…Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне…

— Алесь Разанаў

Хмара
Два апавяданні

Сон пасля катастрофы

Канец красавіка, сядзім з сябрам у ягонай кватэры на буль­вары, п’ём гарбату і глядзім у вакно. За вакном цёткі, захутаныя ў капюшоны і шалікі, выгульваюць сваіх сабачак.

– Трыццаць гадоў пасля катастрофы… – кажа сябра і сумна так пасміхаецца. – Мне акурат сон прысніўся. Сёння… Але перад тым я табе адну гісторыю распавяду. Чарнобыльскую.

Калі рэактар грымнуў, я асістэнтам кінааператара на кінастудыі працаваў. І так склалася, што патрапіў у першую экспедыцыю туды, у пацярпелыя раёны.

Дзён праз дзесяць пасля выбуху дамовіліся мы з сябрам, кінааператарам Сяргеем, што я дапамагу яму бабіны з плёнкай спарадкаваць. Хаджу па калідорах студыйных, чакаю яго са схода партыйнага, раптам вылятае з залы, дзе сход той адбываўся, узбуджаны такі, чырвоны, ажно пот на твары. Пытаю, што здарылася, а ён толькі губу закусіў, ходзіць узад-уперад, маўчыць. Пасля выпальвае:

– Ды ў Чарнобыль паслалі ў экспедыцыю… пад Хойнікі.

Аказалася, што на сходзе тым вырашалі, каго паслаць. Аднаго камуніста паднялі, кажуць – паедзеш. Той: «Не, не паеду. У мяне дзяцей няма яшчэ». Следам паднялі мэтра аднаго, кажуць, заданне адказнае, трэба, каб усё прафесійна было знята.

Мэтр, трэба аддаць належнае, па-элеганцку выкруціўся. «Добра, – кажа, – паеду, але буду здымаць праўду». Падвісла няёмкая паўза, і для мэтра зараз знайшлася іншая тэрміновая праца. А тады ўжо да Сярогі пад’ехалі. Вы, кажуць, Сяргей, кандыдат у члены КПСС, вось вам партыйнае даручэнне. Што рабіць, адмовішся – капец кар’еры. Карацей, пагадзіўся Сярога.

Глядзіць мне ў вочы і пытаецца:

– Паедзеш са мной у групе асістэнтам?

– Паеду, – адказваю. Як сябру адмовіць. Да таго ж гэта ўчынак быў такі мужчынскі. Мы ж на Хэмінгуэі гадаваліся… Ну, і маладыя – хоць і напалоханыя чуткамі, але не ўсведамлялі той катастрофы. Была такая цікавасць юначая: а як там?.. Так што заскочыў дадому, джынсы новыя нацягнуў і – на кінастудыю.

У Хойнікі прыехалі апоўдні, а там палівачка ездзіць і палівае бясконца пляц перад райкамам. Ездзіць па коле, як завадная, пырскае і пырскае вадой. І больш нікога.

Прыехалі на поле калгаснае, здымаем, як цёткі капусту садзяць. Сядзяць на баразне, што за трактарам, у павязках марлевых, і торкаюць у барозны расаду. Пыл шалёны, яны зверху нейкую плёнку нацягнулі, а пад ёй ён – як хмара чорная. Пытаемся, навошта плёнку нацягнулі? Адказваюць, што ад радыяцыі хаваюцца… А па ўскрайку поля «партызаны» ў хімабароне ходзяць з «гейгерамі», і пішчаць тыя «гейгеры» бязлітасна.

Пасялілі нас у будынку інтэрната ПТВ. Навучэнцаў эвакуявалі, а нас туды. Аглядаемся. Зайшлі ў «ленінскі пакой». Пустая шэрая зала, тры крэслы і тэлевізар уключаны. Сюр такі. У тэлевізары Гарбачоў. Кажа, што эвакуацыя адбылася паспяхова. А нам толькі заўтра тую эвакуацыю здымаць…

Дык вось, жылі ў тым інтэрнаце яшчэ дзяўчынкі з медычнай вучэльні. Яны ваеннаабавязаныя, маладзенькія зусім. Перад тым нас папярэдзілі, каб мы не чапалі іх. Мы спачатку падумалі, што яны «фаняць». Можа, і «фанілі», хто там разбіраўся. Такія гадоў васямнаццаць, амаль школьніцы. Мы зайшлі, ведаеш, а яны ў вайсковай бялізне ходзяць. Кальсоны там на завязках, кашулі белыя. У мяне першая асацыяцыя – з фільмам «А досвіткі тут ціхія»… Такая фізічная прысутнасць вайны… Аж дрыжыкі па скуры. Не ведаю, дзе яны былі, што рабілі…

Мы на вячэру расклаліся, толькі пляшку адкаркавалі, а там – віск, енк. Выглянулі, дзяўчына бегае, як ашалелая, крычыць, а тры таваркі ейныя яе злавіць спрабуюць, супакоіць. Такія справы…

Павячэралі, выйшаў я пакурыць перад сном, гляджу, сядзіць адна, прыгожая такая, валасы доўгія да плеч, слёзы цякуць і цякуць. Моўчкі. Я да яе падыходжу, стаў – куру побач. Яна маўчыць, а пасля пытаецца ў мяне:

– Дзядзечка, а мы памром?…

А мне самому дваццаць чатыры гады. Што адказаць? Як заклінавала, а пасля нешта пачаў казаць такое звычайнае, абы не маўчаць…

І захад сонца ў неймаверным колеры. Фарбы насычаныя, малінавыя. Я нават у Таджыкістане ў пустэльні, калі там здымалі, такога не бачыў.

Пытаюся:

– Як тваё імя?

– Лена, – адказвае.

– А мяне Алегам клічуць.

Пагаварылі трошкі. Аказваецца, яны салдацікаў і пажарных з зоны правяралі і апрацоўвалі. Нагледзеліся ўсякага. Вайну, словам, сапраўдную пабачылі. Ні псіхолага разам з імі, нікога. Толькі дзядзька заўгас.

Наступным ранкам нам з’язджаць ужо, і яны сваю хімабарону складаюць. Падышоў да яе і кажу:

– Лена, усё будзе добра. Чуеш.

Яна так, вачэй не падымаючы, хітнула галавой і пайшла… Тоненькая, валасы развяваюцца. Неяк так мне прыкра зрабілася, проста немагчыма. Нібыта мог дапамагчы нечым і не дапамог.

Але што ж, паехалі эвакуацыю здымаць. Слюнькоў прыехаў, партбос тагачасны. Вакол шапікі стаяць з каўбасой і гарэлкай. Танныя, за капейкі. Народ хто плача, хто маўчыць. Аўтобусаў калоны. Толькі камеру паставілі, падыходзіць гэбіст і кажа:

– Не трэба здымаць. Гэта не для прэсы.

А следам Слюнькоў да народа:

– Да не бойцеся вы, мне зуб вырывалі, рэнтген рабілі, дык там большая радыяцыя. Адпачнеце месяц і дадому вернецеся…

Так і не далі зняць.

Паехалі далей. Статак кароў з-пад Чарнобыля прыгналі ў эвакуацыю. Здымаем панараму, кропкай заключнай цялё гадавалае выбралі. Прымерыліся, вядзём панараму, а кропкі няма. Думалі, праскочылі, адарваліся ад аб’ектыва, глядзім – цялё ляжыць. Падыходзім бліжэй, а яно проста сканала, не дачакаўшы нашае кропкі. Ляжыць нежывое.

Настрой – горш няма. Трэба ж такое на заключны кадр. А ў галаве Лена, дзяўчына тая. Думаю, вось, на развітанне не тое сказаў. Не так. Не паверыла. Паводле Станіслаўскага ўсё.

Дарога, лес міма ляціць. Нарэшце пост дазіметрычны. Выйшаў маёр такі ў акулярах, з жывоцікам. Памераў. Кажа:

– Так, хапанулі вы, хлопцы. Машыну, ясна, спішуць, а вам дома вопратку, абутак зняць і закапаць на звалцы дзе.

– Што, і джынсы? – пытаюся. – Яны ж новыя.

– І джынсы, – кажа.

Аказалася, што доктар-радыёлаг. Адышліся пакурыць, я ў яго пытаюся – маўляў, што парадзіш, каб радыяцыя выходзіла?

А ён мне:

– Адзінае магу парадзіць у такім выпадку – кроў здаваць. Рэгулярна. Кожны месяц. Такім чынам арганізм абнаўляецца. – І цэлую лекцыю прачытаў, як там і што, пакуль курылі.

Селі ў машыну далей ехаць, і тут мяне як торкнула. Вось што трэба было ёй сказаць. Практычную параду, проста каб паверыла.

Мы не надта далёка ад’ехалі, сказаў хлопцам, што пашпарт забыў. Вадзілу паабяцаў пару пляшак гарэлкі і – назад у той інтэрнат. Прылятаем, а там няма ўжо нікога. Толькі заўгас іхні шоркаецца.

Я да яго, пытаюся:

– Можаш перадаць нататку дзяўчынцы адной вашай? Ленай клічуць. Такая з даўгімі каштанавымі валасамі.

Ён мне ў адказ:

– А як? Яны на ратацыю выправіліся. Давай, калі неяк сустрэну, не забуду і не згублю, то перадам.

Я напісаў па памяці ўсю тую лекцыю маёрскую. Аддаю яму і кажу:

– Сам пачытай таксама, калі хочаш. Толькі перадай, богам прашу.

Ён так зірнуў на мяне ўважліва, узяў паперу, склаў акуратна і ў кішэню.

Рушылі да Мінска – аж, здаецца, камень з душы… Зрабіў усё, што мог.

Дзякуй таму маёру-радыёлагу. Сярога ўпарціўся трохі, але я яго пераканаў. Так мы тры гады кроў здавалі кожны месяц. І на кроў, і на плазму, пакуль я на Боткіна не захварэў. Можа, ад таго і жывыя абодва дагэтуль. Адно я зрабіў не па доктарскай парадзе – джынсаў не выкінуў. Але хто ж у тыя часы мог джынсы новыя выкінуць. Нават радыеактыўныя.

А цяпер пра сон, нарэшце. Прыснілася сёння мне тая дзяўчынка Лена. Ідзе, валасы развяваюцца, усміхаецца і кажа мне:

– Трэба ж, столькі гадоў прайшло, але па сёння цябе памятаю…

28 красавіка 2016 г.

 

Хмара

Сонца жарыла як у апошні дзень. Стаяла такая задуха, што без вады было не абысціся. Мы сабраліся і душэўнай кампаніяй паехалі на Цну. Я, Віця, Кася, Сева і Гена. Па шляху здарыўся піўбар «Фрэгат», пасля зайшлі ў краму і павольна пасунуліся, шукаючы зручнага месца для прыпынку на беразе вадасховішча.

Халера, але нехта ж прыдумаў піць гарэлку ў спёку. Пілі і мы. Адзін, два, тры разы – і накаціла шалёная эйфарыя. Так бывае. Як той казаў, паперла.

Перла люта і неміласэрна. Калі шчыра – дурны стан. Разумееш, што варта было б тармазнуць, але не выходзіць, віхор ужо закруціў цябе.

– Ты цішэй у ваду скачы, – заўважыў Віця, самы асцярожны сярод нас. – Вада халодная, сэрца гарачае, можа здарыцца канфлікт тэмператур.

– Я канфліктаў не баюся, я вазьму і ўтаплюся, – па-дурному рагатаў я і зноў кідаўся ў ваду.

Сонца паднялося і паліла яшчэ зласней.

– Кася, паглядзі, ты плечы спаліла, – паказаў Гена на пачырванелую скуру Касі. Далей высветлілася, што няма чым намазаць спаленыя Касіны плечы, што Гена згубіў акуляры, а Віця знік.

Калі акуляры знайшліся, а Віця прыйшоў з лекамі ад апёкаў, пачалі будзіць заснулага Севу. Пабудзілі, і ўсё працягнулася наноў. Аж пакуль раптам не заўважылі гэтую хмару. Адкуль яе прынесла, ніхто толкам не мог растлумачыць. Хмара была вялізнай і чорнай, яна марудна і непазбежна сунулася, як нам здавалася, на нас. Напаўзала, як жахлівы і злавесны монстр. Неадступна і бязлітасна.

Мы стаялі і нейкі час зачаравана глядзелі на яе, настолькі вялікім і жахлівым быў яе магнетызм. Яна ўсё прыбывала і прыбывала, рабілася чарнейшай, закрыўшы сабой і пякучае сонца, і ўжо палову неба.

Мне стала страшна, страшна па-сапраўднаму. Не як ад нейкай звыклай пабытовай сітуацыі, але страшна глыбока, калі страх замяшаны на невыноснай тузе, калі ты ведаеш, што ты драбінка і нічога змяніць ужо не ў стане.

– Апакаліпсіс, – прашаптаў я, гледзячы, як клубяцца сотні чорных ценяў унутры хмары. Пэўна, нешта падобнае адчувалі і мае сябры.

– Усё, збіраем манаткі! – скамандавала Кася. Мы хуценька згарнуліся і пасунуліся да прыпынку. Хмель выветрываўся па меры набліжэння хмары. Яна даганяла нас, даганяла бясшумна, як хіжы звер. Ніводнае маланкі, ніводнага грому, ніводнае кроплі. Але ад гэтага рабілася толькі больш жудасна.

Вакол подбегам снавалі людзі, раз-пораз азіраючыся на неба. Калі мы пачалі падымацца ўгару, на прыпынак да «Фрэгата», насыпала першых буйных кропляў. Перад самым носам сышоў цалкам набіты тралейбус, але нам пашчасціла, бо да пляцоўкі заруліў выпадковы таксёр.

Рушылі з месца і нейкі час ехалі моўчкі.

«Уцяклі», – падумалася мне. Я яшчэ раз азірнуўся на хмару. Зрабілася цемнавата, і таксёр уключыў фары. Усё ж трывога не адпускала, нейкая стрэмка сядзела ў галаве і не давала супакоіцца канчаткова. Але хмара адстала, і хмель пачаў вяртацца.

Віця, Кася і Гена выгружаліся ўжо з жартамі, быццам бы ўсё супакоілася, але па дарозе дадому на бульвар ламанула такая залева, што таксі спынілася.

– Галоўнае, паспець прамінуць Бангалор – самае нізкае месца. Там заўжды патоп, – заўважыў таксёр. Мы паспелі.

– Ты далей ці да мяне? – спытаў я ў Севы.

– Дамоў, – ледзь прамармытаў Сева, але, паглядзеўшы мутнымі вачыма на залеву і шэрасць, што панавала вакол, перадумаў.

За акном, не сціхаючы, лупіў дождж, і трывога ўсярэдзіне зноў пачала падымацца пад горла. Я затэлефанаваў маці і спытаў, ці дома брат, што меўся выправіцца ў кінатэатр «Масква». Брат быў дома. Неўзабаве залева скончылася, і мяне адпусціла канчаткова.

Сева хроп на кушэтцы. Я ўключыў расійскую «Свабоду», чакаючы «Экслібрыс» Пятра Вайля і, не дачакаўшы, таксама заснуў.

Было гадзіны тры ночы, калі, змучаны смагай, я прахапіўся і пайшоў па ваду. З радыё загучалі пазыўныя свабодаўскіх навін, а праз імгненне я так і застыў з кубкам у руцэ. Да свядомасці даляталі асобныя словы, якія складаліся ў жахлівую навіну: Мінск, метро «Няміга», канцэрт, залева, шматлікія ахвяры…

– Сева, чуеш?! На Нямізе людзі патанулі! – падышоўшы да кушэткі, трос я прыяцеля. Чамусьці адразу мне здалося, што менавіта патанулі.

Сева не прачынаўся. Я павярнуўся да начнога вакна, і перад вачыма зноў паўстала тая хмара. Як яна паўзла над Цной, як мяняла свае формы й колеры, ад ліловага да чорнага, ад чорнага да ліловага…

– Колькасьць ахвяраў дасягнула 53-х, – чарговы раз ужо ранкам паведаміла «Свабода»…

– Ты чуў пра Нямігу? – спытаў у мяне Сева.

– З трох гадзін ночы па «Свабодзе» першай навіной, – адказаў я.

– Не па нас тая хмара ішла, – павольна прагаварыў ён праз паўзу, задуменна дапальваючы цыгарэту.

«На Нямізе галовы сцелюць снапамі,

Харалужнымі малоцяць цапамі,

жыццё кладуць на таку злюцела,

веюць душу ад цела.

Нямігі крывавыя берагі…», – пра сябе згадаў я калісьці завучанае, уголас дадаўшы:

– Мы на Цне апынуліся, але не на Нямізе…

Каля ўваходу на станцыю метро «Няміга» стаяў міліцэйскі патруль. Людзі неслі кветкі. Побач туліліся купкі моладзі, шмат у каго з юнакоў цяклі слёзы. Нехта нешта распавядаў. Але найбольш мяне ўразілі далоні на столі пераходу, то бок сляды ад іх. Я паспрабаваў уявіць тую жудасную карціну, калі гэтыя чалавечыя далоні спрабавалі ўхапіцца за столь, каб выжыць…
І міжволі засланіў далонямі свае вочы.

Гэтыя «далоні на столі» я бачу кожнага разу, калі спускаюся ў метро «Няміга», яны нікуды не зніклі, няхай сляды ад іх шматкроць зачысцілі і зафарбавалі. І тады я згадваю тую страшную чорную хмару, якая з’явілася з ніадкуль над Цною, але сабрала сваё жніво на Нямізе. Ніхто не ведае, калі яна прыйдзе зноў і па каго.

9 чэрвеня 2016 г.

 

 

comments powered by HyperComments