Шляхам бульбы
* * * Каб воз ягоны перакуліўся І галава пайшла пехатой! — Праклён цыганскі. А мне ўявіўся Цыган бясхаты, пракляты Той, Што спанталычыўся недзе ў полі Ці ў таўстарэбрай пушчы глухой. Разбіла лоб валачобніца воля, Як яйка, што ўпала На дол пухой. А галава пехатой пачасала, Бо з’ехала з глузду, Як з гаці воз. У кублах плача ад солі сала. З сябе смяецца цыганскі лёс.
* * * Два-тры сонцы дай мне, Божа, Два-тры дай дажджы, Магута, Каб растаў на схіле снег, Каб я свой шацёр прыгожа Мог паставіць, Каб пачута Сон прыходзіў на начлег.
Каб нарэзаў тры-чатыры Грабянцы не ад раскошы І прадаць усе паспеў. Памажы мне, Божа шчыры, Новыя ўкішэніць грошы, Бо старыя я праеў.
* * * Ля дунайскай сярэдзіны Жонка сэрца звярэдзіла, Густа косы распушыла, Слязьмі вочы прыгушыла. Плача бедная таму ж, Што памёр каханы муж. Плача ўсё, ды не таму ж, Што памёр каханы муж, У слязах плыве, нябога, Дзе б знайсці сабе другога?
* * * Гара ўнізе, гара ўверсе, Яшчэ ўнізе горка. Хлопец коні вараных Мые халадзёнкай.
Каля студні маладая Праходзіць дзяўчына. — Дай, дзяўчына, Дай вады мне, — Кажа ёй хлапчына.
— Слугаваць такі не стану Я табе як мужу. Сам цягні ваду са студні А глыбокай дужа.
— Не хачу вады са студні, З рук тваіх хачу я. Заўтра слаць сватоў гатоў я, Сватаюць маладую!
* * * Хай дасць мне Божа добрую ноч, Прывёў дадому я прыгажуху. Ды не таму, што кахаю, прывёў, Раней быў бедны ды слухаў скруху.
Ой, як мне, мама, Дзвюх жонак мець, Ад радасці, як ад бяды, ачомацца? Адну варажыць у вёску пашлю, З другой віно буду піць у карчомцы.
Прывучаны коні, мама, мае — Лягчэй галодныя носяць збрую, Спыняюцца каля кожнай карчмы, Пакуль жа п’ю я кварту-другую.
* * * Сядзіць мядзведзь на ланцугу, Глядзець, мой бацька, не магу Я на галоднага актора. Апошні раз ён еў учора. Ці, бацька, дай яму харчы, Ці дай ад голаду ўцячы!
* * * — Ад голаду я сёння млею, Адно што сербануў алею, Ды ў ім каб пах цыбулі той. Без жонкі стаў я сіратой.
— Ад голаду мне блага стала, Адно што супу паспытала. Без солі суп не есца дужа. Асірацела я без мужа.
* * * Запрасілі на вяселле, Нумай шчэ, нумай шчэ. І пілі, і перац елі, І яшчэ, і яшчэ.
Перац сох на жэрдках смагла, Нумай шчэ, нумай шчэ. У гаршчэчках бульба смягла, І яшчэ, і яшчэ.
Покуль еў я скваркі й кашу, Нумай шчэ, нумай шчэ, Дзюрка звёў дзяўчыну нашу. І ўцячэ, і ўцячэ!
* * * — Хто такі, прызнайся, Мімі, Быў пад вокнамі тваімі? — Не каханак-шавяла, Гэта кошачка была.
— Лепей, жонка, не брашы. Кошачка ў капелюшы? Зараз лопну ад смяхоты — На нагах у кошкі боты?
— Не чашы мне пугай спінку. Каб я высахла ў лісцінку, Каб не ўбачыла святла, Гэта кошачка была! Муж мой, ці ж мая віна, Што ў цябе я не адна!
ШЛЯХАМ БУЛЬБЫ Паспела бульба спешка І ахапіла спешка Паспець Капаць і звесці, Драць, гатаваць І з’есці.
На плечы ўзяць Хагуль бы І рушыць Шляхам бульбы.
Старацца Ў гэтым Жыць жыцці: Дзе ні пасадзяць — Узыйсці! 12.ХІІ.2012
НЕ ЎСЁ… Цыганка, Паваражы. Хто кватараваць будзе У гэтай будзе, Скажы.
Цыганка, Паваражы. Коні бяссоння На ўсім разгоне Парвуць гужы. Замовай Не новай Наноў завяжы.
Цыганка, Паваражы. У цёплым хлудзе, У беспрабуддзі Спіць страх На мяжы.
Дай выспацца ліху, Ступай паціху Па карчоўю, Па дуддзі!
Не- раз- бу- дзі… 16.VІІІ.2013
* * * А трэба няшмат, Каб душой наталіцца: Акрайчык блакіту, Глыток навальніцы…
Усю падборку Рыгора Барадуліна чытайце ў свежым “Дзеяслове”. comments powered by HyperComments |