Вольга Гапеева (№92)

* * *
учэпістым лапкам самае месца
на каваных парэнчах гаўбца
схапіцца штомоцы і з кожнаю хвіляй даваць зразумець што цяпер
давяраеш
пагойдвацца
і бачыць што
быць супраць ветру – прыгожа
ускудлачана пер’е колеру крэсак алоўка
упярэмешку з колерам валуна злепленага
vajarka’й
на ўскрайку мястэчка дзе толькі чорныя горы
пагойдвацца
у такт тралейбуснага сапрана
і ўзгадваць што старыя трамваі спявалі аднак душэўней
хаця ў гэтым горадзе іх ніколі і не было
затое былі каханкі
цяпер яны разам з трамваямі
спяць у іншых краінах
а гэтым учэпістым лапкам
самае месца тут
на гаўбцы той што нарэшце здолее іх палюбіць
не праз танклявасць або сілуэтнасць
але праз гук несамоты
які абвяшчае прыбыццё птушынага госця
яна будзе любіць кароткія пёры ўлетку
і троху даўжэйшыя ўзімку
захапляцца спрытнай няўклюдай
і абавязкова казаць пра гэта ўголас
бо іначай птушкі не разумеюць
яны не чытаюць думак
праўда ведаюць розныя мовы
сярод якіх і чалавечая
але з птушкамі рэдка вядуць размовы
больш слухаюць іхнія спевы, фатаграфуюць,
трымаюць у клетках, палююць
і хочацца тады птушкам забыцца на мову людзей
маўчаць і чакаць на паэтку
бо ў кожнага паэта ёсць свая птушка
крумкач, голуб, кірля, бывае яшчэ сарока
хаця сярод птушак бытуе павер’е
быццам у кожнай птушкі ёсць свой паэт
ці паэтка
што бы анёл-абаронца
піша і піша пра іх свае вершы
а птушкі думаюць што гэта малітвы
і паўтараюць штодня
а некаторыя нават штоночы
спадзеючыся што можа хоць так
іх пачуе
дурны
ашалелы
непрадказальны
бескампрамісны
птушыны
лёс

 

* * *
прачынаюся па чужым будзільніку
перапісваю чужыя тэксты
думаю пра чужых нябожчыкаў
сустракаюся з чужымі сябрамі
размаўляю на чужых мовах
фатаграфуюся з чужымі дзецьмі
пешчу чужых катоў
жыву ў нічыйных пакоях
чытаю нічыйныя кніжкі
ем нічыйным відэльцам
рэжу нічыйным нажом
сплю пад нічыйнымі коўдрамі
так я вучуся быць госцяй
у гэтым чужым і нічыйным свеце
і калі мяне потым папросяць
я нарэшце сваёю памру смерцю

 

* * *

м а ў ч а н н е

пакой куды садзяць і не пытаюцца ці там зручна

м а ў ч а н н е

выстаўленне уладных межаў і іх добрае дбанне

м а ў ч а н н е

стратэгія хворых, дзяцей і вар’ятаў

м а ў ч а н н е

пакаранне без выстаўлення даты смяротнага пакарання

м а ў ч а н н е

выкрэслівае ўсё са спісу жывых

м а ў ч а н н е

здрада таму пякельнае але пустое

м а ў ч а н н е

для паэткі што для верніка адлучэнне

м а ў ч а н н е

я абіраю мову

 

* * *
Хіле, Кім, Нурдуран, Ліндзе, Крысціне, Марыі, Мод
калі пяць жанчын чытаюць са сцэны свае вершы
шостая сядзіць праваруч
сёмая наперадзе
я нарэшце адчуваю сябе ў бяспецы
і што гэтая выпадковасць не выпадковасць зусім
а доўгая балючая праца стагоддзямі тых хто верылі ў сябе
калі не верыў ніхто
і гэты ніхто дагэтуль сядзіць сярод нас
але нас ужо восем
і мне не вусцішна
болей

 

* * *
паветраны змей і птушка сустрэліся неяк у небе
каля воблака нумар пяць
птушка падумала – вось ён мой альтэр эга
а паветраны змей сказаў што не ведае птушку
хаця
яны лёталі разам ужо цэлы дзень – думала птушка
усяго толькі дзень – думаў змей
але запрасіў-такі птушку на сваю палову неба,
пазнаёміў з сябрамі
і ў адказ
птушка запрасіла змея на сваю палову неба
але на 600 кіламетраў не хапіла вяроўкі
і птушка сказала давай я дзюбай яе разаб’ю
паветраны змей не згадзіўся, сказаў мы не выбіраем
да каго быць прывязаным
і зваліўся да ног сваёй гаспадыні
калі сціх вецер

 

* * *
чарговы ліст ад цябе атрымала сёння
чытала яго на гаўбцы, хоць і без каваных парэнчаў
калі адкрывала канверт з надзеяй падумала
што гэта апошні твой ліст з такім адваротным адрасам
яшчэ падумала што час існуе незалежна
ад цябе ад мяне і ад нашых аб ім уяўленнях
бывае нясецца і за дзень тады пражываю
тры дні тваіх, а бывае некаторыя даты
зусім выпадаюць і дзіўны такі каляндар вымалёўваецца раптам
хаця лічбы і чыслы – гэта асобны тэмат для размовы…
яшчэ ты пытаўся пра лёс,
таксама няпроста,
напэўна мне цяжка абраць адно для яго вызначэнне
надоечы чула досыць трапную фразу
што лёс – гэта не тое, што з табою здараецца
а тое што думаеш, што з табой адбываецца
значыцца лёс – адказнасць перад сабою

якія навіны? ды асабліва ніякіх:
раблю пераклады, нешта чытаю, нафарбавала пазногці
хачу вывезці ровар свой на шпацырку
праўда то халадно, то яшчэ якая халера
вучуся не падпускаць кепскія думкі
спрабую сябе зразумець і часам – іншых
намагаюся ўсвядоміць свае жаданні
бо як высветлілася дагэтуль жыла без іх я
кіравалася жаданнямі іншых
ігнаравала сябе
як вынік – стаю пасярод нейкага поля
што за яно? навошта я тут? і куды мне падацца?
усё ж галоўнае ў жыцці чалавека
гэта яна сама
шкада што не даведалася пра гэта раней
хаця з іншага боку лепш цяпер чым ніколі
так што галоўнае, каб у згодзе з сабой, астатняе – як давядзецца

ты пісаў што неяк праз дождж адмовіўся ад шпацыркі
захацелася перадаць дажджавік або парасончык
штось падказвае, аднак, што іх не прапусцяць
ну і ладна, перададзім тады лепш чакалядку

пайду патэлефаную стэфе
і буду працаваць далей
на завяршэнне наконт ліставання
яшчэ адно невялічкае назіранне
лісты напісаныя зранку
адрозніваюцца ад вечаровых
напэўна, як і размовы
двух непадобных людзей

 

* * *
спраўджваю фіялку
ці супадае ейны колер
з колерам бэзу што квітнеў калісь ля майго дома
даведнік усё ўскладняе
дадаючы лаванду і фуксію
у гэтай кветкавай разнастайнасці
перакладаю твой верш

усё што адбываецца з намі – словы
усё чым мы ёсць адна для адной – вершы

і калі я пішу гэты радок мой лятак выпускае шасі
а ты пайшла на шпацыр у парк
і ў нашых пакоях сталы з разгорнутымі нататнікамі
памаранчавым і чорным
у прадчуванні нас, нашых целаў і колерных
каардынатаў
сумных і сухіх
як размовы пасля таго як ты аднойчы сказала што
сябрам мне быць не хочаш

 

паэма “Знакі”
1.
забабонамі поўніцца свет
і мая галава час ад часу
гарадскі дзіцячы фальклор
мяшаецца са спрадвечным вясковым

мой каханы ў адчаі чытае свой гараскоп
на год
ён стаміўся ад хворых і як сапраўдны паэт
шукае паратунку ў словах

чым гараскоп не паэзія?

усё залежыць ад інтанацыі
але вымаўленне ніяк не даецца майму каханаму
таму ён верны служка пані тэорыі і грэбуе
практыкай

перакатвае мяне ў сваім роце
не разумеючы куды зрабіць націск
каб я загучала так як магу

хаця ўсё гэта адбудзецца потым

цяпер мой каханы пакуль не мой і не каханы
а разгублены леў сярод катоў, галубоў і кніжак
з адчуваннем вяроўкі на шыі
ён чытае свой гараскоп

 

2.
першы дзень у горадзе
намацваю свае клапаны звяраю гадзіннік
вакол задуменныя людзі стомленыя савецкім стэрэатыпам
неяк сяброўка сказала, што гэта краіна бы тая путана
можа прапанаваць адно – віно і каханне
а што яшчэ трэба паэткам
хіба каліва сну і добрыя вершы
раз-пораз і кепскія
жарты, грошы і новыя мовы

 

3.
сёння ў банку незвычайна натхнёна
паэткі, паэты запаўняюць паперы
колькі вы атрымліваеце на год у лары?
які адсотак падатку вылічваецца з даходу?
паэты пыхцяць
паэткі ўздыхаюць
чарговым разам усведамляюць сваю іншавасць
або іншавасць анкетаў складзеных для незвычайных людзей
якія ведаюць пра падаткі і даходы
яны – богі рэальнасці і рацыянальнасці

 

4.
трэці дзень на грузінска-эстонскай мяжы
захад і ўсход
зменяцца на поўдзень і поўнач
гэта апошні пункт прызначэння – марыла я
іншых кірункаў свету пакуль не прыдумалі
можа прыдумаю я?

 

5.
веданне памнажае смутак
а яшчэ падказвае мытнікам дзе схаваная халодная зброя
пальчаткі гумовыя трыбушаць мой заплечнік
сурвэткі, цукеркі, пігулкі, пракладкі, алей, крэм,
пігулкі, грабеньчык, пігулкі, флэшкі, аловак, асадкі,
рулетка, пігулкі і гаманцы

а трэцяй ночы
а трэцяй раніцы
усё так адносна
адносна мовы
на якой мы прызнаемся ў каханні
адно да адное
але гэта не лічыцца
гэта як пабрацца шлюбам у лас-вегасе
калі мова – нейтральная тэрыторыя
мы ўдаём іншых сябе а можа і самых сапраўдных
нашы летакі стаяць побач, адпраўляюцца ж у розных кірунках
ягоны – на паўгадзіны раней

ах, пенелопа, чаму ты не з’ехала першай

 

6.
for many happy years together
надпіс на ўкладанні скрынкі

вось мой абраны мой нарачоны
цяпер мы разам і назаўсёды
умее ён лашчыць скуру маю як ніхто не ўмее
маланкаю пралятае па целе
мой верны сябра здраджвае толькі аднойчы
калі сточваецца клінок
тады ніяк мне не распрануцца
але нездарма ж я – кандыдатка навук
ведаю як на ім завастрыць рашучасць
і тады мы зноў будзем разам
танчыць удвох
мой сцізорык і я

 

7.
чорны сабака пачынае са смерці ўласнай
ахвяруючы галавой
прачынаюся
думаю
кепскі знак і не кажыце мне што ва ўсім ёсць добрае нешта
што добрага ў адрэзанай галаве бязвіннай істоты
гэта ўрок, экзамен – шапочуць вакол галасы
але жыццё – тэатр, не школа,
здаецца так нам казалі

мой каханы сядзіць на ўскрайку ложка
а я на ўскрайку сябе гатовая скасаваць усе межы
звольніць усіх мытнікаў
ніякіх візаў уздоўж майго цела і больш тонкіх матэрый
канешне ж гэта захворванне
нават жэле мае межы

жэле
je lait
je l’air
je le
дзяўчына-жэле
дзяўчына-вяроўка
дзяўчына-цень

 

8.
сярод усіх нармальных
мы самыя ненармальныя
сярод усіх ненармальных
мы самыя нармальныя

 

9.
It’s so easy to love you

і таму што? нецікава? вусцішна? нязвыкла? немагчыма? банальна? сорамна? сумна? балюча? не балюча? а хочацца каб балела? каб крывяніла
і не загойвалася? каб свідравала і пазбаўляла сну? бо барацьба, бо сэнс нейкі, бо так зразумела
і звыкла? бо так вучылі? бо іншага і не ведаў?

тое што лёгка прыняць складана

не змог

 

10.
It all went wrong

цяпер мой каханы болей не мой
і не каханы

цяпер
ёсць толькі цяпер


Апублікавана

у