…Тое, што потым здалёк успамінаецца як шчасьце…

— Янка Брыль

Шаноўныя аўтары і чытачы! Мы вырашылі аднавіць-рэанімаваць нашую даўнюю апытанку для літаратараў – анкету «Дзеяслова» – якая цягам 2005-га года друкавалася на нашых старонках. За гэты час багата чаго змянілася. Нямала цудоўных аўтараў, якія тады бралі ўдзел у анкеце, адышло ў Вечнасць. Змяніўся, разам з часам, і часопіс. Але галоўныя пытанні Літаратуры засталіся ранейшымі, і адно з цэнтральных сярод іх – чым ёсць з’ява творчасці, у чым яе феномен. Іншымі словамі, з чаго «вырастаюць» вершы, паэмы, аповесці, драмы, раманы… Вось жа, да вашай увагі – развагі актуальных беларускіх літаратараў на гэты конт. І не толькі.

Вашыя «дзеяслоўцы»

  1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

Творчасць, прынамсі, мая, уключае ў сябе ўсе гэтыя паняткі, толькі ў розных прапорцыях і ў залежнасці ад узросту, пары года і часу сутак. Напрыклад, у 23 гады ў Крыме, дзе пісаў сваю першую аповесць, раніцамі сярод спеву птушак, вінаграду, персікаў і мора, гэта было нябесным прызваннем, дарам Божым, а ў 35 год, у 10-й бальніцы, у адзіночнай палаце афтальмалагічнага аддзялення, калі задумваў і пракручваў у галаве першыя раздзелы “Афганскай шкатулкі”, – прафесійнай звычкай, бо грэх было не скарыстацца такімі ідэальнымі ўмовамі. Анкета для “Дзеяслова” – хобі, а інтэрв’ю для “Народнай волі”– грамадскі абавязак. І г.д.

Да пісання падштурхнула ўзніклая недзе ў раёне 11 гадоў абсалютная вера, што акрамя гэтага жыцця ёсць яшчэ іншае, якое ці то было, ці то будзе, і ад таго адчуванне шчасця, незямнога, настолькі поўнага, што яго нельга трымаць у сабе, а трэба было дзяліцца ім. Так пачалі стварацца школьныя вершы, нейкія замалёўкі і абразкі. Першае апавяданне напісалася даволі позна, пасля войска, у 1986 годзе. Далей – па шаблоне дэбютанта-пачаткоўца. Часопіс “Маладосць”, чатыры сталы, за якімі чатыры мужчыны: Г. Далідовіч, В. Гігевіч, У. Дамашэвіч і У. Саламаха. І вось у літаральным сэнсе з чатырох куткоў да мяне несліся кампліменты, якіх я не чуў ні да гэтага, ні пасля, ад якіх плыла і кружылася галава. Пісьменнікі таго пакалення, самі шчодрыя душой і талентам, не баяліся патэнцыяльных канкурэнтаў, таму ўмелі і любілі пахваліць. Крыху пазней узяўся за мяне ў плане пісьменніцкага выхавання А. Бяляцкі, затым А. Сыс, – але гэта ўжо іншая гісторыя.

 

  1. У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

Чыста фізічна твор пішацца ці набіраецца (у мяне толькі раніцамі) роўна столькі, колькі чытаецца. Апа­вяданне хвілін 10-15, раман ці аповесць – некалькі дзён. Увесь астатні час гэта выношваецца і, як трапна заўважыў Л. Галубовіч, выходжваецца, г.зн. ствараецца не столькі тэхнічнымі пры­ладамі, колькі галавой і нагамі. Чаму ж прафесія пісьменніка самая лепшая ў свеце? – бо дзе б ты ні быў, чым бы ні займаўся, усё тваё заўсёды з табою.

Зараджэнне твора ўзнікае ў пад­свядомасці і залежыць ад збегу мноства дэталяў. Стары фільм, знаёмая музыка, пах, вобраз, партрэт, малюнак прыроды, твар незнаёмага чалавека, ад якога працінае ўспамін пра гісторыю, звязаную з падобным на яго. Калі гэта супадае, успыхвае імгненны малюнак – за раз, цалкам бачыш усё апавяданне ці ўвесь раман. Трывае яно некалькі хвілін. Што запомніў, тое тваё. Усё астатняе – натхненне, якое ўключае ў сябе і нудную чарнавую працу.

Наогул працэс стварэння мастацкага твора настолькі інтымна-ўрачысты, што ўжо сам па сабе з’яўляецца моцна­дзейным стымулятарам. Таму штучнае падсцёбванне сябе цыгарэтамі, спіртным ці, сама горш, музыкай – і лішняе, і блюзнерства.

 

  1. Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

У любой іншай сферы чалавечай дзейнасці выпрацаваныя навыкі, прыёмы, “сакрэты кухні” – словам, вопыт, – з’яўляюцца найважнейшымі складнікамі поспеху. Але не ў мастацкай літаратуры. Гэта такая ўнікальная рэч, такі занятак, пры якім вопыт не толькі не памагае, а шкодзіць.

Славутая боязь чыстай белай паперы ці пустога манітора. Кожны раз як першы раз. Але пакрысе голае поле засяваецца словамі, фразамі, абзацамі, пачынае ўлоўлівацца рытм; усё гэта для пісьменніка не проста важнае, а неабходнае, як для кампазітара валоданне нотнай граматай. Тое самае з даведачнай літаратурай, слоўнікамі і энцыклапедыямі. Гэта не прыдатак, а абавязковыя атрыбуты творчасці.

 

  1. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

Рэалізацыі творчых задум спрыяе, калі наперадзе хоць невялікая радасць: рыбалка, вандроўка, грыбы, мора; а сама лепш, калі нешта раней напісанае ўжо ляжыць у рэдакцыі ці ў выдавецтве і чакае свайго часу. Перашкаджае, як ужо адзначалася, ціск вопыту, – так хочацца зноў стаць пачаткоўцам.

Зайздрошчу калегам, якія ўмеюць не звяртаць увагі на крытыку (кшталту, “мне ўсё адно, я не чытаю, мне па ба­рабане”), хоць і сумняваюся, што яны да канца шчырыя. А ўвогуле практыка слухаць толькі сяброў і прыхільнікаў сумніўная. Сябры многага не скажуць. Між тым карыснымі бываюць толькі горкія пілюлі.

Адсюль у мяне і манія перапісвання. Я перастаю любіць свой твор адразу пасля таго, як ён скончаны, таму ста­раюся не браць у рукі свае кнігі, бо імгненна “пальцы просятся к перу, перо к бумаге” – хутчэй перапісаць.

Зрэшты, гэтая цяга да ўдасканальван­ня хутчэй правіла, чым выключэнне. Калі звярнуць увагу на каментары ў канцы якога-небудзь збору твораў ці выбранага, амаль у кожным можна прачытаць: “па­ней твор быў істотна перапрацаваны аўтарам, унесены шматлікія стылёвыя, сінтаксічныя і граматычныя праўкі”.

 

  1. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

На жаль, я не аматар уласнай творчасці. Не атрымалася многае, найбольш п’есы і кінасцэнарыі. Атры­маліся, думаю, падлеткавыя аповесці. Што да біяграфіі, якія б эпізоды хацеў перажыць – увесь перыяд ад 11 да 13 гадоў. Усё спрэсавалася там: прырода, літаратура, першае каханне, невымернае шчасце. Каб мог, не толькі паўтарыў бы, а застаўся б там жыць. Цікава, што ўжо тады, у тым залатым падлеткавым узросце, я ведаў ці, прынамсі, часта бачыў у сне або наяве ў імгненных азарэннях усе свае будучыя кнігі. Потым заставалася толькі ўспомніць іх і запісаць. Гэта не значыць, канечне, што я пісаў з натуры. На творчасці адбіваўся толькі настрой, нейкая проста цяжарнасць шчасцем і прага дзяліцца ім.

Дарэчы, калі спрабуеш пісаць, “як яно на самой справе было”, аўтабіяграфічна – рэдка атрымліваецца штось людскае. Калі ж ствараеш новы, прыдуманы свет – пішацца цяжка, затое чытаецца лёгка, і рэч выходзіць больш даўгавечнай.

 

  1. Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пі­шацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

Дзённікі даволі падрабязна вёў з 1986 па 2020 год, перыядычна нішчыў і паліў, але, думаю, яшчэ засталося больш за тысячу старонак. Яны не столькі літаратурныя, колькі псіхааналітычныя. Там даволі падрабязна апісаны працэс самаўдасканальвання, “па кроплі вы­ціскання з сябе раба”. Па меры таго, як пазбавіўся ад алкаголю, тытуню, гнятлівых думак, патрэба ў дзённіках таксама адпала. Але не адпала звычка “ні дня без радка”. Па-мойму, выдатнае правіла. “Раз словечко, два словечко – будет песенка”… Проста гімн бяс­крыўднаму графаманству.

 

  1. Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?
  1. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

Па родзе заняткаў – як пісь­менніку, па прафесіі – як рэдактару, па адукацыі – як бібліятэкару-бібліёграфу мне проста неабходна быць у курсе хаця б асноўных літаратурных падзей, старацца праглядаць усё, што можна. Тым больш, яшчэ з малых гадоў у мяне выпрацавалася ўменне чытаць многа і хутка. Пры чытанні ніколі не варушыў вуснамі, не загінаў куточак старонкі перад сном і не ўстаўляў у кнігу закладку, каб запомніць, на якім месцы спыніўся.

На працоўным стале ў мяне заўсёды 7-8 кніг. Адны перачытваю, другія чытаю, трэція прабягаю. У дадзены момант зверху ляжыць Мантэнь, знізу “Дзеяслоў” з сімпатычным апавяданнем дэбютанта У. Машанскага “Варвар”, якое нечым нагадвае самабытную прозу майго цёзкі і земляка, выдатнага пісьменніка А. Горвата.

Сучаснай беларускай літаратуры, на маю думку, акурат не хапае сама­бытнасці. Адчуванне, што нейкая яна не беларуская, а як бы перакладная. Але гэта не галоўнае, вядома. У цэлым, упэўнены, наша літаратура яшчэ пакажа сябе свету. Яна пакуль як дзяўчынка-пяцікласніца ў параўнанні, да прыкладу, з ужо састарэлай рускай літаратурай, якая абапіраецца дрыготкімі рукамі на кій і ўзіраецца ў мінулае падслепаватымі вачамі. У першай усё наперадзе, у другой усё ззаду.

А што пажадаць пачынаючым? Нічога. Хіба што пазайздросціць ім.

comments powered by HyperComments