…Мова валодае незвычайнай жывучасцю…
І я ўпэўнены – беларуская мова
ніколі не знікне…

— Ігар Шклярэўскі

ЭДЭНСКІ САД: СТВАРЭННЕ ЧАЛАВЕКА

Кніга Роду 2:4б–25

 

Папярэднія заўвагі

Ягвісцкая традыцыя і Божае імя

Пасля аповеду пра велічную і ўрачыстую боскую дзею па стварэнні свету ў Кнізе Роду 1, Святарны аўтар, які толькі што падрыхтаваў касмалагічнае прачытанне і разуменне наступных гісторый, саступае месца іншаму апавядальніку, дазваляючы сабе зрэдзьчасу каментаваць або парадкаваць старадаўні матэрыял ды лучыць адрозныя эпізоды цыкламі радаводаў.

Гэты старадаўні матэрыял належыць да гэтак званай Ягвісцкай традыцыі. Навукоўцы, якія імкнуліся неяк класіфікаваць шматлікія тэкстуальныя пласты Пяцікніжжа, назвалі так самую вялікую па колькасці тэкстаў групу старажытных аповедаў, у якіх Бог завецца іменем, вядомым ад самых ранніх часоў фармавання ізраільскага народа – Ягвэ. Гэтае імя пішацца чатырма гебрайскімі літарамі (йод-гэ-ваў-гэ): יהוה, JHWH. У постбіблійны перыяд, каб пазбегнуць згадак Божага імені намарна, яго пачалі называць грэцкім тэрмінам Тэтраграматон (Τετραγράμματον, Tetragrammaton, што значыць “чатырохлітарнае”).

Падчас і пасля Бабілонскага палону Божае імя сакралізавалі настолькі, што на яго прамаўленне наклалі табу, і ўсе, хто чытаў пісанні ўголас, замянялі яго на Адонай (adonai) – “мой Госпад” (насамрэч, “мае Госпады”, бо гэта форма множнага ліку ад адон (adon) з суфіксам першай асобы адзіночнага ліку, аднак ужываецца яна з дзеясловамі адзіночнага ліку). Разам з сакралізацыяй імені Ягвэ з’явілася багаслоўская канцэпцыя паступовага адкрыцця Боскага імені народа, што адбілася на тэкстах Святарнай традыцыі, дзе яно ўжываецца з максімальнай ашчаднасцю, ды й наогул па магчымасці зусім не згадваецца.

Але ў Ягвісцкай традыцыі ды іншых старажытных тэкстах імя Ягвэ гучыць лёгка і натуральна, як дыханне. Па вялікім рахунку, Бог Ягвэ ёсць цэнтральнай постаццю, галоўным дзейнікам усяго Старога Запавету, і шматлікія аўтары з любоўю і асалодаю прамаўляюць ягонае імя. Гэтае імя сустракаецца ў Гебрайскай Бібліі не менш за 6220 разоў! На вялікі жаль, чытач біблійных перакладаў цалкам пазбаўлены магчымасці дакрануцца да гэтага цудоўнага феномену. У Сэптуагінце – грэцкім перакладзе Бібліі, зробленым гебрайскімі вучонымі ў 3–1 стагоддзях да н.э., з прычыны тае самае сакралізацыі імя Ягвэ паслядоўна замянілі на грэцкае слова Kύριος (Kyrios, кірыёс), што значыць “Госпад”. Практычна ўсе хрысціянскія пераклады пайшлі за Сэптуагінтай і спрэс на месцы імені Ягвэ ставілі свой адпаведнік грэцкаму Kύριος: Dominus, Lord, Señor, Seigneur, Signore, Herr, Heer, Pan, Hospod, Господь, Господар і г.д. І як бы нам ні хацелася аднавіць у новым беларускім перакладзе гэткую вышэйшую справядлівасць, мы не рызыкнулі ісці супраць двухтысячагадовае традыцыі і паслядоўна замянілі (бо тут нельга сказаць пераклалі) Божае імя Ягвэ на слова Госпад, гэтак сама, як і перадалі Святарнага Элогіма канвенцыйным словам Бог.

Каб спалучыць Бога Ягвэ з Ягвісцкіх сюжэтаў з Богам Элогімам са Святарнага аповеду ў Кн. Роду 1 і каб не пакідаць сумневу ў тым, што гэта адзін і той самы Бог-творца свету, Святарны рэдактар спалучыў абодва імені ў тэксце, які ідзе адразу за гісторыяй пра Элогіма і адначасова распачынае гісторыі пра Ягвэ – у гісторыі пра Эдэнскі сад у Кнізе Роду 2–3. І такім чынам, боскі дзейнік гэтае – і толькі гэтае! – гісторыі завецца Ягвэ Элогім, што, адпаведна, у перакладах гучыць як Госпад Бог.

Сюжэты, сабраныя Ягвісцкім аўтарам у адзін аповед у Пяцікніжжы, першапачаткова не былі звязанымі міжсобку. Запісаныя недзе ў сярэдзіне першага тысячагоддзя да н.э., яны прайшлі не менш як тысячагадовую папярэднюю абкатку ў вусным хаджэнні і сталіся падмуркам для Ягвісцкага багаслоўя і канцэптуальнага пагляду на свет.

Ягвісцкія гісторыі складаюць сюжэтную аснову Кнігі Роду, хаця пры апошнім кампанаванні яны аказаліся пераплеценымі з пазнейшымі тэкстамі Святарнай школы.

 

Пераход ад боскіх да чалавечых касмалагічных дзейнікаў

Пасля стварэння гарманічнага і дасканалага сусвету (Роду 1), касмічны фокус перамяшчаецца на зямлю, на свет і чыны людзей. Дзесяць раздзелаў Пракаветнае Гісторыі (Роду 2–11), што стаяць адразу за Кн. Роду 1, аб’яднаныя адзінаю рысаю, унікальнаю для касмагоній Старажытнага Блізкага Усходу: у цэнтры падзеяў нава­створанага свету апынаецца чалавек. І менавіта ад чалавечых характараў, патрэбаў, матывацыяў ды выбараў залежыць далейшае развіццё стварэння. Ягвісцкія тэксты захоўваюць адчуванне маштабу касмічнае ўніверсальнасці падзеяў чалавечага свету. Уладары й апекуны навастворанае рэчаіснасці, людзі, нясуць адбітак вобразу Божага ў самой сваёй прыродзе; і гэта праз іхнія выбары фармуюцца, развіваюцца ды лучацца мірыядамі тонкіх сувязей сусветныя ўзаемадачыненні жыцця і смерці, чалавека і зямлі, мужчыны і жанчыны, пашырэння і паглыблення, космасу і хаосу.

Ягвісцкія гісторыі яркія і запамінальныя, вобразныя і жывыя, яны будзяць фантазію і хвалююць розум. У Кнізе Роду яны ўтвараюць два няроўныя па аб’ёме літаратурныя цыклы – меншы, які распавядае пра Пракаветную гісторыю свету (Роду 2–11), і большы, пра прыватныя гісторыі патрыярхаў Абрагама, Ісака, Якуба і Язэпа (Роду 12–50). Раздзелы 2–11 утрымліваюць найбольш вядомыя і адаптаваныя заходняй культураю сюжэты: пра Эдэнскі сад, пра братазабойца Каіна, пра сувязь сыноў божых і дачок чалавечых, пра вялікую паводку і пра недабудаваную вежу ды змяшэнне моваў. Увесь гэты цыкл аповедаў утварае (ці імкнецца ўтварыць) адну цэльную гісторыю з адзіным сюжэтам. Гэты сюжэт разгортваецца ў паслядоўнасці стварэнне–развіццё–павелічэнне негатыву–паводка–перастварэнне, вядомай у іншых традыцыях Старажытнага Блізкага Усходу.

 

Канцэптуальныя асаблівасці гісторыі Саду

У сюжэце пра стварэнне, прадстаўленым у Кн. Роду 2–3, чалавечыя істоты набываюць рэальныя характары, індывідуалізуюцца, робяцца асобамі, свабоднымі суб’ектамі, змешчанымі ў цэнтры створанага свету – у Садзе. Гэты сюжэт утварае цалкам новую карціну сусветнага ўладкавання. Калі Святарная гісторыя стварэння ў Кн. Роду 1 высвечвае дасканала структураваную складанасць космасу і гармонію паміж усімі яго элементамі, звяртаючы ўвагу на іх класіфікацыю і дэталёвае апісанне (гэта можна назваць “аналітычным” падыходам да касмалогіі), сюжэт у Кн. Роду 2–3 сціскае ўвесь космас у абмежаваную прастору саду і аддае ўсю яго будучыню на волю выбараў і дзеянняў чалавечае пары (“сінтэтычны” падыход).

Гэты сюжэт, відаць, самы любімы ў заходняй культуры, але, парадаксальна, і самы невядомы. Культура прыдумала сабе сваю гісторыю, не асабліва клапоцячыся яе адпаведнасцю біблейскаму прататыпу. Кожны памятае гісторыю пра Еву, якую Бог стварыў з Адамавай рабрыны і якая спакусіла Адама яблыкам. Незлічоная колькасць літаратурных ды філасофскіх тэкстаў, безліч твораў выяўленчага мастацтва ды інтэлектуальных пераасэнсаванняў. Вунь нават кадык завуць адамавым яблыкам, і лішнюю рабрыну завуць адамавай, і раслінка з назваю адамава рабрына ёсць. Аднак у біблейскім тэксце няма ані Евы, ані Адама, няма ні рабрыны, ні яблыка…

Дык што ж тады там ёсць?

А ёсць там найперш Бог на імя Ягвэ Элогім, які стварае свет і чалавека ў ім ды пільна сочыць, як чалавек асвойтваецца ў сваім свеце, як уладкоўвае яго пад сябе, якія выбары робіць. І калі чалавек знаходзіць нейкую раўнавагу – перакульвае ягонае жыццё дагары нагамі, змушаючы чалавека пераасэнсоўваць сябе і свет ды шукаць новае раўнавагі. Матывацыі Бога заўсёды не адназначныя, не лінейныя, ягоныя словы поўныя стоеных сэнсаў. І гэта нязменна стварае дадатковую – а можа і асноўную – напругу ўнутры аповеду.

Ёсць там і чалавек, па-гебрайску haadam, га-адам, універсальная чалавечая істота па-за гендэрнай ідэнтычнасцю і без асабовага імені. Пэўны артыкль га не пакідае ў гэтым сумневу. (Першачалавек упершыню набывае імя толькі ў Кн. Роду 4:25, дзе Адам ужываецца без артыкля). Чалавек га-адам створаны з haadamah, га-адама – з зямлі, з якою назаўсёды злучаецца ягоны лёс. А таксама і з лёсамі іншых жывых істот, бо і яны таксама прыйшлі да жыцця з га-адама і сталіся неад’емнай часткаю чалавечага свету.

Таксама там ёсць жанчына – iššah, ішша, якая самым сваім з’яўленнем мяняе ўсю сітуацыю, усе ўсталяваныя адносіны, прыярытэты ды ацэнкі. Пасля таго, як яна “вычляняецца” з га-адама, той застаецца тым, кім быў, – чалавекам, звязаным з га-адама. Але і яна таксама – чалавек, і ў дачыненні да яе га-адам пачынае звацца “мужчынам” – iš, іш. Такім чынам, жанчына перш, мужчына потым. І таму менавіта жанчына робіць выбар, які назаўсёды зменіць чалавечы лёс, змусіць іх пакінуць спакойны ды ўтульны сад – той “бацькоўскі дом”, дзе яны абое ўбачылі свет, і пачаць новае самастойнае жыццё, дзе яны ды іхнія нашчадкі будуць ствараць ды пераствараць свой – невядомы і складаны, але свой – свет. І калі задача чалавека працаваць на зямлі, то задача жанчыны – даваць жыццё. У Кн. Роду 3:20 чалавек дае ёй імя H̩awwah, Хава, бо яна, маўляў, “будзе маці ўсіх жывых” – h̩aj, хай. У Сэптуагінце гэтае імя перакладзенае семантычна – Ζωή (Zoe, Зоэ), – “жыццё”. Гэтае імя згадваецца ўва ўсёй Гебрайскай Бібліі толькі двойчы: апроч гэтага эпізоду ў Кн. Роду 3:20 яшчэ на самым пачатку наступнага раздзела, у Кн. Роду 4:1, дзе га-адам “зведвае” сваю жонку Хава, і больш нідзе. І вось тут у Сэптуагінтце імя перадаецца больш-менш фанетычна, з улікам адсутнасці ў грэцкай мове гуку [х] (яго, як і іншыя гартанныя семіцкія гукі, Сэптуагінта проста ігнаруе). У выніку атрымалася імя Εύα, (Eua, Эўа), якое і сталася падставаю для ўсімі ўлюбёнага міфа пра Еву.

 

Стылёвыя асаблівасці гісторыі Саду

Мова тэксту Кнігі Роду 2–3 нібыта простая, блізкая да фальклорнага стылю, без разгорнутых эпітэтаў, апісанняў ці метафар. Сюжэт рухаецца хутка, усе персанажы яркія. Аднак гэтая прастата ёсць вынікам надзвычай прадуманай стылёвай мадэлі тэксту. Тут кожнае слова выверанае, тут няма нічога выпадковага, усё працуе на агульную ідэю і на стварэнне агульнай складанай карціны з двайным, а можа і трайным, дном. У дакладным ужытку слоў хаваюцца стоеныя сэнсы.

Найважнейшыя літаратурныя прыёмы, што ствараюць непаўторны каларыт тэксту, які немагчыма перадаць у перакладзе, – алітэрацыі, сугуччы, праз якія ўзнікаюць нечаканыя сутнасныя сувязі паміж элементамі тэксту і якія надаюць новыя аб’ёмы сэнсу, размыкаюць усе сюжэтныя лініі ды высвечваюць іншыя ракурсы.

Пра алітэрацыі адам адама ды ішішша ўжо крыху сказана. Пра іншыя будзе сказана ў каментарах да Кн. Роду 3. Алітэрацыі і дакладныя паўторныя ўжыткі слоў дазваляюць казаць пра нешта важнае – настолькі важнае, што яно не падлягае дакладным фармулёўкам, але застаецца няпэўным і няўлоўным, хаця й, магчыма, самым сутнасным. Пры гэтым гаворка пра сутнасці вядзецца не наўпрост, калі хто не заўважыў – ну што ж, хай здавальняецца тым, што заўважыў. Але за бачным, яўным сюжэтам прасвечваецца іншы, больш складаны сюжэт, дзе лінейная ацэначнасць “добра-кепска”, “правільна-няправільна” размываецца, а часам і ператвараецца ў сваю процілегласць, дзе простая схема “загад – парушэнне – пакаранне” развальваецца, і паўстае складаная, шматузроўневая і шматсувязная карціна, у якой змей гаворыць голасам Бога, чалавек і змей завязваюцца ў нейкі ўраборусавы вузел, і наогул, кожны персанаж з кожным іншым мае сваю няпростую гісторыю.

Усе асноўныя падзеі разгортваюцца ў трэцім раздзеле. Другі раздзел рыхтуе сцэну.

 

КНІГА РОДУ 2:4б–25

Тэкст у перакладзе на беларускую мову

2:4б. У дзень, калі Госпад Бог зрабіў зямлю і неба,

  1. ніякага куста польнага яшчэ не было на зямлі, і ніякая трава польная яшчэ не расла, бо не слаў Госпад Бог дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб урабляць глебу.
  2. І вільгаць падымалася з зямлі і паіла ўсю паверхню глебы.
  3. Госпад Бог вылепіў чалавека з пылу глебы, і ўдзьмуў у ягоныя ноздры дыханне жыцця. І быў чалавек душою жывою.
  4. І пасадзіў Госпад Бог сад у Эдэне на ўсходзе, і змясціў там чалавека, якога вылепіў.
  5. І ўзрасціў Госпад Бог з глебы ўсякае дрэва, прывабнае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцця пасярод саду, і дрэва веды дабра і зла.
  6. І рака выцякала з Эдэну, каб паіць сад, і адтуль яна раздзялялася на чатыры галоўныя плыні.
  7. Назва аднае – Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіла, у якой золата.
  8. І золата тае краіны добрае; там перлы і камень онікс.
  9. І назва другой ракі – Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш.
  10. І назва трэцяе ракі – Тыгра, яна цячэ на ўсход ад Асірыі. І чацвертая рака – Эўфрата.
  11. Госпад Бог узяў чалавека і пусціў яго ў сад Эдэнскі, урабляць і ахоўваць яго.
  12. І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: “З кожнага дрэва ў садзе ўдосталь будзеш есці,
  13. Але з дрэва веды дабра і зла, не еш з яго, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, смерцю памрэш”.
  14. Госпад Бог сказаў: “Нядобра чалавеку быць самому. Зраблю яму падмогу, адпаведную яму”.
  15. І вылепіў Госпад Бог з глебы ўсякага звера польнага і ўсякую птушку нябёсную і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як той назаве іх; і як назаве чалавек душу жывую, такое ёй імя.
  16. Чалавек назваў імёны кожнай жывёліны і птушкі нябёснай, і кожнага звера польнага. Але для чалавека не знайшлося падмогі, адпаведнай яму.
  17. Госпад Бог спусціў забуць на чалавека, і той заснуў. І Ён узяў адзін з бакоў ягоных і закрыў цела на тым месцы.
  18. I зрабіў Госпад Бог з боку, які Ён узяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
  19. Чалавек сказаў:

“Вось яна, нарэшце,

костка ад костак маіх

і цела ад цела майго!

Яна будзе звацца жанчынаю,

бо з мужчыны была ўзятая яна.

  1. Таму пакіне мужчына

бацьку свайго і маці сваю,

і прылепіцца да жонкі сваёй,

І будуць адным целам”.

  1. Яны былі абодва голыя, чалавек і жонка ягоная, але не саромеліся.

 

Выбраныя каментары

Вершы 2:4б–5

Першапачаткова кнігі Бібліі мелі суцэльны тэкст, без аніякіх падзелаў. У трынадцатым стагоддзі Гебрайская Біблія была ўпершыню падзеленая на раздзелы (у тым выглядзе, які мы маем і дагэтуль), а ў шаснаццатым і на вершы. Не ўсе падзелы аказаліся ўдалымі. Другому раздзелу Кнігі Роду асабліва не пашанцавала. Мала таго, што мяжа паміж другім і трэцім раздзеламі пралягла пасярод цэльнае гісторыі са шчыльнымі лінгвістычнымі сувязямі (пра гэта будзе расказана асобна), але й пачатак новай гісторыі атрымаўся нейкім скамечаным. Першыя тры з паловай вершы належаць да папярэдняга сюжэту цалкам іншага аўтарства, часу напісання і багаслоўскай канцэпцыі. Такім чынам самы пачатак сюжэту пра сад (Роду 2–3) аказаўся змазаным, далучаным як працяг да іншароднага сказа. А сам першы сказ усяе гісторыі аказаўся падзеленым на два вершы. Цалкам ён гучыць так:

 

У дзень, калі Ягвэ Элогім зрабіў зямлю і неба,

ніякага куста польнага яшчэ не было на зямлі,

і ніякая трава польная яшчэ не расла,

бо не слаў Госпад Бог дажджу на зямлю,

і не было чалавека ўрабляць глебу.

 

Між тым, гэты пачатак вывераны, прадуманы і заслугоўвае павагі. Ён змадэляваны паводле лепшых узораў старажытнаблізкаўсходніх касмагоній, якія любому тэксту надавалі касмічнае вымярэнне. Касмаганічныя пралогі пераносілі дзею ў пракаветныя часы перад стварэннем свету, у па-над- і па-зачасавы пачатак усяго, які даў імпульс для развіцця свету і параметры гэтага свету. Стылёва такія пралогі ствараюць атмасферу пачатку словамі накшталт “калі нічога не было вызначана”, або “ў дні, калі ўсё пачыналася”.

Вось, напрыклад, пачатак славутага бабілонскага эпасу 17–7 ст. да н.э. пра стварэнне свету Enuma eliš, Энума эліш – “Калі ўверсе”, эпасу, які быў добра вядомым усім адукаваным людзям старажытнага Блізкага Усходу і які моцна паўплываў на біблійных аўтараў:

 

Калі ўверсе неба не было названым,

І зямля унізе не мела наймення,

І Апсу, найпершы, творца й зачынальнік,

З Тыямат стваральнай, што ўсіх спарадзіла,

Свае воды разам змешвалі ўдваіх, –

Але яшчэ ніваў не было ні багнаў,

Не было праявы аніякай боскай,

Не названы йменні, не пісáны лёсы –

Тады нарадзіліся багі у іх.

(Тут і далей пераклады з акадскай і сумерскай моў мае. – І.Д.).

 

Самымі раннімі мадэлямі для акадскіх, арамейскіх, ханаанскіх, гебрайскіх ды інш. тэкстаў былі сумерскія міфы, запісаныя ў трэцім–другім тысячагоддзях да н.э. Вось, напрыклад, пачатак вядомай гісторыі пра Гільгамеша, Энкіду і Падзем’е:

 

У тыя дні, у тыя далёкія дні,

У тыя ночы, у тыя даўнія ночы,

У тыя гады, у тыя прамінулыя гады,

У пракаветныя дні, калі ўсё сутнаснае праявілася,

У пракаветныя дні, калі ўсё сутнаснае ўзгадавалася, […]

Калі неба было аддзеленае ад зямлі,

Калі зямля была раз’яднаная з небам,

Калі людскія лёсы былі вызначаныя…

 

Або іншы сумерскі тэкст:

 

У тыя дні, калі неба і зямля былі раздзеленыя,

У тыя ночы, калі неба і зямля былі раз’яднаныя,

У тыя гады, калі лёсы былі вызначаныя,

Калі багі Анунна былі народжаныя,

Калі багіні былі злучаныя шлюбам,

Калі багіні атрымалі сваю долю неба й зямлі,

Пасля таго, як багіні зацяжарылі й нарадзілі…

 

Ці вось яшчэ адзін паказальны сумерскі касмаганічны тэкст трэцяга тысячаго­ддзя да н.э., у якім развіваецца тэма свяшчэннага шлюбу паміж Небам і Зямлёю, і дзе фігуруе “зёлка нумун” (магчыма, гэтая расліна – часнык):

 

Калі дождж праліўся долу, і муры былі абрынутыя,

Калі град з агнём праліліся долу, […]

Калі дождж сказаў: “Я праліюся долу”,

Калі ён сказаў: “Я абрыну муры”,

Калі паводка сказала: “Я змыю ўсё прэч” –

Неба апладніла, Зямля нарадзіла,

Нарадзіла таксама зёлку нумун,

Зямля нарадзіла, Неба апладніла,

Нарадзіла таксама зёлку нумун.

 

Уважлівы чытач убачыць, што ў біблейскай касмалогіі ў Кн. Роду 2–3 ёсць алюзіі на ўсе прыведзеныя тут тэксты. І, як і ў гэтых тэкстах, першы сказ гісторыі служыць своеасаблівым касмаганічным пралогам, які адсылае нас у пракаветныя часы, калі яшчэ нічога не было вызначана, калі стварэнне было ў стадыі прадумвання, а сам працэс фармавання свету толькі-толькі пачынаўся.

 

* зрабіў зямлю і неба. Выбар слоў дэманструе канцэптуальную розніцу паміж Святарнай і Ягвісцкай касмагоніямі. У Святарным тэксце Кнігі Роду 1 Элогім сваёй велічнай дзеяй стварае (або раздзяляе) неба і зямлю. У створаным свеце свая іерархія: спачатку называецца верхні, боскі, нябачны, неспасцігальны складнік бінарнага цэлага – неба, а потым яго другая палова, зямля – ніжняя, людская, матэрыяльная, падлеглая дакладным законам, якія можна і трэба спасцігаць. Тут жа ж, у Ягвісцкім тэксце, Бог папросту “зрабіў” (ʿaśot, асот – форма дапасаванага інфінітыву ад ʿaśah) – цалкам уцямная рамесніцкая дзея – зямлю і неба. Парадак слоў расстаўляе прыярытэты апавядальніка: зямля стаіць на першым месцы, бо на ёй будзе асноўны фокус. На жаль, у перакладзе Васіля Сёмухі 2002 года, Уладыслава Чарняўскага 2002 году і ў выданні Беларускага біблійнага таварыства 2012 года слова ʿaśah, аса – “зрабіў”) перададзенае як “стварыў”, што безнадзейна размывае Ягвісцкую касмаганічную карціну. Ян Станкевіч у перакладзе 1973 года абраў слова “учыніў”.

 

* куста … не было…, і трава … не расла, бо не слаў Ягвэ Элогім дажджу на зямлю, і не было чалавека ўрабляць глебу. Тут, магчыма, працягвае развівацца вобраз двухчастнага свету. Куст – частка дзікай прыроды, ён залежыць ад дажджу, які, у сваю чаргу, залежыць ад Бога. Трава ж тут пазначае зеляніну, культываваныя расліны, залежныя ад чалавечай працы на зямлі.

 

* зямля і глеба; урабляць глебу. Адным з найскладанейшых выбараў, якія мы рабілі пры перакладзе, было разрозніваць або не два гебрайскія словы са значэннем “зямля”.

Слова ere, эрэц – “зямля”, якое было асноўным тэрмінам у Святарным сюжэце, тут у першых сказах новай гісторыі таксама паўстае як бінарная пара да канцэпту šammaim, шаммаім – “неба”. Аднак асноўнае слова дзеля пазначэння зямлі ў Ягвісцкіх тэкстах не эрэц, але адамá (adamah). І тут адама паўстае параю не небу, а чалавеку, гебрайскае слова для якога адам (adam). Словы адам і адама этымалагічна звязаныя, бо абодва паходзяць ад кораню адам – “быць чырвоным” – і звязаныя са словам дам – “кроў”.

Для тэксту, аднак, важна не так лінгвістычная сувязь, як сугучча, якое ўтварае з гэтых слоў мужчынска-жаночую пару: адам і адама. Паводле Ягвісцкага бачання свету, адам-чалавек не толькі зроблены з адама-зямлі, але й ягоным асноўным пакліканнем у жыцці, ягонай мэтаю і прызначэннем ёсць клапаціцца пра адама-зямлю і працаваць дзеля яе – авед га-адама (ʿabed hadamah, в. 2:5, а таксама 2:15 у дачыненні да саду), што значыць “урабляць глебу”, а літаральна – “служыць зямлі”. Гэтая бінарная пара неразрыўная. Пасля ўсіх пературбацый, звязаных з парушэннем забароны на спажыванне плоду з Дрэва, доляю адама-чалавека застаецца праца на адама-зямлі (гл. Рд. 3:17-19). І ў гісторыі Каіна, якая працягвае гісторыю саду, Каін працуе на адама-зямлі (Рд. 4:2, 12), якая там адыгрывае ў лёсе чалавека яшчэ большую ролю. Яна часам успрымаецца як жывая істота, нават разяўляе рот, каб прыняць кроў брата Каіна (Рд. 4:11). У абодвух сюжэтах сувязь паміж чалавекам і зямлёю ўзмацняецца і супольным праклёнам (спачатку ў Рд. 3:17, потым у Рд. 4:11). Дзе адзін, там і другая, дзе адна, там і другі.

У беларускай традыцыі такія глыбінныя сэнсы могуць тычыцца хутчэй зямлі, чым глебы, бо зямля нясе значна большую семантычную нагрузку. Аднак калі эрэц у гэтых кантэкстах можа быць перакладзены толькі як “зямля” (у іншых кантэкстах слова можа пазначаць таксама краіну, г.зн. зямлю пражывання, як, напрыклад , ere jiśrael, эрэц ісраэль – “зямля Ізраіля”), то адама можа азначаць і чырвоную глебу. Таму, каб разрозніць два словы для двух архіважных канцэптаў, мы пакуль што спыніліся на слове “глеба” для перадачы слова адама.

 

Верш 2:7

* вылепіў з пылу глебы. Дзеялоў jааr, яцар – “вылепіў, зляпіў, сфармаваў”, тут у форме wajjier, ва-ййіцэр, азначае дзеянне па наданні чаму-небудзь формы, найперш у самым простым, мануальным значэнні. Біблісты ў сувязі з гэтым вобразам часта гавораць пра Бога-ганчара. З верхняга рыхлага слою (ʿapar, афар – пыл, парахна, жвір – мы не знайшлі лепшага адпаведніка) чырвонае гліністае глебы (га-адама) Бог зляпіў чалавечую фігурку (га-адам) і ўдзьмуў ёй праз нос жыццё.

 

Верш 2:9

* і дрэва жыцця пасярод саду, і дрэва веды дабра і зла. Вобраз дрэва – цэнтральны вобраз усяе гісторыі. Ён будзе разгледжаны ў каментарах да трэцяга раздзела. Тут толькі неабходна зазначыць, што тэрмін “веда” (daʿat, дáат) ніякім чынам не мусіць ператварацца ў “пазнанне” ці “спазнанне”, як мы чытаем у большасці беларускіх перакладаў. Субстантыў даат вытворны ад дзеяслова jadaʿ, ядá – “ведаць”. Паняцце ведання – ключавое ў другім, трэцім і чацвертым раздзелах. Разам у гісторыі саду і гісторыі Каіна гэты корань сустракаецца сем разоў (Рд. 2:9, 17; 3:5, 7, 22; 4:1, 9), і ён не толькі яднае ўсе эпізоды, але й стварае пэўную канцэпцыю жыцця і смерці.

 

Верш 2:18

* нядобра чалавеку быць самому. Які рэзкі кантраст тут гучыць з дасканалым стварэннем у Кн. Роду 1! Там амаль кожная новая стваральная дзея завяршалася прастаўленнем “знака якасці”: “І Элогім убачыў, што гэта добра” (Рд. 1:4, 10, 12, 18, 21, 25, 31). Слова tob, тов – “добра”, паўторанае сем разоў, ёсць асноўнай характарыстыкай боскае працы: усё, што Бог робіць, ён робіць добра, дасканала. І таму так нечакана тут, у Роду 2:18, гучыць катэгарычнае lo tob, лё тов – “не добра”. У Ягвісцкай гісторыі няма нічога вызначанага раз і назаўжды, нічога, застылага ў абсалютнай дасканаласці. Тут сусвет разгортваецца, як дарога, па меры таго, як дзеючыя асобы ідуць па ёй. Наперад нічога не вядома, ды й таго “пераду” няма, пакуль нехта не зробіць выбар у нейкім пэўным кірунку. А тады і сам кірунак акрэсліцца, і наступствы зробленага кагадзе выбару стануцца бачнымі, і новыя магчымасці адкрыюцца, патрабуючы новых выбараў дзеля далейшага развіцця свету і таго, хто па ім ідзе.

* падмогу, адпаведную яму. Якой дапамогі чалавеку чакае Бог? Урабляць зямлю? Ахоўваць сад? Ці ўсё ж такі сфакусаваць сваю ўвагу на забароненым Дрэве, на якое Бог яму так выразна ўказаў, а чалавек на гэта ніяк не адрэагаваў? Чаго хоча Бог ад чалавека: каб ён слухаўся загаду ці каб парушыў яго? Жывёлы, якіх Бог стварыў дзеля “адпаведнай” дапамогі, відавочна не дапамаглі чалавеку зрабіць выбар. І давялося ствараць жанчыну…

Слова kenegdo, кенегдо – “адпаведную яму” літаральна значыць “той, хто насупраць яго, перад ім”.

 

Верш 2:21

* зáбуць. Ва ўсіх вядомых мне сучасных перакладах слова тардэма (tardemah) перадаецца словазлучэннем глыбокі сон, моцны сон: “крепкий сон”, “deep sleep”, “profond sommeil”, “tiefen Schlaf”, “дълбок сън” і гд. Між тым, яно аніяк не звязанае з коранем jašen, яшэн – “спаць”. Яно значыць не сон, а хутчэй транс, экстаз, забыццё – стан, у якім чалавек цалкам выпадае з рэчаіснасці і – як часта здараецца ў Бібліі – атрымлівае прарочыя відзежы. Септуагінта ўдала перакладае яго як ἔκστασις (extasis – парушэнне свядомасці, агаломшанасць, транс). Вульгата таксама знаходзіць лацінскае слова sopor – надзвычай глыбокае западзенне ў сон. Прапанаванае тут слова зáбуць уяўляецца найлепшым з вядомых нам беларускім адпаведнікам.

* адзін з бакоў. Вось яна, славутая рабрына, якой ад пятага стагоддзя аргументавалі другаснасць жанчыны ў дачыненні да мужчыны і якой няма ў біблейскім тэксце! Біблейскае слова ṣelaʿ, цэлá, якое ўжываецца ў Бібліі 41 раз, нідзе і ніяк не азначае “рабрыны”. Аднак традыцыя ад часоў сярэднявечча замацавалася настолькі моцна, што ў сучасным іўрыце рабрына завецца цэла. Гэтую традыцыю распачала Вульгата, пераклаўшы слова цэла як costae – “рабрына”. Сэптуагінта была апошнім на два тысячагоддзі перакладам, дзе гэтае слова знайшло адэкватны адпаведнік: πλευρά (pleura) – “бок”.

У Гебрайскай Бібліі цэла значыць менавіта бок. Найчасцей яно ўжываецца як архітэктурны тэрмін у дачыненні да храма ці ахвярніка, у якога ёсць два бакі, правы і левы. Часам яно пазначае бакавы пакой або бок узгорка. Тут, у Кн.Роду 2:21–22 хутчэй за ўсё маецца на ўвазе менавіта архітэктурны вобраз, бо дзеяслоў, ужыты для паўстання жанчыны, – binah, біна – будаваць. Літаральна фраза гучыць “Ягвэ Элогім збудаваў з боку, які ён узяў з чалавека, жанчыну”. У гэтай касмалагічнай канцэпцыі чалавек першапачаткова не мае ніякай гендэрнай прывязкі – ён проста чалавечая істота. Але ў ягонай прыродзе ёсць два бакі, якія патэнцыйна могуць несці значэнне мужчынскасці і жаноцкасці. Гэта значыць, мужчынскасць і жаноцкасць былі закладзеныя ў чалавека, але без патрэбы не разрозніваліся. Калі ж з’явілася патрэба, Бог раздзяліў гэтыя бакі, і з аднаго чалавека паўстала разнаполавая пара з рознымі касмалагічнымі функцыямі і задачамі, прычым кожная палова была цэласнаю ў сабе: Бог “закрыў тое месца целам”, так што ніякіх вонкавых слядоў раздзялення не засталося. Але чалавек адразу адчуў і пазнаў унутраную еднасць, былое адзінства, калі павітаў жанчыну як “костку ад свае косткі” і “цела ад свайго цела”, і выказаў імкненне да аднаўлення колішняга адзінства, сказаўшы, што мужчына “прылепіцца да жанчыны, і будуць адным целам”.

На гэтым этапе гісторыі чалавек і жанчына пачуваюцца як адно цэлае. Аднак неўзабаве раўнавага ў пары будзе перакуленая, і гармонія будзе парушаная. Гісторыя мяняе рытм.

(Працяг будзе)

 

comments powered by HyperComments