…мы ня толькі нацыя паэтаў, але й нацыя мянтоў…

— Сяргей Дубавец

«Мне вельмі шкада твайго трапяткога сэрца…»
Выбраныя старонкі з лістоў Васіля Быкава да Генадзя Бураўкіна


1.

Гена, дарагі дружа!

Дзякуй табе самае шчырае за тваю памяць і асалоду, якую мне далі твае радкі. З вялікім задавальненнем праглынуў за адзін раз усю кніжку і адразу ж пішу пад самым непасрэдным уражаннем1.

Што ж, можна цябе павіншаваць з новай ступеняй у паэзіі, новы крок – багацейшы твой паэтычны голас, глыбейшыя думкі, таней пачуцці2. Я затрудняюся сказаць, які з раздзелаў лепшы – вельмі грамадзянскі на высокім напружанні першы, але затое і ў трэцім шэраг выдатных паэтычных мініятур3. Можа, нават трэці больш цэльны, раўнейшы за першы, лірыка яго – высокай кваліфікацыі, і я, прызнацца, з некаторай нават нечаканасцю адкрыў праз яго ў табе аўтара тонкага паэтычнага вобраза і філіграннай дэталі. Іменна ў гэтым, мне думаецца, твая сіла – слова і дэталь, у той час як у Толі В.4 – задушэўнасць чалавечага пачуцця. Гэта вельмі важна – вызначыць кірунак, характар сваіх здольнасцей, аб тым я ведаю па сабе і хачу, каб і ты гэта адчуў. Гэта таксама важна, як і ведаць свае хібы, але на хібы заўсёды пакажуць-ткнуць пальцам крытыкі, а на здольнасці павінны паказаць сябры. Што датычыць паэмы5, дык яна, мабыць, самы значны і самы ўдалы твор у кніжцы. Паэма – тваё дужа грамадзянскае слова, вельмі арганічны для твайго таленту адпор людзям пэўных жыццёвых прынцыпаў. Гэта цудоўна! Адно толькі хацелася б – болей, даўжэй, ну але я памятаю нашу аб тым размову… Мне думаецца, што такімі рэчамі, як гэта паэмка, а таксама «Пра сціпласць»6, «Цікавыя стварэнні людзі» (дарэчы, загаловак ягоны болей гадзіцца як вызначэнне жанра), «Асвейская балада», «Зусім “бязгрэшым”», «Скрыпка», «Рэкі Беларусі», «Мы дома песень менш знаходзім» ды і другія7 можа ганарыцца кожны харошы паэт.

Дай табе бог і далей так жа хораша і чэсна!

А я вось вычапаўся з хваробы, пакуль усё добра, чакаю дазволу на Балгарыю, але яго ўсё няма. Відаць, прыспее да белых мух. Ну але што ж, на іншае не трэба было і разлічваць… Такая завядзёнка – пакуль пройдзе ўсе інстанцыі, гэта ж дзяржаўнае важнасці справа!

На тым яшчэ раз – дзякуй.

Абдымаю цябе са шчырасцю,

твой Васіль.

Нізкі паклон тваім Юлі і Алёшу.

Хай растуць і маладзеюць8.

В.

      21 кастрычніка 66 г.

 

2.

<Без даты>9

Дарагія Генадзь і Юля,

віншую вас з новым і лепшым! Хай ён будзе такі ясны, як гэтае сонейка. Хай зыйдуць хмары, што яго засцяць10.

                                                                         В. Быкаў

 

3.

                                                      <Не пазней за май 1970 г.>

Дарагія Бураўкіны, вялікія і маленькі!

Нашыя Вам віншаванні з радасным днём Перамогі!

Спадзяемся, Вы слаўна жывяце, натхнёна працуеце, можацеся са здароўем. Ну і добра. Дай бог многа сонца ў Ваша акенца.

Са шчырасцю Быкавы.

 

4.

<Снежань 1970 г.>

Дарагія Геня, Юля, Алёшка і . . . . . . . . . !11

Віншуем, вітаем, жадаем вялікага шчасця, безліч радасцей і здзяйснення ўсялякіх надзей у Новым, 1971 годзе.

А яшчэ – з самай галоўнаю Вашаю радасцю ў тым-гэтым годзе!

Вашы гродзенскія Быкавы.

 

 

5.

Дарагія Юля і Генадзь,

спадзяюся, што вы добра даехалі і не намёрзліся так, каб захварэць. Хіба што – начхаць. Я таксама.

Шлю часопісы. Прачытаўшы, можаце іх пакінуць. Мне вяртаць не трэба.

Ну і будзьце здаровы.

Да новай (болей цёплай) сустрэчы.

Васіль.

3.ХІІ.73 г.

 

6.

<Снежань 1973 г.>

Дарагія Бураўкіны – мужчыны і жанчыны, дарослыя і маленькія, будзьце здаровыя і шчаслівыя ў Новым, 1974 годзе. Мы пастараемся таксама.

І памятайце: Нёман раскрываецца толькі ў трэці раз. А «Лопіс» – не ў першы12.

Вашы Быкавыгродзенскія.

 

7.

27.Х.75

Юля і Геня,

вітаю вас вось з-за гэтых паўднёвых скал, куды мяне загналі дурасць і няўдачлівы курортны лёс13. Холадна і дождж. Адзін паратунак – чціва, кіно ды чарачка. Але, мусіць, да свята прыдзецца тут дабыць, тым больш што ёсць работа.

Пасылаю вам гэтую кніжачку, мабыць, яна будзе вам абодвум цікава. У перадапошні раздзел аповесці мне давядзецца ўставіць паўстаронкі тэксту, які б рэабілітаваў (трохі) генерала і пакараў (зняў) Чунько14. Гэта – адпаведна з «Наш<его> современ<ника>».

На тым – жму вашыя рукі.

Прывітанне Міколе і Нілу15.

 

8.

3 лістапада 75

Дарагі Генадзь!

Сёння атрымаў тваё пісьмо – дзякуй табе за яго і за твае клопаты наконт аповесці. Тут мяне добра прышчаміла сцюжа16, да таго ж я прастудзіўся і калі ехаў сюды з малой астмай, дык прыеду з вялікай. Вельмі шкадую, што паехаў, але ж надвор’е такая рэч – можа, адзіная рэч у прыродзе, якая не залежыць пакуль што ад яго начальнікаў – метэаролагаў. Адсюль на святы я паеду ў Маскву, там яшчэ клопаты пра аповесць наперадзе17.

У мяне тут сабралася трохі паправак, але калі ідзе (у цябе) без іх, то хай ідзе18. Адзіная мая просьба, калі гэта магчыма, замяніць тэкст пісьма да Валошына, тэкст другога зместу, але такі ж па памеру. Так будзе ў рускім выданні, няблага, каб беларускае яму адпавядала. Гэта 1 старонка.

Шкада мне Міколу і яго клопаты19, але мне здаецца, што яму б трэба капітуліраваць зараз. Усё роўна гэта прыдзецца зрабіць, дык лепш раней, чым позна.

Віншую цябе са святам. Паклон Юлі.

Будзь! Твой Васіль.

 

9.

<Снежань 1975 г.>

Дарагія Бураўкіны

будзьце здаровыя, багатыя і шчаслівыя ў Новым 1976 годзе.

 

І – каб радавалі дзеці;

і – каб квітнеў часопіс;

і – пілося і елася<;>

і – яшчэ хацелася.

Вашы

Быкавы

з Гародні.

 

Кветачка для Юлі20.

У дзень яе 18-годдзя.

 

10.

<Снежань 1976 г.>

Дарагія Бураўкіны,

старыя, маладыя і маленькія!

Шчыра жадаю вам быць здаровымі, шчаслівымі і закаханымі ў Новым, 1977 годзе. Хай свеціць вам ясна вясновае сонейка ад студзеня да снежня, растуць дзеткі, добра пішуцца вершы.

Будзьце!

Ваш Васіль,

з Гродні каторы.

 

<1970-я гг. (?)>

Дарагія Бураўкіны,

шлю вам свае самыя сардэчныя Навагоднія віншаванні.

Будзьце здаровыя.

І хай будуць здаровыя Вашы дзеткі.

І хай не выводзіцца ціхая спагада ў вашай хатцы.

Ваш Васіль.

 

12.

<Снежань 1980 г.>

Дарагія Бураўкіны –

Генадзь, Юля, Алёша і Света,

будзьце здаровыя і шчаслівыя ў Новым 1981 годзе, які, дзякаваць богу, абяцае не быць вісакосным і, можа, будзе багацейшым на радасці.

Са шчырым вітаннем,

В. і І. Быкавы21.

 

13.

<Снежань 1982 г.>

Дарагія Бураўкіны,

нашыя вам віншаванні з:

– Новым, шчаслівым, 1983!

– Наваселлем па вул. Захарава!

– Выдатнымі вершамі (гл. «Полымя» № 12).

– Вернымі старымі сябрамі.

Мілую Юлю (апроч таго)

сардэчна віншуем з яе светлым дзянёчкам!

Хай ёй шчасціцца!

Васіль і Ірына

 

14.

Дарагі Генадзь!

Карыстаючыся выпадкам і добрай паслугай, спадзяюся, што гэта нарэшце да цябе дойдзе. Хачу табе сказаць: радуйся, што ты там22, а не тут, не бачыш усяго таго, што бачым мы і ад чаго на душы, як у балоце. І справа, канешне, не ў чэргах і талонах, не ў той галечы, якая на нас насоўваецца (ці нам да таго прывыкаць!). Справа ў людзях. У нашых сябрах. У І Н Т Э Л І Г Е Н Т А Х, тым больш нацыянальных, апроч якіх у нас, па сутнасці, нічога няма. Няма хлеба, няма культуры, няма мовы і ўжо няма… народа. Інтэлігнецыя (беларуская) раздзялілася на два лагеры: адна, большая, гэта індыферэнтныя абывацелі, другая, меншая, набегла дагаджаць Сакалову, Малафееву23 і г. д. І, што самае прыкрае, сярод іх – нашы сябры. Найлепшыя сябры прытым. Гледзячы на іхняе лізаблюдства, не перастаеш здзіўляцца: што робіцца з людзьмі! Ці, можа, тое рабілася і раней, ды мы былі сляпыя, не бачылі. Ці не хацелі бачыць… Вы там з Юляй далёка ад усяго таго, і дай вам Бог як надалей не бачыць, не чуць таго.

Са шчырасцю і надзеяй                                                Васіль.

      19 сак<авіка> 91 г.

 

15.

Мілыя і дарагія нашы Генадзь і Юля!

Ну вось зноў, здаецца, пара вітаць з Новым годам, а Юлю з яе народзінамі. Здароўя і шчасця вам у такой далечы. Далёкай далечы. Некалі гэткай парой я быў у Нью-Йорку, пад час Крыстасу, калі горад – у срэбным убраньні-зьзяньні, цуд, канешне. У нас таксама трохі выпала сняжку, прысыпала нашы худародныя палеткі, пыл і сьмецьце на вуліцах. Жах тым часам набліжаецца. Ужо ў Маскве і СПБ няма чаго есьці, СПБ па бартэру будзе карміць Фінляндыя, а Масква ўсёй сваёй інтэлектуальнай магутнасьцю накінулася на сепаратыстаў – ад Закаўказьзя да Прыбалтыкі, якія не вязуць ёй прадукты. Асабліва дастаецца Украіне, якая ўсё разбурыла. Загнала апошні кол на магіле бальшавіцкай імперыі. Малайцы ўкраінцы! Калі б толькі не іх сумніцельны прэзідэнт… Але, можа, і нічога.

Ну а што ў нас?

У нас усё тое ж. Самая вялізная праблема-клопат грамадскасьці – прымусіць сабрацца ВС, каб хоць што-небудзь вырашыць. Не хочуць збірацца. А калі і збяруцца, дык паразбягаюцца – няма кворуму. Сваю справу пэўныя сілы, аднак, робяць: легалізавалі ЛКСМБ, цяпер збіраюць зьезд КПБ. Відаць, праз тыдзень будзе. Камуністы надта стараюцца, а беспар­тый­ныя ўспа­мінаюць дні, калі тыя гаспадарылі і была каўбаса. Цяпер кажуць: і камунізм, і каўбаса – на адну літару. Новы год нам прынясе такое, што страшна і падумаць: і ў эканоміцы, і ў культуры… Адзіны паратунак – поў­ная самастойнасьць, як Украіна. Але ж мы – не Украіна. Дый нават Краў­чука ў нас няма. З кім мы пойдзем у той акіян самастойнасьці?.. Таварны рынак ужо сканаў, а неў­забаве будзе капут фінансавы. Як толькі Расея адпусціць цэны, дык праз дні 2–3. Пра гэта ўсе гавораць, толькі ніхто не можа нічога зрабіць. Ды ўжо і позна што-небудзь рабіць. Хіба што новы путч, на гэты раз удалы і пасьпяховы. Армія, КГБ, МУС даўно гатовы і чакаюць, ужо не тоячыся. Адкрыта абмяркоўваючы ўсе яго асьпекты. Дый прэзідэнт пра тое гаворыць (гл. «ЛГ» за пачатак сьнежня). Толькі ён, як заўжды, не туды арыентаваны, думае, што путчысты прыедуць з Каўказа ці з Украіны пад сепаратысцкімі сьцягамі. Наіўнасьці гэтага Чалавека ўжо няма сілы здзіўляцца.

Вось так мы і жывем. Кола сяброў, вузкае для мяне заўжды, і яшчэ болей вузее. У Саюз <пісьменнікаў> не хаджу, ад палітыкі стараюся адляпіцца, хаця не атрымліваецца. Цягнуць-ірвуць з розных бакоў. Часам пазвоніць Мікола. Часам Алесь з Масквы24. Часам пазваню Грышку25. Цяпер Ніл хоча стаць аўтарам Гімна Беларусі, для чаго аб’явіў конкурс і стаў старшынёй журы. Але мы лічым, што Гімн ёсьць – на словы М. Краўцова, выдатная мелодыя. А галоўнае – асвянцоны Гісторыяй. Ну але ж, хіба яго прымуць!

Ну дык з Новым годам вас, дарагія Сябры, а Юлічку яшчэ і днём нараджэньня.

І во гэтую кветачку вам. Журботную і самотную, але з Радзімы васілька26.

Абдымаю ўсіх Бураўкіных.

Васіль

Ірына аберуч далучаецца.

6 сьнежня 91 г.

 

16.

Дарагія нашы Генадзь і Юля!

У нас сёньня хмарны, слотны дзень, сыпле восеньскі дождж. Але на сэрцы некаторых нашых сяброў буяе вясна: урэшце парламент РБ прыдушыў рэферэндум, здань якога страшыдлам вісела аж цэлы год. Рэферэндума не будзе, значыцца, сытнае жыцьцё з пэўнымі магчымасцямі забяспечана яшчэ аж на 3 гады. За той час народу абяцана «паскорыць, павялічыць, забяспечыць…» Як і раней, як і 70 год назад…

Гэтыя два дні, што былі адведзены ў ВС пад рэферэндум, выглядалі як незвычайны спектакль, грэцкая трагедыя – такая палымянасьць прамоў, такое адзінадушша, такі розум! Раць камуністаў расла, а рады апазіцыі ўвачавідкі таялі. Пабеглі туды і некаторыя нашы сябры і знаёмыя. Зрэшты, было ад чаго ўцякаць, было як ратавацца. Прывід нацыянальнага фашызму робіцца ўсё выразнейшы, перад ім былы камунізм ужо пачынае выглядаць як сьветлае мінулае. Варта было паслухаць Булахава27! Куды да яго ўсе тыя Пячэннікавы, Паўлавы і нават Чыкін разам узятыя28. І, здаецца, неўзабаве ён узлезе на самы верх. У гэтым сэнсе шкада робіцца нашага спікера з яго памяркоўным прагматызмам…

У грамадскім жыцьці РБ новая палітычная кампанія, якую вы, мабыць, заўважылі: арганізаваны і раз’юшаны наступ на мову. Усе расейцы, як па камандзе, узяліся абараняць «пагарджаную мову вялікага расейскага народа», неўзабаве трэба чакаць дэмаршу Масквы з поваду «абароны правоў чалавека» рускамоўнага насельніцтва Беларусі. Знаёмая да банальнасці схема. А тым часам 100 млрд руб расейскага доўгу Беларусі ляснула за «дазвол прапускаць нафту на тэрыторыі Беларусі».

Во гэта эканоміка! Во гэта палітыка!

Нядаўна быў сход у СП. Выступалі – горача і бязглузда. Прасіць, слаць тэлеграмы, доўга і прыдзірліва рэдагаваць рэзалюцыі – больш нашыя пісьменьнікі ні на што не здольны. Апатыя і маразм. Зрэшты, тое ж самае і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў Вільнюсе. У нас хоць яшчэ пакуль што не страляюць адзін у аднаго. Але, здаецца, неўзабаве будуць. Да таго ідзе. Толькі ў нас пачнецца са спазьненьнем. Як у іншых месцах скончыцца. Мы ж – тугадумы.

Дарагі Генадзь, мабыць, ты ведаеш там такога Міколу Прускага29. Ён прыслаў мне кніжку і вельмі харошыя лекі. Падзякуй яму пры выпадку, бо я не ведаю ягонага адраса.

А наогул жывем!

Да чаго дажывем толькі (бач, нават і напрыканцы не ўдаецца ўзьбіцца на аптымізм).

Са шчырасьцю абдымаю вас!

Ірына далучаецца.

Ваш Васіль Б.

 

P.S. Во эканоміка! Дырэктар нацыян<альнага> банка Багданкевіч парадваў дэпутатаў: Расея нам вінавата 100 мільярдаў, якія ніколі не выплаціць. Ён сказаў літаральна наступнае: «Лепш бы тое мяса бесплатна раздалі насельніцтву, а трактары – арандатарам, сялянам, чым было іх пастаўляць Расеі<»>.

Пахавалі Міхася Ткачова30. Ныркі. Шкада бязьмерна! І за якія грахі такія пакараньні Беларусі? Як толькі добры чалавек, дык – у магілу…

В.

3 лістапада 92

 

17.

22 сакавіка 93 г.

Мілыя нашы Юлічка і Генадзь!

Як вы там жывяцё, у каменных джунглях, сярод міязмаў капіталізму? Як трываеце ўсё, што выпадае трываць? Мы дык тут ужо загартаваліся і нічым не здзіўляемся, бо ўсё ў нас ідзе, як і ішло – дзесяць, дваццаць і пяцьдзесят год таму. Нічога не мяняецца. А калі што і мяняецца, дык толькі ў горшы бок. Таму мы баімся навін – што ні навіна, то ўдар пад дых. Учора, аднак, выдалася немалая радасць – шэсце і мітынг з нагоды 75 год БНР. Грандыёзная справа, нічога не скажаш. Я нават не думаў, што пасля ўсяго столькі збярэцца – ад плошчы Незалежнасці да цырка – на ўвесь праспект. І мора сцягоў, штандараў… Мастакі папрацавалі. А з пісьменнікаў толькі я ды Грышка. Пасля падышоў Ніл, пастаяў на трыбуне. І то дзякуй. Астатнія… Пазіралі з тратуараў. І то некаторыя. Во выхаваліся! Толькі б дапяцца да карыта, як тая сотня, што наіўна паспадзяваліся на бондараўскае карыта. Але для бондараўцаў для саміх не хапае, ідзе такая калатнеча ў Маскве… Ну вось. А тэлебачанне наша паказала толькі некалькі буйных планаў, каб не ўбачылі людзі гэтага людскага мора з сотнямі бел-чырвона-белых сцягоў. Дзякуй масквічам-астанкінцам, яны ўвечары паказалі праспект, дзе з канца ў канец, як воку кінуць, калоны. 25<-га сакавіка> урачыстасць увечары. Павінна быць у Оперным, але Оперны напярэдадні падпалілі (сцэну), каб сарваць тое, цяпер невядома дзе будзе сабрацца.

Вось такія нашыя справы.

Мы тут усё гаворым з Мікалаем пра вас, так хочацца бачыць-мець вас бліжэй, але… Дужа пагана ў нас ва ўсіх сэнсах, камуністы пасля рэанімацыі КПБ-ПКБ шалеюць, ужо адкрыта дзеляць уладу, пасады. Шушкевіча і нават Кебіча ўжо не прызнаюць, ладзяць сваіх правадыроў. Цяпер у іх найпершы клопат – рэабілітацыя КГБ. Для гэтай мэты паднялі з архіваў справу аб Курапатах і нам<еснік> генеральнага пракурора Кандрацьеў узбудзіў крымінальную справу. Тужацца давесці, што Курапаты – справа бел<арускіх> нацыяналістаў, якія ўлетку 1941 г. (пасля акупацыі Менска) расстралялі там нямецкіх яўрэяў. А НКВД, трыццатыя гады тут, аказваецца, ні пры чым. Чыкінцы ў сваю чаргу даказваюць, што Хатынь была разгромлена беларускімі паліцаямі пад бел-чырвона-белым сцягам. З гэтай мэтай дамагаюцца адмены пастановы ВС аб дзяржаўным гербе і сцягу. І іх падтрымліваюць. У ВС ужо некаторыя дэпутаты памянялі значкі на ранейшыя.

З’езд беларусаў замежжа вісіць у паветры, там ідзе барацьба за лідарства, хочуць скінуць Лецку31, які незразумела хто і чый. Я плюнуў на ўсё і пайшоў у адстаўку. Хай робяць, што хочуць.

Настрой адпаведна паганы, працаваць не хочацца. Надвор’е таксама сёлета не самае радаснае. Зіма была мяккая, але вясна мокрая і сцюдзёная. Хутчэй бы зазелянела траўка… Толькі зноў праблема – білет на аўтобус да Ждановіч (на дачу) 35 руб. Бензіну ж на сваю машыну няма. Заправіцца немагчыма. Хаця 1л ужо 120 руб. І таго няма. А Шушкевіч усё не перастае вяшчаць, як выгодна мець добрыя адносіны з Масквой.

Пасылаю вам старонку з «Мы и время». Для таго, каб мелі ўяўленне пра друк Советской Белоруссии. Такіх старонак у нас безліч. Кожны тыдзень выдаюць. І не толькі чыкінцы. І на цябе, Генадзь (Мікола абяцаў даслаць), і на мяне. І нават на Ніла – нядаўна надрукавалі яго сталінскія вершы. Каб запэцкаць. А Грышка нядаўна выдаў на «Свабодзе» выдатнае інтэрв’ю. Выдаў усім! Малайчына.

Ну дык – як-небудзь. Трывайце і глядзіце. Усё ж, насуперак усяму, мы чакаем. Можа, яшчэ і пабачымся, мілыя нашы…

Я і Ірына абдымаем вас! Памажы вам Бог!

 

11 ліпеня 93 г.

Дарагі Генадзь, мілая Юля,

учора скончыўся зьезд, праз тыдзень Янка З.32 адлятае ў Штаты, а сёньня я пішу вам гэты ліст. Краўчанка33 сказаў, што ты, Генадзь, падаў заяву, і ён цябе трымаць не стане, на пачатку восені вы вернецеся на радзіму. Увогуле гэта добра, але… Мы тут з Грышкам меркавалі: лепш бы вам пакуль што не вяртацца. І не толькі таму, што жыцьцё ў нас свалачное, але і па іншых прычынах. Найперш, вас тут напаткае вялізнае расчараванне ў сябрах, якія мяняюцца не ў лепшы бок, і працэс гэты мае характар абвальны. Я ўжо не кажу пра нашага галоўнага сябра… Але і шмат якія іншыя. Горш за ўсё, што Генадзь змушаны будзе стаць на пэўны бок, зрабіць выбар. Але, каб займець кавалак хлеба, выбар той далёка не заўжды будзе справядлівы. Трэба будзе перасягнуць цераз сябе, цераз сяброў. Інакш… Сам ведаеш – нямала паслужыў на сваім вяку. Тэлебачаньне яны табе не дадуць, там у іх ідэальныя служкі, а што іншае… Наўрад ці яны цябе прымуць у зграю Кебіча, а да Шушкевіча няма чаго і імкнуцца. Той дбае толькі пра сваю галаву і не мае ніякай пэўнасьці. Можна сказаць, што ягоны лёс у руках ягоных ворагаў, і пратрымацца ён можа толькі цаной здрады. Або – калі мякчэй – здачы пазіцый. Што ён і робіць. Хоць ён добры чалавек, разумны і сумленны. Але надта беларус. У тым яго хіба.

Зьезд прайшоў увогуле ціха і сумна. Было некалькі разумных выступленьняў, але большасьць – гэта прынясеньне падзякі за дабрыню ўрада, які даў магчымасьць прыехаць на родныя абсягі. Што ж, можна зразумець гэтых абкатаных жыцьцём пенсіянераў, уражаных апроч таго здзяйсьненьнем даўняе мары: суверэннасьцю Беларусі, бел-чырвона-белым сьцягам, <«>Пагоняй<»>. Іншага яны не ведалі і, мабыць, не ўведалі. Прымалі іх добра, кармілі, вазілі на аўтобусах, засядалі яны ў Оперным. Словам, адносна неблагі тур у суверэнную рэспубліку Беларусь. Ну, а што датычыць урада, дык ён свайго дасяг: паставіў эміграцыю калі не на службу сабе, дык па-за шэрагі ворагаў. Словам – прыручыў. Твой міністр задаволены. Зрэшты, яно можа, і добра. Як сказаў з трыбуны Ніл: мінуў час раскідваць камяні, прыйшоў час іх зьбіраць, будаваць сваю дзяржаву, ладкаваць нацыянальную згоду. Сам ён ужо пагадзіўся з усімі. Апроч, вядома, БНФ. А Мікола, бедны, пакутуе: ныркі. І «хуткая» не можа памагчы – няма чым. Во дажыліся…

Ну, дык – удачы вам і добрага здароўя. Здаецца, Алёша вам ужо даслаў сваё пасланьне. Маё спазьняецца…

Сардэчна абдымаю – Васіль.

Ірына кланяецца.

 

Дарагі Генадзь,

тваю тэлеграму ў падтрымку Шушкевіча Вярцінскі абнародаваў на прэс-канферэнцыі. Цяпер увесь Менск будзе ведаць, да якога лагера з двух ты належыш. Во як!

В.

 

19.

7 сьнежня 93 г.

Генадзь, дарагі дружа!

Дзякуй табе за клопат і ўвагу – лекі Алёша34 перадаў, усе вельмі добрыя, якраз тое, што трэба. Хаця ўжо, відаць, хутка нічога не будзе трэба… Жыцьцё нашае горшае з кожным тыднем – ва ўсіх адносінах, здаецца, неўзабаве мы перастанем цікавіцца палітыкай – адвучаць. Жабраку не да палітыкі, яму абы здабыць кавалак хлеба. Палітыкай тады непадзельна будуць займацца ўлады, бесперашкодна рабіць, што захочуць. Аддаваць Маскоўскім торбахватам не толькі нафтаперапрацоўчыя заводы, але і ўсе астатнія. Бо, апроч пагашанага імі доўгу за нафту, застаўся 150 млрд. доўг за газ, на аплату якога чакаюць свае чаргі Белаз і Трактарны. Так што, можаш сабе ўявіць, што чакае Беларусь – нават і пасьля выбараў, калі, можа, прыйдуць да ўлады нацыяналісты, якімі «высакародныя» інтэрнацыяналісты так пасьпяхова запалохалі беларусаў. І не толькі іх. А і ўвесь сьвет. У гэтым сэнсе вы шчасьлівыя там ужо хоць бы таму, што не бачыце паводзін некаторых нашых сяброў-патрыётаў, якія яны робяцца прадбачлівыя і разумныя. Тым болей, што (магчыма!) ідуць апошнія месяцы іх уладараньня, а ў той, новай уладзе ім месца не знойдзецца. Ужо цяпер яны варушацца, назапашваюць капітал – і літаральны, і фігуральны. Натуральна, што ў такой сітуацыі ім не да лёсу далёкага сябра. Асабліва, калі яго на дыстанцыі распінаюць у Вярхоўным Савеце – няважна, за што – ленінізм ці нацыяналізм. Адно суцяшэньне табе, што не адзін, у кампаніі з Быкавым, Барадуліным, Адамовічам і Блакітам (так!). І нейкім чынам у якасьці антытэзы з Гілевічам, які «праўдалюб ад Бога». («Мы и время», паэма А. Бажко).

Ну але што – С. Алексіевіч горш, якая кожны тыдзень ходзіць на суд, куды кожны раз прывозяць на аўтобусах па дзясяткі 2–3 маці забітых «афганцаў»35. Ужо там яны даюць ёй! Пасля іхняй праборкі ёй любы прысуд здасца малінай. Будзе ведаць, як абражаць гонар воінаў-«інэрнацыяналістаў»…

Пра Саюз пісьменьнікаў лепш табе не напамінаць. Тон (палітычны) у ім задаюць «марыністы-баталісты», а на зьмену пастарэламу, хоць і па-ранейшаму актыўнаму, Івану Пятровічу ўпарта ідзе Іван Гаўрылавіч36. На днях Саўмін прадставіў яго да народнага; трэба думаць, прэзідыум ВС не затрымае (як гэта было з Грышкам). А Ніл, улічваючы перспектыву, не запярэчыць. У лепшым выпадку выйдзе ў туалет у час галасаваньня. Як ён гэта заўсёды там робіць…

Вось так мы жывем!

Вельмі хочацца, аднак, каб ты быў тут. Каб хоць пагаварыць. Бо без цябе зусім разбрылося-рассыпалася наша брацтва. Хаця наўрад ці яго цяпер можна ўжо склеіць… Вядома, важнай палітычнай пасады яны табе не дадуць, хіба – кіраваць самадзейнасьцю… Але ўсё ж.

Абдымаю – Васіль.

Паклон Юлі. Ірына таксама кланяецца.

 

20.

<Не раней за 1996 г.>

Вясёлых Каляд і шчасьлівага Новага года жадаем вам, мілыя нашы Бураўкіны.

Юлію Якаўлеўну, апроч таго, віншуем з яе мілым Днём шчасьлівых Народзін.

Будзьце здаровыя і шчасьлівыя.

Вашыя Васіль і Ірына

 

21.

<Снежань 1997 г.>

Дарагія Генадзь і Юля,

з Новым годам вас, м<ожа> б<ыць>, лепшым 1998! Хай ён выдасца міласцівым да нас, а м<ожа> б<ыць>, і паверне хаду гісторыі ў спрыяльны бок. Але хоць бы не ў горшы. А калі не нам, дык хоць паспрыяе нашым дзеткам-унукам, якім, можа, <наканавана> дачакацца таго, чаго не дачакацца нам.

Шчасьлівенька вам

вашыя – БыкавыВ. і І.

 

22.

Добры дзень, дарагія нашыя

Генадзь і Юлічка!

Во мы ўжо тыдзень як дыхаем суровым і халаднаватым (нават у чэрвені) скандынаўскім паветрам, ямо іхні (гатункаў 12) хлеб, з якіх ніводзін не нагадвае «Нарачанскі», што прычыняе (мне прынамсі) першае горкае расчараванне37. І яшчэ прычыняе нямалы клопат нашая непісьменнасьць. У магазінах, на вуліцах поўна розных надпісаў, і ні адзін не зразумець. Мова сапраўды дужа арыгінальная, ні на якую іншую не падобная. Мне здаецца, вывучыць яе немагчыма. Зрэшты, пра тое гавораць і самі фіны.

А ўвогуле сустрэлі нас тут няблага, далі кватэру на краі горада, у дачным раёне. Кватэра маленькая, але ў ёй усё ёсьць: і кухня, і спальня, і санвузел, і нават саўна. Вось толькі сауна для мяне – поўная непатрэбшчына. Грошай на харчаваньне, здаецца, хопіць (цьфу, цьфу), а на іншае тут і не трэба. Праўда, тэлефанаваць дужа дорага, тэлевізара пакуль што няма, затое хапае радыё. Менск гучыць лепш, чым на Беларусі, – зычны зрабілі голас менскага радыё. Шкада, мусіць, што тут ягоны слухач – адзін я. Але ўвечары чутна таксама і беларуская «Свабода». Аднойчы чуў BBC, якраз напаў на перадачу, у якой Ст. Куняеў38 паласкаў аўтара гэтых радкоў, у прыватнасьці. Затое абараняў Правадыра ўсіх славянаў. Во якія ў нас сябры – там, на Усходзе.

Чуў таксама, як ТБМ высялялі з ягонага офіса. Ірына сказала пры тым: бедны Бураўкін39. А я падумаў – бедная, няшчасная Беларусь. Цяжка ўсё тое выносіць у яе межах, не лягчэй і за межамі. Але што зробіш…

Усё часьцей пачынаю ўспамінаць цябе, Генадзь, і твае лісты з Нью-Ёрку. Здаецца, тое самае чакае неўзабаве і мяне. Адзіны паратунак ад таго – праца. Спрабую ёю і заняцца.

Ну, а як вы там?

Страшнавата, праўда, пытацца пра тое, бо ў добрым адказе вялікае сумненьне, а кепскае… Ад кепскага адно – сэрца баліць хоць на радзіме, хоць на чужыне.

І яшчэ – баюся напісаць Нілу. Хоць і дужа хацеў бы з ім пагутарыць. Шкада, не давялося перад ад’ездам. Як ён там? Ці лепшае хоць?

На тым наша шанаваньне, дарагія сябры. Калі, можа, трохі напішаце. Хоць зрэдчасу.

І вялікае прывітаньне суседу знізу.

І Валянціну <Болтачу> – таксама.

Абдымаем вас абодвух

мы абодва – Васіль і Ірына.

17 чэрв<еня> 98 г.

 

23.

Генадзь, дарагі мой дружа,

перш за ўсё віншую цябе з Днём Тваіх Народзін, вельмі жадаю табе здароўя і шчасьця. Да маіх пажаданак далучаецца таксама і Ірына. Спадзяемся (дужа), што ўсё ліхое неяк адліпне ад нас і прыліпне… Якое? Во ў чым справа. Бо пакуль што прыліпае адна брыдота – я тут сачу за тым, што адбываецца на радзіме, і тое мала надае аптымізму. А што яшчэ будзе?.. Такога, як цяпер, здаецца, не было ніколі, і мне нават сорамна цяпер, што я ў гады перабудовы каркаў на камуністаў, – у параўнаньні з цяперашнім тады была дэмакратыя. Па крайняй меры, хоць у культуры, у л<ітарату>ры… Але я ўжо староньні назіральнік, а як табе там – бачыць пагібель і мовы, і л<ітарату>ры, і культуры. Ды з тваёй жарсьцю, тваёй няўрымсьлівасьцю…

Цяпер пра сябе тут. Канешне, жыць тут лепей, харчоў хапае (чыстых, не забруджаных Чарнобылем), ціх<а>, спакойна. Прыехаўшы, я кінуўся ў працу, напісаў невялікую аповесьць і яшчэ што-нішто. Але што далей? Дзе друкаваць? З кожным днём усё мацнее адчуваньне непатрэбнасьці, непрыкаянасьці… Мабыць, табе ўсё тое вядома. Тутэйшыя знаёмыя майстры пяра ўжо неяк надта індэферэнтныя – найперш да Беларусі, а пасьля і да яе экзыльнага чалавека. Яно і зразумела, ад іх я нічога не хачу, але ж… Вельмі хораша было б запіць, ды не той узрост, не тое здароўе. Во яшчэ ісьціна, здабытая з вопыту, – калі можаш выпіць, дык яшчэ не ўсё страчана. Нават калі і страчана радзіма…

Даражэнькі дружа!

У твой дзень я тут усё ж вазьму глыток – не ведаю чаго, выбар тут аграмадны. Але ўжо напэўна такога, каб і табе спадабаўся. Ну а табе жадаю – як заўсёды 28 жніўня.

На тым абдымаю – пішы.

Твой Васіль.

Гэта для Юлі 17.8.98

ў дзень народзін Генадзя.                                                    Helsinki

 

24.

<Жнівень 1998 г.>

Дарагі Генадзь!

У дзень 28 жніўня шлю табе маё вітаньне во з гэтага далёкага паўночнага града, дзе помню, шаную, люблю цябе, мілы мой дружа.

Твой Васіль.

 

Пішы, дружа, заўжды – радасьць тваё пісьмо. Нават сумнае.

10 ліст<апада> 98 г.

 

25.

<Снежань 1998 г.>

Дарагія Юля і Генадзь –

з двайным сьвятам вас абодвух, жадаючы добрага здароўя і вялікага шасьця ў новым, 1999 годзе. Будзем спадзявацца, што ў ім нешта зьменіцца ў лепшы бок – падрастуць унукі, паразумнее начальства і не пастарэем мы. І ТБМ справіць вялікія ўлазіны – у краіну Беларусь.

Вашыя Быкавы В. і І.

 

26.

13 сак<авіка> 999 г.

Генадзь, дарагі дружа,

сёньня прысьніўся сон, дзе я бачыў цябе і падумаў, ці не здарылася што з табой? Такое жыцьцё на радзіме, што чакаць можна ўсяго, але больш – самага кепскага. Спадзяюся, аднак, што сон-зман, а ў цябе больш-менш – о’кей. У мяне таксама. Хаця зіма гэтая – самая доўгая і, канешне, самая сьнежная. Дужа хочацца вясны і – трошачкі Беларусі. Хоць нашае траўкі зялёнай, бяз якой жыцьцё ня ў смак. Ну ды ты гэта ведаеш…

А так больш нічога, усе праблемы засталіся там, на поўдні адсюль. Хаця далёка, але іх так шмат, што аж балюча тут. Фіны – з тых нешматлікіх, якія разумеюць па-расейску, нічога не разумеюць з Беларусі. Толькі робяць шырокія вочы. Зрэшты, у самога вочы робяцца такія ж – ад неразуменьня. Поўны сюр…

Трохі пішу. Толькі ўсё болей запаноўвае ў душы думка – навошта? Па-другое, пісаць так, як гэта робяць іншыя, – не ўмею і не хачу. Тады прыходзіць кепская зусім думка – махнуць на ўсё… Але тады што? Каб быў маладзейшы, дык бы напіўся. А цяпер не нап’ешся, не тое. Не ў смак. Тады што ж у смак? Ды і ці трэба той смак?

Затое тут шмат расейскай перыёдыкі, і чытаю. Але лепш бы не чытаў… Апошняе такое расчараваньне – А. Салжаніцын, «Россия в обвале». Ну-й-ну! Думаю часам: пашэнціла Сашу А<дамовічу>, які не дажыў да тае ганьбы, што робіцца цяпер зь ягонымі (і нашымі) сябрамі. Магутная Вандэя перамагае…

Гена, спадзяюся яшчэ, што ты здаровы.

Прывітаньне мілай Юлечцы і тваім рабяткам. Ірына шле свае таксама.

Абдымаю – Васіль.

P.S. Шчырае вітаньне Валянціну Б<лакіту>.

 

27.

Дарагі Генадзь!

Даўнавата ўжо атрымаў твой ліст, а пасьля прачытаў вершы – у газеце і ў «Полымі». Добрыя вершы, я парадаваўся, што ў такі кляты час твой талент (паэтычны) не змарнеў ніколькі. Можа, яшчэ і палепшаў. Сапраўды, ёсьць рацыя ў даўнім парадоксе: чым горш грамадскае жыцьцё, тым лепш для жыцьця духоўнага, у т<ым> л<іку> і для мастацтва. Думаецца, аднак, пры ўсім тым – хай лепш спрыяе для грамадскага жыцьця. А ўжо мастацтва як-небудзь. Як на Захадзе, дзе мастакі ня дужа плачуць па сваім змарнелым мастацтве – здавальняюцца росквітам грамадства. Хаця, як я тут паглядзеў, мастакам і ў квітнеючым грамадстве – ня мёд. Можа, лепш, чым у нас, але куды горш (бядней), чым для астатніх саслоўяў. Нават і для рабочых.

А я тут праседзеў зіму, што-нішто напісаў. Але так, дробязі. Для буйнога няма ўжо духу. У пачатку травеня зьездзіў у Берлін, пабачыўся з землякамі. Але менавіта пабачыўся, пагаварыць не дужа спрыяла мітусьня. Ды й хлопцам хацелася пасноўдаць, паглядзець цяперашняе «логава фашызму». А тое, што я сьцяміў з кароткіх гутарак, не надало аптымізму… Як у сэнсе літ<арату>ры, так і ў сэнсе асоб літаратараў.

Магчыма, я тут трохі яшчэ затрымаюся (можа, на лета), але тое няпэўна, бо апроч намераў патрабуе бюракратычных санкцыяў. А бюракратыя тут, як і ўсюды, шчыруе што трэба. Магутная сіла! Але хачу прыехаць (можа, у чэрвені), бо ёсьць справы – асабістага і гаспадарчага кшталту. Зноў жа – патрабуе душа. Палітыка не вабіць, хутчэй наадварот, а во старыя дарожкі – так! Зноў жа ўнукі. Я ведаю, як ты ставішся да ўнукаў, і разумею цябе. Але тое – не заслуга, тое – геннае, значыць, Боскае.

Мікола <Матукоўскі>, які раней пісаў дужа часта, цяпер змоўк, можа, зьнямог, а можа, пакрыўдзіўся за тое, што ён мяне (і нас) спрабаваў абараніць у «Рэспубліцы», а я яго – не. Але я думаю, што зрабіў правільна, бо ў той бойцы, у якую ён улез, перамогі на нашым баку ня будзе40. Перамога вядома чыя. Была, ёсьць і будзе. Так што найлепш нам ціха маўчаць. Раней дык можна было хоць паскардзіцца ў Маскву. (Гэтак мы з Алесем паскардзіліся, і што атрымалася? Сталі стукачамі – з падачы ўсё таго ж Сеўрука41.) А цяпер і Масква адпала. Застаецца хіба ААН. Але ААН з Мілошэвічам42 ня можа зладзіць, дзе ўжо ёй (і НАТА) цягацца з непераможным Сеўрукам.

Ну дык як-небудзь…

Перадавай прывітаньне Валянціну.

Ну і тваім усім маё шанаваньне, да якога далучаецца Ірына.

Абдымаю, дружа Генадзь!

Будзь здаровы!

Васіль Б.

23 мая 1999 г.                           Гэта Ірына шле свой адмысловы

прывет з гэтай экзотай43.               Ір.

 

28.

Дарагі дружа Генадзь!

Ня ведаю, калі ты атрымаеш гэты ліст, таму, можа, зарана, але ад ўсяго сэрца віншую цябе з тваім мінулым днём 28 жніўня. Будзь здаровы і будзь шчасьлівы, дружа, любі жыцьцё і літаратуру, пішы твае выдатныя вершы, як гэты ўмееш толькі ты і ніхто болей. У тым сэнсе, што тваё ніхто не зробіць лепш за цябе. І не губляй надзею! Нават калі тая надзея і страчвае ўсе падставы. Бо без надзеі ніяк. Нават калі яна – цынічны самападман.

Ну а я вось тут дажываю лета, якое разьбіў паездкай на радзіму і тым парушыў маю неяк складзеную-зьлепленую цэласнасьць, калі трохі пісалася, спадзявалася ў атмасферы гасьцяваньня і навізны. Беларуская ж рэальнасьць аказалася нечакана атрутнай, і замест чаканага натхненьня, прадухі, вярнуўшыся, атрымаў неспатольны галаўны боль. Як у Рыгора. Галаўны боль – ад болю душы. Тут ужо марна шукаць лекі, трэба падводзіць рахункі. Можа, гэта тое таксама, што банальна завецца творчым крызісам? А можа – маральным? Ці палітычным? Ці ўсімі адразу, што, магчыма, самае правільнае.

Ну але як-небудзь, бывае горш. І было горш. Чаго лепшага чакаць напрыканцы жыцьця, напрыканцы стагодзьдзя? Ды яшчэ ў канцы гісторыі, калі верыць Ф. Фукуяму. (Хаця Фукуяма ўжо дэзавуіраваў свой прагноз. Гісторыя будзе працягвацца – прынамсі самая агідная яе палавіна. Скончыцца толькі лепшая. Такая ягоная папраўка. Але ці лягчэй ад яе?..)

Наконт З., здаецца, праўда твая…

Дык яшчэ – з віншаваньнем цябе, да якога далучаецца Ірына. І мы абодва віншуем мілую Юлію з тваім Днём. Шлём прывітаньне тваім маладым Бураўкіным – дзецям, унукам. Хай усім ім шчасьціць у сумесным жыцьці.

Абдымаю, дружа!

Твой Васіль.

12 жніўня 999 г.

P.S. Валянціну – самае шчырае вітаньне.

В.

 

29.

<Снежань 1999 г. >

Дарагія Бураўкіны –

дзяды, бабы, дзеці, унукі і ўнучкі – з Новым годам вас аж 2.000! Хай ён спрыяе вам ва ўсіх вашых справах, дае здароўе, хлеб і шчасьце!

Абдымаем ўсіх – вашыя Васіль і Ірына.

 

 

30.

15 лютага 2000

Дарагі Генадзь!

Ужо з тыдзень, як я ў Нямеччыне, жыву ў вёсцы, каля вялікага лесу. Праўда, жытло тое – замак князёў Арнімаў, дзе цяпер з гэдээраўскіх часоў Дом творчасьці. Сабралася тут чалавек 25 розных літаратурна-музыкальна-мастакоўскіх бедалаг, што атрымалі стыпендыі ад розных дабрачынных нямецкіх фондаў і жывуць-твораць. Тут, канешне, бальшыня немцаў, але ёсць і сербы, італьянцы, і нават з ЗША колькі чалавек. Усе мы на сытых нямецкіх харчах. Ну а пачуваньне, канешне, у кожнага сваё…

Увогуле Беларусь вядомая тут не болей за Усходні Цімор44, нашыя праблемы мала каго турбуюць, а калі пра іх пачнеш распавядаць, людзі не разумеюць, чаму так? Чаму беларусы настолькі здурнелі, што ня хочуць жыць, як усе людзі, а чапляюцца за нейкі камунізм, які ўжо апрыкрыў усяму сьвету. Пра нашу гісторыю ніхто нічога ня чуў, у еўрапейскіх універсітэтах яе не вывучалі. Немцы (маладзейшыя) чулі толькі, што пад час Другой сусьветнай вайны беларускія бандыты забівалі нямецкіх салдатаў. Нават параненых. Што ўвогуле сьведчыць пра іхняе дзікунства. Мабыць, яны дзікунамі засталіся і дагэтуль. Што тут скажаш?

Працаваць яшчэ не пачынаў – ня той настрой. Ды й разбэсьціў сябе ў Хельсінках кампутарам, а тут ні машынкі, ні кампутара. А вадзіць пяром па паперы ўжо быццам і ня хочацца. Хочацца адразу бачыць плён – друкаваны радок. Во да чаго прыводзіць буржуазны лад пісьменьніцкага жыцьця. Добра, што наш любы рэжым ад таго засьцерагае і трымае нашага брата ў чорным целе. Каб жыцьцё мёдам не здавалася.

А як твае, Генадзь, справы? Як «Вожык»? Як Валянцін? Сардэчнае вітаньне яму і тваёй Юлі.

Абдымаю – Васіль Б.

P.S. Як успрыняты «Сказ пра лігу…» Перадай, калі ласка, віншаваньне аўтару. Брава!

В.

Мой тэл.: 8-0049-33-746-699-26.

Адрас на канверце.

 

31.

Дарагі Генадзь!

Атрымаў твой ліст – як заўжды, праз два тыдні пасьля яго адсылкі. Гэты дарожны тэрмін, як я разумею, не проста так, не з прычыны даўгой адлегласьці. Ну але што зробіш! Адно толькі забівае, калі падумаеш, што ў наш час, каб задаць пытаньне і атрымаць на яго адказ, патрэбна якраз месяц часу. Канешне, ёсьць электронныя сродкі, якімі цывілізаваныя людзі і карыстаюцца. Але ж хіба мы – цывілізаваныя? Вось маю кампутар, які выкарыстоўваю замест друкарскай машынкі, і то добра. Яшчэ нядаўна праблемай была і друкарская машынка, якую можна было дастаць хіба па блату.

Ну а цяпер пра жыцьцё.

Якое жыцьцё ў вас, збольшага ведаю, ды і ты пісаў, дзякуй табе. Вядома ж, твае лісты – самыя разумныя і шчырыя з усіх, якія я тут атрымліваю. Іншыя ці то баяцца, ці то хітруюць, але пішуць ня тое і ня так. Ды Бог ім судзьдзя, сам, мабыць, такі. Як падумаеш, што твае радкі лягуць найперш на казённы стол, дзе з іх зьнімуць копію, а пасьля, можа, яшчэ і яшчэ, дык ня хочацца і пэцкаць паперу. Але і па тэлефоне ня лепш, ды яшчэ і даражэй. Тэлефонныя выдаткі тут – самыя вялікія. І ўсё ж…

Ехаў сюды з намерам адасобіцца, зашыцца ў адзіноту і папрацаваць. Ды дзе там! У Фінляндыі было куды лепш, хаця абсалютнай адзіноты не было і там. Затое тут… І журналісты, нямецкія і расейскія, і землякі, і «сябры», якія ставяцца дужа цёпла і дужа мяне любяць і якім усё нешта трэба… Найбольш – вядома, пагутарыць па-сяброўску… Ужо, здаецца, зашыўся ў глыбінку – у вёску, 20 кіламетраў да бліжэйшага гарадка, да якога ніякага транспарту. А ўсё роўна знаходзяць дарогу. Я ўжо не кажу пра патрыётаў суседняй дзяржавы, якіх усюды напіхана, бы тараканаў за каптуром. Раней хоць «грамадзяне яўрэйскай нацыянальнасьці» трымалі нейкі нейтралітэт, можна было пагутарыць пра сеё-тое, а цяпер і гэтых паяднала пагроза ісламскага тэрарызму, праз які і яны сталі ворагамі нацыяналізму, вядома, апроч расейскага. Адзіны гэты дазваляецца, а іншыя – страшная рэч!

Ну а ў астатнім быццам і нічога. Вясна, цёпла. Дубы і каштаны ў старым графскім парку буяюць, ніколі ў нас не бачыў такіх магутных дрэваў, як тут. Наш пакой на паддашы, якраз пад тымі каштанамі, вышынёй з дзесяціпавярховы дом. Стол, папера, кампутар – пішы, пісьменьнік, твары! Ды нешта ня творыцца. Настрой ня той. І думкі паганыя…

Скажу па-шчырасьці – хочацца дамоў.

Мабыць, хутка і прыеду.

Таму болей сюды не пішы, дружа, ужо калі дасьць Бог, пабачымся на радзіме.

Шчырае наша вітаньне тваім, Юлічцы і рабятам. Дай ім Бог шчасьця і ўдачы. Табе таксама.

Абдымаю, твой Васіль.

2 чэрвеня 2000

 

 

32.

Дарагі Генадзь!

Здаецца, даўно ўжо не пісаў табе, ня чуў твайго голасу ў тэл<ефоннай> трубцы, хаця здаралася чуць па радыё. Але той – радыйны – голас ня здаўся мне цалкам тваім, спакойным і сардэчным, а наадварот – напружаным, нервовым. Хаця, канешне, я разумеў, чаму так. Былі прычыны для трывог, хваляваньняў. Тым больш з тваёй няўрымсьлівасьцю. Спадзяюся, аднак, той час мінуў. А які настаў?

Добрых часін для нас не настае – во ў чым прычына. Адны благія. І іх дужа шмат. Але што рабіць? Я во тут ня шмат што раблю, ды дужа шмат думаю – аж занадта, здаецца. Геаграфія, адлегласьць, на жаль, не ратуюць ад тых жа клопатаў, зь якімі, відаць, наканавана і скончыць усё. У гэтым сэнсе дужа паказальныя 2 тамы беларускіх архіваў, якія выдаў С. Шупа ў Вільні. Тое ж самае перажываюць наступныя пакаленьні <…>.

Я цяпер у Берліне, на яго ўсходняй ускраіне. Месца зусім буржуазнае – ціхая, зялёная вуліца, на якой, праўда, час ад часу грукаціць трамвай. Жыву (як і належыць усім экзыльнікам) у паддашы – увогуле спакойна, прасторна, за вокнамі скрозь зелень. Праўда, статус тут наш цлакам не ўладкаваны, шмат няпэўнасьці, у тым ліку і фінансавай. Што ж датычыць культурнага асяродку, дык яго няма ніякога: ні беларускага, ні расейскага, ні нямецкага. Усё, што ёсьць у гэтых адносінах, – у сабе, галаве і сэрцы. З аднаго боку тое дык добра, але і надакучае, калі зашмат. Ну і, вядома, чаканьне лістоў з радзімы, ад добрых і мілых людзей, якія, на жаль, далёка… І якіх замала.

Ну а цяпер хачу павіншаваць цябе з тваім Днём 28 жніўня, у які маю надзею выпіць чарчыну з І<рынай> М<іхайлаўнай> за тваё здароўе. Мару пра тое ўжо сёньня, 14 жніўня, бо гэты ліст будзе ісьці доўга, доўга… Такая, відаць, устаноўлена норма – 2 тыдні з Берліна ў Менск. Столькі ж, здаецца, і ў Маскву. Што значыць інтэграцыя! Ці недастатковасьць фінансаваньня, службовых чытачоў чужых лістоў.

Шчырыя і сардэчныя прывітаньні і віншаваньні табе і Юлі, ад І. М. – таксама.

Хай вам будзе добра!

Абдымаю цябе, мой дружа!

Будзь шчасьлівы.

Твой Васіль.

Шчырае вітаньне Валянціну, а пры нагодзе і ўсім, хто 28<-га> завітае пад твой дах.

В.

Мой адрас:

14 жніўня 2000                                             V. Bykau

Wendenschlos str. 403

12557 Berlin-Kцpenick

тэл. 49.30.654.954.21

 33.

Дарагі Генадзь!

Сёньня прачытаў тваю кніжку «Паміж зоркай і свечкай» і сьпяшаюся сказаць табе мае словы падзякі і – захапленьня. Выдатныя вершы – па форме і па зьмесце! Здаецца, тое было відаць у тваіх часопісных публікацыях, але тут, сабраныя разам, яны робяць яркае ўражаньне. Мабыць, усе як на падбор. А назва для кнігі дужа просіцца ад аднаго з разьдзелаў – «Душа баліць», бо менавіта яна і вызначае ўвесь пафас тваёй тутэйшай паэзіі. І гэта – выдатна, бо гэта – праўда. У паэта цяпер не павінна быць здаровай, жарабячай душы – душа павінна балець. То – норма.

І, здаецца, яна будзе балець доўга, ці не да скону, бо на папраўку надзея малая. Няма ў нас надзеі на аптымізм, вытруцілі яе, тую надзею. Так што трэба нацыі набірацца сілы – доўга жыць з болем. Трываць боль. Тут суцяшае хіба медыцынская ўстаноўка на боль, як на засьцярогу для ўсяго арганізму. Боль – сігнал-перасьцярога, інакш жывое не адчула б сябе жывым. Баліць, значыць, жывем! Тым і ратуемся.

Тут да мяне дайшлі нейкія чуткі (пра мяне) з нагоды прэзідэнцкіх выбараў, але хачу, каб ты ведаў і, м<ожа> б<ыць>, сказаў іншым, што я ў гэтыя гулі ўжо не гуляю, скончыў канчаткова. Ні ў якім выглядзе. Здаецца, ты таксама прыняў гэткае рашэньне, якое я ўхваляю. Але наконт СП – падумай. Было б дужа добра, калі б ты нарэшце ўзначаліў гэтую суполку, якая, канешне, бывае розная (у тым ліку і агідная), але іншай – на шчасьце ці на бяду – у Беларусі няма. І, м<ожа> б<ыць>, гэта добра. Калі б да яе яшчэ належнае кіраўніцтва, якога ў яе, дарэчы, не было ніколі. Падумай, дарагі дружа…

На тым абдымаю цябе, бывай здаровы і па магчымасьці шчасьлівы. І пішы вершы.

Твой Васіль.

Ірына кланяецца – табе, Юлі і ўсім тваім – малым і вялікім.

15 сьнежня 2000

 

34.

<Снежань 2000 г.>

Дарагі мой дружа, Генадзь,

са шчырасьцю віншую цябе з Новым годам, новым стагодзьдзем і новым тысячагодзьдзем! Усё сышлося ў адзін вузёл, як сходзіцца бяда, але рэдка сходзіцца шчасьце. Будзем, аднак, спадзявацца на нейкую паваротку ў тым накірунку – для Беларусі ды і нас таксама.

Вялікае вітаньне Юлі, тваім дзецям і ўнукам.

Са шчырасьцю абдымаю –                                        Васіль Б.

 

35.

<Снежань 2000 г.>

Мілая Юля,

з Днём народзін віншуюць Быкавы з Нямеччыны, дужа жадаючы шчасьця, маладосьці і захапленьня – найперш дзецьмі, унукамі і, вядома ж, ва ўсіх сэнсах таленавітым Генадзем.

Васіль і Ірына.

 

36.

<Жнівень 2001 г. (?)>

Дарагі дружа Генадзь!

З гэтай Вісбаджанскай кірхі, дзе калісь маліліся ці не ўсе расейскія класікі, хачу павіншаваць цябе з тваімі ўгодкамі. І жадаю табе з тае нагоды выпіць – хаця і ня так, як колісь, але як будзе моц.

А я тут 28-га на самоце вып’ю за цябе сіроцкую чарачку.

Шчасьця і здароўя табе.

Твой Васіль.

 

37.

 <24 кастрычніка 2001 г.>

Менск, Дом літаратара, творчы вечар Генадзя Б у р а ў к і н а

 

Дарагі Генадзь, твой беларускі голас чутны сёньня на старажытных берагох Рэйна, дзе табе апладзіруе вялікі Генрых і зь ім усе нямецкія паэтычныя рамантыкі. Удачы табе і посьпеху сярод беларускіх ніваў і дрымучых паганскіх лясоў.

Абдымаю, твой

Васіль Быкаў

 

38.

____2002_____

будзем лічыць –

добрая сіметрыя

 

Дарагія Бураўкіны, вялікія і меншыя,

з Новагодзьдзем вас і лепшым жыцьцём на новым мейсцы. Дай Бог Вам добрага здароўя і ўсялякіх поспехаў. І каб нашыя-вашыя ворагі ўрэшце заткнуліся. Бо – колькі ж можна?!

Дужа спадзяемся на спатканьне, якога так не хапае тут, у нашае ўтульнай ссылцы, дзе тая ўтульнасць пачынае люта гнясьці. Ды вы тое самі ведаеце…

Дык з надзеяй на лепшае –

БыкавыВасіль і Ірына.

 

39.

<Снежань 2001 г.>

Мілая Юлічка,

цябе асобна – з тваім прыватным і радасным днём!

Абдымаем –

Быкавы.

 

40.

Дарагі Генадзь!

Некалькі разоў спрабаваў дазваніцца да цябе, але ж ты, відаць, на дачы. Увогуле правільна робіш – прырода, яна хоць і не задавальняе, але і не ашуквае. Ня тое што людзі. Вось сачу я за прафсаюзнай драмай і думаю пра цябе. Падобна, што злы лёс прасьледуе цябе – сьпярша ў культуры, пасьля ў «Вожыку», цяпер у газеце. Старыкевіч уходзіць, і ты, мабыць, не застанешся45. Не пакінуць.

Але куды тады пойдзеш? І куды цяпер можна пайсьці наогул?

Во як усё ў нас абыходзіцца і зь якой сатанінскай незваротнасьцю – і крыўдаваць няма на каго, як няма каму скардзіцца. Я во гляджу на перапетыі ПЭНа і нічога не магу зразумець. У сэнсе – хто? Хто – куды? Такое ўражаньне, што ўсе звар’яцелі.

Я тут патроху вар’яцею таксама. Ад адзіноты і няпэўнасьці. Няпэўнасьці тут, там і ва ўсім сьвеце. Што-нішто пішу, але ўжо і пісаць абрыдзела. Бо – каму тое трэба? Самому сабе – тым болей. Вельмі не хапае Міколы <Матукоўскага>, які часам прысылаў нейкую рысачку дабрыні і спагады46. Хоць сам у тым меў патрэбу, можа, болей за ўсіх. Застаецца жыць мінулым, успамінамі, але гэта ўжо поўны тупік, фінал. Як для індывідуума, так і для нацыі. Шкада, нашыя адраджэнцы не зразумелі таго. Але што, калі б і зразумелі? Што яны маглі?

Генадзь, пішы вершы. Хаця гэта таксама марны занятак у наш час, але ўсё нейкае адхланьне. Грышка <Барадулін> кажа, што калі ён піша, дык не баліць галава. А як кідае пісаць – пачынае балець. Калі б ты піў, дык яшчэ быў бы нейкі спадзеў. А так – што рабіць без працы і без гарэлкі? Поўны цэйтнот.

Мяркуючы па друку, Ніл <Гілевіч> гэткіх клопатаў ня знае. Зайздросная доля!

Спадзяюся, аднак, дома ў цябе ўсё добра. Дай Божа! І дай Божа здароўя ўсім тваім начале з Юляй.

Можа, як-небудзь яшчэ пабачымся.

А покуль што – абдымаю.

І р ы н а – таксама.

Твой Васіль.

14 жніўня 2002

 

41.

<Снежань 2002 г. >

Дарагі Генадзь!

З Новым годам – цябе і тваю сямейку, з пажаданьнем здароўя і шчасьця – наколькі ўсё тое магчыма ў нашым узросьце і ў нашай краіне.

Як ты, мабыць, чуў, мы перабраліся ў Чэхію, хаця невядома, колькі тут затрымаемся. Усё дужа няпроста на Божым сьвеце, якім збольшага кіруе д’ябал. Ну але пабачым. Вельмі трэба прыехаць у Менск, ды я баюся сьцюжы – стаў дужа далікатны да яе. Тут ня надта ўтульна, але ў кватэры хоць цёпла, чаго няма там, на Танкавай47.

Абдымаем цябе з Юляй!

Васіль і Ірына.

 

42.

<Снежань 2002 г.>

Мілая Юлечка,

дужа шчыра і горача віншуем цябе з тваім сьветлым і шчасьлівым Днём! Дай Бог табе -годзьдзя лепшага за ўсе ранейшыя – дзеткам і ўнукам таксама!

Васіль і Ірына.

 

43.

ГАРАСКОП

Генадзя Бураўкіна

 

4 Пачатак вялікага шляху

V

_________________________________________________________

1) Малады, але славуты,       40 Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола,

шчаслівы, але багаты          лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР,

бацька двух дзетак,           кавалер ордэна….?…….

муж чароўнае жонкі          шэф «Маладосці»

______________________________________________________

2) Менш малады, але        50 Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР

болей багаты і яшчэ          кавалер ордэна Кастрычніцкай

болей шчаслівы. Апроч       рэвалюцыі

таго, што бацька, ужо         Шэф «Полымя»

трохі і дзед. Муж надта

чароўнае жонкі.

____________________________________________________

3) Амаль малады;             60 Аўтар паўсотні кніжак вершаў і

сімпатычны мужчына,         прозы, амаль лаўрэат Л<енінскай>

які можа кульнуць              (не далі: ворагі напаскудзілі), затое

чарку і ўшчыпнуць            аўтар сцэнарыя шматсерыйнага (36

маладзіцу.                      серый) тэлефільма (разам з І.

Чыгрынавым).

______________________________________________________

4) Даволі малады, багаты-     70 Лаўрэат Ленінскай прэміі (усё ж

багаты, шчаслівы, тройчы      такі), кавалер ордэна Леніна,

бацька, шэсць разоў дзед,     акадэмік Акадэміі навук,

але і муж яшчэ болей           кіраўнік (галоўны) СП БССР

чароўнай жонкі.

______________________________________________________

5) Не в’юнаша, канечне,     80 Нобелеўскі лаўрэат, кавалер усіх

не спартсмен, дык заядлы      ордэнаў, ганаровы акадэмік многіх

балельшчык, зразумела,        акадэмій, герой Сацыялістычнай

багаты і, мабыць, шчаслівы,   Працы

бо бацька і дзед (і муж усё

той жа самай чароўнай

жонкі).                          90

 

6) . . . . . . . . . . .           100 . . . . . . . . . . . . . . .

(Не хапіла «Чорнай магіі» – такое

вялікае жыццё.)

траекторыя ягонага жыцця

канца няма

 

Хай збудзецца!

_______________

Астролаг В. Быкаў

 

 

1 Гаворка ідзе пра кнігу Г. Бураўкіна «Дыханне» (1966).

2 Так у лісце. Маецца на ўвазе – танчэйшыя.

3 Так у лісце.

4 Анатоль Вярцінскі (нар. у 1931) – беларускі паэт, драматург, крытык, перакладчык.

5 Паэма «Чужая споведзь».

6 Дакладней – «Пра “сціпласць”».

7 Так у лісце.

8 Жонка Г. Бураўкіна Юлія Якаўлеўна і сын Аляксей. Ад слоў «растуць» і «маладзеюць» праведзены стрэлкі адпаведна да імёнаў «Алёшу» і «Юлі».

9 Рукапісная паштоўка без даты. Імаверна, не раней за снежань 1966 г. – год выдання паштоўкі.

10 Паштоўка з выявай трох гілёў на фоне сонца, што ўзыходзіць. Гілі сядзяць у лесе на снезе на галінках дрэў; да снега В. Быкавым праведзена стрэлка, каб, відаць, разумець пад снегам хмары, што засцяць сонца. Ніжэй надпіс тыпаграфскім чынам «З Новым годам!».

11 14 студзеня 1971 г. у сям’і Бураўкіных нарадзілася дачка Святлана.

12 Невядома, пра што менавіта ідзе размова.

13 Паштоўка з выявай скалы Дзіва, што ў раёне г. Сімеіз (Крым).

14 Размова пра аповесць «Яго батальён», якая была надрукаваная ў гэтым жа годзе ў часопісе «Маладосць» (№№11, 12). У канчатковай рэдакцыіі – Гунько.

15 Мікалаю Матукоўскаму (1929–2001), беларускаму публіцысту, драматургу, і Нілу Гілевічу (1931–2016), беларускаму паэту, перакладчыку, фалькларысту, грамадскаму дзеячу, народнаму паэту Беларусі (1991).

16 Ліст захаваўся без канверта, але, мусіць, як і папярэдняя паштоўка, быў адпраўлены з Крыма.

17 Размова ідзе пра публікацыю аповесці «Его батальон» у часопісе «Наш современник» (1976, №1; пер. аўтара).

18 Размова пра аповесць «Яго батальён», якая была надрукавана ў часопісе «Маладосць» (1975, № 11, 12).

19 М. Матукоўскага. Невядома, пра што ідзе размова.

20 Уверсе над подпісам В. Быкавым намаляваная каляровая кветачка.

21 Ірына Міхайлаўна Быкава (нар. у 1927), другая жонка В. Быкава.

22 У Нью-Йорку, дзе Г. Бураўкін жыў у 1990–1994 гг., як Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН.

23 Сакалоў Яфрэм (нар. у 1926) – у 1987–1990 – першы сакратар ЦК КПБ; член ЦК КПСС (1986–1991). Малафееў Анатоль (нар. у 1933) – у 1990–1991 – першы сакратар ЦК КПБ; у 1996–2000 – старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

24 Алесь Адамовіч (Аляксандр Міхайлавіч; 1927–1994) – беларускі пісьменнік, літаратуразнавец; доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР.

25 Рыгору Барадуліну (1935–2014), беларускаму паэту, перакладчыку, народнаму паэту Беларусі.

26 Ніжэй В. Быкавым намаляваныя каляровыя валошкі.

27 Булахаў Дзмітрый (1959–2006) – беларускі дзяржаўны дзеяч; дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі; першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта – выканаўчы сакратар СНД; памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь (2006).

28 Пячэннікаў Валерый (1941–2015) – у 1986–1991 – сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі. Паўлаў Савелій (1934–2017) – у 1971–1989 – загадчык аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ. У 1990 г. рашэннем Х з’езда Саюза пісьменнікаў БССР быў выключаны з СП за тое, што, «карыстаючыся сваім службовым становішчам, на працягу многіх гадоў свядома і мэтанакіравана перашкаджаў справе развіцця беларускай літаратуры і культуры ў цэлым». Чыкін Віктар (1949–2012) – першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, якая была створана пасля прыпынення ў выніку жнівеньскага путчу 1991 г. дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі. Быў інструктарам, затым другім сакратаром Мінскага гаркама КПБ, галоўным рэдактарам газеты «Мы и время», намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, старшынёй Беларускай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.

29 Прускі Мікола (1929–2014) – журналіст, рэдактар, выдавец, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

30 Ткачоў Міхась (1942–1992) – беларускі археолаг, гісторык, грамадскі дзеяч.

31 Лецка Яўген (нар. у 1944) – беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнавец. Старшыня Аргкамітэта (1989–1990) і Рады (1990–1993) Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

32 Запруднік Янка (нар. у 1926) – беларускі гісторык, паэт, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

33 Краўчанка Пётр (нар. у 1950) – міністр замежных спраў Беларусі (1990–1994).

34 Відаць, сын Г. Бураўкіна Аляксей.

35 У 1993 г. ішлі судовыя працэсы над Святланай Алексіевіч і яе кнігай «Цынкавыя хлопчыкі», фрагменты з якой былі апублікаваны ў газеце «Комсомольская правда». Пэўныя аповеды ў кнізе былі прызнаныя несапраўднымі. У выніку суд абавязаў пісьменніцу выбачыцца перад адным з герояў кнігі. Позва яшчэ адной гераіні была судом адхіленая.

36 Відаць, Іван Пятровіч Шамякін (1921–2004), Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў (1934–1996).

37 У чэрвені 1998 г. па запрашэнні Фінскага ПЭН-цэнтра Васіль і Ірына Быкавы з’ехалі на паўтара года ў Фінляндыю.

38 Куняеў Станіслаў (нар. у 1932) – расійскі паэт, крытык, публіцыст патрыятычнага кірунку. Галоўны рэдактар часопіса «Наш современник» (з 1989). У жніўні 1991 г. падтрымаў ГК ЧП.

39 У 1997–1999 гг. Г. Бураўкін узначальваў ТБМ імя Францішка Скарыны.

40 У жніўні 1998 г. у газеце «Народная воля» з’явілася публікацыя «Злое вогнішча: да гісторыі выдання аповесці Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”», у якой згадваўся сумнавядомы У. Сеўрук, які больш чым праз паўгода адказаў на гэты артыкул – падчас гутаркі з Я. Росцікавым на старонках газеты «Рэспубліка», разважаючы пра аповесць «Мёртвым не баліць» і свой артыкул пра яе ў «Правде» ў 1966 г., а таксама пра ліст супраць А. Сахарава і А. Салжаніцына, пад якім значылася ў тым ліку прозвішча В. Быкава (1973), былы цэковец усё так жа па-шулерску тасаваў старую калоду: «…действительно было принято несколько постановлений ЦК КПСС относительно Быкова. Первое – по решению секретариата ЦК КПСС он был награжден орденом Трудового Красного Знамени. Затем по решениям Политбюро – Золотой Звездой Героя Социалистического труда и орденом Ленина. Наконец, удостоен звания лауреата Ленинский премии. Это в благодарность за то, что он осудил двоих лауреатов Нобелевской премии» (Ростиков Е. «“Элита” и власть, или Еще раз об их взаимоотношениях / інт. з У. Сеўрукам // Рэспубліка, 1999, 24 лют.). Адразу пасля сеўрукаўска-росцікаўскага «выкрыцця» з артыкулам «Почему у нас таланты превращают в мишени?» (Рэспубліка, 1999, 24 сак.) за Быкава ўступіўся М. Матукоўскі, які тут жа патрапіў пад удар – Сеўрук адказаў яму вялікім артыкулам пад гучнай назвай «Доносы не горят!» (Рэспубліка, 1999, 7 крас.). Сеўрук Уладзімір (1932–2005) – адказны супрацоўнік ЦК КПСС (намеснік загадчыка, затым загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС); у далейшым – намеснік галоўнага рэдактара газеты «Известия»; галоўны рэдактар газеты «Неделя»; супрацоўнік апарата Савета міністраў Рэспублікі Беларусь (1998–2003).

41 У 1986 г. А. Адамовіч і В. Быкаў напісалі скаргу Генеральнаму сакратару ЦК КПСС М. Гарбачову на У. Сеўрука, які, працуючы ў апараце ЦК і курыруючы літаратуру і цэнзуру, шмат гадоў пераследаваў Быкава – пачынаючы з шальмавання ў 1966 г. аповесці «Мёртвым не баліць». Аднак ліст атрымаў не Гарбачоў, а Сеўрук, у выніку абодва пісьменнікі былі выкліканы ў беларускі ЦК да сакратара па ідэалогіі на прафілактычную гутарку. Апісваючы пазней гэтую гісторыю на старонках «Литературной газеты», Сеўрук назваў свой артыкул «Как они на нас доносили».

42 Мілошэвіч Слабадан (1941–2006) – югаслаўскі і сербскі дзяржаўны і палітычны дзеяч. У 1989–1997 – прэзідэнт Сербіі, у 1997–2000 – прэзідэнт Саюзнай Рэспублікі Югаславія. Быў адной з цэнтральных фігур у падзеях распаду Югаславіі і ўзброеных канфліктаў. Быў абвінавачаны Міжнародным трыбуналам. Памёр у турэмнай камеры ў Гаазе (Нідэрланды).

43 Справа побач наклеена выява папугая.

44 Усходні Цімор – дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, слабаразвітая аграрная краіна.

45 Старыкевіч Аляксандр (нар. у 1972) – беларускі журналіст, публіцыст, рэдактар. Галоўны рэдактар газеты «Беларускі час» (2000–2003), заснавальнікам якой з’яўлялася Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і дзе пэўны час аглядальнікам працаваў Г. Бураўкін. Пасле змены кіраўніка федэрацыі А. Старыкевіч пакінуў «Беларускі час» і ўзначаліў газету «Салідарнасць», друкаваны орган Беларускага незалежнага прафсаюза. Разам са А. Старыкевічам у «Салідарнасць» перайшоў і Г. Бураўкін.

46 М. Матукоўскі памёр 28 верасня 2001 г.

47 Быкавы жылі ў Мінску на вул. Танкавай (цяпер вул. Максіма Танка).

 

Падрыхтоўка, каментары і публікацыя Сяргея Шапрана.

comments powered by HyperComments