Крысціна Бандурына (№83)

Гарадскія ланцужкі

Апавяданне

Мне падабалася адкрываць шафы, даставаць і мераць адзенне, якое маці схавала мне навырост. У камодах, што стаялі ў бацькоўскім пакоі, заўсёды ляжала шмат цікавых рэчаў, хоць і шмат разоў мной перагледжаных, але па-ранейшаму прывабных. Больш за ўсё мне падабаліся маміны цені, цэлы набор з трох маленькіх паверхаў рознакаляровых квадрацікаў. Яны былі яркія, і я любіў імі маляваць. А яшчэ я мог бясконца перабіраць татавы запальнічкі. На іх былі розныя крутыя рэчы кшталту скарпіёна або арла. Памятаю нават запальнічку ў выглядзе пісталета. Але самай класнай з іх быў карычневы сабака з высалапленым языком. Націскаеш яму на хвост – і з рота вылятае струмень блакітнага агню. Мяне заўжды цікавіла, што там унутры яго.

Таксама цікава было гуляцца з бацькоўскімі залатымі ланцужкамі і пярсцёнкамі, яны без патрэбы валяліся ў скрыні на самай верхняй паліцы камоды. Калі бярэш іх у рукі, то чуеш ціхі перазвон, быццам яны размаўляюць паміж сабой, а калі на пярсцёнак трапляе сонечны прамень, у яго з’яўляюцца смешныя вочкі, якія ўвесь час бегаюць па коле, пакуль круціш яго на пальцы.

Ланцужкі доўгія, важкія, яны заўсёды імкнуцца збегчы з рук, калі трымаеш іх на поўны рост: хвосцік так і цягне ўніз, ірвецца на волю.

…Нехта пазваніў у дзверы. Напэўна, то Алінка прыйшла. Яна павінна была зайсці за мною пасля абеду, але я не думаў, што яна так хутка ўправіцца. Эх, шкада закідваць усё назад, у цёмныя шуфляды. Вазьму з сабою адзін ланцужок, пакажу Аліне, няхай пазайздросціць.

– Здароў! Што ты так хутка? Я думаў, ты пазней прыйдзеш.

Яна зняла шапку і пачухала за вухам. Маці зноў запляла ёй гэты недарэчны хвосцік на патыліцы. Такое ўражанне, што на яе галаве вырасла пальма.

– Здароў. Ой, слухай, я папрасілася раней пайсці гуляць, бо заўтра мяне адпраўляюць на тыдзень да Раства ў вёску да бабулі, – адказала Аліна, адначасова праводзячы рукою па пабелцы на сцяне і малюючы каля маіх дзвярэй чалавечкаў. Такіх, ведаеце, як на прыбіральнях вешаюць, хлопчыка і дзяўчынку.

– Пайшлі ўжо, а то так увесь дзень тут і пратырчым. У нас яшчэ санкі не чышчаныя!

Гэта была нашая любімая гульня: з’язджаць з гары, стоячы на санках. Наш дом месціўся на ўзгорку, на яго вяршыне расла вялізная вярба (летам на ёй было вельмі добра гойдацца, пакуль бабкі з першага паверху не бачаць), а ўнізе звычайна людзі паркавалі свае машыны. Нашая траса праходзіла акурат ад вярбы да машын, прычым фінішная прамая была самым складаным яе ўчасткам: трэба было ўмудрыцца не зачапіць ніводнай машыны і пры гэтым не ўпасці з санак. Падзенне магло скончыцца трагічна, бо для лепшага кіравання санкамі стаяць трэба было не на ся­дзенні, а на жалезных “лыжах”, дзякуючы якім санкі і каціліся па снезе. Ногі выварочвала толькі так.

Часта наш сусед з сёмай кватэры, які працаваў кіроўцам аўтобуса ў футбольным клубе, прыязджаў на абед на гэтым аўтобусе, бялюткім, бліскучым, ярчэй за снег, размаляваным у футбольныя мячы, і ставіў яго на стаянку ля падножжа нашага ўзгорка. Вышэйшым пілатажам сярод удзельнікаў “гонак на санках” лічылася з’ехаць стоячы з гары, на хаду паспець легчы і праехаць пад аўтобусам, не зачапіўшы колаў.

Футбольны аўтобус стаяў на сваім звычайным месцы, а вось гара чамусь­ці пуставала: катацца выйшлі толькі мы.

Пакуль Аліна начышчала снегам свае санкі, я адышоў убок, зрабіўшы выгляд, быццам таксама збіраюся чысціць свае, нахіліўся і кінуў ланцужок у снежную гурбу.

– Гэй, хадзі сюды хутчэй! Глядзі, што я знайшоў, – мне падалося, што ў мяне выдатна атрымалася зрабіць выгляд, быццам я здзіўлены сваёй знаходкай. Я глядзеў, як вочы маёй сяброўкі разгараліся зайздрасцю і жаданнем патрымаць гэтую цацку ў руках, і не мог стрымаць сваёй радасці.

– Ух ты… – толькі і змагла вымавіць яна.

– Хочаш патрымаць? – я вырашыў злітавацца з яе і ганарліва паднёс бліскучы ланцужок да яе рук. Цяжка ўздыхнуўшы, яна раскрыла далоні.

Аліна моўчкі глядзела на ланцужок, яе шчокі пачырванелі яшчэ больш, а я стаяў задаволены і выціраў рукавіцай замерзлыя соплі пад носам. Майму шчасцю не было межаў.

– Твае бацькі дома? – раптам спытала яна, і я адразу спужаўся, што ёй усё вядома.

– Не. Не, нікога няма, а што? – напэўна, у той момант маю радасць з твару як карова языком злізала.

– А давай тады аднясем пакажам маім бацькам? Гэта такая крутая знаходка…

Я не ўмеў адмаўляць. Санкі ўжо былі непатрэбныя, гонкі не хвалявалі, я ішоў услед за ёю, шчаслівы тым, што выглядаю ў яе вачах героем: такую штуку знайшоў! Аліна моцна трымала ланцужок у сваіх руках, мы хутка дайшлі да яе кватэры, і з таго часу я яго больш не бачыў.

Вечарам прыйшлі з працы мае бацькі і выявілі прапажу.

Бацька быў раз’юшаны маім учынкам, бо ў дадатак да таго, што было зроблена, я не мог выразна растлумачыць, навошта я знёс ланцужок з хаты, даў у рукі Аліне і дазволіў аднесці яе бацькам.

Я чакаў пакарання, якое звычайна праходзіла па аднолькавай схеме: бацька зневажальна “крыў” мяне матам, па меры ўзмацнення злосці яго сарказм пераходзіў у суцэльную брудную лаянку, у якой слова “тварына” можна было лічыць кампліментам. Калі прыходзіў момант першай аплявухі, я ведаў, што далей у ход пойдзе дзяга.

Цяжкая бацькава рука ўжо навісла над маёй галавою, калі ў пакой вярнулася маці, якая кожны раз сыходзіла, калі бацька займаўся маім “выхаваннем” – не вытрымлівала. Яна адцягнула яго ад мяне і сказала, што трэба схадзіць да Алініных бацькоў забраць ланцужок – так бы мовіць, па гарачых слядах.

– Няхай во гэты шчанюк сам збіраецца і ідзе! Мазгоў хапіла скрасці, хай здолее і вярнуць, – кінуў у мой бок бацька, павярнуўся да маці спінаю і пайшоў апранацца.

І мы ўтрох пацягнуліся ў суседні пад’езд, павольна і моўчкі падняліся на трэці паверх. Дзверы нам адчыніла цётка Люда, маці маёй сяброўкі. Яна пусціла нас на парог, але далей запрашаць не стала, і пакуль мае бацькі тлумачылі мэту нашага візіту, яна разглядала нас з анёльскім выразам на твары, а пасля паклікала мужа:

– Сяргей, выйдзі сюды, тут пагаварыць трэба.

Яго ўсё не было, зацягвалася вельмі няёмкая паўза, і таму цётка Люда сама пайшла да яго на кухню. У поўнай цішыні мы стаялі і чакалі, пакуль яны там нашушукаюцца. Я разглядаў знаёмую двухпакаёўку, у якой не­аднаразова бываў. Яна здавалася мне чужой, быццам я бачыў яе ўпершыню. Мізэрныя пакойчыкі былі спрэс застаўленыя мэбляй, якой пры іншых умовах было б не шмат, але адсутнасць нармальнай прасторы стварала ўражанне, быццам там жыла сям’я “плюшкіных” – так мая маці заўсёды называла бабулю, якая з працы цягнула ў дом розныя слоікі, скрыначкі, пакеты і іншае смецце.

Цётка Люда працавала медсястрой у туберкулёзным дыспансеры, а дзядзька Сяргей быў кіроўцам у ЖКГ, ездзіў на сінім “ЗІЛе” і перавозіў са сметніц старую мэблю, дошкі, ссохлае галлё дрэў. Гэта была ўзорная савецкая сям’я, у якой, акрамя Аліны, быў яшчэ старэйшы сын Анатоль. У лепшых традыцыях жанру выхаваннем сына займаўся бацька: вучыў яго кіраваць машынай, і разьбой па дрэве яны займаліся, і на каратэ хадзілі разам (бацька адводзіў і забіраў яго). Ну а Алінай, адпаведна, займалася маці: купляла ёй розныя часопісы кшталту “Вучымся гатаваць смачна” ці “Наша кухня”, вадзіла яе ў школу на брэйн-рынгі, у лялечны тэатр школь­най бібліятэкі, куды прымалі толькі выдатнікаў. Цётка Люда і дзядзька Сяргей не прапускалі ніводнага бацькоўскага сходу, актыўна падтрымлівалі суботнікі, прыходзілі на ўсе лінейкі абавязкова з кветкамі. Аліну і Толіка першымі з нашага двара прынялі ў піянеры.

Алініны бацькі раіліся нядоўга. Яны выйшлі з кухні разам, дзядзька Сяргей працягнуў майму бацьку ланцужок і лагодна спытаў:

– Вы пра гэты кажаце?

У яго руках пабліскваў слабенькім праменьчыкам святла ад лямпы зусім іншы ланцужок, больш тонкі і кароткі. Паддаўшыся першаму парыву, чэсны “на сто адсоткаў”, бацька адмовіўся ад таго, што яму было прапанавана.

Быццам бедныя родзічы, маці з бацькам ледзь не кланяліся ім і некалькі разоў папрасілі прабачэння за наш візіт. Калі дзверы за нашымі спінамі зачыніліся, пачаўся другі акт п’есы пад назвай “Пакаранне”, нашмат болей страшны за тое, што было дома. Не стрымаўшыся на нагах пасля чарговай аплявухі, я ўпаў на калені, і тады, аб’яднаныя агульнай прагай помсты, бацька з маці сталі нагамі спіхваць мяне са сходаў. Я ўпіраўся, вісеў на іх нагах, плакаў і енчыў, прасіў спыніцца, але дарэмна, гэта яшчэ больш раздражняла бацьку, услед за якім злавалася і маці.

Яны казалі, што я ім не патрэбны, што сына ў іх больш няма, і кожнае слова біла мяне мацней за ўдары іх ног. Я не хаваў слёз, і калі бацькі выпхнулі нарэшце мяне на вуліцу, кінуўся прэч ад іх.

На вуліцы было цёмна і ціха, ляжаў хрусткі бліскучы снег, з ліхтароў над маўклівымі пад’ездамі падала марознае святло. Я бег і бег, не спыняючыся, пакуль нагам не стала холадна: я нават не заўважыў, што згубіў свой абутак у Алініным пад’ездзе. Мне не было куды ісці, працяжна скуголіў пусты страўнік, праз шкарпэткі ўсё мацней адчуваўся холад снегу, але больш за ўсё мяне душыла крыўда на бацькоў: я не разумеў, як яны маглі адмовіцца ад мяне, няўжо я зрабіў нешта настолькі кепскае, што заслужыў такія іх словы?

Я цвёрда вырашыў, што дадому не вярнуся, саманадзейна спадзяваўся, што вытрымаю холад, а ноч думаў правесці ў якім-небудзь пад’ездзе, дзе няма кодавага замка. Ногі неслі мяне невядома куды, я зайшоў у незнаёмы раён, і спачатку мяне напалохала маўклівая варожасць дамоў, але потым стала абыякава: мне было ўсё адно, куды ісці.

Цёмнымі завулкамі я выйшаў на шырокі праспект, які разразаў упоперак доўгі ланцуг ліхтароў. За кропкай гарызонту, там, дзе цемра праглынала ўсе магчымыя абрысы будынкаў, ліхтаровае святло злівалася ў вялізныя навагоднія шары, якія танчылі перада мною кожны раз, калі я лыпаў цяжкімі ад наліплых сняжынак вейкамі. Паабапал дарогі міргалі рознакаляровым неонам шматлікія бігборды. Я застыў на імгненне ад нечаканасці: да таго гэта было прыгожа, але мароз тут жа сагнаў мяне з месца – да болю калола ў нагах.

Людзі праходзілі міма, паглядалі на мяне з вышыні свайго росту, і ў вачах некаторых з іх было здзіўленне ад выгляду маіх шкарпэтак, хтосьці пазіраў з асуджэннем, але ніхто не спыняўся. Мне прыйшло ў галаву, што знаходзіцца сярод іх небяспечна, і я пайшоў назад, у двары. Вакол была цемра, неба яшчэ з раніцы зацягнула хмарамі, якія да вечара так і не прайшлі і віселі над маёй галавою, закрываючы ад мяне зоркі. Ісці па заледзянелым асфальце было балюча, і я ўвесь час выбіраў месцы, дзе было болей натаптанага снегу, які б не лез пад калашыны і не ўгрызаўся ў ступні.

Слёзы даўно высахлі, і я на некаторы час нават забыў увесь мінулы дзень, быццам яго выразалі з маёй памяці. Я ішоў незнаёмымі вуліцамі і заглядаў у вокны, у якіх гарэла святло і было бачна, што робяць людзі ў сваіх кватэрах. Шмат дзе фіялетавае святло змянялася сінім, белым і іншымі колерамі: большасць людзей бавіла час перад тэлевізарамі. У паўзмроку пакоя на першым паверсе аднаго з дзевяціпавярховікаў мерна рухаўся туды-сюды чалавечы цень на сцяне. Самога ўладара ценю бачна не было, але перыядычна ён спыняўся, з цемры вылятала яго рука, якая, мабыць, пераносіла тэлефон да другога вуха, і тады рух узнаўляўся. У вокнах вышэйшых паверхаў былі бачныя толькі столі ды свяцільні, але з некаторых вокнаў лілося такое цёплае святло, што мне на імгненне ўяўлялася, быццам гэта і ёсць мой дом, дзе мяне сапраўды чакаюць.

Я блукаў па пустых вуліцах разам з мільёнамі сняжынак, і мне хацелася, каб у канцы майго шляху мяне з усмешкай сустрэла мама, узяла за руку і адвяла дадому. Потым я стаў думаць пра тое, што хутка Новы год, а я яшчэ не напісаў пісьмо Дзеду Марозу. Праўда, у мінулым годзе, па парадзе Лёшкі з суседняга дома, я кінуў яго ў снег: Лёшка сказаў, так Дзед Мароз яго хутчэй падбярэ, але на той Новы год да мяне ніхто не прыходзіў, і свайго падарунка я так і не атрымаў. У гэтым годзе я збіраўся папрасіць маму адправіць маё пісьмо.

Святло ліхтароў і святлафораў злівалася ў рознакаляровыя ланцужкі, якія нагадвалі мне навагоднія гірлянды на елцы. Бацька звычайна прыносіў з лесу маленькую елку, якую мы ставілі ў вядро з пяском на зэдліку ў куце, каб яна была высокай, я вешаў цацкі на яе, а маці – гірлянды і каляровыя стужачкі. А потым мы даставалі нашага лялечнага Дзеда Мароза, ляпілі яму з ваты новую бараду і боцікі і ставілі пад елку.

Нарэшце я ўбачыў адчыненыя дзверы аднаго з пад’ездаў і адразу зразумеў, што даўно не адчуваю ног. Я нават не ўяўляў сабе, як збіраюся класціся спаць на бетоннай падлозе лесвічнай пляцоўкі, але ў той момант гэты пад’езд падаваўся мне самым утульным і цёплым месцам на зямлі. Хутка пачало калоць у нагах, потым я адчуў страшэнны боль і ледзь трымаўся, каб не заплакаць. Я падумаў пра тое, што мама зараз абавязкова б што-небудзь зрабіла, каб мне было лягчэй. Захацелася дадому.

Я падняўся і, ледзь трымаючыся на нагах, пастукаў у дзверы бліжэйшай кватэры. Мне адчыніла высокая жанчына з сівымі валасамі, якая крыху здзіўлена і ўсхвалявана паглядзела на мяне. Я стаяў, падціснуўшы пальцы, каб не так было холадна і балюча нагам, і не ведаў, як выказаць ёй сваю просьбу. Я хацеў патэлефанаваць дадому.

– Прабачце… Вы можаце пазваніць маёй маці? Я заблукаў і не ведаю, куды ісці. Памятаю толькі нумар тэлефона.

Жанчына ўстрапянулася, рыўком расчыніла дзверы шырэй, каб я мог прайсці, і сказала:

– Так-так, канечне, праходзь хутчэй. Ты, пэўна, змёрз? Сядай сюды, – яна паказала рукой на фатэль у бліжнім куце пакоя. – Я зараз прынясу табе гарачай гарбаты.

Я прысеў на край фатэля і, пакуль жанчына на кухні грымела посудам, пачаў разглядаць пакой. Палову яго займала старая вялізная сценка, уся занятая кнігамі. Лак на ёй месцамі злез, пад адной з ножак ляжаў скла­дзены ў некалькі разоў аркуш зжаўцелай паперы. На іншай сцяне, за маёй спінаю, вісеў бардовы дыван з рознымі ўзорамі, пасярэдзіне якога ў самым версе быў гадзіннік, падобны да тых залатых гадзіннікаў, якія дарослыя чапляюць на рукі. Побач з фатэлем стаяў маленькі столік, на якім ляжала шмат газет, пульт ад тэлевізара і квадратныя тоўстыя акуляры. Кавалак газеты праз іх выглядаў незвычайна вялікім.

Я не мог нарадавацца таму, што пад маімі нагамі была цёплая падлога з мяккім дываном, а не халодны калючы снег. Было цяжка адагрэцца, і мяне крыху калаціла, гарэлі шчокі, а вушы, здавалася, увесь вечар нехта круціў. Вельмі хацелася спаць. Калі жанчына вярнулася з кухні, я ўжо задрамаў. Яна паставіла на столік каля мяне кубак з гарбатай і напалову пусты слоік мёду.

– Ты сказаў, што памятаеш нумар тэлефона. Давай я патэлефаную тваёй маці, скажу, што з табой усё добра. Яна напэўна хвалюецца. А ты пі гарбату з мёдам, пакуль гарачая.

Мяне так размарыла, што цяжка было нават вочы расплюшчыць.

– Мы з мамай вучылі адрас і нумар тэлефона, калі я пайшоў у першы клас. Адрас я так і не запомніў, а вось нумар памятаю: 3-27-11, – прамармытаў я і праваліўся ў сон.

Гарбата засталася стыць на стале. Я не чуў, як жанчына тэлефанавала мне дадому, не чуў, як прыйшла маці, як яны размаўлялі з гэтай жанчынай. Прачнуўся ад дотыку рукі да майго ілба і пачуў матчын голас:

– Божа, ды ён увесь гарыць!

Мне дапамаглі падняцца. Было душна, і я хацеў спаць. Маці апранала мне на ногі боты, якія яна падняла на сходах Алінінага пад’езда. Зрэдзьчасу я расплюшчваў вочы і глядзеў, як яна засяроджана завязвае шнуркі на маіх ботах, апранае шапку, выціраючы мне далонню пот з ілба, і заклапочана глядзіць на мяне. Мне было спакойна ад таго, што яна прыйшла па мяне, што яна побач і я ёй патрэбны.

– Мам, а ты адашлеш маё пісьмо Дзеду Марозу?

На імгненне ў яе вачах бліснула ўсмешка.

– Адашлю, куды я дзенуся. Ты спачатку напішы.

Лістапад, 2015


Апублікавана

у