Ірына Дубянецкая (№86)

Кніга Роду
Новая беларуская Біблія

У 2017 годзе адбываецца небывалы збег юбілеяў, звязаных і з беларускімі культурнымі героямі розных часоў, і з падзеямі, якія змянілі хаду нашай гісторыі і нават нашай цывілізацыі. Для нас гэта можа стаць штуршком для цэласнага агляду таго шляху, які мы прайшлі, і асэнсавання сябе як нацыянальнай супольнасці. Найвялікшы з усіх юбілеяў, які здольны змяніць фокус нашага самаразумення, надаць нам сілы і веры, з’яднаць і акрыліць – гэта 500-годдзе Скарынавага прарыву.

6 жніўня 1517 году – у дзень Перамянення Гасподняга – Францішак Скарына абвясціў Перамяненне для свайго народу: ён даў сваёй краіне друкаваную кнігу і тым самым улучыў яе ў еўрапейскія цывілізацыйныя зрухі, і больш за тое, ён даў сваім людзям Біблію – асноўны аб’яднаўчы тэкст Заходняга свету – на мове, набліжанай да народнай, і тым самым паставіў сваю культуру на самы перад тых цывілізацыйных зрухаў.

Грандыёзныя рэфармацыйныя працэсы, якім было суджана мадэрнізаваць Еўропу і назаўсёды змяніць яе, а за ёю і шырэйшы свет, яшчэ толькі пачыналіся. Станаўленне нацыянальных культур, з якіх потым паўстануць нацыянальныя дзяржавы, было ў самым зародку. Біблія, якая была цывілізацыйным пунктам зборкі, апынулася ў цэнтры гэтых працэсаў. У 1516 годзе Эразмус ажыццявіў першае выданне Новага Запавету на мове арыгінала, па-грэцку. Вывучэнне Бібліі на арыгінальных мовах і неабходныя для гэтага параўнанні многіх манускрыптаў скаланулі інтэлектуальны свет, бо сама наяўнасць шматлікіх розначытанняў і неадпаведнасцяў у старажытных пісьмовых сведках дэманстравала, што адзіны і непарушны, Богам пасланы тэкст Бібліі, на якой трымаецца нашая карціна свету, мае сваю гісторыю, і гісторыю складаную, шматмерную, далёка не відавочную. Гэтая новая праўда многае мяняла. Яна палохала і натхняла. Яна вымагала даследаванняў, перакульваючы ўстаялыя веды і погляды. І паралельна ў свеце пачынаўся вір новых адкрыццяў. Свет уступаў у Новы час, і адным з рухавікаў было новае асэнсаванне Бібліі.

У сярэдзіне 1450-х гадоў Ёганэс Гутэнберг распачаў першую інфармацыйную рэвалюцыю, выдрукаваўшы ў Майнцы гэтак званую “саракадвухрадковую Біблію”. Гэта быў звыклы лацінскі тэкст. Але неўзабаве час надышоў і для мясцовых моў. Пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы сталіся магутнымі каталізатарамі для станаўлення і развіцця гэтых самых моў. Калі Скарына ў Празе пачынаў сваю дзейнасць па друкаванні біблійных перакладаў, гэта была яшчэ абсалютная навінка.

Піянерамі ў друкаванні біблійных перакладаў былі немцы. У 1466 годзе Ёганэс Ментэлін у Страсбургу надрукаваў пераклад Бібліі на верхне-нямецкую мову. У 1471 годзе Ніколё Малермі надрукаваў італьянскі пераклад у Венецыі – адным з найбуйнешых цэнтраў тагачасных еўрапейскіх культурных і сацыяльных змен. А потым выбухнулі чэхі, у якіх, дзякуючы руху Яна Гуса, Рэфармацыя пачалася на стагоддзе раней, чым у іншых. Першая Біблія ў чэшскім перакладзе выйшла ў свет у Празе ў 1488 годзе, праз год было новае выданне ў Кутнай Горы, а ў 1506 годзе ў Венецыі было здзейсненае яшчэ адно выданне – і менавіта яно, відаць, зрабіла максімальны ўплыў на працу Скарыны. Скарына быў наступным.

Асноўны працэс перакладаў Бібліі на мясцовыя мовы народаў Еўропы, як і фармаванне нацыянальных культурных ды інтэлектуальных традыцый, адбываўся пазней, цягам 16-га і 17-га стагоддзяў. Так склалася, што беларуская культура, уступіўшы ў гэты цывілізацыйны вір на самым пачатку, была ў пэўны момант выштурхнутая з яго і на доўгі час – час, калі ў свеце адбываліся лёсавызначальныя падзеі, – страціла сваю моц. І тое, што Біблія, якая праз усе гэтыя часы заставалася самым запатрабаваным тэкстам Заходняй культуры, так і не была цалкам і якасна перакладзеная на беларускую мову з арыгінальных моў, было сумным вынікам таго заняпаду.

Культура, якая не засвоіла асноўны тэкст цывілізацыі, не можа інтэгравацца ў гэтую цывілізацыю і змушаная заставацца на перыферыі, пакутуючы, апроч іншага, ад нізкага сацыяльнага статусу сваёй мовы. Ці не запозна беларусам штосьці мяняць? У цяперашнім свеце (у надыходзе якога актыўна ўдзельнічала мысленне і дзеянне, звязанае з Бібліяй) Біблія адыгрывае цалкам іншую ролю і займае цалкам іншае месца ў прыватным і агульным жыцці, чым ва ўсе папярэднія стагоддзі. Дык ці зменіцца што-небудзь у беларускім самаўспрыняцці і вонкавым прыняцці, калі нарэшце з’явіцца “добрая беларуская Біблія”? І ці здолее яна кансалідаваць мову, культуру і ідэнтычнасць? Я не ведаю. Але я ведаю, што, калі мы не зробім гэтую працу, мы застанемся там, дзе і цяпер.

З розных прычын раней мы не маглі ўзбіцца на сучасны пераклад з добрых, вывераных сусветнай навуковай біблістычнай супольнасцю біблійных крыніц. Аднак парадку паўсотні паасобных спробаў паасобных аўтараў перакладу цэлай Бібліі або яе некаторых частак і кніг, якія рабіліся праз усё 20-е і пачатак 21-га стагоддзяў, заклалі добры падмурак для новага этапу гэтага працэсу. А самае галоўнае – цяпер мы можам. У Беларусі ўжо дастаткова кваліфікаваных біблістаў, гебраістаў, эліністаў, філолагаў і літаратараў, здольных – і ахвочых – рабіць гэтую працу.

І праца пачалася. Перакладчыцкая група самаарганізавалася, прадумала і склала канцэпцыю перакладу і паціху працуе над некаторымі кнігамі Старога і Новага Запаветаў. Ёсць надзея ў 2017 годзе ўшанаваць 500-годдзе Скарынавага подзвігу выданнем першага плёну гэтай супольнай працы. Плануецца выдаць чатыры першыя раздзелы Кнігі Роду – не толькі найпрыгажэйшыя і найскладанейшыя для перакладчыка ўзоры старазапаветнай прозы, але й самыя вядомыя і пазнавальныя біблійныя сюжэты пра стварэнне свету, пра чалавека і жанчыну ў садзе і іх выгнанне з саду, і пра Каіна, які забіў свайго брата, – а таксама Песню Песняў, якая ёсць выдатным узорам гебрайскай паэзіі і ўлюбёным тэкстам многіх, і Евангелле паводле Яна.

Тут чытачу прапаноўваецца самы першы варыянт перакладу самага першага раздзела з невялікімі каментарамі. Вялікае спадзяванне палягае ў тым, што ў друкаваным перакладзе не толькі акрэсляцца праблемныя месцы (якія нам і так вядомыя), але і намеціцца шлях да развязання праблем. Найлепшае, што можа адбыцца, – гэта шырэйшае абмеркаванне.

Такім чынам, спачатку вельмі сціслыя ўводзіны ў тэкст, потым сам тэкст, а потым некаторыя каментары да перакладу. На паўнейшыя каментары пакуль не час і не месца.

 

Стварэнне свету

Кніга Роду 1:1–2:4а

Папярэднія заўвагі

Назва Кнігі

Назваць першую кнігу Пяцікніжжа Кнігаю Роду першым у беларускай традыцыі прапанаваў а. Уладыслаў Чарняўскі. Гэтую назву захоўвае выданне Беларускага біблійнага таварыства 2012 года, якое абапіраецца на пераклад Чарняўскага. Іншыя беларускія перакладчыкі ішлі за царкоўнаславянскай і рускай традыцыямі, адаптоўваючы на беларускую мову слова Бытие як Быццё.

У гебрайскай традыцыі кнігі Бібліі не маюць ніякіх сімвалічных ці абагульняючых назваў, а завуцца паводле першага значнага слова тэксту кнігі. Такім чынам, першая кніга Пяцікніжжа завецца Berešit (berešīt, берэшыт), што значыць “напачатку”.

Першы пераклад Пяцікніжжа быў зроблены ў трэцім стагоддзі да н.э. у Александрыі, у часы егіпецкага караля Пталемея ІІ Філадэльфа, які камплектаваў Александрыйскую бібліятэку найважнейшымі тэкстамі чалавецтва. У гэтым раннім грэцкім перакладзе, званым Сэптуагінтай, кнігам Бібліі давалі нейкія пазнавальныя назвы. Першую кнігу назвалі Génesis (генэсіс) – “радавод”, паводле ключавога слова, якое па-гебрайску гучыць toledot (толедот), і якое нібыта прашывае ўсю кнігу. У кнізе дзесяць радаводаў, якія пачынаюцца формулай: “Вось радавод таго і таго”, пяць у пракаветнай гісторыі (Рд 2:4; 5:1; 6:9; 10:1; 11:10) і пяць у гісторыі патрыярхаў (Рд11:27; 25:12; 25:19; 36:1, 9; 37:2), дзе радавод Эсава абвяшчаецца двойчы (Рд 36:1, 9). Гэтымі генеалогіямі, устаўленымі ў старажытны наратыў, Святарны аўтар з уласцівай яму прагай да сіметрыі “адбівае” найважнейшыя моманты збаўленчай гісторыі.

Варта адзначыць, што пад радаводам разумеецца не “ўзыходзячы” рух да пачатку роду, а “зыходзячы” ад пачынальніка да ўсё маладзейшых пакаленняў. Цікава, што два радаводы ў Новым Запавеце добра паказваюць паходжанне ці выхаванне і адукацыю сваіх складальнікаў. Аўтар Евангелля паводле Мацвея, які належыць да юдэйскай традыцыі, вядзе генеалогію Ісуса паводле гебрайскага прынцыпу ад бацькі да сына (“той нарадзіў таго”, гл. Мц 1:1–16), а Лука, знаёмы з грэцкай культурай лепш, чым з юдэйскай, пачынае генеалогію ад самога Ісуса і вядзе яе ад бліжэйшых да яго пакаленняў да ўсё больш аддаленых (“сын таго, таго, таго…”, гл.: Лк 3:23–38).

У пазнейшых грэцкіх хрысціянскіх тэкстах кніга часам звалася Ktisis (ктысіс)– “стварэнне”, хаця назва Genesis заставалася ў шырэйшым ужытку. Назву Genesis за Сэптуагінтай паўтарыла і лацінская Вульгата. Многія еўрапейскія пераклады ішлі за грэцкай і лацінскай традыцыямі, называючы кнігу Genesis (ангельскі, нідэрландскі, гішпанскі, французскі (La Genèse), італьянскі (Genesi), чэшскі ды іншыя). Некаторыя пратэстанцкія традыцыі адкінулі назвы і адрозніваюць кнігі Пяцікніжжа па нумарах: “Першая Кніга Майсеева, Другая Кніга Майсеева” і г.д. Першы поўны пераклад Бібліі на беларускую мову, выкананы Янкам Станкевічам і выдадзены ў Нью-Ёрку ў 1973 годзе, ідзе за пратэстанцкай традыцыяй не толькі ў кароткім, 39-кніжным каноне Старога Запавету, але і ва ўжыванні парадкавых назваў кніг Пяцікніжжа, побач з іменнымі. У некаторых сучасных славянскіх перакладах назіраецца тэндэнцыя адаптаваць па-свойму ідэю пачатку або пакаленняў (сербская Књига Постања, харвацкая Knjiga Postanka, польская Księga Rodzaju).

Назва Кніга Роду не ідэальная, хаця б з практычнай прычыны немагчымасці ўжываць яе ў назоўным склоне, па аналогіі з іншымі кнігамі: Сыход, Лявіт, Лікі, Другазаконне. Аднак пакуль што лепшай назвы ў беларускім культурным і рэлігійным ужытку няма, і мы спыніліся на ёй, застаючыся адкрытымі да прапаноў.

 

Кароткія ўводзіны ў тэкст Кнігі Роду 1:1-2:4а

Першыя адзінаццаць раздзелаў Кнігі Роду прысвечаныя падзеям Першапачатку – пракаветнай гісторыі свету і чалавечай цывілізацыі. Паасобныя аповеды, з якіх складаецца Кніга Роду, належаць да розных пластоў гебрайскай рэлігійнай і тэкстуальнай традыцыі. Большасць тэкстаў – пісьмовыя сведкі старажытнай карціны свету, якая праз пакаленні перадавалася ў вусных гісторыях, поўных не толькі яркімі вобразамі і сюжэтамі, што вярэдзяць свядомасць, але і таемнымі глыбінямі, схаванымі сэнсамі, якія адкрываюць дапытліваму розуму ўсё новыя ўнутраныя сувязі, усё большыя цэльныя карціны, заўсёды застаючыся нібыта на крок паперадзе цябе: вось яшчэ крыху, і ўловіш… пакуль не сцяміш, што яны ўсе твае і табе, але навырост, і ты расцеш з імі, і яны растуць з табой…

На гэтыя старажытныя апавяданні накладаюцца ўстаўкі нашмат пазнейшага складальніка, які ашчадна захоўвае гісторыі, створаныя стагоддзі таму, але дадае ім новы ракурс, удакладняе нешта для свайго сучасніка і звязвае ўсе адрозныя сюжэты ў адну вялікую гісторыю, нанізваючы іх на стужку радаводаў галоўных герояў. Гэты маладзейшы аўтар мае іншую канцэпцыю свету і іншае бачанне Бога. Ён называе Бога іншымі імёнамі, спачатку Элогім, потым Эль Шаддай, паступова падводзячы чалавека да сустрэчы з галоўным Іменем, святым і таемным, магутным і ўсятворным – Ягвэ. А ў тых старых тэкстах гэтае Імя – звыклае, яно паўтараецца свабодна, і гэтак жа свабодна Бог Ягвэ камунікуе з чалавекам, а чалавек камунікуе з Богам, гутарыць, просіць, спрачаецца…

Пра першага, старэйшага, аўтара, ці аўтараў, мы нічога не ведаем. Другога, маладзейшага, уяўляем сабе нашмат лепш. Ён належыць да багаслоўскай школы, якую мы завем Святарнаю, якая склалася ў часе Бабілонскага выгнання і сталася асноваю для новага асэнсавання веры і разумення адносінаў паміж Богам і чалавекам, Богам і народам, а таксама сувязяў унутры чалавечае супольнасці.

Найпрыгажэйшы тэкст Святарнага аўтара – гісторыя стварэння, якую ён змяшчае на самы пачатак, перад касмаганічнымі сюжэтамі старажытнасці. Такім чынам, аповед у Кнізе Роду 1:1–2:4а займае ўнікальнае месца ў Пяцікніжжы – гэта Пачатак перад Пачаткам. Ён задае рытм і ракурс астатнім тэкстам, ён – пражэктар, у святле якога набываюць касмічнае значэнне ўсе падзеі не толькі наступных дзесяці раздзелаў, але і ўсяе Кнігі Роду, і ўсяго Пяцікніжжа, а потым і ўсяе Гебрайскае Бібліі.

У тэкстах Старажытнага Блізкага Усходу значнасць стварэння – Першападзеі, якая няспынна адбываецца ў вечным Цяпер, – непераацэнная. Касмаганічныя пралогі маглі распачынаць сабою тэксты любога зместу: сакральныя гімны ці міфы, навуковыя трактаты і дынастычныя хронікі, мудрыя павучанні або магічныя лекарскія заклёны. У самых падвалінах светамыслення ляжала думка, што ўсё, што існуе, мае свае вытокі й свой перадвызначаны сэнс у першай дзеі, першым руху стваральнае Сілы, з якою ўсё было і ёсць непарыўна знітаваным. Пачатак дэтэрмінуе і хаду працэсу развою сусвету, і яго структуры – ад асноўных (“хрыбетных”) да найбольш дробных (“капілярных”) элементаў. Пачатак задае і ўсе шматмерныя ўзаемасувязі ў сусвеце – ад самых базавых да самых вытанчана-складаных, амаль няўлоўных.

Карціна свету старажытнага Егіпту трансфармуецца і ўскладняецца цягам тысячагоддзяў, і ў яго глыбінях мяняецца, але ніколі не заціраецца ясны вобраз zep tepi – нулёвага часу на мяжы пачатку адліку, першападзеі, якая запусціла сакральныя механізмы сусвету – боскага ладу быцця.

Месапатамія выснавала канцэпт šurratu – пачатку, які ёсць матрыцаю сусвету. Сумерскія тэксты ўяўляюць яго як раздзяленне anki – неба-зямлі, першаснай бінарнай тоеснасці з абсалютнай шчыльнасцю й прыцягненнем, на першыя касмічныя адзінкі – неба і зямлю. Бабілонскі касмаганічны эпас Enuma Elish стварае вобраз зараджэння бостваў на сутоку двух блізнечых акіянаў, дзвюх безданяў – Апсу і Тыямат.

Гэбрайская Біблія пачынаецца дзвюма касмаганічнымі гісторыямі – адна пасля другой – і ўся наскрозь працятая светастваральнай ідэяю, вобразнасцю й метафорыкай. Пачатак неадменны. Пачатак мае ў зародку ўсё, што будзе. Ён сам утварае абсалютную сістэму каардынат для таго, што ўзнікне, таго, што можа ўзнікнуць і таго, што не ўзнікне ніколі. Нават малыя змены на пачатку змусяць працэс развівацца па-іншаму і прывядуць да цалкам іншых структур, адносінаў і сітуацый. Як задалося, так і праявіцца.

Стагоддзямі пазней два геніі Новага Запавету, аўтары евангелляў паводле Марка і паводле Яна, працягваюць снаваць гэтую ніту пачатку. Марк адкрывае свой тэкст словам arche (“пачатак”) – алюзіяй на гэбрайскае berešit (“на пачатку”) – слова, з якога пачынаецца першая кніга Пяцікніжжа. Ян наогул пачынае сваё Евангелле выразам en arche (“на пачатку”), як бы перапісваючы наноў старажытную таямніцу быцця, якая выбліснула ягоным сучаснікам. А сэнс застаецца той самы: вызначыць пачатак, каб вызначыць і акрэсліць рэчаіснасць.

 

Роду 1:1–2:4а распавядае пра Боства, якое ў велічнай самоце стварае рэчаіснасць, прыводзіць з нябыту да быцця сусвет, яго структуры і яго насельнікаў ды бласлаўляе іх на жыццё. Ягоныя дзеі ўпарадкаваныя й мэтанакіраваныя, іх паслядоўнасць дасканала вывераная, іх ўзаемасувязі непарыўныя і лагічныя. Усё на сваім месцы, усё ў сваім часе.

Увесь тэкст падпарадкаваны гэтаму вобразу дасканаласці, ён пульсуе рытмічна, ён гучыць узнёслым літургічным рэчытатывам. Мелодыка вызначаецца паўторамі, якія адбіваюць такт і адначасова выступаюць выверанымі формуламі стварэння. Так, новы творчы акт абвяшчаецца прамаўленнем Боскае задумы: “І сказаў Бог” (1:3, 6, 9, 11, 14, 20, 24, 26, 29); складаецца з загаду “Хай будзе…” (1:3, 6, 9, 11, 14, 20, 24, 25) і выканання, у тэксце якога нават шматлікія элементы загаду акуратна паўтараюцца, часта з мінімальнымі тэкстуальнымі зменамі; падсумоўваецца справаздачаю “І было так” (1:7, 9, 11, 15, 24, 30) і ацэньваецца: “І ўбачыў Бог, што гэта добра” (1:4, 10, 12, 18, 21, 25, 31 (фінальная формула мяняецца на: “І вось, гэта вельмі добра”)). І ўвесь працэс размераны на дні, першы з якіх пазначы формулай “І быў вечар, і была раніца, дзень адзін” (1:5), у наступных формула паўтараецца, толькі колькасны лічэбнік мяняецца на парадкавы (“дзень другі, дзень трэці” і г.д., 1:8, 13, 19, 23, 31), а апошні, сёмы дзень вылучаецца з усіх адсутнасцю формулы, але патройным прамаўленнем (2:2 двойчы, 3).

КНІГА РОДУ 1:1–2:4а.

Тэкст у перакладзе на беларускую мову

Заўвага:

Курсівам вылучаныя словы, якіх няма ў арыгінале і якія ўстаўляюцца дзеля лёгкасці ўспрыняцця тэксту паводле беларускага сінтаксісу.

 

1:1. Напачатку стварыў Бог неба і зямлю.

  1. І зямля была голая і кволая, і цемра над абліччам бездані, і вецер Божы веяў над абліччам вады.
  2. Бог сказаў: “Хай будзе сьвятло!” І было сьвятло.
  3. Бог убачыў, што сьвятло добрае. І аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.
  4. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І быў вечар, і была раніца, дзень адзін.
  5. Бог сказаў: “Хай будзе прасьцяг пасярод вады, і хай аддзеліць ваду ад вады”.
  6. І зрабіў Бог прасьцяг і аддзяліў ваду, якая з-пад прасьцягу, ад вады, якая з-па-над прасьцягу. І было так.
  7. І назваў Бог прасьцяг небам. І быў вечар, і была раніца, дзень другі.
  8. Бог сказаў: “Хай зьбярэцца вада з-пад неба ў адно месца, і хай зьявіцца суша”.

І было так.

  1. І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
  2. Бог сказаў: “Хай праросьціць зямля расьліны: траву, што сее насеньне, пладовыя дрэвы, што даюць плады паводле свайго роду, у якіх іх насеньне на зямлі”. І было так.
  3. І зямля вывела расьліны: траву, што сее насеньне паводле свайго роду,

і дрэвы, што даюць плады, у якіх насеньне паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

  1. І быў вечар, і была раніца, дзень трэці.
  2. Бог сказаў: “Хай будуць сьвяцілы на прасьцягу неба, каб аддзяляць дзень ад ночы, і хай будуць знакамі і для пораў году, і для дзён і гадоў,
  3. і хай будуць сьвяціламі на прасьцягу неба, каб сьвяціць на зямлю”. І было так.
  4. Бог зрабіў два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае кіраваць днём, і сьвяціла меншае кіраваць ноччу, і зоркі.
  5. І зьмясьціў іх Бог іх на прасьцягу неба сьвяціць на зямлю,
  6. і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
  7. І быў вечар, і была раніца, дзень чацьверты.
  8. Бог сказаў: “Хай узварушыцца вада рухам душы жывой, і хай птушкі палятуць над зямлёю, над абліччам нябёснага прасьцягу”.
  9. І стварыў Бог цмокаў вялікіх і ўсякую душу жывую, паўзуноў, якімі варушыцца вада, паводле іх роду, і ўсякую птушку крылатую паводле яе роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
  10. І блаславіў іх Бог, сказаўшы: “Пладзецеся і множцеся, і напаўняйце ваду ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі”.
  11. І быў вечар, і была раніца, дзень пяты.
  12. Бог сказаў: “Хай выведзе зямля душу жывую паводле яе роду: зьвяроў, паўзуноў і зямных жывёл паводле іх роду”. І было так.
  13. І зрабіў Бог зямных жывёл паводле іх роду і зьвяроў паводле іх роду, і ўсіх паўзуноў земляных паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
  14. Бог сказаў: “Зробіма чалавека паводле нашага вобразу, як нашае падабенства; і хай пануюць над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябёснымі, і над зьвярамі, і над усёй зямлёю, і над кожным паўзуном, што поўзае па зямлі”.
  15. Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчынскім і жаночым стварыў іх.
  16. І блаславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: “Пладзецеся і множцеся, напаўняйце зямлю і авалодвайце ёю, і пануйце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябёснымі, і над усімі жывёламі, што поўзаюць па зямлі”.
  17. Бог сказаў: “Вось, Я даю вам усялякую траву, што сее насеньне на абліччы ўсяе зямлі, і ўсялякае дрэва, якое дае плод, дрэва, што сее насеньне; гэта будзе ежаю вам,
  18. і ўсім зямным жывёлам, і ўсім нябёсным птушкам, і ўсім, што поўзаюць па зямлі,

у кім жывая душа, усю зеляніну і траву на ежу”. І было так.

  1. І ўбачыў Бог усё, што зрабіў; і вось, гэта вельмі добра. І быў вечар, і была раніца, дзень шосты.

2:1. І былі завершаныя неба і зямля і ўсе іх сілы.

  1. І завершыў Бог на сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і спачыў на сёмы дзень ад усяе працы свае, якую зрабіў.
  2. І блаславіў Бог сёмы дзень, і асьвяціў яго; бо ў ім спачыў ад усяе працы свае, усяго таго, што стварыў Бог, зрабіўшы.
  3. Вось радавод неба і зямлі па стварэньні іх.

 

Выбраныя каментары

Верш 1:1

  • стварыў. Гебрайскі дзеяслоў bara (бара) традыцыйна перакладаецца як “стварыў”. Ён ужываецца ў гэтым тэксце сем разоў і ёсць адным з структураўтвараль­ных слоў. Суб’ектам гэтага дзеяслова нязменна выступае Бог. Некаторыя сучасныя біблістычныя даследаванні пераканаўча паказваюць, што bara ва ўсіх сямі ўжытках значыць не “стварыў”, а “раздзяліў” – у сэнсе стварэння адрозных касмічных адзінак на месцы аднае гамагеннае праявы. Такое прачытанне шмат у чым мяняе касмаганічную карціну. У гэтым перакладзе мы засталіся з традыцыяй, але спадзяемся да далейшыя даследаванні і новыя аргументы.

 

  • Бог. “Бог” – гэта традыцыйны пераклад слова elohim (элогім), што літаральна значыць “багі”. Назоўнік стаіць у множным ліку, але ўжываецца з дзеясловамі адзіночнага ліку. Слова “Бог” у перакладах не адпавядае сутнасці арыгінала, але адэкватнай замены яму папросту няма. У Гебрайскай Бібліі ёсць дзве магчымасці сказаць “Бог”: паралельна ўжываюцца слова el (эль) – гебрайскі варыянт паўночна-заходнесеміцкага il (іль), і ўласна гебрайская адаптацыя гэтага слова, eloah (элоаг). Абодва словы ўжываюцца шырока, як у адзіночным, гэтак і ў множным ліку. “Элогім” – гэта множны лік ад “элоаг”.

“Элогім” можа значыць родавую назву, г.зн. “Бог”, асабовае імя або фармальны тытул боства. Магчыма, граматычны “адзіночны абсалютны” ў множным ліку слова “Элогім” пакліканы пазначыць боскасць Элогіма, якая выключае любыя іншыя боскасці, або наадварот, улучае ў сябе ўсіх магчымых іншых багоў з іх поўным распусканнем у асобе Элогіма – новае боскае адзінкі, поўні боства.

 

  • неба і зямлю. Найменне Элогіма выражае ўнікальнасць ягонай пазіцыі ў сусвеце – і ў абсалютным сэнсе, і ў дачыненні да ўсяго, што існуе. Гэтыя дачыненні і сфармуляваныя ў першым вершы:

 

Напачатку стварыў Элогім

неба і зямлю.

 

Словы “неба і зямлю” (ethašammajim weethaare) найлепш разумець у святле старажытнага, але добра вядомага біблійным аўтарам сумерскага тэрміну anki (“неба-зямля”), якое пазначае сусвет як цэлае, усё, што існуе. Пара “неба і зямля” ўтвараюць мерызм, г.зн. бінарную апазіцыю, якая ахоплівае цэлае. Тое, што створана Элогімам “напачатку”, – гэта сусвет, прычым сусвет, патэнцыйна падзяляльны на дзве часткі – šammajim (шаммайім) і ere (эрэц), неба і зямлю.

Сэнс уступнага сказа датычна Элогіма ў тым, што ён – творца ўсяго і, адпаведна, ёсць па-над і па-за ўсім; ён не залежны ні ад чога, тады як усё залежыць ад яго, бо ўсё прыйшло да быцця ад Элогіма, праз Элогіма і воляю Элогіма, абсалютнага Бога.

Элогім адзіны дзейнік усяе гісторыі, адзіны касмаганічны герой. Тым не менш, тэкст анічога не гаворыць пра самога Элогіма. Ягоная індывідуальнасць, асабовыя характарыстыкі ці нават касмічныя функцыі застаюцца па-за межамі аповеду. Асноўным – і адзіным – вызначэннем Элогіма ёсць тое, што ён – творца свету. І, што не менш важна, ён ёсць адзіным творцам усяго, дызайнерам і выканаўцам, дойлідам і будаўніком у адной асобе. Ён ёсць адзіным Богам.

 

Верш 1:2

Гэта адзін з самых складаных для перакладчыка вершаў ва ўсёй Гебрайскай Бібліі. Апроч таго, што тут ужываюцца словы, значэння якіх біблісты добра не разумеюць з прычыны іх слабой атэставанасці ў гебрайскіх тэкстах, тут яшчэ і сэнсы або адценні сэнсаў ствараюцца гукапісам, алітэрацыямі, якія ў Бібліі часта ўжываюцца на месцы этымалогій. У пошуку семантычных адпаведнікаў перакладчык траціць сам вобраз, дзеля стварэння якога і выбіраліся моўныя сродкі.

 

  • І зямля была голая і кволая. Па-гебрайску стан навастворанай, але яшчэ бязладнай зямлі сфармуляваны двума кароткімі рыфмаванымі словамі: tohu wabohu (wa – гэта злучнік “і”). І калі tohu (тогу) сустракаецца ў Бібліі, апроч гэтага верша, 19 разоў са значэннем пустаты, закінутасці, спусташэння і марнасці (словаў ці аргументаў), то bohu (богу) сустракаецца толькі двойчы, у Ярэмы 4:23, дзе ўжываецца гэты самы выраз tohu wabohu, і яшчэ ў Ісаі 34:11, дзе кантэксту не дастаткова, каб зразумець яго дакладнае значэнне, хаця карціна ўсяго верша – спустошанасць. Сэнс пары тогу-богу перш-наперш у тым, што кожнае слова дублюе і ўзмацняе другое, гэта нейкі ўстойлівы выраз, якім характарызуюць непрыглядны стан рэчаў. Тут ён ужыты дзеля стварэння яркага эмацыйнага вобраза хаосу, якім была зямля. Ідэальна было б перакласці гэты дуплет аналагічным дуплетам з кароткіх рыфмаваных слоў, і мы пакуль спыніліся на варыянце “І зямля была голая і кволая”. Гэтую пару прапанаваў светлай памяці Зміцер Саўка. Таксама разглядаліся варыянты пары да “пустая”: глухая / нямая / сляпая / сухая / худая / нежывая / ніякая / парожняя. Дарэчы, апошні варыянт, “пустая і парожняя” выбралі ўкраінскія перакладчыкі. Магчыма, аднак, што лепей будзе ўзяць менш яркую, але больш семантычна адпаведную тогу-богу пару “пустая і голая”.

 

  • і вецер Божы веяў. У гэтай касмаганічнай карціне свету высвечваюцца чатыры статычныя элементы першаснага хаосу, якія Элогім будзе ўжываць і трансфармаваць у алхімічным працэсе стварэння космасу: зямля, цемра, бездань і вада. Апроч іх тут знаходзіцца боская энергія – ruach elohim, “вецер Элогіма”. Слова жаночага роду ruach (руах) найчасцей перакладаюць як “дух”, але гэта справядліва настолькі, наколькі дух разумеецца як турбулентая сіла, і не як метафізічная катэгорыя. Руах найперш значыць “вецер”, і ў іншых тэкстах Бібліі, якія паклікаюцца рыхтык на гэтую гісторыю стварэння, слова руах немагчыма перакласці іначай чым “вецер”: у гісторыі Паводкі, дзе адбываецца касмічны працэс ад-стварэння, г.зн., знішчэння ўсяго створанага, вельмі многа простых адсылак і алюзій на гэтую гісторыю стварэння, усе элементы, згаданыя ў гэтым вершы і трансфармаваныя ў наступных, “адрабляюцца” там падчас сусветнага катаклізму, а спыняе Паводку вецер (руах), насланы Богам, адзіны застаючыся стваральнай, а не разбуральнай сілаю. Таксама ў Псальме 104 (па Сэптуагінцкім падзеле 103), гаворка ідзе пра Бога – тварца свету, які “ходзіць на крылах ветру (руах)”. Прыкладаў многа, але не ў гэтым галоўная складанасць.

Вецер-руах – адзіны нейкім чынам дзейсны суб’ект у гэтым вершы, дзе зусім няма дзеясловаў. Элементы хаосу велічна статычныя, і толькі ветру Элогіма ўласцівая пэўная актыўнасць. Тое, што ён робіць, акрэсліваецца ў вышэйшай ступені нестандартным дзеепрыметнікам merachephet (мерахэфет, нешта накшталт “варушыўшыся”). Ён атэставаны ў Бібліі яшчэ горш за bohu. У Ярэмы 23:9 дзеяслоў rachaph (рахаф) стаіць у іншым залогу і мае значэнне накшталт трымцення. У Другазаконні 32:11 ён апісвае дзеянне арла, які завісае над гняздом, распасцершы крылы над арлянятамі. Рух, які дазваляе арлу заставацца нерухомым.

“Птушыная” сувязь тут невыпадковая. Кагнітыўнае руах арабскае слова рух азначае касмічную птушку, з яйка якое нараджаецца свет. Уся карціна стварэння першых вершаў Кнігі Роду 1 перагукваецца з егіпецкай гісторыяй стварэння, тонка дыспутуючы з ёю, але прымаючы яе асноўныя вобразы. У гэтай карціне вялікая касмічная птушка крычыць над нерухомай паверхняю спрадвечнага хаосу, і яе крык спараджае рабізну, зрушэнне на абліччы хаосу, і ў выніку чатыры пары хаосавых персаніфікацый – вада, цемра, бясконцасць і нябачнасць – прыходзяць ва ўзаемадзеянне, і ўспыхвае Полымя, даючы пачатак космасу. І ў нашай біблейскай касмагоніі вецер варушыцца і парушае (як птушка крыламі) нерухомасць чатырох першаэлементаў – энергія, якая ажыўляе матэрыю.

Аднак найважнейшай акалічнасцю ў падборы слова, якое пазначае сутнасць акрыўрасці руах, была сугучнасць паміж абодвума словамі. Рахаф алітэрацыйны з руах, і ў спалучэнні слоў руах мэрахэфэт гучыць упершыню адна з найважнейшых ідэяў гэтага тэксту, якая выражаецца лінгвістычнымі сродкамі: у працэсе стварэння задаюцца асноўныя функцыі ўсіх з’яў і суб’ектаў свету, іх самыя базавыя здольнасці. Дзеля дасягнення эфекту базавасці дзеяння, у тэксце паслядоўна ўжываецца той самы стылёвы прыём: словы, якія падбіраюцца для дзейніка і выказніка, аднакарэнныя або, пры немагчымасці аднакарэннасці, алітэрацыйныя (як тут). Гл. каментар на верш 1:20. Такім чынам, у перакладзе слова для мэрахэфэт мусіць быць сугучным слову для руах. Мы прынялі пару “вецер веяў”. Варыянтам магло б быць “вецер віўся”.

  • над абліччам безданінад абліччам вады. Многія пераклады прапускаюць адно ці абое “абліччы”. Па-гебрайску выраз cal penē (аль пенэ) літаральна значыць “над абліччам”, “над тварам”, але можа значыць і “над паверхняю”. У гэтай касмаганічнай карціне двойчы ўжытае “аблічча” стварае ўнутраную сувязь паміж безданню і вадой, і ў выніку паўстае дадатковы вобраз дзвюх спрадвечных існасцяў, дзвюх безданяў – верхняй і ніжняй, – якія глядзяцца адна ў адну.

 

Верш 1:20

  • Хай узварушыцца вада рухам душы жывой. Слова šara (шарац) значыць “варушыцца”, “зьвівацца”, а таксама “кішэць” у сэнсе незлічонай множнасці. Субстантыў šеrе (шэрэц) узмацняе гэты вобраз. Рэч ідзе пра “экалагічны вялікі выбух”: вада раптам робіцца поўнаю жыцця, і вось – дзе паўставалі дасканалыя касмічныя структуры і адбываліся ўрачыстыя трансфармацыйныя дзеі, там раптам у адначассе забруілася, завіравала, заварушылася разнастайнае жыццё, і ўсё існае набыло цалкам іншыя сэнсы.

Словы шарац і шэрэц аднакарэнныя і выражаюць тую самую ідэю. Гэта стылёвы прыём, пачаты параю (тут алітэрацыйнаю, а не аднакарэннаю) ruahmerahephet (руах мэрахэфэт ,“вецер вее”, в. 2), працягнуты парамі jiqqawumiqweh (йіккаву-міквэ, “збярэцца ў збор”, в. 9 і 10), tadšе’-dešе’ (тадшэ-дэшэ, “праросціць расліну”, в. 11) і mazrijaczerac (мазрыя-зэра, “сеяць насенне”, в. 11 і 12, і потым яшчэ двойчы тое самае ў іншай граматычнай форме, zoreaczerac (зорэа-зэра) у в. 29), потым вось гэтай параю šarašеrе і ў гэтым самым 20-м вершы – cophjecopheph (оф-йеофэф, “лятун паляціць”), і завершыцца ў в. 26 параю haremеś-haromeś (гарэмес-гаромес, “паўзун поўзаючы”).

 

Верш 1:27

  • мужчынскім і жаночым. Словы zakar uneqebah (захар у-нэкева, у – гэта злучнік “і”) аніяк не значыць “мужчыну й жанчыну”, якіх мы знаходзім у іншых перакладах. Тут гэта хутчэй універсальныя родавыя (полавыя) пазнакі жывых істот, як, напрыклад, ангельскія male and female. Па-беларуску няма слоў, якія б падыходзілі і чалавеку, і жывёле. Аднак для разумення тэкста важна захаваць універсальную родавую бінарнасць, якая ёсць кульмінацыяй шматузроўневай унутранай напругі ў вершах 26 і 27, дзе асноўны фокус утрымліваецца на “вобразе Элогіма”, паводле якога ён стварае чалавека. Захар у-нэкева ёсць пэўнай развязкаю інтрыгі, якая трымае чытача ў напружанні, датычнай таго, хто такі Элогім. З аднаго боку, як ужо было адзначана, ён – адзіны дзейнік на касмаганічнай сцэне. З другога боку, калі ён адзіны раз гаворыць пра сябе, то ўжывае множны лік, “Зробіма чалавека паводле нашага вобразу, як нашае падабенства” (в. 26). У вершы 27 слова “вобраз” паўтараецца двойчы без перапынку, што стварае напругу чакання, што ж гэта за вобраз. Апошняя фраза верша рытмізаваная і ўтварае паралелізм, тыповы для семіцкай паэзіі, дзе ў двувершы другі радок паўтарае першы, змяняючы ці ўдакладняючы дэталі:

 

beelem elohim                                 baraʼ oto

zakar uneqebah                        baraʼ otam

 

бэцэлем элогім                         бара ото

захар у-нэкева                          бара отам

 

На вобраз Элогіма                   стварыў яго,

Мужчынскім і жаночым         стварыў іх.

 

Такім чынам, вобразам Элогіма выступае, апроч іншага, бінарнасць як асноўны канстытуцыйны прынцып тварца – гэта значыць, унутраная здольнасць мець, спалучаць, раздзяляць два бакі, два полюсы, толькі ў напрузе паміж якімі можа зараджацца жыццё.

Стваральнік выступае прататыпам свайго стварэння. Гісторыя, якая нічога не гаворыць пра самога Элогіма, раскрывае ягоны характар праз адбітак – ягоны вобраз і падабенства, удрукаваны ў прыродзе створанага ім чалавека. Свабодная, узнёслая і абсалютна аўтаномная натура Бога праяўляецца ў самой мэце стварэння людзей, ім самым сфармуляванай у вершы 26 і паўторанай у блаславенні ў вершы 28: кіраваць створаным светам і ўсім, што ў ім ёсць. Той, хто стварыў свет і прызначыў для яго кіраўніка, мусіць сам быць суверэнным касмічным уладаром. З іншага боку, ён нічога не патрабуе ад людзей. Людзі не мусяць ніякім чынам, ніякім служэннем плаціць яму за сваё права валодаць дадзеным ім светам. Яму нічога ад іх не трэба. Незалежны, аўтаномны, самадастатковы Бог стварае незалежных, аўтаномных, самадастатковых людзей, вольна аддае ўсіх астатніх істот пад іх нагляд і нічога не патрабуе ўзамен.

(Працяг будзе)

 


Апублікавана

у