…Не для нас гэты час, не для нас, мы яго нежаданыя дзеці…

— Алесь Пісьмянкоў

Як мяне “выпраўлялі”

Успаміны пра ГУЛАГ

 

Арышт

Пасля заканчэння Ленінградскага індустрыяльнага інстытута ў 1937 годзе ў якасці маладога інжынера-электрыка я прыехаў у горад Іванава, што ў Расіі. Знайшоў Іванаўскі шклотрэст, звяртаюся ў аддзел кадраў з накіраваннем. “Добра, – кажуць, – афармляйцеся. Вось вам анкеты, пішыце аўтабіяграфію”.

Усё зрабілі па закону. Пытанні ў анкеце былі пастаўлены так, што даводзілася ўспамінаць гісторыю двух пакаленняў – хто, што, дзе. Прабыў там гадзіны дзве і пачуў у адказ: “Вы накіроўваецеся на завод імя Валадарскага ў горад Курлова Іванаўскай вобласці на пасаду начальніка электрацэха”. Я паспрабаваў прасіць, каб мяне пакінулі ў горадзе Іванава, але ў адказ пачуў: “Месцаў тут у нас няма”.

Прыбыўшы на месца, даведваюся, што на заводзе днямі было многа падзей. Знялі ўсё кіраўніцтва і адвезлі ў Іванава. І тут ізаляцыя і хапун…

Адпрацаваўшы каля паўтара месяца, у канцы жніўня 1937 года, адразу праз некалькі дзён пасля майго дня нараджэння, раніцай прыбываюць на маю кватэру тры чалавекі з оперупаўнаважаным ГПУ, прад’яўляюць ордэр на арышт і робяць вобшук. Пакорпаліся ў чамадане, забралі дакументы (я яшчэ не паспеў прыпісацца) і прапанавалі цяплей апранацца і ісці з імі. Я быў надзвычай здзіўлены, але ніякіх больш размоў завесці не ўдалося.

Прывезлі ў ДПЗ (дом папярэдняга зняволення) і пасадзілі ў камеру-адзіночку. Удалечыні ад родных, ніхто нічога не ведае. Гаспадыню раней папрасіў, каб яна паведаміла пра мяне дамоў. Знаходзіўся там каля трох дзён. За гэты час неяк адзін электраманцёр прынёс мне пачак цыгарэт і карабок запалак і падаў у ваўчок, паведаміўшы, што сёння мяне адпраўляюць у горад Іванава. Дзесьці ад персаналу ДПЗ, відаць, ён даведаўся. У той жа дзень я пад аховай паехаў з Курлова і не вярнуўся. Кнігі і рэчы, грошы, разлік – усё засталося на волю лёсу. Ніякіх допытаў ці роспытаў. Накіравалі ў вобласць, а там проста ў Іванаўскую турму.

Турма была старога тыпу з вялікімі сценамі і варотамі. Кароткая рэгістрацыя, вобыск, абрэзка спражак і ўсіх металічных гузікаў. Здаў гадзіннік, папружку. Распісаўся ў нейкім акце, і павялі мяне ў следчую камеру. Так скончылася маё вольнае жыццё і пачаліся змрочная гады цяжкага зняволення.

 

Перасылка. Камера

У той час існавала даволі распаўсюджаная тэрміналогія: папраўчы дом, калонія, папраўчы лагер і г.д. Калі я трапіў у зняволенне, у мяне ўзнікла думка: “Ад чаго мяне будуць выпраўляць, у чым будзе адлюстроўвацца маё выпраўленне, з кім мне давядзецца выпраўляцца, размаўляць? Няўжо я не дакажу сваёй невінаватасці? Калі гэтага не ўдасца мне, то, магчыма, такія ж людзі таксама ёсць”. Так я сябе суцяшаў.

У горадзе Іванава я трапляю ў следчую турму. З рэчаў у мяне былі адна запасная кашуля, ручнік і скураная куртка, у якой адшпільваецца футра. Грошы ўсе канфіскавалі пры вобшуку. Перад заходам у камеру прайшоў санапрацоўку, стрыжку ўсіх валасоў і барады. З чаравікаў выцягнулі шнуркі. Адзенне ўсё прайшло гарачую апрацоўку для знішчэння насякомых. Але куртку мінавала гарачая апрацоўка.

Выйшаўшы з лазні, я сябе не пазнаў, цывільная прыгажосць знікла. На душы стала цяжка. Ахова разводзіла па камерах. Вялікія калідоры, усюды краты, чутны звон няспынна працуючых ключоў і засовак. Змрок, цяжкае паветра.

Адчынілася адна з камер, з-за выпарэння нябачна людзей, мяне туды пхнулі, і дзверы зачыніліся. Чую шум: “Куды вы піхаеце людзей. Тут і так павярнуцца нельга”. Лаянка, крык. Я, пастаяўшы, кажу: “Я папрашуся ў іншую камеру, гэта, відаць, памылка”. Але з мяне пачалі смяяцца: “Вось сядай каля парашы, а там абжывешся”.

Параша, параша… Штосьці я не сустракаў раней такога слова на волі, але калі самому захацелася па натуральных патрэбнасцях, я яе ўбачыў і задрыжаў: ”Як гэта пры ўсіх апраўляцца?..”

Камера была невялікая, з высокай столлю, яна магла б умясціць не больш за 8-10 чалавек, але стаяць двухпавярховыя нары, людзі сядзяць, стаяць, ляжаць на голых дошках паўраспранутыя. Дым махоркі і тытуню дзярэ горла. У камеры знаходзілася звыш за 50 чалавек рознага ўзросту. Раздаюцца галасы: “Гэй, навічок, курыць ёсць?” “Ёсць! – кажу, – пачак, калі ласка”. Імгненна ён пайшоў па руках. Так пачалося новае знаёмства. хтосьці запрасіў прысесці на нарах. Гляджу, а дзе ж спаць? Зноў голас: “Ну, распранайся, будзеш спаць пад нарамі каля дзвярэй”. Гэта быў голас старасты камеры. “Ты хто, контра ці урка?” – зноў нехта запытаўся.
Я маўчу. Другі падказвае: “Контра, такую яго маць… бачыш, маўчыць”.

– Ну, а шамаць у цябе ёсць што?

– Ды не, не ўдалося захапіць, грошы забралі.

– Хутка вячэра будзе, а хлеба для цябе няма, цярпі да раніцы.

Праз некалькі гадзін адчыняюцца дзверы, два чалавекі да дзвярэй падносяць каву ў спецыяльным баку, выдаюць гліняныя міскі і наліваюць па чарпаку, стараста выдае па два кавалачкі цукру.

– Бяры сабе пайку цукру і дуй.

Турэмны і лагерны жаргон быў настолькі разнастайным, што я да яго не хутка прывык: пайка, шмон, параша, сука, загнуўся, сівуха, сіксы, нары, лягавы, бажок, шамоўка і іншыя словы сыпаліся з усіх куткоў камеры.

Ніхто нічым сур’ёзным не займаўся. Ні кніг, ні шашак, ні даміно, ніякай паперы ў камеры не было.

Пасля вячэры адзін немалады мужчына распавядае на памяць пераказ “Любіце Хрыста”. Без кніг расказвае, як быццам чытае. Большасць слухае і маўчыць. Некаторыя з хлеба робяць шахматы для гульні, хто стаіць, а хто сядзіць.

Такімі былі мае першыя дні за кратамі. З надыходам ночы я палез на нары. Пінжак паклаў пад сябе, а тужурку – пад галаву. Па рэкамендацыі ўпаўнаважанага я ўзяў яе і галёшы на ногі яшчэ ў Курлове. Гэтыя галёшы ў далейшым служылі начным гаршком, таму што да парашы, з-за спячых людзей, пралезці было немагчыма.

 

Пра тужурку

Мая скураная тужурка была спадарожніцай майго жыцця ў лагеры ўсе дзесяць гадоў, і на ёй варта спыніцца.

Пашыў мне яе бацька яшчэ ў 1928 годзе з разліку, каб можна было ў ёй хадзіць вясной, восенню і зімой. Каўнер і футравая падкладка, якія прышпільваліся, былі добрыя, колер курткі карычневы. Кішэняў у ёй было ажно шэсць, пасак і скураныя гузікі. Іх не адразалі. Жыве яна яшчэ і цяпер, праіснаваўшы ажно 50 гадоў. Яна мне служыла пасцеллю і падушкай, адзеннем і партфелем, коўдрай і матрацам, і выручала ў розныя часы года. Яна была адзіная ў сваім родзе і настолькі прыкметная, што ўсе пра яе ведалі.

Тужурка неаднаразова выкрадалася уркамі, але хутка вярталі яе назад. Яе не бралі лазеншчыкі ў жарылку, шкадуючы папсаваць, часам яна гублялася сярод іншага адзення, але зноў з’яўлялася, як прывід ці амулет, які напамінаў пра былую волю.

У далейшым я за пайку хлеба набыў мяшок. У ім і захоўваў яе доўгія гады, калі не даводзілася апранаць на сябе. Для работы яна не прыгодна была і ў мяшку захоўвалася на нарах, калі я адсутнічаў.

У ёй я хадзіў па выхадных днях ці ў выпадку хваробы. У некаторых зняволеных яна выклікала зайздрасць, іншыя пазычалі пры хваробе, каб адагрэцца. Нават у гады знаходжання ў лагеры тужурка служыла дэкаратыўным адзеннем пры самадзейных пастаноўках сярод зняволеных, якія паказваліся намі ў выглядзе інтэрмедый ці інтэрлюдый для некаторай разнастайнасці. Насіць жа яе даводзілася мала, таму што ў лагеры атрымлівалі ўжо лагернае адзенне (ватныя целагрэйкі, штаны і г.д.). Здаваць на склад я яе не хацеў, трымаў заўсёды на нарах пры сабе.

Пры розных шмонах і праверках яе даставалі з мяшка і зноў кідалі на нары. У галодныя гады я яе ўжо меў намер прадаць за хлеб ці тлушч, але неяк абыходзіўся. І яна зноў заставалася, у надзеі на горшае ці на выпадак выхаду са зняволення. Цывільнае адзенне ў лагеры амаль ніхто не насіў і збыць яе было таксама цяжка. Вось так і ўцалела мая адзіная рэч, прайшоўшы са мной усе цяжкія гады сталінскіх лагераў.

Цяпер яна, хоць і старая, з прагнілымі ніткамі, але мае яшчэ добры выгляд і з’яўляецца гістарычным помнікам пражытых гадоў, як “кажух старога Анісіма” з апавядання Якуба Коласа.

 

Пад следствам

У нашай камеры знаходзіліся людзі рознага саслоўя і розных палітычных перакананняў. Былі палітычныя, а таксама, як іх называлі, бытавікі. Старыя і малыя, але ўсе пад следствам. Палітычныя паводзілі сябе ветліва і сціпла, але бытавікі вялі сябе вельмі нахабна і стараліся заўсёды зрабіць што-небудзь дрэннае для спакойных людзей, зняважыць, не ведаючы ступені іх вінаватасці. У размовах адчувалася адсутнасць якой-небудзь шчырасці, хоць усе знаходзіліся пад адным законам. Усё ж, пры працяглым сумесным пражыванні, без работы, людзі паступова даведваліся адзін пра аднаго.

Былі тут былыя свяшчэннікі і прыхільнікі царскага рэжыму, трацкісты і бухарынцы, якія прыехалі ў свой час з-за мяжы, ці выселеныя з цэнтральных гарадоў, урачы і педагогі, пісьменнікі і журналісты, злодзеі і забойцы-крыміналісты, усе паколатыя іголкамі з рознымі вульгарнымі надпісамі на целе, былі немцы з Паволжжа і шмат іншых.

Палітычных было больш, чым рэцыдывістаў. Стараста, звычайна з рэцыдывістаў, ён галоўны “бажок”, карае і мілуе, можа пазбавіць баланды ці другога – кашы, прымусіць без чаргі выносіць парашу, спаць пад нарамі ці нават церці якому-небудзь уркагану спіну для масажу. Праўда, пайку хлеба 500 грам выдаваў заўсёды. Хлеб – гэта было ўсё: жыццё і разменная манета, лекі і асалода. Крадзёж хлеба ў суседа караўся як цяжкае злачынства. Кармілі тры разы на дзень: раніцай і ўвечары – чай ці кава, у абед – боршч-баланда і лыжка якой-небудзь кашы. Мяса траплялася вельмі рэдка, а малочнае – ніколі. Рацыён усім аднолькавы, хочаш – еш, хочаш – не еш. Калі аб’яўляеш па якой-небудзь прычыне галадоўку, у камеры доўга не трымаюць, выводзяць і кормяць насільна. Так прывыкаеш да гэтага рэжыму, і карацейшымі становяцца дні.

Кіраўнікоў буйнога маштабу ў камеры не было, а ўсё якія-небудзь другарадныя асобы, якія абвінавачваліся па 58-м артыкуле за агітацыю ці шпіянаж, забойства ці крадзеж, прыхільнікаў якога-небудзь цячэння, што існавалі ў той час: ціханаўцы ці абнаўленцы, баптысты ці стараверы, трацкісты ці манархісты, ці маючыя ў другім або трэцім пакаленні якіх-небудзь няўгодных сваякоў. Існавалі нейкія цікавыя артыкулы – СО, СВ, КР, КРІД, КРДТ і чорт іх ведае яшчэ што. Калі мяне спыталі, па якім артыкуле я абвінавачваюся, я не ведаў, што адказаць. Мне яшчэ нічога не прад’яўлялася. На працягу двух месяцаў мяне ніхто не выклікаў з камеры, іншых цягалі начамі штоноч. Некаторыя назад не вярталіся, папаўняліся іншымі. Казалі, што гэта былі “падстаўныя асобы” для падслухоўвання размоў сярод зняволеных. Дарэчы, чаго толькі за гэты перыяд я не пачуў…

Кожны дзень дзве праверкі – падлік, адзін раз на дзень – паўгадзінная прагулка па двары з закладзенымі назад рукамі. Раз на тыдзень адбываўся абыход начальніка турмы па камерах. У той час начальнікам турмы быў нейкі не рускі па прозвішчы Чан-Гулі. Пры адчыненых дзвярах, стоячы ў калідоры, пытаецца, якія просьбы, ці ёсць хворыя? Пытанняў сыпалася многа, потым дзверы зачыняліся, і зноў былі горкія будні. Я некалькі разоў пытаўся, калі мяне выклічуць на допыт. Адказ быў сцвярджальны – выклічуць.

Нарэшце – дачакаўся. Аднойчы перад сном называюць маё прозвішча: “Пад­рыхтавацца на допыт”. Тут жа амаль адразу: “Выходзь”. Я прабраўся праз чалавечыя целы, якія ляжалі ўсюды, таму што не так проста было выйсці.

Кабінет следчага, памятаю, быў на другім паверсе. Прозвішча яго было Вараб’ёў. Звычайныя стандартныя пытанні ён задаваў, запаўняю анкеты, на кожным аркушы распісваюся, чытаю… так… і раптам: “Цяпер раскажыце пра сваю контррэвалюцыйную дзейнасць, на карысць каго вы працавалі?”

Я не зразумеў, маўчу, пытанне паўтараецца і г.д. Я зноў расказваю, дзе жыў і вучыўся, а ён зноў сваё: “Вы абвінавачваецеся ў контррэвалюцыйнай дзейнасці на карысць Польшчы. Гаварыце, як вы працавалі, з кім?..”

Так мой першы допыт і закончыўся ні з чым, у чым я і распісаўся. Праз некалькі дзён зноў тое самае, фактаў няма ніякіх, я выседжваю з імі па некалькі гадзін, то мяне падымаюць, то я зноў сядаю, у выніку адпраўляюць у камеру. Пытанняў канкрэтнага абвінавачвання мне так і не было, ды і быць не магло. Следства даходзіла да абсурду. У выніку мне быў выпісаны чэк на атрыманне з кіёска за мой кошт 1 кг алею, цукру і папярос. Па атрыманні, у камеры, гэта знішчылася адразу ж. Пасля некалькіх тыдняў допыту, спісаўшы многа паперы, следчы заявіў: “Хоць у следства няма доказаў вашай непасрэднай вінаватасці, але вызваліць мы вас не можам. Такі час. Вы яшчэ малады, папрацуйце ў нашай сістэме, вас правераць, вызваляць”. “Ну, а судзіць мяне будуць?” – пытаюся. “Праз ОСО”, – адказалі. Але я так і не зразумеў.

Пасля такога хвалявання я зусім аслабеў. Быў вельмі бледны, балелі ногі, падмацавацца амаль не было чым. У выніку выклікі спыніліся, а ў адзін дзень, пасля месячнага перапынку, выклікаюць неяк на калідор з усімі рэчамі. Чую, зачытваюць прыгавор. Без пракурора і абаронцы, без сведкаў і без мяне – мяне асудзілі. Нейкі ваенны канцылярыст стоячы зачытвае мне рашэнне асобай нарады НКУС СССР па Іванаўскай вобласці: “…За контррэвалюцыйную дзейнасць на карысць Польшчы (?) зняволеных… накіраваць па артыкуле (КРД) у папраўча-працоўныя лагеры Томскай вобласці сістэмы ГУЛАГа тэрмінам на 10 гадоў з залічэннем тэрміну, які быў пад следствам… Зразумела?”

– Не, за што?

– Я ж прачытаў, чулі? Так. Распішыцеся.

І я распісаўся. Больш у сваю камеру я не трапіў. Пасля прысуду пераводзілі ў этапныя камеры асуджаных і мяне. Пасля такога прысуду я яшчэ каля паўтара месяца сядзеў у больш прасторнай камеры з новымі спадарожнікамі па будучым этапе. Пачынаўся ўжо 1938 год.

 

Этапы вялікага шляху

Пры зачытанні прысудаў, перад этапнай камерай, многія зняволеныя вельмі хваляваліся. Тыя, якія траплялі першымі, ад слёз не маглі распісацца, некаторыя губляліся пасля роспісу, што ж чакае далей? Чулася толькі – рашэнне “тройкі” – 8 гадоў, 10 гадоў, ОСО – 10 гадоў, 12 гадоў… Затым людзі пасмялелі і ішлі спакойна падпісваць свой лёс. Больш скардзіцца не было каму, камера папаўнялася “доўгатэрміновікамі”. У некаторых былі нават спакойныя ўсмешкі на тварах. Толькі б хутчэй у этап. Наперадзе, праўда, ляжаў доўгі шлях у Сібір, на Далёкі Усход. Але супакойвала, што пераезд будзе цягніком, гэта ж – не час дзекабрыстаў.

Ішлі нядоўга. Да пасадкі былі падрыхтаваныя два пасажырскія вагоны, у якія садзіліся па прызначаным маршруце, іншыя павінны былі чакаць наступных цягнікоў. У вагоне было цёпла, стала хіліць да сну, але спаць амаль не давялося. Праз некалькі гадзін пачуўся голас: “Вылазь!”

Цягнік прыбыў на станцыю Аляксандрава пад Масквой. Вагон адчапілі.

– Строіцца, на першы-другі разлічыся!.. Па чатыры ста-на-віся!.. Шагам марш!..

Па горадзе Аляксандрава закрочыла калона ў напрамку Аляксандраўскага цэнтрала. Вялікая старая перасыльная турма мала чым адрознівалася ад Іванаўскай, хіба толькі ардынарнымі нарамі і больш свабодным размяшчэннем. Зноў праверка, санапрацоўка, лазня, жарылка, вячэра, і ў камеры. Там давялося прасядзець тыдні тры. Фарміравалі этап на Волагду.

Рэжым быў тут лягчэйшы, ды і народ, ужо асуджаны на пэўны тэрмін, паводзіў сябе спакойна. Кожны пражыты дзень набліжаў час вызвалення. Кармілі лепш, больш трапляла гарачай ежы, а гэта весяліла.

У канцы студзеня адбылося адпраўленне на Волагду. Зноў пешшу ішлі на вакзал, зноў пасажырскія турэмныя вагоны. Ехалі з прыпынкамі на дні тры.У дарозе спалі, елі ў каго што было. У вагонах кармілі. Волагда сустрэла нас моцнымі маразамі, нават дыхаць было цяжка.

Зноў высадка па статуту, але пераправа ў Валагодскую турму ўжо ў грузавых аўтамашынах. Апрацоўка, падлік, і ў камеры. Там прасядзець давялося больш месяца.

Фарміраваўся вялікі этап на Урал праз Свярдлоўск. Самога горада Волагды мне так і не давялося ўбачыць. Але затое турма зрабіла вялікае ўражанне. Высокія цагляныя сцены з вежамі па краях, магутныя вароты, унутры – вялікі двор. Народу знаходзілася вельмі многа, адну партыю прывозілі, другую – адпраўлялі. Будынак унутры быў вялізны, з магутнай паўкруглай столлю старога тыпу, падобны на нейкі старажытны манастыр.

У адной з камер размясцілі і нас, прыкладна чалавек каля пяцідзесяці. Тут старас­та пачаў ствараць брыгады, брыгадзіры былі яму памочнікамі ва ўсім гаспадарчым жыцці. Такім брыгадзірам зрабілі і мяне. Абавязкі брыгадзіра былі хадзіць па харчаванне, раздаваць хлеб, цукар, гарачыя стравы, своечасова выходзіць на прагулкі, прыбіраць камеры, туалеты і калідоры. Усё ж была нейкая разнастайнасць, і можна было прайсціся па паветры ўнутры турэмнага двара.

Кармілі нас так сабе, давалі па 500 грамаў хлеба, нары былі без пасцелі, але мне ўжо можна было ўладкавацца на першым паверсе нараў. Рэжым быў нармальны. Дазвалялі нават пісаць пісьмы знаёмым, дамоў родным. Першае пісьмо я паслаў з Іванава, з Волагды – другое, але свайго адраса не ведаў, куды напісаць. Шлях яшчэ быў далёкі. У камеры гучалі размовы, успаміны, чытаць не было чаго, ніякіх навін з волі мы не ведалі.

У канцы лютага сфарміраваўся этап і пачалі нас вывозіць на аўтамашынах на вакзал, размяшчаючы ў таварныя вагоны-цяплушкі па сорак чалавек. Пасярэдзіне вагона стаяла жалезная печка-буржуйка, якую палілі вугалем, я быў прызначаны ўжо старастам вагона. У вагоне людзі знаходзіліся зноў розныя: рэцыдывісты і палітычныя, старыя і маладыя, а фарміраваўся эшалон два дні. Параша, зноў нары ў два паверхі, яда праз дзверы тры разы, але хлеба ўжо давалі па 600 грамаў. Прывыклі да такога рацыёна. А так – ляжалі ў вагонах і сядзелі.

Сабраўшы эшалон, вагонаў з дваццаць, крануліся ў дарогу. Маршрут ішоў у напрамку Кірава, Пярмі, Свярдлоўска. У кожным такім горадзе стаялі суткамі для папаўнення, відаць, прадуктамі. Іншы раз да нас заходзілі дактары, слабых і хворых выводзілі з вагонаў, перамяшчаючы ў асобны санітарны вагон, а такіх выпадкаў у дарозе было шмат.

Урачы-бытавікі рэзаліся ў самадзейныя карты з якога-небудзь картону, некато­рыя напявалі розныя блатныя матывы ці песню з фільма “Пуцёўка ў жыццё”:

 

Позабыт, позаброшен с молодых, юных лет,

Я остался сиротою, счастья, доли мне нет…

 

Затым памятаюцца і такія словы:

 

Как умру, похоронят,

И не будет меня,

И никто не узнает,

Где могилка моя…

 

Гэтыя шчымлівыя матывы ў дарозе наводзілі моцны сум. Прыкладна праз тыдзень састаў прыбыў у Свярдлоўск.

Нас сустрэлі ўральскія маразы. Машыны перакідвалі нас павагонна да якога-небудзь новага цаглянага будынку. Адна нейкая навучальная ўстанова была прыстасавана пад перасыльную турму. Самога Свярдлоўска я не бачыў. Нам адвялі вялікую залу, у якой стаялі ўжо жалезныя ложкі з матрацамі. Зала ўмяшчала каля 100 чалавек. У такой зале нас пратрымалі каля двух месяцаў. Было выбрана кіраўніцтва камеры. Мяне выбралі старастам, далі і памочніка. Былі чатыры брыгадзіры. Але, чым больш народу, тым больш хапала клопатаў. Толькі выслухаць кожнага – патраціш амаль дзень, а размаўляць з турэмным начальствам дазвалялася толькі старастам.
Я спраўляўся з гэтымі абавязкамі нядрэнна, таму мяне не перавыбіралі да канца этапа.

Там давялося ўбачыць вельмі многа людзей розных нацыянальнасцяў і спецыяльнасцяў. Гэта было нейкае перасяленне народаў у Сібір і на Далёкі Усход.

Са Свярдлоўска мы выехалі зноў у драўляных вагонах дзесьці напачатку красавіка 1938 года. Шлях ляжаў праз Цюмень, Омск, Новасібірск, станцыю Тайга, Ітатка, Асіно. Зноў былі доўгія прыпынкі без высадкі. У Омску адбылася санапрацоўка, уколы, лазня, жарылка. Бялізна не мянялася, а толькі пражарвалася. Ад уколаў былі моцныя болі ў плячах, але сіл яшчэ хапала. Гэта вандроўка цягнулася да мая месяца.

На станцыі Тайга эшалон расфарміравалі, частку людзей накіравалі на Краснаярск, а вагонаў шэсць адчапілі і пусцілі на Томск. У Томску зноў былі прыпынак і лазня. Затым рушылі далей да станцыі Ітатка – невялікі паўпрыпынак у лясной тайзе. Вароты адчыняюцца, і… відаць лагер. Выходзілі з вагонаў, усе былі бледныя, стомленыя, брудныя ад пылу і вугалю. Нас палічылі, праверылі рэчы і адправілі за калючы дрот у халодны неацяпляльны барак. У ім нам давялося прабыць некалькі гадзін. Потым раздаўся голас каменданта: “Выходзь на работу. Строіцца па пяць. Крок направа, крок налева – лічыцца пабегам… Шагам… арш!..”

І зноў мы выйшлі за вароты пад узмоцненым канвоем з сабакамі-аўчаркамі і мноствам розных камандзіраў. Ахова была ваенная, строгасць, размовы забаронены, рухаліся куды загадвала начальства.

Па сутнасці справы, гэта пачалася першая спроба сіл. На вуліцы – сыра, гразь, адзенне не прыстасавана было да працы. Рыхтавалі дровы для ацяплення, працавалі, хто як мог. Вечарам зноў у лагер. Потым – вячэра, размяшчэнне, арганізацыя брыгад, выдача рабочага адзення і кірзавага абутку, арганізацыя спальных месцаў, знаёмства з абставінамі і… сон. Наперадзе нас чакалі цяжкія дні і выпрабаванні. Гэта быў канец мая 1938 года.

 

У лагеры

З прыбыццём у Асінлаг, на станцыю Ітатка Томскай вобласці, пасля 10-месячнага знаходжання ў турмах і перасылках, жыццё маё стала як бы лепшым і весялейшым. З аднаго боку, я мог бачыць сонца і навакольную прыроду, дыхаць свежым лясным паветрам. Ад гэтага перамяшчэння з ленінградскага ў сібірскі клімат знікла малярыя. Тайга здзіўляла сваёй магутнасцю і зелянінай. Мне здаецца, я дыхаў бы тым паветрам без адпачынку і стомы, глядзеў бы на розных птушак і прыгожых звяркоў. Але доўгім знаходжаннем у такой тайзе можна было самому стаць дзікім, страціць аблічча культурнага чалавека, таму што па сутнасці справы тут трэба было пачынаць з нуля. Не маючы амаль нічога, як Рабінзону Круза. А колькі нас было такіх Рабінзонаў тут – не злічыць. Тайга прымала ўсіх – здаровых і хворых, жывых і мёртвых, старых і маладых.

У лагеры мы ўбачылі, што сярод нас ёсць і многа жанчын рознага ўзросту, якія жылі ў асобных бараках. Гэта таксама ўносіла разнастайнасць. Мужчыны з прагай ці са спачуваннем глядзелі на жанчын, а яны, у сваю чаргу, адказвалі такой жа ўзаемнасцю.

Адкрытыя наведванні або сувязі з жанчынамі і наадварот жорстка караліся змяшчэннем у кандэй (карцэр) на 300 грамаў хлеба і кубак вады ў суткі. Тэрмін знаходжання ў кандэі вызначаўся ад 3-х да 15-ці сутак у халодных камерах без усякіх прагулак. Культурныя ж зносіны ў клубе, сталовай, на рабоце або ў цэху і на вытворчасці ўсё ж дазваляліся. І людзі размаўлялі паміж сабой, падшукваючы сабе спачуваючага сябра. Гэта вельмі дапамагала ў лагерным жыцці, пры хваробе, калецтвах, горы ці іншых якіх-небудзь няшчасцях, якія сустракаліся тут на кожным кроку.

У лагеры заўсёды можа цябе падпільноўваць нейкая нечаканасць: трывога, этап, забойства, выклік, раненне, голад, курыная слепата і г.д. Адзіночка, які не мае магчымасці сам сабе дапамагчы, гіне бясследна. Лагерная ахова глядзіць на гэтыя рэчы, як на звычайную з’яву. Лагеру патрэбна паўсядзённая праца, прадукцыйная і безадказная. Чалавек, які не жадае працаваць, лічыўся паразітам з усімі вынікамі. Тут вельмі шырока быў распаўсюджаны лозунг: “Хто не працуе, той не есць!” Гэта практычна кожны адчуваў на сабе. Непрацуючыя атрымлівалі 300 грамаў хлеба і чарпак супу на цэлы дзень. Яны слабелі імгненна. Працуючы ж побач мог атрымліваць да 1 кг хлеба ў дзень, тры разы гарачую страву, першае і другое ў абед, атрымліваць пасылкі ад родных, карыстацца буфетам за заробленыя грошы з асабістага рахунку і г.д. Таму кожны зняволены стараўся ісці на працу, рабіць усё, што загадаюць, толькі б увечары атрымаць заробленую пайку хлеба.

Хлеб – гэта была такая каштоўнасць, што кожная крошка яго заўсёды была ў цэнтры ўвагі. Нідзе ніколі ніхто не бачыў кавалка, крошак хлеба, бо ён быў даражэй за золата, грошы, адзенне і іншыя рэчы.

Такім выглядаў лагер са знешняга боку. Каштоўным было тое, што чалавек можа быць на свежым паветры. І вось у такой лагернай абстаноўцы я пражыў кустаром-адзіночкай да 21 жніўня 1947 года. Тут былі пражыты мае самыя маладыя гады. Гэта гады росквіту сваіх здольнасцей у цяжкай працы, у своеасаблівых умовах у асваенні, калі так можна сказаць, нейкага невялікага ўчастка ўсёй вялікай неабсяжнай сібірскай тайгі.

 

Працоўныя будні

З першых дзён знаходжання ў лагеры я стаў клапаціцца, каб паведаміць адрас сям’і, а таксама дазволу на адпраўку хадайніцтва аб пераглядзе сваёй “справы”. Пісьмо напісаць дазвалялі, а хадайніцтва – толькі пасля заканчэння гадавога тэрміну знаходжання. Гэтымі пытаннямі ў лагеры займаліся спецыяльныя асобы з вольнанаёмнага саставу культурна-выхаваўчай часці (КВЧ). У іх саставе былі і малатэрміновікі са зняволеных-бытавікоў на пасадах выхавальнікаў.

Выхавацель сачыў, як ты сябе паводзіш, як працуеш. Яны выдавалі пісьмы і пасылкі, прымалі скаргі і хадайніцтвы, займаліся арганізацыяй самадзейных гурткоў, загадвалі чырвонымі куткамі, бібліятэкамі, газетамі, якія даваліся толькі на іх выбар. Знешне гэта выглядала нармальна, але, пасля штодзённага дванаццацігадзіннага дня работы, часу для культурнага адпачынку не хапала. Выхадныя даваліся праз дзесяць дзён. На сон не хапала часу. Адбой у 22.30, пад’ём у 6.30. У 7.30 ішлі на “лінейку” да варот і калонай рухаліся на работу. Так кожны дзень у любое надвор’е.

Выхавацелі сачылі і за тэрмінамі вызвалення, прыбыццём у лагер і выбываннем з яго. Выхавацель – гэта, дарэчы, як у арміі палітрук. Па вытворчай жа частцы быў і тэхнарук, і прарабы, і майстры, і брыгадзіры, і звеннявыя, і асобныя загадчыкі якіх-небудзь галін: кладаўшчык, загадчык гаспадаркі, хлебарэз, кухар, шавец, цырульнік, кравец, слесар або каваль, кандойшчык (загадчык карцэра), магільшчык, прачка, санітар, фельчар, урач, сёстры, судамыйкі, пячнікі, забеспячэнцы і г.д. Гэтыя ўсе асобы былі ў ліку зняволеных і ў лагеры называліся “прыдуркамі”. Некаторым з іх дазвалялася выходзіць за межы лагера, гэта значыць яны лічыліся расканваірава­нымі. З гэтым персаналам і даводзілася сустракацца кожнаму з нас штодзённа. У лагеры заўсёды знаходзілася каля тысячы чалавек. Але работы хапала ўсім.

Нас усіх разбілі на брыгады. Вызначала камісія, медперсанал. Былі апытанне, агляд і накіраванне. Працавалі на лесапавале, грузілі лес у вагоны, перавозілі лес трактарамі, складвалі ў бурты (кучы лесу), абсякалі сукі, будавалі дарогі, масты, баракі, а таксама гаспадарчыя памяшканні. У далейшым – будавалі лесазавод, электрастанцыю, склады піламатэрыялаў і гатовай прадукцыі.

У першы год знаходжання я трапіў на лесапавал. Валка лесу, раздзелка яго, потым укладка ў штабелі – гэта вельмі працаёмкая работа. І накіроўвалі туды пераважна маладых. Так каля года я быў лесапавальшчыкам, год грузіў вагоны лесам, каля года займаўся выцягваннем бярвенняў з ракі Чулым, і гады два на будаўніцтве лежнявых дарог, будынкаў і розных збудаванняў. Набываў такім чынам новую спецыяльнасць. Хоць сіл было малавата, але начальству такія работнікі падабаліся. Таму дзесьці на пятым годзе знаходжання мне абяцалі работу па спецыяльнасці.

Мы пачалі свой лагерны працоўны шлях у тайгу проста ад чыгункі. Пра­паноўвалася зрабіць прасеку 50 кіламетраў па тайзе, пракласці лежнявую дарогу, а на дваццатым кіламетры пабудаваць пасёлак, прыгодны для жылля на 500 чалавек, і выцягнуць лес да чыгункі.

За мой дзесяцігадовы тэрмін усё гэта было зроблена. Але аднойчы мне прапана­ва­лі арганізоўваць і весці эксплуатацыю спачатку дробных дызельных электрастанцый, затым пабудаваць лакамабільную электрастанцыю на два лакамабілі агульнай магутнасцю да 200 к.с.

Для работы па спецыяльнасці я быў таксама расканваіраваны і займаўся гэтай работай з усім сваім стараннем і працавітасцю. Даводзілася і кіраваць, і самому, закасаўшы рукавы, манціраваць, праводзіць лініі электраперадач, рабіць фундамен­ты пад машыны, шчыты і іншыя работы.

У гэтых клопатах праходзілі год за годам. Успамінаюцца часта некаторыя эпізоды таго часу. У лагеры, дзе мы размясціліся, знаходзіліся нядоўга. Мы пачалі будаваць для сябе свой барак і іншыя падсобныя памяшканні ў зоне сярод тайгі кіламетраў за 20 ад чыгункі. З сырога піхтавага лесу раслі пабудовы і адразу засяляліся і асвойваліся зняволенымі. Інструменты былі самыя звычайныя: рыдлёўка, сякера, бураў, піла, багор, вяроўка, і людзі, як мурашкі, будавалі сабе жыллё трывала і надзейна. Паміж бярвеннямі клалі мох, пракладвалі дарогу далей, нам падвозілі будаўнічыя матэрыялы, прадукты і г.д. З раніцы да вечара толькі “слышен был в лесу топор дровосека…”

Вакол па радыусу кіламетраў за 20 высякаўся прыгожы, стары, таёжны лес: кедр, піхта, бяроза, асіна, сасна і елка. Праз гады тры ў нас ужо быў новы лагерны пункт з рознымі гаспадарчымі памяшканнямі і нават з бальніцай на 100 ложкаў. Бальніца абслугоўвалася зняволенымі ўрачамі і сёстрамі. Яна заўсёды была поўная. Штодзённа людзі атрымлівалі траўмы і розныя хваробы. Там наладжваліся і хірургічныя аперацыі. Некаторыя выжывалі, але многія адтуль жа адпраўляліся “на той свет”. Наш кантынгент людзей быў вельмі разнастайны: старыя ўзбекі, таджыкі, украінцы, беларусы, фіны, літоўцы, латышы і эстонцы. Моладзь вытрымлівала цяжкасць, старым такія ўмовы былі далёка не пад сілу. З медыкаментамі справа наладжвалася дрэнна, харчаванне ўсюды было звычайнае, лагернае. Лічылася шчасцем, калі хвораму трапляў кавалак белага хлеба ці лішні кавалачак мяса.

У гэтай бальніцы давялося праляжаць і мне. Ад прастуды зімой у мяне ўтварылася флегмона на левай назе пад ягадзіцай. Да гэтага ад знясілення я ўвесь быў абсыпаны скуламі. Ад флегмоны моцна апухла левая нага. Хвароба была відавочная, таму мяне паклалі ў бальніцу. Лячэння, па сутнасці, не было ніякага. Прыкладвалі іхціёлавую мазь, мералі тэмпературу, але пухліна не праходзіла. Аднойчы пры абходзе хворых дактарамі мяне паглядзелі, а ўрач на калідоры сказаў, што заўтра будзе мяне аперыраваць – адрэзваць левую нагу. Санітарка чула гэту размову і раніцай расказала мне. Балюча і горка было гэта ўсё чуць. Я пачаў нервавацца і задумаў падняцца з ложка. Пры пад’ёме неяк ад рэзкага павароту ў мяне лопнула флегмона і пацёк гной. Я паклікаў санітарку. Яна выціснула з нагі літры два гною. Нага зрабілася танчэйшай, пухліна спала. Пры наступным абходзе дактароў яны прынялі рашэнне не рабіць аперацыі. Выціснулі ўвесь гной, і я, пасля гэтага, яшчэ тры тыдні хадзіў на мыліцах па бараку, а потым мяне выпісалі. “Якое шчасце, – падумаў я, – што гэта ўсё адбылося да аперацыі”. Нага дзейнічае і па сённяшні дзень.

Быў таксама вельмі цяжкі момант пры маім знаходжанні на лесанарыхтоўках. У мяне выявілася “курыная слепата”. Гэта вельмі цікавая хвароба. Раніцай выходзіш, усё, здаецца, нармальна, нічога не баліць, усё бачыш. А надвячоркам вочы засцілае туманам, нічога наперадзе адрозніць нельга. Ісці без праважатага немагчыма, а дактары гэтай хваробы не прызнавалі і вызваленне ад працы не давалі. Яны казалі: “Трэба есці сырую печань, піць тлушч рыбы”. А дзе яго знойдзеш у тых умовах? Нідзе. Таму я так пакутаваў месяцаў пяць.

Дапамаглі ў значнай меры мае родныя. Дзесьці праз паўтара года пасля майго зняволення я атрымаў ад мамы і сястры адказы на свае ранейшыя лісты. Я ім паўторна змог напісаць пра свае хваробы. Яны жылі ўжо ў Магілёве. І некалькі разоў да вайны ў 1939-1940 гадах высылалі мне пасылкі з тлушчам. Памятаю, я іх атрымаў штук пяць. Таплёны тлушч з цыбуляй, сала і іншыя прадукты. Хоць усяго самому ніколі не давялося выкарыстаць, але многае з гэтага я з’ядаў сам. Арганізму патрэбны былі пажыўныя рэчывы. І мая слепата пасля гэтага прайшла.

З-за слабасці і знясілення мяне ўсё ж з лесапавалу знялі і, пасля ачуньвання, накіравалі ў брыгаду па падвозцы лесу да чыгункі і пагрузцы вагонаў. Работа гэта таксама была працаёмкая, але на вагон давалася шэсць чалавек. Два на падвозцы, два на падачы і два на ўкладцы на роўнай пляцоўцы. Такая перамена працы дзейнічала спачатку больш спрыяльна, але ад цяжкага пад’ёму я пачаў адчуваць частыя болі ў жываце, адбылося апусканне страўніка. Па целе пайшлі вялікія скулы, і хутка мяне забракавалі, перавялі на больш лёгкія работы: часаць бярвенні, рабіць клейку для бочак, расцягваць бярвенні на дошкі, складваць штабелі. Вось на такіх работах давялося працаваць увесь перыяд да пачатку Другой сусветнай вайны.

Зімы я пераносіў адносна добра. Маразы там дасягалі 50-55 градусаў і трохі менш. Зімы былі снежныя і працяглыя. Калі з харчаваннем палепшылася, то і пераносілі гэты час мы ўсе лягчэй, весялей працавалі і хутчэй праходзілі цяжкія дні.

 

Ваенны час

У ваенныя 1939, 1941-1945 гады наш лагер працаваў вельмі напружана. Першае, што адчувалася з надыходам вайны, гэта ператасоўка зняволеных па артыкулах, тэрмінах, па спецыяльнасцях, партыйным стажы і г.д. Адных кудысьці адпраўлялі, іншых, наадварот, прысылалі з лагераў розных рэспублік. Так да нас прывезлі некалькі эшалонаў служачых з Літвы, Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі – усе дзясятачнікі.

Бытавікоў-рэцыдывістаў фарміравалі асобна для адпраўкі на фронт, а палітыч­ных – сканцэнтравалі ў іншым лагеры пад узмоцненай аховай у строгім рэжыме. У такім рэжымным лагеры прабыў і я каля 12 месяцаў у першы год вайны.

Відаць, кіраўніцтва лагераў баялася якіх-небудзь уцёкаў ці абурэнняў. Але ўсе гэтыя зняволеныя за калючым дротам паводзілі сябе вельмі спакойна, яны не ведалі наогул, якой лініі трымацца, а тым больш не ведалі пра ход вайны. Таму пра ўцёкі і размовы быць не магло. Густая тайга, рака Чулым, пад кантролем чыгунка – без адзення і прадуктаў харчавання ніякіх уцёкаў ажыццявіць было немагчыма. Культработнікі іншы раз коратка расказвалі пра наступленні немцаў, пра захоп Гітлерам шэрагу дзяржаў, пра пачатак і канец Фінскай вайны і пра нападзенне нямецка-фашысцкай Германіі на СССР. Усе былі ў жаху, кожны хацеў дапамагчы сваёй Радзіме, але дапамога не прымалася, як гэтага б хацелася, прымушалі праца­ваць на месцы.

Мы выцягвалі сплаўлены лес з ракі Чулым і перапрацоўвалі яго на матэрыял, грузілі ў вагоны, на лесазаводах рабілі снарадныя скрыні, рыхтавалі матэрыял для прапелераў. І гэта называлася дапамогай фронту. Многія пісалі заявы на фронт, на перадавую. Пісаў заявы неаднаразова і я, але нас не пускалі. На фронт адпраўлялі толькі малатэрміновікаў.

У гэты час была звернута ўвага на розных спецыялістаў, якія знаходзіліся ў лагеры. Вольнанаёмны персанал здымаўся са сваіх пасад, а гэтыя месцы запаўняліся рознымі палітзняволенымі. Усе гэтыя вытворчыя пасады, уключаючы часткова і ахову, займалі людзі розных спецыяльнасцей, а малатэрміновікі нас ахоўвалі. Спачатку гэта здавалася неверагодным, але потым прызвычаіліся, ды ішло ўсё, як патрабуецца, паводле лагернага рэжыму.

Галоўнае, што адчувалася на настроі ўсіх зняволеных, гэта хуткі рух ворага па нашай тэрыторыі. Захоп Беларусі і Украіны, прыбалтыйскіх рэспублік, блакада Ленінграда і набліжэнне да Масквы праціўніка наводзілі на нас жах. Чым больш фашысты разбуралі савецкія гарады, захоплівалі тэрыторыі, тым цяжэй было і лагернікам. У патрыятызм іх ніжэйшая ахова не верыла, а націскала на статут, павялічваючы рабочы дзень, не даючы выхадных, газет і часопісаў, не прапускалі пісем ад родных, не давалі пасылак і г.д. Дарэчы, усюды адчувалася, што на фронце неспрыяльна. Калі ў Ленінградзе ў блакадзе людзі пакутавалі ад голаду і холаду, у нас быў таксама ўзмоцнены рэжым. Хлеба давалі напалавіну менш. Непрацуючыя атрымлівалі па 150 г. Мяса, нават каніны, не паступала некалькі месяцаў, варылі верхнія чорныя капусныя лісты, зімой з гнілой ці марожанай бульбай, або давалі дзве лыжкі аўсянай поснай кашы, усё без солі. Соль у лагер не паступала каля аднаго года. Зрэдку давалі ўдзень палавіну селядца. Гэты селядзец абсмоктвалі, яго і выварвалі, і кожную костачку прагрызвалі, каб хоць крыху адчуць соль. Без солі – гэта амаль пэўная гібель. Чаго толькі чалавечая думка не вынаходзіла ў пошуках солі. Жавалі розную кару ў лесе, вышуквалі ў зямлі ўсемагчымыя карані і, не ведаючы, прыгодныя яны ці не для яды, елі іх у сырым або вараным выглядзе. Працаваць жа даводзілася паўсядзённа, нягледзячы ні на якія недахопы. Гінулі ад голаду людзі, але замест іх прывозілі новых этапамі з іншых месцаў. І лагер заўсёды быў поўным.

Ход вайны нам быў нябачны, хоць мы пра яе амаль усё ведалі. Нас ахоплівала гора за краіну, за Радзіму, за сем’і, якія знаходзіліся пад акупацыяй. У мяне прапала апошняя надзея. Я лічыў загінулымі ўсіх сваіх родных. І надзеі на вяртанне на свабоду ніякай не было.

Я паслаў за час знаходжання ў лагеры ў першыя пяць гадоў звыш 15-ці хадайніцтваў ва ўсе інстанцыі РСФСР і СССР, пісаў асабіста на імя Сталіна, але на мае скаргі і запыты, як і на скаргі іншых, паступала толькі адно паведамленне, што “ваша скарга накіравана па прызначэнні, пра вынікі якой вам будзе паведамлена”. Але ўсе чаканні былі дарэмнымі. Краіна была занята іншымі справамі, а мы ў той момант з’яўляліся кропляй у моры.

Да 1943 года я яшчэ трымаўся, але ў рэшце рэшт і мае маладыя сілы надарваліся. Я пачаў моцна апухаць: рукі, ногі, твар былі апухлыя да непазнавальнасці, хісталіся зубы, пухлі дзёсны. наступіла моцная слабасць, імпатэнцыя, не трымалася мача і г.д. Давялося легчы ў слабілку, гэта значыць, у спецыяльны барак для кволых і нямоглых людзей.

Праляжаў я там каля трох месяцаў. Малады арганізм пакрысе асіліў хваробы, я пачаў хадзіць з кіёчкам па двары, робячы сабе хвойныя ванны з піхты, жаваў смалу, чым умацоўваліся дзёсны. Адным словам, займаўся самалячэннем як мог.

Прайшоў час, і я трапіў на будаўніцтва лесазавода і электрастанцыі. Па чутках, на франтах ішлі рэзкія перамены, нашы пачалі выцясняць ворага са сваёй тэрыторыі. У лагеры слабеў рэжым. Нам, зняволеным спецыялістам, было дадзена права свабоднага выхаду за зону ў межах 15 км па будаб’ектах тайгі. Нас расканваіравалі. На вахце толькі трэба было адзначыцца пра час выхаду і прыходу. Гэта значна аблегчыла наша жыццё. Наогул, успамінаючы мінулыя гады, я пераканаўся, што жыццё мне было захавана дзякуючы маёй спецыяльнасці. Я заўсёды, усюды аказваўся патрэбным чалавекам. Сапсуецца тэлефон ці радыёпрыёмнік, ці патухне святло, ці абарвецца дрот, ці спыніцца агрэгат на электрастанцыі – электрыку заў­сё­ды знаходзіцца работа. Вось гэта дапамагло выжыць у цяжкія гады. Нас, электрыкаў, можа, чалавек 10-15 было, а таму нас нікуды не адпраўлялі па іншых лагерах, а трымалі для выкарыстання пры развіцці вытворчых аб’ектаў. З перамогай савецкіх войск на фронце і да нас пачалі адносіцца больш гуманна, прадракаючы, прынамсі, хоць на словах, хуткую свабоду.

Нягледзячы на такія надзеі, я вельмі цьмяна ўяўляў сабе свабоду. Не маючы родных, сваёй сям’і, знаходзячыся пад нейкім недарэчным падазрэннем і маючы такі страшны тэрмін, здавалася, жыццё будзе зусім немагчымым. Здаваліся вечнымі праследаванні, прыніжэнні і знявагі, асуджэнне ў калектывах. А застацца на ўсё жыццё ў сістэме ГУЛАГа і назіраць за пакутамі людзей – не ўпрыгожвае жыццё, а робіць чалавека толькі жорсткім і абыякавым да ўсяго навакольнага. Таму я зноў пачаў прасіцца на фронт. “Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях”, – успамінаў я словы Далорэс Ібаруры. Але мары мае так і не збыліся.

Мы адчувалі фронт у тыле. Да нас эшалонамі паступалі цэлыя заводы з усім абсталяваннем і людзьмі, паступалі эшалоны з параненымі і ваеннапалоннымі, ад нас ішло многа моладзі на фронт. А некаторыя нават вярталіся жывыя назад. Мы не чулі баявых стрэлаў, але па тварах раненых вызначалі жахі вайны.

Зняволеным заўсёды даводзілася абслугоўваць многія эшалоны. Асабліва ў гэтым прымалі ўдзел урачы, электрыкі, механікі, цесляры і іншыя спецыялісты. Наш лагер на стаянках і карміў раненых, і расфарміроўваў па розных шпіталях. Іншы раз станавілася сумна, чаму я, абслугоўваючы грамадзян, з’яўляюся сам з нейкім ярлыком, калі ж раскрыецца праўда, калі ж будзе разблытаны гэты пякельны клубок, бо не тыя ж мы, за каго нас выдаюць?! Усё ж паспрабуй дакажы, не маючы доступу ні да кіраўніцтва, ні да адпаведных інстанцый. А тэрмін усё ішоў і ішоў…

 

На энергетычнай будоўлі

Вайна была ў самым разгары. Нам чыталі зводкі інфармбюро з газет пра адступленне і няўдачы нашых войск. Унутры лагера мабілізуецца ўсё насельніцтва на максімальную дапамогу фронту. “Усё для фронту, усё для перамогі!” – так было напісана на лозунгах. Нас, брыгаду спецыялістаў, інжынераў, электрыкаў, механікаў, слесараў і машыністаў сабралі і прапанавалі будаваць электрастанцыю. Мяне прызначылі, як старажыла, кіраўніком па мантажы і эксплуатацыі энерга­гаспадаркі. Хутка прывезлі абсталяванне, лакамабілі і рухавікі ўнутранага спальвання, генератары і электраматоры, але ніякіх праектаў, ні чарцяжоў, ні тэхнічнай літаратуры нам не далі. Усё трэба было рабіць па памяці. Спецыялістаў, праўда, мы мелі нядрэнных.

І вось на пятым годзе зняволення мы ўзяліся будаваць драўлянае памяшканне пад электрастанцыю, устанаўліваць два лакамабілі агульнай магутнасцю да 200 к.с. Будавалі ўдзень і ўначы, тэмпы былі надзвычайныя. Нас сталі лепш карміць, таму і працаваць стала цікавей.

Найперш, трэба было зрабіць нізкавольтныя лініі электраперадач, электра­фіцыраваць пасёлак для вольнанаёмнага саставу, асвятліць лагер, устанавіць рухавікі з перасоўнымі генератарамі на лесапавале ў тайзе. Усё пачыналася з нуля.

Праз некалькі месяцаў асноўныя агрэгаты былі ўстаноўлены і генератары падрыхтаваныя да пуску. Паліўная ж частка, печкі і іншыя збудаванні адставалі з-за адсутнасці неабходнага абсталявання. Але начальству не цярпелася і хацелася хутчэй мець электраэнергію. Таму незакончаную мантажом электрастанцыю давялося запускаць. Загад ёсць загад, пярэчанні ва ўвагу не прымаліся. Спачатку запуск прайшоў добра. Палілі апілкамі і дровамі. Лесазавод пачаў набіраць тэмпы, усё ішло нармальна некалькі месяцаў.

Наступіла зіма. Пачаліся моцныя вятры і маразы, таму нагрузкі ўзраслі. І ў адну ноч, ад моцнага іскрэння і выкіду шлаку з труб, загарэўся драўляны дах. Вадзяных рэзервуараў не было. Тушыць пажар ноччу не было каму, бо зняволеных з зоны не выпускалі. Невялікі расканваіраваны персанал змог выратаваць толькі абсталяванне. Будынак згарэў. Мяне чакала вялікая непрыемнасць, або новы тэрмін ці адпраўка зноў на цяжкія работы.

Дапытвалі мяне доўга, трэба ж камусьці адказваць, але закончылася справа тым, што мяне знялі з пасады і адправілі зноў у лес. Гору майму не было канца. Пазней усё ж высветліла камісія канкрэтныя прычыны, прыняла да ўвагі мае доказы аб незаконным пуску ў эксплуатацыю аб’екта.

Праз некалькі месяцаў мяне зноў адклікалі з агульных работ і прапанавалі пабудаваць больш капітальны будынак з металічным дахам і цаглянымі пера­гародкамі. Тэрмін далі мінімальны. Праз тры месяцы я ўжо працаваў у новым памяшканні.

На гэтых работах я атрымаў выдатную практыку і дальнабачнасць. Праду­гледжвалася кожная дробязь, нягледзячы на пярэчанні начальства, якое заўсёды патрабавала толькі энергіі. На новай электрастанцыі я адпрацаваў да канца свайго тэрміну і адтуль атрымаў вызваленне. Цяжкасцяў было многа, але ўсё праходзіла, маладосць яшчэ брала верх. Я нават атрымаў дазвол начаваць на электрастанцыі з паведамленнем пра сябе адзін-два разы ў суткі на вахту па тэлефоне. Тое ж адбывалася і з персаналам, які там абслугоўваў станцыю.

Электрастанцыя працавала круглыя суткі, без усякіх перапынкаў. Яна аказалася сэрцам усяго лагера, і я – найбольш аўтарытэтным чалавекам са зняволеных. Да мяне прыслухоўваліся, мне давяралі і з мяне патрабавалі, як і з цывільнага інжынера.
Я мог набыць некаторую неабходную літаратуру, чытаў газеты і часопісы, планаваў работу і рабіў справаздачы за яе кожны месяц. Здаецца, такая невялікая па магутнасці электрастанцыя ў таёжнай глухамані, а змагла зрабіць жыццё прыгажэйшым, павысіць прадукцыйнасць працы, наладзіць водазабеспячэнне, абагрэць і даць імпульс да стварэння некаторай культуры і дабрабыту ў такія цяжкія гады.

 

Пра лагерную культуру

За гады вайны на нашым лагерным пункце была пабудавана вялікая сталовая-клуб з прыбудаванай кухняй для прыгатавання ежы. Кармілі нас тры разы на дзень. Да гэтага ежу гатавалі па-рознаму: у аддаленых месцах на вогнішчах ці ў паходных палявых кухнях, а прывозілі ежу ў тэрмасах. У кожнага лагерніка быў свой кацялок з накрыўкай, лыжка, нажы мець забаранялася, хаця самадзейныя ножычкі з’яўляліся ў многіх лагернікаў.

Кухары і падсобныя рабочыя набіраліся з ліку зняволеных. У вольны час, пасля прыёму ежы, у клубе праводзіліся сходы па выніках работы. Хлеб прывозілі з Томска. Ежу прымалі ў розных умовах: хто ў бараку, хто на вуліцы, хто пад дрэвамі ў лесе. Ад сталовых мы ўжо амаль зусім адвыклі, было б што паесці, месца знаходзілі любое.

У далейшым начальства наладзіла гэты ўчастак, і ежу прымалі ў сталовай-клубе па зменах. Менш стала захворванняў, мыўся часцей посуд, можна было памыцца самому, таму што былі ўстаноўлены і ўмывальнікі. З’яўляліся і насценныя газеты, якія выпускалі культработнікі. Хаця гэта мела даволі прымітыўны характар, але ўсё ж адчувалася чалавечая годнасць.

Не хапала культурных мерапрыемстваў, гадоў шэсць мы не бачылі ні аднаго кінафільма, не было радыё, радыёпрыёмнікі ў лагеры забараняліся, тэатры, эстрада, танцы для моладзі былі таксама пад забаронай.

У лагеры знаходзілася многа жанчын рознага ўзросту, але сустрэчы з імі не дазваляліся. Для чалавека, які калісьці ў жыцці карыстаўся такімі дабротамі культуры, адсутнасць падобных мерапрыемстваў наводзіла на сум і прыводзіла да вар’яцтва. Людзі, якія вялі аднастайны працоўны рытм жыцця, тупелі, пера­­твараліся ў нейкіх дзікуноў. Сваркі, маты, бойкі з-за дробязей панавалі ў брыгадах. З пабудовай клуба пачала ўкараняцца і тут некаторая разнастайнасць у жыцці. Работнікі КВЧ пачалі выяўляць сярод лагернікаў мастакоў і літаратараў, дэкламатараў і грыміроўшчыкаўь… Гурткі збіраліся ў клубе пасля работы на 2-3 гадзіны пад кіраўніцтвам выхавацеля. У адзін з такіх гурткоў запісаўся і я. У драматычным гурт­ку я быў суфлёрам, а потым іграў на сцэне ролі, выконваў нават абавязкі рэжысёра. Рэжысёрам мяне і называлі самадзейныя лагерныя артысты.

Трэба адзначыць, што ў лагеры знайшлося столькі таленавітых людзей, што задаволіць захапленне ўсіх адміністрацыя не змагла. Выбіраліся лепшыя з лепшых. Былі нават прафесійныя артысты і мастакі, спевакі і музыканты, талент якіх прападаў на лесанарыхтоўках. У гурткі запісвалася галоўным чынам моладзь сярэдніх гадоў, і сумленна выконвала свае грамадскія абавязкі. Кожны ўспамінаў якія-небудзь добрыя вершы, паэмы, драматычныя творы, уносіў прапановы і ў нашых умовах паказваў са сцэны. Сцэна была вялікая. Зрабілі з мяшкоў і фанеры дэкарацыю ў выглядзе палотнаў і шчытоў, было электрычнае асвятленне, прымітыўная мэбля. Касцюмы збіраліся для прадстаўлення ва ўсіх лагернікаў, у якіх захоўвалася што-небудзь з цывільнага адзення. Іншы раз выручалі касцюмамі ахоўнікі і вольнанаёмныя лагера.

Так са свету па нітцы ствараўся спектакль. Пачалі пастаноўкі з аднаактавых п’ес. Памятаю, ставілі мы на сцэне п’есы ўкраінскіх драматургаў Івана Катлярэўскага “Наталка Палтаўка” і “Назар Стадоля” Тараса Шаўчэнкі, а таксама “Рэвізора” Мікалая Гогаля, “На дне” Максіма Горкага і шэраг іншых. Ролі выконвалі цудоўна, таму наш драмгурток хутка заваяваў аўтарытэт у лагеры. Да нас пачалі прыходзіць на спектаклі і цэлымі сем’ямі асобы вольнанаёмнага складу, дзякавалі гучнымі апладысментамі. Зняволеныя, нягледзячы на стомленасць, заўсёды таксама слухалі канцэрт ці глядзелі пастаноўкі. Мы чыталі патрыятычныя вершы, дэкламавалі Уладзіміра Маякоўскага і Сяргея Ясеніна. Высокае начальства з Томска, пабываўшы на такіх спектаклях, дазволіла выязджаць на гастролі ў суседнія лагерныя пункты. Усё гэта ўносіла разнастайнасць у наша жыццё. На франтах у гэты час адбываліся вялікія поспехі нашых войск, вызваляліся занятыя ворагам тэрыторыі. Мы пачалі адчуваць канец вайны.

Непазнавальна змяняліся людзі, быў нават такі перыяд, што зняволеныя нічым не адрозніваліся ад цывільных асоб, седзячы ў клубе побач з вольнанаёмнымі. Штодзённая розніца была толькі ў тым, што лагернік не меў свабоднага руху і знаходзіўся ў рэжыме. Такія гурткі працавалі да апошніх дзён майго выхаду з лагера.

Многія з ліку зняволеных паказвалі свае здольнасці з КВЖД і цэнтральных гарадоў СССР і здзіўлялі сваімі здольнасцямі ўсю ахову. Жыхары, якія акружалі нас, не разумелі, чаму такі таленавіты народ знаходзіцца за калючым дротам, чым яны нашкодзілі краіне? Але, нягледзячы ні на што, датэрміновага вызвалення не было, справы не пераглядаліся і чакалі свайго, відаць, часу.

Зрэдку ў лагеры дапускаліся для моладзі танцы пад баян. Гэтым больш за ўсё захапляліся бытавікі-малатэрміновікі, бо яны знаходзіліся на больш прывілеяваным становішчы ў параўнанні з “палітычнымі”, як нас часта называлі, хоць гэтыя “палітычныя” заўсёды прыносілі значна больш карысці лагеру, чым бытавікі.

Так праходзіла культурнае жыццё лагера, перамешваючыся іншы раз з дэманстрацыяй старых кінафільмаў ці хронік. У лагеры было вельмі многа культурных і таленавітых людзей, якіх зрэдчасу цаніла і ўсё начальства лагера. Успамінаюцца некаторыя прозвішчы. Гэта прафесар-хірург Аляксандр Цацкін, інжынеры Мяцельскі і Шатулін, механік Добнан, галоўны ўрач Кузьмін, жанчыны з КВЖД – Пушкіна, Сігунова і многія-многія іншыя, лёс якіх мне невядомы, але ў памяці маёй яны застануцца да смерці.

Многія з нас жылі вельмі дружна і дзяліліся апошнім кавалкам хлеба, толькі б дапамагчы адзін аднаму. Усе ў лагеры былі адзінокімі, без сям’яў і родных, ва ўсіх быў аднолькавы лёс. Але ўсе разам мы чакалі асабістага вызвалення з лагера і канца вайны, а таксама перамогі.

 

Апошнія гады вайны

Прыкладна з 1943 года ў нашым лагеры пачалі наступаць перамены ў адносінах да зняволеных. Хоць кантынгент іх амаль кожны месяц мяняўся, дапаўняўся новымі этапамі, лагер знаходзіўся на транзітным становішчы, але да старажылаў, а такіх заставалася каля 200 чалавек, адносіны былі трохі гуманнейшыя. Гэтаму, па ўсёй верагоднасці, папярэднічала многае: перамогі на франтах, вызваленне савецкіх тэрыторый, захопленых ворагам, знаёмства з гітлераўскімі канцлагерамі і жахамі, якія там тварыліся, і блізкае заканчэнне ваенных дзеянняў.

Да нас прыязджалі непасрэдна з франтоў сярэднія камандзіры і салдаты, якія ўладкоўваліся тут, у тыле, работнікамі аховы. Гэтыя людзі, пабачыўшы жахі ў заходніх дзяржавах і на акупаваных тэрыторыях СССР, хіліліся да нас, каб паказаць сваю гуманнасць. Праўда, многія з іх былі здзіўлены, як гэта нас без суда і следства трымаюць дзесяцігоддзямі ў такой тайзе. Мы часта слухалі іх гутаркі пра гітлераўскія здзекі, пра спаленыя гарады і вёскі, аб перамогах на франтах і пра іншыя навіны, пра якія мы нічога раней не ведалі і не чулі, альбо ведалі толькі ў скажоным выглядзе. Дарэчы, старажылам неяк лягчэй і весялей стала накіроўваць надзею і жаданне на пошукі сваіх сем’яў, родных, знаёмых і іншых сваякоў. Вось чуем і чытаем, што нашымі войскамі вызвалены Украіна, Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія, вызваляюцца іншыя заходнія дзяржавы: Польшча, Балгарыя, Венгрыя, Аўстрыя, Румынія. Дзе ж цяпер мне шукаць сваіх родных, а раптам іх вывезлі ў лагеры Бухенвальд ці ў Асвенцым, ці можа ў Германію? І розныя думкі мрояцца пры гэтым у галаве.

Тым часам з вызваленых ад гітлераўскай нечысці савецкіх рэспублік да нас прыбываюць захопленыя на гэтых тэрыторыях розныя ваенныя ці здраднікі Радзімы, якія паддаліся ў свой час уплыву гітлераўскіх акупантаў ці ўцекачоў з франтоў. Да нас пачалі прыбываць эшалоны так званых “уласаўцаў”, “бандэраўцаў”, фашыстаў і з іншых розных плыняў, якія ўтварыліся на тэрыторыі Савецкага Саюза. Людзі гэтыя былі асуджаны там, дзе іх схапілі, судзілі палявыя суды і трыбуналы, а тэрміны ім давалі не менш за 15-25 гадоў. У нас іх называлі катаржнікамі. Для іх будаваліся спецыяльныя зоны, апраналіся яны ў спецыяльнае катаржнае адзенне белага колеру з цёмнай устаўкай на спіне і левай назе на штанах. У кожнага такога зняволенага на спіне штампавалася на адзенні бушлата і кашулі якая-небудзь алфавітная літара (рыска і нумар, прыкладна так: Г-19 і г.д.). Па гэтых нумарах у нас праходзіла пераклічка: звароты па прозвішчах, імёнах і імёнах па бацьку для іх у лагеры не існавала. Калоны, якія ішлі працаваць, знаходзіліся пад узмоцненай аховай, групы чацвёрак ці пяцёрак павінны былі праходзіць, узяўшыся моцна за рукі. Па краях яшчэ замацоўваўся доўгі тонкі ланцуг. Вось з такімі арыштаванымі мы сустракаліся ў апошнія гады вайны ў нашым лагеры. Уражанне было даволі жахлівае. Мы на гэтым фоне выглядалі зусім інакш, што многіх супакойвала за свой будучы лёс.

Наогул, я ніколі не верыў. што я ў чым-небудзь вінаваты, і ведаў, што знаходжуся тут толькі па волі лёсу і па нейкім непаразуменні. Маё зняволенне падыходзіла да канца тэрміну, хацелася толькі захаваць жыццё ў такія маладыя гады. І я пачаў шукаць сваіх родных людзей на Бацькаўшчыне. Я гутарыў з тымі, хто прыбываў з Беларусі, пісаў у горад Бугуруслан, куды, як я потым даведаўся, былі перавезены ўсе дакументы і адрасныя бюро, але ўсё было дарэмна. Адказы, калі і прыходзілі, то з такім зместам: “Па вашаму адрасу памянутыя вамі асобы ў спісах не лічацца” і г.д.

Так я рабіў пошукі прыкладна каля двух гадоў. Аднойчы ад’язджаў з нашага лагера адзін, прыехаўшы з Мінска, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, беларус, нехта Мікалай Сцяпанавіч. У яго была прастрэлена нага, тут ён адпачываў пасля ваенных дзеянняў і працаваў пры лагеры. У размове з ім дзесьці напачатку 1945 года я яму расказаў усю гісторыю свайго жыцця і, паколькі ён ехаў на Радзіму, прасіў дапамагчы адшукаць мне хоць каго-небудзь з маіх родных. Даў некаторыя адрасы, якія памятаў. Ён паабяцаў дапамагчы.

Тым часам, амаль у адзін і той жа месяц, мая сястра Леаніла Максімаўна (Ліля) адшуквала мяне па ўсіх інстанцыях, якія толькі ёй былі вядомыя. Так, напрыклад, яна напісала начальніку першага спецаддзела НКУС СССР у 1944 годзе. Яе заява была накіравана начальніку УІТЛІК УНКУС Новасібірскай вобласці 3/1-1945 г. № 229075 Масквы з суправаджальнай запіскай, у якой паведамлялася: “Начальніку УІТЛІК Новасібірскай вобласці. Горад Новасібірск. Накіроўваем заяву Бурсевіч Леанілы Максімаўны для праверкі месцазнаходжання Бурсевіча Ігара Максімавіча і непасрэднага адказу заяўляльніку. Адначасова паведамляем, што звестак пра месцазнаходжанне Бурсевіча Ігара Максімавіча мы не маем”.

Новасібірск адсылае гэта пісьмо ў Тамлаг, і там вядзецца праверка спісаў. І ўсе паперы даходзяць да мяне, за чытанне іх я і распісаўся. Тады толькі я зразумеў, што мама, брат і сястра жывыя – і знаходзяцца на вызваленай тэрыторыі БССР.

А зямляк, з якім я размаўляў перад ад’ездам у Мінск, па прыбыцці ў Беларусь напісаў некалькі паштовак па вышуку маіх родных і на адну з іх атрымаў адказ, што мае маці, сястра і брат жывыя і знаходзяцца ў шасці кіламетрах ад Магілёва. Ён ім напісаў пісьмо і адказ сястры прыслаў мне ў лагер. Пісьмо гэтае, як рэліквія, захоўваецца да гэтага часу. Вось яго поўны тэкст: “Шматпаважаны Мікалай Сцяпанавіч! Ваша дарагое пісьмо мы толькі ўчора атрымалі. Мы вельмі задаволены, што хоць адзін чалавек ёсць, які хоць што-небудзь можа сказаць пра нашага сына і брата Ігара. Гэта Вам піша Ліля – сястра Ігара.

Мая маці ўжо вочы праплакала за час гэтай вайны. Толькі ж вайна зрабіла так, што мы перасталі ведаць пра жыццё і здароўе майго брата. Маці яго лічыць даўно мёртвым, ці дзе загінулым без вестак. Мая і, вядома ж, маміна да Вас просьба: напішыце падрабязна пра сябе. Вы, па ўсёй верагоднасці, сябра Ігара. Напішыце пра брата ўсё, што Вы ведаеце, дрэннае ці добрае. За ўвесь час ваенных дзеянняў ён нам нічога не напісаў.

Мы жылі доўга ў Магілёве, але маёмасць страцілі, пакінулі сваю старую кватэру і ўсе апошнія гады знаходзіліся ў партызанах. Нам давялося шмат перажыць, удзельнічаць у партызанскіх аперацыях супраць гітлераўцаў, але мы, на шчасце, усе жывыя і здаровыя. Жывем цяпер не ў горадзе, а ў шасці кіламетрах ад горада. На раёне ж лягчэй цяпер пражыць. Нам калгас даў прадуктаў, сама я настаўніца. Калі будзеце пісаць нам, паважаны Мікалай Сцяпанавіч, то пішыце на наступны адрас: г. Магілёў. Цішоўскі с/с. Буйнічы НСШ, атрымаць настаўніцы Бурсевіч Леаніле Максімаўне. Калі Вы ведаеце адрас Ігара, апошняе яго месцазнаходжанне, то прашу, напішыце ў пісьме. Да пабачэння. Усёй сям’ёй з нецярпеннем чакаем ад Вас адказу. Ліля. Сакавік, 1945 года”.

І вось гэта пісьмо паклала пачатак маёй перапіскі з маімі дарагімі, роднымі людзьмі. Я напісаў ім і хутка атрымаў маленькія грашовыя пераводы, а таксама пасылку з прадуктамі і тлушчам. Ад радасці, пасля такіх цяжкіх гадоў разлукі, яны, мае родныя, адарваўшы ад сябе кавалак хлеба, прыслалі мне. Хіба забываецца такое ў жыцці?..

Вайна заканчвалася. Немцы паўсюдна былі выгнаны з нашай тэрыторыі, вайна ўжо грымела ў самой Германіі. Але нас на свабоду не выпускалі.

Мы працавалі ў тыле для заканчэння вайны, не шкадуючы жыцця і здароўя, рабілі ўсё магчымае для нашай Радзімы. Час заканчэння вайны быў нам вядомы. Усе мы радаваліся за перамогу нашых войск, нашага народа, хоць самі ў гэты перыяд працавалі за калючым дротам.

Пасля заканчэння вайны, шэрагі зняволеных пачалі змяншацца, многія ады­ходзілі ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў. Я дажыў у лагеры да 21 жніўня 1947 года.

У 1944-1945 гадах, а затым і да вызвалення, я адпрацаваў галоўным энергетыкам, начальнікам электрастанцыі, галоўным механікам пры лесазаводзе, будаваў, рэканструяваў, удасканальваў, прыстасоўваў тэхніку для вытворчасці і, вядома ж, вучыўся сам. Здароўе маё стала значна папраўляцца, хоць да поўнай дасканаласці было вельмі далёка. Я ўвесь быў сівы яшчэ з 1937 года, пасівела барада і вусы, нагадвалі пра сябе радыкуліт, болі ў жываце, нервовае хваляванне. Такім я быў да заканчэння тэрміну, прышытага мне нізашто.

За дзесяць гадоў знаходжання ў лагеры ніякіх адказаў на вынікі свайго ха­дайніцтва я не атрымаў. Ніякага перагляду справы не ажыццяўлялася, таму я ў лагеры адпрацаваў і адбыў, як кажуць у народзе, ад званка да званка.

 

Вызваленне

За некалькі месяцаў да майго вызвалення ў 1947 годзе сярод лагернікаў пра­водзілася апрацоўка лепшых спецыялістаў даць падпіску пасля заканчэння тэрміну на пераход у распараджэнне ГУЛАГа. Прапаноўваліся розныя месцы і пасады, умовы, кватэра і г.д. Некаторыя, безумоўна, на гэта ішлі, пагаджаліся. Кіраўніцтва лагераў усё казала нам, што пасля выхаду на свабоду і выезду з Сібіры на Захад нас зноў ізалююць ад грамадства і вышлюць у якія-небудзь іншыя аддаленыя раёны Расіі. Але многія зняволеныя з гэтым не пагаджаліся і настойліва дабіваліся звальнення пасля заканчэння тэрміну і выезду з халоднай Сібіры.

Так адбылося і са мной. Я ўжо за два гады, пасля пошукаў родных, ліставаўся з імі, даведаўся пра іх жыццё, здароўе, быт. І маё сумленне не дазволіла мне заставацца тут без родных маіх людзей. Я хацеў дадому. Мне трэба было падтрымліваць іх, як маральна, так і матэрыяльна. Неабходна было таксама адшукаць бацьку. Дзе ён зараз, наш дарагі і любы тата, думаў я тады. З гэтымі думкамі я дажыў да заканчэння свайго тэрміну.

21 жніўня 1947 года, а 19 жніўня мне споўнілася 36 гадоў, мяне выклікалі ў кантору з нагоды афармлення дакументаў на звальненне. Я здаў сваю справаздачу, таму што меў на ўліку некаторыя матэрыяльныя каштоўнасці. Здаў лагернае адзенне, абутак, пасцель, якая лічылася за мной, падшукалі мне чалавека з асяроддзя, якіх тут называлі “катаржнікамі”, нейкага інжынера-электрыка Г-19 па прозвішчы Белавус, які прыняў у мяне вытворчасць, электрастанцыю, гаручае і змазачнае паліва. Недастачы ў мяне ніколі не было. І я атрымаў даведку наступнага зместу.

Форма А.

Відам на жыхарства не служыць, пры страце не аднаўляецца.

Міністэрства ўнутраных спраў СССР.

Калонія “Д”. 21 жніўня 1947 г. І-ВС.

Даведка № 4835

Выдадзена гр. Бурсевічу Ігару Максімавічу, ураджэнцу Польшчы, грамадзяніну СССР, нацыянальнасць – беларус, асуджанаму па справе УНКУС Іванаўскай вобласці 10/ХII-37 па арт. КРД УК РСФСР і пазбаўлення волі на 10 гадоў, не судзімы, у тым, што ён адбываў пакаранне ў месцах зняволення МУС па 21 жніўня 1947 года і па адбыванні меры пакарання з прымяненнем арт. 39 “Палажэнне аб пашпартах” і вызвалены 21.08.47 г., накіроўваецца да выбранага месца жыхарства ў БССР, Магілёўскую вобласць, г. Магілёў, да станцыі Магілёў Беларускай чыгункі.

Начальнік лагера “Д” Сідарэнка.

Начальнік ОУРЗ (УРЦ) Калініна.

Пячатка.

На адваротным баку даведкі напісана:

Выдадзена прадуктаў на 13 сутак па 3 верасня 1947 года. Выдадзены білет на праезд да станцыі Магілёў Беларускай чыгункі коштам 198 рублёў. Вернута асабістых грошай – 1494 рублі і 40 кап.

Вось з такой адзінай даведкай у руках я выйшаў за зону лагера ў асобе грамадзяніна СССР. У зоне лагера звычайна зборы бывалі нядоўгія, да таго ж усё было падрыхтавана загадзя. Усе лішнія асабістыя рэчы звычайна застаюцца ў спадчыну таварышам, якія знаходзяцца ў зняволенні. Усё тое, што ў мяне было з абутку, адзення, посуду, я пакінуў у бараку. Развітаўся з сябрамі па лагеры і па рабоце. Да варот на развітанне са мной выйшла шмат вольных ці вызваленых па хваробе лагернікаў. Многія далі адрасы сваіх родных. Пасыпаліся рэкамендацыі, куды і як ехаць. Памятаю, са мной шчыра развітваліся адзін інжынер В.П. Колесаў, механік Г.І. Дробнаш, электраманцёр
Б.І. Уткін, жанчыны Н.Н. Няфёдава, А.З. Дабра­вольская, А.А. Шурыгіна, Т.М. Кісялёва і іншыя. Усе мне жадалі шчаслівага шляху дамоў. І я ўсім жадаў добрага здароўя і хутчэйшага выхаду адсюль на волю. Са слязамі на вачах я развітаўся з усімі. У жыцці гэта вельмі шчымлівы момант, які немагчыма апісаць. У гэтым развітанні спляліся разам у адзін вянок горыч і радасць, мінулае, сучаснае і будучыня. За дзесяць гадоў у лагеры было столькі пройдзена дарог, вырублена лесу, пабудавана, упарадкавана, што нават уявіць цяжка.

За зонай я пражыў у вольных грамадзян яшчэ каля двух сутак, пакуль аформіў сабе пашпарт. Выдалі яго толькі на тры месяцы.

Са станцыі Ітатка цягніком я дабраўся да Томска. У Томску мяне таксама прынялі знаёмыя людзі, якія вызваліліся раней з месцаў зняволення. Я аформіў білет на цягнік, прабыў там паўтары сутак, крыху пазнаёміўся з горадам Томскам, яго старымі сібірскімі вуліцамі, пабачыў будынак Томскага ўніверсітэта і ўначы адбыў цягніком на Новасібірск. Пры мне з рэчаў быў невялікі драўляны самаробны чамаданчык з неабходнай правізіяй і бялізнай.

Бывай, Томасінлаг, бывай, суровая стыхія! Я больш цябе не ўбачу і бачыць не жадаю. Я трымаю курс на захад, у родную Беларусь.

Падрыхтоўка да друку Сяргея Чыгрына.

Поўную версію публікацыі — разам з прадмовай пра лёс сям’і Бурсевічам — чытайце ў папяровым “Дзеяслове”.

 

comments powered by HyperComments