Дастаткова грубая, калі не сказаць разбухлая. Там многа ўсяго. Запісы размоваў, выпадковыя нататкі. Старонкі часопісаў з публікацыямі, выцінкі з газетаў. Фотаздымкі. Энцыклапедыя прамінулага, дзе сабраныя шмат якія выпадковыя і невыпадковыя рэчы. Я люблю пераглядаць яе змесціва: перачытваць чарнавыя накіды, класіфікаваць, шукаць забытыя скарбы. Як я ўжо казаў, я дастаю тэчку ў асаблівыя моманты: не толькі тады, калі штосьці не так, ці ўжо занадта добра. Часам гэта лёгкае хваляванне перад новым. Альбо адваротна, адчуванне тупіка. Ці трывога. А часам проста хочацца прынюхацца да самога сябе – іншага, штосьці спраўдзіць, зразумець. Я ведаю дакладна, што калі дастаю і пераглядаю ўсё гэта, са мной абавязкова нешта здараецца. У самай найбліжэйшай будучыні. Тэчка падпісаная “Вершы Францішка: выпісы і адхіленні”. Яго вершы там таксама знаходзяцца.
* * * Сляпы паэт дажывае жыццё ў Вільні Горадзе, у якім паветра мае гісторыю
Ён прачынаецца, прыгадвае галасы дрэваў Дакранаецца да ценяў, ідзе па калідоры на кухню
Гатуе каву, вяртаецца з ёй у пакойчык Бярэ адну з нялічаных кнігаў
Што прыгожа і з гатовасцю стаяць на паліцах Сядае ў фатэль, адгортвае на выпадковай старонцы
І ўглядаецца ў верш, пра тое, што лепш не бачыць Як час за вокнамі глытае пыл чалавечы
* * * Штосьці пячэ ўнутры як быццам колы павярнуліся слабасць стала як сіла а сіла слабасцю
каштаны і клёны ўбраліся ў чырвань часу і вецер за вокнамі пяе пра жоўтае сонца
* * * Час шапоча пеаны Шэпча шэрыя сутры
Крокі Крывёю расквеціць
Альбо Пакіне ў спакоі
У Шоргат Верыць не верыць
Крочыць альбо захавацца
Шэрай крывёй захлынуцца Шэптам сказаць даволі
* * * Прадзіраючыся праз коміксы, Што падсоўвала ім эпоха
Праз чэргі ў супермаркетах, Распродажы сноў У прыгарадных электрычках
Праз шэлегі, леі і франкі, Што прыходзілася выпрошваць у Часу
Праз вусціш пустых світанкаў, Праз адчай пурпуровы
Паміраючы, уваскрасаючы, Падыходзячы да самага скраю
У самым сэрцы начы, Яны разумелі:
Наступала новая яснасць
* * * Лялечныя мінатаўры Пад халодным небам Эдэма
Абазнаныя У прыходах поўні У раптоўнай восені, снах, перапынках
Майстры Няпэўнасці, самоты
Адчаю зеленавокага Светлай тугі напрадвесні
Чакаюць вецер з усходу
Не ведаюць Хто з іх Эдып, хто Тэзэй А хто Арыядна
* * * Больш непатрэбны словы, каб гаварыць Слёзы, каб плакаць
Аблокі, каб любіць вецер І ветразь, каб плыць у акіяне
Толькі сны Толькі абуджэнні
Толькі самотны шпацыр Па самым скраі
Заблытанай, ледзьве бачнай сцежкі Жыцця і смерці
Стары валацуга Куан Дэ (狂德) ўглядаецца ў сваё сэрца Вядомы падарожнік па мянушцы Куан Дэ – дасканалы ў шаленствах Не выходзіць з дому апошнія пяць стагоддзяў Гартае на дасвецці старыя забытыя кнігі І ведае ўсё, што будзе – да самых дробных драбніцаў
Любіць размаўляць з журавамі пра веснавыя танцы Даглядае на гародзіку гарбузы і рэпкі Часам строіць гучанне свірысцёлачкам і жалейкам Але збольшага цікавіцца майстраваннем сэрца
* * * Мудрае сэрца падобнае крыху да флейты Грае пяшчотна, калі ў душы вецер І крыху да куфра – бо ўсё, што ні ёсць пад небам, можа схавацца і будзе там у бяспецы
Малое сэрца рыхтык, як птушанятка корпаецца ў найбліжэйшым, сочыць за кожным гукам цешыцца сярод дробязяў, але з вялікаю верай У цеплыню і міласць, і ў дасканаласць свету
* * * Вялікае сэрца хаваецца ў бязмежным У золаце надвячорка, сярод белапенных хваляў Гоіць і суцяшае, верыць і спадзяецца У кожным тваім імгненні, у цёплым Тваім дыханні
* * * Брыль у дарогу Майструе з апалага лісця Стары валацуга
Куан Дэ чытае Бгагаватгіту Што мне тады адказаў Крышна, я не помню Было горача, з абодвух бакоў ляцелі стрэлы
Потым адразу: канец лета, стары парк, рака І жанчына камусьці шэпча: маё дзіцянятка
Калыска сярод каштанаў, птушыныя галасы Сэрца б’ецца ўнутры трапяткім камячком, нібы ў палоне
Вецер заблытаўся сярод густой духмянай травы І яшчэ дзесяць тысяч год расці дрэвам
Куан Дэ перапісвае Шэкспіра Ён не спяшаўся апранаць маску, хвіліну запаволіў На бакавым калідоры, перад тым, як выйсці на сцэну
П’еса ішла даўно і падышла да развязкі Кароль прымаў дары на вяршыні славы
Каралева сядзела за кроснамі, пляла інтрыгі Прынцэса, у таварыстве сябровак, чакала прынца
З будкі суфлёра спяваў хор менестрэляў І ўсе як адзін па сюжэце ўдавалі шчаслівых
Яго роля была надзвычайна простай Увайсці на сцэну, раптоўна, у апрычоны момант
Сказаць праўду: паўсюль здрада, усё падвісла на нітцы Ворагі зусім блізка, пільнуюць ля самых межаў
Урэшце ён падаў на падлогу, з нажом у сэрцы І ўсе пляскалі – у радасным шале – ад смерці героя
Ён мусіў чакаць, пакуль не празвінелі званочкі Але гэтым разам было не так, як звычайна
У вялікай залі было ціха і цёмна На крэслах партэру сядзелі хіжыя птушкі
Месяц схаваўся за хмары, сціх вецер І хтосьці Незнаёмы на небе падмалёўваў зоры
Потым ён ішоў па пустой дарозе у адсутнасць Думаў пра яе сны, пра значэнне слова навонкі
Дакранаўся да зорак, слухаў галасы і шэпты І крыху шкадаваў, што забыў назву тэатра
Куан Дэ думае пра родную мову Жалейка мая, свірысцёлачка Сястра мая, маё шчасце
Твае гукі чыстыя Тоны незамутнёныя
Са мной, праз сны і аблокі Са мной, у жыцці і ў смерці
У халодным чэрвені І ў трывожным лістападзе
Грай, не спыняйся
* * * Звар’яцелы падарожнік Куан Дэ Марыць прайсці праз свет як меч праз фіранку І выйсці на той бок – у гаючую пустэлю Дзе ўжо няма справы да слоў – і сноў – Амітабхі
Крыху хвалюецца, ці не надта гэта нахабна І ці не будзе парушана тонкая раўнавага дхармаў І хто тады, калі Я не ўбачыць сябе ў люстэрку Возьме пэндзаль і туш і занатуе гэтыя словы
* * * Калі памірае мова Птушкі не вяртаюцца з выраю І сны гарчэюць
* * * Як быццам падышлі да скраю І там адкрылася мора І цяпер можна плакаць, смяяцца Можна ісці як ветразь
Збіраць па беразе камні: Ракаўкі і каралі Быць як птушкі, як неба І не баяцца смерці
* * * Калі не застаецца Я Хто цябе ўбачыць, вецер?! comments powered by HyperComments |