…Мова валодае незвычайнай жывучасцю…
І я ўпэўнены – беларуская мова
ніколі не знікне…

— Ігар Шклярэўскі

1 лістапада ў менскай кавярні-клубе «Грай» прайшоў юбілейны канцэрт, прысвечаны часопісу. Быў прэзентаваны новы, дзевяносты нумар унікальнага выдання. На дзеяслоўскіх старонках, без перабольшання, друкуецца ўся сучасная беларуская літаратура, прадстаўлена творчасць усіх пакаленняў нашых пісьменнікаў і фактычна ўсе роды і жанры літаратуры. Павіншаваць «Дзеяслоў» і яго стваральнікаў прыйшлі многія: аўтары, чытачы, сябры рэдакцыі, аматары мастацкага слова і музыкі.

Першы нумар часопіса, як распавёў адзін з яго заснавальнікаў і галоўны рэдактар, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, пабачыў свет 23 верасня 2002 года. Цягам свайго існавання калектыў рэдакцыі, колькасць якога, дарэчы, ніколі не перавышала 4 чалавек, імкнуўся як мага больш шырока і дэмакратычна рэпрэзентаваць нацыянальную літаратуру.

Фота: Аляксандр Кісялёў

Творы, упершыню апублікаваныя ў выданні, пазней атрымлівалі высокія літаратурныя ўзнагароды, такія, як Прэмія Гедройца, “Дэбют”, “Кніга году” ды іншыя. “Час second-hand” Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову таксама быў апублікаваны ў часопісе, а пазней выдадзены асобнай кнігай дзякуючы намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў. Акрамя таго,  у 2006 годзе рэдакцыяй была заснаваная кніжная серыя “Бібліятэка часопіса “Дзеяслоў””, у якой выйшла ўжо 20 кніг.

Існуе і штогадовая прэмія “Залаты апостраф” за найлепшую публікацыю ў “Дзеяслове”.

Барыс Пятровіч. Фота: Аляксандр Кісялёў

Паэт і грамадскі дзеяч Уладзімер Някляеў сказаў шмат цёплых слоў пра часопіс, у якім аўтар друкаваў і друкуе свае лепшыя творы, і перадаў віншавальную грамату ад імя Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны.

Уладзімер Някляеў. Фота: Аляксандр Кісялёў

Анатоль Івашчанка. Фота: Аляксандр Кісялёў

Выступілі вядомыя пісьменнікі, кожнаму з якіх было чым падзяліцца з гледачамі: добрымі ўспамінамі, звязанымі з часопісам, сваімі вершамі, перакладамі і песнямі. Вялі вечарыну намеснік Старшыні СБП, паэт Усевалад Сцебурака і Барыс Пятровіч.

Вольга Гапеева. Фота: Аляксандр Кісялёў

Валярына Кустава. Фота: Аляксандр Кісялёў 

Гурт “Крама”. Фота: Віка Трэнас

Гурт “Крама”. Фота: Віка Трэнас

На сцэне прагучала жывая музыка ў выкананні барда Віктара Шалкевіча, беларускіх гуртоў “Рэха” і “Bar Akaryna”, завяршыўся канцэрт выступам легендарнай “Крамы”.

comments powered by HyperComments