…Мова валодае незвычайнай жывучасцю…
І я ўпэўнены – беларуская мова
ніколі не знікне…

— Ігар Шклярэўскі

Часопіс адкрываецца новым раманам вядомай беларускай гістарычнай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Твор “Пантофля Мнемазіны” шмат у чым перагукаецца з кнігай “Сутарэнні Ромула” і будзе цікавы ўсім, каго хвалюе тэма сталінскіх рэпрэсій. Відзежы мінуўшчыны традыцыйна сплеценыя тут з героямі 2000-х і закручаныя ў востры сюжэт. Побач з свежымі творамі Паліны Качатковай, Аксаны Спрынчан і Зараславы Камінскай звяртаюць на сябе ўвагу фантасмагарычныя “Парыжскія казкі” Адама Глобуса.

Паэзія прадстаўленая вершамі Сяргея Ваганава, Васіля Дэбіша, Людкі Сільновай і Сцяпана Сяргея, а рубрыка пераклады прадстаўляе міні-анталогію італьянскай паэзіі ў перастварэннях Аксаны Данільчык. Сярод перакладаў і заканчэнне працы Яўгена Салейчука — беларускі варыянт рэпартажнай кнігі Рышарда Капусцінскага “Кіргіз злазіць з каня”.

2017-ты юбілейны год “Дзеяслоў” распачаў знакавай для нашай Пяцісотгоднасці публікацыяй — новым перакладам Бібліі, над якім не першы год шчыруе адмысловая група перакладчыкаў. Папярэднія вынікі працы кожны год прэзентуюцца на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, а сёлета ў часопісе пачалася навуковая публікацыя перакладу з прадмовай і падрабязнымі каментарыямі біблеісткі Ірыны Дубянецкай. У №89 чытайце Старазапаветную Кнігу Роду і аповед пра Эдэмскі Сад.

У літаратурнай спадчыны Алеся Наўроцкага з’явіўся ўдзячны даследчык: Віктар Жыбуль выявіў у архіве і публікуе ў “Дзеяслове” невядомы нарыс апальнага літаратара “Слова пра слова”, творчую аўтабіяграфію Алеся Наўроцкага, з якой можна вычуць светасузіранне маладога паэта 1950-х.

“Дзеяслоў” працягвае друкаваць выдатную краязнаўчую працу графа Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”, дзе жывапісна распавядаецца пра Беларусь ХІХ стагоддзя, яе прыроду і архітэктуру, помнікі старажытнасці. Пераклад кнігі з польскай мовы здзейсніў вядомы фалькларыст Уладзімір Васілевіч.

Да 100-годдзя Янкі Брыля прымеркавана яшчэ адна архіўная публікацыя: літаратуразнаўца Валерый Назараў пабываў у брылёўскім архіве акадэмічнай бібліятэкі і распавёў гісторыю стварэння найвядомейшага антысталінскага твору Брыля — аповесці “Муштук і папка”.

У новым нумары часопіса “Дзеяслоў” — выдатныя творы на любы густ!

comments powered by HyperComments