Паноптыкум У імкненні да ідэалу, Добраахвотна прызнаўшыся, Вязнік-назіральнік Ідэальнай турмы Ва ўзнагароду За ўсе правіны П’ю асалоду Канчатковай бязвольнасці Кожнага руху. У імкненні да ідэалу, Добраахвотна з’явіўшыся, Праз люстраныя дзверы Камер Сузіраю калекцыю Дзіўных экспанатаў-братоў… Мой ідэальны Наглядчык Без напружання, З асалодай Назірае Кожнае дзеянне. Чарговыя ўцёкі – Не больш, Чым частка пакарання. У імкненні да ідэалу Добраахвотны Наведвальнік-вязень Турмы-музея.
* * * Няспынныя спрэчкі бясконцых праспектаў Тут не затым, каб скончыцца. Не дадуць мне ўмяшацца – сочыць нехта, Калі раптам вельмі захочацца.
Паштурхаць, пахіснуцца, легчы пластам І, як лёд, растаць пад падэшвамі. Сочыць няштатных анёлаў птаства З падваконняў, муроў, пад застрэшкамі.
З вежаў, байніцаў касцёлаў, цэркваў… Добра ім – толькі ў Бога кормяцца. Ды кідаюць на вернікаў смецце й перкі, Пакуль тыя, сляпыя, моляцца.
Між сабою штурхаюцца ледзь прыкметна, Пакуль нехта балюча выціне… Аднаполыя спрэчкі няспынных праспектаў Не народзяць ніколі ісціны.
* * * Чарговы сон не можа вечна доўжыцца – І вылятае ў комін гарадскі… Я мару канчаткова ўжо здарожыцца, Каб страціць сілы бегчы ні за кім.
Прэч ад сябе ды мулкімі завулкамі, Расхлюпваючы пыл на хадакоў.. Прэч ад гасцінцу – мутнымі навукамі Зацягнуты ўсе знакі навакол
Хапае спрыту біцца ды размножыцца, З праклёнам падаць ніц перад нікім… Чарговы сон не можа вечна доўжыцца – І вылятае ў комін гарадскі…
* * * Большасць прозы ў дождж замарозілі, А прыватны сектар не ў модзе. А паэзію – пад бульдозеры, Археолаг хай бедны знойдзе.
Што палову жыцця ўжо ў пошуку Запаветных сваіх сенсацый. Вінаваціць начальства: грошыкаў Не дадалі, каб дакапацца.
Ды калегаў інтрыгі шкодзілі, Смак жанчын і смерць аднагодкаў… Дам паэзію пад бульдозеры – У найлепшы банк пад адсоткі.
* * * Блукаю ў пошуку нудысцкіх пляжаў – І бачу толькі знакі забарон. Той, хто ўжо там – ніколі не падкажа, Хто яшчэ тут – выконвае закон.
У прадчуванні выраю – па парках, Знаходзіў шмат –ды так і не знайшоў, Усё мінулае было не больш чым сварка Чужога цела з нічыёй душой.
Дарэмна не затрыманы за кражу, Кварталамі выходжваю страх, Блукаю ў пошуку нудысцкіх пляжаў, Па знаках забароны на слупах…
* * * Холадна крылам у пастарунку – Месца бракуе раскласці, сушыць. Скруцяць і рукі, калі пагрукаць – Забава хоць будзе нявіннай душы.
Гараць мазалі – дазволяць разуцца, Але ненадоўга, каб мог сысці. Рады мянты, што хутчэй а…буцца – Не шыецца справа, час адпусціць
Трапіў пад дождж, згубіў накірункі, Галодны, прыснуў на чужой мяжы. Холадна крылам у пастарунку – Не прадугледжана месца сушыць.
ДАРОГА НА ПОЎНАЧ Дарога на поўнач, і неба – ратунак ад стомы. Жыццё не спыняецца, толькі гусцеюць крыжы. Мне варта заплакаць, бо хутка прыеду дадому. Ды трэба смяяца, бо ўбачаць, што я тут чужы. Дарога на поўнач. Якія шчаслівыя пысы! На кожным прыпынку – паслужлівы віск гандляроў. Дай Бог, каб хто-небудзь ад віску таго прахапіўся. Бо спаць небяспечна, як хочаш даехаць дамоў. Было мне лягчэй у сяброўскім распешчаным гурце, Каб стала цяжэй, калі выйду сустрэць далячынь. Наўмысныя жарты не збудзяць сапраўдных пачуццяў, Як цэтлікі з коштам на целах васковых жанчын. Дарога на поўнач – абдымкі туману і пылу. На храмах спічастых крыжы не праколюць пластоў. Не трэба на працу – дзьмухнем на агеньчык астылы. „Хрыстос уваскрос!” „Сапраўды!” І яйко. І „па сто”. Мне стане цяжэй пасля крыку драпежнае птушкі, Каб стала лягчэй у паветры задымленых хат. Заўсёды з іх дыму ўцякаць – і застацца відушчым Ды несці цяжар, кожны крок з якім вучыць кахаць. comments powered by HyperCommentsИлья Сироткин
2017-10-06 18:41:27
Гэта ен
Станислав Калашников
2017-10-22 07:53:22
Научу как зарабатывать от 3000 в день, забрать бонус по ссылке - http://bit.ly/2l3qLHQ
|