..мы жывем,
пакуль імкнемся да святла,
пакуль святло ў нас
перамагае цемру…

— Барыс Пятровіч

Гросмайстар беларускага слова

Уступ

Сон

Сон.

Сон.

Ноччу, бязлюднай і цёмнай,

Іду па зямлі.

Вышэзны і лёгкі,

Пакалыхваюся ад тугі.

Галава прыгнута пад небам.

Я плачу.

Зоркі – слёзы мае.

Спяць гарады і вёскі,

Я над імі іду.

Высокі, пахілы і лёгкі,

Пакалыхваюся ад тугі.

Шукаю шэрую вёску,

Вёску сваю.

 

Стральцоў… Празаік, паэт, літаратурны крытык, эсэіст, пера­кладчык, публіцыст…

Я сабраўся напісаць нарыс пра Міхася Стральцова. Хутка высветлілася, што крытыкі ўжо шмат напісалі пра ягоную творчасць, разабралі па костачках ягоныя вершы, эсэ і асабліва апавяданні. Усе хвалілі яго, называлі геніем, самародкам, лепшым празаікам і г. д.

Уражвае колькасць і якасць літаратараў, якія пісалі пра творчасць Стральцова: Алесь Адамовіч, Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Віктар Гардзей, Пятро Васючэнка, Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч, Леанід і Васіль Дранько-Майсюкі, Валянцін Аскоцкі, Ціхан Чарнякевіч… А таксама – класік-літаратуразнаўца Арнольд Макмілін з Англіі. Былі напісаныя цікавыя ўспаміны сябрамі-пісьменнікамі – Янкам Брылём, Віктарам Карамазавым, калегамі-крытыкамі – Алай Сямёнавай, Анатолем Сідарэвічам…

Але ніхто не напісаў пра ягонае асабістае жыццё – нібы яго і не было. Маўчыць дакументальная літаратура, журналісты, маўчыць інтэрнэт. Вось пра Максіма Багадановіча, які жыў гадоў гадоў на 70 раней за Міхася Стральцова, – калі ласка – усё вядома, усё напісана, перапісана…

Успамінаю свае сустрэчы з Міхасём, размовы, дыскусіі, застоллі, але зноў-такі – памяць не дае нічога вартага пра тое, каб Стральцоў узгадваў са сваіх юнацкіх, студэнцкіх гадоў, не гаворачы пра дзяцінства.

Сёння я ў каторы раз пачаў праглядваць розныя матэрыялы, што аселі ў папцы пад назвай “Стральцоў”. І мне на вочы патрапілі радкі, што стаяць тут у якасці эпіграфа. Гэта прадмова да ягонага твора “Адзін лапаць, адзін чунь”.

І я выразна ўбачыў Міхася. Гэта ж ён пра сябе: “Я над імі іду. Высокі, пахілы і лёгкі, Пакалыхваюся ад тугі. Шукаю шэрую вёску, вёску сваю…”

 

Дзяцінства, школа, універсітэт

Нарадзіўся Міхась Лявонцьевіч Стральцоў 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна. У савецкія часы мы не ведалі, а цяпер ведаем: Міхась нарадзіўся ў Дзень закаханых. Бацька будучага пісьменніка Лявон Клімавіч Стральцоў быў дырэктарам школы, а маці – Марыя Міхайлаўна – хатняй гаспадыняй. Малы хлопчык Міхась рос не па гадах разумным. Маці ўспамінала, што Міхась рана навучыўся чытаць і пісаць.

Сярэднюю адукацыю Міхась Стральцоў атрымаў у Нова-Ельненскай школе.

Як і ўсе вяскоўцы – ды фактычна і ўсе грамадзяне савецкай Беларусі – юнак Міша Стральцоў верыў у савецкія ідэі, марыў пра эру камунізму і, канечне, падзяляў усенародную любоў да правадыра – Сталiна. Аб гэтым сведчыць ягоны першы надрукаваны твор (у 1952-м годзе), які меў загаловак: “Товарищу Сталину”. Аўтару тады было пятнаццаць гадоў.

Першыя яго вершы, напісаныя на рускай мове, былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе “Прамень” і ў газеце “За Радзіму” (1952). На першы свой ганарар з “раёнкі” Міхась купіў грабянец, а сястрычцы ляльку.

Празаічны дэбют адбыўся ў 1957 г. (апавяданне “Дома”, часопіс “Маладосць”).

Сваю родную вёску Сычын Міхась вельмі любіў, і гэтая любоў прайшла праз усё ягонае жыццё. У многіх творах ён зноў і зноў вяртаеццца да сваёй радзімы, да аднавяскоўцаў, родных палеткаў, лясоў і вадаёмаў. За год да смерці М. Стральцова, у 1986 годзе, адбылася Чарнобыльская катастрофа. Яна самым непасрэдным чынам закранула малую радзіму пісьменніка.

Усё было вельмі засакрэчана, і змест ніжэй змешчанага тэксту яму, пэўна ж, не быў вядомы (Міхась тады ўжо захварэў смяротнай хваробай і жыць яму аставалася трохі больш за два месяцы):

«Шифротелеграмма заместителя начальника химических войск Министерства обороны СССР А. Кунцевича командующему войсками Министерства обороны СССР Белорусского военного округа В.М. Шуралеву о результатах измерения радиоактивного загрязнения в населенных пунктах Могилевской, Гомельской и Брянской областей 19 июня 1987 г. Секретно.

  1. Рекомендовать директивным порядком переселить жителей сел с плотностями заражения 80 Ки/км кв., в том числе Чудяны, Малиновка, Репище, Новая Ельня, Рыславль (полный список имеется в ГО БССР).
  2. Рассмотреть вопрос об отселении населения из сел с плотностями заражения 40 Ки/км кв. с.».

Гэтыя вёскі – наваколле радзімы Стральцова. Сычын таксама ў гэтай зоне.

Але няшчасны лёс родных мясцінаў яшчэ наперадзе.

Наведаўшы ў 1987 годзе Сычын, Рыгор Барадулін пісаў: «Стыне гняздо буславае. Стыне гняздо Міхася Стральцова. Але штовясны з выраяў у сваё гняздо вяртаюцца буслы. І дзе б ні быў Міхась, ён сваімі думкамі, сваімі словамі вяртаецца ў Сычын, каб ісці далей у свет па-стральцоўску – светла і роздумна».

Міхась паступае вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта.

Недзе на трэцiм курсе ён, як сам дакладна апісаў у апавяданні “Свет Іванавіч, былы Дожуан”, мяняе згодна з выклікам часу свой знешні выгляд: адгадоўвае доўгiя валасы, паднімае “каўнер курткi” і “катастрафічна звужае штаны” – “затое так прасторна было плячам пад шырачэзнымі пінжакамі…”. Па гэтым жа, у многім аўтабіяграфічным апавяданні можна даведацца пра літаратурныя схільнасці Стральцова. Ён чытае французскія раманы – Эміля Бландэ, Люсьена Раўбампрэ… Але галоўнае – у ягонай свядомасці адбываецца пераварот. Здарылася гэта пасля ХХ з’езду КПСС, калі на камсамольскім сходзе зачыталі закрыты ліст ЦК КПСС пра культ асобы Сталіна. І адгэтуль – “партрэт “бацькі ўсіх народаў” пыліўся ў інтэрнацкай шафе-кладоўцы”.

У 1959 годзе Стральцоў скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ і пайшоў працаваць у газету «Літаратура і мастацтва». Ён жэніцца, і неўзабаве ягоная жонка Галіна Сямёнаўна нараджае дзвюх дачок – Вікторыю і Вераніку.

На працягу ўсяго творчага шляху пісьменнік быў звязаны з літаратурным і журналісцкім рамяством – працаваў у рэдакцыях штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1959–1961, 1969–1972), часопісах «Полымя» (1961–1962), «Маладосць» (1962–1968), «Нёман» (з 1984 г.).

Ён быў з кагорты прадстаўнікоў пакалення «дзяцей вайны». Многія з іх унеслі значны ўклад у беларускую літаратуру. Таму іх называюць таксама “філалагічным” пакаленнем. Гэта – А. Пысін, І. Чыгрынаў, В. Карамазаў, У. Караткевіч, Б. Сачанка, В. Адамчык і іншыя.

Першае апавяданне “Блакітны вецер” ён піша дваццацігадовым юнаком.

Гэты твор уражвае сваёй дасканаласцю, майстэрствам. Магло падацца, што пісаў яго салідны пісьменнік, вядомы майстра – настолькі высока была паднятая планка. Ужо ў гэтым апавяданні ён паказаў, фактычна сфармуляваў крэда свайго жыцця: пісаць трэба толькі моцна, а інакш лепш зусім не пісаць. І гэты прынцып ён пранясе праз усе сваё не надта доўгае жыццё. У гэтым і адна з прычынаў поўнай адсутнасці празаічных твораў пасля 1973 года да самай смерці.

Апавяданне «Блакітны вецер», апублікаванае ў 1957 годзе, дало назву першаму зборніку прозы, які выйшаў у 1962 годзе і ў які, апроч названага, увайшлі яшчэ апавяданні «Дома», «Мацеевы дровы», «Восеньскі ўспамін», «Двое ў лесе», «Суседзі», «Перад дарогай».

 

І. ТВОРЦА

Асоба

Прайшло, мусіць, гадоў трыццаць – сорак ад тых часоў, калі аўтар гэтага тэкста бачыўся, размаўляў і проста бавіў час з Міхасём Стральцовым. Няўмольны час назаўжды сцірае з памяці страчаную эпоху, людзей і падзеі. Застаецца, галоўным чынам, толькі адчуванне, музыка ды, мабыць, колер і гучанне тых нямногіх – блізкіх, найбольш яскравых і незвычайных постацей мінулага.

Цяжка сказаць, што нас звязвала – некалькі гадоў (асабліва ў другой палове 70-х) мы мелі зносіны досыць часта: сустракалі разам святы, гасцявалі адзін у аднаго, выпівалі. Размаўлялі, слухалі музыку. У нас была вялікая розніца ва ўзросце – Міхась стрэйшы на 10 год. Розныя прафесіі – я быў аспірантам у галіне тэаратэчнай фізікі, а потым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР, ён – пісьменнік. І гэтыя бясконцыя размовы… Магчыма, прымаючы тэрміналогію Курта Ванегута, мы былі людзі з «аднаго караса».

…Голас у яго быў ціхі, мова беларуская, але з своеасаблівымі фанетычнымі рысамі, з рысамі магілёўскага дыялекту (напрыклад, мяккае “р” – “старі-і-ік”). Але, апрача дыялектных асаблівасцяў, мове Міхася былі характэрныя больш важкія, толькі яму ўласцівыя асаблівасці. Ён не ўмеў гаварыць так, каб нічога істотнага не сказаць, як гэта часта ў іншых здараецца. Кожная ягоная фраза мела вагу, часам была загадкавай, але гэта толькі на першы пагляд, незразумелай гэтая фраза была толькі ад нашай недасведчанасці. Стральцоўская фраза мела сэнс, паступова ператваралася ў цэлы тэзіс, які можна было ўспрымаць альбо не – у залежнасці ад вашай дасведчанасці і інтэлекту.

Успамінаецца такі выпадак. Аднойчы, гуляючы з аўтарам гэтай кнігі ў зялёным масіве мікрараёна Серабранка (гэта было недзе ў другой палове 70-х гадоў), Міхась запытаўся: «Ці ведаеш ты, Анатоль, што гэта?», паказваючы на нейкую травінку, якая для мяне заўсёды мела назву такую ж, як і ўсякая іншая «наземная» расліна з саду, – «трава». «Не», – кажу. «Гэта – звычайная канюшына. А вось гэта з мяцёлкай – лісахвост. Тая раслінка з блакітнымі кветачкамі – крынічнік, добры антытаксічны сродак. Гэтая трава завецца купальнік…» Міхась заўзята, як вучоны-батанік, апавядаў пра кожную расліну.

Вельмі здзіўлены, я запытаў, адкуль такія веды, бо не батанік жа ён паводле адукацыі. Стральцоў адказаў, што «пісьменнік павінен дасканала ведаць усё, пра што ён піша. І калі піша пра траву, то мусіць ведаць, што гэта за від. Калі піша пра аблокі, то адразу трэба адзначыць, якія яны – пярыстыя ці хмаравыя. Калі піша пра характар чалавека, то без ведання псіхалогіі не абысціся. І так ува ўсім”.

Ён ведаў не горш за арнітолага і птушынае царства, мог беспамылкова распазнаваць галасы птушак, ведаў іх назвы, характары і мову… Аб гэтым жа піша ва ўспамінах і Роза Станкевіч, прыхільніца творчасці Стральцова, якая сустракалася з Міхасём у апошні год яго жыцця: “…С птицами, чьи голоса Ты так точно и с неприкрытой радостью, с гордостью узнавал. А, может быть, и понимал”.

«Пісьменнік як ніхто мусіць мець універсальныя веды», – сцвярджаў Стральцоў.

Міхась Стральцоў ведаў тэмы свае творчасці ва ўсёй шырыні. Ён быў знаўцам сусветнай літаратуры, як паэзіі, так і прозы, драматургіі. Мог без падрыхтоўкі прачытаць цэлую лекцыю аб творчасці Генрыха Мана ці Мікалая Забалоцкага.

Памяць у яго была фенаменальная. Прытым і ў час добрай выпіўкі алкаголь амаль не чапаў яго логікі і памяці, з заплюшчанымі вачыма ён без запінкі дэкламаваў вершы, урыўкі з паэм самых розных паэтаў.

У апошнія гады жыцця каля яго роем таўкліся шматлікія пачаткоўцы дый больш сталыя паэты, і ўсім ён, як мог, дапамагаў. Мне здаецца, што яго безадказнасцю шмат хто злоўжываў, а час, патрачаны на якога графамана, ён мог выкарыстаць зусім інакш, напісаць тое, чаго за яго ўжо ніхто не напіша. Бо часу заставалася няшмат…

І яшчэ. Нельга не сказаць пра вялікую любоў Стральцова да класічнай музыкі. Ён любіў слухаць вальсы Шапэна, сімфанічную музыку Моцарта і Бетховена. Але найбольшую прыцягальнасць для яго меў Рыхард Вагнер. Ён гадзінамі мог слухаць «Палёт валькірыяў» і ўверцюру да оперы «Тангейзер». Узнёслая, боская музыка вялікага немца прыцягвала і чаравала яго, здавалася, што нарэшце вярнуўся той нябачны свет сапраўднага, без ілжывых пустых лозунгаў будаўнікоў “самага лепшага грамадства”. Яго жыццё сапраўды нагадвала палёт над рэчаіснасцю і было суцэльнай уверцюрай перад лепшай будучыняй, што так і не адбылася…

Што можна вылучыць найбольш значным у творчасці Міхася Стральцова? Якія творы найбольш вярэдзяць душы сучасных літаратуразнаўцаў, што з нарастаючай ступенню “цытавання” ўзгадвадаюць цяпер Стральцова? Тут і паэзія, і проза і крытыка… Што? А ўсё!

Вядомая на гэты конт сяброўская эпіграма Рыгора Барадуліна:

 

Спрачаліся за Гамера сем гарадоў,

тры секцыі — за Міхася Стральцова:

празаік Стральцоў, паэт Стральцоў,

крытык Стральцоў…

За кім праўда?

За вечнасцю слова!

 

Празаік Стральцоў

Ён увайшоў у літаратуру адразу і трывала.

Пра прозу Стральцова напісана шмат. Ужо да пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя! Такое ўражанне, што гэта правіла “харошага тону” напісаць крытычны артыкул, рэцэнзію, эсэ пра творчасць празаіка Стральцова. Амаль усе сходзязяцца на адным: Стральцоў – паэт у прозе, глыбокі лірык, рамантык і філосаф.

Можна, напрыклад, працытаваць уступ да літаратурна-крытычных нататкаў “У пошуках гармоніі” (1981) Таццяны Шамякінай: “Міхась Стральцоў стаў вядомым як пісьменнік у пачатку 60-х гадоў, у час, калі многа гаварылі пра лірычны стылёвы напрамак як самастойны і адзін з найбольш цікавых у сучаснай савецкай прозе.

Рост лірычнай прозы ў гэтыя гады можна тлумачыць рознымі прычынамі: і пошукам новых прыёмаў тыпізацыі, і павышанай цікавасцю да ўнутранага свету чалавека, і значнасцю маральна-этычных праблем у сучасным грамадстве, і імкненнем пісьменнікаў да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці. Зразумела, лірычная проза існавала і раней. Але менавіта ў гэты час адбывалася размежаванне розных стылёвых плыняў”.

Праўда, Т. Шамякіна ў духу часу піша далей яўную агітку: “М. Стральцоў марыць аб гарманічна развітым чалавеку камуністычнага грамадства, і мара аб гармоніі становіцца асноўным лірычным пафасам творчасці пісьменніка…” Гэта, канечне, не пра Стральцова. Але ў цэлым усё правільна: “Сярод сучасных беларускіх пісьменнікаў сярэдняга пакалення М. Стральцоў, на наш погляд, найбольш лірычны. Вытокі яго лірызму – у характары таленту, своеасаблівасці творчай індывідуальнасці, тэмпераменце”.

Найбольш характэрныя стральцоўскія апавяданні – “Сена на асфальце”, “Свет Іванавіч, былы Донжуан”, “Смаленне вепрука”, аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”.

 

Сена на асфальце

Знакамітае і знакавае апавяданне “Сена на асфальце” было надрукавана ў “Маладосцi” ў 1964 годзе.

Трэба сказаць, што традыцыя паказу псіхалагічнага стану былога вяскоўца, які трапляе ў горад, у беларускай літаратуры даўняя: яна сягае да твораў Яна Баршчэўскага, Адама Гурыновіча, Леапольда Родзевіча, і працягвалася ў класічных творах Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага…

Міхась Стральцоў аднаўляе гэтую традыцыю, і аднаўляе настолькі, што яна ператвараецца ў якасна новую праблему рэалізацыі творчага чалавека ва ўмовах урбаністычнага характару гарадскога жыцця, савецкай рэчаіснасці і сацыялістычнага рэалізму.

М. Стральцоў – чалавек вёскі, але сутнасць яго не толькі ў вясковых вытоках, а ў вялікай бязмернай любові да яе, да навакольных палеткаў, лясоў і рэчкі Галуба. Разам з тым Стральцоў быў высокаадукаваны чалавек, тонкі інтэлігент, і вёскі было ўжо для яго мала. Таму і апынуўся ён у горадзе, дзе ўсё ж больш мажлівасцяў для здавальнення духоўных патрэб. Але ўсё гэта разам утварыла сапраўднае замкнёнае кола, з якога нельга было вырвацца. Пра жыццё ў горадзе ён казаў: «Загналі нас у катакомбы». Яму не ставала ў горадзе паветра, а вёска была такой далёкай і нерэальнай. Гэты сталы антаганізм горада і вёскі ў ягонай душы змушаў пісьменніка шукаць выйсця ў асяроддзі такіх жа, як і ён, свое­асаблівых вясковых «эмігрантаў», людзей, якія не маглі прымірыць вёску і горад у сваім унутраным жыцці. І таму «Сена на асфальце» – гэта і яго твор, і яго жыццёвая філасофія.

Без гэтага сімбіёзу горада і вёскі не зразумець натуры Міхася, светагляду, тут, мне падаецца, і ляжыць ключ да раскрыцця загадкі Стральцова, як сказаў Рыгор Барадулін на юбілейным вечары пісьменніка.

Хутчэй нават не сімбіёз, а супярэчнасць, нават процілегласць горада і вёскі ўвесь час турбуе і нават душыць Стральцова. Вясковае мінулае не дазваляе, ці, хутчэй, не прапускае яго ў штат гарадского жыхара. Аналагічныя думкі выказвае Адам Глобус: “Вяскоўца, які пераапрануўся ў гараджаніна, Стральцоў назваў “сенам на асфальце”. Такі прамежкавы чалавек ужо не быў паўнавартасным вяскоўцам, але і гараджанінам ён не стаў.

Пятро Васючэнка звяртае ўвагу на яшчэ адну цікавую рысу паводзін вяскоўца, які не можа змірыцца з гарадскім жыццём, прыняць яго, а шукае ягоныя прыкметы ў сваім новым жыцці – “стральцоўскі герой няспынна мігруе паміж вясковай хатай і гарадской кватэрай, што ўлюбёныя яго заняткі – касьба, паход у грыбы і… рэфлексія па страчаным вясковым Эдэме. Што ўлюбёнае надвор’е героя – дождж”.

Арнольд Макмілін, аналізуючы “Сена на асфальце”, звяртае ўвагу на ўнутраныя аспекты пераўтварэння вяскоўца ў гараджаніна, духоўны свет чалавека, які прымірае ў сабе выклікі цывілізацыі. “Яго назва выразна нагадвае пра нялёгкія адносіны паміж двума светамі – горадам і вёскай, а таксама пра цяжкасці тых, чыё жыццё спазнала карэнныя змены пры перасяленні з аднаго асяроддзя ў другое. У аповедзе Стральцова, аднак, няма таго асуджальнага тону, з якім мы сустракаемся ў апавяданнях другога пісьменніка, зацікаўленага падобнымі тэмамі – Сакрата Яновіча, з яго вядомай формулай “хам на паркеце”. Стральцоў карыстаецца наратарскімі галасамі, якія тонка ўзнаўляюць партрэты персанажаў з іх унутранымі думкамі і знешнімі клопатамі”.

Урэшце, у канцы свайго “Сена…” пісьменнік сам раскрывае сваю задуму: “Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка”.

У канцы апавядання ён заўважае жмуток падсохлага сена на тратуары, які ўсё яшчэ пахне лугамі і летам: “Сена на асфальце, – падумаў я, – сена на асфальце…”

Пятро Васючэнка адзначае, што “Далікатная творчая асоба М. Стральцова супраціўлялася нават літаратурна-крытычнай ідэнтыфікацыі – калі мастака спрабавалі прывязаць да адной плыні, стылю, тэмы. Дастаткова было пісьменніку выдаць зборнік прозы «Сена на асфальце» (1966), як некаторыя крытыкі паспяшаліся вызначыць ягоную творчую пазіцыю як погляд выхадца з вёскі, які настальгуе па пакінутым асяроддзі, пакутуе, нібы герой ранняй прозы М. Гарэцкага, ад немагчымасці вярнуцца ў старую лазню, другім разам ступіць у раку вясковага дзяцінства.

Але не мае рацыі А. Сідарэвіч, які піша, што “Сена на асфальце” – гэта пакаленне, якое не магло прыжыцца або кепска прыжывалася ў месце… яшчэ не гараджане, але ўжо і не сяляне”. З гэтым можна згадзiцца, толькі зрабiўшы папраўку на тое, што маладыя – больш адукаваныя, або тыя, што прыехалі на вучобу ў ВНУ, адаптавалiся якраз хутка. Горад (напрыклад, Мінск) на 90 адсоткаў складаецца з выхадцаў з вёскі, і пачуваюць сябе яны тут зусім няблага. Іншая справа, што разам з тым ёсць частка інтэлігентаў, якія ніколі не прымуць правілаў гульні асноўнай масы грамадства, яны будуць шукаць сэнс сярод гарадскога тлуму і гарадскіх “катакомбаў”.

Фактычна кожны крытык абавязкова распавядзе пра антаганізм паміж горадам і вёскай, пра настальгію Стральцова па роднай прыродзе Слаўгардчыны, рачулцы Галуба ды лесу… Пра сена на асфальце… Вёску ў горадзе…

Але ніхто не сказаў галоўнага: што “сена” – сам Стральцоў, а “горад” – гэта жорсткая савецкая рэчаіснасць, магутны молах таталітарызму, у якім няма месца асобе, няма месца іншадумству, летуценнасці, урэшце – сапраўднасці. Стральцоў не знаходзіць сабе месца ў гэтым самым лепшым ладзе будаўнікоў камунізму, дзе трэба выкінуць сваё “Я”, прыняць правілы гульні, заснаванай на мане, цынізме і жывёльным страху.

І ў сваіх творах, і сваім жыццём Міхась сцвярджае гімн сапраўднасці, адвечнай прыгажосці, нерушу. І не мае аніякага значэння – у вёсцы нарадзіўся аўтар “Сена на асфальце” і “Смалення вепрука” альбо ў горадзе. Такі чалавек мог бы быць выпускніком самай элітнай сталічнай школы, не выпаўзаць з гарадскога жыцця з ягонымі тэатрамі, рэстаранамі – і заставацца Стральцовым. Бо ён хацеў малога – не крывіць душой, не ілгаць, не крыўдзіць слабейшых, – а любіць і быць любімым.

 

Аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”

Гэта, фактычна, апошні празаічны твор Стральцова. Напісаны ў 1966 годзе. Аўтару 29 гадоў.

“Адзін лапаць, адзін чунь” – аповесць, прысвечаная жыццю пасляваеннай вёскі, на якое аўтар глядзіць праз прызму пачуццяў сямігадовага хлопчыка Іванкі. Апісваючы дзіцячыя пачуцці, Стральцоў дэманструе сапраўднае майстэрства і глыбокія веды вясковага жыцця. Як і ў папярэдніх празаічных творах ён віртуозна спалучае свой каронны лірычны тон з дакладным апісаннем канкрэтных жыццёвых дэталяў і дзеянняў. “Ён тады пашкадаваў, што ў яго парвалася рагатка. Дастаў яе праз дзіравую кішэню з-за падкладкі світкі і разглядваў, торгаў за канцы парваную стволку, парваную другі ўжо раз; той, першы раз ён надтачыў адзін яе канец не надта пругкім, затое тоўстым паскам, у брыжыках, бо выразаны пасак быў з процівагаза якраз паўз круглае шкельца”. Дакладнасць апісання не выклікае сумневу ў перажыванні тых дзіцячых падзей самім аўтарам. У гэтым урыўку і далей па ўсім тэксце мы бачым фатаграфічна дакладны зрэз грамадства, зрэз пасляваеннага жыцця, перанесены адзін да аднаго на сучаснага чалавека. Гэта гісторыя ў сваім чысцейшым выглядзе.

Алесь Адамовіч у прадмове да кнігі “Выбранае” адносіць аповесць да жамчужын сярод усяго напісанага Стральцовым, да таго, чаму наканавана жыць. Адамовіч, бадай, адзіны з крытыкаў, які звяртае ўвагу на тое, пра што, магчыма, і сам Стральцоў не ведаў.

Ён піша: “Асаблівасць твораў Стральцова ў шырокім, вольным дыханні думкі, па-сапраўднаму мастацкай. Гуманізм, чалавечнасць, што ідзе ад самой душы народнай, ёю выпраменьваецца, – вось тая нацыянальная ідэя, на якой ён пагаджаецца найперш і канчаткова”.

Сапраўды, савецкі час (60-х – 70-х гадоў ХХ ст.), час творчага росквіту М. Страль­цова як празаіка яшчэ не быў гатовы для ўспрыняцця і тым больш фармулявання сутнасці беларускай нацыі і яе падмурка – беларускай нацыянальнай ідэі. Творы Стральцова, асабліва аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь” і бліскучае эсэ “Загадка Багдановіча” – за некалькі дзесяцігоддзяў да прыходу сапраўднага нацыянальнага адраджэння беларусаў – сталі прадвесцем і падставай тых працэсаў, што пачаліся ў канцы 80-х гадоў і прывялі да ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь.

 

Смаленне вепрука

Ніводнае апавяданне М. Стральцова не выклікала столькі водгукаў і рэцэнзій, літаратуразнаўцаў, як “Смаленне вепрука”. Можа быць, колькасць напісанага з разлікам на сціплую велічыню самога тэксту перасягне па шчыльнасці не толькі напісанае Стральцовым, але і многіх майстроў кароткай навелы. У Беларусі дык дакладна. У свеце, мяркую, і напісанае пра гэты твор, і якасць самога твора – можа пацягацца з тэкстамі вялікіх апавядальнікаў, такіх як Стэфан Цвейг альбо Іван Бунін.

“Памятаю, апавяданне «Смаленне вепрука» вельмі высока ацанілі многія нашы суседзі: рускія, украінцы, літоўцы. Апавяданне для іх было адкрыццём адносін беларусаў са светам, жыццём, адкрыццём нашага светапогляду, характару, разумення таго як беларус любіць прыроду. «Смаленне вепрука» — этапнае апавяданне для беларускай навелістыкі”, – у сваю чаргу падкрэслівае У. Гніламёдаў.

Наноў адкрываюць Міхася Стральцова сучасныя літаратары. Вось як адчувае “Вепрука” Альгерд Бахарэвіч: “Гэты тэкст, на мой погляд, найлепшае, што было напісана ў Беларусі савецкіх часоў. Такому не навучыш, такое можна толькі слухаць з заплюшчанымі вачыма. Па эстэтыцы, па сіле ўспрымання, па стылі, па інтанацыі, абранай аўтарам – усё гэта тут супала такім шчаслівым чынам, што дзень, калі напісалася «Смаленне», мог бы лічыцца пачаткам новай эры”.

На мой погляд, “Смаленне вепрука”, ды і ўся проза Стральцова – лепшае ў беларускай літаратуры не толькі савецкіх часоў. Яно над часамі.

Тут: забілі кабанчыка – “вепрука”. У беларускіх вёсках гэта рабіў кожны гаспадар, гэта неабходны, завяршальны этап цяжкай сялянскай працы гадавання свіней. Вядома, гэты этап самы прыемны і радасны для сяляніна, бо пасля смалення і разборкі тушы ўсё сямейства і нават суседзяў чакаў смачны абед са свежыной. Потым – выраб крывянкі, сальцісона, каўбас і іншых прысмакаў.

Таму, як ні кажыце, дзень, калі гаспадар вырашыў развітацца са сваім кабанчыкам – важкі дзень, асаблівы. І вельмі важнымі, адказным з’яўяляюцца першыя акцыі з ахвярай: яе трэба талкова забіць і, па-другое, не менш важна – правільна абсмаліць. Менавіта гэтая асаблівасць дня, важнасць усяго дзеяння як для гасападара, так і для ахвяры, вепрука, у Стральцова адчуваецца ўжо з першых радкоў апавядання. Дакладней, не важнасць самаго дзеяння – а намеру аўтара напісаць пра гэтае дзеянне. І ён капітулюе перад гэтай неабсяжнай і невыканальнай задачай: “Цяпер я ведаю, што, бадай, не напішу: баюся, каб тое, што хацеў напісаць, не прыцішылася няўзнак, а то і згубілася там, у здзейсненай пісаніне, а яно ж мне самае важнае”. Ёсць намер напісаць апавяданне, але не больш. Але гэтае “не больш”, гэты намер аказаўся мацней за само апавяданне.

Блізкія думкі выказвае Пятро Васючэнка ў сваім эсэ “Стомлены перша­адкрывальнік”. “У сваёй творчасці ён не цярпеў паўтораў, рэдка спыняўся на адной і той жа жанравай мадыфікацыі, – піша П. Васючэнка, – калі жанр «супраціўляўся», Стральцоў не спрабаваў пераадолець супраціў – ён змяняў сам жанр… Такім чынам нараджалася «апавяданне апавяданняў», «анталагічнае апавяданне», як называлі яго крытыкі, «эпітафія апавяданню, якое магло б называцца «Смаленне вепрука», як вызначыў яго жанр сам аўтар. Крытыкі, якія стварылі культ гэтага апавядання (усё ж такі апавядання!), «Смаленне вепрука» (1973), высока ацэньвалі ў творы ўсё: ад дасціпнай задумы да стылю, віртуознасць якога дазволіла аўтару спаборнічаць з раннім Кузьмой Чорным (выказванне Алеся Адамовіча) і нават з Іванам Буніным (ацэнка Я. Брыля)”.

 

Паэт Стральцоў

Аўтар гэтага эсэ вершамі асабліва не займаўся. Але адзін верш мне запомніўся. Цікава, што – як я пазней даведаўся – яго любяць цытаваць і цяпер сучасныя літаратары. Ён невялікі:

 

Трамвай, як сараканожка, –

марудна імклівы і доўгі,

яшчэ да таго ж сляпы.

Асаджаны глуха і вусцішна

над стукатам нізкіх ног.

Трамвай, як сараканожка…

Не, не падабаецца мне гэтае параўнанне.

Параўнаю трамвай лепш з вожыкам,

што цвёрда і шпарка

бяжыць па падлозе – тук! тук!

 

Вельмі дакладна, вобразна. Прыгожа. Трамвай-сараканожка-вожык… І тут тая ж стральцоўская дыхатамія: трамавай і вожык – цывілізацыя і прырода. Вынік такога дыялектычнага яднання супрацьлегласцей стварае ўражанне ўтварэння ці з’яўлення нечага трэцяга – за чым і стаіць праўда.

Паэт Алесь Разанаў выказвае думку: “у паэзіі Стральцова заўсёды прысутнічае штосьці па-над радкамі, штосьці невымоўнае: Паэзія Стральцова  гэта паэзія вызвалення ад словаў, таму што ў ёй заўсёды прысутнічае штосьці больш важнае, чым “здзейсненая пісаніна”.

Пры жыцці М. Стральцова было выдадзена чатыры зборнікі вершаў: «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986).

Рэдактар першага зборніка “Ядлоўцавы куст” Леанід Дранько-Майсюк. У сваёй пазнейшай публікацыі «Выгнаны патрыцый» («Крыніца, № 9 за 1994 год) ён досыць высока ацэньвае мастацкі ўзровень стральцоўскай паэзіі. Аднак гэтую кнігу крытыкі прынялі дастаткова халодна і недаверліва. Крытыкам не верылася, што выдатны празаік Стральцоў застанецца і ў паэзіі такім жа наватарам, філосафам і лірыкам. Але ўжо з першых вершаў зборніка стала бачна: аўтар не збіраецца паўтараць стандарту з цыкла “першых кніг паэта” і не распранаецца перад чытачом у прыступах незямнога кахання ці настальгіі па родных вясковых краявідах, водару лугоў і шчабятанню птушак, якіх ведаў па імёнах. Не, ён многага не хоча, напісаць “хаця б адзін радок”:

Я хачу напісаць радок,

толькі адзін радок,

які наіўны паэт

з галавой, кучаравай, як воблака,

мог бы ўзяць за эпіграф.

Напішу хоць бы так:

“Я аднойчы бачыў кепскага чалавека”.

 

Стральцоў становіцца паэтам у горадзе, і да мінулага – да вясковай цішы і яе некранутай прыроды – вяртання ўжо няма:

 

І я там быў і нешта клікаў –

Ды толькі тое ўсё сплыло

У свет, што стаў такі вялікі,

Што трошкі болей за сяло.

 

І ў гэтым зборніку, і ў вершах, што ўвайшлі ў далейшыя зборнікі, Стральцоў выступае як лірык горада, паэт гарадской рамантыкі і асабліва гарадскіх ускраін.

 

Вы бачылі ўскраіну,

дзе хаткі, дамкі

і будыніны,

дзе няма магазінаў –

ёсць крамы,

кнігарні,

ларкі,

дзе тралейбус з апошнім

ці перадапошнім нумарам

валюхаецца вузкай вуліцай,

чапляючыся за платы?

 

Стральцоў-празаік уступае ў дыялог і з паэтам Стральцовым, ён выстаўляе рахунак і патрабуе тлумачэння. Як, дарэчы, і шматлікія прыхільнікі ягоных бліскучых апавяданняў. І паэт-Стральцоў дае адказ:

Ты мо здзіўляешся, што прозе

Я оды вершыкам пішу:

Яшчэ мне з ёю па дарозе,

З дарогі селавой на возе

Шчэ з ёй уз’еду на шашу.

Ведаў бы ён тады, што ўжо ніколі не ўз’едзе на “шашу” прозы…

П. Ваючэнка таксама адзначае гарадскую накіраванасць стральцоўскай паэзіі, называючы яго нават “Калумбам мінскіх завулкаў”: “Найбольш такіх азарэнняў, на нашу думку, у творах, звязаных з абжытым і знаёмым стральцоўскім хранатопам: ён непаўторны паэт гарадскіх ускраінаў, Калумб мінскіх завулкаў, дзе за ягоным часам мірна ўжываліся сена і асфальт. Пра гэта сведчаць вершы «У горадзе, пасля дажджу…», «Ускраіна. Мясакамбінат», «Балада вуліцы». Гарадской вобразнасці ў вершах М. Стральцова значна больш, чым вясковай або прыродна-аўтэнтычнай, урбаністыка больш натхняе Стральцова-паэта, што пацвярджае ён сам у лірычным прызнанні, прысвечаным сябру, рускаму літаратару В. Аскоцкаму: «Мы – заложнікі мясцовага трамвая..

Многія крытыкі даволі стрымана ацанілі не толькі першы зборнік паэзіі, але і пазнейшыя паэтычная творы Стральцова. Магчыма, так атрымалася таму, што цяжка было паверыць, што празаік, хоць і прызнаны, зможа напісаць такую ж якасную, высокую паэзію.

І яны памыліліся. Вершы атрымаліся. Вось як піша даследчыца творчасці М. Стральцова, балгарскі навуковец-філолаг Роза Станкевіч:

«Міхася Стральцова можна назваць ведзьмаком, чараўніком паэтычнага слова. Словы ў яго паэзіі выпраменьваюць асаблівае ззянне, яны як цудадзейны магніт прыцягваюць іншыя, самыя ўдалыя і самыя патрэбныя словы. У яго паэзіі словы не проста існуюць, а жывуць. Жывуць па законе біяцэнозу, у мастацкім згодзе. Яны выпраменьваюць энергію, і ствараюць поле кантэксту, «зараджаюць», дапаўняюць адно аднаго». І крыху пазней дадае: «Уся творчасць М. Стральцова, не толькі яго паэзія, уяўляе патаемную размову пра сябе і пра складаныя змены, якія адбываюцца з чалавекам. Сапраўдная паэзія – гэта заўсёды споведзь душы».

Тое, што і ў прозе, і вершах, і ў эсэ Старльцова прысутнасць аўтара непарыўна звязана з самым аб’ектам – бясспрэчна. Ён піша заўсёды пра сябе, пра стан сваёй душы і праз сваіх герояў выстаўляе яе выварат перад чытачом.

Падагульняе крытыкаў сучасны паэт Андрэй Хадановіч: “Шмат хто пісаў пра парадаксальнасьць Стральцова, пра яго эстэцтва, пра яго патрабавальнасьць да сябе й дасканалы мастацкі густ. У такіх латах у нарпаэты ня выб’есься – бібліяграфічнай хуткасьці ня хопіць. Хтосьці пісаў і пра тое, што ў Стральцова проста няма (ці амаль няма) слабых, прахадных вершаў. Які нарпаэт мог бы гэтым пахваліцца? Пры тым, што найлепшага Стральцова немагчыма пераблытаць ні з кім”.

Вясною 1986 года выйшла апошняя кніга паэзіі «Мой свеце ясны». Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Серафім Андраюк паспрыяў выданню зборніка ў якасным афармленні – мастак Аляксандар Шэвераў зрабіў да кнігі прыгожыя ілюстрацыі. Мікола Федзюковіч напісаў прыхільную рэцэнзію. У Доме літаратара адбылася прэзентацыя кнігі (прычым презентавалася таксама і кніга крытыкі “Пячатка майстра”).

У самым першым вершы «Перед новай старонкай» з кнігі «Мой свеце ясны» ёсць словы:

 

Саюз паэзіі і прозы –

Пад неба ўзносяць журавы.

І пошум трапяткі бярозы,

І дуба роздум векавы.

 

Паэзія і проза ў Стральцова блізкія, гэта два магутныя волаты, якія ствараюць гармонію ўсяго сусвету.

Але цяпер невяртанне прозы ў творчасць пісьменніка становіцца для яго сумным, але фактам. І ён вымушаны пагадзіцца:

І рытмы тыя, ды ўжо лад

Другі. І сэрца холад цупкі.

І да халупы ад палат

Не ўгору, а на ніз прыступкі.

 

Прадчуванне канца свайго зямнога быцця, магчыма несвядома, прабіваецца ў асобных вершах апошняга зборніка. І любімая ўскраіна ўжо набывае адценне тлену:

 

Ускраіна абвалаклася дымам.

Гараць, гараць бадылле і лісцё.

Пад гэтым небам, сінім і любімым,

Не верыцца чамусьці ў небыццё.

 

У сваім эсэ пра Багдановіча Стральцоў піша: «Максім Багдановіч мог быць і вучоным, публіцыстам, і крытыкам – і ўсё толькі таму, што ён быў паэт». Неверагодна: усё сказанае цалкам адносіцца і да самога Міхася Стральцова. Гэтыя два чалавекі нібы адкрываюць і закрываюць літаратурны абшар ХХ стагоддзя Беларусі.

У 1986 годзе М. Стральцову за апошні зборнік паэзіі была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (пасмяротна).

Эсэ, публіцыстыка, крытыка

У жанрах эсэ, крытыкі і публіцыстыкі М. Стральцоў адчуваў сябе не горш чым у прозе і паэзіі. Тая ж высока паднятая планка. Праўда, цвёрда вызначыць жанр твораў, напісаных Стральцовым, часта было не вельмі проста. Так, “Загадку Багдановіча” большасць аўтараў адносяць да жанру эсэ, але ў “Выбраным” (Мн., 1987) гэты твор змешчаны ў раздзеле “Аповесці”. Насамрэч памылкі тут няма, гэты твор можна аднесці і да першага жанру, і да другога. А хутчэй за ўсё – гэты твор наджанравы і проста ўяўляе сабой высокамастацкую прозу.

 

“Загадка Багдановіча” (1967–1968)

“Больш цэнтральнай фігуры, чым Багдановіч, у нас не было, – піша Міхась Стральцоў, – Багдановіч – паэт, крытык, публіцыст, тэарэтык літаратуры. Гэта наш класік, гонар нашай літаратуры”.

Гэта ўсё так. Аднак Стральцоў даводзіць – галоўным у асобе Максіма Багдановіча быў не проста літаратурны талент, а ягоная вялізная любасць да Беларусі, любасць-агапэ, суцэльная, бязмерная любасць, якая выпраменьвала творчую энергію ў розных кірунках, у выніку чаго ствараліся вершы, гістарычныя эсэ, апавяданні, фальклорныя малюнкі…

Факт, які не мае тлумачэння: чаму Максім Багдановіч, пражыўшы ў Расіі боль­шую частку свайго кароткага жыцця, – да 20 гадоў, становіцца не рускім паэтам ці празаікам, а беларускім, маючы аб краіне Беларусь толькі тэарэтычныя звесткі і вывучыўшы беларускую мову завочна, без кантакту з яе носьбітамі? І стаў ён не проста выдатным паэтам, а “цэнтральнай” беларускай фігурай. Чаму ж так выйшла? Можа, гэта гучыць неяк і пафасна, але я перакананы: яго паклікала Беларусь. Паклікала ў містычным, трансцэндэнтным сэнсе, паклікала менавіта яго з далёкага Яраслаўля.

На пачатку ХХ ст. нашая краіна цярпела вялізны пасіянарны ўздым, стваралася новая беларуская літаратура і культура, стваралася беларуская нацыя. У такія часы гуртуюцца найлепшыя нацыянальныя сілы, чыніцца мабілізацыйны працэс нацыі. Гэты працэс у кожнага народа абавязкова адбываецца. Часам ён называецца “фармаванне нацыі”. Толькі ў большасці нацыяў да пачатку ХХ-га стагоддзя такі перыяд параўтварэння этнасу ўжо скончыўся. Еўропа ўяўляла стракаты пейзаж як старэйшых, “культурных” нацыяў: французаў, ангельцаў, немцаў, італьянцаў, так і маладзейшых: венграў, румынаў, чэхаў… Беларусам трэба было даганяць іншых. Выбару не было – ці знікнуць, рассыціўшыся ў рускай ці польскай нацыях, ці заявіць пра сябе тэрмінова. Часу не было. Мабілізацыя зачапіла ўсіх, але не ўсе “былі абраныя”. Багдановіч быў абраны. Усё ягонае жыццё, як піша Стральцоў, – “гэта подзвіг. Напорлівае і роўнае гарэнне адной страсці. І кароткатэрміновае. Вось чаму яго жыццё нагадвае ўспышку метэора”.

Багадановіч быў пакліканы Беларуссю. Яшчэ не вельмі добра ведаючы беларускую мову, ні разу (у свядомым жыцці) не пабываўшы ў краіне, якой ён прысвяціў жыццё, ён становіцца яе лепшым паэтам, яе сцягам і сімвалам. І самае галоўнае – ён першы беларускі нацыяналіст у сучасным значэнні гэтага слова. Вось у чым, як піша Стральцоў, існасць Багдановіча-нацыяналіста: “Не, мусіць, і “кліч продкаў”, і талент, і воля маюць значэнне тады, калі іх прыводзіць у рух якая-небудзь вялікая, па-грамадску значная ідэя. Для Багдановіча такой ідэяй была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага разняволення роднага народа. А падказаў яе Багдановічу час.

Слухайце час! – гаворыць нам сваім прыкладам Багдановіч”.

Стральцоў напісаў сваё эсэ “Загадка Багдановіча” ў 1967–1968 гг. У той час такое спалучэнне слоў, як “нацыянальная ідэя” ці (не дай Бог!) – “нацыяналіст” – у прынцыпе не маглі з’явіцца ў дзяржаўных выданнях. Таму і гучыць “разняволенне”, нават стандартнае – “сацыяльнае разняволенне” народа. Ключавым тут ёсць выраз “ідэя нацыянальнага…” Ці, пераставіўшы словы, – “нацыянальная ідэя”.

І яшчэ цікавы момант. Стральцоў звяртае нашу ўвагу на той гістарычны перыяд, у які прыйшоў Багдановіч. “Слухайце час!” І гэта быў час Максіма Багдановіча. Час патрабаваў яго. Не бацька паэта – вядомы этнограф Адам Багдановіч, не гісторык Паўночна-Заходняга краю М. Каяловіч патрэбны былі тады Беларусі, час чакаў і дачакаўся свайго нацыянальнага героя. Такім нацыянальным героем, геніем стаў сын Адама Багдановіча – Максім. І ён адчуў свой час і выканаў пастаўленае Творцам заданне за дадзены яму такі кароткі тэрмін.

 

Крытычныя артыкулы

“Мастак не заўсёды ў стане правільна зразумець прычыны сваіх цяжкасцей, крытык павінен убачыць. Зразумець. Растлумачыць. Не абавязкова на ўзроўні таго ці іншага майстра, але абавязкова на ўзроўні літаратурнага працэсу”, – лічыць М. Стральцоў.

Яшчэ ў 1965 годзе выходзіць зборнік літартурна-крытычных артыкулаў “Жыццё ў слове”. Ён уважліва сочыць за творчасцю сяброў-літаратараў, а таксама аналізуе творы беларускіх класікаў і іншых творцаў-пісьменнікаў. Апошні прыжыццёвы зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Пячатка майстра» выйшаў у 1986 годзе. Стральцоў запрашае нас у свет выдатных беларускіх майстраў пяра Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Аляксея Пысіна, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Уладзімера Хадыкі, Анатоля Вялюгіна, Рыгора Барадуліна і іншых. Стральцоў не проста малюе партрэты выдатных літаратараў, ён разбурае звыклыя крытычныя схемы, спалучае навуковы аналіз з публіцыстычным словам. Кожнага з празаікаў і паэтаў ён разглядае ў кантэксце нацыянальных асаблівасцей беларусаў, іх традыцый і звычаяў. Віктар Карамазаў у гэтай сувязі адзначае, што «культура думкі, свой лад і стыль, высокія, без збою, крытэрыі, тонкі, адметна стральцоўскі густ і такт ва ўсім робяць кнігу своеасаблівым самапартрэтам Стральцова – даследчыка і мастака, які, калі пакарыстацца ягоным вызначэннем ролі Максіма Багдановіча, творыць і аналізуе, аналізуе і творыць».

 

“Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век”

Міхась Стральцоў пераклаў на беларускую мову шэраг твораў рускіх, італьянскіх і лацінаамерыканскіх паэтаў. Ён з’яўляецца аўтарам перакладу на беларускую мову рамана Чынгіза Айтматава «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век» (1987). Зварот пісьменніка да гэтага твора – не выпадковы.

Пад назвай «И дольше века длится день» знакаміты раман  Чынгіза Айтматова быў надрукваны ў 1980 годзе ў часопісе «Новый мир». Пазней ён выдаваўся пад назвай «Буранный полустанок». У 1990 годзе, ужо пасля смерці М. Стральцова, у часопісе «Знамя» выйшла «аповесць да рамана» «Белае воблака Чынгісхана», пазней уключаная ў склад твора.

Калі выйшаў згаданы раман Ч. Айтматава, часопіс «Новы мір» зачытвалі, перадавалі з рук у рукі, пераказвалі. Яго поспех быў неймаверны. Для Міхася Стральцова ён быў каштоўным і па той прычыне, што ў «Буранным паўстанку» ён убачыў працяг сваіх спрадвечных думак пра сэнс быцця, пра тую ж адвечную дыхатамію – вёскі і горада. І пра… нацыянальную ідэю. Тое, пра што ён так і не напісаў, але насіў у сваім сэрцы. Магчыма, таму і закарцела яму перакласці твор Ч. Айтматава на родную мову.

Адна з галоўных думак рамана ў тым, што нашмат лягчэй знішчыць чалавека, чым выдаліць яго памяць і розум, «вырваць карані таго, што бывае з чалавекам да апошняй хвіліны, застаючыся яго адзіным набыткам, які памірае з ім недасягальным для іншых». Жуаньжуані прыдумалі самы варварскі спосаб – адбіраць жывую памяць чалавека, што, на думку Ч. Айтматава, самае «цяжкае з усіх мажлівых і неймаверных злачынстваў». Яны знішчалі памяць раба страшным катаваннем: брылі яму галаву і апраналі на яе шыры – кавалак шкуры з выйнай часткі толькі што забітага вярблюда. Пасля гэтага яму звязвалі рукі і ногі і набівалі на шыю калодку, каб ён не мог крануць галавой зямлі, і пакідалі ў пустыні на некалькі дзён. На пякучым сонцы шыры скурчвалася, здушваючы галаву, валасы ўрасталі ў скуру, прыносячы невыносныя пакуты. Ахвяра альбо гінула, альбо губляла памяць пра мінулае жыццё і станавілася ідэальным рабом, пазбаўленым уласнай волі. Такія рабы атрымалі назву – манкурты.

Сказанае мае непасрэднае дачыненне да Беларусі.

Калі ў другой палове 80-х гадоў (ужо пасля смерці Стральцова) прыйшла перабудова і пачаўся рух за нацыянальнае адраджэнне беларусаў, то выявілася жахлівая рэч, якую гадамі ўсяляк замоўчвалі. Выявілася, што такім ж айтматаўскімі манкуртамі за гады панавання камуністаў і пабудовы сацыялізму сталі беларусы, якія забыліся на сваю мову, на сваю гераічную гісторыю, згубілі сваю нацыянальную індэнтыфікацыю.

І людзі выйшлі на вуліцы, пачаліся мітынгі за перабудову, затросся і распаўся Савецкі Саюз, а КПСС спыніла сваё існаванне. Узнік Беларускі Народны Фронт, які адной з галоўных задач якраз і паставіў нацынальнае адраджэнне і вяртанне беларусам іх гістарычнай памяці. Менавіта ў тыя часы з лёгкай рукі Алеся Адамовіча з трыбун, на самых розных сходах, мітынгах і шэсцях можна было пачуць аблічальнае і гнеўнае слова “Манкурты! Манкурты!” Яно было адрасавана нам, беларусам, як напамінанне аб нашай трагічнай гісторыі і яе сумных выніках і як кіраўніцтва для дзеяння – з другога боку.

У “Буранным паўстанку” маці манкурта ў роспачы гаворыць:

Можна забраць зямлю, можна забраць багацце, можна забраць і жыццё, але хто прыдумаў, хто адважваецца пасягаць на памяць чалавека?! Госпадзе, калі ты ёсць, як навёў ты такое на людзей? Хіба мала зла на зямлі і без гэтага?”

 

ІІ. ШЛЯХАМ СВАБОДЫ

Стральцоў у другой палове 70-х

1973 год ў быў пераломным для пісьменніка. Здавалася б, усё ідзе вельмі добра. Яго з задавальненнем друкуюць, яго запрашаюць выступіць перад чытачамі, яго, урэшце, любяць.

Ад выхаду першага апавядання (1959 г.) да згаданага 1973 года ў М. Стральцова выходзіць даволі салідны спіс кніг:

  1. Блакітны вецер. Апавяданні. Мн.: Беларусь, 1962.
  2. Жыццё ў слове. Літаратурная крытыка. Мн.: Беларусь, 1965.
  3. Сена на асфальце. Апавяданні. Мн.: Беларусь, 1966.
  4. Загадка Багдановіча. Эсэ. Мн.: Беларусь, 1969.
  5. Что будет сниться. М.: Молодая гвардия, 1968.
  6. Адзін лапаць, адзін чунь. Аповесць. Мн.: Беларусь, 1970.
  7. Ядлоўцавы куст. Вершы. Мн.: Маст. літ., 1973.

 

Ён становіцца вядомым празаікам і вельмі моцным паэтам. Ды і ў публіцыстыцы – майстра. І яму толькі 36 год.

Рыхтуецца да друку ягонае “Выбранае”, якое ўбачыць свет у серыі “Бібліятэка беларускай прозы” пад назвай “На ўспамін аб радасці” (Маст. літ., 1974). Пазней выйдзе выбранае і на рускай мове ў вядомай савецкаму чытачу серыі “Дружба народов” (1978) і таксама беларускі варыянт (кніга “Двое в лесу”, апавяданні, Маст. літ., 1978).

Але ў бессістэмных замалёўках “Запісных кніжак” мы раптам знаходзім: “Ёсць рэчы, на жаль, непадуладныя нам, але ж ёсць і надзея, і суцяшэнне. У таго, хто бярэ ў рукі пяро, надзея ёсць таксама.

Ён хоча думаць: я засцярогся, я сказаў” (23.05.73).

Дзе гэта было? Так, гэта “Смаленне вепрука”. Там ёсць і працяг: ”О, паэт да таго ж бывае і крыху забабонным. Ён засцярогся ад бяды – бо сказаў”.

І сапраўды, Стральцоў рана і моцна сказаў. Ён адбыўся. Але што ж так яго трывожыць, што так шкрабе душу і душыць і трымае ў сваіх нябачных кіпцюрах? Сказаць, то ён сказаў, але ці “засцярогся ад бяды”? Бяда – гэта смерць, і канец быцця. Яна чакае ўсіх. Але творчы чалавек мае шанец не сысці ў вечнасць назаўсёды, ён мае шанец застацца ў прасторы і ў часе сваімі творамі, сваёй часцінкай Божага дару…

«А был ли мальчик-то?”, – гэтую знакавую фразу са знакамітага твора Максіма Горкага “Жыццё Кліма Самгіна” часта любіў паўтараць Міхась. У ёй роздум над сэнсам жыцця і ціхі сумнеў за шлях, абраны самім…

Ён напісаў шэраг выдатных, нават, як цяпер лічыцца, геніальных апавяданняў – і яму толькі 36. Чаму ж няма супакаення, чаму ён разводзіцца з жонкай, чаму зыходзіць з працы і робіцца беспрацоўным – па тагачасным лексіконе – “дармаедам”, чаму?

Зусім не п’янства і не дрэнная жонка прычына творчага крызісу пісьменніка.

Пілі ў тыя, нібы застылыя ў сваім савецкім раі 70-я і яшчэ больш застойныя 80-я гады, калі не ўсе, то вельмі многія людзі. Прычым усё грамадства п’ючых строга дзялілася на дзве неперасякальныя часткі. Першая група: вяршыня сістэмы – партыйная наменклатура, гаспадары “карыта”. Тут працэс п’янства спалучаўся з самай што ні ёсць распустай і цынізмам і старанна хаваўся ад вачэй, ад галоснасці. Ужо ў постсавецкі час з’явіліся творы кінематографа, літаратуры, мастацтва, дзе праліваецца святло на амаральнасць, а ў многіх выпадках і на злачынствы камуністычных важакоў і іх набліжаных.

Другая частка грамадства гуртавала людзей, што з розных прычынахў выпалі з савецкай сістэмы, кінуді афіцыйную працу, перайшлі на гэтак званыя “вольныя хлябы”. Яны таксам пілі, але ўжо не хаваючыся, бо для гэтага былі створаныя самыя спрыяльныя ўмовы: працавала шырокая сетка піўных, закусачных, чарачных, бутэрбродных і г. д.

Каб забяспечыць сабе бязбеднае існаванне, першая частка ўвяла шэраг дэкрэтаў, пастаноў з мэтай выкачвання грошай з другой часткі праз шырокую сетку штрафаў, спагнанняў, а таксама арганізацыі бясплатнай рабочай сілы ў выглядзе лекава-працоўных прафілакторыяў для п’яніц і алкаголікаў, а таксама папраўчых калоній і зон, дзе ўтрымліваліся людзі непрацуючыя ці па афіцыйнай тэрміналогіі – “дармаеды”.

У другую групу ўваходзіла вялікая колькасць інтэлігенцыі, якая традыцыйна не мела даверу ў партапарата, і таму трапіць у тую “першую лігу” савецкіх апаратчыкаў мела мізэрныя шанцы. Але затое ёй, гэтай адукаванай частцы грамадства, былі шырока адкрытыя дзверы ў другую групу. Калі гаварыць пра пісьменнікаў, то іх у той другой групе было вельмі шмат. Толькі ў Мінску ў месцах ілюзорнай свабоды (але ўсё ж – свабоды!) тыпу піўбар альбо чарачная можна было сустрэць паэта, вырасшага “пад гарматнымі стваламі” – Сцяпана Гаўрусёва, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Прыходзьку, паэтаў Міколу Федзюковіча, Яўгена Крупеньку, Алеся Гаўрона, Віктара Стрыжака, празаікаў – Міколу Капыловіча, Івана Шальманава, Алеся Шлега, знакамітага Уладзіміра Караткевіча і многіх іншых.

Сярод гэтых паважаных людзей апынуўся і Міхась Стральцоў.

Многія з тых людзей, што ўвайшлі ў кола паза­сістэмных, сталі дысідэнтамі. У БССР, фактычна, усю тую другую частку грамадства можна атаясаміць з іншадумцамі альбо дысідэнтамі.

З 1973 года М. Стральцоў на “вольных хлябах”, г.зн. беспрацоўны. Чаму так склалася? Каб зразумець далейшы шлях Міхася Стральцова, трэба адзначыць тое, без чаго няма яго як асобы, як творцы…

Для Стральцова творчасць вышэй за ўсё. Няма іншых каштоўнасцей у жыцці, акрамя адной – літаратуры, якой ён служыць да канца. І для яго няма ні так званага сацыялістычнага рэалізму, ні задавальнення ад маруднай працы рэдактара ў выдавецтве, дзе зноў-такі трэба прыняць правілы сужыцця з тым жа сацрэалізмам.

Чалавека, які наважыўся існаваць у савецкай рэчаіснасці “са сваім статутам”, са сваімі, магчыма, узнёслымі думамі і праектамі чакаў незайздросны лёс. Ён быў вымушаны непазбежна ўвайсці ў канфлікт з грамадскай думкай, а можа нават пайсці супраць яе. У гісторыі такія людзі вядомыя як іншадумцы, менавіта яны станавіліся рэвалюцыянерамі і мянялі ход гісторыі. У часы СССР яны – гэтая сваеасаблівая “каста” – таксама не зніклі. Камуністы, праўда, лічылі, што гісторыя на іх ужо закончылася і вось-вось настане камунізм, дзе не будзе не толькі рэвалюцыянераў, а нават думак пра нешта падобнае. Аднак іншадумцы насуперак тэорыі навуковага камунізму існавалі і ў Савецкім Саюзе. Яны атрымалі новую, прыгожую назву – “дысідэнты”.

Савецкая сістэма спарадзіла ўнікальны тып чалавека, своеасаблівага рэвалюцыянера, не падобнага на тых рэвалюцыянераў, што скрозь стагоддзі рабілі гісторыю. Гэтая новая рыса не была ўласціва ніводнаму папярэдніку бунтароў дасавецкага часу на працягу дзвюх тысячаў гадоў!

Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ ст., склаўся новы тып “парушальнікаў спакою”, руйнавальнікаў застарэлай сацыяльна-палітычнай сістэмы – з тых людзей, хто прыклаўся да чаркі. Менавіта з гэтых часоў Савецкі Саюз уступае ў фазу татальнага спойвання сваіх грамадзян, што ўрэшце прывяло да павальнага п’янства і алкагалізму. Менавіта шклянка знішчала светлыя, узвышаныя ідэалы і дазваляла заплюшчыць вочы на цынізм, бясконцую хлусню і амаральнасць савецкай сістэмы жыцця.

Так склалася новая праслойка, клас грамадства, якіх раней не было. Гэтая новая супольнасць людзей мела розныя назвы, ад культурнай – дысідэнт альбо іншадумец – да празаічных і нават абразлівых прозвішчаў накшталт “дармаед” ці “п’яніца”.

Дух іншадумства нарадзіўся ў Маскве і ў Піцеры. Існуе думка, што ў адрозненне ад гэтых гарадоў, дзе былі пэўныя традыцыі дысідэнцтва, Мінск – ды і Беларусь наогул – не мелі сваіх дысідэнтаў. Насамрэч яны былі, і часта хаваліся пад маскамі нічым непрыкметных людзей – вартаўнікоў, грузчыкаў, рабочых, а таксама ў асяроддзі звычайных заўсёднікаў піўных, кавярняў і проста “вольных мастакоў”, якім у СССР часта прысвойвалі ярлык “дармаед”.

З другой паловы ХХ стагоддзя і асабліва ў 60 – 80-я гады тысячы мінчукоў і жыхароў іншых беларускіх гарадоў і мястэчак ірванулі на поўнач Савецкага Саюза, у Сібір, на Далёкі Усход і на Камчатку. Яны ехалі працаваць у тыя далёкія месцы ў якасці гэтак званых шабашнікаў. І традыцыйныя будатрады хутка сталі менавацца проста “шабашкамі”. Гэтыя людзі – поўныя фізічных і інтэлектуальных сілаў – аказаліся непатрэбнымі ў сябе на Радзіме, існавалі па-за сістэмай і былі вымушаны шукаць іншы шлях, які вёў галоўным чынам на шабашкі. Траплялі ў тую праслойку выкінутых людзей галоўным чынам тыя, каго выгналі з працы за п’янства, за пападанне ў міліцыю пры “распіцці” віна, за сямейныя скандалы і вулічную бойку і мноста, мноства іншых, часам вельмі дробязных, нязначных учынкаў.

На Поўначы і ў Сібіры такія людзі з часам склалі цэлы пласт, які існаваў выключна ў савецкім грамадстве. Тыя людзі як носьбіты любой новай фармацыі мелі ўжо і трывалае месца “пад месяцам”, яны атрымалі назву “біч”, што азначае: “Былы інтэлігентны чалавек”.

Менавіта такім чалавекам – іншадумцам і дысідэнтам – быў і Стральцоў. У 1971 годзе ён звальняецца з працы ў «ЛІМе» і доўгі час – фактычна да адпраўкі ў ЛПП – беспрацоўны. Але ў адрозненне ад іншых (напрыклад, паэта Лёнькі Шугалея альбо журналіста і паэта Уладзіміра Аляхновіча) ён не імкнецца “асвоіць” Поўнач” і папоўніць шэрагі “шабашнікаў” – хоць па логіцы яму якраз “і карты ў рукі”, бо тыя рамантычныя паўночныя краявіды і людзі добра знаёмыя, і пра іх ён пісаў у сваім выдатным эсэ “Дзень у шэсцьдзесят сутак”. Магчыма, той “паўночны” вектар жыцця, які выратаваў многіх савецкіх інтэлігентаў ад молаха рэпрэсіўнага механізму, дапамог бы і Стральцову. Але гэтага не адбылося.

Ён і фізічна, і маральна не можа перасіліць сваю няздольнасць жыць паводле савецкіх канонаў, дзе ў першую чаргу трэба выконваць вялізную механічную працу з рознымі газетнымі матэрыяламі, аналізаваць бсконцыя пісанні розных графаманаў ды пісаць ліслівыя водгукі на далёка не геніяльныя творы застарэлых, але ідэйна выхаваных партыйных дзеячоў. Чытаць чужыя, месцамі нават прыстойна напісаныя творы, пісаць рэцэнзіі на творы ветэранаў ВАВ – ягоная творчая натура ўжо не можа.

Яшчэ адна акалічнасць усё больш засмучае тонкую і далікатную натуру пісьменніка. Ён напісаў добрыя празаічны творы, ацэненыя крытыкамі, аб яго творах гавораць, іх друкуюць і перадрукоўваюць, але разам з тым ён застаецца на ўсё той жа ніжэйшай прыступцы журналіста – простым супрацоўнікам рэдакцыі. Ім камандаюць, тыкаюць пальцамі, маніпулююць людзі, якія таксама літаратары, якія нешта напісалі, і можа нават шмат напісалі, і разам з тым ён чалавек не іх кола, бо не мае ні партбілета, ні шэфа – саліднага партыйна-наменклатурнага сябра.

Пішуць пра “Загадку Стральцова”, імкнуцца, адпаведна, разгадаць яе. Нешта накшталт такога – “Арыстакрат па форме душы, патрыцый на выгнанні”.

Ігар Бабкоў, напрыклад, піша: “Загадка Стральцова: адкуль ён? Дзе яго сапраўдная радзіма? Адкуль у яго гэты ўнутраны арыстакратызм? Гэтая самадастатковасць, няспешнасць. Адкуль гэтае ўважлівае – і ўпэўненае чытанне ў чалавечым сэрцы?”

А адказ вельмі просты. Ды адтуль – з вёскі, дзе няма хлуслівых чалавечых адносін, дзе ўсё навідавоку, дзе неруш… У кожнай беларускай вёсцы заўсёды знаходзіцца такі чалавек, на якога раўняецца ўся вясковая грамадскасць. Ён аўтарытэт, аснова і падмурак усяго жыцця вёскі. Такім, напрыклад, быў Якаў Навуменка – бацька нашага вядомага пісьменніка Івана Навуменкі. Дык вось, дзед Якаў быў гонарам і сумленнем усяго Дзядка – раёна мястэчка Васілевічы. Наогул, без такіх людзей беларуская вёска даўно б вымерла. Міхась Стральцоў быў тым самым вясковым аўтарытэтам. Толькі апынуўся ён у горадзе. Там, дзе немагчыма быць самім сабой.

Такім чынам, на працягу, фактычна, усіх 70-х гадоў Стральцоў беспрацоўны, “вольны мастак”. Ён шукае сваё месца ў савецкай рэчаіснасці і не знаходзіць.

Ён спрабуе пісаць прозу, але не можа! Чаму?

Мне здаецца, што асабліва гадаць, чаму ён не піша прозы пасля 1969 года, не мае ніякай патрэбы – для творчай працы такога высокага ўзроўню, як у Міхася Стральцова, менавіта духоўны стан – самы важны чыннік і рухавік жыцця. А жыццём для яго быў мастацкі свет, тонкае бачанне сусвету, якое ён выказваў праз літаратуру – спачатку прозу, потым паэзію. Рухавік знік, як толькі ў свае правы ўвайшла іншая проза – проза быту, недалёкага, зайздроснага начальства, сярэднячкоў-калег па пяру і неразумення блізкіх.

Віктар Кармазаў у сваім інтэрв’ю выказваецца сугучна сказанаму. Ён вылучае на першы план маральную чысціню і адзінокасць Міхася. Вось вытрымка з інтэрв’ю:

“Выбівалі пасады. Выбівалі кватэры. Стральцоў пра гэта абсалютна не думаў. Ён быў адзінокі, не ўдзельнічаў у гэтым. Пагэтаму ён маральна ад іх неяк адкалоўся. Яны адчувалі гэта. Яго не цікавілі выданні… Ён пра свой побыт не думаў. Гэта маральны быў, вельмі чыстаплотны чалавек. …Вельмі маральны ў гэтым пакаленні быў Міхась Стральцоў. Ён застаўся такім і ў літаратуры, і пісьменніцтве. Да самага скону. А потым, калі ён перастаў піць, да яго пачалася рэўнасць. Яго ўзровень быў вышэйшы, была высокая культура.

Зайздрасць была? Так. Ён усіх пераўзышоў. І гэта яму яны ўжо не даравалі. Я тады працаваў на тэлебачанні, загадваў аддзелам. Прыйшоў Бураўкін. Вось як пісаць сёння праўду пра Стральцова? Па-першае, пісаць, як пілі гарэлку – гэта не той падыход. А далей, разумееце, ён з сваім пакаленнем разышоўся. Маральна разышоўся. Я вось працаваў на харошай пасадзе, загадваў мастацкімі фільмамі на тэлебачанні. Я Бураўкіну тады два разы гаварыў – была пасада.

Якія гады гэта былі?

Гэта былі ўжо 70-я гады. …Бураўкін кажа – у мяне такіх сваіх хапае.. І на радыё месца было. Не ўзяў ён яго”.

Вось так. “Сваіх хапае”. І не толькі віна Бураўкіна ў такіх неспагадлівых адносінах. Іншы кіраўнік тое самае сказаў бы. Бо быў вінцікам таталітарнай савецкай машыны па вынішчэнні ў чалавека чалавечнасці…

Як бы там ні было, Міхася на працу нідзе не бяруць. А ў савецкіх умовах не працаваць было вельмі і вельмі небяспечным. Асабліва для такіх безабаронных, сумленных і разумных людзей, якім быў Міхась Стральцоў. І ён трапляе ў Лекава-працоўны прафілакторый (ЛПП) – фактычна, савецкую турму.

 

ЛПП

Пачну са своеасаблівага эпіграфа:

“15 января в Минске прошла торжественная церемония по отправке местных алкоголиков в лечебно-трудовой профилакторий. Об этом сообщает «Телеграф».

Для пьяниц было организовано выступление милицейского оркестра. Он исполнил композицию из фильма «Операция Ы», а также марш «Прощание славянки».

Под эту музыку 35 человек были усажены в милицейский автобус. На дорогу им раздали пакеты с кефиром.

(З навін дня)

Чытаючы гэтыя радкі хронікі міліцэйскіх будняў, адчуваеш, што трапіў у тэатр абсурду. ЛПП – лекава-працоўны прафілакторый – установа, што належыць Дэпартаменту выканання пакаранняў. (Для даведкі: у склад дэпартаменту на 2015 год ўваходзіла 14 калоній і 9 ЛПП). Прыкладна такая карціна была і ў тыя часы (1981 г.). Ужо тое, што і ЛПП, і турмы, і папраўчыя калоніі адносяцца да адной і той жа структуры – Дэпартамента выканання пакаранняў – аб нечым гаворыць. І гэта, на жаль, сумная праўда: паміж ЛПП і папраўчымі калоніямі амаль няма розніцы. Хоць у назве ЛПП і прысутнічае слова “лекавы” – гэта поўная прафанацыя і, фактычны, здзек з асуджаных. Так, асуджаных, бо ў ЛПП адпраўляюць праз суд.

Паказальным з’яўляецца лёс Аляксандра Пракапенкі, вялікага беларускага футбаліста. Ён быў галоўным гульцом мінскага «Дынама, выйграў «золата» чэмпіаната 1982. Яго любіла ўся краіна і ўсе – ад фанатаў-юнакоў да паважлівых прафесійных заўзятараў – па-свойску называлі Пракоп. Не было і няма ў Мінску больш легендарнага футбаліста. Але лёс яго быў трагічны. Яго запрасілі з Бабруйска ў Мінск у 1972-м годзе, а свой апошні матч за «Дынама» ён правёў у 1983-м. У канцы 1984-га Аляксандр быў ужо ў тым жа Мазырскім ЛПП, дзе адбыў год. У студзені 1989 быў зноў адпраўлены ў Мазырскі ЛПП, дзе адбыў 2 месяцы. Увечары 29 сакавіка 1989 года ён раптоўна памёр (упаў мёртвы ў рэстаране гасцініцы «Мінск»). Яму было толькі 35 год.

Прысуд М. Стральцову, як і пры Сталіне, выносіла “тройка”. Як і Пракопа, Міхася адправілі ў Мазырскі ЛПП. Гэта сапраўды сімвалічна. Толькі ў адрозненне ад сталінскай цяперашняя «тройка» мела (і мае, дарэчы, цяпер) наступны склад: міліцыя, сям’я і праца. Для ўзбуджэння справы ў 80-я гады было дастаткова мець тры прывады альбо любыя тры іншыя затрыманні міліцыяй на працягу аднаго года, заяву ад жонкі – маўляў, мужык п’е, сям’ю не ўтрымлівае і наогул “забярыце яго ад мяне”. Ну, і калі да ўсяго гэтага чалавек вядзе асацыяльны лад жыцця – нідзе не працуе ці працуе, але вельмі дрэнна, прагульвае, п’е на працы і г.д., то бярэцца адпаведная папера з працы. Вось з такім “пакетам” дакументаў у адзін, нічым не адметны дзень, да чалавека зусім нечакана прыходзіць раніцай участковы лейтэнант і пад канвоем вязе небараку ў суд. Суд адбываецца вельмі хутка: суддзя праглядвае ўсе тыя паперы (пратаколы міліцыі, заяву жонкі і выпіску з рашэння працоўнага калектыва) і выносіць прысуд, які складаецца толькі з двух варыянтаў – вам даюць год “лячэння” ў ЛПП альбо два гады, у залежнасці ад вельмі нетрывалага раскладу: настрою суддзі, паводзін “падсуднага” ў судзе і, напэўна, надвор’я.

Як жа Стральцоў умудрыўся набраць такі букет дакументаў для адпраўкі ў фактычную турму – мазырскі ЛПП? Вельмі проста. Першы пункт – міліцэйскі пратакол у савецкія часы “зарабіць” было нескладана. Бралі за любую дробязь: за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах (на вуліцы, у скверы, у піўным бары, у сталоўцы і г.д.), за нецвярозую паходку, за пераход вуліцы не па пераходзе, але з пахам піва, за… Ды што там гаварыць – гэта было элементарна ў тыя няшчасныя для пісьменніка 70-я гады.

З жонкамі ў Міхася не клеілася. У яго была ўжо другая жонка, але ладу ў сям’і не было. У 1982 годзе яны развяліся. Вось як пішуць аб былой жонцы родныя М. Стральцова ў лісце, поўным адчаю, да ЦК КПБ у 1987 годзе: “… брак с Буториной (дзявочае прозвішча жонкі Стральцова – А. А.) расторгнут в 1982 г. …М. Стрельцов, не желая проживать с бывшей женой, возбуждал дело о разделе жилплощади. Правда, суд не состоялся в связи со вмешательством все той же Буториной, которая перехватывала и утаивала повестки в суд”.

Так што і ў сямейным плане ўсё складвалася не на яго карысць. Застаўся трэці кампанент – праца.

Зазірнем у даведнік. Міхась Стральцоў не працаваў з 1973 года па 1980. А можа 81-шы? Бо з 1981 па 1982 ён ужо ў ЛПП. Так што маглі і за дармаедства закатаць на год, а то і два. Менавіта такім чынам паэт Лёнька Шугалей адседзеў год у Мікашэвіцкай калоніі ў тыя ж савецкія часы. Але Шугалей не быў сябрам Саюза пісьменнікаў. Для сяброў жа творчых саюзаў усё ж існавала паслабленне. Фармальна яны маглі і не працаваць у дзяржаўных установах. Жыць, так бы мовячы, за ганарары за кніжкі. Доўгі час жыў так знакаміты пісьменнік Уладзімір Караткевіч. А вось празаік Мікола Капыловіч “ўмудрыўся” трапіць у ЛПП аж два разы!

Рабілася гэтак. Пасля завяршэння першых двух этапаў фабрыкавання “справы” (міліцэйскі пратакол і заява жонкі) органы накіроўвалі запыт у СБП. Там разбіралі. І калі Саюз даваў дабро, ахвяру ўжо нічога не ратавала. Я мяркую, што М. Стральцоў аб гэтым мог і не ведаць альбо, калі і ведаў, то ніяк не мог і падумаць, што сябры-пісьменнікі адвернуцца ад яго…

Памятаю адзін выпадак. Аўтар гэтых радкоў і герой кніжкі зрабілі “па рублю”, але за нейкія парушэнні алкагольнага заканадаўства, – што было канкрэтна, памяць ужо не ўтрымлівае – трапілі ўдваіх у апорны пукт міліцыі, што месціўся, здаецца, на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Інтэрнацыянальнай. Пачалі афармляць пратаколы. “На мяне пішыце, а Анатоля адпусціце. Ён ні прычым”, – пачаў прасіць Стральцоў. Я тады працаваў навуковым супрацоўнікам у Акадэміі Навук, і папера з міліцыі азначала звальненне з працы і канец кар’еры. Таму Стральцоў і прасіў за мяне. Але дарэмна ён не надаваў увагі пратаколу на сябе.

У выніку Міністэрства ўнутраных спраў накіроўвае ў Саюз пісьменнікаў БССР зварот, дзе пытанне ставіцца рубам: “Согласно Указа Президиума Верховного совета БССР от 1 авугста 1974 г. Стрельцов только по ходотайству коллектива, где он работает, может быть направлен на лечение от алкоголизма в лечебно-трудовой профилакторий, а поэтому прошу сообщить Ваше решение об этом”.

Такім чынам, хмары згушчаліся над даверлівым і па-дзіцячы наіўным пісьменнікам. Што ж адказалі пісьменнікі на заяву жонкі А. Стральцовай і зварот МУС? Звернемся да першакрыніц. Захаваўся ліст СП БССР наступнага зместу.

Начальніку Аддзела ўнутраных спраў

Выканкама Фрунзенскага раённага Савета Народных дэпутатаў

Тав. Ізотаву В.С.

На В/пісьмо № МТ/5-6-234 ад 06 лютага 1978 г.

Сакратарыят Саюза пісьменнікаў БССР разгледзеў асабістую справу (?) пісьменніка Міхася Стральцова і пісьмо Аддзела ўнутраных спраў Выканкама Фрунзенскага раённага Савета Народных депутатаў адносна паводзін пісьменніка Міхася Стральцова і прыняў пастанову, якой абавязаў галоўнага ўрача паліклінікі СП БССР т. …. гаспіталізаваць Міхася Стральцова для лячэння яго ад алкагалізму.

Папрасілі “гаспіталізаваць”… Насамрэч даручылі аформіць дакументы для адпраўкі ў ЛПП. Але для “лячэння” ў “працоўным” прафілакторыі быў патрэбен суд. Суд быў кароткі, з прыкладна такім вынікам: “Накіраваць М.Л. Стральцова ў ЛПП г. Мазыра на прымусовае лячэнне тэрмінам на адзін год (ці два?)”.

Пасля каранціну “пацыенты” ЛПП – у сапраўднасці звычайныя вязні, у прымусовым парадку накіроўваліся на працу. У Мазыры такой працай было пляценне ланцугоў – тупая механічная праца, што вымагае вялікага напружання рук.

Вось як апісвае сустрэчу з Міхасём у Мазыры пісьменнік Л. Дранько-Майсюк: “Уражанне ад месца, у якім апынуўся Стральцоў, было вельмі гнятлівым – высокі глухі плот з калючым дротам, на КПП узброеныя прапаршчыкі, закрытыя кратамі вокны, падобныя на астрожнікаў пацыенты, цьмяны глыбокі снег, злосны брэх вартаўнічай аўчаркі… “Што, ад убачанага сэрца апала?” — Стральцоў усміхнуўся…”

З цягам часу Міхасю трохі пашанцавала – знайшлося месца ў бібліятэцы лагера.

Тут ён спрабуе вярнуцца да пісьменніцтва. І найперш – да сваёй даўняй задумы – напісання аповесці “Гуляў конь на волі”.

Яшчэ ў канцы 70-х гадоў у часопісе «Маладосць», на ягонай апошняй старонцы, з’явіўся анонс: «У наступных нумарах часопіса чытайце новую аповесць Міхася Стральцова «Гуляў конь на волі». Пасля трыумфу ў 1973 годзе знакамітага “Смалення вепрука” грамадскасць з вялікім нецярпеннем чакала новую прозу Стральцова. Аднак прайшлі месяцы ды гады, але замест абяцанага “Каня” чытачы пабачылі толькі яшчэ адзін анонс пра меркаваную аповесць.

Гэты твор так і не выйшаў. У архіве пісьменніка ўдалося знайсці ўсяго два рукапісныя лісткі, дзе, відавочна, распачынаўся твор – зверху стаяў надпіс загалоўку аповесці. Аднак больш нічога не засталося. У ЛПП ён думае пра працяг працы але ўмовы жыцця ў зоне не спрыяюць творчасці.

І пра гэта піша пісьменнік у лісце да А. Сямёнавай:

Аповесцейку сваю я колькі разоў губіў тым, што, загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуўшы цалкам, не садзіўся ў час за стол — i перагараў. Вось яшчэ чаму самадысцыпліна ў працы — усё ж вялікая рэч. I справа тут нават не ў тым, можа, каб кожны дзень, як сцвярджаюць каторыя, пісаць, — па-мойму, гэта лухта. Танк, напр[ыклад], кажуць, пракламуе: страляй i галку, i варону — мо i ў каршука ці арла патрапіш. Можа. Але качак i варон неабавязкова страляць „на паперы“ i неабавязкова ўсенародна прад’яўляць справаздачу аб гэтай страляніне сваёй. Іншая справа змарнаваць па-сапраўднаму творчую хвіліну (а як ты да яе рыхтуешся, справа твая), тут ужо нешта падобна за злачынства перад сабой i на здраду сабе. У мяне, на жаль, многа такіх здрад. Справа, канечне, непадсудная, але, ведаеш, часамі бывае прыкра. Толькі хопіць пра гэта. Пра ўсё гэта мы мала што ве­даем, бо ўсё, сапраўды, у руцэ i волі божай, i нават сказаўшы слова, „нам не дано предугадать“... 12.06.82.

З паэзіяй у ЛПП у Міхася складваецца лепш. Ён піша шэраг дабротных вершаў. Менавіта цяпер яму як ніколі карціць надрукаваць іх. Ён пачынае чыста па чалавечы перажываць за іх лёс, за іх прызнанне. Пасылае вершы і на радыё, і ў любімы “ЛІМ”, і ў часопіс “Полымя”. Але сталічныя рэдактары далёка не з распасцёртымі абдымкамі сустракаюць стральцоўскую прадукцыю. Адбіваецца ўсё тая ж партыйная дысцыпіліна, баязлівасць, страх за сваю рэпутацыю і да т.п.

З ліста ад 16.V.82 А. Сiдарэвiчу, А. Пiсьмянкову:

Думаецца, што не атрымаецца так, як на Радыё, дзе так перастрахавалiся перад начальствам з-за майго, мусiць, цяперашняга становiшча, што ад падборкi пайшлi ў эфiр два-тры вершыкi. Ды i пра тое нават не паведамiлi мне. Пасаромелiся? Добра, што хоць саромяцца. Але… o tempora, o mores! Не наследуйце радыйцам, га?

Вершы ў “Полымі” з’явіліся толькі ўвесну наступнага года, калі, пісьменнік выйшаў з ЛПП і вярнуўся ў Мінск.

Набліжаўся час выхаду з ЛПП, але гэта не толькі цешыць Міхася, але і трывожыць: “Можа здарыцца так, што пісьмо гэта сам даганю ў Менску. Але – пішу „с той горькой радостью“ i т.д. Бацюхны-светы! Больш за год прайшло, адмалацілася, адгрукалася – i года, папраўдзе, не так шка­да, як таго, што час упушчаны не для пісаніны нават (Бог з ёй!), а для вырашэння спраў жыццёвых i неадкладных. Вось выйду, а сам у цянётах большых i шчыльнейшых, чым быў раней. Вось што раз’юшвае! О боги! (З ліста да А. Сямёнавай ад 11.10.82).

Хваляванне М. Стральцова аказалася небеспадстаўным. Па выхадзе ў канцы 1982 года з ЛПП ён далёка не адразу змог знайсці сабе сталую працу. Толькі ў 1984 годзе ён стаў загадваць аддзелам у “Нёмане”, куды Анатоль Кудравец прыняў яго, як адкрылася вакансія.

 

ІІІ. АПОШНІ ПЕРЫЯД ЖЫЦЦЯ

Расійскай літаратарка Наталля Ігрунова наведала Міхася Стральцова ў той час, калі ён захварэў і ляжаў у 2-й мінскай гарадской бальніцы. Яна напісала ўспаміны:

“Аповесць ён не напісаў. Але працаваў шмат. Пераклаў на беларускую «І вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава. Вызначыўся на службу ў «Нёман» – загадваць аддзелам крытыкі. У восемдзесят шостым практычна адначасова выпусціў зборнік крытычных артыкулаў і эсэ і трэці зборнік вершаў. Да пяцідзесяцігоддзя Стральцова ў Маскве падрыхтавалі кніжку паэтычных перакладаў, у Мінску рыхтавалі абранае, знялі тэлефільм…”

І тады ён убачыў сцены, якія адразу пазнаў: прапахлыя павуціннем, негабляваныя сцены, і тапчан у куце, закіданы старой вопраткай, і старыя начоўкі на ім, і лаву ля дзвярэй, і вёдры на ёй, і на падлозе кашы з бульбай, і чыгуны, і цэбар з мешанкай, і вузкае, на адно бервяно прарэзанае акенца ў сцяне, і нейкі слоік на ім, і шклянку з гусіным тлушчам на ім (ён гэта ведаў), і адно замурзанае (ці не поклад?) курынае яйка…(«Смаленне вепрука»)

Я перакананы – гэты тэкст па-сапраўднаму зможа адчуць толькі чалавек з вёскі, толькі той, хто вырас сярод тых “негабляваных сцен”, кожны дзень садзіўся на “лаву ля дзвярэй”, глядзеў праз тое “акенца ў сцяне” і задумваўся: “Ці не поклад гэтае замурзанае яйка, што выкацілася з-пад курынага насцілу?”

Да канца дзён Стральцоў заставаўся “сенам у горадзе”, чалавекам, уся істота якога была з вёскай, але ўсё жыццё – з горадам. Істота якога – чыстата і праўда, а рэчаіснасць – таталітарная сістэма страху і бясконцай маны.

У запісной кніжцы Міхася Стральцова я знайшоў, бадай, апошні завершаны верш:

 

У скверы гэтым лугавінка

Мне, што выпадкам, так сабе,

Задобрыў думку успамінкам

Аб даўняй ліпеньскай касьбе, –

Такая радасць і аддуха.

Такая горыч і журба!

Сядзі і ўласным сэрцам слухай,

Як адступае ціха скруха,

А з ёй – і гора і бяда!

Няхай! Ды толькі дзе, мой хлопча,

Падстрошак той і дзе каса?

Другі ўжо нехта копы топча,

Другі ў прыпар спачыну хоча,

Другі ўжо там – не ты ўжо сам.

Ах, божа мой! Чыёю верай

Перада мной той даўні луг

Паслаўся чыстаю паперай,

Каб я радком пракосы мераў,

Касіў за двух

І жыў за двух!

                         7.07.87

 

Яму аставалася жыць 1 месяц і 16 дзён.

«Лячэнне» ў ЛПП дорага абышлося Стральцову. Пасля ў яго ўвесь час балелі ногі, якія застудзіў у сутарэнні бібліятэкі ЛПП. Хваробы заўчасна апанавалі яго. Можа, адгукнулася й няспыннае курэнне. Так ці не, але ў 50 гадоў Міхася не стала.

…Спачатку ніхто не думаў, што ўсё так сур’ёзна. Спачатку размова ішла толькі пра неабходнасць пракаўтнуць японскі зонд, каб вызначыць памер невялікага пацямненння ў раёне страўніка.

Аказалася, гэта анкалогія, рак страваводу.

…Ішлі апошнія дні перад паездкай у апошняе месца яго жыццёвага шляху – анкалагічны цэнтр у Бараўлянах. Стральцоў адчувае хуткі прыход яе… – смерці. Ён становіцца вельмі чуллівы да любых знешніх, але найбольш унутраных змен.

І таму вельмі балюча перажывае, калі раптам да яго дасягаюць сігналы ад тых, хто некалі добра спрычыніўся да яго самага сумнага перыяду жыцця за кратамі. З запісной кніжкі: “28 чэрвеня 1987. Глухата вырастае поўная… Заўтра трэба было класціся на абследаванне ў анкалогію. …з работы не чутна ні гуку…”

“Нечакана правакацыйны званок. Нахабны добра пастаўлены голас:

Ну як, за гэты час многа напісаў?

Падазрэнне расло.

Хто гэта? Барыс?

Мне падалося, хоць і не верылася, што б Фірштэйн. Падобны трохі голас, але прыслухаўся – не…

Тут ужо я ўзарваўся.

Той пачаў пагражаць.

Забыўся пра Мозыр?

Пры чым тут Мозыр? З Мозыра са мной ніхто б не стаў так гаварыць. Не даваў для гэтага падстаў. А той:

Ты так? А ты разумееш, што я ведаю дарогу, па якой ты ходзіш дамоў?

Нахабства нечуванае.

Я вылаяўся і кінуў трубку.

Цяпер думаю. Хто? Чаму? Адкуль?

Хто за ім? Усё ж ведае – і пра хваробу, і кватэру…

Нахабны, але не дурань, добра прастаўлены голас. – “інтэлігент” са стукачоў не іначай (сексот). Хто?”

Спецслужбы не пакінулі яго нават падчас цяжкой смяротнай хваробы.

Да апошняга моманту ён спадзяецца на жыццё. Але цуд не адбываецца. Вось, магчыма, апошнія радкі, напісаныя ўжо няроўным неразборлівым почыркам у той жа апошняй запісной кніжачцы:

 

Не, паміраю! Тушыце свячу!

Свету дарую я зло без прынукі,

Трэшчыну сэрца… Куды я лячу?!

Скончана! Скончана? Не, не скаруся!

Меч шчэ не позна руцэ займець!

Дык чаму ж сэрца ў гэтакай скрусе?

Розум пры мне мой. Бачу я…

Смерць!

 

Аднак Госпад даў Міхасю напрыканцы жыцця ўзнагароду за пакуты беспрацоўя, жыцця за кратамі і неразумення блізкіх людзей і асуджэння далёкіх. Гэтай узнагародай была вялікая прывязанасць да яго балгарскай даследчыцы беларускай літартуры Розы Станкевіч.

 

А знаеш што, а знаеш што,

Мой дружа мілы,

Ты ля маёй душы пастой

У час панылы…

 

З гэтага верша Міхася пачынаецца дзённік-успамін Розы Станкевіч пад назвай “Лічбы” (напісаны на рускай мове з адпаведанай назвай “Числа”). Яшчэ ў 1980-м годзе яна ўпершыню пазнаёмілася з творчасцю Міхася Стральцова, але іх сустрэча адбылася толькі праз шэсць год – 13 кастрычніка 1986 года. І з таго часу да самай смерці Роза Станкевіч была блізкім да Міхася чалавекам.

Праз шэсць гадоў, Ты – стаў маёй сувяззю з Высокім, Чыстым, з Небам – якое адкрывала ў глыбіні Тваіх вачэй, каб застацца «Палоннікам». Клічу яго – вечнага.

Праз шэсць гадоў, Ты – стаў маім Лёсам. Сувяззю маёй з светам Сутнасным.

…І я дзякавала Лёсу! За нашы адзінаццаць месяцаў і дзевяць дзён.

…Ты – заўсёды са мной. З намі – заўсёды!

Дзякую Богу!

Амінь!!!

Яна прыехала з Балгарыі ў БССР у камандзіроўку – вывучаць беларускую літаратуру, па якой пісала дысертацыю. І сустрэла сваё каханне – беларускага пісьменніка Міхася Стральцова. Але атрымалася так, што іх сувязь перарвала яго заўчасная смерць. “Лічбы” напісаныя як яе споведзь.

З 2-й гарадской бальніцы Міхася перавялі ў сумна вядомыя Бараўляны. І адтуль ён ужо не выйшаў. “…Кожны божы дзень я хадзіла ў Царкву, прыліпала да цудатворнай іконы Мінскай Багародзіцы. Потым праз рынак імчалася ў бальніцу …І да гэтага часу, як бы дзіка не гучала, зайздрошчу тым людзям, якія ездзяць па тым маршруце, да той страшнай лякарні ў Бараўлянах, з якой не было наканавана табе выйсці” (з «Лічбаў»).

Да апошняга моманту Стральцоў верыў, спадзяваўся, што будзе жыць. Ён лічыў, што надта ж мала зрабіў, каб паміраць. Не бойся, малая! Выбярэмся адгэтуль! Выкараскаемся! – нястомна, да апошняй магчымасці гаварыць, – Ты паўтараў” (з «Лічбаў»).

Іх дачка нарадзілася ўжо пасля смерці паэта. “У той самы момант, калі нараджалася наша дачушка, я, відавочна, амаль фізічна адчувала Тваю прысутнасць. Побач са мной. З намі. Без Твайго ўмяшання, цалкам верагодна, таму што я тады, засынаючы, здолела пераступіць «рысу светаў», якая стала выключна празрыстай і незаўважнай”.

На гадавіну смерці М. Стральцова 23 жніўня 1988 года паэт Алег Бембель (цяпер насельнік Жыровіцкага манастыра манах Іаан) падарыў Міхаэле – дачцэ Міхася Стральцова і Розы Станкевіч, верш:

 

Вяртанне з выраю

…Душа паэта у трымценні конным

пераляцела ў цельца немаўляткі…

Вачыма Вечнасці глядзіць..

І б’е у ладкі…

І усміхаецца…

Міхася Міхасёўна….

 

…Труну з целам Міхася Стральцова выставілі ў Доме літаратара, што на вуліцы Фрунзе, 5. Людзей, каб развітацца, прыйшло вельмі шмат. Быў заказаны духавы аркестар, які граў «Жалобны марш» Шапэна.

Памінальны стол арганізавалі на ягонай апошняй кватэры па вуліцы Прытыцкага. Людзей прыйшло значна больш, чым магла б змясціць савецкая кватэра. Таму арганізавалі тры заходы. Выпілі тры разы, закусілі – і наступная партыя. Аўтар гэтых радкоў трапіў, здаецца, у другую “змену”. Вышла так, што за жалобным сталом я апынуўся побач са старэйшым сябрам Міхася – Янкам Брылём. Нічога нельга было прачытаць на задуменным твары патрыярха беларускай літаратуры.

Мы моўчкі выпілі па тры чаркі і выйшлі…

 

ЭПІЛОГ

Яшчэ ў далёкія 80-я гады ХХ стагоддзя, у гады застойнага савецкага праўлення Леаніда Ілліча Брэжнева, ва ўмовах жорсткай цэнзуры, сярод савецкай інтэлігенцыі пачаў з’яўляцца так званы непадцэнзурны друк, а прасцей кажучы – самвыдат. Зразумела, тыя рукапісы, машынапісы былі антысавецкай накіраванасці, як у палітычнай галіне, так і ў літаратуры. Нават звычайныя даследванні ў сферы гуманітарных навук, калі яны выкананыя за мяжой, альбо ў СССР – але не вытрыманыя ў свеце рашэнняў чарговага з’езда КПСС, ці проста не ў рэчышчы сацыялістычнага рэалізму – выходзілі ў свет толькі самвыдатам. Добра вядомы і ў цяперашні час даследчык беларускай літратуры англійскі вучоны Арнольд Макмілін яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя напісаў грунтоўную кнігу, прысвечаную гісторычнаму аналізу беларускай літаратуры. Энтузіасты пераклалі гэты твор на рускую мову і надрукавалі на машынцы. Атрымаўся салідны і аб’ёмны самвыдат. Заканчваўся твор наступнымі радкамі:

Аднак, найбольш лірычным з усіх беларускіх пісьменнікаў жанру кароткага апавядання з’яўляецца Міхась Стральцоў, адзін з найбольш выдатных прадстаўнікоў пакалення, літаратурная дзейнасць якіх пачалася ў 60-я гады. Паэт-філосаф і пільны крытык Стральцоў асабліва паважаны за яго высокаэкспрэсіўную, эмацыянальна ўзвышаную прозу.

Зразумела, такое яўнае вылучэнне амаль невядомага з пункту гледжання афіцыйнай іерархіі беларускіх літаратараў М. Стральцова мала падабалася масцітым, але не такім таленавітым пісьменнікам, як ён. Тым больш з такой біяграфіяй. І ў савецкія часы Стральцоў заставаўся малавядомым пісьменнікам.

Праўда, пасмяротна Міхась Стральцоў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларускай ССР імя Янкі Купалы за зборнік вершаў «Свеце мой ясны» (1986 год). Яго творы былі перакладзены на рускую, балгарскую, польскую і англійскую мовы.

Сукупнасць згаданых складаных адносін да Стральцова, замяшаных на яго не зусім “савецкай” біяграфіі і, гэта найбольш верагодна, – на самай непрыхаванай зайздрасці з боку высокіх чыноўнікаў, а таксама многіх пісьменнікаў, у тым ліку і блізкіх – саслужыла яму дрэнную службу ў апошнія гады жыцця. Так, у тым жа 1986 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літатаратура” было запланавана выданне шэрагу двухтомных збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Быў складзены вялікі план, у які было ўключана каля 30 пазіцый. І траіх з гэтага плана потым выкінулі: Віктара Карамазава, Дануту Бічэль і Міхася Стральцова.

Віктар Карамазаў успамінае: “Міша да гэтага не быў абыякавы. Але ён не хацеў хадзіць. Гэта не той быў чалавек. Тым больш кагосьці прасіць… Рыгор жа (Барадулін – А.А.), сябра – і складае план, і выдае, што ён сказаў, тое закон. А пасля маёй хадзьбы, я нават у Антановіча быў, сказаў: “Такія пісьменнікі выкідваюцца…” Ён сказаў – ЦК цяпер не ўмешваецца”.

Пасля смерці Стральцова была складзена камісія па захаванні спадчыны пісьменніка. Здаецца, ужо ж няма таго, каму зайздросціў літаратурны Алімп. Але толькі не ў беларускім пісьменіцкім асяроддзі. Яшчэ адзін фрагмент размовы з В. Карамазавым: “Увайшлі ў камісію Брыль, Дранько-Майсюк, Кудравец, я, жонка Міхася і Барадулін. Брыль прапанаваў выданне трохтомніка Старальцова. Ён сказаў: Мы ведаем, што Стральцоў мала напісаў. Давайце такія сучасныя еўрапейскага фармату тры томікі выдадзім: томік прозы, томік паэзіі і томік крытыкі. Выдатнае падарункавае выданне. У мяне пратакол. І гэты пратакол лёг на стол. Барадулін быў загадчык перавыданняў. Фактычна што ён сказаў, тое і рабілі. Два разы пратакол насіў туды. І роспіс Барадуліна быў…

Не выдалі. І не ўключылі нават у план”.

На гэтым заканчваецца савецкі перыяд “захавання спадчыны” М. Стральцова. Другое адкрыццё Міхася Стральцова для грамадскасці было зроблена ўжо новым пакаленнем беларускіх літаратараў.

Літаратар і перакладчыца Н. Ігрунова: “…Але пасля сваёй раптоўнай смерці менавіта Стральцоў стаў фігурай культавай. Пра яго пішуць успаміны і артыкулы, з яго прозай узаемадзейнічаюць, развіваючы яе матывы альбо палемізуючы з ёй, новыя беларускія пісьменнікі”. І яшчэ: “За мінулы час імя Міхася Стральцова стала паролем сваеасаблівага тайнага брацтва беларусаў на Радзіме і ў выгнанні, паэты і празаікі розных школ і накірункаў напісалі гэтае імя на сваіх штандарах” (Л. Турбіна).

Варта пералічыць некалькі культурніцкіх праектаў, звязаных з імем пісьменніка. У 2012 годзе быў заснаваны міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова. Гэты фестываль праходзіць у Інстытуце Гётэ і адбываеца ў дзень нараджэння пісьменіка – 14 лютага.

 Найбольш урачыста праходзіў другі фестываль – 14 лютага 2013 года, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння паэта, у якім прыняло ўдзел больш за 200 чалавек. Арганізатарамі фестывалю былі: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Інстытут імя Гётэ ў Мінску, а таксама Шведскі саюз пісьменнікаў.

Творы Міхася Стральцоў сталі аб’ектамі новых форм мастацтва, што парадзіў век інфармацыйных тэхналогій – ХХІ-шы. Вось такое паведамленне можна было знайсці ў інтэрнэце: “Культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” прадстаўляе першы ў Беларусі прафесійны буктрэйлер, створаны паводле апавядання Міхася Стральцова “Смаленне вепрука”. Запрашаем усіх скарыстацца культурніцкай машынай часу і перанесціся ў 1973 год, стаць часткай Стральцоўскага космасу і разам паспрабаваць разгадаць адзін з найбольш загадкавых твораў беларускай літаратуры!” Так што віншую, Міхась Лявонавіч, з буктрэйлерам. Што, не чуў такога заморскага слова? Я – таксама.

І на заканчэнне зусім прыемнае даследванне з таго ж Інтэрнету. Тычыцца яно яшчэ адной загадкі Старальцова – зайздраснага поспеху сярод жанчын. Ала Сямёнава, напрыклад, адзначала: «Міхась Стральцоў не быў пазбаўлены ўвагі жанчын. І ў апошнія гады ён зазнаў вялікі жаночы інтарэс да сваёй асобы». Паводле Анатоля Сідарэвіча: «у рэдакцыі Мастацкая літаратура ў жанчын быў, можна сказаць, культ Стральцова».

У жывым дзённіку літаратуразнаўцы Алы Брадзіхінай (http://veragodna.livejournal.com/84598.html) некалькі год таму ладзілася галасаванка па выяўленні 20-ці самых атрактыўных мужчын-беларусаў. Зразумела, апытанне насіла жартаўліва характар. Але ўсё ж… Зірнем на яго вынікі:

«Дык хто, сябры, на вашу думку, можа прэтэндаваць на ролю секс-сімвала самага атрактыўнага мужчыны беларускай літаратуры?

Прынялі ўдзел: 57 чалавек. Спіс лідараў і вынікі галасаваня: Максім Багдановіч 13(21.0%), Максім Танк 8(12.9%), Уладзімір Дубоўка 12(19.4%), Алесь Гурло 0(0.0%), Альберт Паўловіч 3(4.8%), Міхалка Петрукоў 2(3.2%), Міхась Стральцоў 15(24.2%), Кастусь Каліноўскі 6(9.7%), Міхась Зарэцкі 0(0.0%), Лукаш Калюга 3(4.8%)».

Такім чынам, Стральцоў на першым месцы! – 24.2%, Максім Багдановіч на 2-м з 21%. Дзве загадкі – пачатку ХХ стагодззя (Максім Багдановіч) і канца ХХ стагоддзя (Міхась Стральцоў) апынуліся і тут побач!

 

* * *

І на заканчэне.

Я ўспамінаю: “Ён хоча думаць: я засяцярогся, я сказаў”.

Думкі спраўдзіліся, Міхась. Ты – СКАЗАЎ!

 

Што я хацеў, што я хацеў,

Што за праява адбылася?…

Я сніў, што сам я адляцеў –

Душа ўзяла і засталася.

 

 

comments powered by HyperComments