…Паэт – нішто, а Слова – ўсё…

— Леанід Галубовіч

ЦВЕРАЗІЛАЎКА

Апавяданне

Сашку выпала «ў ноч». У яго была такая праца – па зменах, вось яму і надышла чарга заступаць у начную змену. Выходзячы з інтэрната, на будзённыя, праз пазяханне словы вахцёркі: «На службу?» – ён так і адказаў:

– У ноч сёння.

I ў перапоўненым тралейбусе, дзе пашэнціла сесці і дзе ён лавіў на сабе касыя позіркі (асабліва гэтая, тоўстая, з сеткамі ў абедзвюх руках, зырыць), ён так і думаў пра сябе: вось чалавек едзе на працу, «у ноч», – а яны? Куды, адкуль яны едуць? Можа, з базару, ці на базар. Ну і пастаяць, пераб’юцца – не сорак першы, як маёр Паўлавіч кажа. Магчыма, позіркі гэтыя і не ад таго, што ён, Сашок, малады і здаровы, сядзіць, а ад таго, што форма на ім. Тады тым больш пераб’юцца. За год службы Сашок ужо звыкся адчуваць сябе не такім, як усе, звыкся да гэтых паглядаў, звыкся, што калі ён блізка, людзі нават размаўляць пачынаюць цішэй. На ім форма, яна дае ўладу, уладзе зайздросцяць і не любяць таго, хто ёю карыстаецца – вось і ўся «мудзісьціка», як любіць казаць той жа Паўлавіч.

Ён спакойна даехаў да праспекта, паправіў фуражку і выйшаў. Было яшчэ светла. На прыпынку, каля газетнага кіёска купкамі стаялі людзі, штосьці ажыўлена абмяркоўвалі. Непадалёку прыткнуўся да самага тратуара міліцэйскі «ўазік». Па тратуары вецер варушыў абрыўкі нейкіх плакатаў. Сашок раптам убачыў у адной з купак знаёмага, толькі ў цывільным. Падышоў:

– Прывітанне; што тут рабілася?

Знаёмы неахвотна, азіраючыся на людзей, падаў яму руку. Людзі прыціхлі.

– Давай адыдзем.

Адышлі за кіёск, закурылі.

– Што рабілася? Тое, што й заўсёды. Паштурхаліся трохі. Амон здорава памог. Пад’ехалі, дзверцы насцеж, накідалі ў машыны, што дроў, – усіх падрад.

– Многа накідалі? – спытаў Сашок, стараючыся адфутболіць шматок плаката, які вецер упарта ляпіў яму на чаравік.

– Парадачна. I адкуль яны толькі бяруцца? Як вясна, так і выпаўзаюць, бы мухі, з усіх шчылінаў. I як ні ганяеш, як ні таўчэш – усё адно не баяцца!

– Абарзелі, – сказаў Сашок. – Рабіць не хочуць, вось і цягаюцца, глоткі дзяруць.

– А ты на работу? – спытаў знаёмы.

– У ноч сёння. А ты?

– Я ўсё, адбарабаніў. Аўтобуса чакаю, дамоў еду.

I, развітаўшыся, разышліся два чалавекі: адзін з працы, другі – на працу.

А працаваць, ды яшчэ ў начную змену, не дужа ахвота. Хоць і вецер, і халаднавата, а ўсё адно вясна, сакавік, а Сашку ўсяго дваццаць адзін год. Вясною не толькі мітынгоўшчыкі, бы мухі, з усіх шчылінаў выпаўзаюць, а і дзеўкі з нагамі. Гэта Паўлавічу добра, на пенсію скора, усё пофік, толькі б паддаць дзе-небудзь. Ці Будку? – тое ж самае, ні дзеўкі не трэба, ні вясна, абы кір быў. I як ім не абрыдне, такое кожны дзень бачачы. Хоць правільна, што Будку – нічога не свеціць, сорак гадоў, а ўсё ў старшынах, сто разоў адпраўлялі на курсы, каб падвучыць, і ўсё без толку, так і памрэ з адной паласою на пагонах.

Сашок прабраўся між машынаў, што ў любы час сутак ляпіліся ў дворыку перад «даішняю», завярнуў за вугал гэтага ж будынка, выцер ногі аб край шчарбатага цаглянага ганка. Перад тым, як зайсці, глянуў паверх фіранак у закратаванае вакно. Паўлавіч, згорбіўшыся, сядзеў за сталом; збоку, на лаве – Будка.

– Бурэеш, сяржант, – паказаў Сашку гадзіннік Будка, здаровы, з квадратным тулавам дзяцюк, на якім, калі ён паварочваўся, здавалася, трашчыць па ўсіх швах і восьвось лопне форма. Ён сядзеў на лаве і еў яблык.

– Дабірацца далёка…

– Усё нармальна, – Паўлавіч, відаць, даўно чакаў яго, нават з твару пасвятлеў. Падхапіўся зза стала: – Так, Сашок, на ключы, пабудзеш адзін трохі… Даішнікі гуляюць сёння, нас запрасілі – такое дзела, што трэба адскочыць, прыняць па сотцы, пакуль ціха… Калі што, бабцы скажаш, яна збегае пазаве. Мы па-быстраму.

Ага, «па-быстраму». Сашок, хмурачыся, узяў звязку ключоў.

– Былі кліенты?

– У чацвёртай камеры каля дзвярэй, – адказаў Будка, высмоктваючы з зубоў рэшткі яблыка, – можаш паглядзець. Дзеўка маладая, «мамоны» прывезлі толькі што, п’яная ў дыміну, ледзь раздзелі.

– Сур’ёзна? Хто такая?

– Хер яе знае, без дакументаў, заўтра разбяромся. А! – ажывіўся Будка. – I з той змены адзін мужык, сам сюды прыйшоў.

– Залівай…

– Паўлавіч, скаж? Трухан, з той змены, выйшаў пакурыць на ганак, а ён сярод белага дня, скаціна, с…ць на сцяну пад самым вакном. Ідзі сюды, пашукай пяты вугал…

– Пайшлі, – прыспешыў Паўлавіч, – пакуль ціха, па-быстраму трэба!

Застаўшыся адзін, Сашок уключыў святло – цямнела проста на вачах. Ляніва прабег позіркам па абрыдлай «прыёмнай». Хоць бы што месцамі памянялася, усе адно й тое ж: стол з папкамі пратаколаў, сейф, лава для «кліентаў», люстра на сцяне, вазоны на падаконніку, фіранкі белыя, бы ў паліклініцы, закрываюць толькі ніжнюю палову акна… Паліклініка… «Незабудка», як алкашы завуць, раз патрапіш – не забудзеш.

Пазвоньваючы ключамі, Сашок прайшоўся з канца ў канец невялікага калідора, паўцёмнага ад слабых лямпачак. Там, дзе мужчынскія камеры, ціха, мужыкі парадак знаюць, давяць сабе масу спакойна. А ў бабскім канцы вечны бардак; гарланяць, блін, нібы іх рэжудь тут, ды яшчэ камфорт кожнай зрабі: то яна вады хоча, то ў прыбіральню, то ей блага і доктар трэба…

Зрэшты, Сашок даўно прывык да гэтых гукаў, як прывыкае, напрыклад, аператар кацельні да шуму прыбораў. I рэакцыя была адпаведная: «шумяць прыборы» – значыць, работа йдзе, усё ў норме.

Зазірнуў у медпакой, ветліва павітаўся. «Фельчар» – Барысавіч – сухенькі кручок у белым халаце, сядзіць на кушэтцы, чытае газету; здзіўлена падняў вочы паверх акуляраў, нібы першы раз Сашка бачыць. Лячыцца ўжо трэба, дзед, ад склерозу, а не лафу тут ганяць… Хоць што: цёпла, ціха, не натрудзішся, сядзі чытай газету, ці ў сцяну глядзі, як у тэлевізар.

З прыбіральні данёсся шум вады, якую набіралі ў парожняе вядро. Іванаўна распачынае ўборку. Вось хто малайчына, ніколі не ные, не скардзіцца, «кліентаў» не абзывае, усе для яе хлопчыкі, дзевачкі… А «хлопчыкі» з «дзевачкамі» такія трапляюцца, што на карачках паўзці не могуць.

– Многа алкашы наблявалі, Іванаўна? – спытаў Сашок, з’яўляючыся ў дзвярах.

– Пачала толькі, – адказала глухаватая Іванаўна, голымі рукамі выкруціла анучу ў вядры, пачапіла на швабру. – Эх, хлопцы-хлопчыкі, не сядзіцца вам дома…

Сашок успомніў пра «кліентку» ў чацвёртай камеры і толькі хацеў ісці паглядзець, як грукнулі ўваходныя дзверы «прыёмнай». Ён паспяшаўся туды.

Пасярод «прыёмнай» стаяў высокі, хударлявы амапавец. Вочы вузкія, тонкія вусікі, твар скуласты, але не цёмны, як у чучмекаў, а светлы. Берэт ссунуты на патыліцу, дубінка на баку, шнураваныя, з гразёю на падэшвах высокія боцікі… У руцэ – ладны цэлафанавы пакет.

– А дзе старшой? – спытаў амапавец, азіраючыся па баках, і Сашок адразу, толькі па голасе (вопыт як-ніяк) здагадаўся, што ён на падпітку.

– Там… – Сашок матлянуў галавою.

– А старшына? Здаровы такі.

– Там…

– Дык ты, значыць, за старшога? – пасміхнуўся амапавец. – Давай знаёміцца. Цімур! – перакінуў ў левую руку пакет, моцна, учэпіста сціснуў Сашковую далонь.

– Саша. Дык, калі маёр трэба, можна пазваць, тут блізка, Іванаўна збегае.

– Не трэба, – Цімур апусціўся на лаву для «кліентаў», з непрывычкі, не ведаючы каверзы гэтай лавы, кульнуўся назад, аж боцікі ўзляцелі. Засмяяўся, сеў вертыкальна, на край: – Сістэма!

–А, гэта вы п’яную дзеўку прывозілі? – здагадаўся раптам Сашок.

– Мы самыя. На мітынгу ўзялі… А я вось скончыў змену, думаю, дай зайду, спытаю, як яна, тым больш я жыву недалёка, вытразвон ваш па дарозе.

– На мітынгу п’яная? – не паверыў Сашок. Не можа быць, я чуў, іх жа там свае не пускаюць…

– Што не можа быць, што не пускаюць? – адразу наструніўся Цімур. Але тутжа і памякчэў: – Ды ім там бясплатна наліваюць, мне не верыш, дык тэлевізар паглядзі, газету пачытай. Адкуль жа беспарадкі? – цвярозыя ўсе дома ціха сядзяць…

– Пачакай! – перабіў Сашок, прыслухоўваючыся.

Паказалася Іванаўна з мокрай анучаю ў руцэ:

– Просяцца там, у дзверы б’юць, гаротнікі…

– Зараз я камусьці папрашуся.

Сашок загадзя выцягнуў з похваў дубінку, няспешна падаўся ў канец калідора, да крайняй камеры, адкуль даносіўся шум. Цімур пайшоў за ім.

Нехта лупіў кулакамі ў дзверы і п’яна крычаў:

– Выпусціце, сукі, я ва ўсім прызнаюся! Падпішу, што чалавека забіў, толькі выпусціце!

Сашок пстрыкнуў уключальнікам, хутка адамкнуў і рэзка расчыніў дзверы. На яго ледзь не ўпаў голы мужчына, у адных трусах і шкарпэтках. Па інерцыі мужчына яшчэ трымаў узнятыя над галавою кулакі. Сашок размахнуўся і шлёгнуў яго дубінкаю па жываце, не ўдарыў, а менавіта вось так, з адцяжкаю, шлёгнуў.

– Па нырках не біце! – крыкнуў мужчына, скурчыўшыся, закрываючы рукамі чамусьці не ныркі, а галаву. – Я з бальніцы нядаўна выпісаўся!..

– Гэта за сук, – Сашок ступіў у паўцёмную камеру. – Ну, хто яшчэ савецкай уласцю не давольны? – гучна спытаў, паляпваючы дубінкаю аб далонь.

– Папіць можна? – папрасіў сіплы голас з кутняга ложка.

– Можа, яшчэ пахмяліцца паднесці? Пераб’ешся, хутка выпускаць пачнём.

– Хутка – калі?

– Што, першы раз тут?

– Першы…

– Не бойся, выпусцім. Як толькі гімн раніцаю адыграе.

– Скажыце, – не ўнімаўся той жа голас, – а на работу… паведаміце?

– Мяне цікавяць «бабкі», а не вашая работа. Вось адыграе раніцаю гімн – усе на тэлефон, званіце каму хочаце: сябрам, жонкам, любоўніцам, б…м – хай прыязджаюць, плацяць штраф, і ўсе свабодны.

– Парадачкі ў вас, – пахваліў Цімур, калі вярнуліся ў «прыёмную». Цяпер у яго вузкіх п’янаватых вачах Сашок яўна прачытаў павагу да сябе. – А не скардзяцца яны раніцаю? Ну, што білі там, грошы забралі.

– Ды хто іх слухае! I што яны помняць… У п’янага адно права – забудзь на ўсе правы.

– I то праўда. Слухай, друг, ты мне падабаешся, – Цімур падміргнуў па-змоўніцку, падняў пакет. – Не хочаш выпіць, за знаёмства? Кір, закусон – усё з сабою… Кура гарачая яшчэ, у грылі купіў…

– А, давай! – нечакана згадзіўся Сашок. – Толькі бутэльку вунь там, пад стол паставіш, а куру можна сюды, на крэсла… Для перастрахоўкі.

Сашку не так хацелася выпіць (піў ён увогуле рэдка, тым больш на службе), як паесці. Падумаў пра Паўлавіча з Будкам – гудзяць у «даішнікаў», а ён што,. святы? Прывыклі, маладога знайшлі. Ды і Цімур гэты, здаецца, нічога хлопец, рэзкі, жылісты, накачаны, руку паціснуў – яшчэ й цяпер баліць; з такім не хацелася б сустрэцца дзе-небудзь сам-насам… Сашок узяў з падаконніка дзве шклянкі, панюхаў, выліў у вазон рэшткі піва. Дастаў з папкі стос чыстых лістоў, рукі выціраць.

– Табе больш, – Цімур няроўна падзяліў, – цягні, зямеля!

– А ты адсюль хіба, з Беларусі? Непадобны крыху, – асцярожна заўважыў Сашок.

– Адсюль, не адсюль… На адной зямлі жывем, усе землякі.

Выпілі. Сашок адразу паставіў шклянкі назад на падаконнік. Кура, сапраўды, была яшчэ цёплая, смачная, тлушч аж цёк з яе.

– Многа ў вас кліентаў бывае? – спытаў Цімур, выціраючы папераю вусны і пальцы.

– Як калі. Бывае, што і ніводнага за змену.

– Сур’ёзна? А я гляджу, ложкі незанятыя ёсць. Дык харошая работа ў вас.

– Як жа, – Сашок нават пакрыўдзіўся. – Раз на раз не прыпадае… Ага, – успомніу ёя, – яшчэ ж мітынг сёння, а ў такія дні чамусьці мала кліентаў. Ды і злачынстваў, крадзяжоў мала… Вось таксама не разумею: здаецца, каб быў злодзеем, бандытам, дык толькі такія дні і выбіраў бы – уся ментура на разгоне, рабі што хочаш… Знаёмага бачыў, ён расказваў, вы там сёння добры парадак навялі?

– Што навялі, хто навёў? – ускінуўся зноў Цімур невядома ад чаго. Дастаў цыгарэты, закурыў, выпусціў дым праз тонкія ноздры. Нос у яго, відаць, некалі быў перабіты, яшчэ й цяпер белаваты след пасярэдзіне, бы акулярамі нацёрла. – I так цацкаемся з імі… Каб мая воля, я б за пару гадзін усё скончыў. Хоць з другога боку – а мы тады на што былі б патрэбныя? Вось не было б, скажам, п’яніцаў – куды б ты дзеўся?

Сашок паціснуў плячыма. Ён пачаў ужо неяк пабойвацца гэтага Цімура, гэтых яго рэзкіх, без прычыны пераходаў ад нармальнай кампанейскай гутаркі да раздражнёнасці. Самаму Сашку ад гарэлкі і асабліва ад смачнай закускі на душы рабілася ўсё дабрэй, усё цяплей. Ён паставіў на стол шклянкі, Цімур наліў, гэтым разам сабе ці не ўдвая больш. Выпіўшы, да куры не дакрануўся, моўчкі дасмальваў цыгарэту.

– I што яны хочуць? – спытаў Сашок, маючы на ўвазе мітынгоўшчыкаў. – Ахвота ж пад дубінкі перці, у каталажках сядзець.

– Што-што… Яны ўсё правільна хочуць. За мову сваю стаяць, за ўсё сваё… I я б таксама бунтаваў на іхнім месцы! – з нейкім выклікам, з гонарам, што вось не бэсціць ворагаў, а хваліць, заявіў Цімур. – Ім лягчэй, яны беларусы, таму і стаяць за ўсё сваё. А вось мне што рабіць? Бацька казах, так? Маці руская, нарадзіўся на Украіне, жыву ў Беларусі… Вось хто я? – уставіўся ў Сашка, нібы той быў вінаваты.

– А мне напляваць, хто я, – Сашок, і праўда, плюнуў на падлогу і нават расцёр абцасам.

Іванаўна, якая ў гэты час дабралася з уборкаю да «прыёмнай», заўважыла гэта, падышла:

– Эх, хлопчыкі, хлопцы-казакі, – дайце я вас пабеспакою… – пачала шоргаць анучаю каля стала і лавы.

– Хлопцы як дубы, а яйца як жалуды! – пажартаваў Цімур, падымаючы ногі. Ён сядзеў на лаве. – Дык табе напляваць, – звярнуўся да Сашка, – а сам з акцэнтам гаворыш. Ды яшчэ з такім, што я не ўсе словы разумею.

– Абыякавасць да жыцця і ўсеагульная млявасць, – сказаў Сашок тое, што помніў з арміі, калі хлопцы прасілі пагаварыць па-беларуску незразумелымі словамі. – А акцэнт… дык з вёскі ж… Гэта Марынка па-беларуску чыста ўмее, насабачылася.

– Марынка?

– Ну, сястра, малодшая.

– Сястра ёсць? – чамусьці здзівіўся Цімур.

– Студэнтка. Бацька ёсць, матка, яна з імі жыве, а я асобна, у інтэрнаце.

– У Мінску жывуць? Ты ж кажаш, акцэнт з вёскі.

– З Чарнобылем здорава пашэнціла, – растлумачыў Сашок. – Пайшоў у армію, з Хойнікаў – усё нармальна, вяртаюся – ёперны цеатр, ужо радыяцыя. Ну, Марынка як ільготніца паступіла ў Мінск вучыцца, я таксама паехаў, у ментуру ўстроіўся. А потым бацькоў выселілі, і Мінск выпаў, уяўляеш?

– Халява, – пазайздросціў Цімур.

Выпілі яшчэ. Ужо і Сашок не закусваў. Цімур, расчырванелы, расшпіліў бушлат, смаліў цыгарэту, глядзеў, звузіўшы вочы, на Сашка, але, здавалася, не бачыў яго, думаў пра штосьці сваё.

Сашок, хоць і ап’янеў, ніяк не мог расслабіцца. Чаго ён тут тырчыць, гэты вузкавокі, чаго ўставіўся, дапіваў бы хутчэй ды зматваў адсюль… I не выжанеш – дужэйшы. Сашок крадком зірнуў на гадзіннік. Пара б ужо і тым прыйсці… Ці хоць бы кліента нарад даставіў…

– Халява некаторым, – задуменна паўтарыў Цімур. Ён перагнуўся цераз стол, паківаў пальцам, каб Сашок прысунуўся бліжэй, і зашаптаў ледзь не ў вуха: – Дык табе, значыць, напляваць, хто ты? I правільна! Бо заўтра, калі ўсё, можа быць, зменіцца, з цябе ні за што не папытаюць, ты іхні, свой, адна кроў, ды яшчэ ў цёплым куточку, пры п’яніцах адсядзеўся… I заўтра ты ўжо не будзеш саромецца акцэнту, а будзеш, можа, крычаць, як гэтыя сёння: «чамадан – вакзал – Расія»…

– Ды ты што? – адхіснуўся Сашок. Ён нічога не разумеў: што можа змяніцца заўтра? Навошта змяніцца? Хто з яго будзе за што пытаць? Ён бачыў і разумеў толькі, што гэты вузкавокі ўсё больш раздражняецца, усё больш шукае выйсця нейкай злой энергіі, якая гняце яго. І Сашок па сабе ведаў, чым гэта можа скончыцца. Проста яму, Сашку, могуць даць зараз па зубах – вось чым. – Цімур, ты…

– Што?

– Нічога… Давай дап’ем.

– Паспеем. А вось мне не напляваць, хто я! Мне нельга забываць на такое, бо мне першаму – адразу! – усё прыпомняць, – Цімур раптам засмяяўся, заблішчэлі вузкія вочы, яшчэ больш, здалося, выпнуліся, заігралі азіяцкія скулы. Ён склаў дулю: Толькі не дачакаецеся! Ні храна ў вас не будзе, – усё ж паказаў дулю не Сашку, а некуды ўбок, камусьці, хто за гэтымі сценамі. Тады сціснуў кулак, аж пальцы хруснулі: – Вось дзе вы будзеце? Згодзен?

Сашку падалося, што Цімур зараз ударыць яго, і ён ускочыў з-за стала:

– Згодзен…

– Сядзь, не бойся. Не верыш ты мне, не згодзен, па вачах бачу. А калі верыш – тады ты проста тупы, – спакойна сказаў Цімур. – Ты што, верыш, што мы «парадак наводзім»? Верыш, што мы не злачынцы? – насмешліва спытаў ён.

Сашок, прапусціўшы міма вушэй «тупога», прамычэў штосьці няўцямнае, баючыся не дагадзіць.

Цімур ізноў перагнуўся над сталом, зашаптаў:

– Дзеўка, што мы прывезлі, цвярозая была! – і падміргнуў Сашку. – Толькі гарланіла дужа… Гучней за ўсіх. Голас малады, звонкі… Абкруцілася сцягам, а харошанькая сама, ды і ногі… Мяне камандзір штурхнуў у бок – прыглядай, а я і без яго прыглядаюся, – шаптаў Цімур, не спускаючы з Сашка бліскучых звужаных вачэй. – Ну, канчаецца заварушка, а яна, дурніца, зазявалася, вазьмі ды і адстань ад сваіх крыху. Сама вінавата – ідзі сюды, дарагуша, ручкі за спіну, кінулі ў «уазік»… I тут мне крыўдна стала. Разумееш? Так крыўдна, што не перадаць! – Цімур стукнуў сябе кулаком у грудзі. – Ах, думаю, вы на сваёй зямлі? Ах, у вас правы ёсць? Я ж вам пакажу, якія ў вас правы… Усё адно ж, думаю, вы, сволач мітынговая, як бы і за людзей не лічыцеся, супраць улады йдзяце, таму не спадзявайцеся, што ўлада вас пашкадуе… Ну, заехалі мы, значыць, у дворык, – шаптаўЦімур, – тут мне і прыйшла мысля, стоп, кажу хлопцам. Заскочыў у магазін з двара, там міталем вадзяры бутэльку прынеслі, яны ўжо ведаюць, як мы стрэсы здымаем… Пагуляйце, пакурыце, кажу хлопцам. У машыне цёмна, ды і дворык глухаваты, «ментавозка» стаіць – які нармальны чалавек блізка падыдзе?.. Ды і малая спалохалася, амаль не супраціўлялася, спачатку толькі дрыгнулася пару разоў, а тады прыціхла, самой, відаць, спадабалася… Вось табе, авечка, твае правы, ведай сваё месца. Адвёў душу, пакуль хлопцы курылі… Адкаркаваў бутэльку – пі, кажу. А яна як так, дык маўчала, а гарэлку ўбачыла – бы звар’яцела, крычыць, матляе галавою, зубы сціснула… Я бяру, вось так, – Цімур яшчэ больш перагнуўся і дужымі пальцамі націснуў Сашку каля вушэй паміж сківіцамі. Рот у таго ад болю сам сабою раскрыўся. – I ўліў амаль поўную, а рэшткі дапіў. Пакуль давезлі, дзяўчынка гатовая, сам на руках занёс, вось сюды, на гэтую лаву.

– Але навошта… ты ж кажаш, самой спадабалася? – Сашок зглытнуў сліну. Здагадка, што прыйшла яму на розум, як толькі Цімур пачаў расказваць, не адступала, а з кожным новым словам толькі мацнела, перарастала ў дзікую, неверагодную рэальнасць.

– На ўсялякі пажарны. П’яная, на мітынгу – ідзі цяпер даказвай свае правы каму хочаш, свабодная, як сапля ў палёце… А ты кажаш, сястра, а ты кажаш, студэнтка, – закончыў Цімур нечакана цвярозым голасам і ўжо без іроніі.

Сашок, дранцвеючы, уталопіўся ў яго. Потым схапіў ключы і кінуўся ў канец калідора, да чацвёртай камеры. Пальцы не слухаліся яго. Ён ледзь уставіў ключ у шчыліну. Адамкнуў дзверы, ступіў да бліжняга ложка, на які падала з калідора палоска святла. Ён нічога не думаў, а толькі адчуваў, як гідка макрэе пад пахамі; вусны яго самі сабою шапталі: «Свечку закажу, свечку… Усе грошы папу аддам…»

– Начальнік!.. – разбуджаная, тоўстая баба з суседняга ложка паспрабавала ўстаць, але не ўтрымалася, упала назад. – У-у, мянцяра.. – вылаялася доўга і брудна і сціхла.

Дзяўчына ляжала скурчыўшыся, на баку, прасціны былі скручаныя ў жгут. Сашок нагнуўся над ёю. Свет для яго раптам пацямнеў і звузіўся да памераў гэтай цверазілаўкі, гэтай камеры… Дрыжачымі рукамі ён перавярнуў дзяўчыну на спіну, схіліўся яшчэ ніжэй, узіраючыся ў твар. Дзяўчына не расплюшчыла вачэй, слаба прастагнала і адвяла яго руку. На яго дыхнула звыклым пахам – як ад усіх «кліентаў»… Ён паморшчыўся. Гэта была не Марына.

Цімур стаяў у дзвярах і, пасміхаючыся, глядзеў на яго.

– Ну, што? – пацікавіўся ён, калі; Сашок выйшаў.

Сашок маўчаў.

– Не… яна, – выціснуў з сябе ён урэшце.

– Слабак ты, сяржант… Забудзь пра ўсё, што чуў, ясна?

Сашок кіўнуў. Яны стаялі адзін насупраць другога. I за гэты кароценькі міг Сашок, акрамя страху перад гэтым чалавекам, адчуў, зразумеў да неверагоднасці ясна: Цімуру хацелася, каб тут, у камеры, была Марынка. I калі б на месцы гэтай дзяўчыны – чыёйсьці сястры, аказалася Марынка – усё гэтак сама было б. Нічога б ён, Сашок, не зрабіў бы. Як той мужчына, якога ён нядаўна біў, ён стаяў зараз перад Цімурам, скурчыўшыся, чакаючы кожную хвілю ўдару.

– Дзверы не забудзь зачыніць, – сказаў Цімур. – Пайшлі.

У «прыёмнай» Сашок, ні слова не кажучы, выліў рэшткі гарэлкі сабе ў шлянку.

– Ого! – Цімур прысвіснуў, відаць, не чакаў такой смеласці.

Сашок ужо больш не мог фізічна выносіць гэтага голасу, гэтых скулаў і асабліва гэтых вузкіх вачэй. Яму раптам да свербу ў пальцах, да болю ў скронях захацелася плюхнуць са шклянкі ў гэтыя вочы – каб толькі не бачыць у іх самога сябе… Ён заплюшчыўся і паволі выпіў усё да дна.

– Хлопчыкі! – пачуўся голас Іванаўны. – Зноў крычаць, просяцца гаротнікі!..

Сашок скрыпнуў зубамі. Выцягнуў дубінку:

– Ну, зараз дапросяцца!

І пайшоў, амаль пабег. Цімур, пасміхаючыся, глядзеў яму ўслед.

1997 г.

comments powered by HyperComments