Вольга Бабкова (№114)

Белы крыж на чорным кенатафе,

альбо З Міцкевічам у Канстанцінопалі

…Калі нада мною стане смерць,
то маюць дочкі і ўнукі мае
душою маею пячалаваці…
З тастамента татарскага князя Троцкага павета
Асмана Абрагімавіча. 1566 г.

Ва ўтульным мінскім скверы, дзе ўражваюць шаты каштанаў і ўсё лета цвіце шыпшына, прысеў прыгожы чалавек – Міцкевіч. Калісьці тут быў насыпаны земляны вал, які адрэзаў Старое места ад палёў, лясоў ды пагоркаў, а цяпер – цэнтр горада паміж Нямігай і Праспектам. Задуменная пастава паэта павернутая ў бок даўніх кварталаў і вузкіх вулак. Дык ці бываў Адам Міцкевіч у Менску? Не. Не бываў. А вось цяпер ёсць.

Але мне хочацца перакінуць уяўны паветраны масток ад Менска да Стамбула, дзе давялося пражыць шэсць дзён і назаўсёды пасяліць горад-магут у душы, недзе нападалёк ад горада-магніта Вільні. І адно, і другое места паводле легенды з’явіліся на зямлі пасля прарочых сноў сваіх заснавальнікаў.

У Канстанцінопалі/Стамбуле Міцкевіч прабыў 66 дзён (ад 22 верасня да 26 лістапада 1855 года), але ж – сваіх апошніх.

 

* * *

Квіткі на пералёт чакалі мяне з дачкой Багданай ад Калядаў да пачатку красавіка, улюбёнага месяца ў годзе, калі зносіць голаў ад неабдымнасці абшару над голымі дрэвамі.

Нішто не замінае небу ў красавіку. Беларусь, ад зямлі якой мы адарваліся ў бязмежны блакіт, нагадвала ў гэты ранні вясновы час лясны дрымотнік, ці сон-траву, а горад на беразе Басфора, – бадай, пярэсты аксамітнік.

Дзве часткі свету – Еўропа і Азія – шчодра змяшаліся перад вачыма пад купалам агромністага шклянога гмаху старога аэрапорта па нашым прызямленні. Стракаты натоўп быў падобны на гіганцкую масоўку пры здымках кіно. Захутаная ў фіялет афрыканка з зыркай жоўтай чалмой на галаве і абсалютна роўнай спінай. Стары індус ў белых апранахах і сланцах на смуглявых нагах з ахайнымі доўгімі пальцамі. Яркія і галасістыя сціжмы дзяцей. Шмат вазкоў з дагледжанымі старымі падарожнікамі і іх памагатымі. Вольныя ў рухах еўрапейцы са скуранымі сакваяжмі. Кітайцы, кітайцы, кітайцы. Роўны гуд, няспешны рух вялікай колькасці мэтаскіраваных людзей. Суцэльны Вавілон. А можа быць, я проста рэдка перасягаю кантыненты?

На новыя мясціны заўсёды глядзіш быццам праз добра працертыя шкельцы. Кожная драбяза кідаецца ў вочы, кожны новы пах прымушае спыніцца і азірнуцца. Урэшце, водар у кожнага горада свой. А тут яшчэ столькі легендарнай вады сілкуе паветра.

Раніцай нас пабудзіў не спеў пеўня. Ясная рэч – крык муэдзіна. Было вельмі рана, хаця за фіранкай ужо светла-марэлева, і ягоны азан разносіўся пасярод абсалютнай маўкліні соннага кварталу. Мячэт знаходзіўся недзе непадалёк, і заклік да малітвы быў нібы адрасаваны кожнаму персанальна. Дзіўная рэч, экзотыка гучнага ранішняга спеву ў світанкавым паветры не сталася траўмай для майго беларускага вуха. “Мула”, “молла” – згадваліся словы кірылічнага хуткапісу на пажаўцелай паперы канца XVI стагоддзя, якую так часта сустракаю ў гістарычным архіве. А таксама імёны жыхароў Вялікага Княства Літоўскага – Мухарэм, Алей, Сулейман, Нурум, Айна, Керэм, Фатма, Ясуф, Хадзя, дэрвіш Чэлябір Хадчый Мурзіч…. І зноў – у салодкі сон на пульхнай белай падушцы новага мейсца.

Вось мы і прачнуліся ўпершыню ў абдымках “сяміпагоркавага спадара” – горада на берагах двух мораў і праліва Басфор. Горада, у якога было столькі найменняў і місій, праз які прайшлі сотні народаў. Горада, які так і не страсянуў з сябе плыўкі морак пад назвай “хюзюн”.

Стамбул уражвае. Мы жылі ў невялічкім гатэлі на паўночным беразе затокі Залаты Рог непадалёк ад плошчы Таксім і адной з галоўных вуліц вялікага горада – Ісцікляль (Гран-рю-дэ-Пэра). З крутога пагорка квартала была бачная Галацкая вежа, а значыць, мы не маглі не чуць дыханне Басфора. Цікава, але ў гэтым мегаполісе карцела знаходзіць і прыкмячаць паралелі з Менскам (хацелася напісаць “Мінскам”, але на стамбульскім фоне не атрымалася). Напрыклад, Менск таксама стаіць/стаяў на сямі пагорках, таксама мае дзве трывалыя назвы, як і Стамбул-Канстанцінопаль. А выява галоўнай менскай Захар’еўскай вуліцы канца ХІХ стагоддзя з трамвайнымі рэйкамі пасярод і ў атачэнні камяніц – адно ў адно падобная на фрагмент вуліцы Ісцікляль… А яшчэ гаршчкі з цыкламенамі/пеларгоніямі ў вокнах… Бадай, і ўсё. Каты? Нашым вулічным бадзяжкам такое не снілася. Апроч лагоднага клімату, столькі лагоды і ўвагі ад гараджанаў! Тут культ дваровых катоў, яны паўсюль – на цёплых скураных сядзеннях матацыклаў і скутараў, на нізкіх дахах і прызбах пад вітрыннымі вокнамі, нават ў скрынцы з таннай біжутэрыяй каля касы ў вялікім магазіне. Спіць сабе такі руды таўстун і ў вусы не дзьме, паглядаючы адным лянівым смарагдавым вокам на чаргу пакупнікоў, а крамнікі не праганяюць. Каціную кунегу на векі вечныя забяспечыў стамбульскім жывёлінкам невядомы кот, які нібыта ўратаваў аднаго са шматлікіх султанаў ад укусу атрутнай гадзюкі. Уражвала тамтэйшая коткавая няспешнасць і лянота, а таксама шматлікія сподачкі з чыстай пітной вадой для вуркотаў амаль каля кожных вулічных дзвярэй.

Звычайна мы ішлі снедаць у раён Джыхінгір, павольна набліжаючыся да адной з мэтаў паездкі – Музея нявіннасці, прыдуманага і створанага пісьменнікам Арханам Памукам з нагоды свайго аднайменнага рамана. У Менску гэта набліжэнне падавалася нерэальным, але вось мы ўжо сядзім за столікам вулічнай кавярні праз квартал ад музея і бачым, як з дома насупраць старая жылістая турчанка ў стракатай ядвабнай хустцы, чымсьці падобная да народнай артысткі Беларусі Зінаіды Зубковай, спускае па вяроўцы з гаўбца трэцяга паверха саламяны кош, у які чалавек знізу кладзе свежы хлеб. Нібы адгортваецца старонка рамана, дзе падобная дзея была апісаная мімаходзь.

Да музея мы спускаліся па крутой вузкай вуліцы, а знізу, відавочна кіруючыся туды ж, ішоў чалавек з кнігай у руцэ. Адно што раман Памука ў яго быў па-французску. Мне асабліва хацелася адшукаць сярод экспанатаў музея айвовую тарку галоўнай гераіні рамана. Не верылася, што знайду такую драбязу. Але ёй была адведзена нават асобная падсвечаная палічка. Музей цноты ва ўсёй сваёй красе!

Вярталіся ў гатэль пад вечар, увесь час саскокваючы на вузкі ходнік з крутой нешырокай дарогі, бо па ёй на жахлівай хуткасці несліся матацыклы, машыны з прычэпамі, пакрыквалі вазніцы з цюкамі. А ходнікі былі так загрувашчаныя трантамі каля шматлікіх кавярняў ды крамак і купамі рагатага хмызняку для распалу, што ісці выпадала адно па праезнай частцы.

І вось тут, на шырокім гатэльным ложку, выцягнуўшы таптушкі ўзору 2018 года, адбылося надзвычай важнае. Багдана, якая выдатна чытала ўсе мапы свету, раптам здзіўлена войкнула, водзячы пальцам па схеме Стамбула: “Ого! За чатырыста метраў ад нашага гатэля – дом, дзе памёр Адам Міцкевіч!” Мы ўскочылі адначасова і адразу рушылі ў супрацьлеглы ад цэнтра бок, па крутой дарожцы ўніз, абыходзячы пустыя скрыні, бутлі, мяхі са смеццем, якіх чым далей, тым рабілася больш.

Раён, дзе месціўся наш гатэль, называўся Беёглу, а мікрараён – Бюль-Бюль. Скарачаючы шлях, мы спускаліся ўсё ніжэй праз бруднаватыя двары, густа занавешаныя на працягнутых ад дома да дома вяроўках з вымытай бялізнай. З вокнаў выглядалі жанчыны, дзеці гулялі проста на дарозе, вецер ганяў абрыўкі абвестак, абгортак, газет… Шчыльныя адзін да аднаго дамы рабіліся ўсё больш убогімі, кавярні і кебабні выглядалі проста як летнія “пералётныя” павільёны.

На рагу вуліцы Татлы-Бадэм, што ішла ўгару, стаяла замкнутая камяніца з шыльдай. Камяніца выглядала тут чужаватай. Была нетутэйшага фасону, адрознага ад наваколля. А непадалёк ад мураванага дома рос паважнага веку платан. Як бялёсы магутны пітон, ён нахіліўся ад старасці амаль усутыч да зямлі, са старасвецкай ветлівасцю дазваляючы абклейваць сваё гладкае тулава дзясяткамі рознакаляровых абвестак. Вясёлкавы добры платан. Думаю, ён мог быць і сведкам нашай цікавасці, і памятаць Міцкевіча з ягонымі спадарожнікамі той даўняй выправы – Генрыхам Служальскім, Арманам Леві, ксяндзом Ялавіцкім, князем Уладзіславам Чартарыйскім…

Музей працаваў да 19.00. Было значна пазней, хаця і светла. Мы хіба што не абмацвалі драўляныя дзверы і тынкоўку, вывучалі шыльду, калі дзверы прыадчыніліся і вартаўнік у мундзіры паабяцаў “Прыходзьце заўтра, я вам усё адчыню і пакажу”. Чамусьці калацілася сэрца. Штосьці не надта вытлумачальнае даўно лучыла мяне з Міцкевічам. Цеплыня тэракотавых вокладак кніг з яго ліставаннямі на колішняй хатняй паліцы? Гісторыя маіх бацькоў пра нечаканы падарунак двухтомніка Міцкевіча на мінскім праспекце ад былога аднакурсніка маці, закаханага ў яе, які пры сустрэчы, даведаўшыся пра шлюб, падараваў дзве кнігі, што нёс пад пахай? Ці купалаўскі спектакль “Пан Тадэвуш”, які павезлі ў Парыж, і па вяртанні Мікалай Пінігін пазваніў і так радасна і натхнённа распавядаў пра паездку і колішні поспех?.. А побач плакала мая дачка, і я не магла напоўніцу падзяліць гэтую радасць… Пакуль рыхтаваўся той спектакль, даведалася шмат пра парыжскі перыяд паэта і яго атачэнне, а тут яшчэ выдатная п’еса Марыюша Івашкявічуса “Містар” у перакладзе Сяргея Шупы, якую ўпершыню прачытала, прыйшоўшы ў тэатр на працу. А яшчэ “Дзяды” “Тэатра Ч” з такім запамінальным Густавам-Конрадам:

 

Цёмна, людзi,

глуха, людзi…

Штосьцi будзе,

штосьцi будзе…

 

Калі ляцелі ў Стамбул, я зусім забылася пра тое, што гэты горад-магут прытуліў на імгненне нашага паэта, ды не захаваў яму жыццё. Ягоныя вочы закрыліся ў той лістапад тут назаўсёды.

На наступны дзень, калі мы стаялі ў пустым чорным цокальным памяшканні перад мармуровым чорным кенатафам з белым крыжам, ахоўнік распавёў, што перад апошнім падарожжам у Парыж, цела пілігрыма ляжала тут колькі дзён, чакаючы карабля. Цішыня і цемра ў каморы была глухой, амаль касмічнай. Белы крыж сляпіў вочы, а пасля доўга жыў на сятчатцы вока. Горад за сценамі камяніцы і так падаваўся нерэальным праз сваю пярэстасць, шматслойнасць і шматгалоссе, а гэтае ціхае журботнае месца, дзе калісьці ў пакутах сканаў паэт з тваёй зямлі, проста агаломшыла. Не ведаю, якім назваць словам тое пачуцце. Але яно было жывым і трывожыла.

На выхадзе нас ізноў сустрэў сівы платан, абклеены стракатымі абвесткамі. Згадала, што і Міцкевіч прыехаў у Стамбул зусім сівым. Урэшце такім ён быў ужо ў апошнія гады выкладання ў Калеж дэ Франс.

Пасля нечаканай “сустрэчы” з Міцкевічам Стамбул павольна, але няўхільна пачаў ператварацца ў нашых вачах у Канстанцінапаль сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Атрымаўшы, стоячы над белым крыжам на кенатафе, невымоўны пасыл, рэшта падарожжа набыла яшчэ больш цікавы і творчы расклад.

“Ёсць гарады, прыдуманыя Богам, ёсць гарады, прыдуманыя д’яблам…” (Уладзімір Арлоў). Гэты горад прыдумалі людзі і стварылі яго такім магутным і трывалым, што стагоддзямі іх нашчадкі працягваюць крочыць па тых самых каменных плітах вуліц, бачыць тыя самыя будынкі, углядацца і вышукваць метафізіку ў водах Басфора. Значыць, і Міцкевіч мог хадзіць па гэтых старых завулках, бясконца падымацца ўгару па крутых вуліцах, а пасля спускацца, як гэта рабілі і мы. Нашыя валізы на колках пераганялі нас пры спуску да невялікага гатэля, а хто нёс сакваяжы Адаму? Конныя даламушы, якія былі створаныя паводле вобраза французскіх амнібусаў, з’явіліся толькі напрыканцы стагоддзя, і то – паводле ўспамінаў тагачасных падарожнікаў – “скакалі, нібы курапаткі з каменя на камень” па кепскіх дарогах. Верагодна, быў наняты вазніца, адзін з тых, якія звыкла нагрувашчвалі на свайго каня шмат паклажы і часам бязлітасна білі коней проста пасярод горада. На конях перавозілі свой тавар і гандляры хлебам. Цокат капытоў па каменных дарогах быў звыклым, але ў часы, калі горад наведаў Міцкевіч, не ўсе вуліцы былі прыдатнымі для праезду, асабліва позняй восенню, якая выпала тут Міцкевічу. Жыхары горада прадчувалі набліжэнне восеньскай слоты праз асаблівы пах мора і водарасцей. У верасні пачыналіся буры, а разам з імі магутныя залевы. Пасля іх ўсе гарадскія плошчы і вуліцы стаялі па калена ў вадзе. Калі пазней у якім-колечы раёне горада калі-некалі зараджалася пошасць і пачынаўся паморак, адмысловыя службы пасыпалі вуліцы вапнай, але ж горы бруду ў цесных кварталах ад гэтага нікуды не знікалі. Усё гэта мог заўважаць Адам.

Мы з дачкой не раз перасягалі плошчу Таксім, вяртаючыся ў гатэль. Таксім – трывожнае сэрца Стамбула. За шэсць дзён яна сталася пазнавальнай да дэталяў – вось уваход у метро, тут можна выпіць гарбаты, а тут выйсці на Ісцікляль, а тут, на рагу, у прыцемках, спінай да Таксіма падпіраюць сцены густа нафарбаваныя дзевы ў пярэстых шчыльных ласінах… А тады, у часы Міцкевіча, гэтая мясціна была голаю пусткай, роўняддзю, дзе месціліся старыя могілкі ў кіпарысах, якія ён не мог абмінуць у сваіх вандроўках па горадзе. “Мяне пераконвалі, што ў Смірне павінен быць грот Гамера, але там мяне гэта не зацікавіла. Я прыглядаўся да іншага. Былі там навокал груды гною і смецця, усё разам: памыі, косткі, бітыя жбаны, кавалак падэшвы ад старой пантофлі, крыху пёраў – вось што запала мне ў душу! Я доўга стаяў там, бо ўсё было дакладна такім самым, як перад карчмой у Польшчы…” – прачытала ў кнізе аўтара біяграфіі паэта Мечыслава Яструна.

Другі паэт, сын хірурга напалеонаўскай арміі Жэрар дэ Нерваль, што наведаў Канстанцінопаль на некалькі гадоў раней за Міцкевіча, пакінуў свае ўспаміны ў кнізе “Падарожжа на Усход”. Раён Беёглу паводле яго – “Велізарныя, бясконцыя лугі, парослыя дзе-нідзе цяністымі хвоямі і грэцкім арэхам”. Ён жа параўнаў гэты горад з тэатрам. “На спектакль лепш глядзець з глядацкай залы, не імкнучыся зазірнуць за кулісы, дзе вас могуць чакаць бруд і ўбогасць…”

Калі б у Канстанцінопалі былі снежныя зімы са слізкімі ходнікамі (а снег тут рэдкая з’ява), то не выключаю, што дарогі маглі б густа пасыпаць кававай гушчай і жмыхам ад гарбаты, якія піліся тут заўсёды ў вялізнай колькасці, праўда, зусім маленькімі порцыямі.

Яшчэ адзін сучаснік Адама Міцкевіча, французскі пісьменнік-вандроўнік Тэафіл Гацье. таксама апынуўся ў Канстанцінопалі пасля адзінаццаці дзён марскога падарожжа з Парыжа, за тры гады да з’яўлення тут Міцкевіча. Ён пражыў у горадзе два месяцы і таксама пакінуў свае ўражанні. Гацье якраз цікавілі “кулісы” Канстанцінопаля – руіны, ускраіны, закуткі ды закануркі старажытнага места. Яны вабілі вандроўніка больш, чым славутыя турыстычныя цікавосткі. Абодва французскія літаратары былі агаломшаныя фарбамі горада, тэмпам яго жыцця, бляскам пабачаных цырымоній. Так, гэта быў перыяд, калі разбурэнні і страты яшчэ не наклалі свайго трагічнага адбітку, бо Асманская імперыя пакуль трывала стаяла на нагах. Верагодна, што Нерваль і Гацье, якія даследавалі горад узору 50-х гадоў XIX стагоддзя, жылі ў тагачасным еўрапеізаваным Беёглу, у якім воляю лёсу ў XXI стагоддзі апынуліся і мы з Багданай, а ў 1855-м – Адам Міцкевіч. Менавіта тут знаходзіўся ў тыя часы гатэль “Імперыял”, які абжылі і палюбілі замежныя турысты. Тут, у Беёглу, было безліч галантарэйных, абутковых і кандытарскіх крамак. Іх трымалі грэкі-фанарыёты, жыхары квартала Фанар, далёкія нашчадкі візантыйцаў. Бадай, гэта быў найбліжэйшы “гандлёвы цэнтр” ад апошняга прытулішча Міцкевіча. Як не ўявіць, што і яму даводзілася набываць тут самыя неабходныя рэчы для свайго сціплага аскетычнага побыту. Вулачкі паміж Таксімам і Тэпебашы, старыя кварталы Перы, пабудаваныя яшчэ ў XVIII стагоддзі армянскімі майстрамі, верагодна, дзівілі сваёй пярэстасцю нават яго, спрактыкаванага вандроўніка па Крыме, Расіі, Еўропе. Дзівілі і прыцягвалі ўвагу, і, магчыма, міжволі параўноўваліся з краявідамі сваёй дарагой Літвы. Агаломшвала падарожнікаў і шматмоўе канстанцінопальскага жыцця. Тут прамаўлялі прадстаўнікі грэчаскай, габрэйскай, армянскай дыяспар. На вуліцах гучала турэцкая, грэчаская, армянская, італьянская, французская, англійская, польская мовы.

Напачатку ХІХ стагоддзя толькі палова вялікага горада вызнавала іслам, рэшта была нашчадкамі візантыйцаў, таму ў часы тагачаснай спелай Асманскай імперыі нават туркі без ваганняў называлі сваё места Канстанцінопалем. Гэта ўжо праз сто гадоў пасля смерці Міцкевіча, у 1955-м, у Стамбуле адбудзецца жахлівы грэчаскі пагром, калі ад гвалту пацерпяць дзве візантыйскія цэрквы Марыі Мангольскай і святой Ірыны, якія ніколі за сваю гісторыю не былі мячэтамі. Міцкевіч апынуўся тут ў часы, калі Асманская імперыя моцна трымала свае пазіцыі, а 31-ы султан імперыі Абдул Меджыд быў захоплены еўрапейскай культурай, што амаль ва ўсе часы было характэрным і лёсавызначальным для гэтага горада. Пры ім было прынятае заканадаўства паводле ўзору кодэкса Напалеона, з’явіліся чыгунка і тэлеграф (як не згадаць тут менскага рэфарматара Караля Чапскага), а немусульманам дазвалялася служыць у войску. У модзе была французская мова і французскія ўборы.

Галоўная вуліца раёна Беёглу – Гран-рю-дэ-Пэра (Ісцікляль) – у 1843-м выглядала прыкладна так, як і цяпер. А значыць, так, як у 1855 годзе. Калі мне яна месцамі сапраўды нагадвала менскую Захар’еўскую, то большасці пешаходнікаў і, верагодна, Міцкевічу – Парыж. Бляск вітрын магазінаў, моднікі на ходніках, ювеліркі, крамкі з духмянасцямі, кандытэрыі, англійскія і французскія гатэлі, (там непадалёк, дарэчы, і цяпер будынак Французскага культурнага цэнтра), кавярні, амбасады…, а побач – прыстанкі дэрвішаў абіцелі. Трамвай па гэтай вуліцы пачне хадзіць толькі пасля 1871 года, улагодзіўшы агромністасць горада сваёй прысутнасцю. І, канешне, тут, на цэнтральнай вуліцы, як і па ўсім астатнім горадзе – сціжмы вандроўных гандляроў абаранкамі-сімітамі, рыбай, прысмакамі, зграі бадзячых сабак і рэзкія крыкі басфорскіх кірляў над безліччу галоваў.

З’яўленне літвінскага паэта ў вялікім горадзе Асманскай імперыі было не выпадковым. Яго прывяла сюды не цікаўнасць еўрапейскага падарожніка, а безумоўная місія, якую ён сам усклаў на сябе. У 1853 годзе Турцыя ў альянсе з Англіяй і Францыяй абвясціла Расіі вайну, што атрымала пазней назву “Крым­скай”. Менавіта ў Турцыі пачаў фармавацца польскі легіён і адначасова па раптоўнай задуме Міцкевіча – габрэйскі – супраць прыгнёту Расейскай імперыі і за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Гэта былі пераважна ваеннапалонныя габрэі з Літвы і Польшчы з імёнамі Мошак Цыбуля, Аарон Розенберг, Давід Цялёнчык, Шлёма Агарынскі, Самуэль Вінагура, Абрам Пайтач ды іншыя. Галоўнай постац­цю ў стварэнні габрэйскага легіёна і быў паэт.

Гэтая падзея мела перадгісторыю. У 1850-м Асманская імперыя адмовілася выдаць Расіі і Аўстрыі польскіх удзельнікаў рэвалюцыі 1848 года, да якой спрычыніўся Міцкевіч. У Італіі яму ўжо атрымалася стварыць польскі легіён. Новым і, на жаль, апошнім крокам ва ўтаймаванні свайго грамадзянскага неспакою сталася стварэнне ў Канстанцінопалі антырасейскіх атрадаў дзеля змагання з царызмам. На фоне еўрапейскага ландшафту Асманская імперыя на той час выклікала ў паэта большы давер. Апроч усяго, паводле ўспамінаў самога Міцкевіча, гэтыя ўсходнія краі былі яму блізкімі, бо характарам і звычаямі значна больш нагадвалі радзінную Літву, чым Францыя часоў Другой Імперыі. Захаваліся звесткі, што Міцкевіч у Канстанцінопалі пачаў пісаць драму ў прозе.

Вестка пра прыбыццё Міцкевіча вельмі хутка абляцела Канстанцінопаль. Ужо на наступны дзень да яго прыйшлі казацкія старшыны і па славянскім звычаі паднеслі хлеб з соллю. Мечыслаў Яструн перадае словы паэта падчас той урачыстай сустрэчы: “Зірніце, – гэта нашы данскія, запарожскія, украінскія браты. Гэтыя кунтушы, паясы, гэтыя барановыя шапкі, гэтыя жоўтыя і чырвоныя боты – згадваеце? – гонар нашых продкаў, а цяпер наш смутак!”

Калі я намагаюся ўявіць тагачасны побыт Міцкевіча, то абапіраюся на ўспаміны сучаснікаў і тых, хто быў поруч з паэтам да ягонай апошняй хвіліны. Хто суправаджаў яго ў лагер пад Бургасам, дзе на пастоі былі два “польскія” палкі, што складаліся пераважна з казакаў. Хто хадзіў з ім па горадзе, заходзіў па шматлікіх справах у розныя дамы, у вялікі драўляны дом Садыка-пашы і ягонай жонкі практычнай Людвікі Снядэцкай, колішняй віленскай знаёміцы Адама па ўніверсітэце, дачкі прафесара Віленскага ўніверсітэта, удзельніка таварыства шубраўцаў Анджэя Снядэцкага. Мужам Людвікі быў Садык-паша, колішні польскі шляхціч Міхал Чайкоўскі, сын жытомірскага падкаморага і гараднічага Кіеўскага ваяводства Станіслава Чайкоўскага і Петранэлы Глембоцкай, былы паўстанец 1830 года, афіцэр, пісьменнік, які за чатыры гады да прыезду Міцкевіча прыняў іслам і быў прызначаны начальнікам усяго казацкага насельніцтва Порты. Місія Міцкевіча была шчыльна звязаная з гэтым чалавекам, у пэўным сэнсе залежала ад яго. Аднак трывала аселы і ўладкаваны ў канстанцінопальскім побыце Садык-паша са здзіўленнем і непаразуменнем прымаў гарачнасць Міцкевіча, і асабліва – ідэю стварэння габрэйскага легіёна. Пазней, у мемуарах, скардзіўся, што, кіруючыся гэтай “камбінацыяй”, Міцкевіч зрабіў яму вымову за тое, што ў лісце да сваёй жонкі Садык-паша назваў нечуваным жахам бачыць узброеных габрэяў поруч з казакамі пад кіраўніцтвам польскага шляхціча.

Ва ўяўленнях пра апошнюю восень Міцкевіча ў Канстанцінопалі, абапіраюся таксама і на ўспаміны пра сам Горад, які, падобна ўсім гарадам свету, разгортваўся перад намі старонкамі найцікавейшай кнігі. У 1802 годзе рускі падарожнік Аляксандр Краснакуцкі пакінуў для маладых людзей, якіх занясе ветрам на турэцкі бераг, перасцярогу: “Канстанцінопаль – гэта вучэльня асцярожнасці”. Міцкевіч, калі патрапіў у бязладную на першы погляд прастору са слядамі розных эпох, быў даволі сталага веку, але меў выразна акрэсленую мэту. Гэтая мэта захапляла і вяла яго праз усе нязручнасці побыту. Двухтыднёвыя стасункі з афіцэрамі, жаўнерамі і казацкімі атрадамі ў балгарскім Бургасе цешылі і давалі спадзеў. Вайсковыя агляды, перамовы, паляванні, палявыя намёты, цёплая бурка на плячах, буланы конь па мянушцы “Кракадзіл” – усё гэта было паэту па душы. Адно, што вымушала пільнавацца, – зносіны з супляменнікамі ды іх хітрамудрымі інтрыгамі, ніты якіх цягнуліся да Парыжа і Масквы. Непаразуменне і пагроза хаваліся не сярод вайсковых намётаў, не ў лабірынтах брудных завулкаў і стракатых базараў, а ў ахайна згорнутых лістах на аркушах духмянай паперы, на якіх бісерным ці размашыстым почыркам ішлі паведамленні ў сталіцы пра кожны крок апатанага сваёй ідэяй Міцкевіча. Калі б не раптоўная немач, Міцкевіч з гатовасцю прабыў бы ў Бургасе даўжэйшы час. У лісце да Зафеі Шыманоўскай ён пісаў у тыя дні: “У мяне была звычайная лагерная хвароба, усе на яе там адпакутвалі. Нягледзячы на тое, што прыхварэў там, я сумую па лагеры”.

Горад маўкліва прыняў паэта ў свае пярэстыя абдоймы ды раскрыў перад ягонымі вачыма ўсю пекнату, убогасць і свае штодзённыя рытуалы.

Што паспела прыкмеціць вока паэта, апроч інакшасці гарадскога ландшафту ў гэтую восень у Канстанцінопалі? Магутны часаны камень Феадосіевых муроў, што атачалі цэнтр горада, фрагменты старых акведукаў, сляды іпадрома на плошчы Султанахмет, разбураныя дэрвішаўскія прытулкі, гарадскія лазні, нядаўна пабудаваны Абдул-Меджыдам карункавы палац Долмабахчэ, царкву святога Георгія з двухгаловым арлом на фасадзе і мошчамі айцоў царквы, дзе здаўна служыў усялянскі патрыярх, сляды велічэзных падземных цыстэрнаў візантыйскай эпохі, у якіх, паводле запісаў сярэднявечных падарожнікаў, маглі плаваць дзесяць караблёў… Ці давялося Міцкевічу адчыняць магутныя дзверы Святой Сафіі, якія за некалькі гадоў да яго прыезду замянілі, але змайстравалі такімі ж агромністымі, як і ранейшыя, адно што тыя былі зробленыя з дрэва Ноевага каўчэга і лічыліся цудадзейнымі. Ці паспеў Міцкевіч пабачыць танцы дэрвішаў ордэна Руфаі і пятнічны намаз султана Абдул-Меджыда? У той момант увесь вялікі цэнтр горада станавіўся на свае дыванкі і заміраў на каленях, тулавам павернуты ў бок голаса з мінарэта. Гэтак і мы з дачкой апынуліся перад самым намазам заточанымі ў невялічкай кавярні, бо стамбульцы ў малітоўнай нірване запаланілі вузкую вулачку перад выхадам з яе. Гаспадар-грузін параіў перачакаць і не прабірацца паміж нахіленымі мужчынскімі постацямі. І сам стомлена прысеў каля стойкі, склаўшы рукі на фартуху, бо надарылася звыклая паўза ў працы. У той дзень было вельмі горача. Мы проста зайшлі папіць вады.

Цяперашні Стамбул падаўся нам, падарожніцам з Беларусі, на першы погляд надзвычай мужчынскім горадам з асаблівай мужчынскай асманскай культурай, бо на вуліцах, здавалася, амаль не было жанчын. Аднак праз некалькі дзён гендарныя шалі хіснуліся. Жанчыны былі паўсюль, і былі абсалютна розныя. Праява магутнага жаночага свету ахінула нас у велізарным квартале Гранд-базара. Ягоны памер не паддаецца апісанню. Рынкавы квартал быў цалкам запоўнены крамкамі і крамамі з белашвейнымі таварамі. Скруткі тасьмы, карункаў, нітаў усіх мажлівых колераў, ваўняныя і баваўняныя клубкі, найпяшчотнейшая і шчыльная тканіна самых разнастайных гатункаў. Як не згадаць тут экзатычныя назвы тканін часоў Вялікага Княства Літоўскага са старых дакументаў – адамашак, алтамбас (па-турэцку “алтын” – золата, і “бас” – тканіна), бая, герліца, мухаяр, герля, фарботы, багазея, блават, бархан, бель, брукатэла, златаглаў, кір, парп’ян, цындардот, чамлет, шарлат, штамед… Здаецца, менавіта тут яны ўсе і знаходзіліся. Каляровыя сувоі тканінаў перавальваліся праз прылаўкі, вецер надзьмуваў ветразі высока развешаных палотнаў. Горы пульхных ядвабных падушак, гафтаваных абрусаў, сурвэтак ды насовачак, мільёны гузікаў і гаплікаў, карункавая выкшталцоная бялізна, панчохі з павуты… Здалося, што ўсе стамбульскія жанчыны ў гэты момант сядзяць у сваіх пакоях і шыюць, плятуць, вышываюць, перашываюць, займаюцца ткацтвам. Бачылі мы і стамбульскіх мастачак. Яны прадавалі свае мініяцюры на дрэве, і з-пад чорных апранах былі бачныя толькі іх вочы. Але якія! Я думаю, Міцкевіч заўважаў на канстаніцнопальскіх вуліцах захутаныя ў чаршаф ад галавы да кончыкаў пальцаў на нагах жаночыя постаці, магчыма, бачыў, калі па дарозе везлі султанскі гарэм, і шмат размаўляў з эмансіпаванай зямлячкай Людвікай ў доме яе мужа Садыка-пашы ў раёне Бешыкташ над самым Басфорам.

Міцкевіч не мог не назіраць лёгкую смугу над Басфорам у ясныя дні, не мог не пераходзіць ці пераязджаць Залаты Рог па Галацкім мосце ў бок Гранд-базара, не мог не бачыць Святой Сафіі і выцінанак контураў галоўных мячэтаў, шматлікіх рыбароў на мосце, не мог не чуць водару смажанай свежазлоўленай скумбрыі і, магчыма, каштаваў балык экмек, якім і цяпер можна пачаставацца непадалёк ад маста. Я згадваю яго смак, і тое, як мы елі булку з адмыслова запечанай у прыправах рыбінай ў цемры на вуліцы, і на яе крыху крапаў дождж, і было весела і смачна. Тады, калі мост пераходзіў ці пераязджаў Міцкевіч, ён быў драўляным і ўжо дзесяць гадоў як пабудаваным, але яшчэ не называўся Галацкім. Яго некалькі разоў перабудоўвалі, і, здаецца, згодна з запісамі Тэафіла Гацье, мост быў зроблены з лодак ці баржаў і злёгку пагойдваўся.

Паводле нашага сучасніка, турэцкага пісьменніка Архана Памука, бачыць Басфор нават здаля мае для жыхара горада духоўную каштоўнасць, існуе, так бы мовіць, асаблівая “жарсць да сузірання Басфора”. Мы і самі напоўніцу адчулі гэтае пачуццё. Чатыры разы нам давялося пераплываць затоку на азіяцкі бок горада ў Кадыкёй на пароме гарадскіх ліній – раніцай, удзень і ўвечары. У адзін з такіх момантаў перажылі тое, што можна было б назваць эпіфаніяй – адкрыццём невымоўнай у сваёй прыгажосці праявы. Вада Басфора ў тыя хвіліны была не проста вадой, а далягляд – не проста палоскай зямлі. Бываюць рэдкія імгненні супадзенняў, калі слабому чалавеку даецца дзівосная падказка пра таямніцу. Вада Басфора не толькі зіхацела на сонцы, яна лунала над самой сабой і ззяла ў паветры. Апроч гуку суднавага матора і рэзкіх крыкаў кірляў, у адкрытым паветры чуліся тонкія пералівы небывалай музыкі.

Параходы паплылі па Басфоры ў 1850 годзе. Карабель “Табар”, на якім Міцкевіч са спадарожнікамі прыплыў у Канстанцінопаль, праціскаўся па нешырокай затоцы сярод суднаў, ледзь не кранаючы параходныя трубы. У гавані тады стаялі шматлікія гандлёвыя, транспартныя і ваенныя караблі. Тэафіл Гацье пісаў, што амаль у кожнай канстанцінопальскай цырульні ў тыя гады на сцяне вісела карціна з выявай карабля. “Чорныя слупы параходнага дыму мелі розныя абрысы, якія залежалі ад месцазнаходжання парахода, яго мадэлі, басфорскіх плыняў і, вядома, ад ветру”. Ці заходзіў Міцкевіч у цырульню? Урэшце, за пяць гадоў караблі заваявалі прастору Басфора і сталіся звыклай для горада з’явай.

Адной з тыповых “забаў” жыхароў Канстанцінопаля ва ўсе часы было назіранне за пажарамі. Пажары сталіся амаль штодзённай, хаця і трагічнай старонкай жыцця горада. Галацкая вежа, якая за ўвесь час існавання пабывала маяком, абсерваторыяй, аглядальнай пляцоўкай, служыла адначасова і месцам назірання за тым, як шугае полымя пажараў у горадзе і часам на вадзе, калі гарэлі гандлёвыя судны. Тэафіл Гацье за два месяцы жыцця тут ў 1852 годзе пабачыў пяць пажараў. Колькі такіх здарэнняў адбылося падчас побыту ў горадзе Міцкевіча? Дом, дзе знайшоў апошні прыстанак паэт, пасля ягонай смерці таксама не пазбег агню. Жыхары шчыльнай драўлянай забудовы ведалі, што такое няшчасце можа напаткаць іх у любы момант, і прымалі бяду як наканаванне. У канстанцінопаль­цаў захавалася памяць пра тое, як адзін з кварталаў горада падчас нападу крыжакоў гарэў восем дзён.

А мне згадваецца пажар ў зусім іншым невялікім гарадку падчас вайны. Яго назіралі мае ваўкавыскія дзед Павал і бабуля Клава. Перад тым, як пакінуць горад, які ўжо пачалі бамбіць, Павал паклікаў сям’ю на пагорак за ўласным домам і кіўнуў у бок цэнтра горада. Там палаў агнём двухпавярховы будынак гімназіі, дзе вучыліся да вайны іхнія дзеці. Полымя вырывалася з кожнага са шматлікіх вокнаў. Відзежа тая для маці – вусцішная і незабыўная дасюль.

Сябар Бадлера Тэафіл Гацье, бадай, адным з першых запрыкмеціў, адчуў і даў азначэнне паноўнаму настрою Канстанцінопаля, назваўшы яго меланхалічным. Тутэйшы стамбульскі пісьменнік Архан Памук назваў свой улюбёны горад – “Горад хюзюн”. “Хюзюн” – не пакутлівая хвароба аднаго чалавека, а культура смутку, атмасфера журбы, у якой жывуць мільёны. Такому стану душы адпавядае старабеларускае слова “пячалавацца”, якое можна сустрэць на старонках актаў апошняй волі чалавека эпохі Барока, у шляхецкіх тастаментах. Але ж і меланхолія была вядомая з даўніх часоў на нашых землях. Магчыма, адным з першых, хто прыгадаў яе ў сваіх мемуарах, быў шляхціч Навагрудскага ваяводства Фёдар Еўлашоўскі. Апісваючы чалавека мудрага і вялікага захавання ўрадніка Васілея Рагачоўскага, што невядома з якой прычыны ўпаў у меланхолію, і ў выніку засіліўся на ручніку, замкнуўшыся ў пакоі, у святочны панядзелак у Ляхавічах, Еўлашоўскі занатоўвае словы віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча, ўзрушанага смерцю свайго слугі: Не ведаю што ёсць чалавек, не ведаю, што ёсць шатан. Словы старабеларускай мовы, якія калісьці прамаўляліся на нашай зямлі, апісваючы навакольны свет, таксама гучалі трагічна і смутна: свет быў адменны, аблудны, нярозны, зменлівы, недаўгавечны, непадзельны, мізэрны, надзны, небяспечны, але ж менавіта падобнае ўспрыняццё гэтага свету і нараджала ў выніку сапраўдную літаратуру.

За шэсць дзён у вялікім горадзе мы абышлі безліч мясцін, але пасля белага крыжа на кенатафе нашым трэцім нябачным спадарожнікам заўсёды быў Міцкевіч. Мы разам пілі бузу ў старой краме з драўлянымі прылаўкамі і сталамі, з даўняй мазаікай на падлозе і з непамытай шклянкай ад бузы, з якой калісьці піў Атацюрк. Стаіць сабе такая ў зашклёнай шафачцы, падобнай да аптэчнай. Крама гэтая была адкрытая праз адзінаццаць гадоў пасля смерці Міцкевіча албанцам Хаджы Садык Беем і да сённяшняга дня захоўвае тую канстанцінопальскую атмасферу, бо цяперашнія ўладальнікі яе – чацвёртае пакаленне таго самага Хаджы Садыка. Вельмі насычаны, з невялічкай доляй алкаголю напой, які трэба есці лыжкай. Старыя стамбульцы ў цёмных гарнітурах, пераважна мужчыны, сядзелі за невялікімі столікамі і старанна аблізвалі лыжкі з густым напоем. Няма сумніву, што Міцкевіч частаваўся бузой, таксама як і гарачым малочным салепам, які халоднай восенню сагравае душу і цела. Напой гатуецца з парашку каранёў архідэі і лічыцца найлепшым сродкам ад прастуды. Мажліва, гэтыя напоі пілі той восенню ў лагерных намётах пад Бургасам. Мы ж смакавалі турэцкія цікавосткі, седзячы ў кавярнях, гледзячы здаля ці то на бурлівыя плошчы, ці то на пустэльныя завулкі. Каймак, каштанавае сочыва, суп з сачавіцы “чорба”… смакавыя знаёмствы – адна з яркіх граняў знаёмства з велічным горадам.

Гэтаму складана даць веры, але канстанцінопальскія сляды Міцкевіча яшчэ можна адшукаць у шматлікіх антыкварных стамбульскіх лаўках. Іх – безліч. Іхнія гаспадары з выгляду – сапраўдныя Гасаны Абдурахманы ібн Хатабы, а насамрэч старыя інтэлігентныя стамбульцы з пенснэ на носе ці ў акулярах з масіўнымі рогавымі аправамі. Яны вартуюць памяць пра горад. Кожная такая лаўка насамрэч – куфар старажытнасцяў, у якім трэба корпацца і выцягваць на свет дзівосныя артэфакты, дэталі колішняга горада за самыя розныя часы яго існавання. Там можна знайсці дзвярныя замкі і звязкі сотняў ключоў ад дамоў, якіх ужо няма на мапе горада. А якія ў іх формы! Тут цэлы кош са старымі шыльдамі і металёвымі таблічкамі з назвамі вуліц і імёнамі гаспадароў, якія ўжо даўно адышлі ў нябыт. А таксама плеценыя кашы, з якіх тырчаць сотні дарожных кіёў, што выстуквалі калісьці па каменным бруку горада рытмы сваіх гаспадароў. Якія цікавыя булдавешкі ў кожнага кія! Ніводнага аднолькавага і паламанага. Усе цэлыя, хіба што сцёртыя часам. Захавалася нават зялёнае самацветнае вочка змяінай галоўкі, згладжанай дотыкамі рукі… “Рэчы – апошняе цела людзей, якое жыве найдаўжэй” (Алесь Разанаў). Тут было шмат старых нататнікаў, набораў чорна-белых паштовак, старых кляйстэраў, мапаў, паркалёвых выцвілых ад сонца парасонаў, шмат каляровага шклянога посуду і размаляваных вазонаў, шэрагі пазалачоных абкладаў шматлікіх кніг. Тут – каралеўства шэптаў і ўсхліпаў. Тут – “забыццё і пыл, і дыханне тлену / дзе на старых старонках нябожчыкі-вершы, куды паціху ўваходзіць уладны спакой…” (Тацяна Сапач). Адсюль складана вырвацца. Цябе нібы трымаюць за вопратку нябачынымі пальцамі. Табе хочуць нешта недаказанае распавесці. Мова? Гэта не мае значэння…

На выхадзе з нізкіх дзвярэй на залітую сонцам вуліцу проста на асфальце пад шэрай сцяной гмаху граюць музыкі. Хтосьці са слухачоў прыносіць ім каву з кавярні насупраць. Міцкевіч таксама піў каву з каньяком, густымі вяршкамі і без цукру. Прынамсі, так апісвалі побыт паэта ягоныя спадарожнікі. Шмат курыў. У дзень, калі яму зрабілася блага, ён таксама піў каву, паліў, але стан пагаршаўся, хаця Міцкевіч не хацеў прымаць сваю раптоўную знямогу за хворасць. Але ж немач прыціскала ўсё мацней. Гэта непакоіла суразмоўцаў, пераважна вайскоўцаў, якія звыкла штодня абмяркоўвалі з ім апошнія навіны. Міцкевіч спрабаваў жартаваць, але сілы пакідалі імкліва. Лекар даваў мікстуру, расціраў, абкладаў цела гарчычнікамі, ногі сагравалі бутэлькамі з гарачай вадой. Паводле ўспамінаў, паэт казаў пра моцны ўнутраны жар, ад якога ён увесь гарыць, аднак быў ледзяным…

У тую раніцу, калі мы моўчкі стаялі разам з вартаўніком над чорным мармуровым кенатафам з белым крыжам, я пачувалася не вельмі добра. Моцная ранішняя кава не дапамагла, а, хутчэй, пагоршыла стан. Было млосна, ціснула знутры. Гэты нечаканы збой раўнавагі наблізіў да Міцкевіча, абрынуў у глыбіні эмпатыі і спачування да ягонай адзінокасці. Мы былі так далёка ад радзімы. Нездароўе павялічвае адлегласці на кіламетры тугі. А як жа далёка ад яе берагоў быў Міцкевіч! Ці было яму куды азірнуцца? Чамусьці згадаўся ягоны выкладчык лаціны Готфрыд Гродэк, які вучыў мове філарэтаў і філаматаў і не залічыў магістарскую працу студэнта Адама Міцкевіча. Ягоны апошні прыстанак – у Кіяўцы, што на Валожыншчыне. У Беларусі. Дзе будзе твой прыстанак, блуканец, бесхацінец, чужаніца?

30 снежня труну з целам Адама Міцкевіча, што стаяла на ўзвышэнні на створках уваходных дзвярэй, перанеслі на калёсы, запрэжаныя валамі. Павозка была абцягнутая чорным сукном. У шчыльным атачэнні праважатых яна рушыла з гары Пера. Аркестр граў журботны марш. Грамада людзей павялічвалася і не разыходзілася, чакаючы каля касцёла на вуліцы Пера, дзе чынілася развітальная служба. На двары панавала маўчанне. Жалобны паязд дасягнуў Топханэ, дзе цела на лодцы перавезлі на паштова-пасажырскае судна “Еўфрат”. Наперадзе быў доўгі марскі шлях да Марсэля. Шлях з навекі заплюшчанымі вачыма.

А тады, у верасні 1855 года, дарога па моры да Канстанцінопаля даравала столькі адкрыццяў і назіранняў! Яна была сонечнай і ўнутрана святочнай. Дух гэтага вольнага вандроўнага настрою так моцна адчуваецца ў лісце Міцкевіча да дачкі Марыі:

“…Пасля ад’езду з Мальты мы кіруемся ў бок берагоў Лаконіі, маючы на прыкмеце далёкі Крыт з яго гарой Іда; абмінулі мыс Матапан. Пакінуўшы ўбаку востраў Кіферу, мы паплылі ўздоўж Кікладскіх астравоў да Паросу і Сіро. Далей, паміж Хіросам і зямлёй, мы звярнулі да Смірны, а, вяртаючыся адтуль і набліжаючыся да берагоў паміж Лесбасам і старажытным Пергамам, пабачылі траянскую Іду, дзе грэцкія багі шматкроць сыходзіліся на свае соймы. Каля ўзножжа гары Іды – траянская роўнядзь. Мы былі занадта далёка ад вусця Ксанта і Сімаента, каб пабачыць іх, але месца магілы Ахілеса было выбрана настолькі ўдала, што яна была бачная доўга і з розных кропак. Яна панавала над усім узбярэжжам. Мясціны, па якім мы вандруем, таксама поўняцца ўспамінамі. Побач знаходзіцца Язонія, славутая тым, што тут спыняўся адпачыць Язон з арганаўтамі; а з іншага боку – мясціны, дзе некалі штогод ладзіліся гульні ў гонар Аякса, сына Тэламона… Увесь час з дня ад’езду нам спадарожнчала выдатнае, гарачае надвор’е. Сёння – дождж упершыню…”

Паводле ўспамінаў тых, хто праводзіў тым снежаньскім днём паэта ў апошні шлях, дождж, пад якім цягнулася доўгая працэсія па горадзе, сцішыўся, і ноч на моры была ўжо ясная і ціхая.

Жалоба па Адаму Міцкевічу ў дывізіі султанскіх казакоў цягнулася тры месяцы.

Застаўся занатаваным апошні дыялог паэта на гэтай зямлі. На пытанне, што б ён хацеў перадаць сваім дзецям, Міцкевіч ледзь чутна прамовіў: “Няхай любяць адно аднаго. Заўсёды”.

 

* * *

Яшчэ да паездкі ў вясновы Стамбул, які пакрысе вяртаў нам канстанцінопаль­скія абрысы, я перадусім вылучала мінскі помнік Адаму Міцкевічу на Гарадскім Вале за яго ўдалую кампазіцыю ды адбітак смутку на твары бронзавага паэта з заплюшчанымі вачыма. Цяпер падыходжу да яго, як да знаёмца, маўклівага знаўцы агульнай таямніцы. За спінай паэта ў скверы стаіць стары мінскі турэмны замак, дзе пасля паўстання 1830 года вязнямі былі ягоныя знаёмцы і дзе сёння зняволеныя мае сябры. Дзіўная логіка гістарычных скрыжаванняў. Невымоўныя шляхі свету твайго, Госпадзе!


Апублікавана

у