…Мова валодае незвычайнай жывучасцю…
І я ўпэўнены – беларуская мова
ніколі не знікне…

— Ігар Шклярэўскі

«САБРАЦЬ АГУЛЬНАЕ»

 

Прамінуў яшчэ адзін год нашага жыцця,
у тым ліку пісьменніцкага і чытацкага.

Разышліся па сваіх адрасах прэміі, ухвалы і крытычныя папрокі… Напісаліся адметныя творы, з’явіліся новыя імёны, перастварылася на родную мову не адна сусветная класічная глыба, адкрылася нечаканым бокам запыленая мінуўшчына… Раздумаешся, нібыта плённы літаратурны набытак маем. А ў душы чамусьці адчуваецца пэўная незадаволенасць, нейкае адчуванне нацягнутасці ў выбары і недаверу ў ацэнках. Спішам гэта на ўзрост і кансерватыўны погляд на сучаснасць. А каб канчаткова пазбыцца творчага песімізму, занурымся ў чытанне чарговага нумара часопіса «Дзеяслоў», які адкрываецца нізкай вершаў Людкі Сільновай. Публікацыя, як заўсёды, у яе лірычна-экспрэсіўным стылі. Але калі раней яе вершы адпачатку здзіўлялі нечаканай асацыятыўнасцю і эмацыйным узлётам, дык цяпер толькі аддаленым рэхам адгукаюцца яны на свой былы срэбна-чараўнічы голас. Аднак, даў Бог, яшчэ здараюцца ў іх радкі з агнём жыцця і экспрэсіўным супрацівам часу.  І такія натуральныя пачуцці абуджаюць чытача да высокіх праяў спагады і душэўнасці ў нашым даволі блытаным і прагматычным свеце.

 

Дні прайшлі – і зніклі мары,

Слоўнік, пантэон і памяць,

Нашы песні пад гітару,

Нашых вершаў дробных замець…

 

Друкуецца другая, заключная, частка рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Адмысловая дэтэктыўная гісторыя, фінал якой зададзены папярэдне спланаванымі наступствамі… Напрыканцы ўсё абсалютна нечакана заканчваецца «хэпі-эндам», без ахвяр і злачынцаў; адзінокі пажылы паэт, які спрабуе вярнуцца да лірычных пачуццяў першага кахання і пачаткоўскай творчай узрушанасці, у сваіх кампутарных запісах, зробленых ім адносна распаведзеных у рамане падзей, аказваецца на парадак вышэй службовага вопыту прыватнага следчага… Пры ўсім пры тым, як заўжды ў прозе Федарэнкі, чытача захапляюць яго адметная яснамоўнасць, вытанчаная стылёвасць і адпрыродная філасофская скіраванасць, якія  дапамагаюць яму годна выйсці з уласна вытканай павучынай пасткі заблытанага сюжэта. «У следчага і ў аўтара дэтэктываў адна задача – з дэталяў сабраць агульнае. Але, па-перашае, у маім тэксце невядомы не толькі злачынца, а і ахвяра, па-другое – я многа думаў і прыйшоў да высновы, што дэтэктыў – стары добры традыцыйны класічны дэтэктыў, дзе ўсё пабудавана на хітрым злачынстве і непазбежным пакаранні, немагчымы ў нашых цяперашніх варунках. У лепшым выпадку ён будзе ўспрыняты як парадокс, у горшым – як нацягнутасць».

Як на маё меркаванне, раман «Жэтон на метро» ёсць прыхаванай і па-майстэрску выштукаванай пародыяй на сучасны канвеер штампаваных дэтэктываў. Ну і пэўная спроба самабытнага таленавітага пісьменніка выйсці за межы адведзенай яму крытыкай класічна-традыцыйнай (пераважна тэматычна вясковай) творчай прасторы. І ўсё ж, прызнаюся, як для мяне, яго колішнія слуцкія, разбітыя рэвалюцыйным часам, «нічые» былі больш нашымі, чым адзінокія суверэнныя калекцыянеры сувенірных жэтонаў мінскага метро…

Аднак шмат чаго, узніклага пры чытанні твора, – шараговага і палемічнага – пераважыла вось гэтая, як бы міжвольна ўстаўленая ў тэкст, экзістэнцыйна-філасофская тэза А. Федарэнкі: «Дзіўна, што нас палохае будучая смерць, але не палохае мінулая. Нас жа не было раней, да нараджэння, мы ўжо як мінімум адзін раз былі мёртвыя. Колькі часу? Столькі, колькі нас не будзе – вечнасць. Цэлую вечнасць мы былі мёртвыя. Значыць, мы ўжо адзін раз прайшлі бясконцасць і ўваскрэслі з яе». Мажліва, і дзеля гэтага прымхлівым прыхільнікам краснага пісьменства зрэдзьчас варта чытаць сучасныя дэтэктыўныя раманы.

Следам друкуецца нізка вершаў «Знакі жыцця» Леаніда Галубовіча.

Надзённыя, у пэўным сэнсе дзённікавыя, нататкі-развагі, некаторыя з якіх можна было б аднесці і да жанру эсэ, публікуе ў часопісе вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк. Погляд на чалавечае жыццё збоку і знутры, яго аналіз і мастацкая рэтраспекцыя ў часе. У прыватнасці ў заяўленай падборцы пераважаюць культурна-гістарычныя знакі Масквы часоў савецкага застою, што кантрастуюць з выявамі Масквы сучаснага «застрою»… Найперш згадваюцца месцы культурнага прызначэння, адметныя выбітной архітуктурай, якія наноў ажыўляюцца і эстэтычна «перадаюцца» цяперашняму і, магчыма, перададуцца іншаму часу. Агулам, лірычна-паэтычная экскурсія па памятных месцах былога студэнта Літаратурнага інстытута. І тут, як заўсёды, таленавіты паэт стварае запамінальныя тэксты:

«Памятаю, як на мяжы сярэдзіны 1970 – пачатку 1980 гадоў ці не ўсе мае знаёмыя на якія толькі хітрыкі не пускаліся, каб займець таганкаўскі вельмі жаданы квіток на тую ці іншую пастаноўку (тады ў гэты прывідны тэатр было надзвычай цяжка патрапіць!), а я – далёкі ад фікуснай таганкаўскай эстэтыкі – пасмейваўся ў душы са сваіх знаёмых, бо не любіў, калі ў мастацтве шкарпэткі нацягваюць на чаравікі, калі талент жывіцца празмерным самавыстаўленнем. Я любіў (і люблю!) мастацтва, сумежнае з далікатнасцю, таму ў тыя гады меў іншы кірунак, аддаваў перавагу тэатру на Малой Броннай, і з выбарам не памыліўся. Дарэчы, і да сцэны на Малой Броннай звычайнаму гледачу цяжка было даступіцца, амаль немагчыма было ўшыцца ў глядзельную залу, бо і тут квіткі разляталіся ўмомант, ішлі нарасхоп (і перш за ўсё на паказы А. Эфраса!), і мой сябар па інтэрнацкім пакоі С. Казначэеў прапанаваў: «Уладкуемся туды мыць падлогу!» Уладкаваліся…».

Філосаф па адукацыі і бард па прызванні Алесь Камоцкі ў сваёй новай нізцы вершаў разважае над часам і вечнасцю дадзенага чалавеку жыцця:

 

Прыходзіў сэнс нясмела і часова,

Але нядоўгім быў ягоны век, –

Галоўны вораг сэнсу, чалавек,

Штораз цынічна пераблытваў словы.

Цяпер не так, цяпер усё мудрэй –

Сівыя камяні жаданні імітуюць,

Згубі сваю душу – дадуць табе другую,

Бяры, насі і сам яе чым хочаш грэй.

 

Друкуецца ўрывак з рамана «Цялец» аднаго з пісьменнікаў старэйшага пакалення Уладзіміра Ліпскага, па стылі, вобразнасці (партрэтнасці) і сюжэтнай канве якога можна ўяўляць родных і блізкіх людзей аўтара, прыгажосць беларускай прыроды і знешнюю зменлівасць цяжкасцяў і прасвятленняў савецкага, у тым ліку і ваеннага, часу. Тэкст чытэльны, пісьмо шчырае і даверлівае. Спецыяльна для «сучасных» дзяўчатак працытую гэты фрагмент:

«Бацька двужыльным удаўся мужыком. У калгасе – ударнік.  Возьмецца касіць, пляжыць да поту, да мазалёў. Калі араў на валах, то хадзіў за плугам, пакуль валы перастаўлялі ногі. А прыцемкам, раніцай і ўвечары, рабіў усё для сваёй гаспадаркі. Карове сена нарыхтуй, плот рамантуй, гной з хлява выкінь, дроў у печ назапась, свінчо абсмалі, разбяры. Яго клопат адзін: даць гаспадыні Марыі Адамаўне ўсё-ўсё, каб было чым карміць і дзяцей, і худобу, і курэй. Ён – здабывала, мама – раздавала. Гэтыя функцыі яны так умела выконвалі, што, выбіўшыся з пасляваеннай галоты, сям’я Майскіх не вельмі жыравала, але ніколі і не галадала, нічога ні ў кога не пазычала, нікому не зайздросціла. Жыць з гонарам, прыстойна і сумленна – вось навігатар іх сэрца».

Нізка вершаў Наталлі Русецкай уяўляе сабой чыста лірычны дзённік колазвароту дзён беларускай паэткі, што жыве ў Любліне. На мой погляд, яе тэксты стылістычна блізкія да паэтыкі Марыі Вайцяшонак і Валянціны Аксак, хіба толькі з менш адчувальнай повяззю аўтара з жывым акаляючым светам у яго лёсавызначальных канструкцыях. Але пры гэтым Н. Русецкая, можа, больш тонкая, датклівая і сцярожкая ў вобразных аддалена-затоеных метафарычных асацыяцыях:

 

нясу сябе

праз лістапад

нібы віна

паўнюткі келіх

і сонца

дастае да дна

густой

гранатавай

купелі

і грэе

 

Урывак з біяграфічнага рамана «Подых Тэмры» Віктара Стахвюка з Беласточчыны выдрукаваны на мясцовым гутарковым дыялекце, які ў сваім сінтэзе з’яўляецца вытворным ад беларускага, польскага і ўкраінскага памежных моўных уплываў. Хоць напачатку і нялёгка даецца чытанне, але пры звыканні адчуваецца, што стылёва, сюжэтна і вобразна тэкст напісаны на добрым мастацкім узроўні, хоць і не без хаатычнай разбалансаванасці. Для чытацкай ацэнкі працытую адзін з заключных фрагментаў рамана:

«Ліжыш і думаеш, і віэдэш, што нэ спочнэш, покуоль хватіт сіл. Будэш іті стэжкою правды і віэры, стэжкою продкув твоіх зо словяно-арыйськоі расы. Расы русув, найстаршоі на Міргард-зэмліэ, з котороі вэдэ напрамкі корні своіэ наш, застывшы в дрымоті, белоруські этнос і гінувшэ Пуляшэ, аж проснэтсе, вкінута в компрадорскі сон сусьвіэтноою большэвіёю, сама Русь Біэла і вспуомніт правдіву родословну свою. А я вэрнусь! Я вжэ ворочаюсь! Сюды, на Родіну».

Вершы Андрэя Сцепанюка, усё з таго ж Падляшша, – гэта суровы, шчыры і бязлітасны суд уласна-вобразнага жыцця, вынесены на людзі, але ў такім таемна-безадказным стылі, дзе змест хаваецца за пачуццямі ды эмоцыямі – і канчатковы прысуд штораз адкладваецца:

 

Пасля слоў давай сядзем і пакаштуем

халоднай гарбаты

Маглі б закурыць папяроску

але гэта робіцца пасля сексу

А ў нас толькі скончыліся словы

Нуль слоў

Нуль думак

Нуль вершаў

Змярканне

 

Нешта ў стылі сацыяльнага фэнтэзі з іранічна-гумарыстычнай падкладкай пад назвай «Фірма» друкуе Алесь Бычкоўскі (назваўшы тэкст «амаль крымінальным чытвом» (вылучэнне маё, – ЛеГал), – як бачым, гэты новы жанр паступова ўваходзіць у літаратурную моду). Паколькі я сам былы алкаголік (хоць даводзяць, што такіх не бывае), то магу ўскосна пацвердзіць рэалістычную шчырасць і мастацкую праўдзівасць у падобных даволі жывых і адносна майстравітых  апісаннях аўтара.

Вязка-навязлівыя вершы Марыны Юрчык у рубрыцы «Дэбют» сваімі разгалінаванымі асацыяцыямі намагаюцца пусціць карэнне ў найбольш адчувальныя сферы чытацкай душы, і здаецца, самым удалым з іх гэта ўдаецца…

На першы погляд, вельмі сентыментальная навела Элізы Ажэшкі «Бог ведае хто» (пра надзённыя рэаліі паўстанскага атачэння 1863 года) у сваім нечаканым фінале ўздымае гістарычны і філасофскі сэнс бунтарскай і натуральнай нацыянальнай годнасці чалавека. З польскай пераклад зрабіў Анатоль Бутэвіч. Працытую эмацыйны маналог пана Буракевіча, ладныя часткі кажуха якога дзіўным чынам патраціліся на матэрыяльную дапамогу паўстанцам Каліноўскага: «Няхай панове будуць ласкавыя пры кожнай патрэбе, такой агульнай… пры кожнай такой аказіі, што да грошай, альбо трохі працы якой патрэбна, звяртацца да мяне… Я хачу… я жадаю… хоць нечым паслужыць… нашай маці… бо і я таксама… сын яе… а што шэльма лёс закінуў мяне ў асяроддзе самых чужых на гэтым свеце, то я і не навязваюся нікому… а толькі… д’ябал ведае, што ў сэрцы сядзіць і не дае спакою…».

Друкуюцца вершы (цяпер ужо шырока вядомага) паэта Веніяміна Блажэннага (1921–1999). Выдатная прадмова і пераклады Насты Кудасавай. Пры чытанні складвалася ўражанне, што паэзія аўтара гарманічна пераўвасобілася ў вершы перакладчыцы. Выбітную прозу нядаўняй набеліянткі Вольгі Татарчук «Зялёныя дзеці, або Апісанне загадкавых здарэнняў на Валыні…» цудоўна пераклала Марына Шода. Валянцін Акудовіч працягвае занатоўваць і друкаваць асноўныя і найбольш значныя этапы як уласнай творчай біяграфіі, так і грамадска-нацыянальных асветніцкіх ініцыятыў і праектаў суверэннага часу – гэтым разам пра стварэнне і дзейнасць Беларускага калегіюма. Франц Сіўко піша пра сямейна-лёсавую драматургію вялікага рускага (яснапалянскага) пісьменніка Льва Талстога. Міхал Талочка – пра сваіх вясковых (апошніх і помных) землякоў, пра паступовае згасанне традыцый і культуры малой бацькаўшчыны. Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік вершаў Георгія Ліхтаровіча «Санеты».

Анатацыі новых кніг – у рубрыцы «Дзеяпіс». Таксама напрыканцы нумара выкладаецца змест часопісаў за 2019 год.

Не прамініце прачытаць.

ЛеГал

 

Будзьма з «Дзеясловам»!

 

Падпісацца на літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год.

Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,

для ведамаснай падпіскі — 748132.

comments powered by HyperComments