![]() Фота Міраслава Адамчыка * * * Усё, што я вачыма бачыў – рай. А ўсё, што зведаў розумам, то – пекла. Як сонечныя шкельцы не збірай, – паранішся і ўсё звядзеш да кепства…
Бо з’яўленае намі хараство і прыгажосць – не болей, чым хімеры. Паэзія – здзіўленне пусткай: што?! пяра на чыстым аркушы паперы. 29 жніўня 2016
* * * Паэзія нікому не патрэбна, апроч паэта, што стварыў яе, і ўся яна – са зрэб’я ці са срэбра – адно яму і плача і пяе.
Яна і разняволіць да нябёсаў, і ўвязніць у самоту і запой, пакінуўшы паэта безгалосым, спакутаваным словам і сабой.
Але для творцы то наканаванне – ёй слугаваць да самага канца, не прагнучы ні славы, ані звання – прыняўшы крыж, нібыта знак вянца… 17 снежня 2016
* * * Крый Бог, сказаць каму, што ты – паэт, каб прыхаванай не адчуць насмешкі… З зямнога каменным зрабіўся свет, душу згарнуўшы да маленькай флэшкі. 30 жніўня 2017
* * * Маўчання не агучвай, там – хаос. Гармонія гайдаецца ў калысцы, дзе немаўля намацвае свой лёс, гарлаючы па мацярынскай цыццы… 31 студзеня 2016
* * * Максім Багдановіч вяршынь паэзіі дасягнуў рана, а вянца славы – толькі пасля сваёй смерці…
Бацька ж мой быў цесляром, будаваў хаты і кожную з іх вянцом завяршаў. Многія з іх ужо абязлюдзелі і струхлелі… Што ж, ён быў рукатворным майстрам, і нічога не рабіў навечна, а ўсё – для пэўнага часу і для канкрэтных людзей…
Вось жа й Максім калісьці нарадзіўся ў бацькоўскай хаце… 3 кастрычніка 2015
ПОШУКІ МАМІНАЙ РАДАСЦІ Мы бачым адны толькі матчыны рукі, Адны яе рукі, адны іх рухі. Анатоль Вярцінскі
Успамінаю: мама корміць, спявае, распавядае, нас шкадуе, лашчыць і апранае; мама працуе, сумуе, плача, бядуе, нам спагадае, дорыць, даруе…
…і толькі шчасця яе, хоць знак, успомніць я не магу ніяк.
Значыць, трэба перазагрузіць памяць быцця, вылоўліваючы імгненні яе жыцця. Дарэчы, я першынцам быў у мамы, то, можа, момант шчаслівы самы і быў у час з’яўлення майго?
Зрэшты, я з болем на свет выходзіў, каб мець на тое хоць нейкі сподзеў… Са мною шчасця быць не магло. 1 кастрычніка 2016
* * * Так хочацца вярнуцца мне туды – да маміных дагодлівых далоняў, да вымаўленых першых родных слоў, да басаногіх дзён, да шэпту таямнічага: “кахаю”… …ад утравелай матчынай магілы, ад мовы пад счужэлым языком, ад збабленай і сплаканай жанчыны чаму ж іду я ў супрацьлеглы бок, а не туды, куды хачу вярнуцца?.. 1 лютага 2017
* * * Калі б мінулае вярнулася сюды, то ўсе мае бабулі і дзяды, тым болей, прадзяды і прабабулі, ўсяго б свайго не ўбачылі й не ўчулі, а згледзелі б засушаны выток, дзе прашчураў квітнеў жыцця куток.
Цяпер тут іншы рэй і іншы тлум, дзе новы свет стары пусціў на глум, каб тут раскашаваць яму прыгожа… Ды ад збыцця ўцячы ніхто не зможа, – і кожны з нас між небам і зямлёй пакіне крыж адсутнасці сваёй. 7 кастрычніка 2016
АПОШНЯЯ РАЗМОВА Светлай памяці паэта Алеся Каско Ну, вось, Алесь, з табой апошні раз гаворым мы на ўскраі нашай драмы без лішніх слоў і рытарычных фраз па два бакі пустой магільнай ямы.
“Адразу я, – ты гэтак мне сказаў, – а ты чакай, калі паклічуць Зверху…”, нібы крывёй з ахвярнага ляза апёк, – і як бы спраўдзіў паняверку…
Калі ж паклалі слухаўкі, нібы з натомленых і потных рук рыдлёўкі, стаў адступаць заценены нябыт, вяртаючы паперу і алоўкі…
Ды што пісаць, калі ў Айчыне ўсё духоўнае й бацькоўскае на схіле, і ўсё святое сцёрта на рыззё, а грэшнае – ва ўсёй красе і сіле?! Ну, што ж тады няхай ужо зямля прымае нас, як высахлае семя, якое, можа, – некалі, пасля – рассуне жвір і дол сабой засее… 27 лістапада 2017
* * * Шчаслівыя, хто ведаюць мову Бога. Цар Саламон
Аснова мовы – маўчанне… Алесь Разанаў Пакутна мне быць паэтам нямеючай мовы, збіраць, як жабрак манеты, ў падворках маміны словы.
Ціха шаптаць, таемна, нібы ў малітвах млосных, гукі жыцця пайменна – зычныя да галосных…
Небу з прадоннем млечным іх адпускаць бяссіла, каб захаваць навечна ў мове Айца і Сына. 7 чэрвеня 2018 comments powered by HyperComments |