніўся і пачаў пільна аглядаць Дудара. Даць веры таму, што гэты хлопец у пацёртым кажушку таксама паэт, было цяжка.
 – Не “наверное”, а паэт Алесь Дудар, мае вершы ўжо друкаваліся ў “Савецкай Беларусі”. А хутка выйдзе мая першая кніга “Беларусь бунтарская”.
 – Ух ты! – яшчэ больш здзівіўся Уладзік. – Почитаешь мне когда-нибудь? Признаюсь, я тоже пробовал писать стихи. И даже некоторые из них были напечаны в нашей газете. Но мне кажется, они не совсем удачные, чего-то в них не хватает.
 – А гэта таму, што пішаш не на роднай мове. Ты думаеш па-беларуску, гэтаксама, як твае бацькі і дзяды, а вершы пішаш па-расейску. Таму і не атрымліваецца. Вершы твае нараджаюцца калекамі, у іх няма моўнай мастацкай дакладнасці і прыгажосці. Разумееш?
 – Возможно, оно и так, – пагадзіўся Уладзік.
 – Вось створым у Полацку філію “Маладняка” і пачнем адпаведную працу. Прыедуць нашыя хлопцы, пачытаюць лекцыі. Пара Полацку ставаць на нацыянальныя культурніцкія рэйкі. – Дудар меў даручэнне ад Цэнтральнага Бюро “Маладняка” стварыць у Полацку філію, як гэта ён зрабіў ужо ў Віцебску.
 Навокал ужо зусім стала цёмна. Бадзёра рыпеў снег пад нагамі. Ула­дзік прывёў свайго новага калегу ў адзін з будынкаў былога езуіцкага калегіюма, які быў пераабсталяваны пад інтэрнат. Тут жылі пераважна вайскоўцы і навучэнцы 43-х полацкіх камандных курсаў. Але спыняліся тут і розныя цывільныя камандзіраваныя. Пахадзіўшы па нейкіх закутках, Уладзік прывёў мажную кабету, якая загадвала гаспадарчай часткай. Дудар паказаў ёй паперу ад рэдактара, кабета прачытала і павяла паказваць Алесю ягоны ложак.
* * *
 Кроква любіў Ластоўскага. А ягоную аповесць “Лабірынты” лічыў сваёй настольнай кнігай. Пры канцы 80-х, калі Власта і ягоную аповесць нарэшце рэабілітавалі і надрукавалі ў часопісе “Маладосць”, Кроква збрашураваў гэтыя часопісныя старонкі і зрабіў кнігу. Не ўсё ў гэтай аповесці было яму зразумела, але наяўнасць нейкай таямніцы, якую трэба разгадваць, прымушала глядзець на “Лабірынты” не толькі як на мастацкі твор. Гэта азначала, што да аповесці трэба было вяртацца зноў і зноў. Кроква быў упэўнены, што Ластоўскі нешта зашыфраваў у “Лабірынтах”. Нешта вельмі істотнае ды ізатэрычнае.
 Тое, што ў Полацку былі, а можа і зараз ёсць, падземныя хады, не было адкрыццём. У любым старым беларускім горадзе былі свае ўласныя легенды пра сутарэнні і лёхі. Звычайна іх будавалі ў крэпасцях і кляштарах. Гэта дазваляла заможным асобам або мніхам пры небяспецы пакінуць сваё жытло незаўважна. У гэтых сутарэннях таксама хавалі ад хцівага вока скарбы і каштоўныя рэчы.
 Полацак быў поўны легендаў пра падзямеллі. З краязнаўчых кніг нават былі вядомыя ўспаміны людзей, якія напачатку ХХ стагоддзя ў тых лёхах пабывалі.
 Васіль верыў у гэтыя легенды. Больш таго, ён лічыў, што ў тых лёхах да сёння перахавана нешта вельмі істотнае для Полацка. Магчыма, нават Полацкі летапіс, пра які ўсе казалі, што ён страчаны назаўсёды. Але як тыя лёхі адшукаць? Васіль некалькі разоў старанна абследаваў усе закуткі Замкавай гары. Са сталёвым прэнтам ён аблазіў нават зарослыя быльнягом і кустамі стромкія схілы ракі. Нічога, аднак, падазронага не знайшоў. Калі нейкі ўваход або выхад з падзямелля тут і існаваў, то, відавочна, быў засыпаны пластом зямлі.
 Кроква вылічыў і тое месца, з якога Ластоўскі з Падземным Чалавекам спускаўся ў полацкія лёхі. Недзе побач з тым лазам стаяў некалі будынак Базыльянскага кляштара. Цалкам магчыма, што Ластоўскі спускаўся ў падзямелле са склепа таго будынка. Бо ўсе манастырскія камяніцы ў Полацку мелі свае дрэнажныя лёхі для адтоку грунтовай вады. Некаторыя былі такой вышыні, што па іх можна было, сагнуўшыся, вольна хадзіць.
* * *
 Стварыць філію “Маладняка” ў Полацку аказалася яшчэ больш складана, чым у Віцебску. Дудар абышоў усе ўстановы культуры і адукацыі ў горадзе ў пошуках патэнцыйных сяброў літаратурнай арганізацыі. Але знайсці творчых людзей у правінцыйным зрусіфікаваным Полацку было не так проста. Найбольшае расчараванне Дудара чакала ў мясцовым педтэхнікуме. Тут ён меў гутарку з выкладчыкам Аляксандрам Пшчолкам, які наўпрост сказаў юнаку, каб той не баламуціў навучэнцаў і ўвогуле палачанаў, бо “белорусы не принимают в обиход этот язык”.
 З такім нахрапістым адмаўленнем Дудар сустрэўся ўпершыню.
 – Ведаем, адкуль вы набраліся гэтых думак. Але ранейшыя часы не вернуц­ца, як бы вы не хацелі і не імкнуліся іх вярнуць, – са злосцю прамовіў Дудар.
 Словы гэтыя яму даліся ў знакі, бо Пшчолка напісаў скаргу ў акружны камітэт. Маўляў, грамадзянін Дайлідовіч яго абражаў і абвінавачваў невядома ў чым, ледзь не ў контррэвалюцыі. Насамрэч пільны выкладчык толькі зрабіў вымову юнаку за тое, што той без даволу цягаўся па педтэхнікуме і падбухторваў навучэнцаў.
 Дудара выклікалі ў агітацыйна-прапагандысцкі камітэт акружкама, дзе яму прыйшлося даваць тлумачэнні.
 Па-іншаму сустрэлі Алеся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Тут пераважна вучыліся вясковыя дзеці, таму скрозь гучала беларуская мова. У лястэхнікуме перыядычна адбываліся розныя імпрэзы, сустрэчы і вечарыны. Дудар з задавальненнем іх наведаў. Аднойчы ён і сам быў запрошаны выступіць перад навучэнцамі. Алесь расказаў пра “Маладняк”, пра тое, што цяпер працуе над стварэннем полацкай філіі літаратурнай арганізацыі, запрасіў тых, хто спрабуе свае сілы ў прыгожым пісьменстве, далучыцца да філіі. Пасля сустрэчы да яго падышлі два навучэнцы. Першы з іх, Уладзімір Паскробка, сказаў, што з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх менскіх газетаў і плануе заняцца літаратурай. Другі – Міхась Гулякевіч – быў проста аматарам беларускай літаратуры, які перачытаў усё, што здолеў адшукаць, і чакаў ад Дудара дапамогі ў набыцці кніг беларускіх аўтараў.
 Дудар быў рады і гэтай “знаходцы”.
* * *
 Святло ліхтара ўпала на сцены сутарэння. Падземны ход быў выкла­дзены з цэглы, цяжка ўжо сказаць якога колеру, бо каменныя бакі лёхаў і столь былі пакрытыя слоем зялёнага налёту, нібыта былі з медзі і ад вільгаці акісліліся. Але зялёнымі сцены былі толькі на пачатку шляху: там, куды яшчэ час ад часу трапляла святло. Далей сцены былі ўжо чорнымі, як быццам бы ў фоташопе прыбралі колер. На столі можна было пабачыць і плямы ад сажы. Відаць, некалі тут хадзілі з паходнямі. У разрэзе падземны ход уяўляў сабой усечанае кола, бо падлога ўсё ж была роўнай, шырыня яе была не болей за метр.
 Лёхі вялі ў бок Сафійскага сабора. Але ў падзямеллі ўжо цяжка было арыентавацца, лёхі маглі кудысьці адхінуцца, а заўважыць гэта было амаль немагчыма.
 Пасля 40-50 метраў стала цяжка дыхаць. Ён не звярнуў на гэта ўвагу і рушыў далей. Праўда, гэты асцярожны рух наўрад ці можна было б назваць шпацырам. Ён сунуўся хутчэй як мінёр па замінаваным полі. Спачатку яму здавалася, што можа абрынуцца столь і яго засыпле. Ці яго самога, ці выхад з падзямелля. Затым яму пачало мроіцца, што нехта ў гэтых лёхах ужо ёсць і сочыць за ім. Ён нібыта чуў гукі таропкіх крокаў, нейкія ўсхліпы і шоргаты. Пасля таго спыняўся, прыслуховаўся, і дзіўныя гукі адразу знікалі. Нібыта той ці тыя, хто былі ў лёхах, умэнт заціхалі.
 Ён ужо пачаў шкадаваць, што пацёгся ў гэтае падзямелле адзін. Навошта было так рызыкаваць? Але не хацелася ні з кім дзяліцца гэтым адкрыццём. Апошнім часам ён нікому не давяраў. Нехта зусім падсеў на грошы. Нехта проста стаў падазроным. Нехта спіўся і дэградаваў. Не, давяраць не было каму. Ён не мог так рызыкаваць: усё трэба рабіць самастойна. І не толькі таму, каб сабраць усе лаўры. Не было ўпэўненасці, што хтосьці не захоча пагрэць рукі на тым, што схаванае тут ад хцівых позіркаў.
 Дыхаць стала зусім цяжка. Ён спыніўся і адчуў, як гулка тахкае сэрца ў грудзях. Здаецца, яго стук разлятаўся па ўсім падзямеллі. Затым яго хіснула і падалося, што сэрца спынілася. Як быццам бы ў тэлевізары раптам на экране з’явіліся перашкоды ў суправаджэнні гучнага свісту. Гэты свіст імкліва нарастаў, і ён адчуў, што губляе прытомнасць.
* * *
 Праца ў газеце не была цяжкай. Дудар галоўным чынам займаўся разглядам рэдакцыйнай пошты. А таксама рыхтаваў да друку карэспандэнцыі актыву газеты, перадусім моладзі з навакольных мястэчак і вёсак. Гэта было зручным, “стратэгічным” месцам для стварэння філіі. Праўда, адна справа – напісаць нататачку ў газету, з тузінам памылак, да таго ж на трасянцы, і зусім іншая – мастацкі твор. Але Дудар, прынамсі, ужо ведаў некалькі чалавек, якія маглі больш-менш змястоўна і гладка выкладаць на паперы свае думкі. Больш за ўсё яго раздражняў іншы бок працы – газета была расейскамоўнай, і таму даводзілася з трасянкі перакладаць на расейскую мову. А гэта азначала, што ён як бы сам русіфікаваў маладых людзей, паказваючы, дзе яны памыляюцца, пішучы па-расейску. Разуменне гэтага свайго дэструктыўнага чыну, бывала, даводзіла яго да шалу. Ён некалькі разоў парываўся завесці гутарку з рэдактарам пра перавод газеты на беларускую мову, але рэдактар і слухаць не хацеў, тлумачачы, што такое пытанне вырашаецца нават не ў Полацкім акругкаме.
 Існавала, аднак, добрая магчымасць працаваць і ў іншым кірунку. Гэта адбывалася пры непасрэдным кантакце з аўтарамі газеты. Па-першае, Дудар усіх запрашаў у філію “Маладняка”, якую яму даручана стварыць Цэнтральным Бюро літаратурнай арганізацыі. Па-другое, ён усіх намаўляў вучыць беларускую мову і спрабаваць пісаць на ёй, бо, як тлумачыў малады менскі паэт, усё адно з часам полацкая газета пяройдзе на беларускую мову, то варта ўжо зараз пачаць гэты працэс з нізоў – з селькараў і рабкараў.
 Выдатным падарункам Дудару стаў выхад у Менску яго першага зборніка вершаў “Беларусь бунтарская”. Гэта значна павысіла ягоны аўтарытэт у вачах полацкага кіраўніцтва і сярод полацкай моладзі. Цяпер Дудару даручалі і ўкладанне літаратурнай старонкі ў тутэйшай газеце, і, натураль­на, у ёй стала з’яўляцца значна больш беларускамоўных твораў. Дудара таксама актыўна пачалі запрашаць на сустрэчы ў школкі, іншыя навучаль­ныя ўстановы, у працоўныя калектывы. Ён паспеў выступіць не толькі ў самім Полацку, але і ў Ветрыне, і Дрысе. Паўсюль ён шукаў патэнцыйных сяброў стваранай філіі «Маладняка». Праўда, вынікі гэтых пошукаў былі сціплымі. Як высветлілася, паэты і празаікі не нараджаюцца самі па сабе, іх ствараюць і вырошчваюць. І для гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы.
* * *
 Выраз “узняцца на гару” для Васіля Кроквы не з’яўляўся нейкім абстрактным і ўмоўным. А быў абсалютна канкрэтным і азначаў узняцца на полацкую Замкавую гару, на якой, дамінуючы над усім наваколлем, стаяў Сафійскі сабор. Найбольш пісьменніку падабалася ўздымацца на гару з боку Запалоцця. У гэтым пад’ёме быў нейкі рытуал – прайсці па мастку праз Палату, пабачыць, як меншая рака сустракаецца з большай, і неспешна, прыступка за прыступкай, узысці на гару. Пры гэтым добра ўсведамляць, што ўскрай гары некалі ішла драўляная абарончая сцяна. І каб патрапіць у Верхні замак, трэба было прайсці праз браму з вежай, якая, як казачны волат, ахоўвала ўваход у сэрца горада.
 Гэтым разам Васіль не шукаў уваход у падзямелле. Ён прыйшоў сюды, каб паразважаць і падсілкавацца ад гэтай тысячагадовай крыніцы энергіі. Кроква сеў ля камля бярозы, якая расла амаль ля самага краю гары над вусцем Палаты. Адсюль быў добра бачны новы мост праз Дзвіну. Падчас яго будаўніцтва рабілі насыпную дарогу на мост, якая прайшла якраз пасярэдзіне былых Міхайлаўскіх могілак. Гэта было жахлівае відовішча – налева і направа ад дарогі ляжалі драўляныя рэшткі трунаў (а часам і цэлыя труны), чалавечыя косткі і старыя надмагільныя помнікі. Васіль некалькі разоў пісаў у газеты, у тым ліку і сталічныя, пра будаўнічае варварства, але дамогся толькі таго, што ўсе гэтыя «спадарожныя знаходкі» будаўнікі хуценька прыбралі. Пакінуўшы, незразумела чаму, толькі два надмагільныя помнікі – адзін нейкаму стацкаму саветніку Пагодзіну, другі – маладой палачанцы, якая пайшла з жыцця ў 18-гадовым узросце. Гэтыя помнікі яшчэ некалькі гадоў ляжалі побач з новай дарогай. Затым і яны некуды зніклі.
 Праваслаўныя Міхайлаўскія могілкі зруйнавалі саветы ў 30-х гадах, калі пашыралі полацкі аэрадром. Зраўнялі з зямлёй не толькі магілы, але і саму Міхайлаўскую царкву, якая месцілася пасярод старых кладоў. Самалёты з савецкімі зоркамі на крылах і фюзеляжах узляталі тут проста над трунамі, косткамі і надмагільнымі помнікамі.
 Кроква паспрабаваў гэта ўявіць і па ўсім яго целе пабеглі нервовыя мурашы. Ад старых жыхароў Запалоцця ён неаднойчы чуў розныя страшныя гісторыі, звязаныя з гэтым трагічным месцам. Тут почасту адбываліся розныя жахлівыя здарэнні – забойствы і згвалтаванні, – і неаднойчы бачылі ўсялякія дзіўныя з’явы. Вось і цяпер найбольш дарожных аварыяў у Полацку здараецца менавіта на гэтым, здавалася б, абсалютна бяспечным, участку дарогі на новы мост.
 «Нешта ёсць у гэтым свеце, што нараджаецца і дзейнічае тысячагоддзі, нягледзячы на ўсе грамадска-палітычныя змены і закалоты, – разважаў Кроква, прытуліўшыся спінай да камля бярозы. – І, відаць, гэта значна больш істотнае, чым розныя партыі, грамадскія рухі і аўтарытарныя рэжымы. Хаця, з іншага боку, менавіта аўтарытарныя рэжымы і пакідаюць пасля сябе такія жахлівыя анамальныя мясціны, учыніўшы гвалт і злачынства, парушыўшы святыя традыцыі і запаветы дзядоў».
 Кроква не быў зацятым антыкамуністам. Ён, хутчэй, прытрымліваўся сваёй тэорыі дабра і зла, святла і цемры. Паводле яго ў кожным асяроддзі, сярод прыхільнікаў любых ідэяў і перакананняў ёсць светлыя і цёмныя людзі, калі не лічыць зусім ужо дэманічных і вар’яцкіх, а такіх людзей Кроква ўважаў проста за небяспечна хворых. Бо нават сярод нямецкіх акупантаў часоў Другой сусветнай вайны было шмат светлых людзей. Адзін з такіх немцаў папярэдзіў дзеда Кроквы, што яго на раніцу арыштуюць, і такім чынам уратаваў усю дзедаву сям’ю, якая ўночы выехала ў партызанскі лес. Уратаваў і яго бацьку, які быў тады малым хлопчыкам і, атрымліваецца, уратаваў і Крокву.
 Аднак у сваёй тэорыі Васіль ніяк не мог знасці прычыну падзела людзей на светлых і цёмных. Калі казаць, што тут грае асноўную ролю выхаванне з маленства, то якім чынам здараецца, што браты-блізняты вырастаюць абсалютна рознымі людзьмі, часам – супрацьлеглымі? Як так атрымліваецца, што святыя айцы і мніхі, якія палову жыцця правялі ў сумоўі з Богам, раптам здзяйсняюць жудасныя злачынствы? Як патлумачыць дзеянні зацятых вернікаў, калі яны з ахвотай дапамагалі нямецкім карнікам знішчаць габрэяў? Падобна, што прычына падзелу на светлых і цёмных палягае значна глыбей, а прыкметы прыналежнасці захоўваюцца, магчыма, у генах. Або людзі не паміраюць, а толькі мяняюць цялесную абалонку. І ўсе свае назапашаныя якасці штораз пераносяць з сабой у новую чалавечую істоту.
 Кроква дастаў са сваёй невялікай сумкі, якую насіў на раменьчыку праз плячо, нататнік і сваім мудрагелістым почыркам запісаў: «Людзі, магчыма, не паміраюць, а толькі мяняюць свае цялесныя абалонкі». Затым ён спусціўся з гары, з таго самага боку, з якога і падняўся, і пашыбаваў спешным крокам у бок свайго мікрараёна.
* * *
 Чарговы выклік у Полацкі акруговы камітэт не абяцаў Дудару нічога добрага. Пачуццё трывогі нарастала з кожным няроўным крокам, якім ён набліжаўся да адпаведнага будынка. Мінулы раз ён меў сведкаў, студэнтаў педтэхнікума, якія яго вадзілі па навучальным корпусе. Таму данос Пшчол­кі аказаўся марным. Студэнты пацвердзілі, што ніякім чынам Алесь яго не абражаў, толькі сказаў, што царскія часы ніколі ўжо не вернуцца, а Савецкая Беларусь будзе спрыяць нацыянальнай культуры, а значыць і мове. Пра гэта можна было прачытаць у любой сталічнай газеце на першай паласе. Гэта была, можна сказаць, генеральная лінія камуністычнай партыі ў нацыянальным пытанні. Таму ў акруговым камітэце ніякім чынам не маглі аспрэчыць словы Дудара, тым больш палічыць іх за абразу. Нават калі і не былі прыхільнікамі беларускага адраджэння.
 Прадчуванне Алеся не падманула. Гэтым разам сітуацыя была больш складанай. Дудару паказалі ананімку, у якой невядомы «добразычлівец» паведамляў у акругкам, што Аляксандр Дайлідовіч, супрацоўнік газеты «Полоцкий пахарь», ён жа паэт Алесь Дудар, падчас наведвання Ветрына называў кіраўніцтва Полацкай акругі русацяпамі, якія сабатуюць палітыку беларусізацыі, не хочуць пераводзіць сваю газету на беларускую мову, нічога не робяць у сферы адукацыі. Казаў, што неўзабаве камсамол такіх савецкіх работнікаў пагоніць бруднай мятлой.
 Гэта быў удар пад дых, бо цяпер абражанымі рабіліся работнікі Полацкага акругкама. Не цяжка ўявіць, якая адбылася размова і чым пагражалі Дудару. Алесь усё аспрэчваў і казаў, што гэта хлусня і чыстай вады правакацыя, бо калі б чалавек меў сапраўдныя факты, то навошта яму пісаць ананімку. У камітэце паабяцалі сур’ёзна разабрацца і прыняць меры. Меры маглі быць надзвычай радыкальнымі.
 Назаўтра ў Полацак прыехаў сам кіраўнік “Маладняка”, да таго ж галоўны рэдактар газеты “Савецкая Беларусь” Міхась Чарот. Яго візіт абудзіў правінцыйны Полацак. Паэта сустрэлі як шаноўнага госця, нават наладзілі яму вечарыну ў Камсамольскім клубе. Чарот меў шчырую гутарку з кіраўніцтвам акруговага камітэту і паручыўся за свайго маладога калегу Алеся Дудара.
 Калі Дудар на чыгуначным вакзале праводзіў Чарота на цягнік, той нахіліўся да ягонага вуха і ціха прамовіў: “Трымай свой язык за зубамі, бо з ГПУ я цябе ўжо не выцягну”.
 Увечары Дудар, застаўшыся сам-насам з сабой, напісаў верш.
Цені блудзяць па твары,
 Сэрца точыць нуда.
 Сёння лепшы таварыш
 Можа цябе прадаць.
Сёння не верыць нікому,
 Можа, я сам шпіён.
 Сціснуць рукамі скроні,
 Няхай пагасне агонь.
Многія маюць сховы
 У шкліцах чырвоных маніст.
 Скажы па-свойму слова,
 Крыкнуць – ты шавініст.
Будзіць волатаў косці,
 Будзіць сафійскі звон.
 Прыйшлі вы да нас у госці
 І нам надзелі ярмо.
* * *
 З боку Запалоцця, непадалёку ад вусця Палаты, прычаленым да дзвінскага берага, стаяў дракар. Тут досыць нізкі бераг, крыху топкі, бо шчодра б’юць крыніцы, таму дракар, які, відаць, на хуткасці ўехаў у бераг, ці не напалову корпуса аказаўся сярод берагавога аеру. Гэта дазваляла амаль па сухім трапіць на карабель. Затое, каб адчаліць, спатрэбіліся б цягліцы ці не тузіна мужчынаў, бо саштурхнуць дракар на ваду цяпер было не так проста.
 Побач з дракарам нікога не было. У такую раніцу хіба што рыбака можна сустрэць у гэтай ціхамірнай мясціне. Ці быў хто на самім дракары Крокву не было відаць, бо, па-першае, ён бачыў дракар збоку, а чалавек мог проста сядзець на днішчы, або ляжаць, а па-другое, ветразь карабля быў спушчаны не да канца, таму за ветразем мог таксама нехта знаходзіцца.
 Спачатку Васіль падумаў, што гэта чарговая вандроўка скандынаваў, якія любілі займацца рэканструкцыяй часоў вікінгаў. Пра адну з такіх вандровак ён неяк рабіў рэпартаж. Але чым бліжэй падыходзіў да карабля, тым мацней у яго ўзнікала пачуццё, што гэта сапраўдны дракар. Што значыць “сапраўдны”, наўрад ці ён мог патлумачыць. Але што гэта не сучасная падробка, Кроква быў абсалютна ўпэўнены.
 Драўляны Одзін на носе дракара быў такім архаічным і праўдзівым, што Кроква нават улякнуўся. Хвілінаў пяць ён прастаў насупраць Одзіна, баючыся яго абмінуць і ступіць на карабель. І тут пачуў голас:
 – Ну, смялей, чакаю цябе ўжо колькі гадзінаў.
 За ветразем устаў чалавек. І Кроква імгненна яго пазнаў. Гэта быў Ластоўскі.
 Кроква асцярожна ўскараскаўся на борт дракара. На днішчы ляжалі вёслы і скураныя торбы, наладаваныя нейкім майном. Асцярожна пераступаючы праз усё гэта, Кроква пасунуўся ў бок Ластоўскага. Той ужо сядзеў на лаве для весляра і глядзеў на Замкавую гару. Кроква наблізіўся да яго і сеў побач. Нейкі час яны маўчалі. Як доўга, Кроква пазней не мог згадаць. Але ён выдатна памятаў, што першым парушыў маўчанне Ластоўскі. І зноў, як і мінулым разам, ён не варушыў вуснамі.
 – Як думаеш, ці наведваў гэты дракар Бізантыю?
 Пытанне Крокву падалося ня тое што дзіўным, але бессэнсоўным. Якая розніца, наведваў ці не наведваў гэты дракар Бізантыю.
 – Магчыма, і наведваў? Але якое гэта мае значэнне?
 – Гэта можа быць доказам таго, што сапраўды існаваў шлях “з варагаў у грэкі”.
 Ага, падумаў Кроква, значыць Ластоўскі тут як гісторык і даследчык, як аўтар “Кароткай гісторыі Беларусі”. Гэтая думка неяк разняволіла Крокву, бо ён ужо пачаў гадаць, што за мэта гэтай чарговай сустрэчы.
 Ластоўскі працягваў:
 – Гэты дракар не паспеў на дапамогу Рагвалоду і цяпер ён непрытульны, як Лятучы Галандзец. Чуў легенду пра Лятучага Галандца?
 – Канечне, кожнае дзіця ведае гэтую легенду, – адказаў Кроква Ластоўскаму, як вучань настаўніку.
 – Усё было б інакш, калі б гэты дракар паспеў у час. Уся беларуская гісторыя пайшла б іншым шляхам. Вельмі небяспечна ў лёсаносны перыяд не паспець у час.
 – А дзе каманда гэтага дракара? Бо, напэўна, не дракар вінаваты, а каманда, – нерашуча спытаў Кроква, бо, наколькі ён ведаў, у Лятучага Галандца былі і капітан, і каманда. Бо што такое карабель без каманды – проста чарупіна сярод хваляў.
 – Каманда з’яўляецца адразу, як толькі ўздымаецца ветразь, – Ластоўскі павярнуў галаву ў бок мачты карабля і дакрануўся рукой да ветразя. – Маеш рацыю, вінавата каманда, а не дракар. Але людзі могуць памыляцца і рабіць кепскія ўчынкі, а дракар не мае права памыляцца. Дракар – гэта пасланнік лёсу. Ёсць у свеце больш сур’ёзныя і важныя рэчы, чым людзі і іх жаданні, планы і справы.
 Кроква сіліўся зразумець, што гаворыць Ластоўскі, але ў яго гэта не атрымлівалася.
 – Але людзі несмяротныя, яны толькі мяняюць абалонку, – нечакана для самога сябе сказаў Кроква.
 Ластоўскі ўважліва паглядзеў на Крокву. Затым павярнуў свой твар у бок Сафійскага сабора і спытаў:
 – Бачыш, на крыжы Сафіі сядзіць крумкач? Гэта птушка або чалавек?
 Кроква паглядзеў у бок Сафіі і ўбачыў на крыжы званіцы чорную кропку.
 – Канечне, птушка, – упэўнена сказаў Кроква.
 – Але гэта таксама абалонка. Разумееш? Усё, што ты бачыш навокал – гэта абалонкі. Чалавек не можа сам абраць сабе тое, што заманіцца. Гэта вырашае дракар. Дакладней, той дракар, да каманды якога ён прыпісаны. Калі твой дракар спазняецца, ты апынешся на Лятучым Галандцы. І тады як бы ты ні хацеў, твой лёс губляе мэту, тады дракар проста перасоўваецца ў прасторы – бязмэтна і без порта прыпіскі.
 Кроква адчуў, як пад ім заварушыўся карабель, як нешта жывое.
 – Нам пара пакінуць гэты дракар-прывід. – Ластоўскі ўстаў і пачаў прабірацца на запалоцкі бераг. Кроква пасунуўся следам.
 Калі яны абодва сышлі на зямлю, на дракары рэзкім рухам узняўся ветразь і карабель рыўкамі пачаў ссоўвацца на ваду. На вадзе карабель ашчацініўся вёсламі і досыць імкліва пайшоў супраць плыні.
 Крокву хацелася задаць Ластоўскаму апошняе пытанне, каб неяк праясніць для сябе пачутае. Ён не вытрымаў і запытаўся:
 – А мэта якая? Якая мэта?
 – Не даць марсіянам захапіць Беларусь, – пачуў Кроква ў адказ, але самога Ластоўскага ўжо не ўбачыў.
comments powered by HyperComments