Літаратура для мяне – працяг бацькавай справы. Ён прыйшоў да літаратурнай працы з сялянскага жыцця, прыйшоў з маленечкай вёскі, прыйшоў пасля цяжкай работы грузчыкам на чыгуначнай станцыі. Мне было прасцей, чым яму, стаць літаратарам, бо я ішоў туды ўслед за бацькам-пісьменнікам і не з чыгуначнай станцыі Наваельня, а з тэатральна-мастацкага інстытута, дзе вучыўся пісаць фрэскі, маляваць партрэты і рабіць вітражы. За мной у літаратуру прыйшоў мой брат Міраслаў, а за ім – мая дачка Ядвіга. Так што літаратура – справа маёй сям’і. Малюнак не можа перадаць водару сада ў квецені, не можа перадаць пошуму ветру, не перадае ён і смаку свежага агурка з мёдам… Таму я пачаў рабіць запісы на сваіх малюнках. Пісаў пра водары, гукі, смакі… З гэтых запісаў на малюнках і вырасла мая літаратура. Свае першыя запісы я перадрукаваў на бацькавай машынцы і занёс у часопіс «Маладосць» і тыднёвік «ЛіМ». Паэты пачыталі і сказалі, што мастак мае права і на такую паэзію. Маім першым публікацыям паспрыялі Алесь Жук і Пятрусь Макаль. Звычайна ў літаратара адзін «хросны бацька», але мне так пашанцавала, што ў мяне іх два. Абодва пісалі прадмову да маёй дэбютнай паэтычнай кнігі. Першую прадмову напісаў Уладзімір Караткевіч, але яе згубілі, а маю кнігу забараніла савецкая цэнзура. Наклад кнігі «Груд» быў знішчаны ў 1985 годзе. Прадмову да кнігі «Парк» напісаў Міхась Стральцоў, і яна выйшла ў 1988 годзе.
Пішу я штодня. Пішу кароткія апавяданні, казкі і вершы. Пішу тое, што пішацца само. Пазней збіраю панапісанае ў розныя кампазіцыі: у аповесці, у літаратурныя партрэты, у зборнікі лірыкі. Раней я старанна пісаў і перапісваў тэксты чарнільнымі ды гелевымі ручкамі на добрай белай паперы. Можна нават сказаць, што я вымалёўваў свае вершы і апавяданні. Перадрукоўвалі іх машыністкі. Друкаркі – друкарскія машынкі – мне зусім не падабаліся, а вось клавы – клавіятуры кампутараў – я палюбіў з першага погляду і хутка навучыўся пісаць і правіць тэксты на экране. Пераход з паперы на экран супаў з тым момантам, калі я кінуў піць, у мяне вызвалілася процьма часу і ўзнікла жаданне зрабіццца абноўленым звышсучасным літаратарам, які выкарыстоўвае найноўшыя магчымасці тэхналогіі ў жыцці літаратуры. Раней я крыху падбадзёрваў сябе кубачкам моцнай чорнай кавы, калі перапісваў апавяданне на чыставік, але і гэткае падбадзёрванне засталося ў далёкім мінулым. Я адмаўляюся ад усяго, што замінае мне цвяроза і ясна мысліць у час працы. Напхнення-натхнення для мяне не існуе. Іншы кшталт – здзіўленне і азарэнне. На іх я абапіраюся ў сваёй літаратурнай і мастакоўскай творчасці. Каб пра нешта напісаць, мне трэба здзівіцца, трэба атрымаць кавалак жыццёвага святла, які ўразіць мяне і запомніцца. Калі ён узрушыць мяне, ёсць верагоднасць, што і чытача не пакіне раўнадушным.
Пішу я невялікімі фрагментамі. Потым раблю перапынак, пасля якога вяртаюся да напісанага, перачытваю, рэдагую, удакладняю дэталі па энцыклапедыях, правяраю словы па слоўніках і атрымліваю чарнавік, які можна змясціць у сацсетках. Калі набіраецца пэўная колькасць фрагментаў, звязаных адной тэмай ці адным персанажам, я раблю з іх кампазіцыю: гэта можа быць апавяданне ці эсэ, нарыс ці падборка казак. Зробленую кампазіцыю я дасылаю карэктару, пасля карэктуры высылаю твор у адно з блізкіх мне выданняў. Толькі пасля публікацыі я лічу свой твор завершаным. Цяжкасці я пераадольваю на ўсіх этапах сваёй працы, і кожны раз яны розныя.
На маіх вачах былыя сталіністы выкрадалі з бібліятэкі старыя часопісы са сваімі крытычнымі артыкуламі і разгромнымі рэцэнзіямі, на падставе якіх многія паэты і празаікі атрымалі прысуды на доўгае зняволенне, а некаторыя і найвышэйшую меру пакарання. Таму я стараюся пісаць так, каб потым не выкрадаць і не нішчыць напісанае, каб мне не трэба было ў перавыданнях выкрэсліваць некаторыя імёны і прозвішчы.
А. Сваімі творамі я незадаволены, бо яны не адлюстроўваюць і паловы маіх задум і не адпавядаюць майму ўяўленню пра дасканаласць і ўзорнасць, універсальнасць і эталоннасць. Б. Я не змог напісаць трагедыю «Краты» пра Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. А яшчэ я засмучоны, што рэжысёр Валерый Рыбараў заваліў здымкі фільма «Калабарант», для якога мы разам з братам Міраславам і сябрам Максімам Клімковічам напісалі сцэнарый па матывах рамана майго бацькі «Голас крыві брата твайго».
Усё, што я пішу і пісаў, можна лічыць лірычным дзённікам. Калі я не пішу, то малюю. Калі я не малюю, то пішу. Дзень без малявання і пісання – для мяне пражыты марна, таму такіх змарнаваных дзён у мяне амаль і няма. Што такое дэпрэсія, хандра і лянота, я не ведаю, бо ў мяне няма на ўсё гэта часу. Паныласць і лянота не мае смяротныя грахі.
Чытаю шмат, чытаю ўдумліва, чытаю павольна. Штогод даю прэмію за новую кнігу на беларускай мове. Меркаванні экспертаў пры гэтым я не ўлічваю, абапіраюся выключна на свае ўражанні ад прачытанага, таму магу двойчы прысудзіць сваю прэмію аднаму і таму ж аўтару, як прысуджаў яе Харэўскаму і Хадановічу. Магу пашкадаваць пра сваю памылку з прэміяй… Магу даць яе аўтару, якога няма сярод жывых. Так было з кнігамі Стральцова і Анемпадыстава. З беларусаў я чытаю і перачытваю Купалу, Брыля, Разанава і бацьку – Вячаслава Адамчыка… З рускіх: Розанава, Прышвіна, Хармса, Гогаля… У перакладах я чытаю Сэй Сёнагон, Басё, Шэкспіра, Гомеса дэ ля Серну, Чарана… Усіх, каго я тут назваў, я буду яшчэ перачытваць разам са сваімі вучнямі.
Калі я бачу, што ў нашай літаратуры нечага не хапае, тады я саджуся і пішу… Так у беларускай літаратуры з’явіліся трылеры, выразна эратычныя апавяданні, хайку, грэгерыі, казкі-жахалкі, фацэцыі, літаратурны партрэт вялікай сям’і з пяці пакаленняў… Пачаткоўцам я пажадаю знайсці сабе настаўнікаў, каб сувязь паміж літаратурнымі пакаленнямі не перарвалася і была надзейнай. comments powered by HyperComments |