Хай не ведаю – хто ты, і не варажу. Як далонь – падаю на знаёмства душу…
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! Паз’ехалі з вёсак народныя дзеці. Сталіца, заробкі, дзе лепей на свеце… Забітыя вокны фанерай, кардонам… – Жыве Беларусь!
…Усё больш за кардонам. Пазычылі мову ў другога народа. Па-польску, наогул, красуня – урода. На пальцах гаворыць нямко без’языкі. – Жыве Беларусь!
…Усё больш на пазыкі.
Мы ў роднай матулі няродныя дзеці. З гадамі ўсё меней нас робіцца ў свеце. Няма ў нас вайны і няма халакосту… – Жыве Беларусь!
…Усё больш на пагостах.
* * * Радзіны, храмы, суполкі, працы… Гушчарнік зайздрасці, пыхі межы. Усім павінны і ўсім належым – а да сябе – дык і не дабрацца.
А час блыхасты мігціць бязважка, і кожны ў часе – адно прахожы, і верна служыць нам геній божы – жыццё тутэйшае, як цяльняшка.
Хто ж мы такія на гэтым свеце, дзе ўсё даецца крывёй ды потам, дзе ўсё трапляе ў было ці ў потым…
…У свет наш з плачам прыходзяць дзеці…
* * * Мы – Слова плоць. І нам адплата: за слова праўды ці ілжы у кожным з нас Хрыстос распяты на бессмяротнасці крыжы.
* * * Паўстануць горы і рухнуць сцены, і сонца свету праб’ецца з хмар – і будзе жудасна рушыць з цемры, як навічку на падмосткі сцэны, па горнім шляху – у светлы Храм.
Прастора – іншых прастораў дзверы, замкі ўва мне і ўва мне ключы. Не азірнуцца б на покліч цемры, не спатыкнуцца б на вокліч цемры па промню Ісціны ідучы…
У ГАРАХ Дождж нахрапісты вочы дзяўбе. Годзе ўжо, наталіў неспатолю! Кожны крок адгукаецца болем. Крок наверх. Колькі іх да сябе?
СПЕЎ ЗДАРОЖАНАЙ ДУШЫ Зямля мая, зямля надзеі, я зноў з табой, люблю цябе я, нібы ў юнацтве халадзею ад гэтых слоў – люблю цябе.
Калі навучалі чужому кланяцца, мяне ашчаджала ты цішай ураніцы, забытыя сцежкі пад ногі клаліся, забытыя словы ўсплывалі ў памяці.
Зямля мая, калыска долі, мая душа шчыміць ад болю, як птушка, просіцца на волю ад гэтых слоў – люблю цябе.
Калі па табе ўжо складалі рэквіем, мяне падымала ты зёлкамі-лекамі, жыццё спавядала – атрутнымі рэкамі, мурамі ўтравелымі і калекамі.
Зямля мая, зямля надзеі, я зноў з табой, люблю цябе я, нібы ў юнацтве халадзею ад гэтых слоў – люблю цябе.
* * * Выходжу ў поле. Вечнасць і дарога нязбытным вабяць, клічуць – здаганяй! Як птушка, адлятае з асцярогай, дыстанцыю трымае небакрай…
* * * Над дахамі Менску – ноч. Вецер-свавольнік свішча. І калыхае Свіслач долі маёй вянок…
* * * Акно расчынена. У раме я і ты, як дзве безабаронныя мішэні… …Здзімаў пад ногі белыя лісты скразняк сутулы з зоркамі ў кішэні…
РАСФОКУС РЭАЛЬНАСЦІ На вуліцы Прытыцкага пажар. Ад хаты, што гарыць, разносіць вецер праз крону дрэва дым па белым свеце, і патыхае ў твары гар і жар.
Машыны зазяваліся, але ніхто не пасігналіць разявакам, відовішча засмоктвае, што вакуум, што ўшчэнт галодным страва на стале.
Вось і Тарасава. Ды што ў ім? Божа мой! Дарогі перакрытыя. Абвесткі наўкол пра небяспеку. Ну і весткі! Як быццам кажуць: не хадзі дамой…
А што дамой? Не надта і ахвота, як быццам запаўзла туды змяя. Сям’я? Так, ёсць яна, заможная сям’я: сабака, два каты ды адзінота.
Але ж куды? І дзе яны, дарогі? Зірнула на руку… Ну й каляя! Пярсцёнак з жэмчугам згубіла недзе я… Хай сыдуць разам з ім мае трывогі!
* * * Люблю дарогу думкі – напрасткі. Навошта далікатнічаць з сабою? На кроснах долі тку свае радкі з любові, палыну і лістабою…
* * * Былое! Твой учэпісты палон, што пастка! Неадчэпны, як праклён, дзе мы з табой жывем яшчэ дагэтуль, там нашае няўрымслівае лета, тры поўні і адзін смаркаты ветах, што зазірнуў пад раніцу ў акно… …Былое… Не мінаецца яно!
А тут дажджы…
ПАХАВАННЕ ПЧАЛЫ Прыгублены мой. Прыгублены мной. Так і быць. Ты хочаш мяне забыць. Хочаш мёду любоўных мар. Богам – на лёсу майго алтар. Голаў далоў! Джаліць любоў – Гіне пчалой. Узнімае з далоняў хмар Сонца высокае сваё чало…
* * * Ноч у душы варочаецца – зорны калматы звер. Доля мая, прарочыца, што мне чакаць цяпер?
БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ахвярую Алесю Бяляцкаму над брукам вякоў пышная астра цвіце на квёлай назе 12.09.19 г.
* * * На халодным ветры квітуць яснакветы. Не заплюшчаць вочы нават паначы. Адцвітае ў садзе бабінае лета. Не вярнуць пялёсткі, не дапамагчы.
…Адцвітае ў садзе бабінае лета…
На халодным ветры цвітуць мае кветы. Не пытаю, дзе ты, дзе тваё цяпло… Адцвітае ў сэрцы бабінае лета. Што магло саспела, што было, сышло.
…Адцвітае ў сэрцы бабінае лета…
ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ! Святы. Пачатак года. Радзіму трымаць за б…дзь! Судзяць сумленне народа – тых, хто не ўмее маўчаць.
Анёлы! Ці з вашай згоды дасюль Курапаты ў крыві? Судзяць душу народа – тых, хто яшчэ жывы.
Годнасць! Якой аблудзе служыш? З якой маны? Не прадаюцца людзі, калі не рабы яны! 8.01.20 г. comments powered by HyperComments |