…Радзіма сталася таварам! Як на такой Радзіме жыць?..

— Уладзімір Някляеў

ЧУЖЫЯ ВЕРШЫ

 

*  *  *

Жыццё, апроч жыцця, не мае сэнсу.

Пачаткам сэнсу быў зачын жыцця…

 

 

*  *  *

Калі б не літасцівейшы Гасподзь,

я быў бы абсалютна адзінокі…

Аднак жа, зазіраючы ў аблокі,

свайго жыцця разварушыўшы спод,

 

я ўспомню зноў, як пуставаў не раз

абраз на покуце ў бацькоўскай хаце,

і як адтуль, сышоўшы да дзіцяці,

Гасподзь са мной трывожны бавіў час.

Я быў пры Ім, як моль на рукаве,

падточваць намагаючыся ніты,

што ў вечны скрут былі адзіна звіты,

як тое ўсё, што толькі з Ім жыве.

19 траўня 2021

 

 

ЗІМА АЙЧЫНЫ

Снег, сонца, і мароз,

і пространь чыстай белі –

айчынны далягляд…

 

Кроў, боль і бруд

схаваны ад вачэй…

Чакаем часу мы,

каб паквітацца?

 

О, не!

Чакаем квету мы

пунсовых

астр

і

руж…

16 лютага 2021

 

 

ДЗЬМУХАВЕЦ

На зямлі пад небам, дзе Тварэц

сее жыватворнае насенне,

сонцатвары спее дзьмухавец,

незадоўга да свайго ўзнясення…

 

Як вятры высока б ні ўзнялі

дух яго пушыны ў свет вялікі,

прыпадзе ён зноў да той зямлі,

дзе свяціўся тварам сонцалікім.

12 траўня 2021

 

 

РОСПАЧ ГРЭШНІКА

Сяджу на гаўбцы, як голуб нахохлены,

ссушаным ротам задуху ўдыхаю…

Рай нябесны святымі захоплены,

таму я ў пекле зямным здыхаю…

 

Нічога ў Бога прасіць не думаю.

Няхай у грэшнікаў Сам папросіць

пражыць іх долю пакутна-сумную

паўсюль, дзе Дух Яго Божы носіць.

 

Няхай спазнае Ён кару ўласную,

якая стуліць аблок павекі,

каб грэх, бы сутнасць жыцця прыўкрасную,

Ён зведаў гэтак, як чалавекі.

12 ліпеня 2021

 

 

*  *  *

Век паэтаў з класічных з параметраў

падаўжэў да Гамера гекзаметраў…

 

Аджылі сваё дактылі, ямбы, харэі.

Ні пістоляў, ні шворак, ні ганарэі.

 

Зажыліся паэты сучасныя…

Бог адпрэчыў іх смерці заўчасныя,

як, дарэчы, і творы іх новыя –

геніяльныя,

але – часовыя.

27 жніўня 2021

 

 

*  *  *

             памяці R A

Хмурным днём цябе адпявалі,

ды магілу табе не капалі,

пахавалі цябе на вяршыні

вечнай скрухі нашай Айчыны…

 

Сутву ў гліне, камні, жалезе

ты шукаў,

жывучы ў аскезе,

і ў тварэнні згарэў датла,

вызваляючы дух з нутра…

30 жніўня 2021

 

 

*  *  *

             памяці Юры Станкевіча

Ты ўпаў ад кавіду на бязлюддзі,

нязломны духам святла лавец

І ўсе, хто поруч жылі ў аблудзе,

зноў будуць ладзіць табе Чысцец.

 

Душа з трубы крэматорскай вымкне,

крылом махнуўшы нам напаслед…

Мы блізкім колам, канечне, вып’ем

за гэты наш і за лепшы свет,

 

дзе ўжо ні чорных няма, ні белых,

бо дух няўвідны, і – хоч –не хоч –

душа, што тут так святла хацела,

цяпер у вечнасці любіць ноч

3 кастрычніка 2021

 

 

*  *  *

Зямное жыццё

рэжысуе Гасподзь,

але Сатана

цэнзуруе

светлыя сцэны,

зводзячы ўсё

да цёмнай заслоны…

12 студзеня 2022

 

comments powered by HyperComments