Пра Хвядоса-стралка, здатнага дзецюка (Фрагмент) Пераклад з расейскай мовы Макса ШЧУРА.
Скамарох-весялун Верце ці не верце, а жыў на белым свеце стралок Хвядос – сама хвацкасць ды маладосць. Выглядаў Хвядоска не брыдка й не боска: ні румяны, ні бледны, ні багаты, ні бедны, ні ў псоце, ні ў злоце – звычайны, дый годзе. Абавязкі стралковы – рыбалка ды ловы. Цару дзічына, Хвядос – малайчына. У цара гасцей – што ў рыбе касцей. Адзін з Швецыі, другі з Грэцыі, трэці з Гавай – і ўсім есці давай! Таму амараў, сяму кальмараў, каму сардзін – а здабытчык адзін! Ледзь на дзень узялося, гукаюць Хвядоса: кліча прыганяты ў царскія палаты! Цар – сам апенька, мазгоў жменька, але злосці ў цара аднекуль – гара. Глядзіць на Хведара, як пятніца на сераду. Ад страху ў Хведара пот з-пад швэдара, грукат у чэрапе, буркат у чэраве – тут, што называецца, казка й пачынаецца…
Цар Тут пасол ад англічан На расол да нас прымчаў, А карміць яго няма чым, Хлеба й костак апрача.
Выпраўляйся, братка, ў гай, Ды яства нам нацягай – Хоць глушца, хоць курапатку – Нам без розніцы, бадай.
А як не – не вінаваць: Я цябе павінен сцяць. Тут дзяржаўнае пытанне – Цяміш, што хачу сказаць?
Хвядос Я ж яшчэ не страціў клёк, Каб такога не прасёк! Не абораю хлеб крою, Разумею твой намёк.
Быць або не быць… вайне – Вызначаць выключна мне: Не здабуду курапаткі – Край навала паглыне!
Каб ангельскага пасла Лютасць нашча не ўзяла, Галавы не пашкадую: Будуць стравы да стала!
Скамарох-весялун Загад цароў – цвярдзейшы ад сухароў. Пашле па мядзведзіцу – пойдзеш па мядзведзіцу, бо трэба, куды ж Хвядоска падзенецца! Або ўпалюй звера – або паля ці сякера. Абышоў ён абшар у сто лясоў, сто імшар, а ўсё дарма – здабычы няма! Стома бярэ, ноч на дварэ. Знайшоў, не знайшоў – а трэба дамоў. Раптам бачыць – птушка, галубка-вуркатушка, сядзіць, не хаваецца, ружжа не лякаецца…
Хвядос Што за кляты дзень такі – Звер джгануў на ўсе бакі… Дык падстрэлю вунь галубку: Пачастунак хоць які!
Дый, агулам беручы, Ад глушца яе, лічы, На талерцы не адрозніш, Як з падліўкай запячы!
Галубка Не чапай мяне, стралок, Бо не велькі будзе толк – Мной падушкі не напхаеш, Не напоўніш казанок.
Для заморскіх для дваран Лепш цялушка ці баран, А ўва мне – якое мяса? Так, не мяса – смех курам!
Хвядос Ці то пах падзьмуў п’янкі, Ці юраць лесавікі, Ці ўвушшу ў мяне, крый божа, Вывіх здарыўся які?
Ці то сёння заранёў Цар парадак новы ўвёў: Гаварыць па-людску птушкам, Не ўжываць птушыных моў?
Галубка Не рабі бяды, Хвядос – Лепш дамоў мяне б занёс. Як парог мы пераступім – Свой спаткаеш шчасны лёс.
Буду праць і цыраваць, Крыўды буду дараваць, Гатаваць, блашчыц выводзіць І на скрыпцы шчыраваць!..
Хвядос Дзіўна – што за нелады?.. Ат, жыві – такой бяды!.. Гайда ў торбу: дома скемім, Хто, навошта і куды!
Скамарох-весялун Прынёс Хвядос пярнатку ў сваю, значыць, хатку. Сядзіць скрушны, галаву ўгнуўшы. Падставай маркоты – сур’ёзныя турботы. Не выйшлі ловы – Хвядоса ў ковы, цар не жартуе, насмерць закатуе. Сядзіць Хвядос панылы, рыхтуецца да магілы. Згадаў пра птушку, лясную вуркатушку. Глядзіць – а каля грубкі замест галубкі стаіць гожая дзяўчына, гонкая, бы асіна!..
Марыся Хвесь, вітаю!.. Ты ды я – Мы цяпер адна сям’я. Не журыся! Я – Марыся, Жонка верная твая.
Што ж ты, дружа, – анямеў? Скамянеў – ні бе, ні ме… Ці ж каптур або сукенка Непрыгожыя на мне?
Хвядос На цябе, мой галубок, Я б глядзець бясконца мог, Толькі не наканавана Нам пабрацца, трасца ў бок!..
Быў я сёння на зары Пры царовым пры двары, І задаў мне цар заданне: Так і так, глушца прыпры!
Хай дзічыне й не пара – Не вярэдзіць лепш цара. Згода, думаю, здабуду, Дзякуй хоць, што не зубра. Прабадзяўся я ўвесь дзень, А здабычы – хоць бы цень: Аніводнай людскай птушкі, Дробязь нейкая і дрэнь!..
Так што зараз жанішку Не да скокаў на лужку. Цар сказаў: “Глушца не знойдзеш – Заўтра голаў адсяку!”
А ці ж буду я такім Запатрабаваны кім? Палягае ўвесь мой цымус Толькі ў розуме маім!..
Марыся Ат, да сэрца не бяры – Будзе ежа пры двары! Ціт Кузьміцкі й Хрол Фаміцкі – Мне на вочы, раз-два-тры! (Марыся пляскае ў ладкі – з’яўляюцца два дужыя малойцы.) Як уцямілі ў чым брак – То парупцеся, раз так!
Малойцы Не турбуйся, гаспадыня, Досвед маем, як-ніяк!..
Скамарох-весялун А цар ды дыпламат за стол селі акурат. Цароўна з нянькай – тут жа, па сняданку тужаць. Усе чакаюць ад Хведара пачастунку наеднага. Патрэбны для гавэнды добры стол бяседны! А на стале пуста: морква ды капуста, пятрушка ды кмін – не пір, смех адзін. Госць пазяхае, батфортам віхае, у абрусе дзюрачкі прапіхае. Цар сам не заўважае, як Хвесю пагражае й матку ягоную зневажае. Тут, бы з неба – каравай хлеба, ікра, балык, тушаны індык, сцярляджая юшка, флякі з цялушкі, і такой во смачнішчы – найменняў да тышчы! Пры гэткай бяседзе – як не быць гавэндзе!
Цар Нас цікавіць пазарэз Навуковы ваш прагрэс: Як у вас там бручку сеюць – Са шкарлупінай ці без?..
Пасол Ес!
Цар Нас цікавіць пазарэз Стрававальны ваш працэс: Як у вас там п’юць какаву – З сухарынаю ці без?..
Пасол Ес!
Цар Нас цікавіць пазарэз І такі яшчэ замес: Як у вас там ходзяць бабы – Ці то ў майтках, ці то без?
Пасол Ес!
Нянька Памаўчаў бы пры гасцях, Ці ўжо розумам зачах? У цябе ж пра баб выключна Кожнай гутаркі працяг!
Цар Зноў ты ў тую ж дзьмеш сурму? Змоўч, ці пойдзеш у турму! Я ж у палітычных мэтах Галаву дуру яму!
Дзеўцы год пайшоў які, А лядачая, як кій! Вось і мкнуся я завабіць Амбасадара ў зяцькі!
Каб уцяміў ён намёк, Не пакрыўдзіўся й не ўцёк, Трэба тонка падыходзіць – Несур’ёзна і здалёк.
Нянька Ды за гэткага пасла Я б і тое не пайшла! Так і зіркае, падлюка, Дзе б што стырыць са стала!
Ён табе ўсё “ес” ды “ес”, А тым часам есць ды есць. Адвярніся – скарб дзяржаўны Праглыне імгненна ўвесь!
Цар Рот зашый і не брашы, Ці з палацу прэч чашы! Праз цябе ўжо паўцякалі Ад мяне ўсе аташы!
Кагадзе быў шпанскі гранд – Гэткі моднік, гэткі хрант, Па брыльянце ў кожным вуху – Чым табе не варыянт?
Ты ж прыклала сілы ўсе, Каб на цвік гішпанец сеў – Ён ад злосці палітычнай Ледзь тады не акасеў!..
Нянька Помню, дзе ж там!.. Гэты гранд Жор усё, што акупант: З галавою ўлез у місу, Аж заляскаў тлушчам бант!
З’есць усё, што не дасі, А спытаеш – “сі” ды “сі” Паўтарае, як той попка, І ўмінае івасі!
Цар Я за гэткі падыход Твой згнаю паганы род! Я з табою не жартую, А зусім наадварот! Вунь, нямецкі феадал Сотні іншых фору б даў, Дык табе ж яго карцела Падбухторыць на скандал.
Як, скажы, яму ў карэц Дохлы трапіўся тхарэц? Ты ж сапраўдная злачынка, Гэта ж можна адурэць!..
Нянька Твой нямецкі феадал Ежу трушчыў, што вандал! Ён і ў зграі крумкачынай Спёр бы, а не галадаў.
Фанабэра – “я-а” ды “я-а”, Сам жа горшы ад звяр’я! Дай салому – з’есць салому, Бо чужая, не свая!..
Цар Ну, шпіёнка, вось вазьму Й запратору – у турму! Наагул, я дзядзька добры, Ды мяжа ёсць усяму.
Вось скажы мне ў пары слоў, Дзе б я мужа ёй знайшоў? Ты ж сама, дурніца, бачыш – Кот наплакаў жаніхоў!
Каб іх тут стаяла раць, Льга было б перабіраць. А як не – хапай любога: Воўку ў зубы не глядзяць!..
Цароўна Калі ты расейскі цар, То ў Расеі і ўладар, А ў мой лёс не сунь ты носа І пра шлюб мазгоў не пар!
Поўны дом тых аташоў – Пад крысом і то б знайшоў. У мяне ад іх парфумы Прыступ ледзь не надышоў!..
Цар Горка рэдзька, ды ядуць, Кепска замуж – ды ідуць. Ды яшчэ ў пытаннях гандлю Трэба татку падмагнуць.
Я пад гэты гаманок Лес ім сплаўлю ды пянёк. Ухваляе ўся грамадскасць – Толькі ты мне папярок!..
Цароўна Колькі б ты сабе ні роў, Я кажу табе ізноў: Самастойная асоба Мае права на любоў!
У замужнія жанкі, Можа, я пайшла б такі, – Калі б твой стралок Хвядоска Папрасіў маёй рукі!..
Цар Цыц, дурніца, не пярэч! Цесту месца там, дзе печ! Ты сальфэджу давучыла? Ну й пайшла ў святліцу прэч!
А нахабніка стралка Я аднаджу, шэльмака: Бізуноў яму прапішуць – Дасць з палацу драпака!..
Скамарох-весялун Збіраць для цара навіны быў генерал павінны. Барадою замаскіруецца – і ў горад кіруецца. Вынюхвае, дзе вядуцца ўсякія іншадумцы. Падслухвае, што чуваць дзе – мо, гавораць аб здрадзе? Дзе што пачуе – у нататнічак занатуе. А роўна а сёмай – у царовай прыёмнай.
Цар Што сумуеш, камандзёр? Вушы ў карты хтось надзёр, Ці мо бражкай абапіўся, Ці дапёк цябе адзёр?
Ці ўжо служба дастае, Ці салдатаў не стае, Ці ў тваёй гармаце руля Працаваць перастае?
Дакладай усё, як ё, Пра няшчасцейка сваё – Мушу ведаць падрабязна: Хто, чаму, нашто й чыё!..
Генерал Быў я ў Хвеські паглядзець Кагадзе, як ён жывець, Ды стральчыху як пабачыў – З ганку ўпаў і ўзняўся ледзь.
Тры дні запар – не брашу! – Шаблі нават не нашу. Гэтак мройнасць разабрала, Што вось-вось аддам душу!
Нават грэшны меў парыў – Ледзьве вершык не стварыў! Лекар кажа, ад кахання У мяне душэўны зрыў!..
Цар Я ўдавец, а гэты цмок Першым жонку прывалок?! Мне ў палац прывезці кралю Без усякіх адвалок!
А стралка на раз-два-тры Змесці прэч з зямной кары, Каб ён болей не надумаў Ацірацца пры двары!
Генерал Кралю мог бы я ўмыкнуць, Ды народ знахабнеў – жудзь! Ім скажы, чыя ідэя, – У труху цябе сцяруць!
Дзёрзкі стаў цяпер народ, Не кладзі ім пальца ў рот, – Мы Хвядоса не шануем, А народ – наадварот!
Цар Ты ў нас гэткі грамацей Штосуботу ці часцей? Ці табе ўсё, як міністру, Патлумачыць папрасцей?
Каб прэтэнзій у людзей Не было да нашых дзей, Дзей выключна па закону, Гэта значыць – тайна дзей!
Ну а я, чаго ўжо там, Не пакрыўджу – ордэн дам! Тут жа выкаваць да заўтра Загадаю кавалям!..
Скамарох-весялун Цэлы дзень ваяр моршчыў потны твар. Вынаходзіў спосаб – як так пазбыцца Хвядоса б? Хацеў думкай бліснуць – ды ўсе думкі кіснуць. Тут пашчасціла яму згадаць пра куму – Бабу Югу, касцяную нагу. Схаджу да яе, хай рады дае!.. А тая сярод дубровы збірае зёлкі, не дровы, атрутны напой прыдумляе новы. Як убачыла генерала – усе гербарыі пагубляла. Так тужыла ў глушы па сваяцкай душы!..
Баба Юга Ты чаго як нежывы? Што не лезе з галавы? Ці то швед ля Пецярбургу, Ці то турак ля Масквы?
Вунь, кары з асіны з’еж – І да часу аджывеш: Я прыроду прапаную, А не хімію табе ж!
Ведай, што ў кары асін Ёсць карысны вітамін, – Ад яго шчэ з генералаў Не загнуўся ні адзін!
Генерал Ды не хворы я, Юга!.. Лепш вавёрак расшугай – Ёсць сур’ёзная размова, То хадзем глыбей у гай.
У стралках адзін хлапец Зух такі, што апупець!.. Я павінен так залатвіць, Каб настаў яму капец!
Калі голаў кат ссячэ – Пагалоска дапячэ… Будзь ласкавая, парай мне, Знішчыць як яго яшчэ?
Баба Юга Баба дзеду варажы: Кляты ў пяты, тры крыжы, Карта віна, дамавіна – Пра стралка мне адкажы!
Раз хапае спрыту ў ім Ваяваць з царом самім, Хай да заўтра вам здабудзе Шыты золатам кілім.
А на ім Расеі каб Быў відаць буйны маштаб. Як кіліму ён не знойдзе – Дык на ім віна была б.
Генерал Во дык бабка! Во дзе ас! Мне б мазгоў тваіх заквас! Хоць вымай цябе са ступы – І міністаркай да нас!
На цара крыўдуе фрыц, Можа кашу заварыць – Дык табе і ў партызанах Я б даверыў спіну крыць!
За дабро плачу дабром: Хоч – куніцай, хоч – бабром, А як не – магу манетай, Золатам ці серабром!..
Баба Юга Годзе, крыўды не чыні – Грошай не вымай ані! Я ж табе не дзеля грошай, Я ж ад чыстай дабрыні.
Ты, як што – адразу ў гай Па падмогу прыбягай. Не звяры ж мы тут, у лесе, Нам прыдацца – толькі дай!..
Скамарох-весялун Кліча цар стралка, здатнага дзецюка. Яшчэ задання не дадзена, а ўжо злуе, як гадзіна. Рукамі сукае, нагамі брыкае, выкаціў бельмы – маўляў, страшны ён вельмі! Такі ўжо порсткі, каб пазбыцца Хвядоскі – ажно ў целе яму ломіць косткі!..
Цар Да відна здабудзь кілім З вышываннем залатым!.. Дзеля гонару дзяржавы Ахвяруй сабой усім!
І каб быў відаць на ім, Як на мапе, Трэці Рым – Ні халеры я не бачу На балькончыку сваім!
А не знойдзеш – дык наўпрост Шлю да ката на памост: Ён на золку на галоўку Твой падправіць лішні рост.
Цалкам твор можна прачытаць у папяровай версіі часопіса “Дзеяслоў” №85. comments powered by HyperComments Базыль
2017-01-21 00:55:50
Цудоўна.
|