Валянціна Аксак (№119)

Жыві, як і я. Навырост

 

Перад канцом свету

У дзень,

калі пачалася

трэцяя ўсясветная,

адзін знакаміты майстар

па наладжванні зроку

зрабіў мяне

добра відушчай.

Увесь гэты час

пасля той сустрэчы

з чараўніком

лазера й скальпеля

я думала пра марнасць

медычнага поспеху.

Навошта цяпер мне

шматколернасць неба,

якое так раптам

згубіла вясёлку.

Сёння ўрэшце даўмелася,

што спраўныя рукі

вочнага эскулапа

падарылі мне шанец

убачыць

канец

гэтага

чорнага

свету.

 

 

*  *  *

Паўтараецца час,

калі нам пасуюць

толькі

чорныя

сукні

 

 

Шабат

Субота.

Шабат.

Не варушыцца сшэрхлае неба.

Сціжмы шэрых варонаў

анямелі ля сметніц.

Шэрагі абымшэлых камлёў

канваірамі сталі

ўдоўж сцежак раз’езджаных.

Цішыня тут урэшце.

Шабат.

Амярцвелі аўтаматныя чэргі.

Спруцянелі жэралы танкаў.

Бомбы закаціліся ў багну.

Так падумала шчасна,

паглядзеўшы ў вакно.

Забылася,

што прачнуўшыся хвілю таму

шчэ з вушэй

не дастала бярушаў.

 

 

Самота

Мне няма куды йсці

дзеля сустрэчы

з Богам

апроч майго

балеснага ўяўлення.

 

 

Вялікая субота

Не памятаю

такога халоднага

Вялікадня.

У свеце далёкім і блізкім.

У людзях чужых і родных.

У сваёй збалелай душы.

Божа ўваскрэслы,

уваскрасі!

 

 

Белыя птушкі

Прачнуцца ранкам

у сваёй кватэры,

убачыць

белых птушак за вакном,

якія здолелі ўхіліцца

ад бомбаў і баевікоў

і шчасна перасеклі межы

ў чорным дыме.

Пачуць аддыханае

іх курлыканне пра тое,

як на Звеставанне

яны абновяць гнёзды

і пачнуць

выседжваць дзетак,

а тыя потым,

асветленыя

жоўтым сонцам,

палятуць

блакітам неба

ў Вырай.

І вернуцца

ў свой

Белы Край.

 

 

Дзевяць птушак

Сёння зноўку

сустрэлі мяне

дзевяць белых

рахманых птушак.

Селі радком

і блакітнымі зрэнкамі

глядзелі даверліва,

скануючы рухі мае,

як немаўляты з калысак,

вачыма ўчуваючы

настрой сваіх маці.

Кулі і бомбы

цяжкім сном

засталіся на поўдзень адсюль

за дваццаць дзён пералётных,

цягам якіх

парадзела ўдвая

чародка ўтрапёная.

То ім гэтай вясной чараваць,

каб у кожным гняздзе

за ўсіх ненароджаных

іхніх родных

піскляняты пладзіліся

і тутэйшым

вучыліся

спевам.

Каб было

сама менш

дзевяць птушак.

 

 

Каханне ў часе вайны

Кінула, рынула

ў скрусе і роспачы

пад замець лёсу,

пад долі бяду.

Думала –

рана мая

на ўвесь свет разрослая,

верыла –

боль мой,

бы пякельны агонь.

Ды аказалася,

што некаму горай,

бо і нікога

няма ўжо кідаць,

бо і няма ўжо

раю для роспачы

ды нават пекла

і тога няма.

Толькі вайна,

дзе ні скрухі,

ні злыбеды,

раны ж глыбокія

зусім не баляць.

У апраметнай згарэлі

сустрэчы і ростані,

а скрозь пажарышчы

кветкі цвітуць.

 

 

Калі паміраюць былыя

Я хаджу па мінулым нашым,

як па раяля клавішах…

Безуважна прамовіла,

спынілася на хвілінку,

глянула на былога

і далей выкшталцонымі рухамі

працягвала таньчыць.

Фоты з вяселля,

вандровак, дзяцей,

урачыстасцяў незлічоных

не ўнікалі яе

зграбных ножак

у хатніх пантофлях.

Паркет паскрыпваў у такт.

Ён завітваў у іх

колісь сямейную хату,

адчыняючы дзверы

ранейшым ключом,

як гаспадар,

пакідаючы за парогам

водар новай каханкі.

Чарговыя чары

расчароўваліся.

Размілоўваліся.

Міле тое не міла.

Але што яна можа,

ходзячы па мінулым,

як па раяля клавішах?

Сёння Міла не таньчыць.

Мілу Жыжаль прыняў

у сваё ложа.

Назаўжды.

А былы для яе

даўно зрабіўся

часовым.

Ды вось раптам чамусь

ён наўздагон прамаўляе,

што толькі смерць

паказала яму,

кім напраўду была

нелюбімая Міла.

 

 

*  *  *

Для выкшталцонай кабеты

кожная ноч –

першашлюбная.

 

 

Гены

Гвалтам звезены ў Нямеччыну,

бацька распавядаў,

як улетку 45-га йшоў

праз усю Еўропу

ў свае родныя Смалічы.

Шчырасць на яго нахлынала

ў той момант,

калі я спрабавала

з ім падзяліцца

ўражаннямі

ад чарговай сваёй

нейкай вандроўкі.

А вось дзед

не любіў расказваць,

як дадому вяртаўся

з заходняга фронту ў 18-м.

Сябры яго па прагулянцы

праяснілі мне падрабязнасці

іх тае шматдзённае адысеі.

Гэта я да чаго?

Ай, ні да чога.

Ну хіба трохі –

пра гены.

А пра што яшчэ баяць,

седзячы на цёплай печцы

з роднаю коткай

у Смалічах.

 

 

Зраднёнасць

Мяне адарвуць

ад радзіннага кветніка

толькі разам

з рукамі.

 

 

Рэха Рыёхі

Рыёха ў кавярні

на вуліцы Роха

плешчацца  рэхам

Балеарскіх прыліваў

і песціць праменні

пунсовага сонца

над Біскайскай затокай.

Раскоша апошняя

ў барвах заходу –

глыток пекнаты

з дубовае бочкі,

клёпкі якое

шчэ помняць

спраўныя рукі

вінароў кельтыбераў.

Рыёха люструецца

ў шкельцах мазаікі

новага храма,

названага ў гонар

заступніка хворых

і лекараў.

Хлопчык на імя Скала

з горада Манпелье

ацаліў душы й целы

тысячаў тых,

хто паверыў у моц

жагнання крыжом.

Падзяка, зазвычай, адна –

у вязніцу.

Белая рэчка п’е ценькі

чырвоны струменьчык,

плыткаводная плынь

размывае абрысы

спалатнелага твару.

Келіх застыў

у самлелай руцэ,

а зялёныя вочы

паспяваюць убачаць,

як крыжы на званіцы

ўрастаюць

у чорнае неба.

 

 

*  *  *

Жыцьмем там,

дзе лёс паслаў

ці ўласная ахвота,

а паміраць мусім

у Айчыне.

 

 

Ружа ў заплечніку

У тлуме вакзальным

погляд наткнуўся на ружу,

што вытыркалася

з зашмальцаванага плецака,

у якім ледзь змясціўся вазон

са здзіўленай кветкай.

Галоўка гайдалася

ў такт хады чаравікаў стаптаных,

а на пероне замерла,

раптоўна ачомаўшыся

і зразумеўшы,

што цяпер яна будзе заўсёды

жыць у заплечніку.

Бо да веку –

блуканка.

 

 

Уцёкі з Палесся

Багна. Вольхі. Хмызы. Асака.

На купінах чорныя хаткі.

Да іх немагчыма дапяць

без шанцу кульнуцца

ў тарфяныя лёхі.

Даруй, дзядзька Колас,

мне не родны твой кут

на дрыгве.

І ты, дзядзька Мележ, прабач,

не дачка я

людзей на балоце.

Макраступы з ракітаў спляла,

багуном намасціла грэблю,

ногі наструніла

за далягляд камарыны.

Дзень каторы брыду –

ды ўсё тыя ж навокал лазіны

і наперадзе тая ж вярба,

доляй абдзеленая.

Замарока гусцее,

прытулку нідзе не відаць,

а ў высях палескіх

зіхцяць заміж зораў

воўчыя вочы.

 

 

Забытая лейка

Амарант

у сухмені змарнелы

ўжо не можа

горда трымаць

кармінавую карону,

і лекавым ценем

правай рукі

болей не абдымае

малога нівяніка

бела даверлівага,

а левай сардэчнай

яшчэ намагаецца

прытуліць да сябе

пірэтрума

млечна слабога.

У змозе са смагай

абодвум шапоча

пра акавіту гаючую

ў лейцы забытай,

трызнячы летаргічна,

што яе

між кветак чужых

усё ж узгадае

родны садоўнік.

 

 

Падвей

Гашты ўпалавелі

на суседскім гаўбцы,

між парэнчаў

паныла звісаюць

збуцвелымі космамі,

а касмеі ўсё ж неяк трываюць,

іх галоўкі падвялыя

пільна ўзіраюцца ўніз

на прылеглыя ходнікі –

а раптам мо там

гаспадар заблукаў

і дадому ніяк не патрапіць,

то кінуць пад ногі яму

суквецці знаёмыя.

Падвеем падхоплены

ўдалеч ляціць

пялёстак апалы,

памылкова пасланы паролем

выпадковаму мінаку.

 

 

Talisman

У цяпло,

пад ахову і клопат

папрасіліся летнія краскі,

ды не ўсіх іх увосень

пачулі ўжо тыя,

якія вясною высаджвалі

кволыя флянсы.

Многіх і лета пазбавіла

нат адзінага дотыку

дбайнай рукі,

але мелі шчэ кволы спадзеў

на апошняю літасць

садоўнікаў заблуканых.

Марна.

Засталіся на вырак нядолі

і мусяць гібець

пад залевамі шроту лядовага.

Толькі адной

хрызантэмцы-красуньцы

ўсміхнуўся суцешлівы лёс –

хтосьці ўзяў яе з холаду ў свой

двухкалёрна зашклёны палац.

Можа, таму, што ўзгадаў

магічную ейную назву –

Talisman.

 

 

*  *  *

Сонца ведае час

заходу свайго,

а ўзыходзіць

заўжды

выпадкова.

 

 

Фаэтон

Тварам на ўсход –

так нязрушна стаіць

мой фатэль,

дашчэнту абцёрханы,

з якога шторання

ўпіраюся поглядам

у свінцовыя хмары.

Феб праз іх

ніяк не праб’ецца

да спрацаваных рук,

азалелых у золаку,

і ніхто мяне ў поўдзень

са смехам гуллівым

не прамчыць па вясёлцы

ў далягляд пазаглядаў

спічастых карункаў,

дзе няма ўжо каму надвячоркам

запарыць ліповай гарбаты

для застоліцы з Мілавіцай.

Фаэтон дзесь гніе

не запрэжаны,

а ў Возніка

крылы ржавеюць.

 

 

Святаяннік

У момант,

калі пацяжэлае сонца

нанізваецца на спічакі

замка Балморал,

я запарваю святаяннік

і смакую гаючы напой

аж пакуль

у кубак пусты

не заглядвае даўні сябрук,

які кпліва запытвае,

ці дапамог гэты сродак

ад хранічнае скрухі.

Строіць дасціпна

яшчэ колькі кепікаў

ды дастае

з паточанай шашалем шафы

Ballantine’s.

Налівае абодвум і кажа,

што ў Шкотыі

нам патрэбна адвыкнуць

ад лекаў лагодных

з-над Нёмна,

а прывучваць нутро

да суровае акавіты

з берагоў

халоднае Ды.

 

 

Сухмень

Лагода ў лілеі

ўчарашняга дня

сёння хінецца

да засохлай

лаванды.

 

 

Падмурак

Вільготная лагода позніх ягадаў

разлеглася ў лагчыне між ляшчынаў,

агортвае смуга смуроду дзікую

на холадзе зарослага падворка,

падмурак угаворвае рамонкі

распростваць кволых промняў далягляды

да ўдалых рук гаспадароў вандроўных.

Словы ловіць густая павута.

 

 

Кузурка

Кузурка паўзе паўз дарогу,

зіхаціць у цямноце.

Істота няўцямная

ліхтарыкам абярнулася,

разважыла шлях

у немінучае

беспрасвецце.

А мо гэта зорка

з Вялікага Воза

скацілася на гліназём

пад ногі мае?

Вазьму асцярожна яе,

схаваю запазуху.

Бязмежнай зімы маразы

яе там не загасяць.

Паскараю хаду

ў незваротную

непазбежнасць.

 

 

Слепата

Забудзься на каву!

Піць патрэбна нагбом

маладзільныя ўзвары

дзеля ззяння ядвабу

на твары тваім,

а фрызура зноў пышным

засвеціцца німбам,

як купель ты напоўніш

жывою вадой…

Мілая, суніміся!

Між мільёнаў падобных

разбэрсаных кудзераў

мае ўсцешана ўгледзяць

яго зыркія вочы,

а вусны ўтрапёныя

прытуляцца горача

да праменьчыкаў частых

на скронях маіх.

Чароўныя змены

на абліччы зраднёным

убачыць як здраду

беззаганны філосаф,

каханы эпікурэец,

які конча аслеп.

 

 

Ноч

У чорным квадраце Малевіча

мірыяды знічак трапечуцца,

бачныя для невідушчых.

Адсутная ў арыгінале рама

тут зашчэплена абцугамі

па ўсіх чатырох кутах.

Завалы, што колісь былі

падрамнікамі,

аблямавалі чорнае кола,

якое беламу

не перасцігнуць.

Квадрат

наплывае на кола

і купал

робіцца крыжам.

Пустэчы

абапал пярэчынак

антрацытамі стынуць.

Супрэматызм.

Найвышэйшая кропка.

Цвікі замест зорак.

Ноч.

 

 

Чаканне

Над горадам Дома Хлеба

хлопчык Аўр

апрабоўвае крылы.

З сузор’я Арла

на яго закахана глядзіць

юная Вечарніца.

Ціхутка пяе калыханку

малое ягня.

Пры яслях заснула

вандроўніца з Назарэту.

Ганна з Якімам

дапіваюць віно

прамінулага дня.

Язэп утрапёна ўзіраецца

ў пунсовую Мілавіцу.

Тры постаці выплываюць

з ружовай відзежы.

Сонца шле першыя промні

на пялюшкі льняныя,

што сушацца на галінах

у садзе аліўным.

Вецер стары

ў завуголлі скавыча

ад пракаветнае роспачы,

бо мусіць адгортваць

старонку апошнюю

Веташковага запавету,

а кнігу Маладзіковую

яму ўжо не лёс

эўхарыстычна чытаць.

 

 

Без цудаў

Дарагі Санта Клаўс,

калі ў тваёй торбе

нічога няма,

апроч гэтых ружовых

смактунчыкаў,

то не йдзі

ў нашу хату.

Мы з сястрычкай

не любім салодкага.

Кажаш,

пернікі маеш з імбірам без цукру

ды памаранчыкі?

І іх не ямо,

бо не з нашага

поля і саду дарункі.

Крыўдуеш?

Маўляў, наравістыя дзеці

на гэтай зямлі.

Слухай,

а мы ў твае цуды

ўвогуле

болей

не верым.

Дый самога цябе,

бадай,

падмянілі.

Сапраўдны святы Мікалай

сёння ў торбе вялікай сваёй

прынёс бы дамоў

нашага тату.

Ты здзіўлены?

Ну то бывай!

Ідзі і чмуры тых дзяцей,

чый тата

пяшчотна прытульвае іх,

а не горнецца горка

да халоднае

шорсткае

шконкі.

 

 

Лесвіца з Аіду

Душа мая ізноў памаладзела.

Ёй хочацца ляцець

за далягляд прыўлашчаных лагчынаў,

на верхавіны гор прысесці,

змыць стому ў моры,

спусціцца ў нетры паглядзець,

як там таньчыць Эўрыдыка,

і вочы захінуць крылом

наіўнаму Арфею,

каб  вывеў яе ўрэшце

з Аідавай цямрэчы вечнай.

Ды зноў ты азірнуўся,

дэісты лірнік мой.

Я разумею –

ты хацеў убачыць,

ці з маёю юнаю душой

усё яшчэ ў гармоніі

жыве ахоўны

хорам цела.

 

 

Навырост

Вечар. Вецер.

Завея змятае ў сумёты

звягі і звады.

Расшастаўся з хмараў

танюсенькі маладзік.

Апусціўся ў мой сад

і прысеў,

як каханак нясмелы,

трошкі зводдаль.

Прашаптаў:

усміхніся ўсяму,

што навокал –

заўтра гэтага ўжо

ты не ўбачыш.

Жыві, як і я.

Навырост.

 


Апублікавана

у