БЯСКОНЦАЯ ЛЕСВІЦА Ў НЕБА…

Чарговы перадзімны нумар часопіса “Дзеяслоў” пачынаецца містычным трылерам з жыцця пражскіх големаў “Д’ябал запрэжаны ў плуг” вядомага крытыка і літаратара Сяргея Дубаўца.

Амаль рэалістычны тэкст, атулены містычным туманам аўтарскай дадуманасці. Не, лепш, – містыфікацыя рэальнасці. Месца, час, героі – усё абсалютна пазначана і пазнавальна беларускамоўнаму чытачу: Прага з яе велічнай гісторыяй і архітэктурай, штаб-кватэра амерыканскага Радыё Салярыс, супрацоўнікі гэтай установы. Сам аўтар уводзіць сябе ў кантэкст твора, больш за тое, робіць сябе галоўным героем. Калі казаць філалагічна, то гэта маналог у дыялогу, дзе загалоўную ролю вядзе наратар. А перадусім – пошук чалавечага ў нацыянальным і нацыянальнага ў чалавечым. Неяк так. У нейкім сэнсе гэта і спроба ўскрыцця самасвядомасці і яе ідэнтыфікацыі. Есіп ёсць Дубаўцом.

“ – Ты жывеш заўсёды для таго, з кім ты жывеш, каму перадаеш энергію і хто перадае табе, – працягваў разважаць Есіп. – У гэтым сэнс жыцця. Калі ты адзін, у тваім жыцці няма сэнсу. Пакуль ты толькі пачынаеш, толькі выйшаў на дарогу і перад табой шырокі свет, ты не заўважаеш гэтага. А я ўжо ведаю іншую сітуацыю, калі ты пражыў нямала гадоў, і раптам той, хто жыве з табой побач, для каго ты жыў, знікае. Ты застаешся адзін, як электрод, які працуе, але без пары робіць гэта ў пустату.

– А калі змагаешся за адраджэнне… Не, не так. Русіфікацыя – гэта ж таксама перадача энергіі? – спытаў Імбрык.

– Не, гэта наадварот – як забойства, як выключыць ток. У такім выпадку мы перастаем быць народам і як народ ужо не перадаем энергію, страчваем сэнс існавання. Мы ўжо не даем свету людзей, надзеленых чалавечай годнасцю, як тыя эстонец і чачэнец. Ясна, што мы супраціўляемся, не хочам стаць дрэвам, якое не прыносіць плода, не хочам, каб нас, як дровы, кідалі ў топку…”

Зрэшты, Дубавец тут паўсюль, нават у кароткіх і ёмкіх характарыстыках пабочных герояў. Гэтым ён – сям-там – міжволі зводзіць мастацкую сутнасць твора да ўласнай нацыянальнай і ідэйнай дактрыны. Менавіта тады, калі піша не пра перажытае і зразумелае, а пра тое, што яшчэ раз спрабуе суперажыць і асэнсаваць падчас самога пісання. Між іншым, зважаючы на тое аўтар (Есіп) кажа: “…словы заўсёды значаць непараўнальна мала побач з музыкай. Мізэрна мала. Ніякая літаратура табе ні пра што не раскажа, калі яна не музыка”. Безумоўна, гэта не завуаліраваная пад мастацкі тэкст адраджэнская справаздача старэйшага пакалення перад малодшым. Хутчэй, настаўленне і папярэджанне наступнікам, дзе вытлумачваюцца шараговая часовасць і пазнакі вечнага: з’яўленне, сыход, змена, эвалюцыя… Бо калі малодшы (Імбрык) пераймаецца знанасцю і вялікасцю, то старэйшы (Есіп) – значнасцю і трываласцю. Як бы між іншым у кантэксце фігуруюць і філасофскія развагі пра гармонію духоўнага і нацыянальнага як галоўнай сутнасці чалавечага жыцця.

“Ну, каб старэйшыя скідалі маладых. Знайдзі мне такі прыклад. І каб ён быў гэткі ж пераканаўчы, як гісторыя майстра Хірама, што кіраваў будоўляй сабора цара Саламона ў Ерусаліме. Хірама забілі, і што? Храм ягоны ў выніку так і не быў дабудаваны. А ведаеш, хто яго забіў? Ягоныя ж падначаленыя, моладзь, чаляднікі. Скінулі, што называецца, з карабля гісторыі. Знайшлося трое вырадкаў, якія хацелі гвалтам дамагчыся ад майстра таемнага слова, каб самім стаць майстрамі, хоць на тое яшчэ не мелі падставаў. Не дараслі. Страшны ўзрост. Ты ўжо не вучань, ты ўмееш абчэсваць дзікі камень. Ты чаляднік. Але каб быць майстрам, трэба ўмець мысліць усім будынкам, трымаць яго ў галаве. Гэта як пісьменнік трымае ў галаве ўсю кнігу, якую піша, ці як рэдактар сайта трымае ў галаве ўвесь сайт”. У рэшце рэшт галоўныя героі дыялогу, дзе малодшы затоена-варожа ставіцца да старэйшага, падымаюцца на вядомы ў Празе Нусельскі мост самагубцаў. Гэта не метафара аўтара, гэта – сімвал пераадолення ўласнай духоўнай немачы ў самім сабе.

“Д’ябал запрэжаны ў плуг” Сяргея Дубаўца, як на маю думку, адзін з лепшых твораў сённяшняй беларускай літаратуры. Магчыма, каб ён быў у сёлетнім шорт-лісце прэміі Гедройца, то не ўзнікла б той незадаволенасці і псеўда-крытычнага вэрхалу вакол уганараваных і неўганараваных твораў і творцаў. Бо гэта якраз той тэкст, які змушае да ўдумнасці і развагі над нашым нацыянальным жыццём і чалавечым жыццём увогуле, схіляючы чытача да палемікі ў спрадвечным пошуку адказаў на пытанні, што вынікаюць з грамадскіх праяў чалавечага зямнога часу.

А вось пераважная большасць таго, што піша Людміла Рублеўская, можна сказаць, – па-за рэальнасцю. Вось і ў гэтай публікацыі – вершы “пра фобіі і маніі”. Гэта метафарычная спроба разгадаць прыроду прамінулага па яе пакінутых, ледзь заўважных блытаных слядах. Каму цікавая такая лірычна-лабараторная празорлівасць, той атрымае эстэтычнае задавальненне ад гэтых паэтычных тэкстаў.

 

Там, дзе слімак пакідае свой прывідны след,

І для цябе ўжо рунічны камень вырастае.

Хтосьці, магчыма, над ім рассцілае абрус,

Чаркі рыхтуе, блазнуе, пільнуе імгненне.

Па надмагіллях ступае мая Беларусь.

Па Беларусі ступае мая Беларуь.

Пераплятаюцца чорныя вены камення.

 

Фэйсбучны раман, як пазначыў свой твор “Край ваўкалкаў” Алесь Бычкоўскі, раманам назваць можна толькі сыходзячы з сучасных дыскусій у сацыяльных электронных сетках. Хутчэй – проста нататкі, запісы, зацемкі, пазнакі часу, дзей, учынкаў і асобных людзей… Там, дзе аўтар успамінае пражытае і крэўнае, ёсць душэўнасць і літаратура, а там, дзе тэкст зводзіцца да факта альбо показкі, ён раздражнёна расслабляе чытача, як да прыкладу, гэты фрагмент:

“Падслухаў размову двух, так бы мовіць, чытачоў-падпісчыкаў, працаўнікоў вытворчасці.

– У “Лясной газеце” папера крэпкая, мацней за туалетную, а вось у “Савецкай Беларусі” рвецца…

– Не кажы ты. А з “Бярэзінскай панарамы” добра самакруткі круціць. Трэба выпісаць.

А ў газетах тым часам спрачаюцца, чый матэрыял лепей?”

Ну няўжо і сёння самакруткі круцяць?! Даўно не палю, і ўсё ж сумняваюся…

Вершы чалавечай скрухі і хісткай надзеі… Так можна пазначыць паэтычную нізку шаноўнага Міколы Гіля.

 

Дзеці, унукі, праўнукі –

Мой ланцужок у прышласць;

Бацькі, дзяды і прадзеды –

Мой ланцужок у прошласць.

З прошласцю я паяднаны

Памяццю, духам і мовай;

З прышласцю ж рвуцца-парваны

Тры тыя самыя звёны –

Памяць і дух наш, і мова…

 

Традыцыйна-класічная проза Леаніда Левановіча пра чалавечую прагу да стваральнага жыцця, пра напоўненасць крэўнага роду любоўю і чалавечнасцю. Такі аўтарскі пасыл апавядання “Белая, белая яблыня”.

Вельмі блізкае – па духу ды ідэі – апавяданне “За Крывою Грываю” Міхася Зізюка, маладзейшага за папярэдніка на трыццаць гадоў. Калі коратка, то паднімаецца тая ж тэма: чалавек перад крыжам уласнага лёсу. Трапляючы ў трагічную сітуацыю, стары чалавек чапляецца за ўсё жывое, што скіроўвае яго выратавальны шлях па таемных слядах уласнай планіды. Усё, з кім дзяліўся сваім жыццём, працягвае яму сваю спагадлівую руку – і жывое, і мёртвае… Ну вось такое, як своеасаблівы адказ дубаўцоваму Імбрыку: “Тады ён многа думаў, перажываў, і з перажытага вынес: беражы тое, што маеш. Няма нічога даражэйшага на свеце за сям’ю, дзяцей, радню, блізкіх сяброў, за той куточак, у якім нарадзіўся, вырас і жывеш – усё тое, што завецца радзімаю. Калі выходзіш на вуліцу і тваё сэрца цешыць старая таполя, што серабрыста-шапатлівай кронай узнеслася высока ў неба, калі ты радуешся вераб’ям, што цвыркаюць пад страхою твайго хлеўчука, лёгенька, з нейкай замілаванасцю дубцом падганяеш да хаты сваю карову, усміхаешся новаму дню, які пырскае ў вочы яркім ранішнім сонцам, ганарышся поспехамі сваіх дзяцей – ці можа быць штосьці даражэй за гэта? Праўда, разуменне прыходзіць не адразу, а з пражытымі гадамі, калі пачынаеш некага і нешта губляць у жыцці, калі пачынаеш усведамляць яго хуткаплыннасць, немагчымасць змяніць тое, што ўжо зроблена”. Пад такімі словамі можна і крытыку падпісацца.

Па-добраму здзіўляе, што нават вельмі сур’ёзныя людзі лічаць за лепшае лунаць у звершаваным паднеб’і, чым з усіх сіл трымацца за сярмяжную прозу жыцця… Адзін з такіх і літаратуразнаўца са Слоніма Сяргей Чыгрын. Вось якія строфы ён прысвячае вершам:

 

Вас мала хто сёння, паверце, чытае,

І зборнікі-хаткі у шафах пыляцца.

Мы вечныя ісціны там не шукаем,

Мы ў вершах шчаслівымі хочам застацца.

…………………………………………

О, вершы-ратункі, о, вершы-адкрыцці,

Мы хочам з тугой назаўсёды расстацца.

Бо там нашы лёсы, бо там нашы жыцці…

Ды ўсе яны разам у шафах пыляцца.

 

Настальгічна-біяграфічныя, а таму ўзнёсла-шчырыя і пачуццёва-эмацыйныя аповяды бялыніцкага літаратара і барда Юры Несцярэнкі аб’яднаныя пад агульнай назвай “Шлях ад Вялікай ночы да Вялікага дня”. У іх ёсць шчымлівая памяць і жывыя моманты штодзённасці, кроў і пот жыцця, і незваротнасць зямнога чалавечага наканавання…

Не адразу заўважаеш, але спакваля разумееш, што традыцыйна-класічна стыль вершаў Пятра Жаўняровіча вельмі адмыслова (праўда, не скрозь) уфармаваны ў такі оруэлаўскі “наваяз” сучаснай беларускай філасофскай думкі. Працытую ўрывак з верша “Перадзімоўе”:

 

Скінуўшы апошні ліст руды,

Дуб самотны стыне на марозе.

Шэранню кранутыя груды

Нібы стыль аўталагічнай прозы.

Нудная нямая далячынь

Пасівела ад густых аблокаў.

Скрыпне дзесь паўмёртвую латынь

Журавель у вёсцы за пратокай.

Быццам сімулякры з каміноў

Візурэнкі дымныя ўзлятаюць.

Лапікі нязвезеных ільноў

Пашматала скрозь трава густая.

Поўніцца канцэптамі тугі

Позні дыскурс восеньскай прыроды…

 

Нізка вершаў Анатоля Івашчанкі не губляецца ў паэтычным еўрапейскім кантэксце: вобраз сучаснага сацыяльна-актыўнага, індывідуальна-прагматычнага і пры ўсім тым духоўнага чалавека напярэдадні заўтрашніх пературбацый жыцця… Неаднастайнасць зместу і формы, думкі і пачуцця прывабліваюць сваёй шчырай арыгінальнасцю чытацкую ўвагу да творчай сутнасці аўтара.

 

я кармлю праз акно галубоў

дробна пашаткаваным батонам

я кармлю не таму што любоў

больш няма пакрышыць на каго

……………………………………

хтосьці скажа што чэл я някепскі

што старанна выконваю справу

можа хтосьці нат вершык пахваліць

(я ахвотна паверу усім)

 

А вось у дэбютнай падборцы вершаў Марыі Бадзей шмат практычнай (філалагічнай) напрацоўкі для будучага творчага вопыту (“І да поўні ў вадзе дапаўзае гадзюкай крыніца” ?! – занадта красвордны вобраз). Ад яе хаатычных, але схільных да гармоніі, строф на чытацкіх вуснах нярэдка застаецца помны новаайчынны смак слова:

 

Ружа вятроў жартуе і пахне фугаю,

Скрыпкі восеньскіх студняў,

Брагі журба.

Яблыкаў у траве разгубленасць

Слухаю.

Дзён малацьба.

 

Вельмі насычаная замежным і архіўным зместам другая палова часопіса. Прапануюцца цудоўныя вершы Арцюра Рэмбо ў перакладах А. Хадановіча.

 

Ні думкі ў галаве і слоў шукаць дарма,

Ды сэрца любіць свет і ўсім на свеце сябар.

Шчаслівы, як цыган, пакрочу, бо сама

Прырода ў ноч вядзе, як прыгажуня ў табар.

 

І. Багдановіч (з уласнай прадмовай) прапануе пераклады апавяданняў Габрыэлы Пузыні пад агульнай назвай “Заклад на талерку вустрыцаў” (з польскай мовы). Друкуецца гутарка А. Данільчык з Алінай Аляксеенка пра родавы архіў, у тым ліку і літаратурны (публікуюцца вершы яе бабулі Галіны Гайлевіч). В. Жыбуль распавядае пра лёс рэпрэсаванага паэта Сяргея Астрэйкі (1912–1937) і рукапіс яго згубленай паэмы “Бенгалія” (фрагмент якой усё-ткі адшукаўся ў архівах ужо згаданай вышэй Г. Гайлевіч і друкуецца ў часопісе). Літаратуразнавец і крытык Таццяна Алешка выступае з грунтоўным артыкулам “пра вобразы Кітая ў сучаснай беларускай паэзіі”. Ігар Запрудскі, вядомы крытык-палеміст, і на гэты раз змагаецца за сваё (за права Паўлюка Багрыма звацца нацыянальным паэтам): “Мы жывём у постсекулярным свеце, насельнікам якога трэба абразы́ для пакланення. І цяпер, я думаю, што, відаць, лепш залічыць пытанне атрыбуцыі верша “Зайграй, зайграй, хлопчык малы…” да катэгорыі “вечных”. Няхай “багрымаўскае” пытанне займае ганаровае месца побач з гамераўскім і шэкспіраўскім”. Янка Запруднік, вядомы эмігранцкі гісторык і грамадскі дзеяч, у сваім артыкуле “Верыў у неўміручасць Бацькаўшчыны” цёпла і душэўна ўспамінае свае сустрэчы з пісьменнікам Барысам Сачанкам. Філосаф Валянцін Акудовіч працягвае публікацыю “хронікі беларускага інтэлектуала”, тэкст якой будзе адным са складнікаў яго новай кнігі. Васіль Дранько-Майсюк падае́ нам своеасаблівую характарыстыку постаці пісьменніка і грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча). Завяршае публікацыі гэтага нумара рэцэнзія Леаніда Галубовіча на зборнік вершаў Усевалада Сцебуракі “Сны дарог”.

Словам, як вы зразумелі, у 96-м нумары “Дзеяслова” шмат вартага чытання. Не прапусціце.

 

ЛеГал


Апублікавана

у