Ірына Дубянецкая (№89)

ЭДЭНСКІ САД: ВЕДА ДАБРА І ЗЛА

(Працяг)

Кніга Роду 3

Папярэднія заўвагі

Унутраныя сувязі гісторыі Саду

Гісторыя, якую мы звыкла прачытваем як гісторыю пра спакусу, грэхападзенне і пакаранне, гаворыць хутчэй пра складаны працэс росту і сталення людзей ды іхнія адносіны паміж сабою і сваім светам. У гэтым сюжэце чатыры персанажы: Ягвэ Элогім, чалавек, жанчына і змей, і ўсе яны злучаныя паміж сабой – кожны з кожным – мноствам сувязяў.

Чалавек улучаны ў некалькі тыпаў бінарных сувязяў – знешніх і ўнутраных, вертыкальных (іерархічных) і гарызантальных. Усе гэтыя сувязі акцэнтаваныя лінгвістычна. У выпадку знешніх і ўнутраных сувязяў бінарныя пары афармляюцца аднакарэннымі ці алітэрацыйнымі словамі з пазначэннем роду: ha’adamha’adamah (га-адамга-адамá), што значыць “чалавек–зямля” і ha’išha’iššah (га-ішга-ішша) – “мужчына–жанчына”.

На вонкавым плане гэта найперш сувязь паміж чалавекам, га-адам, і светам, га-адамá, які ён пакліканы даглядаць. Бо га-адамá – гэта не толькі глеба, рэчыва, з якога складаецца сам чалавек, і не проста зямля, якая корміць яго і ад урадлівасці якой ён залежыць (у 3:18 Бог папярэджвае: “церне і асот яна праросціць табе, і будзеш есьці польную траву”). Гэта ягоны, чалавечы, свет, адзіны і навечны, ягонае жыццё і ягоная смерць, мэта і змест ягонага існавання. Гэта свет, чый лёс знітаваны з чалавечым лёсам непарыўнай повяззю і ўзаемазалежнасцю: дзе адзін, там і другі. На самым пачатку гісторыі, у Кнізе Роду 2:5, на зямлі нічога не расце, “бо не было чалавека, каб урабляць глебу”. Потым, у 3:17–19, пасля парушэння чалавекам забароны на дрэва веды, Ягвэ Элогім акрэслівае сітуацыю, у якой абое – чалавек і зямля – апынуліся: “Праклятая зямля (глеба) праз цябе, у высілках будзеш есьці з яе ўсе дні жыцьця твайго – пакуль ня вернешся да зямлі (глебы), зь якой ты быў узяты”. І нават па-за садам змест чалавечага жыцця застаецца той самы: “І выслаў яго Госпад Бог з Эдэнскага саду ўрабляць глебу, зь якой ён быў узяты” (3:23).

На ўнутраным плане чалавек улучаны ў іншую бінарную сувязь. Гэта стаўленне чалавека да сваёй сэксуальнасці і да сваёй унутранай іншасці. Жанчына ўзятая з чалавека, і ён распазнае яе як частку сябе, як свой працяг. У Кнізе Роду 2:23–24 чалавек вітае з’яўленне яе ў сваім жыцці і свой новы стан адмысловым спевам:

 

Вось яна, нарэшце,

костка ад костак маіх

і цела ад цела майго!

Яна будзе звацца жанчынаю,

бо з мужчыны была ўзятая яна.

Таму пакіне мужчына

бацьку свайго і маці сваю,

і прылепіцца да жонкі сваёй,

і будуць адным целам.

 

Але адначасова з тым жанчына застаецца незалежным суб’ектам, з якім чалавек непазбежна сутыкаецца твар у твар. І гэтае сутыкненне мяняе яго: га-адам робіцца мужчынам, га-іш, у гэтай гісторыі толькі ў дачыненні да га-ішша, жанчыны.

Гарызантальныя і вертыкальныя сувязі фармуюцца праз пэўнае ключавое слова, што тычыцца абедзвюх частак бінарнае апазіцыі – і толькі іх. Нечаканыя гарызантальныя сувязі развіваюцца паміж чалавечай параю і змеем. Чалавек і жанчына лінгвістычна злучаныя са змеем словам ‘arum /‘arom (‘арум /‘аром). Гэтае слова ўпершыню сустракаецца ў сумежных фразах, у апошнім сказе другога раздзела (2:25) і першым сказе трэцяга (3:1). На жаль, падзел паміж раздзеламі пралёг праз семантычна цэласны эпізод. “Яны былі абое‘arumim (‘аруммім), чалавек і жонка ягоная, але не саромеліся” – і адразу: “Зьмей быў самы ‘arum (‘арум) за ўсіх польных зьвяроў, якіх зрабіў Ягвэ Элогім”. Слова ‘аруммім – форма множнага ліку ад ’arоm, “голы”, якая супадае з множным лікам слова ‘аруммім – “разумны, хітры, разважны, здольны”. У перакладзе гэтая сэнсаўтваральная гульня слоў прападае, бо ў нас няма магчымасці перадаць ‘арум і ‘аром адным словам. Сэнс гэтай лінгвістычнай гульні у ненавязлівай дэманстрацыі нейкай сіметрыі, падабенства паміж чалавекам і змеем. Нездарма менавіта змей – і толькі змей – можа падштурхнуць жанчыну да лёсавызначальнага выбару. Гэта той выпадак, калі тонкія, амаль незаўважныя “капілярныя” сувязі ўнутры тэкста ствараюць паралельны сюжэт, які размыкае гісторыю, размывае ў ёй усе відавочныя схемы. Такім чынам, паміж чалавечай параю і змеем завязваецца лёсавы вузел, які з цягам гісторыі будзе толькі шчыльнець. Так, у 3:7, пасля парушэння забароны, вочы ў людзей расплюшчыліся, і яны “ўведалі, што яны голыя” (‘эрумім), і ім стала праз гэта прыкра. Сувязь са змеем далей мацнее з увядзеннем яшчэ адной алітэрацыі: выпраўляючы чалавека ў свет па-за садам, Ягвэ Элогім дае яму адзеннне са скуры – ‘or (‘ор). І хаця гэта, відаць, звычайная чалавечая скура на чалавечым целе, яна мае змяіныя канатацыі. Змей і чалавек – абодва з вонкава гладкай скураю. Абодва – аголеныя. Абодва – разумныя.

Вертыкальныя адносіны развіваюцца ў тэксце паміж чалавечай параю і іхнім творцам, Ягвэ Элогімам. У выпадку адносінаў чалавек–Бог, ключавым словам стаецца jada‘ (яда‘) –ведаць і вытворнае ад яго da‘at (да‘ат) – “веда”. Веда дабра і зла належыць Богу. “Вось, чалавек стаўся як адзін з нас, хто ведае дабро і зло,” – кажа Ягвэ Элогім (3:22). Набыццём веды пазначаны і працэс чалавечага сталення. Для чалавека і жанчыны веда і жыццядайная, і смяротная.

Паняцце веды шчыльна асацыюецца з цэнтральным вобразам гісторыі – з дрэвам.

 

Дрэва дзвюх магчымасцяў

На пачатку гісторыі, у Кнізе Роду 2:8 Ягвэ Элогім пасадзіў “сад у Эдэне на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога вылепіў”. Задача чалавека – даглядаць і ахоўваць гэты сад. Бог напаўняе сад адмысловым сэнсам (2:9): “І ўзрасьціў Госпад Бог з глебы ўсякае дрэва, прывабнае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця пасярод саду, і дрэва веды дабра і зла”.

Апроч моманту пасадкі, дзве назвы дрэва – “дрэва жыцьця” і “дрэва веды дабра і зла” – ніколі не згадваюцца разам. У кожнай сітуацыі гаворка ідзе пра адно дрэва. Дрэва жыцця было пашыраным вобразам на Старажытным Блізкім Усходзе, а вось дрэва веды дабра і зла вядомае толькі з гэтага тэксту. Ці дрэва жыцця тое самае, што дрэва веды, ці гэта два розныя дрэвы? Больш за тое, у гутарцы са змеем жанчына гаворыць проста пра дрэва “пасярод саду” – можа гэта яшчэ адно дрэва? Дык колькі дрэў было “пасярод саду”, адно, два, ці тры? Якая сувязь паміж жыццём і ведаю?

Рытмічная арганізацыя гебрайскага тэкста фармуецца паралелізмам паміж двума радкамі – тыповым літаратурным прыёмам, пакліканым паступова ўводзіць новую інфармацыю пра феномен у фокусе (2:9b):

 

і дрэва жыцця пасярод саду,

і дрэва веды дабра і зла.

 

we‘es   hahajjim  betok   hagan

we‘es   hadda‘at  tow      wara‘

 

Рытм дасканалы – усе галосныя паўтараюцца, і аніводны не парушае адзінства. У гэтым сугуччы паўстае адзінае дрэва – дрэва жыцця, якое ёсць пасярод саду, і якое ёсць дрэвам веды дабра і зла.

Далей у тэксце кожная назва дрэва будзе згадвацца паасобку. У 2:16–17 дрэва “веды дабра і зла” стаецца фокусам боскай забароны. Жанчына, аднак, гаворыць, што з дрэва “пасярод саду” ім няможна есці (3:2–3). Ці было гэта дрэва “жыцця”, якое было такім чынам лакалізаванае ў 2:9? Відаць не, бо пасля таго, як чалавек з’еў з дрэва, Бог заклапочаны тым, каб не даць яму дапасці да дрэва “жыцця” (3:22).

І з усяе гэтае амбівалентнасці акурат і складаюцца сэнсы гісторыі. Так, дрэва адно. Але з яго можна пакаштаваць як жыцця, так і смерці, як далучыцца да боскай веды, гэтак і ўсвядоміць свой уласны канфуз. Так, дрэваў многа. Як многа шляхоў чалавечага пазнання, многа шматмерных сувязяў, з якіх тчэцца чалавечае жыццё, многа магчымасцяў зрабіць свой адзіны жыццёвы выбар. Так, Бог забараніў чалавеку каштаваць плод з дрэва. І так, Бог зрабіў усё магчымае, каб чалавек самастойна вырашыў пакаштаваць забароненага плоду.

 

Пераклад гісторыі саду ў Кнізе Роду 2–3 рыхтавала Караліна Мацкевіч, доктар біблістыкі, якая жыве і працуе ў Лондане. У групе мы працавалі над гэтым тэкстам доўга, узгадняючы складаныя месцы, на якія надзвычай шчодры гэты тэкст. Нават цяпер, пасля рэдактуры, зробленай для гэтай публікацыі, засталося багата пытанняў і сумненняў.

 

КНІГА РОДУ 3

Тэкст у перакладзе на беларускую мову

3:1. Зьмей быў хітрэйшы за ўсіх польных зьвяроў, якіх зрабіў Госпад Бог. І ён сказаў жанчыне: «Вось жа сказаў Бог: “Ня ежце з кожнага дрэва ў садзе!”».

  1. Жанчына адказала зьмею: «З пладоў дрэваў у садзе мы можам есьці,
  2. А з пладоў дрэва, што пасярод саду, Бог сказаў: “Ня ежце зь яго і не кранайце яго, каб не памерлі”».
  3. А зьмей сказаў жанчыне: “Сьмерцю не памрэце,
  4. бо ведае Бог, што ў дзень, калі зьясьцё зь яго, расплюшчацца вашыя вочы, і будзеце як багі, якія ведаюць дабро і зло”.
  5. Жанчына ўбачыла, што дрэва добрае ў ежу, і што яно прывабнае вачам, і жаданае дзеля разуменьня. І ўзяла з пладоў яго і ела, і дала таксама свайму мужу, які быў зь ёю, і ён еў.
  6. І вочы ў іх абаіх расплюшчыліся, і ўведалі яны, што голыя. І яны сшылі фігавае лісьце і зрабілі сабе падпаяскі.
  7. І пачулі яны голас Госпада Бога, які хадзіў па садзе дзённым ветрам, і схаваўся чалавек з сваёй жонкаю ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў у садзе.
  8. Госпад Бог гукнуў чалавека і спытаў у яго: “Дзе ты?”
  9. А той адказаў: “Твой голас я пачуў у садзе і спалохаўся, што я голы, і схаваўся”.
  10. І Бог сказаў: “Хто распавёў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога я наказаў табе ня есьці?”
  11. Чалавек адказаў: “Жанчына, якую ты даў мне, каб была са мною, яна дала мне плод з дрэва, і я еў.”
  12. І сказаў Госпад Бог жанчыне: “Што гэта ты зрабіла?” Жанчына адказала: “Зьмей зманіў мне, і я ела”.
  13. І Госпад Бог сказаў зьмею: “За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты больш ад усякай жывёлы і ад усякага зьвера польнага. Будзеш хадзіць на сваім бруху і есьці пыл усе дні свайго жыцьця.
  14. І пакладу варожасьць паміж табой і жанчынаю, і паміж тваім нашчадкам і ейным нашчадкам. Ён паразіць цябе ў галаву, а ты паразіш яго ў пятку.”
  15. Жанчыне (ён) сказаў: “Моцна памножу твае высілкі і твае зачацьці, у цярпеннях будзеш нараджаць дзяцей, і тваё памкненьне да твайго мужа, і ён будзе кіраваць табой.
  16. А чалавеку сказаў: “За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, пра якое я наказаў табе, кажучы: ‘Ня еж зь яго!’, праклятая глеба праз цябе, у высілках будзеш есьці з яе ўсе дні жыцьця твайго.
  17. Церне і асот яна праросьціць табе, і будзеш есьці польную траву.
  18. У поце свайго твару будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся да глебы, з якой ты быў узяты; бо ты пыл, і ў пыл вернешся.
  19. Чалавек назваў імя сваёй жонкі “Ева”, бо яна была маці ўсяго жывога.
  20. Госпад Бог зрабіў чалавеку і ягонай жонцы адзеньне са скуры і адзеў іх.
  21. І сказаў Госпад Бог: “Вось, чалавек стаўся як адзін з нас, хто ведае дабро і зло; і цяпер як бы ён не працягнуў сваю руку і ня ўзяў таксама з дрэва жыцьця і ня зьеў, і ня стаў жыць вечна”.
  22. І Госпад Бог выслаў яго з Эдэнскага саду ўрабляць глебу, з якой ён быў узяты.
  23. І выгнаў чалавека, і пасяліў з усходу ад Эдэнскага саду керубаў і палымяны меч калаўротны, ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця.

 

Выбраныя каментары

Верш 1

* вось жа сказаў Бог: “Ня ежце з кожнага дрэва ў садзе”. Гэтую фразу змея амаль усе перакладаюць як пытанне (“Ці сапраўды сказаў Бог…?” і да т.п.). Аднак пытання тут няма. Змей сцвярджае, што Бог сказаў менавіта гэта. Блытаніна ўзнікае праз неразуменне таго, якія словы змей прыпісвае Богу. Тэкст тут наўмысна амбівалентны. Перакладчыкі і каментатары, сыходзячы з апрыёрнага пераканання ў хлуслівасці змея, разумеюць ягонае цытаванне Богавых слоў як наўмысна скажонае: “Не ежце ні з воднага дрэва ў садзе”. Гебрайскі сказ можна разумець і так, і гэтак, бо па-гебрайску слова qol (кол) значыць “усё”, а таксама “любы, кожны, усякі”. І таму miqol ‘es hagan (мі-кол ‘эц га-ган) – “з усіх дрэў у садзе” або “з кожнага дрэва ў садзе” з адмоўнай часцінаю lo (лё) – “не” можа быць зразумета як “ні з воднага дрэва ў садзе”. Але самае простае разуменне гэтых слоў – “з кожнага дрэва ў садзе”. І тады змей гаворыць праўду: Бог не кожнае дрэва зрабіў дазволеным для ежы. Дрэва веды дабра і зла апынулася пад забаронаю (гл. 2:17). І жанчына, калі гаворыць пра забароненае дрэва “пасярод саду” ці то пярэчыць змею, ці то проста ўдакладняе. Такім чынам сюжэт набывае дадатковую глыбіню, і змей з падманшчыка ператвараецца ў Богавы цень. І гэтая двайная гульня захоўваецца і надалей, калі змей, з аднаго боку, спрачаецца з Богам, абвяргаючы ідэю імгненнай смерці ад забароненага плода, а з другога боку – раскрывае таямніцы таго, што “ведае Элогім” (3:5). Змей абяцае, што ў людзей “расплюшчацца вочы” – і вочы насамрэч “расплюшчыліся” (3:7); ён кажа, што яны “стануцца як багі” – і яны насамрэч становяцца, паводле Ягвэ Элогіма, “як адны з нас” (3:22).

 

Верш 6

* І жанчына ўбачыла, што дрэва добрае ў ежу, і што яно прывабнае вачам, і жаданае дзеля разуменьня. Тэкст прыцягвае ўвагу да таго, што выбар жанчыны быў не спантанны, але асэнсаваны. Жанчына ўважліва глядзіць на дрэва, узважвае яго якасці. Яна бачыць у ім тое, што было закладзеным у яго ад пачатку Богам: “І ўзрасьціў Ягвэ Элогім з глебы ўсякае дрэва, прывабнае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця пасярод саду, і дрэва веды дабра і зла” (2:9). У сваёй прывабнасці гэтае дрэва гэткае ж, як і ўсе дрэвы ў садзе. Але жанчына заўважыла ў ім і тое, чаго не бачыла раней, нешта, што адрознівала яго ад астатніх дрэў: яно было “жаданае дзеля разуменьня”. Слова haskil, (гаскіл) азначае “розум, разуменне, мудрасць”. Гэтае новае бачанне дрэва аказваецца вырашальным для жанчыны, жаданне разумець перамагае страх смерці, і яна выбірае разуменне, а не паслушэнства.

 

* і дала таксама свайму мужу, які быў зь ёю, і ён еў. Сувязь паміж мужчынам і жанчынаю падкрэсліваецца ўзаемнай прыналежнасцю праз усю гісторыю. Тут гэта праяўляецца асабліва выразна. Ён для яе не проста “яе муж” – išah (ішаг), а яшчэ “які быў з ёю” – immah (іммаг). Люстраны адбітак гэткай падвойнай прыналежнасці аб’яўляецца ў 3:12, дзе чалавек перакладае адказнасць на жанчыну, называючы яе “жанчына, якую ты даў мне, каб была са мною”. Тут у дадатак да дзеяслова з суфік­сам прыналежнасці “ты даў мне” – natattah (нататта) ужываецца прыназоўнік прыналежнасці “з” з суфіксам першай асобы адзіночнага ліку “са мною” – immadi (‘іммады). У абодвух выпадках адной формы было б дастаткова, і таму гэтае збытковае “быццё разам” часта прапускаецца перакладчыкамі. Аднак для разумення тэкста гэта істотна. Тут, у 3:6, гэтая кароткая заўвага пра тое, што яе муж “быў з ёю”, наўмысна заблытвае чытача: ці ён ёсць з ёю імпліцытна, заўсёдна, як неад’емны і неадменны складнік ейнага жыцця, ці то ён быў прысутны пры размове жанчыны са змеем? Калі так, то што ён рабіў, якая ягоная роля ў гэтай гісторыі? Ці ён таксама прагнуў разумення і, адпаведна, падзяляў выбар жанчыны, ці то ён папросту паслухмяна з’еў прапанаваны жанчынаю фрукт, не задумваючыся пра наступствы.

 

Верш 7

* і ўведалі, што яны голыя. Дзеяслоў jada‘ (яда‘) – “уведалі” – аднакрэнны з dа‘аt (да‘ат) – “веда”. Яго не варта перакладаць “зразумелі” або “пазналі”, як досыць часта прапануюць перакладчыкі, бо тут неабходна захоўваць прычынна-выніковыя сувязі аповеду: людзі з’елі плод з дрэва веды і як вынік уведалі. Толькі вось што яны ўведалі? Жанчына прагнула разумення і мудрасці (haskil, гаскіл), а атрымала веду (dа‘аt, да‘ат) – таго, што яны ‘эруммім – веду сваёй галізны, сваёй цялеснасці. А таксама сваёй сувязі са змеем, які, як мы памятаем, быў самы ‘арум сярод усяе жыўнасці.

 

Верш 8

* дзённым ветрам. Выраз leruach hajom (лё-руах га-ём) звычайна перакладаюць як “у дзённай прахалодзе”. Гэты верш часта цытуецца як ілюстрацыя антрапаморфнасці боства ў раннебіблійных уяўленнях: “І пачулі яны голас Госпада Бога, які хадзіў па садзе ў дзённай прахалодзе”. Маўляў, Бог прагульваецца па садзе прыемнай парою, і голасам гукае чалавека. Аднак у гебрайскім тэксце ўсё выглядае крыху інакш. Слова руах азначае вецер, а не прахалоду. І тут яно ўжытае са шматзначным прыназоўнікам лё-, які можа пазначаць давальны склон, прыналежнасць (родны склон), кірунак руху да чаго-небудзь ды інш. Тут яго значэнне не відавочнае, і гэта ўскладняе разуменне сказа. Васіль Сёмуха ідзе за традыцыяй, перакладаючы “у час дзённай прахалоды”, Уладыслаў Чарняўскі наогул абірае варыянт “апоўдні”, і толькі Янка Станкевіч чуе тут вецер і прапануе пераклад “з ветрам дзянным”. Прыназоўнік лё- можа азначаць, што хтосьці/штосьці стаецца або робіцца кімсьці/чымсьці. Мы прапануем разумець яго тут менавіта такім чынам. Гэта значыць, што Бог не хадзіў па садзе тады, калі там веяў дзённы вецер, але сам быў гэтым ветрам. Гэта мяняе ўсю карціну, разам з разуменнем “хаджэння” і голасу. Замест антрапаморфнага боства паўстае магутны ўладар стыхій – вобраз, які добра вядомы з іншых кніг Гебрайскай Бібліі.

 

Верш 13

* зьмей зманіў. Дзеяслоў з асабовым суфіксам першай асобы адзіночнага ліку hišiani (гішыані) – “падмануў мяне” – гучыць алітэрацыйна са словам hannachaš (ганнахаш) – “змей”, і таму мы выбралі варыянт “змей зманіў мне”. Караліна Мацкевіч прапаноўвала “змей звёў мяне”. Праз гэтую гульню слоў жанчына спрабуе выставіць змея прыроджаным манюкам, а сябе, адпаведна, наіўнаю ахвяраю, і такім чынам зняць з сябе віну. Яна таксама, услед за чалавекам, перакладае адказнасць за свой выбар на кагосці іншага. Іронія ў тым, што яе ніхто ні ў чым не абвінавачваў. Бог проста спытаўся ў яе: “Што гэта ты зрабіла?”. Замест таго, каб адказаць на пытанне, жанчына пачынае апраўдвацца, вінавацячы змея. Гэта, відаць, і прыводзіць да нязводнай варажнечы паміж нашчадкамі жанчыны і нашчадкамі змея, пра якую гаворыць Бог ў вершы 15.

 

Верш 15

* ён паразіць цябе ў галаву, а ты паразіш яго ў пятку. Тут двойчы паўтараецца рэдкі дзеяслоў šuph (шуф). Апроч гэтага верша, ён ужываецца толькі двойчы на ўсю Гебрайскую Біблію – у Кнізе Ёва 9:17, дзе Ёў кажа, што Бог “у віхуры пабівае/паражае мяне”, і ў Псальме 139:11 (паводле Сэптуагінты, 138:11), дзе дзейнікам шуф выступае цемра: “цемра апанавала/паразіла мяне”. Тут важна, што паводзіны нашчадкаў і змея, і жанчыны ў дачыненні адно да аднога сіметрычныя і апісваюцца адным і тым самым дзеяннем. Толькі змеевыя нашчадкі атрымаюць удар у галаву – гэта значыць, у тое, што наперадзе, а жанчыніны ў пятку – у тое, што ззаду. Такім чынам, жанчына і змей закруціліся ва ўраборусавы вузел.

 

Верш 16

* памножу твае высілкі, …у цярпеньнях будзеш нараджаць дзяцей. Словы ‘issabon (‘іццавон) – “высілкі” і ‘eseb (‘эцэв) – “цярпеньні” аднакарэнныя. Форма ‘іццавон ужываецца толькі тры разы ў Гебрайскай Бібліі: двойчы тут, у 3:16 і 17, і ў 5:29, дзе гаворка ідзе хутчэй пра працоўныя намаганні. Форма ‘эцэв сустракаецца, апроч 3:16 яшчэ 6 разоў. Як і ў 3:15 у выпадку слова шуф – “паражаць”, тут увага тэкста на рэдкай форме ‘іццавон – “высілкі”, паўторанай двойчы. У 3:17 гэткім жа словам апісваецца праца чалавека на зямлі: “у высілках будзеш есьці (зь) яе ўсе дні жыцьця твайго”. “Высілкі” будуць лёсам і жанчыны, і чалавека – і менавіта гэта лучыць іхнія лёсы. Толькі для жанчыны высілкі вынікаюць у нараджэнні нашчадкаў, а ў чалавека – у служэнні (авад) зямлі.

 

* тваё памкненьне да твайго мужа. Слова tešuqat (тэшукат) мае цьмянае значэнне і незразумелае паходжанне. Яно ўжываецца аднолькавым чынам тут і ў гісторыі Каіна ў 4:7, дзе вельмі падобная сітуацыя тэкстуальна змадэляваная паводле гэтай. Тут памкненне жанчыны да свайго мужа вынікае ў тым, што ён ёю кіруе; там памкненне граху да Каіна, і Каін мусіць кіраваць ім. У абодвух выпадках кіруе той, да каго адчуваецца памкненне. І яшчэ адзін раз тэшукат ужываецца ў Песні песняў 7:10(11) у кантэксце любоўнага жадання. Найчасцей гэтае слова перакладаецца як “жаданне”. Сэптуагінта перакладае яго як “вяртанне” або “паварот”, відаць таму, што прачытвае гебрайскае слова tešuqat (тэшукат) як падобнае да tešubat (тэшуват) – “павяртанне”. Сярод нашых варыянтаў былі “поцяг”, “пажада”, “(па)вяртанне” і “скіраванасць”, але “памкненне” выглядае найлепшым выбарам.

 

Верш 18

* церне і асот яна праросьціць табе. Побач са словам qos (коц) – “церне” ужытае рэдкае слова dardar (дардар), якое сустракаецца яшчэ толькі ў Гасеі 10:8) і таксама паралельна з “цернямі”, таму перакладаецца звычайна як калючая расліна, магчыма, дзядоўнік. Роднаснае яму слова derur (дэрур) – “воля, вольны бег”, што асацыюе яго з пустазеллем. Сёмуха прапануе “ваўчкі”, Чарняўскі “бадзякі”, а Станкевіч ужывае “асот” – паўсюднае пустазелле, але без калючак.

 

Верш 19

* у поце твару свайго. Літаральна, у поце носу свайго. Хоць у арыгінале больш натуралістычная карціна, мы пайшлі за звыклай ідыёмай.

 

* ты пыл, і ў пыл вернешся. Так Ягвэ Элогім акрэслівае чалавечы лёс. Кагадзе, у 3:14, Бог сказаў змею, што той будзе “есці пыл усе дні свайго жыцьця”. І вось цяпер высвятляецца, што пыл – гэта чалавек! Дык што – ці каго – будзе есці змей? І што есць чалавека? Слова ‘aphar (‘афар) – “пыл” лучыць чалавека і змея, закручваючы іх абодвух у яшчэ адну ўраборусавую сувязь.

 

Верш 20

* Чалавек назваў імя сваёй жонкі “Ева”, бо яна была маці ўсяго жывога. Імя Chawwah (Хавва), якое чалавек дае жанчыне, звязанае ў тэксце са словам chaj (хай) – “жыццё”. Найчасцей перакладаюць “маці ўсіх жывых”, бо так нібыта лягчэй зразумець, пра што гаворка. Аднак, калі хай прачытаць як назоўнік, сэнс фразы будзе “маці ўсяго жыцця”, а калі як прыметнік – “маці ўсяго жывога”. Важна, што гэтае жыццесцвярджальнае імя яна атрымлівае акурат пасля гутаркі пра нязводнае змаганне яе са змеем, пра болі і высілкі ў іх з мужам жыцці і пра канчатковае вяртанне чалавека ў пыл. Сцверджанне, што яна маці ўсяго жывога пэўным чынам спраўдзіцца ў наступнай гісторыі – у аповедзе пра Каіна, дзе пачнецца новы віток жыцця, не створаных людзей, а народжаных. Прычым людзей, якія здабылі веду і праз гэта сталіся смяротнымі.

 

Верш 21

* адзеньне са скуры. Назоўнік ketonet (кетонет) – “адзеньне, апранаха, туніка” таксама ўжываецца ў Кнізе Роду 37:23 ў дачыненні да Язэпавага шматкаляровага плашча. Слова ‘or (‘ор) – “скура” алітэрацыйнае словам ‘арум – “голы” і ‘аром – “разумны”. Яго з’яўленне ў тэксце яшчэ больш ускладняе змяіна-чалавечыя адносіны. Пад скураю каментатары традыцыйна разумеюць скуру жывёлы. Нават высоўваліся ідэі, што Бог учыніў першае ахвярапрынашэнне, забіўшы жывёлу. Аднак ніякай згадкі жывёлаў у тэксце няма. Ёсць проста “скура”, а чалавечае цела, як мы ведаем з уласнага досведу, заўсёды “адзетае” ў скуру. Мы не ведаем, як выглядалі людзі да выгнання з Эдэну, але цяпер – па-за садам – яны маюць скуру. Відаць, менавіта гэтая скура, а не скураная вопратка, маецца тут на ўвазе.

 

Верш 23

* Госпад Бог выслаў яго з Эдэнскага саду ўрабляць глебу, з якой ён быў узяты. Цыкл завершаны. Чалавек-адам, зроблены з зямлі-адама, абрабляў зямлю ў садзе, даглядаў і ахоўваў яе. Цяпер сад для яго недаступны. Ягоны новы свет – усё тая ж адама, але ў большым маштабе, вялікая і нязведаная, хаця па-ранейшаму непарыўна з ім звязаная. Гэта лёс чалавека. А што ж жанчына? Дзе яна ў гэтай гісторыі? Ці яна таксама – імпліцытна – выгнаная з Эдэну? Але як можна было на яе забыцца? А можа, на яе не распаўсюджваецца выгнанне, як не распаўсюджвалася Богава забарона есці плод з дрэва, зробленая да ўзнікнення жанчыны? У папярэднім вершы, 3:22, жанчына таксама не згадваецца ў звязку з нежаданнем Бога дазволіць чалавеку пакаштаваць плод з дрэва жыцця. У наступным вершы, 3:24, дзе чалавек канчаткова выгнаны, яе таксама няма. Пасля “адзення са скуры” ў 3:21 яна прападае з поля зроку. Наратыў вяртаецца да свайго пачатку, дзе быў проста чалавек, універсальная чалавечая істота. “Маці ўсяго жывога” чакае свайго часу, каб аб’явіцца на новым вітку пракаветнае гісторыі свету.

 


Апублікавана

у