…адно калі Айчына ў грудзях, песня ведае, як спявацца, словы – куды казацца,
а ўчынкі – куды ісці…

— Алесь Разанаў

Шмат разоў, на розных дыскусіях, у крытычных выступах казалася, што сучасная беларуская літаратура адна з самых невядомых усходнееўрапейскіх і разам з тым – адна з самых цікавых… З першым можна пагадзіцца адразу. Бо мы ведаем, што ў большасці суседзяў Беларусі ёсць праграмы і цэлыя інстытуты, якія працуюць на прэзентацыю ўласнай культуры і літаратуры ў прыватнасці. Беларуская ж дзяржава абсалютна нічога дзеля гэтага не робіць, нават у буйнейшых еўрапейскіх кніжных выставах фактычна не ўдзельнічае. Няма і спецыяльных праектаў на пераклад беларускай прозы і паэзіі на замежныя мовы. І якім чынам тады даведацца чытачам па-за Беларуссю, што нашая літаратура і сапраўды цікавая ды адметная, што ў нас, апроч лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, ёсць яшчэ дзясяткі імёнаў творцаў, вартых пільнейшай увагі і больш блізкага знаёмства?

Вось таму незалежны літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” вырашыў запоўніць гэты прабел дайджэстам тэкстаў са сваіх апошніх нумароў у перакладзе на англійскую мову. Паэзія, проза, эсэістыка, крытыка, кніжныя навінкі – тут прадстаўлены ўсе жанры, якія ёсць у часопісе. Дзякуй вялікі ўсім, хто спрычыніўся да рэалізацыі гэтай ідэі і асабліва перакладчыку Джыму Дынглі! А шаноўным чытачам жадаем прыемнага знаёмства з сучасным беларускім мастацкім словам.

comments powered by HyperComments