Мікола Гіль (№117)

Дамова

Невелікодны аповед-байка

Герой майго цалкам, як кажуць, рэалістычнага і разам з тым усё ж трошкі і дзівоснага аповеду – Раман Карпавіч Савасцей. Спытаеце, хто ён? А ніхто ўжо. Як сам пра сябе кажа, адстаўной казы барабаншчык. А калі папраўдзе – пенсіянер са стажам, і немалым ужо, бо Раману Карпавічу, дзякаваць Богу ці каму там іншаму, семдзесят з гакам.

Дарэчы, сам ён не любіць, калі яго называюць гэтак – Раман Карпавіч. І зусім не пасля таго, як аднойчы яго хтосьці жартам назваў Сазанам Карпавічам. Зрэшты, і падстаў для такога жарту не было б, калі б мы, беларусы, перакананы Раман Савасцей, не малпавалі расейшчыны. На добры стары лад да яго павінны былі б звяртацца спадар Раман ці спадар Савасцей, а дзеці і людзі маладзейшага веку – проста дзядзька Раман. На жаль, засмучаўся герой майго аповеду, перанялі беларусы, забыўшыся на свае звычаі, расейскую форму зваротку. У Расеі ж яна сталася параджэннем шмат­вяковага рабства-прыгонніцтва, у выніку чаго паноў велічалі “отчеством”, а дваровых і ўсіх іншых бяспраўных людцаў узнагароджвалі ўжо нават не імёнамі, а мянушкамі-клічкамі, нібы тое быдла ці сабаку – Філька, Цішка, Ягорка, Яшка…

Раман Савасцей, быў час, не думаў пра гэта і нешта падобнае да гэтага. Рос ён, гадаваўся, як і ўсе простыя савецкія людзі, у тагачаснай атмасферы афіцыйнай дружбы народаў і міжнароднага братэрства. Ёсць, існуе ў Савецкім Саюзе БССР, дык, значыцца, ён, Раман Савасцей, – беларус. На гэтым усё і сканчалася. Чым беларус адрозніваецца ад таго ж суседа-ўкраінца ці, скажам, рускага – пытання такога не паўставала. Наадварот, усё падводзілася пад адзін назоўнік: каб ніякіх адрозненняў не было наогул. Навошта гэтая дзяльба-цераспалосіца? Савецкі чалавек – от і досыць, гэтым усё і сказана.

І Раман Савасцей верыў, пагаджаўся: а й праўда досыць, больш анічога і не трэба. Яно нават і клопату праз тое менш. Усё аднолькавае, агульнае для ўсіх: і мова, і апратка, і жыллё, і звычаі. Тым больш, што панятак “савецкі чалавек” гучаў не проста звычна, а ганарова. Бо савецкі чалавек – не раб і нават не рабацяга нейкі, а – дзівіцеся, пралетарыі свету! – паўнапраўны і адзіны гаспадар вялікай, неабсяжнай краіны, што разлеглася “с южных гор до северных морей”. Ну, а што гэтаму гаспадару жывецца акурат як нікчэмнаму, пагарджанаму рабу, – пра гэта не тое што сказаць каму нельга было, але й падумаць нават. І Раман Савасцей, як і большасць ягоных знаёмцаў і незнаёмцаў, і не думаў. Бо поруч з усім іншым жыў у душы і страх, няхай сабе не надта і ўцямны. Зрэшты, уцямнасці гэтае ставала на тое, каб разумець, што трэба трымаць язык за зубамі, не вытыркацца і не лезці, куды не трэба, не спрачацца з начальствам і не дамагацца праўды і справядлівасці, бо інакш можаш лёгка і неўпрыкмет трапіць туды, куды і Макар цялят не ганяў, а то і далей.

З гэтым і жыў Раман Савасцей ад немаўляцкіх дзён да старасці, лічы. Скончыў школу, пайшоўшы ў першы клас у год вызвалення. Не быў выдатнікам, але і не двоечнікам. У інстытут не патрапіў – нават і не спрабаваў, ведаючы, што спадзеву мала. Падаўся ў тэхнікум, не надта выбіраючы і яго. У выніку пайшоў у людзі, ці лепш сказаць – на свой хлеб – улікова-бухгалтарскім работнікам. Пачынаў звычайным рахункаводам у калгасе. Пасля арміі трошкі праўдаю, а больш няпраўдаю ўбіўся ў Мінск. Спачатку не ў саму сталіцу, а ў прыгарад яе – у Бараўляны, у вучгас колішняга Інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Адтуль ужо праз некалькі гадоў перабраўся ў Мінск. Рабіў на розных заводах і фабрыках, падменьваў часам і галоўных бухгалтараў – досвед і вопыт з гадамі займеў немалыя, але і на пенсію пайшоў практычна шараговым бухгалтарам, бо вышэйшай адукацыі не дапяў, а без яе з кожным годам перспектывы і самага малога кар’ернага росту ўсё больш зводзіліся да нуля. Само сабою, паспеў – ужо ў Мінску – ажаніцца, займець двух сыноў, атрымаць на чатырох чалавек у рэшце рэшт трохпакаёвую “хрушчоўку”.

І пасля ўсё ішло, здаецца, звычным размераным шляхам: выраслі, вывучыліся сыны (абодва скончылі, апярэдзіўшы ў гэтым бацьку, універсітэт), пажаніліся, зрабілі Рамана Савасцея дзедам, падарыўшы яму ўнука і ўнучку. Усё, паводле выслоўя, як у людзей. Нават і лецішча ў вёсцы, на былым бацькоўскім котлішчы, таксама мае, на якім дзеці і ўнукі (зноў жа, як і ў людзей) бываюць гады ў рады, калі толькі раптам ускінецца ахвота пахвастацца ў лазні і сасмажыць шашлыкі, і дзе ад вясны да позняе восені завіхаюцца ў градах і цяплічках адно сам ён, Раман Савасцей, ды ягоная троху маладзейшая спадарожніца – бадай, і яе варта тут назваць – Жана Аўксенцьеўна.

Ішло, а хутчэй кацілася (бо ўсё ж неяк надта хутка прамінула) гэтак вось жыццё героя майго аповеду, і нішто, здавалася, не паказвала на нейкія крутыя перамены ў ім. Ды, папраўдзе, нейкіх вонкавых змен ці перамен і не адбылося, калі не мець на ўвазе падзей 1991-га, 1994-га і пазнейшых гадоў. Перамены адбыліся, так бы мовіць, унутраныя, у самім Рамане Савасцею. У ягонай душы. Нават, калі хочаце, у светапоглядзе. Адбыліся нечакана, раптоўна і, што ці не самае важнае, рашуча і беспаваротна…

Тым восеньскім днём апынуўся ён паблізу могілак, якія ўсе ў Мінску завуць Маскоўскімі, хоць афіцыйная іх назва – Усходнія. Паехаў Раман Савасцей на той канец праспекта ў гаспадарчы магазін: шукаў для кухні, на замену старой, счарнелай і абабітай, новую ракавіну. Перад тым абышоў некалькі магазінаў і нідзе яе не знайшоў. Не было той злашчаснай ракавіны і там, у “Гаставарах” непадалёк ад могілак. Выйшаў ён з магазіна і прыпыніўся ў одуме, што рабіць, куды можна сёння яшчэ падацца ў сваіх пошуках. І міжволі звярнуў увагу, што нешта надта ж шмат людзей кіруецца акурат у бок могілак. Не стрымаўся, папытаў у нейкага мала­дзёна, куды гэта і чаго валіць столькі народу. Пачуў у адказ… пра нейкіх дзядоў. Спачатку быў не дацяміў, што за дзяды, а пасля дайшло: гэта ж акурат сёння восеньскія Дзяды, дзень памінання памерлых.

У родных Раману Савасцею мясцінах людзі хадзілі ў адведкі да памерлых родзічаў і сваякоў на Радаўніцу, што ў другі аўторак пасля Вялікадня. Раней мо і на Дзяды хадзілі, але ён таго ўжо не ведае. Прынамсі, ні ад маці, ні ад каго са старэйшых вяскоўцаў не чуў пра тое. Нарадзіўся ён акурат у год “самай дэмакратычнай у свеце” Сталінскай Канстытуцыі (гэтак, з вялікай літары, пісалі тады абодва словы), калі савецкі лад добра-такі ўсталяваўся, калі і папраўдзе, як у той песні, “усё пайшло на новы лад” і старыя звычкі практычна адышлі ў нябыт. Ні будучы малым (да вайны), ні падлеткам не бачыў Раман Савасцей (пэўна ўсё ж лепш будзе называць яго так, як яму самому падабаецца – спадар Раман ці дзядзька Савасцей), каб хто з вяскоўцаў, да прыкладу, маліўся. Адно ўлетку сорак першага пракацілася па вёсках хваля ўсеагульнага запозненага хрышчэння ўжо бадай што звычна раней няхрышчаных дзяцей. Казалі, што такіх немцы будуць расстрэльваць. Вось і везлі адусюль, з блізкіх і далёкіх вёсак, у райцэнтр, дзе ацалела адзіная на ўсю акругу царква, дзяцей самага рознага ўзросту, часам нават пятнаццацігадовых, каб ахрысціць іх і тым самым ахаваць ад бяды. Карацей кажучы, жыццё было чыста савецкае – галоднае і галотнае, але вясёлае, з песнямі ды пастаноўкамі ў клубе, з лозунгамі і дэманстрацыямі. Месца для Дзядоў у ім, само сабою, ужо не было. А тут раптам, на шостым дзясятку гадоў, спадару Раману наўрэліся, як казала маці і як ён услед за ёю гаварыў, таемныя і незразумелыя Дзяды. І гэтак яму кінулася гэта ў галаву, што ўзяў ды пайшоў туды, куды па адным і купкамі ледзь не валам валілі людзі, найбольш маладзейшага веку, але нямала і сталых, нават, можна ўжо сказаць, і старых, як сам ён.

Спадар Раман амаль дадыбваў ужо да ўвахода на могілкі, як пачалося нешта незразумелае і нечаканае. З усіх бакоў, адусюль, адкуль толькі іх столькі і адразу ўзялося, наляцелі міліцыянеры і салдаты і пачалі хапаць хлапцоў і дзяўчат, скручваць ім рукі, валачы, падганяючы дубінкамі і тумакамі, да машын. Усчаліся крыкі, енкі, лямант. Не верачы вачам і вушам сваім, не цямячы, што гэта вакол творыцца, спадар Раман разгубіўся. Паспрабаваў даць, як кажуць, ходу назад, ды не атрымалася: натоўп панёс яго зусім у другі бок, наперад. І так шпарка, што неўзабаве ён апынуўся ўжо ажно за могілкамі, бадай што ў полі. І тут нарэшце пачаў даходзіць да памяці, сёе-тое бачыць і чуць.

Найперш кінулася ў галаву тое, што людзі вакол, сярод якіх ён гэтак неспадзявана для сябе апынуўся, гаварылі пераважна па-беларуску, прытым не гэтак, як ён сам і многія з тых, каго ён ведаў і з кім стасункаваўся, а правільна, літаратурна, прыгожа. Гэта яго ўразіла. Раней не даводзілася яму быць сярод такіх людзей. Ён, бадай што, не думаў і не ўяўляў, мо нават і не верыў, што такія ёсць і што іх гэтак шмат. Прытым гэта былі пераважна маладыя хлопцы і дзяўчаты, многія амаль што падлеткі, хутчэй за ўсё вучні яшчэ, нават не студэнты. І размаўлялі яны між сабою не змушана, не прыдурняючыся, а натуральна, выдавала на тое, што яны звыклі акурат гэтак стасункавацца між сабою, а не інакш.

І нечакана, неспадзеўна да спадара Рамана дайшло, што, папраўдзе, так яно павінна было б і быць з усімі людзьмі ў Беларусі. Калі мы беларусы, завіравалі ў галаве думкі, дык між сабою нам і наканавана, належыць боскім лёсам зносіцца пры дапамозе беларускае мовы. Паўсюль у свеце гэтак і ёсць: немцы між сабою – па-нямецку, французы – па-французску, палякі – па-польску. І толькі адны беларусы – як нейкія вырадкі, толькі ў нас усё не як у людзей. І толькі мы быццам саромеемся сваёй мовы і ахвотна, пры першае ж магчымасці цураемся яе. Не задумваючыся пры гэтым. Маўляў, гэтак прынята ўжо, усе так робяць, дык чаго я буду ўпарціцца і выстаўляцца, ці ж я лепшы, за ўсіх астатніх разумнейшы. Ат, як усе, гэтак і я.

А чаму? – ці то сам у сябе, ці то ў кагосьці спытаў, прытым ці не са здзіўленнем, Раман Савасцей. Хто і калі ўбіў гэта ў нашы галовы? Чаму мы ўсе гэтак лёгка і дружна пагадзіліся з гэтым? Ці ж гаворыць усё гэта за нас як за людзей пэўнай нацыянальнасці, як за асобны народ, які, як і іншыя народы, таксама мае ўсё сваё, што належыць мець народу?

Дзядзька Савасцей (ды тады яшчэ Раман Карпавіч Савасцей) усё не мог ачомацца. І паспрабуй тут ачомацца! Аказваецца, пражыўшы ў Мінску больш чым трыцццаць гадоў, ён не ведае роднага ўжо для яго і ягоных дзяцей горада. Аказваецца, ёсць і во гэткі Мінск – цалкам беларускамоўны. І, што самае галоўнае, папраўдзе блізкі і родны яму. Якраз усведамленне гэтага найперш і найбольш усцешыла яго, нейкім незразумелым, але тым не менш патаемным і добрым пачуццём сагрэла душу.

І ён пайшоў за гэтымі людзьмі, нязнанымі ім дасюль мінчукамі, гэтак неспадзеўна і раптоўна адчуўшы сваю ўласную еднасць з імі. Ішоў па полі, каб неўзабаве разам з усімі ўкленчыць ці то ў малітве за памерлых і змардаваных, ці то ў клятве за светлую будучыню Беларусі. Сыпаўся з неба дробны, яшчэ не зімовы, а чыста восеньскі сняжок, але ён не заўважаў яго. Як не заўважаў і пасля, стоячы ў шчыльным, плячо ў плячо, натоўпе ў Курапатах, пад шатамі соснаў, слухаючы нязвычныя для вуха, але надта ж кранальныя для душы і сэрца, запамінальныя для розуму словы прамоўцаў пра жудасныя расправы з бязвіннымі людзьмі, што чыніліся тут сталінскімі апрычнікамі ў перадваенныя гады, пра святую і вечную памяць незлічоных ахвяр, пра тое, што тут, у Курапатах, з часам, калі Беларусь будзе вольнай і незалежнай краінай, паўстане годны гэтай памяці мемарыял…

Вось з таго позневосеньскага дня 1988 года, з таго яшчэ па ўсіх сваіх праявах і адметнасцях чыста савецкага часу і пачаліся згаданыя вышэй перамены ў жыцці майго героя. І не такія малыя, як можа каму падацца. У душы Рамана Карпавіча Савасцея адбыўся, калі гаварыць па вялікім рахунку, сапраўды карэнны пераварот, ці лепш, бадай, сказаць – рэвалюцыя. На свет, па-сутнасці, нарадзіўся новы чалавек. Не беларус паводле пашпарта (тады ў пашпартах пазначалася нацыянальнасць уладальніка), а сапраўдны, паводле, так бы мовіць, свайго самаўсведамлення і самавыяўлення. Нарадзіўся спадар Раман, ці, для нейкага іншага выпадку, дзядзька Савасцей.

Перш-наперш ён пачаў цікавіцца публікацыямі і літаратурай нацыянальна-адраджэнцкага зместу, выпісаў, на ўздзіў сям’і і суседзяў, пісьменніцкі штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, сачыў за афішамі і стараўся патрапіць на вечарыны, прысвечаныя падзеям і датам з гісторыі і культуры Беларусі, хадзіў на мітынгі і імпрэзы ўзніклых неўзабаве нацыянальна-дэмакратычных рухаў і партый. І, вядома ж, паўсюль і з усімі сам загаварыў па-беларуску.

У сям’і гэты ягоны крок успрынялі спакойна. Жонка бадай што наогул не зрэагавала. Сама яна, нарадзіўшыся і вырасшы ў лагойскай вёсцы, гаварыла на трасянцы, прытым бліжэйшай да беларускай, чым да рускай мовы, толькі часам, пры нагодзе, калі не хацела выстаўляць на паказ сваю вясковасць, старалася “русіць” па-сапраўднаму. Спадар Раман, маючы на працы ўвесь час справу з паперамі, хай сабе і посна-ўліковымі, змушаны быў больш трымацца рускай мовы і паступова прызвычаіўся выказвацца на ёй амаль правільна, прынамсі – досыць прыстойна. Але – толькі на працы. Дома ж у маўленчым рэжыме кантраляваў сябе не надта строга. Аднак жа на трасянку не пераходзіў. Хатняе паслабленне маўленчага рэжыму часцей выяўлялася ў тым, што спадар Раман прамаўляў па-беларуску цэлыя сказы, кшталту пажаданняў ці просьбаў, а яшчэ ў тым, што ўстаўляў у гаворку па-руску беларускія прымаўкі і прыказкі, упадабаныя калісь радкі і асобныя выразы ці словы з вершаў і баек паэтаў. Сыны ж – адзін к таму часу ўжо быў студэнтам, а другі хадзіў у дзявяты клас – бацьку з ходу падтрымалі: атмасфера перыяду гарбачоўскай перабудовы рабіла сваё, дабратворна ўплываючы найперш на моладзь. У прыватнасці, ідэі дэмакратызацыі жыцця наогул і нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі чуйней і вастрэй успрымаліся акурат моладдзю, у першую чаргу, вядома, студэнцкай і вучнёўскай. У выніку ў сям’і Савасцеяў неўзабаве ўсталявалася, можна сказаць, беларускамоўная аўра.

На працы ж раптоўную і рашучую “беларусізацыю” спадара Рамана ўспрынялі не адразу і не ўсе. Сёй-той, асабліва на пачатку, спрабаваў пацвельвацца, нават перакрыўляць-перадражніваць ягоныя словы, а то і злавацца-абурацца: маўляў, што за выбрыкі, дзеля чаго, каму гэта трэба… Ды нечакана яго актыўна і прыязна падтрымала каляжанка, ад якой спадар Раман менш за ўсё чакаў не тое што падтрымкі, а нават і звычайнага паразумення. Гэта была чыстакроўная, як кажуць, расейка, родам, здаецца, з Разаншчыны. У Беларусь жанчына патрапіла разам з мужам-вайскоўцам, таксама расейцам. Дык от яна пасля аднаго з наскокаў на Савасцея абруселага да непрымання ўсяго роднага беларуса сказала: “А мне нравится! Не всегда понятно, но – красиво! Намного красивее, чем по-польски. И занятно как-то. Вы, Роман Карпович, не обращайте на них внимания, разговаривайте по-белорусски. Хоть это будет говорить о том, что мы живём в Белорусии, а не непонятно где…” Асабліва даспадобы былі спадарыні Фраловай (такое прозвішча мела каляжанка) Савасцеевы застольныя прымаўкі. Раней, яшчэ, здаецца, зусім нядаўна, работнікі аддзела хадзілі абедаць у сталоўку, а цяпер гэта стала не па кішэні. Перакусвалі тым, што прынеслі з дому, тут жа, у аддзеле. І спадар Раман, быццам жадаючы дадаць усім апетыту, раз-пораз прыгаворваў: “Чалавек галодны ні на што не годны”, “Якая яда, такая й хада”, “Вялікі кусок дзярэ раток”, “Не дораг абед, а дораг прывет”, “Смачна было, ды блізка дно”, “Дзе каша і аладка, там будзе й грамадка”, “Адзін з’еш хоць вала – адна хвала, а як станеш з людзьмі есць – будзеш мець чэсць”… Гэткія прыгаворкі прымалі нават і тыя надта “рускія” тубыльцы, якія найбольш крывіліся і абураліся “прыдурваннем” калегі Савасцея.

Новым інтарэсам, а разам з ім і новым зместам напоўнілася жыццё спадара Рамана. У 1990 годзе ён стаў членам групы падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, вядомага ў краіне паэта. Некалькі вечароў, пасля працы, а ў выхадныя і ўдзень спадар Раман абыходзіў кватэры мінчукоў, агітуючы іх насельнікаў галасаваць акурат за гэтага кандыдата. І быў рады, што амаль паўсюль людзі сустракалі яго ветліва, прыязна, уважліва выслухоўвалі, задавалі нямала пытанняў. Значыць, людзі пакрысе адтайваюць душою, скідваюць з плячэй шматгадовую прыніжанасць, пазбаўляюцца такога ж шматгадовага страху.

У 1991 годзе спадар Раман уступіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду. Першапачаткова трошкі вагаўся, куды падацца: у БНФ ці ў Грамаду? Пераважыла Грамада. Мэты і задачы ў абедзвюх партый пазначаліся нібы адны і тыя ж, ды ўсё ж… У першай яго трохі бянтэжыла само слова фронт. Ну які фронт? Прычым тут фронт? Супраць каго? Зноў супраць белых? Ці, можа, ужо супраць чырвоных? Зусім іншы дух і змест у слова грамада. Сваё гэта слова, наскае, роднае. Беларусы адвеку ўсё рабілі акурат грамадою. Грамадою лес валілі, ляда ўздымалі, жыта сеялі, малацілі, касілі, студні капалі, хаты ставілі. Што ні вазьмі – усё грамадою. От грамадою і сваю незалежную, вольную і прыгожую дзяржаву збудуем, дзе будзе добра ўсім добрым людзям рознага звання і прыналежнасці. Таму і стаў Савасцей грамадоўцам. Са спадзевам на тое, што Грамада ў хуткім часе стане галоўнай партыяй Беларусі, якая і павядзе за сабой увесь працоўны беларускі люд, якая ўзначаліць усенародную працу па адбудове нашай незалежнай тысячагадовай дзяржавы.

Ды, на жаль, спадзевам тым не дадзена было здзейсніцца. Памёр, нечакана і раптоўна, мудры і аўтарытэтны аднаўленец і стваральнік Грамады, а ягоныя пераемнікі вельмі ж хутка давялі партыю да развалу. Не партыю яны бачылі ў сабе, а сябе ў партыі, аказаліся ўсяго толькі каліфамі на час, амбіцыйнымі самаўлюбёнцамі. Тое ж здарылася і з Фронтам. Бяссілле, імпатэнтнасць іх найбольш ярка праявіліся ў час выбараў першага прэзідэнта Беларусі. Выключылі з выбарчай барацьбы найбольш вартага і верагоднага на погляд Савасцея пераможцу Генадзя Карпенку, пакінуўшы народ практычна без выбару. Выбары былі, другія за ўсю гісторыі Беларусі, сапраўды свабодныя, а выбіраць не было з каго. Ніхто з канкурэнтаў дырэктара саўгаса не мог яму супрацьстаяць. Адзін – бо савецкі, камуністычны чыноўнік, які глядзеў адно ў бок Масквы і веры якому не было ў людзей аніякай. Другі – нядаўні кіраўнік дзяржавы, які страціў пасаду проста-такі анекдатычным чынам, выявіў сваю поўную бездапаможнасць штосьці вырашаць разумна і прынцыпова, а не падменьваць яе пустапарожняй балбатнёй, бесхрыбетнасцю і, да ўсяго, неразумнаю ўпартасцю. Трэці – бо зашораны, апантаны антыкамуніст і антырасеец, прытым яшчэ і католік, які замест таго, каб прыхаваць гэта, прылюдна дэманстраваў сябе ў касцёле, быццам не цямячы, што на той час беларусы ў масе сваёй не маглі зрабіць свой выбар на карысць верніка польскага касцёла (апошні, на жаль, быў і ёсць у Беларусі акурат польскім).

Спадар Раман асабіста сам галасаваў і агітаваў галасаваць іншых (сяброў, сваякоў, знаёмых) за другога – Шушкевіча. Як кажуць, выбіраў меншае зло сярод большых. А Шушкевіч, пры ўсёй ягонай нерашучасці і недальнабачнасці, воляю лёсу ці выпадку быў усё ж “белавежскім зубрам”, меў арэол ліквідатара “імперыі зла” Савецкага Саюза і стваральніка СНГ, да ўсяго выяўляў сябе нацыянальна-свядомым беларусам. І Савасцей быў, вядома, засмучаны вынікамі першага тура. Настолькі, што галасаваць у другім туры не пайшоў наогул. Не хацеў хоць нейкім чынам удзельнічаць ва ўжо неаспрэчным прыходзе да ўлады таго, каго не хацела і не магла прыняць душа: калі і не ворага, дык відочнага нядобразычліўца беларушчыны.

Не памыляўся спадар Раман, як і сотні тысяч, мо нават і не адзін мільён іншых беларусаў, калі дапускаў, што з выбраннем такога ППРБ (гэтая абрэвіятура чамусьці лёгка асацыявалася ў яго з ПТР, якое было на ўзбраенні яшчэ і тады, калі Раман Савасцей адслужваў абавязковую вайсковую) лёс краіны з назваю Беларусь можа прыдбаць трагічны накірунак. Як ні горка гэта ўсведамляць, так і сталася. Усе зробленыя яшчэ ў апошнія гады савецкай улады і ў першыя гады незалежнасці захады і крокі па шляху нацыянальнага адраджэння Беларусі былі адменены, спынены, ліквідаваны, закансерваваны, а то і вернуты практычна ўсе колішнія савецкія парадкі і ўстаноўкі, выбудавана яшчэ больш жорсткая і адмысловая, чым за савецкім часам, выканаўча-ўладная чыноўніцкая вертыкаль. Пасля трох-чатырох гадоў сапраўды дэмакратычнага жыцця ў краіне зноў запанаваў колішні аўтарытарны рэжым, толькі крыху іншага, ніжэйшага, так бы мовіць, калгасна-саўгаснага рангу ці кшталту. Да ўлады, бачыў спадар Раман, прыйшлі не былыя выкшталцоныя камуністычныя бонзы з чырвонымі дыпломамі, а сераднячкі, нават троечнікі, амаль спрэс выпускнікі правінцыяльных інстытутаў (пасла названых па модзе ўніверсітэтамі) і славутай сельгасакадэміі. Краіну ахінула атмасфера ўсеагульнага абсурду і прафанацыі ва ўсіх галінах эканомікі, грамадска-сацыяльнага жыцця, навукі, інфармацыі, адукацыі, культуры, спорту ўрэшце. Уражанне такое, часта думаў герой аповеду, што краіна, а разам з ёю народ наш жыве не ў рэальным свеце, а ў нейкім прыдуманым, паралельным, віртуальным, дзе ўсё добра, складна, дарэчна, хораша, нават выдатна і слаўна, што ў самым цэнтры Еўропы створана і бездакорна, а самае галоўнае – стабільна функцыянуе найшчаслівая, найбагатая, наймагутная ва ўсіх адносінах народная рэспубліка, вось толькі свет чамусьці не хоча гэтага заўважаць, прымаць і захапляцца.

Найбольшы ж абсурд тычыцца мовы карэннага, тытульнага народа гэтай квітнеючай рэспублікі, – беларускай мовы. З-за яе гаротнага стану найперш баліць душа і ные сэрца ў спадара Рамана. У незалежнай, суверэннай Рэспубліцы Беларусь улада ўмудрылася правесці рэферэндум, каб пазбавіць яе статуса дзяржаўнай. І правяла, і пазбавіла. Бо толькі якому-небудзь апошняму ёлупню ці яшчэ хіба заклятаму ворагу беларушчыны незразумела, што ў рэальнай нашай сітуацыі беларуская мова не можа канкурыраваць нароўні з рускай, што першая абавязкова і беспаваротна асуджана ў такіх варунках на выцясненне з усіх сфер ужытку, ліквідацыю і канчатковае знішчэнне.

Гэта і адбываецца на нашых вачах, горка ўздыхае вось ужо амаль паўтара дзясятка гадоў стары Савасцей. Беларуская мова ў краіне з назваю Рэспубліка Беларусь сёння ўсяго толькі нешта кшталту этнаграфічнае акрасы, поруч з саламяным павуком ды гліняным саганком. Яна фактычна апынулася ў тым жа становішчы, у якім была ў царскай Расіі: жыла ў гаворцы вясковых тубыльцаў і дапускалася да ўжытку ў навуковых публікацыях фальклорна-этнаграфічнага характару. Спадар Раман часта прыгадвае чытанае аднойчы выказванне Мураўёва-вешальніка пасля падаўлення паўстання на Беларусі 1863-64 гадоў: “Тое, што не дарабіў тут рускі штык, даробяць руская царква, рускі чыноўнік і руская школа”. Царква, чыноўнікі і школа дараблялі мураўёўскую справу не адно дзесяцігоддзе. Але дзіўная штука: расейскія каланізатары быццам бы вынішчалі на Беларусі пальшчызну, ды тым самым не спрыялі адраджэнню беларушчыны, а насаджалі расейшчыну. Пасля тое ж рабілі бальшавікі, няхай сабе ўжо пад шыльдаю інтэрнацыяналізму. А сёння іх справу з поспехам працягваюць свае манкурты і янычары. Спадару Раману ажно ўжо проста гідка слухаць цынічную хлусню пра росквіт беларускай культуры ў апошнія гады. Пра які росквіт можа ісці гаворка, калі з дзяржаўнага ўжытку начыста выкінута мова беларускага народа? Самае жахлівае, што амаль паўсюдна рускамоўнай стала на Беларусі школа. Міністр адукацыі без крупінкі сораму гаворыць ажно пра дваццаць (!) працэнтаў школ, якія нібыта навучаюць дзяцей на беларускай мове. Але ж стары і неаднойчы стрэляны верабей Раман Савасцей ведае, што гэта пераважна невялікія, так званыя калісь малакамплектныя вясковыя школы. Да таго ж, калі папраўдзе, дык і яны не зусім беларускамоўныя, бо сёння аніхто і нідзе не прытрымліваецца колішняга савецкага адзінага моўнага школьнага рэжыму. Сёння ў тых нібыта беларускамоўных школках беларуская мова ў самым лепшым выпадку прысутнічае адно на ўроках, а па-за імі паўсюль пануе тая ж фактычна адзіная сапраўды дзяржаўная руская мова. А, між тым, школа – асноўная, падмуркавая цаглінка жыццядзейнага моўнага дома любога народа. Без школы на роднай мове ў народа няма будучыні. Стары рахункавод Савасцей гэта разумее. А вось спадар (не, хутчэй – гаспадзін) міністр народнай адукацыі чамусьці не разумее. Парадокс? Абсурд? О, колькі гэтакіх парадоксаў і абсурдаў падносіць нам сённяшні нанатэхналагічны час!

Спадар Раман даўно ўжо, кажучы сабе гэтак у думках, не пасміхваецца. Грэшна стала пасміхвацца. Гэта ж тое самае, што скакаць на кладах продкаў. А ён ужо ўсё часцей і часцей думае акурат пра гэтыя самыя клады. Пасля сямідзесяці нельга не думаць. Калі верыць статыстычным паказчыкам, дык ён, Раман Савасцей, зажыўся на гэтым свеце. Сярэдні век мужчын у квітнеючай Рэспубліцы Беларусь – шэсцьдзесят два гады, а ён ужо восьмы дзясятак размяняў. Ды што там статыстыка! Ён і без яе ведае, што нахабна парушае беларускія стабільныя стандарты. Часам азірнецца назад, прыгадае сяброў і знаёмцаў прыкладна аднаго з ім веку і – жахнецца: амаль нікога не засталося, усе надта нейк недарэчна дружненька адышлі ў лепшы свет. А ён вось яшчэ на гэтым. І пакідаць яго Савасцею, не ў крыўду аднагодкам кажучы, не хочацца. Надта ж прагне душа затрымацца тут, дачакацца нейкіх лепшых змен, нейкае прасветліны ў лёсах дзяцей і ўнукаў. Быць таго не можа, што кон нашага народа такі жорсткі і бязлітасны, што стаіць ён на краі бездані. Не заслужыў ён гэтага сваёй цярплівасцю, ціхмянасцю, памяркоўнасцю, працавітасцю, ветласцю, душэўнай спагадлівасцю і сардэчнай дабрынёю.

Першыя гады “новай эпохі” спадар Савасцей актыўнічаў на, так бы мовіць, грамадскім фронце: хадзіў на мітынгі і шэсці, на іншыя апазіцыйныя мерапрыемствы. Ды з часам актыўнасць гэтая пачала мізарнець. І зусім не таму, што двойчы ці тройчы яму добра-такі перападала ад дубінак “ахоўнікаў беларускай рэвалюцыі”, а неяк і немалы штраф вымушаны быў заплаціць. На гэта спадар Раман мог бы асабліва і не зважаць: ведаў, куды ішоў і чым рызыкаваў. Пачалі адольваць сумненні іншага плану, гнятлівыя думкі ад адчування, нават ці не прадчування нейкае нібы асуджанасці, безнадзейнасці справы дэмакратызацыі ў краіне і нацыянальнага адраджэння Беларусі. Прынамсі, на доўгія і доўгія гады, бо без прымусу ўладу з рук не выпусціць нізавошта. А сілы, якая прымусіла б яго пайсці на гэта, няма і нішто не гаворыць пра тое, што яна хутка з’явіцца. Тыя, хто рэпрэзентуе сябе лідарамі апазіцыі, ужо бадай і не ставяць перад сабою мэты калі-небудзь прыйсці да ўлады, задавольваючыся статусам “вечнага апазіцыянера”. Зрэшты, іх можна нават зразумець. Створаная ў краіне сістэма амаль начыста пазбавіла апазіцыю магчымасцей працаваць, весці ў грамадстве растлумачальную і арганізацыйную работу. Што ў гэткіх умовах застаецца? Імітаваць такую працу, а ў выніку атрымліваць сякія-такія фінансавыя субсідыі і гранты, што дазваляе досыць бязбедна жыць, ездзіць у багатыя замежныя краіны самім і вучыць, уладкоўваць там сваіх дзяцей. Неяк неўпрыкмет спадар Раман пакрысе адыходзіў ад сваёй калісь такой дарагой і паважанай Грамады, а неўзабаве і зусім сышоў.

Падупаў духам спадар Раман яшчэ ў дзевяноста восьмым, калі яму споўнілася шэсцьдзясят і калі яго тут жа, з ходу, выперлі на пенсію. Аказаўся ён зусім не падрыхтаваным да гэтага, хоць быццам і сам меркаваў зрабіць акурат гэтак. Але гэта раней, яшчэ за савецкім часам, калі ведаў, што на пенсіі будзе яму гарантавана сапраўды спакойнае і бязбеднае жыццё. Тады Раман Карпавіч, бадай што, чакаў таго часу. А калі сапраўды ён надышоў, сітуацыя карэнным чынам змянілася. Спадар Раман пасля выхаду на пенсію адразу ж адчуў сябе жабраком. І з кожным годам гэтае адчуванне адно абвастралася. Сталася так, што пенсію яму пачалі прыносіць дадому. Ён аб такой ласцы не прасіў, але, дурань, і не адмовіўся. Калі б атрымліваў пенсію, як раней казалі, у сберкасе, мо даўмеўся б штомесяц нейкі рубель-другі пакідаць на рахунку – за гады нешта, пэўна, сабралася б. А прынесеныя дадому грошы знікалі хуценька і без знаку, як вада пасля летняга дажджу. Нястача іх зрабілася заўсёднай. Ледзь хапала грошай на харчы ды на аплату кватэры. Добра яшчэ, што парупіліся з жонкай у свой час пра бялізну, адзенне і абутак. Бо калі б трэба было траціцца і на гэта, наогул былі б кранты.

За савецкім часам спадар Раман таксама не быў надта багатым, аднак жа капейкі не лічыў, нават сёе-тое адкладваў, як людзі па звычцы казалі і тады, на чорны дзень. Назбіралася на ашчаднай кніжцы няшмат, нейкія тры тысячы, якія ляснулі ў памятным дзевяноста першым. Шкада было, вядома, аднак жа ўсё на свеце забываецца, паступова забылася і гэтая страта. Ды начыста пра яе забыць не давала сама ж новая ўлада – частымі гаворкамі пра кампенсацыю колішніх савецкіх укладаў. Пасміхваўся горка Савасцей з тых абяцанак-цацанак. Хто, на прамілы Бог, кампенсуе? Новыя мільянеры, што невядома адкуль гэтак раптоўна з’явіліся? Гаспадары казачных палацаў і замкаў вакол Мінска і іншых гарадоў? Дык гэта ж яны ўсіх і абрабавалі, абадралі, як ліпку, мільёны такіх вось, як і ён. Шырэй падстаўляй кішэнь!

Тым не менш, калі спадару Раману пераваліла за семдзесят, ён атрымаў ліст, у якім яго запрашалі зайсці ў банк “по вопросу компенсации вклада”. Здзівіўся Савасцей, але – пайшоў. Падаў у вакенца запрашэнне. Дзяўчына зірнула ў яго і спытала: “Будете получать?” Ён кіўнуў. Неўзабаве яна падала яму паперку з просьбаю паставіць свой подпіс. Распісваючыся, зірнуў, колькі ж яму адвалілі сённяшніх за тры тысячы колішніх. Кінуліся ў вочы лічбы 1 і 5. Падумаў – паўтара мільёна? Няшмат, вядома, ды, як кажуць, з паршывай авечкі хоць воўны касмыль. І якое ж было расчараванне, калі тыя адзінка і пяцёрка азначалі ўсяго толькі пятнаццаць тысяч! Хацеў Савасцей адмовіцца, ды дзяўчына за шклом ледзь не ў слёзы: маўляў, вы ж распісаліся, што згодны, я ўсё аформіла, рахунак закрыла… Плюнуў ён і цішком падаўся на вуліцу. Ішоў і хацелася яму, каб быў звычны, мацюкацца ўголас. Не ад крыўды і жалю – яны забыліся ўжо, а – ад страшэннае, незаслужанае абразы! Мала што абрабавалі, дык яшчэ гэтак напляваць яму ў душу. За тры тысячы савецкіх рублёў ён мог бы набыць усе восем тэлевізараў, палову жыгуля, румынскі мэблевы гарнітур ажно з шаснаццаці прадметаў… А сёння яму, бы апошняму бамжу, тыцнулі на дзве пляшкі самай таннай гарэлкі. Не, думаў спадар Раман, брыдучы дахаты, мо і была калі-небудзь такая ж несправядлівая ўлада, ды такой подлай, па ўсім, не было…

Час ад часу пенсіі павялічваліся, але цэны і жыллёва-камунальныя кошты раслі куды хутчэй, і спадар Савасцей не-не ды канстатаваў з сумам, што нішто гэтак не прыгнятае і не прыніжае чалавека, як беднасць. Але-але, і гэтая якасць жыцця не ў малой ступені таксама паўплывала на ягонае самапачуванне грамадзяніна. Беднасць ці абвастрае ў людзях азлобленасць і ваяўнічасць, ці, наадварот, спараджае пакору і абыякавасць. Спадар Савасцей з жалем адчуваў, што належыць да апошніх. Ён ніколі не быў ні зласліўцам, ні ваяўнічым, заўсёды быў схільны да таго, каб усё вырашаць ціхамірна і справядліва. Хоць, здаецца, не быў раней і абыякавым, тым больш пакорлівым. Ды, зноў жа, гэта – раней, калі жыццё ішло раз і назаўсёды вызначанымі каляінамі. А зараз дзе і якім чынам праявіць сваю неабыякавасць, сцвердзіць сваю чалавечую годнасць і непакорлівасць? Ага, паспрабуй толькі – адразу ўведаеш, дзе ракі зімуюць!

Ды, можа, віна тут не аднае беднасці. Мо найбольш прыніжае, абязвольвае чалавека, змушае яго апускаць крылле беспрасветнасць, бесперспектыўнасць, тупіковасць жыцця. І не так яго ўласнага, як жыцця роднай краіны, роднага народа. Пра самога сябе спадар Раман бадай што ўжо і не думае. Што тут, зрэшты, думаць? Жыццё, як ні лічы, пражыта. Добра, блага, але – пражыта. Засталося, як кажуць, нуль цэлых і нуль дзясятых. Ну, мо не зусім нулі, мо пашчасціць яшчэ на нейкія адзінкі ці двойкі. Шкадаваць яму аб чым-небудзь асабліва няма прычын. Дзякаваць Богу, і сам яшчэ на нагах, і жонка пакуль што ў сіле, вядзе рэй і дома, і на лецішчы. І за дзяцей яму не сорамна – выраслі разумнымі і дарэчнымі, і ўнук з унучкаю не засмучаюць дзеда з бабай. Жыві, Рамане, і не шманай! Дык жа – не! Смокча душу, несупынна і неадступна, нейкі смоўж нэндзы, дайце веры, з-за гаротнага стану Беларусі. Жыў калісь бяздумна, дык папраўдзе не шманаў. А собіла задумацца, дык і прапала некуды тое нешмананне.

Спадар Раман разумее, што не выпадкова гэта. З чытанага за апошнія гады ведае, што цягам немалога ўжо часу, цэлых стагоддзяў, такая быццам доля беларуса – акурат нэндзіцца. Былі ўзлёты, ды, на жаль, надта ж кароткачасовыя – у дваццатыя ды ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. І абодва разы ўзлёты тыя жорстка, бязлітасна абарвала адна і тая ж д’ябальская сіла. Першы раз, як ні старалася яна рэзаць беларушчыну на нашай зямлі пад самы корань, усё ж не змагла вынішчыць яе дарэшты. Шмат гадоў спатрэбілася Беларусі, яе народу на тое, каб акрыяць і заявіць аб сваім праве на незалежнасць. Ды зноў была аддадзена каманда: “Асадзі назад!” Прытым не проста каманда затармазіць, прыпыніць рух нашага народа да нацыянальна-культурнага і дзяржаўнага адраджэння, а ліквідаваць, адкінуць, знішчыць усе пазнакі яго, паставіць апошнюю кропку ў трагічным лёсе Беларусі. І робіцца гэта як ніколі раней подла і цынічна: нібыта рукамі саміх жа беларусаў, нібыта паводле іх уласнага волевыяўлення, дзеля чаго быў ініцыяваны і праведзены ганебны рэферэндум.

Амаль пяць з паловай дзесяцігоддзяў жыцця спадара Савасцея пазначаны савецкім часам. Не праклінае і не бэсціць ён тыя дзесяцігоддзі – усё адно ўжо нічога ні вярнуць, ні змяніць. Нейкія згадкі прыносяць нават радасць і ўцеху – усё ж там прайшла ягоная маладосць. Ды куды часцей яны прыносяць боль і смутак. Цяпер ён ведае, які той час быў бяздушны, бязлітасны, жорсткі да чалавека. А яшчэ – колькі тады было хлусні, падману і фальшу! Хлусня была ў аснове ўсяго, што гаварылася і рабілася ў краіне перамогшага сацыялізму. Часам пачне думаць і ўспамінаць, дык ажно месца сабе не знаходзіць ад сораму, горычы і болю: як яны трывалі ўсё тое, як наогул маглі жыць, працаваць, адпачываць і нават весяліцца ва ўмовах той усеагульнай, проста-такі татальнай савецкай хлусні, а перадусім – страху.

А пасля схамянецца, вернецца думкаю ў сённяшні дзень – і пачуццё сораму, горычы і болю адно ўзрасце. Тады людзі жылі ў няведанні, ім змалку ўбівалі ў галовы хлусню пад маркаю праўды.

А цяпер, сёння? За гады перабудовы, за першыя гады набытай краінай незалежнасці ў людзей на многае расплюшчыліся вочы, не толькі мо­ладзь, але і старэйшыя пакаленні са згаладалай прагаю зажадалі праўды і справядлівасці, павагі і абароны іх правоў і чалавечай годнасці. А з чым сутыкнуліся? З той жа хлуснёю, з тым жа падманам, з тым жа фальшам, з той жа бессаромнай балбатнёю і безадказнымі абяцанкамі, хіба толькі больш цынічнымі, чым раней, бо – непрыхаванымі, відочнымі, незакамуфляванымі пастулатамі так і не прыдуманай дасюль новай дзяржаўнай ідэалогіі. А перадусім, як і раней, у краіне зноў запанаваў страх.

Вось таму і смокча душу старога Савасцея смоўж згаданай вышэй нэн­дзы. Сам ён, вядома, сяк-так дажыве і ў атмасферы гэтай савецка-калгаснай паранойі. А дзеці, унукі? Як ім жыць, што рабіць? За мяжу з’язджаць, як шмат хто робіць? Прыстасоўвацца? Ні старэйшы, ні малодшы сыны, ведае пэўна, Беларусі не выракуцца. Не ўмеюць яны і прыстасоўвацца. У выніку жывуць з плеч у печ і з разладам у душы, бо абодва, не прымаючы розумам і сэрцам існуючы рэжым, тым не менш вымушаны працаваць у дзяржаўных установах (адзін у школе, другі – у НДІ) –трэба ж неяк жыць, утрымліваць сям’ю. З-за дзяцей найперш і нэндзіцца стары Савасцей. Самому яму выпала доля амаль усё жыццё пражыць у паняверцы, дык і дзецям, па ўсім, свеціць тое ж самае.

А тады ж, як над Домам урада залунаў нацыянальны сцяг, здавалася, што мара беларусаў заняць свой пачэсны пасад між народамі ў рэшце рэшт здзейснілася. У салодкіх лятунках і светлых надзеях жыла ў той час душа спадара Рамана. Хораша думалася пра будучыню Беларусі пад гаспадарскім прыглядам саміх беларусаў. Людзі акрыяюць, развінуць плечы, на ўсю моц уключаць у работу свой разумовы і фізічны патэнцыял. І праз нейкі час не пазнаць будзе нашай дарагой сэрцу Бацькаўшчыны – яна стане не паказной, а сапраўды зялёнай, дагледжанай, упарадкаванай, усё ў ёй будзе даведзена да ладу, зроблена з думкаю пра чалавека – каб яму жылося тут добра, зручна і ўтульна. Беларусь бачылася цывілізаванай еўрапейскай краінай кшталту Чэхіі, дзе ўмеюць не пагарджаць і чужым, але дзе найперш шануюць і зберагаюць сваё, бо толькі акурат гэтым сваім і праз сваё кожны народ і цікавы іншым народам. Дык жа прэзідэнтамі той самай Чэхіі былі, да прыкладу, сусветна вядомыя вучоны-славіст Масарык і драматург Гавэл – не абы каму давяраў народ кіраваць краінай. А калі наш народ дарасце да такой адказнасці, да такога разумення сваёй ролі і паводзін?

На жаль, не дадзена нашаму цяляці ваўка спаймаці. Як раптоўна і неспадзеўна пачалося ўсё ў 1991-м, гэтак жа раптоўна, але ўжо не неспадзеўна, усё і скончылася. Вярнуліся ў краіну, ужо ў маленькую, пад новай назвай Рэспубліка Беларусь, ранейшыя вялікадзяржаўныя хлусня, фальш і страх. І чым далей, тым болей – як у прымаўцы пра лес і дровы. І з кожным разам прыбаўлялася нэндзы ў душы спадара Рамана. Куды ні кінь – усюды, як кажуць, клін. Раней пры знаёмстве людзі з задавальненнем называлі сваю спецыяльнасць: інжынер, настаўнік, урач, токар, геолаг… Цяпер жа не надта ахвотна і не надта ўцямна кажуць: прадпрымальнік нібыта, сяк-так перабіваюся, вартаўнік, ахоўнік, беспрацоўны… І гэтак цягам амаль дваццаці гадоў. Некалькі пакаленняў практычна не маюць спецыяльнасці. Народ дыскваліфікуецца, папраўдзе ж дэградуе – і псіхалагічна, і культурна, і маральна, і сацыяльна. А вертыкальшчыкам рознага рангу на ўсё гэта начхаць. Для іх народ наогул быдла. Адпаведна і адносяцца яны да людзей, як да быдла. Нібы стары, даўні час вярнуўся: пан (князь, граф) раскашуе ў замку, а конюх спіць побач з канём на стайні… Хіба ж апошні будзе ўдзельнічаць, прытым свядома, у нейкіх выбарах? Яму й думка такая ў галаву не прыйдзе!

Апошнія гады ад ранняе вясны да позняе восені жыў спадар Раман амаль невылазна на лецішчы. Вёў, як сам сабе казаў, расліннае жыццё – па аналогіі з аднайменнай назвай перадачы расійскага тэлебачання, якую часам глядзеў, бо гаворка там круцілася вакол так званых дачных раслін. Ды ўрэшце перастаў глядзець: абурала і выклікала агіду тое, што аб’ектамі для перадач былі штораз надта ж шыкоўныя дачы-палацы сучасных зла­дзюганаў-мільянераў, тых самых наваспечаных паноў-прыгоннікаў. Раслінным жыццё сваё называў усё ж найперш таму, што жыў, можна сказаць, бяздумна, акурат як тая расліна: пасадзілі яе – яна і расце сабе. Гэтак, бадай што, жыў і ён. Нейкія грамадскія клопаты яго там мала турбавалі. Быццам паверыў нарэшце ў моднае апошнім часам выслоўе: вартасць жыцця – у самім жыцці. От ён і жыў. Проста жыў. Хадзіў, дыхаў, глядзеў, слухаў, адчуваў, успрымаў…

Папраўдзе ж, на лецішчы ў спадара Савасцея штодня знаходзіўся нейкі занятак: то нешта трэба паліць, прапалоць, апырскаць, то ў садку траву скасіць, дроў насекчы, вады ў лазню нанасіць, трэшчыну ў падмурку замазаць растворам, падмесці ў хаце і ля ганку ў двары… А пяток зімовых месяцаў, якія даводзілася праводзіць у гарадской кватэры, работы практычна не было. Адзіны занятак – пачытаць у аўторак і пятніцу “Народную волю” ды паглядзець навіны па тэлевізары. Праўда, сумаваць асабліва не даводзілася – такой “раскошы” не давала малая ўнучка. Як прыйдзе з садка, дык усе яе гульні, аж пакуль маці не пакліча класціся спаць, у дзеда-бабіным пакоі. Ды нават і малая шчабятуха, якую дзед Раман любіць і песціць без меры, не ратавала ад нэндзы.

І, пэўна, нястача і гэтая самая душэўная нэндза схілілі, а пакрысе і прыахвоцілі яго да гульні ў тэлелатарэі. Пабачыў неяк па тэлевізары тыражы “Суперлато” і “Вашага лато” і быў уражаны буйнымі і шматлікімі выйгрышамі. А вядома ж, старое – як малое. От і яму захацелася пагуляць. І раз купіў білецікі, і два, і тры. Колькі разоў выйграваў па пяць-сем тысяч – вяртаў затрачаныя на набыццё білетаў рублі, не больш, але працягваў гуляць. Латарэя – гэта, пэўна, таксама свайго роду наркотык: засмоктвае. Уцягнуўся і спадар Раман. Жонка ўжо і сварыцца на яго – навошта грошы на вецер выкідвае, а ён усё роўна: пойдзе на шпацыр ці ў краму, дык заадно і спакусліва-звабныя білецікі купіць.

З выйгрышамі ж, нават дробнымі, яму шанцавала чамусьці ўсё ра­дзей. Правяраў білеты часцей за ўсё разам з унучкай. Часам яна нават і закрэслівала тыя нумары, якія гучалі з экрана тэлевізара. Незакрэсленыя абводзіў кружком і казаў: “Зноў дзірка ад абаранка”. Унучка папраўляла: “Дык жа не адна дзірка, дзед, а тры!” Але-але, здараліся і тры дзіркі, і чатыры, аднойчы ж выпалі і ўсе пяць. Спадар Раман ужо не-не ды амаль збянтэжана паўтараў: “Няйнакш як хто начараваў! Чартаўшчына нейкая!” Яно быццам і праўда. Дзесяць, а то і ўсе пятнаццаць бочачак дастануць з мяшэчка латарэйныя красуні, а спадар Раман не паставіць у сваім білеціку ніводнага крыжыка – няма супадзенняў. Блізкія нумары, ды не тыя. Часта ж блізкасць тая проста здзеклівая. Скажам, выцягнута бочачка з нумарам “50”, а ў ягоным білеце стаяць “49” і “51”. І гэтак і раз, і два, і пяць разоў запар. Сапраўды, ці ж не чары, не д’ябальшчына нейкая?! А бачыў жа, што людзі – выйграюць, прытым не нейкія там пяць тысяч рублёў, што выпадала і на яго долю, а сотні тысяч і мільёны, нават дзясяткі і сотні мільёнаў, а таксама шыкоўныя аўтамабілі і новыя кватэры.

Кватэра акурат і была самай запаветнай мараю спадара Савасцея. Бачылі яны з жонкай, адчувалі, што сын і нявестка вельмі хацелі б жыць асобна. Не крыўдавалі яны на дзяцей за гэта, хоць, папраўдзе, трошкі і не разумелі. Успаміналі сваю маладосць. Як яны тады зайздросцілі тым сваім знаёмцам-равеснікам, якія жылі з бацькамі! Тыя былі вольнымі казакамі: не было ў іх аніякіх праблем схадзіць у кіно і ў тэатр, у госці ці яшчэ куды – было на каго пакінуць дзяцей. А колькі і яшчэ клопатаў бралі на сябе бацькі: і ў кватэры прыбраць, і есці наварыць, і бялізну ды посуд перамыць. Яны ж, Раман са сваёй Жанаю, колькі гадоў не ведалі ні кіно, ні тэатра, ні канцэрта якога: дзеці не пускалі. Не рызыкавалі яны падавацца з малымі дзецьмі і на поўдзень у час адпачынку, у выніку спадар Раман Чорнага мора так і не зведаў, адно з вагона цягніка, калі ехаў у кіславодскі санаторый, пабачыў краёк Азоўскага. Трошкі непамысна ім было і з іншае прычыны. Чаму дзеці не разумеюць, што і яны, бацькі іхнія, таксама мо хацелі б у старасці пажыць асобна, у цішыні і спакоі? Чаму не падумаюць, што старому чалавеку хочацца і днём прылегчы на хвіліну, і раніцай не падхоплівацца ледзь свет? Дзясятак гадоў назад яшчэ можна было б, бадай, размяняць іхнюю трохпакаёўку на нейкія дзве кватэркі, а зараз і думаць пра тое не выпадае. А трыццаці-сарака тысяч долараў для даплаты ні ў іх, ні ў сына з нявесткай няма і не будзе. Сітуацыя, як цяпер любяць казаць, тупіковая. Вось таму і снавалася, не пакідала Савасцея думка-мара здабыць жаданую кватэрку праз латарэю. А чым чорт не жартуе? Латарэя і ёсць латарэя: а раптам? Усё ж можа быць. Верагоднасць малая, вядома, але ж яна існуе. Вунь: людзі ж выйграюць! Дык чаму б і яму не аказацца ў іх ліку?! Перад Новым годам яго Аўксенцьеўна купіла на кухню насценны каляндар. Расійскі, вядома, беларускіх не знайсці. (На колішніх ”крэсах уходніх” пад Поль­шчай можна было беларускі каляндар выдаць, а ў нібыта незалежнай Беларусі зрабіць гэта не пад сілу.) Дык на тым расійскім календары з вавёрачкай выдрукаваны радок з Мацвея святога дабравесця: “І ўсяго, чаго ні папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце”. У апошнія гады да царквы пачалі далучаць людзей гэтак жа настырна, амаль гвалтоўна, як пасля рэвалюцыі адлучалі, аднак жа ў спадара Рамана стасункі з верай і малітвай так і не склаліся, застаўся ён, як выказаўся найвысокі начальнік, праваслаўным атэістам. Тым не менш, Богу грашыць спадар Раман не мае намераў, як не меў і раней. Значыцца, і ён мае права на Боскую ласку. Прынамсі, спадзеў на яе.

З другога боку, падтрымліваўся гэты спадзеў і, бадай што, антыбоскімі сіламі – прыхільнікамі і адэптамі мамоны. Плоймаю пайшлі, плынямі паплылі парады і рэкамендацыі тэарэтыкаў і практыкаў капіталізму, найперш амерыканскага, як самага паспяховага, наконт метадаў і спосабаў хуткага і лёгкага абагачэння. Самы просты і даступны для ўсіх даверлівых і наіўных такі: трэба верыць, моцна жадаць удачы – і яна абавязкова прыйдзе. Вось і спадар Раман спакусіўся, клюнуў на прынаду: а мо й праўда? Слова ж, кажуць, не толькі інфармуе, але і ўплывае, валодае стваральнай, дзейнай сілай. Шмат разоў скажы сабе: “Я выйграю! Выйграю! Выйграю!” – і папраўдзе выйграеш…

Не ўголас, а сам сабе, і не так усур’ёз, як жартам, казаў гэтыя словы спадар Раман, закрэсліваючы ў білеціку нумары, што супадалі з нумарамі даставаных з мяшэчка бочачак, ды канчалася ўсё тымі ж дзіркамі ад абаранкаў. Адзін тыдзень казаў, другі, трэці, пяты. А пасля плюнуў і ляпнуў ці не ў злосці ўжо, мо нават трошкі і ў роспачы:

– Хоць ты каму, чорту таму самаму, душу прадай! Толькі дзе таго чорта знайсці?

– А я тут.

Спадар Раман скалануўся. Хоць трошку і тугавухім стаў ён апошнім часам (нашкодзіў сабе бензакасой ды дрэваапрацоўчым станком на лецішчы), аднак жа выразна пачуў чыйсьці голас. І машынальна, ні аб чым пакуль не думаючы, спытаў:

– Хто?

– Нехта, як ты кажаш. Чорт той самы.

Спадар Раман крутнуў галавой, сказаў сам сабе:

– Дажыўся, стары дурань: з чортам загаварыў! Добра хоць, што ўнучка адлучылася, не чула. Праўду жонка кажа: дабром гэта не скончыцца, давядзе мяне нячыстая сіла!

– А чыстая да чаго давяла?

Савасцей замёр. Пасядзеў гэтак хвіліну-другую. Потым ляпнуў сябе па баках, па сцёгнах, азірнуўся: дома ён, не звар’яцеў? Быццам не. Але ж ён чуў, прытым зусім выразна чуў пытанне. Ён нават з ходу хацеў адказаць, што чыстая – сіла, няйначай? – да жабрацтва яго давяла. Не адказаў толькі таму, што – паспеў схамянуцца, падумаць аб тым, што ці й напраўду не звар’яцеў ён.

Ды не паспеў спадар Раман як след абмацаць і праэкзаменаваць сябе, як пачуў:

– Дык чаго маўчыш? Навошта ты мяне клікаў? Грошай захацеў?

Тут ужо хацеў Савасцей і раззлавацца немаведама на каго, мо найперш на самога сябе, ды нечакана пасміхнуўся: а й папраўдзе дагуляўся, галюцынацыі пачаліся, толькі гукавыя чамусь. Вось табе, Рамане, і гульня! Дык і пагуляй! Гуляў там, пагуляй і тут, не бянтэжся і не саромейся – балазе, унучкі побач няма. От і сказаў, пэўна ж, уголас:

– А хто іх не хоча, грошай? Нябожчык і то вунь колькі патрабуе!

– Ну, не апраўдвайся, ты ж яшчэ не нябожчык.

– Я й не апраўдваюся. Гэта к слову.

– А навошта табе грошы? Маладому дык на гулі, на дзевак. А старому?

– На кватэру, калі табе гэтак пільна трэба ведаць.

– Сабе дамоўку ты ўжо купляць не будзеш, жонка ці дзеці купяць.

– Не пра тую дамоўку памоўка. Сам жа казаў, што я не нябожчык яшчэ.

– Даруй, зблазнаваў трошкі. Ну, добра. А калі я памагу, чым адплаціш?

– Дык у цябе ж, мусіць, пэўная такса ёсць?

– Ёсць, вядома. Адна і заўсёдная: душа чалавечая. Аддасі, не пашкадуеш?

– Што яе шкадаваць! Абрабаваная яна, мая душа, як і душа ўсяго нашага народа. Яшчэ вунь калі паэт сказаў: “І душу тваю абакралі, – у ёй нават мовы няма…”

– Але ж разам з душой аддасі і жыццё. Яго таксама не шкада?

– А што за жыццё без надзеі? Недарэмна ж сказана: чалавек жыве, пакуль спадзяецца.

– Усе вы так кажаце, пакуль не прыпячэ. А прыйдзе пара, дык і ўзмоліцеся: Божа мой, Божанька, дай яшчэ хоць гадок, хоць адно летца, хоць адзін дзянёк сонейка ўбачыць!..

– Ну, а ты як думаў? Па-чалавечы гэта. І я, мусіць, такую ж курну зацягну. Хоць, калі папраўдзе, дзеля таго найперш, каб пабачыць ды ўпэўніцца, што дзецям, унукам свеціць іншая, лепшая доля.

– Якія вы, людзі, аднак выкрутлівыя!

– Дык гэта ж ты нас і робіш такімі. Ці ж хіба не ты нашаптаў-убіў у галовы ўга як многім людцам: хочаш жыць – умей круціцца? Чаго ж цяпер папракаеш?

– Не навучыў бы, дык не выжылі б! З Божанькам сваім гладзенька ды чысценька не ўсё і не заўсёды атрымліваецца.

– Атрымлівалася б, калі б ты пад нагамі не круціўся!

– Чаго ж клікаў мяне ў такім разе? Як нявыкрутка, тады і я патрэбен, так?

– Хто і калі цябе клікаў! Сам пішчом у душу, а перадусім па яе лезеш, насланнём, неадпрэчным назолам ліпнеш.

– Няпраўда твая. Я толькі на покліч чалавечы з’яўляюся. Няхай нават на самы ціхі, безгалосы, але – на покліч. Я лепш за вас цаню вашу ж прымаўку аб тым, што нязваны госць горш за татарына.

– Хопіць балантэсіць попусту. Кажы ўжо, што рабіць трэба, ды зматвайся – насмярдзеў тут.

– Не смурод гэта. Серны водар – дзеля прафілактыкі.

– Святы Божа, святы-крэпкі, і ты баішся грыпу?

– Гм, я… А чаму не падумаеш, што дзеля тваёй бяспекі?

– Таксама мне – прыяцель знайшоўся!

– Няўдзячныя вы ўсе, мне гэта вядома, таму і не крыўдую. Дык што, дамовіліся?

– Наконт чаго?

– Ото цэ да! Забыўся ўжо? Я табе – выйгрыш, ты мне – душу!

– А-а, ты пра гэта… Дык а што, кантракт трэба падпісваць, ці так абыдзецца?

– Мы не бюракраты. Гэта вы, людзі, паперак напладзілі столькі, што патанаеце ўжо ў іх. Я на слова веру.

– Дык і калі… забярэш? – спадар Савасцей выціснуў з сябе апошняе слова пасля невялікае паўзы: гульня гульнёю, але стаўка ўсё ж занадта сур’ёзная – душа, ды прытым жывая.

Голас азваўся чамусьці таксама з невялікай затрымкаю:

– Ну… Пасля таго, як выйграеш джэк-пот і кватэру.

– Адразу ж? У той самы дзень?

– Ага, што я казаў?! Яшчэ й не прыпякло, а ўжо ўзмаліўся? Каб жа гэта, Божа, яшчэ пажыць трошачкі?

– Што ты па-дурному прыдзіраешся? Павінен жа я ведаць, ці не?

– Божанька ваш такога ведання не дае.

– Ты ж не Божанька! Тфу!

– Не, вядома. Але таму магу й сказаць, калі.

– І калі ж?

– Ну, скажам, праз год.

– Пасля выйгрышу?

– Але.

– Ну й чорт з табой, хай будзе па-твойму.

– Гм, са мной… А мо я й сам чорт? Ды, як у вас кажуць, Бог з табой! Выйгравай свае мільёны і не памінай… ліхам! Ха-ха-ха!

Прахапіўся спадар Раман, расплюшчыў вочы, павярнуў галаву ўверх-уніз, управа-ўлева, шыю пальцамі з аднаго боку і з другога пацёр, агледзеўся. Перад ім экран тэлевізара свеціцца, але ўжо там не тыраж “Суперлато”, а, здаецца, навіны паказваюць. Падумаў са здзіўленнем: няўжо ён так па-сапраўднаму прыдрамнуў, што ажно сон гэткі прысніў? Тут жа прыгадалася, што зусім нядаўна ці ў той жа “Народнай волі”, ці ў “Саўбелцы” (якую час ад часу купляе сын дзеля тыднёвай праграмы тэлебачання і старонкамі якой мінскі Якубовіч ажыццяўляе сярод людзей амаль такую ж сатанінскую – русіфікатарскую – дзейнасць, як маскоўскі сваім “Полем цудаў”– душагубную) чытаў, што вучоныя пераканаўча даказалі: сны не маюць аніякага прарочага ці нейкага іншага сакральнага сэнсу. Прыгадалася тая інфармацыя проста так, бо ведаў ён гэта даўным-даўно і без пацвярджэння нядаўнімі даследаваннямі англійскіх, здаецца, навукоўцаў. Таму пастараўся не засяроджвацца на гэтым ці то сне, ці то трызненні. Ці мала што можа прымроіцца-звярсціся? Або! Самае рознае глупства-недарэч­насць. Ці ж не было такога з ім? Бывала, прачнецца і доўга супакоіцца не можа, бо перад гэтым снілася нешта надта ж агіднае, паскуднае. Што – і прыгадаць не можа, а настрой тым сном сапсаваны надоўга.

Цяпер жа хапіла ў спадара Рамана розуму не толькі на тое, каб не засяроджвацца, але і трошкі з сябе пасмяяцца, нават пакпіць. Ківаў галавой і казаў бязгучна: “Ах ты, стары боўдзіла, падахвоціўся душу прадаць! Каму яна патрэбна, твая збалелая да гарчэчы душа? Яна нават і чорту на спажыву не пойдзе – не атруціцца, дык падавіцца. Атупеў ты, Савасцей, канчаткова. Не памятаеш ўжо самага істотнага: чорт спакушае і купляе толькі маладыя душы, якія можна нейкім чынам пусціць ва ўжытак. Так што – плюнь і забудзь на гэты свой сон-трызненне, а заадно і на гульню. Час жа зразумець нарэшце, што грошы валодаюць уласцівасцю прыцягваць грошы, таму й ручыць звычайна людзям грашавітым. Ці ты й папраўдзе спадзяешся, што твая жабрачая пенсія раптам прывабіць мільёны?!”

Так і зрабіў спадар Раман, але – толькі напалову. Недарэчны сон сцёр з памяці, а вось білецікі “Вашага лато” і “Суперлато” працягваў па звычцы купляць, і суботнімі ды нядзельнымі вечарамі разам з унучкай лавіў з экрана нумары тыражных бочачак. Удачы, як і раней, не было, штораз выйграваў адно “дзіркі ад абаранкаў”. Засмучаўся не надта, бо даўно настроіў сябе на філасофскі лад: маўляў, гульня ёсць гульня, тым больш – пасіўная, у якой ты практычна не бярэш ніякага ўдзелу, акрамя таго, што набываеш білецік. Больш пачынала турбаваць іншае: засмучэнні, перажыванні ўнучкі. Пры нейкім чарговым пройгрышы малая ледзь слязу не пусціла. Другім разам нечакана спытала: “Дзед, а ты падзелішся са мной грашыма, калі выйграеш?” Савасцей падумаў: “Эге, трэба канчаць, калі гэтак. Прынамсі, унучкі побач не павінна быць, хай яе душа як мага даўжэй застаецца анёльскай”. І прымусіў сябе не хадзіць і не купляць білеты ці не двух чарговых тыражоў. А потым зноў, але ўжо адзін, без малой памочніцы, лавіў з тэлевізара – найперш вачыма, бо стаў недачуваць – нумары тыражных бочачак.

І вось аднойчы, звычна кажучы сам сабе “міма” ці “ёсць такі” і закрэсліваючы супалы нумар, спадар Раман знячэўку адчуў нейкі ўнутраны штуршок. Чаго б гэта? Што здарылася? Не паспеў уцяміць, а вока ўжо схапіла скрыжаваную карцінку білета і ацаніла яе: толькі адзін нумар застаўся незакрэсленым. Сэрца, старое ўжо і не надта здаровае, затрымцела, усё цела, з галавы да ног, аблілося потам: а раптам? Дзяўчына на экране апускае ў мяшэчак руку, шукае-выбірае там бочачку, нарэшце вымае і аддае вядучаму. Той працягвае руку з ёю ў напрамку тэлекамеры, і спадар Раман не так чуе, як бачыць: нумар – ягоны! Стоп-гульня! Савасцей спрытна, не па гадах шустра ўскоквае з крэсла, падбягае да тэлевізара, узіраецца ў нумар выйгрышнага білета. Памылкі няма: гэта нумар білета, які ён трымае ў руцэ! Выйгрыш – джэк-пот і аднапакаёвая кватэра! Сума выйгрышу ў рублях – амаль чатырыста тысяч рублёў! Памкнуўся яшчэ раз убачыць нумар на экране, ды яго ўжо няма. Там вядучы крычма віншуе ўладальніка буйнога выйгрышу, і ўсе ў студыі дружна пляскаюць у ладкі. Віншуюць незнаёмца, які набыў шчаслівы білет у Мінску ці Мінскай вобласці. І толькі ён, спадар Раман, ведае, хто гэты шчаслівец, і ад няўцямнага, пакуль што зусім не асэнсаванага ўсведамлення гэтага, у якім больш, бадай, нявер’я, чым веры, ён нейк неразумна, па-блазенску ўсміхаецца…

Што было потым? Нявер’е жонкі, дзяцей, нявестак, унука і ўнучкі. Усе яны, адно за адным, дружненька папасміхваліся, нават папаздзекваліся з бацькі і дзеда, каб пасля гэтак жа дружненька анямець, а затым зарадавацца і… пачаць дзяліць грошы. Было і тое, што паказваюць на экране ў час кожнага тыражу: урачыстае ўручэнне сертыфікату на грошы і ключоў ад кватэры з шампанскім і кветкамі. А яшчэ потым – мэбліроўка новай кватэры і шчаслівыя пярэбары ў яе з гаманкім і песенным застоллем.

Былі і іншыя клопаты, звязаныя з неспадзяванай, хоць і вельмі жаданай неардынарнай падзеяй, – як і кватэрныя, пераважна радасныя, прыемныя. І ў тых клопатах надзвычай хутка, як ніколі раней, скончылася вясна і прабегла лета, у якое лецішча Савасцеяў упершыню было бадай што занядбана. Неяк не выпадала спадару Раману і ягонай Аўксенцьеўне сядзець там невылазна і вылізваць грады ды цяплічкі – клопаты, звязаныя з вялікімі (як для іх) грашыма, часта зрывалі іх з лецішча, гналі ў горад. Зрэшты, ці не ўпершыню за многія гады самаахвярнае шчыраванне-корпанне ў зямлі чамусьці падалося ім не такім ужо і неабходна-важным. Дайшло да таго, што Жана Аўксенцьеўна неяк сказала, хоць і не надта ўпэўнена: “Мо і праўду людзі кажуць, што больш тут траціш, чым атрымліваеш: занадта дарагі выходзіць вырашчаны тут памідор і агурок…” Спадар Раман прамаўчаў, бо ведаў тое даўно. Само сабою, аўчынка вырабу не варта, але ж – сваё, не вырашчанае, а ўласнымі рукамі выпешчанае, а таму нібыта і смачнейшае, саладзейшае, больш апетытнае і карыснае. Ды і само корпанне ў зямлі – яно ж быццам не прыгнятае, а наадварот, радуе, усцешвае і суцешвае, супакойвае, праганяе прэч тужлівыя старэчыя думкі…

Само сабою, быў рады спадар Савасцей неспадзяванай, аднак жа надта жаданай кватэрцы. У старым веку добра мець асобны, ціхі і зручны, прытулак. Ды ўсё ж радасць была зусім не той, як калісь, шмат гадоў таму назад, калі атрымаў сваю першую ў жыцці з усімі выгодамі, як тады казалі, жылплошчу. Была яна куды горшай, чым гэтая – няшчасная хрушчоўка з метровым калідорчыкам і сумешчанымі ваннай і туалетам. Ды радасць у душы была невымерна большая. На сёмым небе лунала душа! Цяпер жа найбольш рады быў радасцю дзяцей. Вельмі ж хацелі яны жыць асобна ад іх, бацькоў! І жаданне іх знячэўку спраўдзілася. Вось яны, сын з нявесткаю, сапраўды радаваліся і не хавалі гэтага. То й дзякаваць Богу, усцешліва думалі спадар Раман і ягоная Жана Аўксенцьеўна. Дзяцінае шчасце – гэта найбольшае і іхняе шчасце, расчульваліся старыя. Зрэдчасу адведваючы дзяцей, расчульваліся амаль да слёз яшчэ і з той прычыны, што ўнучка штораз прасіла іх вярнуцца назад, у свой пакой.

Карацей кажучы, прыватнае жыццё спадара Савасцея вырулілася нечакана на такія рэйкі, што заставалася адно – гнаць прэч частыя і гнятлівыя думкі аб смерці. Разумеў: пасля сямідзесяці развязка, як кажуць, можа адбыцца ў любую хвіліну. Але ж чалавек, пэўна, толькі таму й жыве, што не думае аб непазбежным канцы. Прынамсі, калі й думае, дык – як пра нешта вельмі далёкае, малаверагоднае, датычнае некага іншага, а не яго асабіста. Спадар Раман выключэннем тут не быў. Цьфу на сляпіцу тую! Забіваць галаву глупствам ён не будзе. Жывецца пакуль – то й добра. То й думаць трэба пра жывое. Пра дзяцей, унукаў, пра іх будучыню. А якой яна будзе, цалкам залежыць ад таго, калі злы дух сыдзе з небасхілу Бацькаўшчыны. Толькі тады скончыцца час самадурства і вернецца ў краіну верхавенства закону. А найперш – зноў абудзіцца беларушчына, пачнецца рэальнае і ўжо ўсеабдымнае, надзейна акрэсленае будаўніцтва акурат беларускага нацыянальнага дома. Спадару Раману вельмі хочацца дажыць да такой пары. А там і памерці можна. І думаючы гэтак, стары Савасцей прыгадваў дваццацігадовага земляка-партызана, які не адзін раз казаў не толькі на людзях, але нават і сваёй маці: “Эх, сустрэць бы, абняць першага байца Чырвонай Арміі, а там і загінуць не страшна!” І ён, быццам напрарочыўшы сабе, загінуў у апошнім партызанскім баі, калі ўжо разам з чырвонаармейцамі народныя мсціўцы вызвалялі ад фашысцкіх акупантаў райцэнтр…

Хутка скончылася тое не надта запоўненае дачнымі клопатамі лета, прамінула і зіма, ужо нязвычна для апошніх двух, а мо нават і трох дзясяткаў гадоў снежная і марозная. У красавіку, недзе ў сярэдзіне яго, калі сышоў снег і апала паводка, спадар Раман выбраўся на лецішча. Меркаваў, толькі – у адведкі. Але, усцешаны ласкавым, амаль па-летняму сонечным прыгрэвам і тым, што і ў двары, і на агародзе было ўжо бадай суха, парашыў застацца, балазе сякіх-такіх харчоў па даўняй, ці не сялянскай яшчэ, запаслівасці з сабой узяў. Жана Аўксенцьеўна, якой паведаміў па мабільніку аб гэтым сваім намеры, пачала была адгаворваць – маўляў, чаго гарачку пораш, яшчэ ранавата, хата за зіму настыла, не дай Бог прасту­дзішся, будзе табе тады радасць ад твайго ненагляднага лецішча, а пасля махнула рукой: “Ат, рабі як хочаш! Цябе ж не пераканаеш…”

Некалькі дзён пракорпаўся ён на лецішчы. Падгроб і спаліў леташняе лісце, падмёў двор і сцежкі-дарожкі да лазні, свіронка, прыбіральні, падрамантаваў цяплічкі. Само сабою, добранька прагрэў хату, злёгку, каб была цёплая вада, выпаліў раз-другі і ў лазні. Харчоў дакупіў у вясковай краме, у якой па цяперашнім часе быў амаль што гарадскі так званы асартымент.

І аднойчы, на заходзе сонца ўжо, збіраючыся вячэраць, нечакана прыгадаў той свой леташні, на здзіўленне прарочы, сон. Сцепануўся, уцяміўшы раптам, што сёння акурат тая самая дата – мінуўся роўна год з таго дня. Зрабілася чамусьці непамысна. Паспрабаваў, здаецца, усміхнуцца, нават рэзкавата павёў туд-сюд плячыма, бы хочучы атрэсці з сябе штосьці лішняе, натрушанае. Амаль з дакорам сказаў сам сабе: “Ах, Рамане-Рамане, і ты пад канец здурнеў, паверыў у нячыстую сілу? І не сорамна, не брыдка табе? Жыццё пражыў вольным ад прымхаў чалавекам, ніколі і думкі ні пра што такое не дапускаў, а цяпер – што змянілася? Не паддавайся, старэча! Ты ж ведаеш, у жыцці надзвычай шмат супадзенняў, самых нечаканых і неверагодных. Але ўсяго толькі супадзенняў, Рамане! Супакойся, вазьмі свае традыцыйныя за вячэраю кроплі ды паглядзі самыя праўдзівыя і самыя цікавыя ў свеце тэленавіны з абавязковым удзелам самага разумнага і дасціпнага каментатара. Паглядзі і – не абурайся, а пасмейся. Хай і горка, але – пасмейся. Вось і забудзеш на ўсіх астатніх д’яблаў, падд’яблаў і малых чарцянят!”

Спадар Раман гэтак і зрабіў. Наліў чарачку (трыццаць грамулек, не адзін раз вымераў дакладна) гарэліцы, прыгатаванай не з цукрам, а з фруктозай (паверыў вычытанаму дзесьці, што гэта не павышае цукар у крыві і змяншае халестэрын), з’еў сардэльку з аўсянкай, выпіў кубачак малака і, ямчэй усеўшыся ў мяккім фатэлі, утаропіўся ў экран дачнага “Віцязя”. Якраз пачыналіся навіны. І пачаліся яны з рэпартажу пра паездку-палёт ППРБ з інспекцыяй ходу веснавой сяўбы на калгасных (і сёння – менавіта калгасных!) палетках. З так званымі імправізаванымі прэс-канферэнцыямі для журналістаў на завяршэнне, з надзвычайным шчыраваннем і палётам фантазіі галоўнага распавядальніка-каментатара. Глядзеў, слухаў гэтае калгаснае шоу спадар Раман, часам, бадай, нават захапляўся віртуознасцю слоўных выкрунтасаў, але ўжо нічому не здзіўляўся і не абураўся, бо – абрыдла, бо рабіць тое было бескарысна, а толькі зрэдку пасміхваўся, а сяды-тады не стрымліваўся і рагатаў. Найталенавіцейшы чалавек, думаў спадар Раман. Нешта ад Цыцэрона, нешта ад Уладзіміра Ільіча, нешта ад Мікіты Сяргеевіча…

Глядзеў, слухаў стары Савасцей, седзячы перад экрама “Віцязя”, і не заўважыў, як задрамаў, паспеўшы перад тым падумаць, што на повадзе ў нейкага чорта ці іншага якога нячысціка ён не пойдзе…

Жана Аўксенцьеўна пазваніла, як заўсёды, як штодня, недзе каля дзесяці гадзін вечара, кладучыся спаць. Мабільнік мужаў маўчаў. Падумала: “Напэўна, выйшаў перад сном, а мабільнік у хаце пакінуў…” Перазваніла праз паўгадзіны. Налічыла дзесяць, а мо і больш доўгіх гудкоў – яе Раман не адгукаўся. Жана Аўксенцьеўна ўстрывожылася…

2010 г.

 


Апублікавана

у