Элеміру Буржу
Арфей Глядзіце, як шляхетна і выразна Малюнкі ўсё тлумачаць падрабязна: Здаецца, што святло гаворыць урачыста Вучонай моваю Гермеса Трысмегіста.
Чарапаха Ляціць з фракійскага выраю Мой спеў, святло несучы, Бо панцыр зрабіўся ліраю, І ўсе звяры – слухачы!
Конь Трымаеш лейцамі ўсё, што наяве сніцца, І робяцца страфой вазніца й калясніца, Рух незавершаны і космас вершаваны – Крылаты дыямент, табой адшліфаваны.
Тыбецкая каза Тыбету з яго козамі І золату руна Не параўнацца з косамі Той, што ў мяне адна.
Змяя Змеі – увасобленая злосць, згубіць прыгажосць і маладосць, Эўрыдыку прынясе ў ахвяру, Еву, Клеапатру… Вам не досць? Ведаю і парыжанак пару.
Кот Я запрашу ў сваю кватэру Каханую – якой паверу, Ката – для кніжных вечароў, І вас – на шумную вячэру, Бо жыць не ўмею без сяброў!
Трус Не будзь, як палахлівы трус, Калі Амур дае занятак. А зробіць Муза ператрус – Наплодзіш вершаў-трусянятак.
Зайка А вунь звяруга вушастая, Што пыску з куста высоўвае: Па месцах дзівосных шастае Дзівоснай парой марцоваю.
Леў Абражаны й знявечаны, Як зрынутыя прынцы, Жыў леў сярод Нямеччыны – У гамбурскім звярынцы.
Вярблюд Дон Пэдра пакінуў свой родны парог, Дон Пэдра вярблюдаў купіў чатырох, Дон Пэдра праехаў на іх сто дарог. А я мог бы і дзвесце, і Пэдра падвезці – Каб вярблюдаў я меў чатырох.
Мыш О, мышы часу, вось і восень! Я з’едзены да палавіны. Дажыў да лічбы дваццаць восем – Прычым не так, як быў павінны.
Слон Біўні ў роце – адмысловы Схоў багацця й прыгажосці. А ў паэта – словы, словы… Вершы са слановай косці.
Арфей Жамярыцы і мікробы, Крылцы, вочкі і хвасты, Блохі найвышэйшай пробы Маюць болей пекнаты Ад сямі дзівосаў свету Й нават гэтага куплету!
Вусень Паэту вусень – брат: Каб нітку верша прасці, Працуй, як шаўкапрад, Бо ў шоўку – мятлік шчасця!
Муха Не ўпаўшы ў зімовую спячку, Пра снег нам спявае элегіі, Якім навучылі сваячку Бялюткія мухі з Нарвегіі.
Блыха Блыха – як сябар, як любая – П’е кроў з нас і згубу нясе. Ды ўдзячны за кроў і згубу я Каханай, сябру, блысе.
Саранча Еў акрыдаў (саранчу) Ян Прадвеснік з дзікім мёдам. Так і я служыць хачу Толькі боскім асалодам.
Арфей Хай жа сэрца прынадаю ў неба ўпадзе! І ў салёнай ці прэснай нябеснай вадзе, Колькі я ні злавіў бы, у радасці й скрусе, Толькі Ты – мая рыба й рыбак мой, ІСУСЕ!
Дэльфін Дэльфін гуляецца між хваль, Ды хвалі – горкія, на жаль. Вось так і я глытаю горыч: Каханне й боль заўсёды поруч.
Каракаціца Я, шматрукая пачвара, Толькі пырскаю чарніла, І майму каханню – кара: Каціцца ў нябыт, што міла!
Медуза Цяжка быць медузаю – Шторм катуе й тузае. Гэтаксама шлюзы я Адчыняю з музаю.
Рак Маім сумневам-небаракам Няма дарогі ў райскі сад, Калі паўзеш у неба ракам, Бо крок наперад, два назад.
Карп Карп, што схаваўся ў ціхі стаў, Так доўга жыў, што сумным стаў, Бо й смерць яго забыла: Самотна жыць – магіла.
Арфей Зімародак і Эрот, І Сірэн салодкі гнеў… Губіць чалавечы род Іх нечалавечы спеў. Слухаць іх я вам не раю. Слухайце анёлаў з Раю.
Сірэны Загадку горкую, паэце, растлумач: Што значыць спеў Сірэн, пра што іх вечны плач? Яны пяюць мой лёс, і ў кожным галашэнні – Разбіты карабель, гадоў маіх крушэнне.
Голуб Найцудоўнейшы з галубоў, Што Марыі прынёс любоў, Я прашу, памажы мне згары Споўніць мары з маёй Мары!
Паўлін Сваё хараство вам наўпрост Пакажа паўлін-выхваляка – І вабіць распушчаны хвост, І свеціцца голая ср…ка.
Пугач У сэрцы жыве пугач: Каго палюбіць, пужае. Усё, што нажыў – боль і плач, А радасць – заўжды чужая.
Ібіс І толькі ібіс на лаціне Вітацьме здань маю, калі Сыду ў цямрэчу, на глыбіні Пяскоў егіпецкай зямлі.
Вол Анёл святога Лукі, Малітваю райскі вол Сустрэне нас, сябрукі… Як Госпад нам дасць дазвол.
Іншыя пераклады Апалінэра чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова” №83.
comments powered by HyperComments |