…Жыць – гэта проста ісці ўгару.
І неба, і крыж трымаць…

— Вольга Гронская

117-ы “Дзеяслоў”:
Невядомыя лісты Караткевіча, паэма Кульбака, навэла Ажэшкі

Каманда “Дзеяслова” разам з нашымі шаноўнымі аўтарамі працягвае рабіць часопіс, за які не сорамна ні нам, ні – хочацца верыць – беларускай літаратуры.

Вось, чым парадуе чытача свежы 117-ы нумар.

 

Проза. Аповед-байка “Дамова” ад светлай памяці Міколы Гіля. Сумная навіна прыйшла, калі нумар ужо быў завярстаны і падрыхтаваны да друку.

Упершыню ў “Дзеяслове” – празаік Мікола Адам са сваёй аповесцю “Паэт і Паэтка”.

Ігар Сідарук прапануе нізку іранічных аповедаў “Кантракт”, жанр большасці з якіх можна акрэсліць як антыўтопія.

Закрывае рубрыку вялікая публікацыя мініяцюраў Канстанціна Касяка “Самаізаляцыя” (Пачатак).

 

Паэзія. Сталая аўтарка “Дзеяслова” Людміла Паўлікава-Хейдарава, сёлетняя лаўрэатка прэміі «Залаты Апостраф» за лепшую прозу з нізкай вершаў «…Я пайду, абніму сваю кошку».

Юбілейная нізка вершаў Сержука Сыса «Мой апошні – на шчасце – грошык».

Вялікая нізка вершаў аўтара з Падляшша, дырэктара ліцэя з беларускай мовай навучання Андрэя Сцепанюка «Дом з літар».

 

У рубрыцы Дэбют – «паэмка» вядомага даследніка беларускай літаратуры Яўгена Скібскага «Аўтобус».

 

Пераклады. Паэма Мойшэ Кульбака Райсн (Беларусь). Вершаваны пераклад Андрэя Хадановіча. Даслоўны пераклад з ідыш Вольфа Рубінчыка і Сяргея Шупы.

Эліза Ажэшка. Дзіўная гісторыя. Навэла. Пераклад з польскай і прадмова Анатоля Бутэвіча.

 

Рубрыка «Спадчына». Нястомны руплівец на ніве даследавання невядомых старонак нашай літаратуры Сяргей Шапран друкуе невядомыя лісты Уладзіміра Караткевіча да Генадзя і Юліі Бураўкіных – з каментарамі ды ўступным словам.

 

Гутарка Таццяны Барысюк з брытанскім філолаг-славістам, прафесарам, папулярызатарам беларускай літаратуры Арнольдам Макмілінам.

 

Фэйсбучныя запісы Сяргея Дубаўца “Усё, як ты хацела, Грэта”.

 

Рыбрыка “Вытокі”. Падарожнае эсэ Наталлі Русецкай “Людзі не птушкі – ім патрэбная свая зямля…”, прысвечанае месцам сілы Хаіма Суціна – беларускім Смілавічам і французскаму Вансу. Рэпрадукцыя карціны Хаіма Суціна «Манастыр ордэна капуцынаў у Сэры» аздабляе першую вокладку «Дзеяслова», а партрэт Суціна пэндзля Амедэа Мадыльяні – чацвёртую.

Анатоль Трафімчык. “Znam was wszystkie po nazwisku”: Тапанімія роднага кута Артура Бартэльса ў яго творчасці.

 

Яшчэ адзін тэкст, які, на жаль, выходзіць па сыходзе аўтара – рэцэнзія-водгук Леаніда Левановіча на “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны” Янкі Бялькевіча.

 

Завяршае нумар анкета “Дзеяслова”. Гэты разам таямніцамі сваёй творчасці дзеляцца вядомы драматург і крытык Сяргей Кавалёў і празаік, класік нашай літаратуры Віктар Казько.

 

Будзьма з «Дзеясловам»!

comments powered by HyperComments