…і адзін чалавек – гэта не мала,
калі ён з чыстым сумленнем
і непахіснай верай…

— Ніл Гілевіч

Дзень забітых птушак

Фрагмент з рамана “Садомская яблыня”

А сапраўды – як у вас з «асабістым жыццём», пані тэлевядоўца?

Калі мне споўнілася трыццаць два гады, я зрабіла адкрыццё, якое тут жа і сфармулявала – тая фармулёвачка бліскуча прагучала б у тэлеперадачы «Анатомія праблемы» (калі б старшыня рэгіёна не патрабаваў ад аўгураўскіх патолагаанатамаў іншых фармулёвак): тутэйшая жанчына памірае двойчы. Упершыню гэта адбываецца, калі калега (раней ён вымаўляў тваё імя без дапамогі лагапеда) пачынае зваць цябе «Ляксанна». Адчуванне, якога не дадзена зведаць ураджэнцы, прыкладам, Нямеччыны ці Францыі, дзе жанчыны і ў семдзесят застаюцца проста Марыямі, Барбарамі, Маргарытамі, няхай сабе з кіндэрамі ды ўнукамі. А ў нас? Яшчэ ўчора ты была Каця-Юля-Наталка, і раптам ператварылася, незалежна ад твайго знешняга выгляду, у безаблічную, бясполую, ніякую – альбо, наадварот, па-хатняму свойскую, але ўсё адно мегеру: Васільну ці Ляксанну. Уласны рот (губы, як заўсёды, нафарбаваныя) здаўся мне тады ротам бабулькі, якая забылася ўставіць штучную сківіцу.

Страта ўласнага імені была трагедыяй не меншай, чым гітара, якая ўжо рассохлася на антрэсолях, – хаця, безумоўна, усё ж такі мяшчанскага жанру. Памада закацілася пад стол; дзіўна, але я яе потым так і не знайшла. Цыліндрык, падобны да залатой кулі – асабліва калі ўлічыць, колькі я за яе адваліла! – яшчэ адна куля ў чарзе стрэлаў, на якія жыццё, зларадна ўсміхаючыся, абвяшчае: «У “малако”!»

Калі жывеш у такім горадзе, як Пазіцюйск, і маеш дакучлівую ідэю, каб мужчынскія нагавіцы ў шафе віселі, падрыхтуйся накідваць іх уладальніку на пысу хустку і абражаць свой слых імбецыльнай лагарэяй. Да таго ж, мясцовыя сеньёры ўвіваюцца за малалеткамі, узяць хаця б Ярыка, які пакінуў сям’і двухпавярховы катэдж (гандлёвыя аперацыі на «неасноўнай працы»), зняў кватэру і атрымлівае асалоду з дзявуляй, маладзейшай за ягоную дачку. Кабеты за сорак у паніцы амалоджваюцца: садысцкія дыеты, пластычныя аперацыі, штаны ў абліпку, абцасы-шпількі на нагах з набрынялымі венамі, маркоўны колер валасоў алімоньваецца з хуткасцю светлафора – і ўсё для таго, каб ім уставіў які-небудзь менеджэр, што ўяўляе сябе Чакам Норысам.

Неўрозу дакучлівых станаў, які прынята называць каханнем, у мяне даўно не назіраецца.

Як і недахопу ў паклонніках (што заканамерна). На свяце Ураджаю маёй увагі дамагаўся загадчык свінафермы: мірны аграрый палка дыхаў перагарам, уціскаючыся ў мой азадак сярод хлебных караваеў, якія чамусьці нагадвалі бутафорыю. А я не магла нават павярнуцца і сказаць вырадку пару ласкавых, бо на нас нацэльвалася птушынае вока тэлекамеры, у якую трэба было ненапружана пасміхацца. Аднойчы на мяне паклаў вока дырэктар заводзіка пладова-ягадных вінаў, нешматслоўны, як майстар дзэн: верагодна, з-за бесперапыннай прасветленасці ён паўтараў загадкавую мантру «ну гэт ну». Мая адмова яго моцна шакавала, бо ён быў шчыльна абкладзены пладова-ягаднай гніллю пераспелых палюбоўніц з роднага прадпрыемства і нават з іншагародняга філіяла і лічыў сябе проста падарункам да Жаночага дня. Седзячы на нарадах у адміністрацыі, я разглядвала тлустыя спіны, мясістыя шыі мясцовых начальнічкаў, адчувала іх ліпкі, моташны страх перад начальнікамі вышэйшымі. Кандыдатамі на іншы, лепшы партфель – вось кім яны былі, тыя «рэгіянальныя кадры»; пакарыстаўшыся маімі паслугамі (не інтымнымі, барані Бог), яны хуценька перадыслацыраваліся ў сталіцу з жонкамі ды палюбоўніцамі, дзецьмі жонак і палюбоўніц, катамі ды сабакамі жонак і палюбоўніц. Далейшы шлях да ўлады ім усцілалі сабой іншыя медыясірэны, сталічныя. У выніку барацьба з цялесным нізам – і наркатычнымі мроямі, якія ён праецыруе, – давалася мне, у прынцыпе, без цяжкасцяў. Правільней сказаць, тыя чароўныя мроі – пры адсутнасці герояў, што іх узбуджаюць, – у маіх мазгах проста не ўзнікалі. Не, на адну мрою ўсё ж дурноты хапіла.

 

А потым я пачала працаваць пад кіраўніцтвам Зізюновіча, якому аўгураўцы адразу ж далі мянушку Шалёны, і зрабілася ўвогуле не да мрояў. Неверагодна, але экзерсісы выпускніка «хабзы» (так пэтэвэшнік з гонарам сябе называў) у хуткім часе здаліся нам дбаннем анёла над калыскай немаўляці. Пачаўся новы этап Вялікай Дрэсіроўкі. На тэлеканал прыйшлі іншыя людзі – шэф прывёў Сваю Каманду. І ўсё ж нешта неаспрэчна радніла новых работнікаў з папярэднімі: цнатлівасць мазгоў – і воз працы, які даводзілася за іх цягнуць. Сярод прыхадняў была правая рука Шалёнага – ягоная намесніца Светачка. Акрамя бязглуздых патрабаванняў, Светачка вызначалася тым, што перажывала кожную абноўку на каляжанках як асабістую смяротную крыўду. Жаночая частка тэлеканала хутка сцяміла: належыць поўнасцю стушавацца на тле гэтай гарпіі. Інакш працы па выходных будзе хоць адбаўляй. І да бабулі не хадзі, менавіта выскачак у кароткіх спаднічках адправяць на нядзельнае пасяджэнне клуба «Бабулькі рэгіёна» ў вёску, дзе на два дзясяткі жыхароў, у тым ліку адно немаўля, прыпадае сорак тры літры алкаголю (столькі штодня прадае мясцовая крама). А мінулы візіт здымачнай групы скончыўся ўцёкамі па датэрмінова зжатай ніве ад сякеры і белай гарачкі героя працы, пра якога патрабавалася наваляць бравурны сюжэт. Каляжанкі са стогнам улезлі ў пінжакі з падбітымі паралонам плячыма, туфлі на трывалых, як іх рэпутацыя, абцасах. Гэткія «бабулькі рэгіёну» з апярэджаннем графіка. Спадарыні Паслужлівасць і спадарыні Пунктуальнасць, выбітныя ўдзельніцы тараканавых марафонаў, конкурсаў па далёкіх палётах сярод бройлерных курэй. Да моднага прыкіду я была абыякавая, затое ў тараканавых бягах трымала бясспрэчнае лідэрства.

Жыў, паводле легенды, такі Гермес Трысмегіст, які адкрыў галоўны прынцып светабудовы: наверсе – як і ўнізе. О, гэты тройчы алхімік дакладна мог бы працаваць на тэлеканале, дзе я і мае калегі рачкуем, не складаючы асноўнай сваёй зброі – светлых усмешак (застаецца толькі зразумець, кожны з нас ужо легенда ці яшчэ стане ёю). Што-што, а наконт верху і нізу, ранжыраў і рангаў на «Суперпазітыўным ТБ» ведаюць усё! Наш тэлеканал сапраўднае гняздо гаргон, якія ўмеюць адзіным позіркам тэлекамеры ператвараць у камень чужыя кар’еры.

 

Але мы, здаецца, пра асабістае жыццё?

Альтэрнатыўным яго варыянтам падзялілася са мной (не для эфіру) шчаслівая жанчына №4 (гл. спіс). Якая абзавялася арміяй фалаімітатараў, каб не губляць час на жывых («Гэта, глядзі, Фрыц з Мюнхена… надзейны, як палена… Рока, італьяшка, ну выліты… акцёр спецыфічнага жанру… Вунь той – парыжанін, капрызлівы чорт, імя яшчэ не прыдумала…» – «Назаві Мішэлем. А капрызлівы таму, што малалетак яму падавай. Лічыць, што жыццё ў жанчыны заканчваецца ў сорак і здзіўляецца, чаму ты дагэтуль не ўсыпала сабе ў каву пачак рагіпнолу». – «І чаму ты такая з’едлівая? Ну хош, прывязу табе Мамбу з Уганды? Безліч аргазмаў!» – «Сабе вязі»). Дама сцвярджае, што такім чынам эканоміць час, нервы і здароўе, бо пазбягае дэпрэсій, залётаў ды венерычных хваробаў – эканомнага (з трох кветак), але разам з тым празмерна шчодрага букета, які дарылі ёй былыя мужы. Зэканомлены час яна траціць на вядзенне «калонкі» ў газеце для падлеткаў, дзе падстрыгае пад нуль мазгі сваім юным чытачкам. Гоніць дзяўчатак у карак, не даючы затрымацца на сунічнай палянцы пад назвай Дзяцінства. (Пра тое, што іх прызначэнне – сям’я, малыя даведваюцца, калі яшчэ гуляюць у лялькі.) «Я г…а наелася – дык няхай і яны жаруць!» – кажа кабета. Галоўны рэдактар «калонку», натуральна, ухваляе.

Крый Божа ад шлюбу з тутэйшым мірным аграрыем (лепш ужо штучны чэлес, дальбог). Сям’я ў нашым гарадку яшчэ мацней склейвае цябе з масай замарожаных рыбінак у наледзі ўласнага соку. Тым не менш я – частка масы: мая прафесія патрабуе, каб мой голас у агульным хоры не адрозніваўся ад іншых галасоў.

(Цалкам публікацыю Алены Брава чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова”).

 

comments powered by HyperComments