…жыццё – гэта месца,
куды мы прыходзім папіць кавы…

— Ігар Бабкоў

 НАВАГОДНЯЕ ЧЫТАННЕ: «ДЗЕЯСЛОЎ-97»

 Неўпрыкмет мінуўся яшчэ адзін год стваральнага жыцця ў беларускім сучасным літаратурным працэсе. Шмат напісана і нямала выдадзена. І нават калі браць па вялікім рахунку – сярод усяго гэтага ёсць таленавітыя, адметныя і вартыя шырокай чытацкай увагі творы нашых паэтаў, пісьменнікаў… і крытыкаў.

Хоць чамусьці менавіта апошнім, бедным, якраз і дастаецца найбольш таго самага пякучага выспятку. За што? А за тое, што ўсё-ткі не ўсё напісанае і выдадзенае вартае чытання і ўхвалы… М-да…

Іншая справа – часопіс. Да прыкладу – “Дзеяслоў”. Тут ёсць разнастайны жанравы выбар. Таму нешта ды знойдзецца для чытання на ўсякі густ. Нават для самых што ні на ёсць літаратурных гурманаў. Ну вось хоць бы і ў гэтым 97-м (6-м) нумары.

Пераднавагодняе выданне адкрываецца публікацыяй перастварэння “Каляднай казані” Лявонція Карповіча са старабеларускай мовы, зробленае вядомым сучасным паэтам Алесем Разанавым. Л. Карповіч (1580–1620) – паэт-публіцыст і вядомы царкоўны дзеяч (узначальваў антыўніяцкае супрацьстаянне ў ВКЛ), народжаны ў Пінску (памёр у Вільні); быў архімандрытам брацкага праваслаўнага манастрыра Святога Духа ў Вільні, таксама меў датычнасць да навучальнай і выдавецкай дзейнасці, у прыватнасці, да выдання кніг Мялеція Сматрыцкага. Перастварэнне, як мне падаецца, надало “казанню” свецкасці, жывой логікі, душэўнага цяпла і той простасці, што закранае глыбіню сутнасці зямнога чалавечага жыцця і яго духоўнага працягу ў боскай вечнасці…

 

Ці многія з вас,

праваслаўныя хрысціяне,

падрыхтавалі свой розум

ды ад зямных

уяў аддалілі?

Ці многія з вас адчулі

патрэбу свой дом душэўны

абмыць ды ачысціць выспавяданнем

грахоў сваіх і пакаяннем

праўдзівым, ад сэрца, і ўжо

гэта зрабілі?

……………………………………

Дык чаму

душэўны твой дом застаецца

такі занядбаны?

Чаму не ачысціш ніяк

ад бруду і цвілі сваё начынне?

Калі, вось, на лаву

альбо на стол сядзе

пляма якая, яе сціраеш,

чаму ж тады не зважаеш

на плямы, што на душы,

і самохаць сябе пазбаўляеш

боскіх дароў? Хіба

не ведаеш, што кірмаш

жыцця нашага дужа кароткі

і хутка ўжо скончыцца,

а ты нічога

яшчэ не набыў?!

 

Нізку адмысловых вершаў рознай тэматычнай скіраванасці – ад грамадзянска-палітычных да пачуццёвай лірыкі – прапануе чытачу Уладзімір Някляеў. Творы – дасканалыя па версіфікацыі, вытанчаныя па майстэрству і стылю, напоўненыя зрушлівым і ўзвышаным духам, аднак пазнавальныя і прадказальныя карэннымі праявамі, што вынікаюць са шматгадовага вопыту літаратурнай творчасці і грамадскай працы. Вось адзін з такіх вершаў:

 

Сарвалася ў бездань дарога,

І я азірнуўся ўначы:

За спінай маёй анікога.

Хоць крыкам крычы –

Ніхто мне вяроўку не кіне,

Ніхто не працягне руку!..

А недзе

Агонь у каміне.

Каханая на скразняку.

 

Вельмі актыўны апошнім часам пісьменнік Віктар Казько. Чытачам прапануецца аповесць “Як я “рабіў” шпіёнам у Нью-Ёрку”. У гэтым тэксце так шмат фактычнага матэрыялу і фігуруе каля дзясятка сапраўдных імён, таму я не ведаю, чаму ён названы аповесцю, а не, скажам, эсэ альбо яшчэ якім мемуарным жанрам. Аднак – аповесць. Пра што? Пра былога савецкага чалавека і найбольш пра сябе самога. Пра чалавека Хрыста, які быў у кроку ад чалавека Юды… Пра паўсядзённую працу органаў дзяржбяспекі (КДБ) і спробы схілення да працы на гэтыя органы. Аўтар зазначае:“Лічыцца, што самая старажытная на зямлі прафесія – прастытуцыя. Падман. Выведка – яна прастытуткай была ці не раней. Калі ўжо не блізняты яны, то, бясспрэчна, аднаяйкавыя родзічы”. І вось пад яе пільным наглядам і адбывалася драматычная эвалюцыя савецкага чалавека – ад грамадзяніна да асобы. В. Казько, не шкадуючы слоў, падрабязна апісвае гэтае калючае прадзіранне праз заслоны знешне аточанага ад усяго свету жыцця, а таксама не хавае перанесеных пакут, і ўрэшце выкрывае і высмейвае псеўдакамуністычныя рэаліі і вычварэнні сацыялістычнага будаўніцтва. Ну і асноўная гаворка ў аповесці – пра ўдзел пісьменніка ў асамблеі ААН у Нью-Ёрку якраз на пачатку гарбачоўскай перабудовы.

Як мне здаецца, то на такія доўгатэрміновыя мерапрыемствы ў самае логава капіталізма пасылаліся ўсё-ткі правераныя людзі. Не думаю, што В. Казько нейкім дзіўным чынам пазбег гэтага. Але ўнутрана аўтар усё ж заставаўся натурай творчай і таму не да канца вытлумачальнай, а да ўсяго яшчэ і глыбока перакананым беларускім нацыянальным чалавекам. Як ён піша:“Сапраўды, усё таемнае з цягам часу становіцца яўным, як шыла ў мяшку: згвалтаваная і падманная гісторыя, сапраўдны кошт усіх рэвалюцый, справядлівых і несправядлівых войнаў, крывавая, забітая ў Гулагах праўда. І гэта толькі здаецца, што ўсе мы розныя і таемныя. Карэннае, нашчадкавае, у барадзе Карла Маркса не схаваеш, у дрыгве і багне не стоіш, чужое ёсць чужое, сваё ж заўсёды бярэ верх, кілой яно выпрэ з цябе. Кожны на зямлі смяецца, плача, робіць і нават крадзе і хлусіць так, як бацькі і бацькаўшчына запаветавалі”. І ў той жа час пісьменнік шчыра прызнаецца, што ён “не жадаў выходзіць з дваццатага свайго веку – вясковая вернасць. Вернасць свайму стойлу, балоту і часу”. Аднак жа паступова празарэнне адбывалася… І ўжо з сённяшняга часу вымалёўваецца гэты наш ментальны і, дасць Бог, неўміручы гістарычны вобраз: “І я іду, іду па сваім жа следзе праз каменні спатыкання, па сцежках, бара́х і дубровах, багне і дрыгве дзяцінства. Па апякаючай і чаруючай нас памяці, прагі загадак, сакрэтаў таямніц, няхай і марна прывідных. Іду на чужыне і дома, па тым, што наканавана і загадана мне вечнасцю – быць шпіёнам, хаця на кожным кроку выракаюся гэтага, толькі ў галаве трымаю: назіраць і бачыць, слухаць і маўчаць. Чым не наш з вамі партрэт, партрэт беларуса сёння”.

Друкуюцца ў апошнім нумары “Дзеяслова” 2018 года новыя вершы Леаніда Галубовіча і Валянціны Аксак. Калі ў першага пераважае традыцыйны песімізм і самотлівая адзінота, дык у яго зямлячкі з-пад Нясвіжа больш існыя і глыбокія тэмы і матывы замешаныя на хрысціянскіх традыцыях і нярэдка супярэчлівых ім сучасных успрыманнях гэтага свету, бо “уцёкі ад дзікае слівы// ў завінены рай// апынуліся бегам// па трэнажорнай дарожцы” (маюцца на ўвазе папярэднія зборнікі паэткі “Дзікая сліва” і “Завінены рай”). Бо:

 

Пасталела нарэшце –

ужо не азіраюся.

Там нічога няма.

Нават жменькі попелу

са спаленых дзённікаў.

Але палюбіла чытаць

чужыя ўспаміны.

У іх так прыгожа

распавядаецца пра тое,

чаго не было.

І я гэта помню.

Дараваць –

не значыць забыць.

Уважліва чытаю

між радкоў.

 

Неяк цяжка давялося мне падмастакоўвацца да ўспрымання дзіцячай прозы Сяргея Рублеўскага, да гэтага яго новага дзедаўскага стылю. Я маю на ўвазе аповед пра сабачку, унукаў і іх шчаслівага дзядулю “Тузік-Гузік”. Хоць у рэшце рэшт пэўнае паразуменне адбылося.

Алесь Бычкоўскі публікуе заканчэнне свайго фэйсбучнага рамана “Край ваўкалакаў”. На першы погляд, прыземленыя, але жывыя натуральныя запісы беларускага жыцця ў правінцыйным гарадку. Ёсць звычайныя шараговыя нататкі, але сустракаюцца і адметныя, можна сказаць, афарыстычныя і філасофскія, як вось гэтыя:

“Дзядуля мой з Палесся быў вернікам. Бывае, паслухае вядзьмарскія заклёны, кульне гранчак самагонкі і абавязкова зап’е свянцонай вадой…”;

“Працаваў аператарам вёрсткі ў газеце. Калі раздрукаваны аркуш фармату А3 з маёй вёрсткай выпаўзаў з прынтара ў рукі, заўсёды адчуваў сябе Францішкам Скарынам”.

З чаго ж “вырастае” і складваецца гэты “раман”? З непахіснай любові аўтара да беларушчыны, неабыякавасці да сучаснага парадаксальнага жыцця і вернасці свайму літаратурнаму пакліканню. Ну і – гумару, іроніі ды правакацыйнасці, як жа без гэтага можа трываць прывязка да фэйсбуку:

“Чамусьці я ўпэнены: каб стаць пісьменнікам у нашай краіне, можна ўвогуле нічога не пісаць. Замест творчасці трэба часцей рабіць сэлфі з помнікамі Купалу-Коласу, святкаваць чарговыя ўгодкі Міцкевіча-Багдановіча, наведваць магілы Караткевіча-Янішчыц, бываць на шматлікіх прэзентацыях, даваць аўтарытэтныя каментары ў сацыяльных сетках і трубіць-гудзець-трэсці-звінець пра гэта на ўвесь свет праз фэйсбук. І ўсе пачнуць лічыць цябе творцам, паслядоўнікам традыцый айчыннай літаратуры…”

Як заўжды, іранічна-аптымістычны Андрэй Хадановіч надае нашай – то блазнавата-шумнай, то сумнавата-шчымлівай – паэзіі пэўнага еўрапейскага глянцу і адпаведнага настрою. Для ўзору хоць бы гэтая страфа:

 

Неймаверны горад сышоў са сваіх графіці

і вядзе ў ноч музеяў, бо кожная ноч – музей:

“Нарадзіўся – расці вялікім, мой неафіце,

адрывайся, спявай і танчы, не цверазей.

 

Друкуюцца побытавыя і падарожныя – гэтым разам амерыканскія – запісы з нізкі “Уладзевы гісторыі” Уладзіміра Січыкава (“Стрыптыз каля Белага Дома”). Прысутнічае фактура і жывы досціп. Тэксты для разняволенага чытання.

Вершы нашай беларускай палтаўчанкі Іны Снарскай, як заўсёды, эмацыйна-душэўныя і мройна-праніклівыя. У іх ёсць ужо даволі разняволены ўкраінскі росхрыст дум і пачуццяў, але засталіся відавочныя і згадлівыя беларускія мяккасць, дабрыня і спагадлівасць.

 

Паляцелі на поўдзень гусі,

Развіталіся да вясны.

Уплятаю я сны Беларусі

У свае даматканыя сны.

 

У рубрыцы “Дэбют” маладая паэтка з Магілёва (цяпер вучыцца ў польскім горадзе Лодзь) Яніна Асіпцова спрабуе згарманізаваць спакойную разважлівасць і жарстлівую пачуццёвасць у своеасаблівых вершаваных маналогах, раскрываючы пространі сваіх няспраўджаных мрой і няўрымслівай закаханасці… Іншыя з іх зацягнутыя і блізкія да празаічных высноў і сыходаў. Аднак літаратурная і паэтычная адоранасць аўтара несумнеўныя.

 

І табе здаецца, што збіраеш

Пялёсткі,

А насамрэч трапляеш у чарговыя

Пасткі,

Для бязмежнай прасторы прыдумваеш

Межы,

І гуляеш у краіны, планеты і зоркі,

Толькі

Верыш сістэме адноснасці свету,

Лету

Летуценна дапісваеш сэрцам

Санэты.

 

Публікуецца кідкая на таленты ды імёны падборка перакладаў з сучаснай польскай паэзіі, прапанаваная Андрэем Хадановічам. Прачытаўшы, думаеш, а добра было б, каб і нашых лепшых паэтаў прадстаўлялі за мяжой гэтак жа гожа і паўнавартасна. Сярод перакладзеных на беларускую мову Войцех Бановіч, Ілона Віткоўска, Эва Ліпска, Юлія Фядорчук. З вершаў В. Бановіча:

 

Напішы паэту.

Вышлі паштоўку

або напішы ў фэйсбуку

што яго сляпая ўпартасць

табе патрэбная.

 

Друкуецца ўрывак з рамана вядомага ўкраінскага паэта і пісьменніка Аляксандра Ірванца “Харкаў-1938” у перакладзе заўчасна памерлага нашага таленавітага творцы Уладзіслава Ахроменкі з яго кароткай прадмовай да тэкста.

Гэта фантэзійны раман пра мажлівую некалі Украінскую Рабоча-Сялянскую Рэспубліку. Нездарма ва ўступным слове перакладчык задаецца іранічным пытаннем: а якой магла б быць Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), калі б у свой час перамога аказалася на яе баку?

Выбітны фалькларыст і перакладчык Уладзімір Васілевіч публікуе (з разгорнутай біябібліяграфічнай прадмовай) побытавы з дамешкам маральнай і матэрыяльнай культуры людзей вёскі Камаровічы, што на Мазыршчыне, нарыс Эмы Яленскай у перакладзе з польскай мовы. Як зазначае перакладчык, гэтая “праца стала, можна сказаць, універсальным комплексным даследаваннем, пабудаваным на прыкладзе адной вёскі, дзе знайшло месца адлюстраванне яе гісторыі, геаграфіі і культуры яе насельнікаў”.

Штрыхі да творчага партрэта вядомага пісьменніка, рэдактара і энцыклапедыста Барыса Сачанкі “Служыць Бацькаўшчыне” публікуе літаратар Анатоль Астапенка.

А паэт Васіль Жуковіч прапануе чытачам часопіса цікавы рознабаковы артыкул пра жыццё і творчасць вядомага паэта Анатоля Вярцінскага.

Друкуюцца ўспаміны тагачаснага падлетка “Дарагія цені” Паўла Ляхновіча – пра Ракаў, яго ваколіцы, людзей і іх жыццё ў далёкіх ужо 1960-х гадах не так даўно мінулага ХХ стагоддзя.

Наш сучасны філосаф Валянцін Акудовіч працягвае публікацыю хронікі беларускага інтэлектуала – гэтым разам у асноўным гаворка вядзецца пра літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, што выдаваўся пры тыднёвіку “Культура”.

Паэт і нацыянал-патрыёт Славамір Адамовіч публікуе згадкі “Кулакі дабра” з новай уласнай кнігі “Лісты да Зянона”. Тэксты ў выглядзе дзённікавых нататкаў у Славаміра, як заўсёды, гарачыя, правакацыйныя і палемічныя. Вартае чытанне.

Літаратуразнаўца з Віцебска Ірына Саматой друкуе артыкул пра мастацкі свет паэта і перакладчыка Уладзіміра Папковіча.

Леанід Галубовіч рэцэнзуе кнігу Віктара Казько “Казань пра ката, каторы смяяўся”.

Апроч усяго гэтага змястоўнага, напрыканцы змяшчаецца міні-анатацыйная выдавецкая рубрыка “Дзеяпіс” ды змест часопіса за 2018 год.

Ну, дык чытайма лепшае!

 

ЛеГал

 

 

 

Будзьма з «Дзеясловам»!

 

Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год.

Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,

для ведамаснай падпіскі — 748132.

comments powered by HyperComments