Сяргей Дубавец (№96)

Д’ябал запрэжаны ў плуг

Містычны трылер з жыцця пражскіх големаў. (Фрагмент)

На Радыё Салярыс гаварылі заўсёды й паўсюль, не толькі ў мікрафон. Гаварылі многа, маштабна, заўзята, пераважна пра палітыку, але і пра ўсё на свеце таксама. Гаварылі на тэрасе, ідучы, на працоўным месцы і, само сабой, у сталоўцы. А паколькі новых уражанняў на касмічнай станцыі бывае няшмат, часта гаварылі пра тое, пра што ўжо было гаворана, і так, як было гаворана. Лагічныя довады, ракурсы, показкі прамаўляліся, забываліся і прамаўляліся зноў, прычым калі мінулы раз суразмоўца А. нешта даводзіў суразмоўцу Б., дык у новай сітуацыі тымі самымі аргументамі суразмоўца Б. тое самае даводзіў суразмоўцу А. І гэта было натуральна, як самое жыццё, у якім усё цыклічнае, усё паўтараецца і, па вялікім рахунку, ад гэтага не становіцца больш зразумелым.

Вялізную ў белых танах сталоўку на першым паверсе Радыё Салярыс называлі рэстаранам. Ці таму, што гэта была пражская традыцыя – падвышаць статус харчовае ўстановы, ці таму, што тут працавалі афіцыянткі. Дзве дзяўчыны і цяпер мітусіліся між сталамі, беручы замовы і разносячы стравы кліентам. Хоць, па вялікім рахунку, у гэтым не было патрэбы – кожную страву наведнік мог накласці або наліць сабе і сам.

Шэф-поварам у сталоўцы быў афганец і для карэнных насельнікаў тутэйшых шыротаў гатаваў нясмачна. Чорная ялавічына, незразумелыя спецыі, якімі так лёгка было сапсаваць кураціну, усялякія задубянелыя гарохі… Аднойчы расейская служба запатрабавала іншага рэстаратара. Аднак, заявіла дырэкцыя, трэба выбіраць паміж смачнай кухняй і танным меню. Іранцы, а іх было больш за ўсіх, прагаласавалі за таннасць, пагатоў і кухня ім смакавала.

– Мы тут жывем толькі ўспамінамі, – сказаў Навумчык. Людзі з беларускай службы Радыё ўжо сабраліся за адным сталом. Праўда, дырэктара не было. Тым часам Навумчык працягваў: – Моладзь катэгарычная да нас, «дыназаўраў». У прынцыпе, гэта правільна, мы самі такія былі. Вось я толькі прачытаў у фэйсбуку: «І які плён вашых масавых акцый?» Гэта пра 1990-я гады. А плён такі: незалежнасць краіны, па-першае. Па-другое, калі на шэсце выйшла 50 тысяч, мы сарвалі аншлюс! Ельцыну не патрэбная была другая Чачня, а Захад пабачыў, што далёка не ўсе беларусы згодныя аб’яднацца з Рашай. У 1999 годзе я спыніў членства ў Сойме БНФ і да наступных акцыяў не меў ніякага дачынення, таму пра іх памаўчу.

Імбрыка, які апынуўся ў асяродку зорак свайго маленства, не пакідала вострае адчуванне, што з яго пакепліваюць. Ды так тонка, ветліва і крыху іранічна, што ён перажываў ад гэтага эйфарыю нефармальнага дачынення з сапраўднымі акторамі. Усіх гэтых людзей ён імгненна пазнаваў па галасах, але гаварылі яны зусім не тое, што, як ён сабе ўяўляў, гэтымі галасамі мусіла прамаўляцца.

– Як мне нясмачна, – паўтараў Абламейка, кладучы ў рот чарговы кавалак валакністага чорнага мяса і жуючы з непадробнай крывой грымасай. Знакаміты сваёй пераборлівасцю, Абламейка быў схільны да крытыкі і абструкцыі непазбежных абставінаў.

Важная рыса аб’ядноўвала ўсіх гэтых людзей за сталом, – усе яны былі зоркамі першай велічыні ў розных сферах жыцця па-за Радыё. І калі б заўтра Салярыс закрылі, яны проста перасталі б быць журналістамі, а засталіся б: Навумчык – палітыкам, Абламейка – гісторыкам, а Шупа – перакладчыкам замежнай літаратуры, які ведае 80 моваў.

Навумчыка, як і Абламейку, і Шупу, а калі шчыра, дык і Есіпа, звалі Сяргеямі. Калісьці дырэктар беларускай службы Радыё Салярыс нават выказаў дапушчэнне, што Сяргей – самае беларускае імя. Маўляў, у вайну, калі немцы бралі ў аблогу беларускі партызанскі атрад, яны мусілі б крычаць: «Сяргей, здавайся!» Паводле той самай аналогіі, як усе немцы для нас з дзяцінства былі Фрыцамі, а ўсе расейцы Іванамі.

Усе Сяргеі нечым падобныя. У Іменніку Дубаўца гэтае падабенства тлумачыцца наступным чынам:

«СЯРГЕЙ – змагаецца з дэманамі ўнутры самога сябе. І апантаны, і экзарцысты ў адной асобе. Што зробіш, Сяргей больш за іншых адкрыты для спакусаў. Ён на кожным кроку спакушаецца, пры тым робіць гэта цалкам усвядомлена, але востра перажывае сваю грахоўнасць, у чым, уласна, і заключаецца ягоны “экзарцызм” (гэта ён сам так лічыць). Супярэчнасць закладзеная ў самім імені з дзвюх частак, якія па-сутнасці абазначаюць працэс і дзеянне, скіраваныя ў супрацьлеглыя бакі».

Не сказаць, каб усё тут моцна не падабалася Імбрыку, было весела, ён чуў шмат яму невядомага і карыснага, згадвалі начальства. Але ўсе гэтыя людзі былі зусім не такія, якімі ён іх завочна ведаў і рыхтаваўся тут пабачыць. І трэба было не настройваць сябе супраць іх за гэткую інакшасць, а думаць, як уліцца ў іхні калектыў.

«Такі лад жыцця робіць іх такімі, а не іншымі», – думаў ён. А лад жыцця яму падабаўся.

– Нічога, – ухвальна паглядзеў на яго крыху маладзейшы за астатніх Прыдуманы, быццам прачытаў ягоныя думкі. – Усё наладзіцца.

– Я 20 гадоў у эміграцыі, – казаў Навумчык, – гэта вымушаная эміграцыя, вы-му-ша-ная. Бо на радзіме мяне зараз жа арыштуюць ці, можа быць, нават заб’юць.

– Як мне нясмачна, – паўтарыў Абламейка.

«Але ж і сапраўды кумедзь, – думаў сабе Імбрык. – Дзіўнае пачуццё выклікае змагар, які асцерагаецца пераследу, арышту, смерці. Хіба ты не ведаў, куды і на што ідзеш, які абіраеш шлях? На вайне як на вайне. Можа, пра гэта проста не варта казаць – што цябе арыштуюць і заб’юць, а прыдумаць нейкую іншую “адмазку”? Напрыклад, што тут ад цябе сёння болей карысці, чым на радзіме, бо на радзіме сітуацыя яшчэ не даспела для твайго з’яўлення і ты даспельваеш яе адсюль? (Ён адчуў, што падбірае аргументы ўжо зусім не для Навумчыка, а для сябе самога.) Бо пра арышт і смерць гучыць для змагара не вельмі пераканаўча. Зрэшты, і эміграцыя – гэта ж таксама свайго роду подзвіг, па-свойму змагарны чын, бо напэўна ж не лёгка трываць дваццаць гадоў удалечыні ад Радзімы і пры гэтым захоўваць вернасць ёй… Выглядае, што гэта той выбар, які зрабіў і я».

Усе задумаліся, быццам і на гэты раз пачулі ягоныя развагі. Як так адбываецца? Можа быць, усе гэтыя людзі за столькі гадоў разам на гэтай закрытай касмічнай тэрыторыі навучыліся чытаць думкі адно аднога? Бо калі паўтараюцца словы, значыць, паўтараюцца і думкі. Думкі перастаюць быць таямніцай ад таго, што яны не прамоўленыя, бо і так усё зразумела, кожны адказ, кожная рэфлексія. Усё ж паўтараецца! І калі новы чалавек трапляе ў гэтае кола, дзе закрытасці думак як такой папросту няма і не можа быць, ён стаіць перад імі, нічым не абаронены, бо тут такой абароны не існуе…

Есіп нахіліўся да Імбрыка і прашаптаў яму на вуха:

– Зараз афіцыянтка прынясе табе замову. Чэшкі таксама бываюць прывабныя. Асабліва ўсмешлівыя. Я адкрыю табе іхнюю таямніцу. Паводле прафесіі яны цырульніцы, скончылі хабзу недзе ў правінцыі. А працаваць уладкаваліся сюды. І ў профілі ў фэйсбуку пішуць месца працы – амерыканскае Радыё Салярыс. Можна што заўгодна сабе падумаць, праўда? Уяўляеш, як сакурсніцы здзіўляюцца, падабайкаюць і зайздросцяць ім…

Імбрык замовіў сабе запечаную ў фользе курапатку, і цяпер ягоныя думкі пераключыліся на гэтае маленькае цельца на вялікай талерцы, якое невядома было як есці. Дакладней, вядома, і ён ува ўсю арудаваў пальцамі, але нешта моцна замінала яму і нічога не атрымлівалася. Ён такога ніколі не еў. Быццам як звычайная кура, але ў пяць разоў меншая, і ўсё ў яе такое маленькае, што… Імгненна прапаў апетыт. Імбрык выцер пальцы і зрабіў выгляд, што не спяшаецца са страваю, узяў у рукі гладкую шклянку халоднага таматнага соку.

– А так прасцей, у эміграцыі, – сказаў Есіп. – Наша жыццё шчаслівае, калі яно далёкае. Мы жывем тут, а ўсімі думкамі жывем там, на Ра­дзіме, удалечыні. Гэта як далёкі гром, перастук колаў далёкага цягніка, праніклівае фартэпіяна за сцяной, брэх далёкага сабакі, святло далёкае зоркі… Тое, што моцна прыцягвае, кранае душу, натхняе… Калі мая дачка чытае ўголас Гарэцкага, мы разам пачынаем плакаць, бо ўсё робіцца невыносна блізкім. Блізкае цяжка перажываць. «Нічога не змянілася за сто гадоў для нас і нашых жаданняў», – кажа дачка. І гэта праўда. Далёкі Гарэцкі ўспрымаецца ледзьве не як шчасце. Як суперзорка, рэальна вялікі пісьменнік. Разумееш? – паглядзеў ён раптам на Імбрыка і казаў далей, – а блізкі, калі пачынаеш яго чытаць, ён блізкі, як аглушальны грукат цягніка, быццам ён едзе вось тут, проста ў цябе па галаве, ці як блізкі зацяты брэх ваўкадава, што кідаецца на цябе і хоча расправіцца з табой. Блізкая зорка асляпляе і спапяляе… А жыццё ў эміграцыі – далёкае, калі не браць яго блізка да сэрца.

– Як мне нясмачна…

– Тут у Чэхіі, – працягваў Есіп, – я аднойчы апынуўся ў лесе. Мы заехалі кудысьці ў грыбы. За дарогай я не сачыў, бо без толку, усё адно не запомню. Заехалі і заехалі. Ведаеце, як страшна бывае, калі на цябе з брэхам кідаецца вялікі сабака. Рэальна страшна. А тут мы прыехалі, выйшлі з машыны, і якраз побач на самотнай сядзібе каля лесу забрахаў сабака. Міралюбна забрахаў, не злосна і не страшна, бо за плотам. Мы разышліся ў грыбы, страцілі адно аднога з віду. І пакуль я мітусліва бегаў ад баравічка да баравічка, а лес тут не такі, як у нас, а бураломны і бугрысты, ногі паломіш, раптам зразумеў, што я застаўся зусім адзін. У невядомай краіне, у невядома якім баку, у невядомым лесе. І не брэша сабака, мой адзіны арыенцір. Зрабілася вусцішна. Я паспрабаваў гукнуць сваіх таварышаў. Цішыня. Напэўна, зайшоў я невядома куды і занадта далёка. Моцна крычаць не выпадала. Па-першае, сорамна вось так даросламу дзядзьку згубіцца, па-другое, у чужым лесе адчуваеш сябе, як у чужым доме… Што рабіць? Сонца няма, бакі свету ніяк не зафіксаваныя. Тэлефон не ловіць сетку. Ну і дожджык яшчэ пайшоў да ўсяго. І хутка збіраецца цямнець. Літаральна куды б я ні рушыў, шанцаў патрапіць да машыны адзін з тысячы, усё астатняе – у нікуды. Таму я стаяў на месцы. І мяне ахапіла паніка. Я абрабіўся горш, чым калі б на мяне наскочыў сваімі зубішчамі той ваўкадаў. Ну, рэальна страшная невядомасць. Чэшская глухамань – я зразумеў, што і такое бывае. Дождж, холадна, а я нібы на самым краі прорвы, якой не відаць, каб у яе не ступіць…

Есіп зрабіў эфектную паўзу, каб усе перажылі гэты момант.

– Працягвалася тое не надта каб доўга. Хвілінаў дзесяць. Але мутарна так і невыносна, што проста лягай ды памры… І тут бац! – забрахаў той далёкі сабака. Гэта было выратаванне. Я кінуўся на брэх і даволі хутка выйшаў да машыны. Так я навучыўся цаніць далёкае.

– Лёгкія-лёгкія нашы далёкія, цяжкія-цяжкія блізкія нашыя, – спрабаваў упісацца ў гутарку Імбрык. Ён такі асіліў няшчасную курапатку, хоць непрыемны прысмак застаўся, прычым не ў роце, а дзесьці ў мазгах.

– Як мне нясмачна…

Усе абеднікі завяршылі трапезу, і грамада паводле завядзёнкі рушыла да ліфта, каб падняцца ў верхні буфет і там перайсці да кавы з дэсертам, ну і даказаць недаказанае.

– Што такое нясмачна… Нясмачна бывае па-рознаму, – уздыхнуў Прыдуманы. – Слухайце, як было і што я запомніў на ўсё жыццё. Гэта было ў паўднёвым В’етнаме пад горадам Фантх’етам. Мы з жонкай жылі на беразе мора ў мясцовасці Кога. Ну і час ад часу дзеля разнастайнасці ездзілі на другі бок Фантх’ета ў рэсортную вёску Муйнэ, дзе была цэлая вуліца крамаў і рэстаранаў. І вось у адным рэстаране я спакусіўся замовіць сабе чарапахавы суп. Такая легендарная на маё ўяўленне страва. Праўда, і дарагушчая, зараза. Але гэта ж раз у жыцці! І пакуль мне гатавалі той суп, раптам узгадалася, што ў маленстве я меў сваю чарапашку. Смяр­дзючку такую, шмат за ёй трэба было прыбіраць. Але запомнілася не столь­кі гэта, колькі дзіцячая эмоцыя шкадавання, амаль спачування. Проста сэрца сціскалася, гледзячы на яе, ад гэткай прыроднай несправядлівасці. Ну чаму яна створаная такой нязграбнай. Ні павярнуцца толкам, ні пабегчы. Перавернеш на спіну, а яна так мучаецца, каб перакуліцца назад. І гэта ж не ад хваробы ці калецтва, яна такой задуманая. А найбольшае шкадаванне выклікалі гэтыя пярэднія лапкі, загнутыя ў розныя бакі. Яна соўгае імі, хоча рухацца, а нічога не адбываецца і ўсе яе памкненні дарэмныя… Я сядзеў у тым рэстаране, і такая маркота мяне ахапіла, што замовіў гэты чортаў чарапахавы суп. А тут яшчэ жонка іранічна так на мяне паглядзела: «Ты сапраўды будзеш есці Тарцілу?» Эх… Ну вось, нясе афіцыянт маю замову. Ледзьве не пад фанфары, бо ўвесь рэстаран пазірае на нас, на мяне. Вялікая глыбокая міска, поўная ўсяго на свеце. Апошняя надзея – што чарапахавы там толькі булён. Калі афіцыянт паставіў перада мной суп, мне хацелася праваліцца пад зямлю. Вядома, там плавалі нейкія авакады і розныя травы і іншая раслінная прыгажосць. А з усяго гэтага вытыркалася тая крывая лапка…

– Вы не сталі есці? – збаяўся не пачуць працягу Імбрык. Насамрэч ён краў у Прыдуманага эфектную паўзу. Сам таго не хочучы.

– Цераз не магу я раз ці два сербануў кісла-салёнай вадзічкі з краю і адсунуў місу, – працягваў Прыдуманы. – Ну не змог. Дагэтуль не падбяру слова гэтаму пачуццю. Увесь рэстаран глядзеў на мяне са здзіўленнем. Афіцыянты таксама. Але здзіўленне афіцыянтаў было радасным. Я вачыма паказаў, што міску можна забіраць. І калі пазней ішоў у прыбіральню, акурат міма кухні, бачыў, як тры афіцыянты, нібы груганы, наляцелі на маю Тарцілу, разрываючы яе на кавалкі. Так я зразумеў, што чарапахавы суп сапраўды смачны, калі на яго гэтак зацята кідаюцца. Толькі для мяне ён выйшаў канфузам. І тая крывая лапка ўсё яшчэ стаіць у мяне ўваччу.

– Сумная гісторыя, – уздыхнуў Данчык, які далучыўся да іх ужо на тэрасе. Ён рэдка калі расказваў свае гісторыі і ўвогуле гаварыў мала. Легендарны Данчык рэдка пісаў артыкулы і рэдка калі браў у рукі гітару. Чаму? Імбрыка гэта востра цікавіла, і ён пастанавіў неяк разгаварыць вядомага спевака і куміра свайго дзяцінства.

Грамада з каваю і пірожнымі расселася на тэрасе.

– А вы ведаеце, што шмат дзе ў свеце чарапахавы суп забаронены? – спытаў Навумчык. – Не ў В’етнаме, канечне. Там можна ўсё. Проста чарапаха – рэліктавы від, на мяжы знікнення, яна сапраўды не паспявае за прагрэсам. Адстае. І есці яе – гэта як адшукаць жывога дыназаўра, забіць яго і зварыць з ягоных вушэй суп. – Навумчык на Радыё Салярыс быў галоўным аматарам вэнджаных свіных вушэй, якія яму пры нагодзе прывозілі з Літвы. Але пра гэта Імбрыку яшчэ трэба будзе даведацца пазней.

– Я чытаў, што шмат чарапах развялося ў нас у Чарнобыльскай зоне, – сказаў Імбрык. – Адзін фатограф распавядаў, што ў закінутай вёсцы пачуў грохат посуду з абрынутай хаты. Зайшоў, а там чарапаха вылазіць з рандэлі…

– Бачыш, не ўсё так проста, – рэзюмаваў Шупа. – Чарапаха сама імкнецца стаць супам.

Сяргеі пачалі наперабой расказваць пра свае самыя смачныя супы ў розных месцах Еўропы. І тут на тэрасу ўвайшлі «салярныя» дзяўчаты – Ціхановіч, Радкевіч і Ганна Соўсь. Такія ж светлыя, як іх галасы ў радыё, што Імбрык чуў з пялёнак. Ды яны ўсе яму як мамы. Здаецца, зараз пачнецца шчасце.

«Што такое шчасце?»

(Цалкам аповесць Сяргея Дубаўца чытайце ў папяровай версіі часопіса).

 


Апублікавана

у