Валеры Гапееў (№102)

І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік
Чытво. (Фрагмент)

Частка 1

Вечарам у сераду 15 сакавіка 2006 года прафесар Андрэй Кузьміч Мархель закончыў у поўнай цішы кабінета вычытваць чарговыя старонкі работы магістрантаў Мацвея Хрысціка і Данілы Галоўчыка. Акуратна адсунуў убок аркушы, дзе-нідзе з пазнакамі простым алоўкам. На ягоным грубых формаў твары з’явілася задаволенасць, ён хмыкнуў і зірнуў на юнакоў, якія ўвесь гэты час сядзелі на рудой скураной канапе. Магістранты ведалі характар свайго кіраўніка, таму за час чытання стараліся дыхаць як мага цішэй.

– Добра, вельмі добра, – Мархель паклаў цяжкую, шырокую, рыхтык рабоча-сялянскую, а не інтэлігенцкую далонь на тонкі стосік паперы. – У аўторак мы з вамі сустрэнемся, да гэтага часу я сфармірую дакладныя заўвагі, будзьце гатовыя да пытанняў. Наперадзе выхадныя, адпачывайце.

Магістранты – хударлявы Мацвей, з тварам дзіцяці, які глядзіць на фокусніка, і цыганкаваты Даніла – падняліся з канапы.

Прафесар выйшаў з-за свайго стала, паціснуў абодвум рукі.

– Мацвей, беражы галаву, да сапраўднай вясны яшчэ далёка, я яна, твая галава, і табе, і мне спатрэбіцца, – пажартаваў ён, але ў інтанацыі і асабліва ў позірку Мархеля прабіліся чуллівыя бацькоўскія ноткі.

– Ды ў мяне во, валасоў многа, – трохі зніякавеў ад такой увагі Мацвей, даланёй паправіўшы і насамрэч густую чупрыну доўгіх русых валасоў.

– Ага, многа, – прафесар ужо ціснуў руку Данілу. – А ты разам з галавой рукі беражы, бо як казаў адзін вядомы дзед, практыка без тэорыі сляпая, але тэорыя без практыкі мёртвая!

– Буду берагчы, Андрэй Кузьміч, – з ліслівай усмешкай адказаў Даніла. – Гэтым рукам яшчэ не адзін прыбор сабраць.

– Пад маім кіраўніцтвам адзін – абавязкова! – усміхнуўся прафесар, потым па ягоным твары прабег цень, і ён загаварыў сур’ёзна: – Сябры мае, хачу вас не тое каб папярэдзіць, але перасцерагчы. І як старэйшы сябра, і як ваш навуковы кіраўнік. Падзеі ў краіне наспяваюць не самыя прыемныя. Калі вы ўжо сталі на сцежку навукі, калі ласка, не збочвайце. Разумею, кроў іграе, вы маладыя, арганізм патрабуе выхаду эмоцый. Але: палітыка – не справа вучоных. Альбо– альбо. Таму не ўвязвайцеся ні ў якія гульні, не патрапце ў пэўныя месцы ў пэўны час. Найлепш будзе, калі ў гэтую нядзелю вашым 24-гадзінным месцам будуць вашы пакоі. Няхай з півам і жанчынамі. Няхай у вас будуць пасля ўсіх падзей учадзелыя ад гульбішчаў галовы, але – катэгарычна – ніякіх кантактаў з самі ведаеце кім ні пад якім соусам. Сваю пазіцыю рэктар агучыў недвухсэнсоўна: усякі студэнт ці магістрант будзе адлічаны за 24 гадзіны, калі выявіцца хоць дробка ягонай апазіцыйнай дзейнасці. Паверце мне, тут зусім не жартачкі. Будзеце разумнымі! Усё, ідзіце.

Юнакі пайшлі да выхаду, прафесар вёў іх позіркам і, калі дзверы адчыніліся, кашлянуў:

– Прабачце, яшчэ адзін момант. Непрыемны па факце.

Юнакі крутнуліся, насцярожаныя.

– Такія справы, – Мархель вінавата паглядзеў у твар кожнаму. – Аспірантура на наступны год дала мне адно месца. Колькі я ні выпрошваў, колькі ні патрабаваў, колькі ні даказваў. Фінансаванне скарацілі, і чакаецца, што яно будзе ўрэзанае яшчэ больш, бо ж… Бо ж гэтыя палітычныя гульні ў дэмакратыю выцягваюць з нашай жабрацкай краіны апошнія сокі! – не ўтрымаўся, але ж не закрычаў, адно засіпеў ад злосці прафесар. – Прабачце за эмоцыі, – спыніў ён сябе. – Нават на абурэнне мы цяпер права не маем. Хрысцік… вам забяспечана месца. А за вас, Галоўчык, я буду змагацца, абяцаю…

Мархель адвярнуўся ў кут, даючы зразумець хлопцам, што размова скончаная. Яны выйшлі, асцярожна прычынілі за сабой дзверы. Доўгім гулкім калідорам універсітэта з запыленай ляпнінай на карнізах яны ішлі моўчкі, пераварваючы пачутае. Пяць гадоў ва ўніверсітэце, магістратура, разам паўсюдна, і атрымліваецца: адзін плыве далей, другі застаецца на беразе.

Высокія ўваходныя дзверы будынка натужліва рыпнулі. На вуліцы ішоў рэдзенькі снег.

– Ну, шчасліўчык, далей нам не па дарозе? – з горыччу выціснуў з сябе Даніла, укладаючы куды больш сэнсу ў сказанае, чым толькі тое, што зараз Мацвею ехаць на сустрэчы з пяцікурсніцай Маргарытай (ці Марго, як называлі яе ў вочы і за вочы).

– А? – адгукнуўся Мацвей, вынырваючы са свайго ці не заўсёднага задумення. – Ага, я паеду… Марго абяцала сёння сустрэцца, – дадаў ён вінавата.

– Ды едзь, мне што… хіба я супраць? – быццам абыякава паціснуў плячыма Даніла, а горыч прабілася не ў словах, а ў паўзах. – Сёння твой дзень, сышліся зоркі! Месца ў аспірантуры атрымаў, намалёўваецца перспектыва стаць зяцем акадэміка. Не жыццё – талерачка з маслам.

– Ай, кінь, – усміхнуўся дабрадушна Мацвей. – Марго… Мабыць, я не падыходжу да іх сям’і. Яны ж там – інтэлігенты ў пятым калене, а мы з табой – з сем’яў простых, з райцэнтраў правінцыйных.

– І яна цябе распытвала пра твой радавод? – з іроніяй пацікавіўся Даніла.

– Пытала, канечне, і пра сваіх з гонарам казала… А я са сваіх не далей за дзядоў ведаю, прыкра было, – згадаў Мацвей. – Пра прадзедаў і не пытаўся ў маці… Ну, я пабег…

Хлопцы якраз падышлі да метро. Мацвей махнуў рукой, паправіў заплечнік і подбегам спусціўся па прыступках. Даніла глядзеў яму ўслед, і міжволі сківіцы яго сціснуліся, уздрыгвалі жаўлакі. Яму было не тое што крыўдна – ён у нейкі момант здрыгануўся ад думкі, што гатовы кінуцца ўслед за сябрам і спіхнуць яго з платформы пад цягнік.

Каб вызваліць сабе дарогу. Бо Мацвей яе засціў.

Але пасунуўся далей па тратуары – да прыпынку аўтобуса, каб праз паўгадзіны апынуцца ў цесным пакоі інтэрната.

Даніла зайшоў у калідорчык, пачуў, што ў суседнім пакоі грае музыка,– там жылі два пяцікурснікі, з якімі не тое каб сябраваў, але адзін з іх, Андрусь, гэтакі мацак-паляшук з вясковым тупаватым тварам, граў на ўсім паверсе немалую ролю ў жыцці інтэрнатаўцаў. У яго заўсёды вяліся грошы, мог пазычыць на любы тэрмін. Пры гэтым не сказаць, каб ён недзе прападаў надоўга вечарамі, падпрацоўваючы ў якім Макдональдсе, – ягоная праца, відавочна, была звязаная з выкананнем нейкіх разнастайных даручэнняў, надта не абцяжарваючых фізічна і часова, але ж аплачвалася нядрэнна. То павага да Андруся была, факт.

Даніла не стаў адчыняць дзверы ў свой пакой – шчыліна свяцілася бледным святлом, значыць, ягоны сужывец, другакурснік, зноў занурыўся ў свае кніжкі. Не пашанцавала: занудны і нецікавы хлопец, нават піва з ім не пап’еш. А ў душы клекатала, хацелася выгаварыцца. Таму таўхануў суседскія дзверы. Яго сустрэў з добразычлівай усмешкай Андрусь – ён увогуле ні да каго не ставіўся варожа, сваімі паводзінамі як быццам запрашаючы даверыцца яму і сябраваць.

– О, будучаму вучонаму – нашая павага! – выгукнуў Андрусь. – А ці не будзеце грэбаваць падзяліць сціплую вячэру з правінцыялам, які марна пхнецца зачапіцца хоць кіпцюрамі, хоць зубамі ў навуковай эліце?

На стале стаяла літровая пластыкоўка піва, на талерцы – парэзанае на трэць колца тонкай сыравэнджанай каўбасы, хлеб. Даніла не ўтрымаўся – праглынуў сліну. Парукаўся з гаспадаром пакоя, зачапіў пальцамі кавалачак каўбасы, закінуў у рот.

– Што святкуеш?

– Якое святкуеш? Піва захацелася, ды і вольны заўтра. То чыста па-сялянску, яшчэ вось агурочкаў дастану, – Андрусь палез у халадзільнік, выцягнуў трохлітровік і відэльцам спрытна патрапіў і выцягнуў па чарзе два апошнія агуркі. – Як справы? Нешта ты хмурны. Непрыемнасці?

Даніла сеў на лёгкае крэсла, зірнуў паблажліва на суседа, які акуратна наліваў піва ў шклянкі.

– От ты мне скажы, Андрусь… На цябе глядзіш – селянін селянінам, здаецца, падыдзі бліжэй – гноем патхне. І апранахі на табе хоць і не з сэканду, але бы чужое на табе. Ты не крыўдуй… Але бачыш ты людзей.

– А што крыўдаваць? – адмахнуўся Андрусь. – Я ж у люстэрка сябе бачу. Ну так, ад зямлі, і зямля з-пад пазногцяў ніяк не выкалупваецца. Бачыў бы ты тую вёску, у якой я нарадзіўся і рос – ваўкі зімой па надворку шнырылі. Пазней ужо ў райцэнтр пераехалі. Маці з бацькам паўкабана дырэктару ліцэя завезлі, каб узяў. “Вучыся, хоць каб ты з віламі не пражыў жыццё”. Два тыя гады я начамі не спаў – вучыў. Усё ў лепшыя меціў. Ну во і паступіў сюды… Ат, вучоба – не галоўнае, тут дапяў. Фарту як не будзе, то згніеш там, дзе нарадзіўся. Мне во што свеціць? Па размеркаванні ў які калгас, інжынерам ці загадчыкам мехмайстэрні. У жонкі вазьму, як пашанцуе, настаўніцу з тых, што па размеркаванні гэтаксама запруць у балота, нараджаем аглаедаў, будзем бульбу садзіць, парсюкоў гадаваць… Перспектыва! – з лёгкай горыччу выгукнуў ён.

– Не-а, не веру, – уважліва паглядзеў на праставаты твар сябра Даніла. – Ёсць нешта ў табе… Умееш ты жыць. Думаю, у балоце гніць табе не наканавана. Бачна ж, не мамка табе з дому грошы шле, круцішся неяк. І спрытна круцішся. Колькі табе на паверсе завінаваціліся?

– Ды я не трымаю ў памяці такое, вунь блакноцік ёсць, – прастадушна кіўнуў на сваю тумбачку Андрусь. – Кручуся, анягож.

– Я б на тваім месцы гэтакім шчодрым не быў, – Даніла адпіў са шклянкі.

– Ну, нейкія капейкі ж маю ад працэнтаў, у дабрачыннасць не гуляю. Ды справа ж не толькі ў грашах, – прымружыўся Андрусь, і Даніла заўважыў мо першы раз у вачах хітраваты, нават драпежніцкі бляск. – Некаму я дапамагу, нехта мне дапаможа. Як людзі табе вінныя, дык ахвотней пагодзяцца. Некаму і даруеш, дык ён табе руку некалі падасць.

– Ага, разагнаўся, – рагатнуў Даніла. – Людзей ты не ведаеш, ці што?

– Ды ведаю, – адмахнуўся Андрусь. – Людзі ў наш час страшныя. І на вёсцы страшныя, што ўжо пра горад казаць. Усе па галовах да свайго ідуць. Ды нехта і запомніць. А нехта захоча яшчэ раз пазычыць. Ёсць карысць, – ён загадкава ўсміхнуўся. – З людзьмі трэба па-людску. Дарэчы, ты так і не адказаў: непрыемнасці ў цябе?

– Больш чым, – Даніла сам даліў у шклянку піва, выпіў залпам. – Фіяска. Катастрофа. Тупік, бля!

– Ого! Сапраўды? А праз што?

– Праз каго… Мне мой сябар лепшы ўрабіў.

– Мацвей? – нечакана наструніўся Андрусь.

– Мацвей… – пацвердзіў Даніла. – Я не трапляю ў аспірантуру. А ён – ідзе. Такім чынам, мяне заграбуць у армію. Бляха, як жа я ненавіджу гэта…

– Варта было чакаць, – пракаментаваў Андрусь прызнанне магістранта.

– Што чакаць? – напружыўся Даніла.

– Ад Мацвея варта было гэтага чакаць, – засяродзіўшыся ў сабе, адказаў Андрусь. – Мы з ім у адным ліцэі ў райцэнтры вучыліся. Маці мая – простая калгасніца некалі, дворнічыхай працавала, а ягоная – выкладчыца ў ліцэі. Колькі яна з мяне крыві выпіла… Мову выкладала. Самая нізкая адзнака ў атэстаце – яе. Ды то не бяда. З такой пагардай яна глядзела на мяне, як на чарвяка. Пры ўсіх была сказала, маўляў, з такога калгасніка як я, выйдзе адно калгаснік з дыпломам. Нічога, некалі я дакажу ёй…

– Дык вы землякі з Мацвеем? – здзівіўся Даніла. – Год побач жывём, а не ведаў.

– Вось, ён нават і не прызнаецца… – скрывіўся Андрусь. – Навучыла маці, з кім знацца, кім грэбаваць. Землякі… Дзе яму каго бачыць? Ён жа – зорка! У ліцэі насіліся з ім, як з пісанай торбай. Што ты – на абласной алімпіядзе першае месца па матэматыцы, такі поспех. А далей і на рэспубліцы – другое. І штогод пасля ездзіў на ўсякія там канферэнцыі, семінары.

– Ды ён і ва ўніверы свяціўся, як лакіраваны, – працадзіў скрозь зубы Даніла. – А што б ён змог без мяне? Ягоныя ўсе ідэі – гэта як дзіцячыя фантазіі! Трэба было ўбачыць у тых ідэях рэальнае, практычнае. Я – бачыў. На трэцім курсе разам працу напісалі – кіраванне сістэмай з выкарыстаннем інфармацыйнага канала дадзеных. Я сабраў мадулятар, настроіў, па ім можна было серыю ў вытворчасць запускаць. На кафедры работа шум узняла – на патэнт жа пацягнула, па ёй доктарскую напісалі. А ўся слава – Хрысціку! Мяне нібыта не было. Над новай распрацоўкай заселі, а што былі б ягоныя голыя ідэі без мяне? Ну няхай ён фантаніруе пражэктамі, а ўмець бачыць карыснае, адсейваць?! – Даніла разгарачыўся, крычаў. – І цяпер ён – у аспірантуры, а мне ў боты вайсковыя?! Поскудзь!

– Не здзіўляюся, – пакрывіўся Андрусь. – Усе заўсёды ў ягоным цені. Умее сябе падаць. Такі ўжо сціплы, такі задуменны… А насамрэч ён нас не бачыць, мы не людзі для яго. Сціплы, ага…

Стукнулі дзверы ў калідорчык, нехта таргануў, пастукаў у пакой да Данілы, і ён крыкнуў голасна, раздражнёна трохі:

– Тут я!

Дзверы адчыніліся залішне імкліва – так уваходзяць альбо гаспадары, якія спяшаюцца, альбо нязваныя госці, упэўненыя ў сваіх нахабстве і сіле. Так і было: зайшоў пяцікурснік Раман, ростам пад два метры, шыракаплечы. Твар ягоны быў злёгку перакошаны ад злой рашучасці.

– Вітаю, – сказаў ён скрозь зубы без прыязнасці, пабачыўшы ў пакоі Данілу і Андруся. – А дзе той гліст смаркаты? Я ў ягоны пакой заходзіў, там няма. Сужывец-заморыш сказаў, што вы разам.

– Што ж ты так непаважліва ставішся да нашай будучай гордасці, можа, – нобелеўскага лаўрэата будучага, га? – рагатнуў Даніла.

З Раманам яны былі знаёмыя з год. Асаблівае сяброўства раней не заводзілася, бо не было датуль агульных інтарэсаў: Раман вучыўся на іншым факультэце, мінчанін. Розныя тусоўкі. Спартсмен, кандыдат у майстры па грэблі. Рукі ў яго што абцугі. Вучоба яго цікавіла мала, ён ведаў, што выгоднае месца яму забяспечыць бацька, высокі чыноўнік у міністэрстве, ды і ў маці, якая займала пасаду ў клінічнай бальніцы дзяржапарату, хапала патрэбных нітачак у руках. Калі Мацвей пачаў раз на тыдзень сустракацца з Марго, Раман выпадкова спаткаў іх у начным клубе. Марго на заняткі хадзіла і трымалася дастаткова сціпла, апраналася, прыхоўваючы прывабныя формы цела, а ў начным клубе дазволіла сабе пабыць сапраўднай сэксі. І Раман запаў. Ён быў дагэтуль распешчаны ўвагай дзяўчат і маладых жанчын, лёгка заводзіў знаёмствы, трымаючыся пашла­вата-жартоўнай манеры, але з Марго, знешне вольнай ад лішніх межаў прыстойнасці, як яе разумеюць рэтраграды, атрымаў адмову ў здзеклівай форме. Раз’юшыўся, але стрымаў сябе. Ён запрасіў выпіць Данілу, які быў тады трэцім колам у веласіпедзе ля Мацвея і Марго, распытаў: што за краля недатыкальная? Даніла, удзячны за неблагую выпіўку, прызнаўся, што сам пакуль не ведае толкам – то была першая такая сустрэча за сценамі ўнівера. Але абяцаў інфармаваць пры патрэбе, як што выявіцца. Абмяняліся нумарамі тэлефонаў, праз нейкі час Даніла пазваніў. Зноў сядзелі ў кавярні, Даніла расказаў: бацька Марго – акадэмік, маці – доктар навук. Пазней ён даведаўся праз Мацвея нямала пра дзяўчыну: ці любіць кветкі і якія, якім парфумамам карыстаецца, што любіць глядзець…

– І яшчэ, каб ведаў, – казаў пазней Раману. – Яе бацькі – вялікія дзяржаўнікі. Так што каб ніякай палітыкі. І сама яна выхаваная ў тым жа рэчышчы. Не актывістка, але мае вельмі катэгарычныя погляды адносна нацыяналістычных гульняў…

Запомніўшы пачутае, Раман у хуткім часе без цяжкасцей выклікаў да сябе прыхільнасць Марго. Як ён зразумеў, дзяўчына не была абцяжараная вялікімі пачуццямі ні да каго, таму Раману яна таксама не адмаўляла ў сустрэчах. А праз колькі часу сама са здзіўленнем выклала навіну: аказваецца, іх бацькі – яе і Рамана – знаёмыя, амаль сябры, бо даводзілася раней супрацоўнічаць! Для Рамана гэта было найлепшым знакам. Ён асцярожна паказаў Марго, што трошкі раўнуе яе да сустрэч з Мацвеем, якія яна не спыняла, на што дзяўчына адказала: ніхто не мае права абмяжоўваць яе волю, а Мацвей – вялікае дзіцё, ёй падабаецца яго выхоўваць і настаўляць на розум.

Ды Раман пакрысе зараўнаваў па-сапраўднаму. Хоць адносіны з Марго не зайшлі далей за сяброўскія пацалункі, але, хлопец адчуваў, яшчэ трошкі, і справа вырашаная. Да ўсяго, ён па-сапраўднаму запаў на дзяўчыну. Ды яшчэ бацькі мякка намякнулі: не будзь дурнем, не ўпусці такі шанец. Таму тыдзень назад ён прыходзіў у пакой да Данілы, дзе знайшоў Мацвея, акуратна згроб яго за грудкі, прыўзняў над падлогай і папярэдзіў спакойна: Марго – не ягонага поля ягадка. І лепш яму ціхенька збочыць і не паказвацца на вочы дзяўчыне. Іначай у нейкі дзень будзе збіты на горкі яблык.

Што праўда, Мацвей нечакана псіхануў тады. Глядзі ты, сапраўды, худы, як гліст, хліпкі, а трымаўся, як той юнак на допыце.

– Паспрабуй і атрымаеш вялікія непрыемнасці, – прасіпеў здушана ён.

Раман, па праўдзе, разгубіўся на момант, паставіў магістранта на месца. Чорт яго ведае, якія там у яго ёсць сувязі, каб сапсаваць жыццё? Сёння кожны другі мае тыя ці іншыя падвязкі. Можа, у яго дзядзька – суддзя які значны ці пракурорскі работнік? Каб жа ён ведаў, што Мацвей, акрамя іншага, захапляўся псіхалогіяй, і паколькі сілай не вылучаўся, то меў у сябе на ўзбраенні невялікі арсенал практычных прыёмаў, каб уплываць на праціўніка, а як пашанцуе, дык і перамагчы.

У гэты вечар, відавочна, псіхалагічныя прыёмы наўрад ці ўратавалі б Мацвея, бо Раман быў злы, як чорт – крылы ягонага вялікага носа разляталіся ў бакі і сцягваліся назад ад сапення.

– Я яго папярэджваў, каб не лез да Марго! Сёння ў мяне білеты ў тэатр былі!

– Ого, ты зацікавіўся драматургіяй? – падначыў Даніла, але ўмомант змяніў свой тон пад злым позіркам Рамана: – Прабач, разумею… Сядай да нас, хоць, па праўдзе, частавацца асабліва няма чым…

Рамана ацверазілі гэтыя словы, мабыць, ён згадаў, што за ўсялякую інфармацыю пра Марго і яе справы з Мацвеем абяцаў частаваць Данілу ў любы час, як ні завітае.

– Прабач, ды ж як пазваніў, сказала, што ўжо запрошаная на мінулым тыдні на сёння, дык выскачыў з хаты без грошай.

– Шкада, халера… – задумліва прагаварыў Даніла, і было не надта зразумела, аб чым ён больш шкадуе: што Раман без грошай ці што не застаў Мацвея.

– Грошы – не праблема, калі ёсць сябры, – адважыўся ўвязацца ў гутарку Андрусь, які да гэтага часу маўчаў, злёгку перапалоханы ад уварвання ваяўнічага Рамана.

– Ну, за пазычаныя гуляць – не задавальненне, – паморшчыўся Даніла, бо ён быў вінен Андрусю пэўную суму і не хацеў яе павялічваць.

– Але ж ёсць магчымасць і зарабіць…

– Во зараз? І як? – здзіўлена зірнуў на таварыша Даніла.

– Давай, заробім! – выгукнуў Раман, шумна сеў за стол. – Душа гарыць, нечым заліць яе неабходна…

– І душу заліць, і падумаць… – загадкава прадоўжыў Даніла, павярнуўся да Андруся: – Рэальна цяпер зарабіць?

– Рэальна, – хітравата ўсміхнуўся Андрусь, ягоны праставаты твар быў падобны ў гэтую хвіліну на гандляра хамутамі на рынку. – А наколькі я магу давяраць спадарству? Прашу прабачэння, як незнарок пакрыўдзіў каго.

Даніла зразумеў, што Андрусь кажа сур’ёзна, таму адказаў цвёрда:

– Раману я веру як сабе. Ты верыш мне – вер Раману.

– Добра… Я прычыню дзверы…

Даніла з Раманам пераглянуліся. Яны былі заінтрыгаваныя. У вачах Рамана адбіўся лёгкі неспакой, Даніла ціхім голасам яго супакоіў:

– Не нервуемся раней часу. Андрусь – не дурань. Хіба на выгляд просты…

А Андрусь за гэты час прымкнуў знутры дзверы, выцягнуў з-пад ложка аб’ёмістую валізу, пакорпаўся, пашамацеў паперай і пластыкам, прыцягнуў і паклаў на стол загорнуты бы том якога класіка. Нажом надрэзаў паскі ліпучкі, расхінуў абгортку.

То быў стос тонкіх каляровых лістовак.

– Тваю маць, – працягнуў Даніла, узяў у рукі адну лістоўку. – “Вы­ходзь на вуліцу! Усе на Плошчу! Бла-бла-бла… Зубр”. Ты гэтак зарабляеш? Ды за адну такую паперчыну выкінуць з універа, сама мала, не ведаеш? Ці ты ідэйны змагар і нам заплаціць хочаш са сваёй кішэні? Ці мо сам і надрукаваў? – рагатнуў Даніла, занерваваўся, бо выгляд такой колькасці лістовак на стале яго бянтэжыў.

– Не нервуемся, грамада, – спакойна, нават з загаднымі ноткамі загаварыў Андрусь, паклаўшы руку на стос лістовак. – Так, можна і на гэтым зарабляць. Задача была такая: разнесці гэтыя лістоўкі і пакідаць у паштовыя скрыні ў пэўных дамах па пэўнай вуліцы. Тут тысяча штук…

– Пайшоў ты на… з такой работай, – грэбліва паморшчыўся Раман. – Не хапала яшчэ пэцкацца аб свядомых! У мяне дзядзька – у КДБ!

– Ды чакайце, я ж не дагаварыў, – паблажліва ўсміхнуўся Андрусь. – Умовы простыя. Яшчэ даецца фотаапарат. Лічбавы. Для справаздачы зрабіць здымкі. З усіх пад’ездаў. У мяне – чатырнаццаць. Здымак такі: рука апускае лістоўку ў паштовую скрыню. Значыць, робім так… – Андрусь сагнуў адзін рог лістоўкі да сярэдзіны, правёў пазногцем па згіну, адарваў акуратна. – От, маем такую штуку. Адну. Тут відаць нейкія літары… Як і затрымаюць з такім ражком – дык і што? А мы бярэм гэты ражок і ходзім па пад’ездах. Нас трое, адзін на шухеры, другі дэманструе апусканне лістоўкі, трэці здымае. Паўгадзіны часу, а маем дваццаць баксаў…

– Жартуеш?! Дваццаць? – не паверыў Даніла, адкінуўся на спінку крэсла, расцягнуў твар ва ўхмылцы: – Ну ты, спрытнюга вясковы, і даеш! Дзе ты такіх працадаўцаў знайшоў?

– Гэта няважна, – адмахнуўся Андрусь. – Я ж табе казаў: добра, калі многа сяброў. Ну што, хадзем?

Фокус з адарваным ражком падзейнічаў і на Рамана, які быў набычаны, калі пабачыў лістоўкі. Грэла будучая роля хітруна, які “пракіне” тых апазіцыянераў. Ён адно кіўнуў на стол і спытаў:

– А гэтыя лістоўкі… куды потым?

– Ды ў смецце во і выкінем, – патлумачыў весела Андрусь.

Было бачна, што перспектыва хутка, за нейкія паўгадзіны “зрабіць справу”, ды яшчэ без клопату і ў поўнай бяспецы, якія давалі яму хаўруснікі, яго ўзрадавала. Насамрэч, ён мог бавіць два наступныя вечары з нечым іншым, а затым зноў прапанаваць свае здольнасці. Ведаў: падобная работа яшчэ прапануецца. Там ён ужо будзе шчыраваць адзін – грошы заўжды трэба. А цяпер можна і падзяліцца часткай (ён прамаўчаў пра поўную суму), бо такая справа ўсякі раз збліжае людзей, ды яшчэ з добрай выпіўкай…

– Не, пакуль не будзем выкідваць, – па-змоўніцку зазірнуў у вочы сябрам Даніла. – Потым памазгуем. Ёсць адна думка…

Праз паўтары гадзіны яны вярнуліся ў пакой Данілы, напакаваныя бутэлькамі з розным пітвом і закуссю. Узрушаныя і зробленым, і наяўнасцю на стале прысмакаў, гучна размаўлялі, смяяліся. Пасля трэцяй чаркі паспакайнелі, Раман нагадаў Данілу:

– Ты там нешта нейкае задумаў, як я здагадаўся. Выкладвай, ці як?

– Ага, выкладу… – Даніла прымружыўся на Рамана: – Ты не заліваеш, што ў цябе дзядзька ў КДБ?

– На халеру мне заліваць? Ты за каго мяне прымаеш? – наструніўся Раман. – Кажу як ёсць.

– Дык вось… – Даніла памарудзіў, задраў галаву, абхапіўшы яе далонямі закінутых угару рук. – Добра б было, каб сябры твайго дзядзькі знайшлі гэтыя лістоўкі ў аднаго майго сябра, праз якога сёння мне пастаўлены крыж на аспірантуры. І ў цябе, дарэчы, адразу паменела б турбот з Марго.

Нейкі час усе маўчалі.

– А гэта добрая думка, – Раман хэкнуў і пацягнуўся да бутэлькі. – За яе можна выпіць. Сябры майго дзядзькі людзі такія… умеюць знаходзіць.

– Западозрыць… – паморшчыўся Андрусь. – Трэба, каб чыста было…

– Зробім чыста! – выгукнуў Даніла, выпіў налітае Раманам, загаварыў пераканаўча: – Я быў зайшоў да яго, ён пісаў на калене, на ложку седзячы. Зазірнуў чыста па-сяброўску – што пішаш? Там нейкія формулы, фантазіі ягоныя. Дык ён ці не падскочыў. І мяне хутчэй за дзверы, маўляў, там пачакай. Я выйшаў як апляваны. А там шчыліна ў дзвярах засталася, а праз яе люстэрка было відаць… У яго ў матрацы схованка! Туды ён засунуў такі вялікі скураны нататнік, у чахле з “маланкай”. Ён упэўнены, што ніхто не ведае пра схованку, – Даніла зрабіў націск на апошнім сказе і пры гэтым ухмыльнуўся.

– Таго цюхцяя, што з Мацвеем жыве, я знаю, – задумліва працягнуў Андрусь. – Ён мне трошкі вінен. То я магу яго выклікаць на хвілін пяць-дзесяць сюды, знайду пра што гаварыць… Інтэрнат сёння амаль пусты, раз’ехаліся. Іхні пакой насупраць кухні, зручна зайсці…

– Пайшлі! – рэзка падхапіўся Раман. – Нечага цягнуць. А то яшчэ вернецца.

Словы прагучалі загадам. Даніла па-гаспадарску адшчапіў са стоса лістовак палову, падсунуў за пазуху. Супольна рушылі на паверх ніжэй – там быў пакой Мацвея, які ён дзяліў з ціхамірным першакурснікам. Андрусь зайшоў і неўзабаве выйшаў з цельпукаватым юнаком, які пакорліва пасунуўся следам за ім. Змоўшчыкі зайшлі ў адчынены пакой. Не марудзячы, Даніла ўпэўнена рушыў да ложка Мацвея, памацаў добра, засунуў руку ў матрац і выцягнуў нататнік у чахле.

– Я ж казаў!

Шмаргануў замок, адкрыў чахол, рашуча вызваліў з яго нататнік, засунуў у чахол лістоўкі з-за пазухі, зашмаргнуў.

– Усе справы! Пайшлі.

Добра п’яныя, яны разыходзіліся праз дзве гадзіны, задаволеныя кожны сабой і хаўруснікамі.

 

Цалкам фрагмент твора Валера Гапеева чытайце ў папяровым “Дзеяслове”.


Апублікавана

у