І Дагэтуль чалавек жывы, покуль зь ім душа размаўляе

— Рыгор Барадулін

Сцебурака

Прывіды апошніх паверхаў

Кожны, хто жыў па казённых жытлах, ведае, у чым там вымяраецца жыццёвая прастора – у койкамесцах. Маеш яго – значыць афіцыйны жыхар, не – значыць, і правы твае птушыныя: у любы момант пільны камендант возьме за каўнер і выкіне, як кацяня. Без койкамесца нельга. У мяне праблема была трошкі іншага кшталту – месца я атрымаў, але сама койка адсутнічала.

Зацягнуўшы ў пакой майно – спартовую торбу з адзеннем, стос кніг з кніжнаю паліцай, аўдыёкасеты і партрэт прэзідэнта фармату А5 у чорнай жалобнай рамцы, – я агледзеўся: жытло што трэба! Настрой узняўся. Паставіўшы рэчы ў меркаваны кут пражывання, мы з гасціннымі аўтахтонамі склікалі нараду, асноўнымі пытаннямі якой былі пошук ложка і тое, чые хатнія закаткі адкаркоўваць на закуску.

Не паспелі мы падняць трэці кілішак за “Вольную незалежную ў межах этнаграфічнага рассялення”, як у пакой на пах шкварак завіталі таварышы з суседняга блоку. Не ведаю, па што канкрэтна ішлі да першакурснікаў старэйшыя гістфакаўцы на чале з мажным, як дуб, аспірантам Сцёпам Захаркевічам, але ў той дзень мне дакладна шанцавала, бо яны выявіліся маімі знаёмцамі па летняй археалагічнай практыцы і ўсё скончылася іх далучэннем да бяседы і яшчэ адным паходам у краму.
У выніку ад Сцяпана, чалавека тонкага гумару і добрай душы, я даведаўся, што патрэбны мне элемент інтэр’еру знайсці лёгка, нават не выходзячы з будынка. Сакрэт палягаў у тым, што “двойку” рыхтавалі да капітальнага рамонту і верхнія 4 паверхі былі на той час ужо адселеныя. Апошнія чалавечыя жытлы эпізадычна сустракаліся на 10-м паверсе, але вышэй было пуста. Пры тым, што ў некаторых пакоях заставаліся фрагменты мэблі рознай ступені захаванасці. Справа была вырашаная, у праваднікі вызваўся вопытны мясцовы кадр – Уладзімер Л. з Астраўца, і мы, дачакаўшыся ночы, пайшлі ў выправу.
Падняўшыся на ліфце да апошняга жылога ўзроўню, далей пайшлі па лесвіцы, захоўваючы рэжым маўчання…
Вось і нежылыя ўзроўні. Выдраўшы злёгку нажыўленыя цвікі, адчынілі дзверы і апынуліся ў доўгім пустым калідоры. Навокал панавала нязвыклая цішыня, аднекуль знізу, нібы з іншага свету, даносіліся рэдкія гукі музыкі, глухі гул ліфта ў шахце, далёкі смех. Калідор быў цёмны, і ад гэтага, прынамсі мне, падаваўся бясконцым. Нежылыя памяшканні наверсе награваліся за сонечны дзень мацней за ніжнія, і таму цемра была яшчэ і цёплай і, нават, нібы пругкай. Падавалася, што нехта дыхае ў твар, казыча шыю і мяккім рысіным крокам ступае побач з намі.
Было ніякавата, але парушаць цішыню не хацелася. Перакінуўшыся шэптам парай словаў, пайшлі навобмацак. Дзверы першага блоку аказаліся замкнёнымі, другога – таксама. Каб не кратаць кожныя, дайшлі да супрацьлеглага канца калідора і паспрабавалі адтуль – карціна тая ж. Напэўна, абачлівая адміністрацыя зачыніла пакоі, але вяртацца з паўдарогі не выпадала, дый не хацелася – таямнічая атмасфера пустых паверхаў адначасова і палохала, і вабіла да сябе, як глыбіня адчайнага плыўца.
Штурхнуўшы дзверы на пажарную лесвіцу, выйшлі на балкон – свежае восеньскае паветра ўдарыла ў грудзі, а ў вушы, разбэшчаныя цішынёй, уварваліся рэзкія гукі ночы з гудкамі цягнікоў вакзала, грукатам позняга трамвая і шоргатам колаў рэдкіх аўто. Абапіраючыся на парэнчы, нібы стомленыя цяжкай справай, перакурылі. Па-ранейшаму неяк арганічна хацелася захаваць рэжым падводнай лодкі: “Па месцах стаяць! У адсеках слухаць!”
Падняліся на паверх вышэй. Тут гукі вонкавага свету былі яшчэ менш рэальнымі. З’явілася адчуванне прысутнасці на гарышчы, якое ў беларусаў здаўна лічылася асобным сусветам, населеным рознымі пачварамі, прымхамі, забабонамі ды затканыя павуціннем мінулага.
Рухаючыся па сцяне, я намацаў чарговыя дзверы блока, націснуў і праваліўся ўперад у атрамантавую цемру. На імгненне падалося, што пада мной бездань, але рукі, інстынктыўна выстаўленыя наперад, пругка сустрэлі падлогу. Я вылаяўся з палёгкай – адчынена! А раз так – пакінута на рабаванне. “Хлопцы, у горадзе віно і жанчыны – гуляем тры дні”, як казалі ў адным папулярным фільме таго часу. Мае “падзельнікі” паведамілі пра падобны вынік і ў іншых блоках на паверсе. Настрой з містычнага ператварыўся ў практычны – мы разышліся ў пошуках прыдатнага ложка.
Блок, у які ўваліўся я, быў амаль пустым, але нешта ў ім прыцягнула ўвагу. Нейкі ўнутраны спакой авалодаў мной і прымусіў прысесці і агледзецца. Пакой быў не такі цёмны, як калідор, яго залівала срэбнае месяцовае святло. У ім, як у чорна-белым кадры даўнейшых стужак, добра чыталася кожная дробязь… Рассохлая елачка паркету, абарваныя шпалеры, зламаны зэдлік, шэрае ад пылу шкло з доўгай, касой, як шабельны шнар, расколінай.
Я стаў пасярэдзіне, заплюшчыў вочы і раскінуў рукі, абдымаючы цішыню. Аглушальна тахкала сэрца, а вакол ні гуку, ні руху. І раптам праз пакой праплыў цень дзяўчыны-дурнічкі ў нямодным пінжаку і стаптаных чаравіках, якая, зацяжараўшы ад араба, не знайшла нічога лепшага, як скокнуць з вакна ўніз на халодны шурпаты асфальт. Яна паспрабавала ўсміхнуцца разбітым ушчэнт тварам і нешта сказаць, але ў той самы момант, нібы чыясьці рука ізноў падцягнула яе да падваконня і штурхнула ўніз. Я апусціў галаву і, аўтаматычна, зрабіў крок назад – ногі стаялі на нечым слізкім. Пада мной сярод пакоя расплывалася, упітваючыся ў кожную шчыліну паміж засмяглымі дошчачкамі, вялікая лужына барвова-чорнай крыві, якая цякла з цела аспіранта-шызафрэніка, што зрабіў сабе харакіры, не здаўшы кандыдацкі мінімум па гісторыі КПСС. За спінай скрушна прагучала – “Блытаю з’езды партыі, бл…ць…” Я адступіў яшчэ назад і азадкам штурхнуў дзверы – бразнула клямка і зарыпелі завесы – пеўні праспявалі, і насланнё вокамгненна знікла. З цемры калідора данеслася: “Знайшоў! Давайце сюды – панясем!” Заварушыліся.
Яшчэ паўгадзіны мы, ціхенька і з захаваннем канспірацыі, пераносілі трафеі да сябе. У выніку ўдалага рэйду мы займелі цэлыя два панцырныя ложкі і самаробную палічку. Адна сетка сталася маім ложкам, а другая, пастаўленая на рабрыну паўз сцяну, стала спінкай самаробнай канапы ў майго брата. Дарэчы, такое ўдалае выкарыстанне сетак адразу зрабілася мясцовай модай і прыкметай заможнасці марадзёраў інтэрнату.
Карацей, усё атрымалася як найлепш. Ледзь уклаўшыся пад другую ночы, мы, узрушаныя, доўга не маглі заснуць. Скрозь мроіва дрымоты хтосьці сказаў, што ў адным з блокаў, якія ён даследваў, выразна быў чутны плёскат вады ў душы; іншы адчуваў пах жаночай парфумы, толькі распыленай у паветры, у тым блоку, дзе вісела на сцяне пабітае люстэрка. А Толя, які дайшоў да кухні ў самым канцы калідора, пабачыў ля халоднай пліты худзенькага в’етнамца, які смажыў на патэльні смярдзючыя селядцы і ціхенька мармытаў нешта пад нос. Ён стаяў у промні белага святла, і яго дзіцячага памеру шлёпкі на карабку запалак не краналіся зямлі…

 

З астатнімі тэкстамі Усевалада Сьцебуракі можна пазнаёміцца ў сьвежым (67-м) нумары “Дзеяслова”.

comments powered by HyperComments