
* * *
…калі над вершамі я плачу,
то, значыць, нешта ўсё-ткі значу,
як чалавек, які астачу
жыцця не кінуў на абы,
а вызнаць сэнс яго таемны
і дух быцця адчуць нятленны
жадае,
каб знайсці збавенне,
нягледзячы на лёс сляпы.
8 студзеня 2011
СОН
Апоўначы,
схіліўшыся з краю нябёс,
да мяне дагукалася мама,
і кажа мне гэтак:
не вер, што тут цемра і нежыць,
тут – як і там,
толькі ўсё перавернута:
хто быў апошнім,
апынаецца першым,
і Авель зайздросціць
дару брата свайго…
Тут чалавек падобны
на свой першародны
вобраз…
І зямля адсюль
бачыцца гэтак жа,
як і неба – з зямлі…
Пасля адвярнулася,
накрылася воблакам –
і заснула…
24 лістапада 2013
* * *
Тэры і электарату
Сабака звыкае да волі гаспадара
і да ўтульнай хатняе службы;
ненавязаным
не хоча выходзіць на вуліцу,
баіцца быць пакінутым
сам-насам…
З якой удзячнасцю
ён ліжа маю далонь,
калі я прышчэпваю
павадок…
5 снежня 2013
ВЫРАК ВАРАННЯ
На полі бязлюдным падвечар,
сабраўшыся цёмнаю хмарай,
вароны наладзілі веча,
з усіх прыляцеўшы абшараў…
Свой чорны выкарквалі гонар
і лютасць вытоптвалі яра,
пакуль не павыдзерлі з горлаў:
кра!
край гэты – крыж наш і кара!..
Гарлалі над выстылым полем
да шарай гадзіны сыходнай,
пакуль іх гаротная доля
не сталася доляй народнай…
27 снежня 2013
* * *
Каторы дзень
сяджу і думаю:
якая марнасць жыцця,
хоць вазьмі ды
засілься
на вяроўчыне,
якой перацягнулі ўчора
купленае ў краме паліто
(а гэта ж не на адну зіму?!)…
Але ў нашай літаратуры
амаль ніхто не сыходзіў так,
як сыходзілі Маякоўскі, Цвятаева,
Місіма альбо Сільвія Плат…
Нашых часта выдавалі,
добра плацілі,
любілі і шанавалі,
а калі, бывала, наадварот, –
то не хапала волі,
каб да канца
выславіць сваё
Я
такім грэшным
чынам…
Ну,
хіба што Жэня Янішчыц
ды Гумянюк…
Астатнія ад гарэлкі ўгаралі,
хвароб і пражытых гадоў…
Яшчэ самазгубна сыходзіў Сыс,
зрэшты,
ён і сышоў крывёю…
А я?!
Ці мог бы сысці я,
замкнуўшы за сабой дзверы,
ачапіўшыся
на круку
запыленай
люстры?..
Наўрад ці…
Задыхаюся,
а – жыву…
Думаю,
каб самохаць сысці
трэба мець
сатанінскі талент,
а можа, нават,
выбітае на сэрцы ў спрэчках з Богам,
таўро геніяльнасці…
28 снежня 2013
ГРАМАТЫКА ЖЫЦЦЯ
Алесю Разанаву
Ніхто не жадае быць словам,
а ўсё – клічнікам,
кропкаю
альбо хоць коскаю,
на крайні выпадак,
пытальнікам,
а хтосьці –
працяжнікам
ці шмакроп’ем…
Так,
у жыцці ёсць
правілы пунктуацыі
і выключэнні з іх,
а ўсё ж без Слова
няма ў нас сэнсу,
бо толькі ў ім –
крыж нашай сутнасці
і ўваскрашэнне…
Скурчваемся пытальнікамі
ў старасці –
ніхто нам не адказвае,
выструньваемся клічнікамі
ў труне –
ніхто нас не чуе…
І толькі
Слова моўчкі
стаіць наводдаль,
нікім не заўважнае
і не пачутае…
27 студзеня 2014
* * *
Нам славы зямное не будзе
нікому,
а – ўсім і адна:
за тое, што – Божыя людзі
і нас не скарыў Сатана…
Ды нават і тых, хто скарыўся,
не кіне на гібласць Хрыстос,
а веры працягне скарынку
заместа адчаю і слёз…
29 cтудзеня 2014
* * *
прахапіўся ў сне
на магіле мамы
адчуўшы
як скрозь пальцы
прарастае трава
3 лютага 2014
* * *
Зямля, цяжарная быццём бацькоў,
і неба, лёгкае дыханнем Бога,
мой дух і плоць у свой спрадвечны схоў
павінны ўзяць, іх раздзяліўшы строга
на дзве сукупных сутнасці жыцця,
якія
у адной зямной істоце,
ратуючы сябе ад забыцця,
з’ядналіся насуперак Прыродзе.
22 сакавіка 2014
* * *
Паэт Рыгор Барадулін
жыў ад мяне недалёка –
наўскос – на вуліцы Мележа,
пры Севастопальскім парку…
Нядаўна перасяліўся
вышэй,
абжываючы неба
над тым зелянеючым месцам…
Цяпер, калі там гуляю,
гляджу ў паднебную вечнасць,
дзе ў высях,
пад яркімі зорамі
паэт наш
Рыгор Барадулін
Тварцу ненатомна чытае
на роднай матчынай мове
свае беларускія вершы…
Я думаю ўсё ж,
што аднойчы
Гасподзь не стрывае такога
нахабства й прэтэнзій
на Слова,
і вытурыць дзядзьку Рыгора,
як вытурыў колісь адтуль
яго першапродка Адама…
Ды ў тым пакаранні
Паэта
і цепліцца наша надзея
на існае ў нас адраджэнне –
вяртанне нямым беларусам
іх роднай памерлае мовы…
31 сакавіка 2014
* * *
Такі гожы
сонечны дзень!
А нехта падышоў збоку
і топчацца
па маім распластаным ценю…
2 жніўня 2014
* * *
Пагодзімся, паэзія –
душа чалавека.
Хіба скажаш,
што не любіш яе,
калі ты не бяздушны…
13 снежня 2014
* * *
Ніхто не ведае,
што ён будзе рабіць
у апошні момант:
радавацца жыццю
ці жахацца смерці?
Госпадзе,
самая страшная Твая кара –
забраць чалавека
без папярэджання…
А можа, ў гэтым
і ёсць Твая літасць?
19 жніўня 2014
* * *
Ах, смерць – падманка жыцця.
Немаўля, якое перастае плакаць
з пустышкаю ў роце…
23 жніўня 2014
comments powered by HyperComments
Падзяліцца гэтым запісам: