Святлана Алексіевіч (№1)

Алексіевіч Дзеяслоў 65
Матыў калыханкі

— Я зараз усё гэта зьбяру… склею ў памяці… Колькі гадоў прайшло, убачу па тэлевізары фільм пра вайну, нават кепска – плачу. Сын пачне суцяшаць, прашу: “Адыдзі”. Хутка памру… урачы ўжо ня ўтойваюць… ды і адчуваю… Застанецца хата… рэчы… А пачуцьці? Дзе яны? Куды яны дзяюцца? Сыходзяць? Узяла сшытак, пачала пісаць. Кінула. Колькі гадоў гэты сшытачак у мяне ляжыць. Хачу разгарнуць, робіцца непрыемна. Цяжка. Ні адна навука не перадае і не перадасьць таго, што перажыў чалавек. Ні адна кніга. Унук пытае: “Што на вайне самае страшнае?” Я скажу… Запомніла… Якія прыгожыя, якія чароўныя мужчыны перад сьмерцю… калі яны ідуцьзабіваць і ведаюць, што іх могуць забіць… (Задыхаецца). Рыхтуюся паміраць, але да апошняга ня веру, што гэта са мною здарыцца. Уявіце сабе… Але я сама ўжо чую пах… гэты пах паміраньня плоці… Не хачу зімою… Вясною хачу… каб яшчэ раз убачыць, як усё ў прыродзе пачынаецца спачатку… Дрэвы пад вакном расквітнеюць… Урачы паставілі дыягназ… Шанцаў няма… У царкву не хаджу, дык хоць успомню… згадаю пра сваё жыцьцё… пра сваіх мёртвых… Ноччу ўткнуся вачыма ў столь і выклікаю іх на размову… Яны зьяўляюцца… Гутарым да зары… (Задыхаецца). Усе думаюць пра сьмерць, аднак ніхто не сыходзіць лёгка і радасна. Ніхто. Я зразумела, што мне Бог дае час падрыхтавацца…
Калі клічу… першым прыходзіць Іван… заўсёды адгукнецца… Мой каханы, даруй мне… даруй… Гэта была вайна… Нічога не прыдумала. Усё памятаю. Памятаю… Я ішла праз лес, сярод сьнегу і халодных дрэваў, і ў мяне такія думкі: вось я бачу, вось я адчуваю, вось запамінаю… Усё ў сьнезе, у ледзяной абліве, замураванае. Ідзеш, як не па зямлі. Вакол і побач – сьмерць. А я зараз цябе сустрэну… я цябе абдыму… Сарамлівы, ад простых ласкавых словаў чырванеў да каранёў валасоў. Нашая хата стаяла на краі вёскі, ля лесу… Вечарам праду, вяжу. Зойдзе, сядзе. Гадзіну, дзьве, тры… глядзіць на мяне і глядзіць… Усьміхаецца… Да вайны мы вучыліся ў адным класе. Ягонага дзядулю раскулачылі, саслалі ў Сібір, калі ён быў яшчэ маленькім. Расказваў, як мама перапранала яго ў дзяўчынку… Калі за імі таксама прыйдуць, каб зьбег… сеў на цягнік і зьехаў, куды вочы глядзяць… Але іх абышлі, двух дзедавых сыноў саслалі з сем’ямі… а трэцяга сына, ягонага бацьку, чамусьці не зачапілі… (Зады­хаецца).Мне так балюча… такія няласкавыя ўспаміны… Такія няласкавыя… Дзядуля… Ягоны дзядуля вярнуўся ў вёску разам з немцамі… Вярнуўся адзін, усю сям’ю пахаваў у Сібіры. Стаў старастам… Стаў прыслугоўваць нямецкай уладзе… А ў нас – каханьне. Іван хоча на мне ажаніцца. Яшчэ ён арэ, сее. Без аўтамата. Мыем на рэчцы каня. Купаемся. Вакол – вайна, а ў нас – каханьне. Уявіце сабе… Сьніцца мне сон: я тану, таплюся ў рэчцы нашай, рэчка невялікая, але я патрапіла ў вір і таплюся. Адзеньне намокла, сьвінцовае, да дна мяне цягне, я крычу. Ні­дзе ні чалавека. З жахам разумею, што хутка стане цёмна. Ноч. Патухнуць агні. Ніхто мяне не пачуе. Пачынаю сьцягваць… зрываць з сябе адзеньне… Вызвалілася… Лёгкая… плыву да берагу… на беразе стаяць людзі… уся нашая вёска… Я выходжу з вады голая… Голая, як дзіцё… Быў мне гэты сон… (Задыхаецца).
Нічога не прыдумала. Усё памятаю.
Ноччу партызаны забралі ў нас парасё. А ўдзень немцы пералавілі ўсіх курэй. Засталася адна бульба… адна бульба на зіму… Мама села разувацца, хацела зьняць боты і заснула, упала мёртвая. Памылі, перапранулі ў чыстае і паклалі на лаўку… паклікалі бацюшку адпяваць… Але прыйшла нашая цётка з суседняй вёскі, яе зьдзівіла мяккасьць цела. Паднесьлі люстэрка да вуснаў, яно запацела… Я не дала хаваць. Тры дні мама спала. Гарэлі сьвечкі. Па начах крычала нашая котка. Сабаку немцы прыстрэлілі. Котка крычала страшным голасам.
А ў нас каханьне. Я шчасьлівая…
Як у сьне… але гэта на яве… Брыдуць голыя людзі… ідуць няроўнымі шэрагамі – мужчыны асобна, жанчыны з дзецьмі асобна. Цягнуць рукі да неба. Да нас даносяцца ці то плач, ці то песьні. Яны з гета… Сярод іх некалькі знаёмых… Лазар Ільліч, наш настаўнік гісторыі… Маленькімі купкамі іх заводзяць у хлеў з шырока расчыненымі дзьвярыма. Нам чутныя стрэлы. З мужчынскага гурту – хтосьці спрабуе ўцячы. Трое мужчынаў бягуць да чыгункі, за ёю – лес. Двух імгненна даганяюць кулі… а трэці – бяжыць… З-за павароту паказваецца цягнік… Стрэлы сьціхаюць. Цягнік праімчаў, а чалавек зьнік у лесе… Значыць ён павінен выжыць. Лёс! Уцёкі з жаночага натоўпу. Да нашай хаты бяжыць маладая дзяўчына, вось яна ўжо б’ецца ў акно… як птушка… Якім чынам?! Цуд? Двое дужых мужчынаў ня могуць адарваць яе ад вакна? Два здаровыя немцы… два разьятраныя самцы… Кволую дзяўчыну… Уявіце сабе… І вось яна ляжыць каля нашага парогу… з прастрэ-ленай скроняй… у крыві… Густыя каштанавыя валасы закрываюць белае цела… мармуровае…
Расстраляных людзей складваюць роўна, як шпалы на станцыі… і абліваюць бензінам… Хлеў загараецца з чатырох бакоў… палае… страха саламяная… (Задыхаецца). Смажанае чалавечае мяса мае дзіўны пах… Вельмі дзіўны пах… Зусім незнаёмы… Коні, на якіх прыехалі карнікі, пачынаюць страшна іржаць… падымаюцца ўверх, на дыбкі… разьдзьмухваюць ноздры… Адзін конь упаў на пярэднія ногі і ня можа ўстаць. Гарыць хлеў з людзьмі… і гэты конь стаіць перад ім… нібы на каленях… (Задыхаецца).
А ў нас – каханьне. Я шчасьлівая….
Аралі, касілі, сеялі… У адным доме быў патэфон. Зьбіралася моладзь. Танцавала танга і вальсы… пелі пад гітару… Кахаліся… і закручвалі бігудзі… Мне споўнілася васямнаццаць гадоў. Я хачу кахаць. Мне адкрылася каханьне. Гэта было імгненьне кволае і незваротнае. Глядзела, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма, але нічога ня бачыла, апроч яго. Не магла нічога больш умясьціць у сябе. Не ўмяшчалася. Нават не скажу, былі б мы такія шчасьлівыя, як я цяпер апісваю, калі б ён застаўся жывы. Я грашу… Я прыгадваю ня толькі тое, што было, а што хацела б, каб было і як было. Магу пісаць і пісаць сваю кнігу каханьня. Дапісваць. Я – настаўніца. Філолаг. Я шмат думала пра чалавечую памяць, бо шмат памятаю…. Прыгадваць лепш за ўсё ўвечары… Люблю вечар… у мяне столькі дэкарацыяў вечарам… я тут і яшчэ недзе… Задумаюся і нібыта сьплю, цела губляе адчуваньне звыклых межаў… Часам палохаюся… баюся страціць розум, тонкая нябачная нітачка, якая ўтрымлівае мяне ў рэальным сьвеце, можа абарвацца, і я ўвайду туды, адкуль ужо ня выйду. Я гэта пра сябе ведаю. Але ўсё роўна іду… кудысьці іду… Бачу нейкія хісткія плямы, лініі, бачу сьвятло… Нейкае сьвятло… Не заўсёды гэта магу разгледзець, злавіць кароткім сваім позіркам. Толькі ўва сьне, у забыцьці… Потым усё адразу зьнікае… ніякога сьвятла… а тады, у тую хвіліну я чую… быццам нават разумею, як гук робіцца сьвятлом, а сьвятло пераходзіць у гук і пракрадваецца ў мяне шляхам гуку… Усе перагародкі ападаюць… Уявіце сабе… Я часта паміраю ў сьне…(Задыхаецца). Паміраеш і ўсё забываеш. Потым прачнешся…
Жнівень… памятаю, быў жнівень… І пачаўся дождж. Мама вяртаецца з поля, жала жыта. З плачам:
— Божа! Божа! Твой Іван запісаўся ў паліцыю. Дзед прымусіў.
— А як жа нашае вясельле? Я не хачу быць жонкаю паліцая!!
Загаласілі ўдвух.
Увечары прыходзіць Іван… Вачэй не падымае… Пачынае казаць… загаворваецца… як вар’ят… Я яго такім ніколі ня бачыла. Пачынае казаць, што часта бачыць мяне ў сьне… думае пра мяне… кожную хвіліну… Калі ня пойдзе ў паліцыю, адправяць у Германію… Мы разлучымся… (Задыхаецца). Гэта вакол вайна, а ў нас каханьне. Мы шчасьлівыя…
Год пражылі – муж і жонка.
Я – цяжарная…
То ішлі на фронт саставы з нямецкімі салдатамі, усе маладыя. Песьні сьпявалі. Цяпер ужо менш маладых, больш сталых. Тыя былі вясёлыя, а гэтыя самотныя. Савецкая армія перамагае.
— Іван, — пытала, — што з намі будзе?
— На мне крыві няма.
І тут пачынаецца… Калі патраплю ў пекла, дык мне там ня так страшна будзе. Пасьля ўсяго… пасьля таго, што перажыла… Уявіце сабе… Праз дзьве хаты ад нас жыў хлопец, якому я таксама глянулася, адзін час ён да мяне заляцаўся. Прыгожы хлопец, але мне не падабаўся. Ён пайшоў у партызаны. Насіў кубанку з чырвонаю стужкаю… Нічога не прыдумала… Усё памятаю… Самае страшнае – не вайна, а тое, што між людзьмі… завяжацца такі вузел… такая пятля…
Ноччу стук у дзьверы:
— Хто?
— Партызаны.
Уваходзіць гэты хлопец і яшчэ адзін, той – старэйшы. І ён пачынае:
— Як жывеш, паліцаечка? Даўно хацелі цябе наведаць. А мужанёк дзе?
— Адкуль мне ведаць. Сёньня не прыехаў. У гарнізоне застаўся.
Тады той хлопец… якому я падабалася, хапае мяне за руку і кідае да сьцяны… П’яны… Мацюкаецца… І б… і х… Успомніў, што на танцах я мала ўдзяляла яму ўвагі. Незачэпа! Цэлачка! Нямецкага халуя… кулацкае адроддзе выбрала… І б… і х… Мама давай мяне абараняць, яны і яе да сьценкі:
— Страляйце, хлопчыкі, страляйце. Я з вашымі мацяркамі разам у дзеўках гуляла. Сяброўкі. Няхай і яны потым паплачуць.
Усе з адной вёскі. Суседзі. Нейк словы маці на іх падзейнічалі. Яны перамовіліся між сабою і пайшлі. (Задыхаецца). Я магу сказаць… Адно ведаю… Каханьне – сьмерць… каханьне – атрута…
Фронт усё бліжэй і бліжэй. Ужо начамі кананада чуваць. І нейк ноччу зноў – госьці:
— Хто?
— Партызаны.
Заходзяць. Тыя ж двое. П’яныя… І вось хлопец… той… наш сусед… дастае з-за пазухі і паказвае мне пісталет:
— Вось гэтым пісталетам я забіў твайго мужа.
— Няпраўда!! Няпраўда! – Крычу. Кідаюся на яго.
— Праўда, — адказвае ён, працьверазеўшы. – Хутка прыйдуць нашыя, цябе забяруць у органы. У энкавэдэ. Я магу ўратаваць. Выходзь за мяне замуж.
— Не! Не!! – Я б’юся аб яго галавою, як аб сьцяну.
Прывезьлі Івана… на санях… на шынялі… Ляжыць маладзенькі, маладзенькі, як на школьнай картачцы. Такі ясны твар… чысты… Нібыта, ранак, і ён сьпіць… Я вар’яцела… Крычала… выла… качалася па падлозе… Мая мама баялася, ужо не спадзявалася, што дзіцё ўва мне застанецца жывым… нармальным… Я канчалася… Вар’яцела… Жыла ў нас у вёсцы знахарка, бабка Міксючыха, мама кінулася да яе. Тая сказала: “Я тваёй дачцы не дапамагу, няхай Бога просіць. Толькі так, каб усе бачылі. Прылюдна. Яна павінна не за труною ісьці, як усе ідуць, а паперадзе труны. Да самых могілак”. А гэта праз усю вёску. Праз усю нашую партызанскую вёску… Перад труною паліцая… Уявіце сабе… Амаль у кожнай хаце муж ці сын у лесе, у партызанах… Ці загінуў… А я ішла… Ішла і прасіла Бога захаваць мне дзіцё. “Толькі дужа сільна прасі”, — наказала знахарка. Я кахала… я хацела, каб у мяне хтосьці ад нашага каханьня застаўся. Прасіла! Маліла! Людзі выйшлі на дарогу… стаялі ля весьнічак… Глядзелі… Ніхто слова мне злога ня кінуў… папроку… Глядзелі і плакалі… (Задыхаецца).
Вярнуліся Саветы… У мяне – сын. Цацак ніякіх… каробачкі з-пад запалак замест цацак… Мужчынаў не было – хто з войскам пайшоў далей, хто загінуў, засталіся адныя жанчыны. Нас пасылалі засыпаць акопы і хаваць нямецкіх салдатаў… Яны ляжалі паўсюль: у полі, у лесе, у рэчцы… Страху не было… Уявіце сабе… Як няма ў нас страху ад трупаў жывёлаў… Забітых нават дзеці не баяліся. Вароны іх клявалі, сабакі елі… Пасьля вайны чалавек не такі, як заўсёды… Зусім іншы чалавек… Ён не баіцца сьмерці… Я прывыкла да забітых…
І там ён мяне зноў знайшоў… Той хлопец… Перад гэтым яго моцна паранілі, ляжаў у шпіталі. Яго камісавалі па інваліднасьці. Прыехаў на кані.
— Табою ўжо цікавяцца.
— Хто?
— Хто? Хто? Органы…
— А я ўсё роўна жыць не хачу.
— Ты здурнела! У цябе дзіця.
— Ведаеш чыё…
— Я цябе і такою вазьму…
І я выйшла замуж… у другі раз… за чалавека, які забіў бацьку майго дзіцяці… маё каханьне… Уявіце сабе… Усё – праўда. (Задыхаецца).Дваццаць гадоў з ім пражылі. Дачку нарадзіла. Дзяцей любіў. Майго сына любіў, як свайго. Але ніхто не здагадваўся, ня ведаў… якія ночы я перажыла… пераплакала… У мяне была яшчэ адна вайна. На вайне, як на вайне. Яго пякла рэўнасьць. Нейкае нястрымнае пачуцьцё… “Ты Івана кахаеш, а не мяне. Ніяк прах не забудзеш”. У сіняках, у крывавых сіняках хадзіла… “Ненавідзіш. Па вачах бачу – не даравала”. Аборты без канца… “Ніколі сама не пацалуеш. Усё маўчыш”. Ноччу б’е, а ўранку на каленях перада мною стаіць. Людзі яшчэ ўсе сьпяць, а я ўжо ўстаю. Усе ляглі, глухая ноч, ні адно вакно ня сьвеціцца, а я яшчэ на кухні. Ішла ў спальню, як на Галгофу. На пакуту. Нікому не магла паскардзіцца. Мама памерла. Людзей баялася… Дазнаюцца… пачнуцца плёткі… абгаворы… Аднак яму сьмерці я не жадала. Не прасіла. Я не вінаватая. Яшчэ малады мужчына… Ён захварэў і хутка памёр. За адну восень… згарэў… Калі паміраў… Гэта, напэўна, грэх згадваць… Грэх расказваць… Гэтую таямніцу шмат гадоў у сабе насіла, а цяпер хачу пакінуць… Тут… Навошта яна мне там, на небе. Я толькі аднаго баюся, каб мы там з ім зноў не сустрэліся. Калі ён паміраў… Не адразу зразумела: чаму? Што хоча? Чаму распытвае суседа, той зьвярыныя скуры вырабляў, пра атруты… што можна купіць у аптэцы… як яны дзейнічаюць… І так дзіўна на мяне паглядваў… Так дзіўна і страшна… Перад самым канцом… у апошні дзень… папрасіў дараваць за Івана…
— Ты ж ведаў, ён нікога не забіў?
— Ведаў.
— Дык за што?
— Нам дваім не было месца на гэтай зямлі.
— Чаму?
— З-за цябе.
Павярнуўся да мяне ў той момант… у той самы… перад тым… У апошнюю хвіліну… “Ты мяне кахала?” Я прамаўчала. Засьмяяўся, як тады ноччу… калі зайшоў і пісталет паказаў… прызнаўся, што забіў… “А я цябе кахаў усё жыцьцё. З дзяцінства. Я цябе так кахаю, што хацеў забіць. Быў грэх. Хацеў забіць, таму, што ты застаешся тут. Без мяне. І я цябе больш ніколі ня ўбачу” Ляжаў у труне… Сьмяяўся… Я адна бачыла: сьмяецца. Баялася падысьці… А трэ было пацалаваць…
Нічога не прыдумала…

 

Пейзаж адзіноты
— Калі ён сказаў: “Я цябе кахаю”, а сам яшчэ не кахаў, ня ведаў, як ён мяне моцна пакахае, я адказала: “А што гэта азначае? Гэтае слова?”, замоўк і паглядзеў на мяне з ці-ка-вась-цю. Напэўна, надышоў такі момант, і ён вырашыў, што гэта трэба вымавіць. Звычайны сюжэт. Класіка. А для мяне каханьне – дзіўнае слова… Маленькае… Яно не ўмяшчала ўсяго таго, што са мною адбывалася, што я адчувала. Вось ён пайшоў, заўтра мы зноў, вядома, сустрэнемся, але толькі зачыняліся дзьверы, як я пачынала паміраць, я пачынала паміраць фізічнай сьмерцю, у мяне балела ўсё цела. Каханьне зусім не цудоўнае пачуцьцё, зусім не чароўнае, альбо ня толькі чароўнае… Ты трапляеш у іншае вымярэньне… жыцьцё пакрываецца заслонай, туманам, ты нікога ня бачыш, ні ў чым усёй душой ня ўдзельнічаеш, ты ў кокане, кокане нейкае вар’яцкае пакуты, перамолваньня ўсяго, што адбылося ўчора, пазаўчора, можа здарыцца заўтра, усяго, што ў яго было да цябе, без цябе. Ты адключаешся ад сьвету, ты робіш толькі гэтую працу, працу каханьня. Я марыла, якой я буду шчасьлівай, калі гэта скончыцца. Якой я буду шчасьлівай! І ў той жа час баялася, што гэта скончыцца. Жыць у такой тэмпературы немагчыма. У трызьненьні. Ува сьне. Да яго я таксама пакутавала, шалела, раўнавала, у мяне было шмат мужчынаў, я не са сьціпленькіх, але таго, што даў ён, ня даў ніхто. Ён адзін… Калі агульная душа, і мы разам, мы – адзіны сьвет. Ніхто ня даў таго вопыту самаахвяраваньня, ці што… Нават дзіцё не дало… Нават… Дзіцё? Не, не дало… А я – добрая маці… (Падбірае словы). Каханьне кідае нас углыб саміх сябе, ты чэрпаеш і чэрпаеш адтуль, то радуешся, то палохаешся самой сябе. Яно асьляпляе і атупляе, але і дорыць звышведаньне. Я імгненна ўгадала ягонае першае каханьне, хоць яны толькі павіталіся, такая лёгкая размова пра ўсё і ні пра што, вельмі па-сьвецку, нармальна. Аднак я зразумела, што гэта… Што гэта – яна… Яна на мяне не глядзела, нават не зірнула, не было зацікаўленага позірку: з кім ты, як ты? І нічога не было, апроч нейкіх мілых жэстаў. Але я пачула. Адчула. Яны ўдвух спыніліся, удвух сярод вялізнага натоўпу, людзкое плыні, як масток паміж імі перакінуўся. Як зьвер я пачула… Мажліва, таму, што раней, калі мы праязджалі па гэтай вуліцы, менавіта каля гэтых дамоў ён заўсёды быў у нейкім асаблівым стане, вось як ён глядзеў на гэтыя абшарпаныя пад’езды, самыя звычайныя, як ён глядзеў… Штосьці такое, што навука не адмаўляе, няведамае нам, няведамае. (Зноў пад-бірае словы). Ня ведаю… Ня ведаю…
Едзем у метро, разам працавалі, выкладалі ў адным інстытуце і дамоў нам па дарозе, у адзін бок. Адна ветка метро. Калегі. Мы яшчэ ня ведалі, я яшчэ ня ведаю, а гэта ўжо быў пачатак… Гэта пачатак… Едзем… раптам ён пытае:
— У вас ёсьць раман?
— Ёсьць.
— Добры?
— Ды ня вельмі. А ў вас?
— Ёсьць.
— Добры?
— Ды таксама ня дужа…
І ўсё, і нічога. Зайшлі разам у краму, ён выцягнуў з кішэні дапатопную авоську, што тады ўжо было сьмешна, накупляў нейкіх макаронаў, таннай кілбасы, цукар, яшчэ штосьці, ну, класічны набор саўковых прадуктаў. Цукар драбковы… Піражкі нёс у прамасленым мяшэчку… (Сьмяецца). А я была замужам, мой муж – вялікі начальнік, мы жы­лі інакш, я жыла зусім іншым жыцьцём. Раз на тыдзень муж прыносіў паёк, ім давалі на працы, там далікатэсы па тых часах: балык, чырвоная рыба, ікра… Езьдзіла на машыне… “Частуйцеся, піражкі яшчэ гара­­чыя”, — жуе на хаду. (Зноў сьмяецца).Я прайшла да яго доўгі шлях, доўгімі этапамі… Доўгі шлях… Дублёнка ў яго на сьпіне каля рукава па-мужчынску, праз верх зашытая чорнымі ніткамі. “Напэўна, у яго памерла жонка, ён застаўся адзін з дзіцём”, — мне яго стала шкада. Пануры. Не прыгажун. Вечна смактаў валідол. Мне яго стала шкада… “О, як псуе Расія, — прызналася мне неяк у цягніку адна руская жанчына, якая даўно жыве на Захадзе, – у нас, у Расіі, жанчыны не ўлюбляюцца ў прыгажосьць, не прыгажосьць яны шукаюць і ня цела любяць, а дух. Пакуту. Гэта – нашае”. Са смуткам прызналася…
Неяк атрымалася, што іншым разам зноў мы сутыкнуліся ў метро. Чытае газету. Я маўчу. Едзем.
— У вас ёсьць таямніца?
— Ёсьць. – Ад нечаканасьці адказваю сур’ёзна.
— Каму-небудзь распавядалі?
Я здранцьвела: Божа мой, пачынаецца… Божа мой! Так пачынаецца сапраўднае…
…Потым высьветлілася, што ён жанаты. Двое дзяцей. І я была замужам…
— Раскажы пра сябе.
— Не, лепш ты раскажы мне пра мяне. Ты ж аднекуль усё пра мяне ведаеш.
— Не, я гэтага не зраблю.
— Чаму?
— А дзеля гэтага цябе трэба спачатку разьлюбіць.
А ехалі мы тады на машыне, я была за рулём і пасьля гэтых ягоных словаў выехала на сустрэчную паласу. У сьвядомасьці адно – ён мяне кахае. Усе мне сігналяць, а я еду ім насустрач, у лоб. Хто ведае, адкуль падае каханьне? Хто яго пасылае?
Сама прапанавала:
— Давай пагуляем.
— У што?
— Вось я еду на машыне, ты прагаласаваў, я спынілася.
Ну, і пачалі гуляць. Гулялі-гулялі, да мяне прыехалі гулялі, яшчэ ў ліфце гулялі. У вітальні. Ён нават пакпіў: “А бібліятэчка так сабе. Школьнай настаўніцы”.
А я іграла саму сябе, прыгажуню – жонку начальніка. Гэтакую ільвіцу. Какотку. Іграла… І ў нейкі момант – ён:
— Стоп!
— А што такое?
— Цяпер я ведаю, якая ты з іншымі.
Паўгода ён ня мог пайсьці з сям’і, жонка не адпускала. Праклінала. Прасіла. Паўгода. А я вырашыла, што павінна пакінуць мужа, нават калі ўрэшце рэшт апынуся адна. Я сядзела на кухні і рыдала, бо пад час сыходу выявілася, што жыла я з вельмі цудоўным чалавекам. І паводзіў ён сябе ў гэтай сітуацыі надзвычай добра. Проста цудоўна. Мне было сорамна. Ён доўга рабіў выгляд, што нічога не заўважае, быццам нічога ня здарылася, але ў нейкі момант ня вытрымаў і задаў пытаньне, і мне давялося на яго адказаць, і ён пашкадаваў, што спытаў, у яго вырвалася… У вачах – просьба: “Не адказвай! Не адказвай!”, і жах перад тым, што ён зараз пачуе. Засьпяшаў: “Давай чай піць”. Размова за сталом не атрымалася. Аднак я адказала, я прызналася. А ён: “Усё роўна не пакідай мяне”. Я паўтарыла… “Не пакідай”. Ноч зьбірала свае рэчы… (Скрозь сьлёзы і сьмех). Але і там… Ужо мы ўдвух… Я там таксама два тыдні начамі на кухні плакала, пакуль не знайшла раніцай запіску: “Калі так цяжка, можа, табе трэба вярнуцца”. Сьлёзы высахлі…
— Я хачу быць добрай жонкай. Што б табе хацелася?
— Ведаеш, мне ніхто не гатаваў сьняданкаў. Мне хацелася б, каб ты мяне клікала на сьняданак, вось і ўсё, больш нічога ня трэба.
А ўставаў ён у шэсьць раніцы, рыхтаваўся да лекцыяў. Я пахмурнела, таму што я – сава, позна кладуся і позна ўстаю. Але зразумела, гэта сурова, суровы пункт. Раніцай, ледзь трымаючыся на нагах, згатавала сырнікі, падала, пяць хвілінаў пасядзела і пацягнулася дасынаць. І так тры разы.
— Больш ня трэба.
— У мяне кепска атрымліваецца?
— Я ж бачу, гэта для цябе такі подзьвіг, больш ня трэба.
Нарадзілася дзіцё… Мне сорак адзін год, было нават фізічна вельмі цяжка, як я цяпер разумею, а тады думала: а, лухта, аднак, аказалася – не, зусім не лухта. Бяссонныя ночы. Пялюшкі. Падхапілі стафілакок. Значыць, пялюшак у два разы болей, патрэбная сьпецыяльная апрацоўка. У мяне туманіўся розум… Не было ў нас яшчэ гэтых памперсаў… Пялюшкі-пялюшкі… Сьціраю, палашчу, сушу… У нейкі момант, у якісьці дзень я зусім звар’яцела: пялюшкі ў духоўцы згарэлі, пральная машына пралілася і ў ванным пакоі па костачкі вады. Патоп. Дзіцё крычыць, а я анучаю зьбіраю ваду. На вуліцы – зіма. Як цяпер памятаю, села на край балеі і заплакала. Сяджу і плачу. Заходзіць… Так на мяне нейк халодна зірнуў, па чужому. Чакала, што ён кінецца дапамагаць, пашкадуе. Вар’яцею. А ён: “Як хутка ты “трэснула”, — павярнуўся і сышоў. Гэта было як аплявуха. Я нават ня стала адказваць, гэта быў такі ўдар. Вельмі нялёгка… Я ішла да яго доўга, доўгімі этапамі…
А потым зразумела… Я яго зразумела… Ён жыў з маці, якая адся-дзела дзесяць гадоў у лагерах і ні разу не заплакала, і дасылала дамоў вясёлыя, сьмешныя лісты. Гэтыя лісты захаваліся, яна піша: “А ўчора здарылася найпацешная гісторыя. У завіруху мяне выклікалі ў атару (па прафесіі яна заатэхнік, таму хадзіла расканваіраваная, лячыла авечак), калі я ўжо вярталася, мясцовыя сабакі, не разглядзеўшы мяне і не пазнаўшы, накінуліся, была вельмі сьмешная схватка”. Далей яна апіс-вае, як яны качаліся па стэпу і грызьлі адно аднога. А ў канцы: “Затое цяпер мне добра, я ў лякарні, тут чыстыя прасьціны”. А яны ж яе парвалі… Стэпавыя сабакі… Ён рос сярод такіх жанчын… А тут зараўсьці з-за сапсаванай пральнай машыны… У маці сяброўкі, яны ўсе вярнулі-ся адтуль. Адну там так катавалі, што пераламалі пазваночнік, але яна прыходзіла заўсёды элегантная, зацягнутая ў карсет. Другая… Яе вадзілі голай на допыт, сьледчы адчуў, дзе слабое месца, што яна можа зламацца на гэтым. У яе былі залатыя валасы, сама маленькая, кволая. “Вас вадзілі голай?” – “Так, але ня гэта сьмешна”. Яе пусьцілі не па палітычным артыкуле, а па артыкуле – сацыяльна небясьпечны элемент, коратка, па-руску — “соэ”. Як прастытутку. У нейкім закутку, калі гэтае нябеснае зьзяньне, вялі два канваіры, адзін з іх, вясковы хлопец, шэптам: “Ты праўда “соэ”. – “Табе ж кажуць”. – “Ня можа быць”. – І ён зірнуў на яе з захапленьнем. Знакаміты лагер “Алжир” (Акмолинский лагерь жен изменников родины), лагер прыгажуняў… Яны гублялі ўсё ў гэтым жыцьці: мужоў, родных, іхнія дзеці паміралі ад голаду ў дзіцячых дамах. Гэтае слова адтуль – “трэснуў”, “чалавек трэснуў”. Маму арыштавалі, ён застаўся з бабуляй. Бабуля “трэснула”. Яна яго біла сьмертным боем, крычала. У яе арыштавалі сына і мужа дачкі. Яна страціла аблічча. У дзіцячым дзёньніку ягоным: “Мама, а-а-а!!”.
Ягоная мама… Яна прыехала да нас на лецішча, ужо шмат гадоў прайшло пасьля лагераў… У яе на лецішчы быў свой пакой. Дом вялікі. І я вырашыла прыбраць, заходжу да яе, нідзе ніякіх рэчаў, пачынаю падмятаць і знаходжу вузялок пад канапай. Тут яна паяўляецца:
— Мае рэчы, — гэта ў яе заўсёды: не мае сукенкі ці мае туфлі, а мае рэчы.
— Пад “нарамі”?
— Ніяк не магу прывыкнуць.
І куды вы думаеце яна – гэты няшчасны вузялок? Расклала? Разьвесіла? Ніколі не здагадаецеся… Засунула пад матрац…
Слухаць яе можна было бясконца…
Турма. Ноч. У камеры дыхаць няма чым. Адчыняюцца дзьверы і ўваходзіць жанчына ў футры, а разам з ёю – і пах “Каці”. Знакамітая парыжская фірма. Я цяпер ня памятаю, але гэта была вядомая актрыса, яе ўзялі адразу пасьля канцэрту. Усе акружылі яе і нюхаюць футра. Гла-дзяць. Дыхаюць воляй і сваім мінулым жаночым жыцьцём. Яны ўсе прыгажуні… Жаніліся ж камісары на прыгажунях, даўганогіх і адукаваных, пажадана, каб з былых, з тых, хто застаўся, ня выкрытых. У фільдэрперсавых панчохах. Яшчэ Набокаў заўважыў, што жыцьцё пакідае на жанчыне драпіны, яны зацягваюцца, а мужчыны як шкло.
Колькі я памятаю, колькі я, аказваецца, памятаю… Я так доўга ішла да яго…
Ноччу… У бараку… Маладая кучаравая дзяўчына… Са старой дваранскай сям’і… Яна сядзела і гадзінамі расчэсвала свае валасы, прыгадвала маму. Аднойчы раніцай прачнуліся – яна лысая. Рукамі ўсе свае валасы вырвала, ні нажа, вядома, у іх не было, ні нажніцаў, яна рукамі. Вырашылі – звар’яцела. Што ты зрабіла з сабою? Яна ім расказала, што яе вярбуюць, абяцаюць выпусьціць на волю, але з умовай, што стане стукачкай. Барак плакаў, а яна ўсьміхалася: “Я баялася, што дрогну, і мяне выпусьцяць, а цяпер у іх няма выхаду, я лысая. Усё, я ў – турме”.
Ён вырас сярод такіх жанчын… І я павінна была стаць такою… Падобнай да ягонай мамы… І я стала…

Пераклад Андрэя Налівы (Барыса Пятровіча)


Апублікавана

у