…Акупаваны – забудзь сваю мову, усё сваё – забудзь!
Вучыся ў гаспадара!..

— Уладзімір Дамашэвіч
Адам Глобус

Адам Глобус

Смерць ад вялікай любові
Кароткая аповесць пра захапленні

Шмат хто з тых, каго я добра ведаў, паміралі ад вялікай любові і ад вялікага кахання. Яны не проста паміралі і пакутвалі, яны памерлі менавіта ад свайго моцнага захаплення. Кажу без жартаў. Якія могуць быць жарты каля магілы добрых людзей? Сам падумай. Мяне нават каля магілы праклятага ворага вусціш ахоплівае, што казаць пра магілы нашых блізкіх. Таму скажу, што я ўсё ж бачу суцяшэнне ў такой з’яве, як смерць ад любові. Чалавек меў моцнае і яркае пачуццё, жыў з ім і памёр з ім. Ёсць у гэтым простае шчасце чалавечага жыцця, ёсць радасць – адназначна.
Бронік і жонка
Пажарны Бронік моцна любіў сваю бабу Ядзю. Жылі яны цяжка, перажылі тры вайны – польскую, фінскую і нямецкую. Выгадавалі дзяцей, ажанілі ўсіх, уздыхнулі з палёгкай, а тут і гора прыйшло – Ядзю з’еў рак. Хутка, за які месяц яна згарэла і згасла. Бронік два гады плакаў. Ніхто і думаць не думаў, што дзед Бронік так моцна любіць сваю бабу Ядзю. Два гады штодня Бронік хадзіў на клады, клаўся каля жончынай магілы, абдымаў яе і плакаў. Бронік сплакаўся і памёр. Ён памёр ад любові да Ядзі.
Юра і ровар
Скульптар Юра любіў ганяць на ровары. Юра быў нечым падобны да мядзведзя, а таму на ровары ён выглядаў не па-спартоваму, а па-цыркавому. Варта сказаць, што Юра ездзіў на ровары па-майстэрску, з веданнем справы, з азартам. Каб у старажытнай Грэцыі былі ровары, дык, гледзячы на Юру, грэкі склалі б міф пра велакентаўра. Любоў да ровара і забіла скульптара. За дзень да смерці Юра выпіваў з калегамі па скульптурным цэху. Выпілі мужчыны моцна. Напіліся і завялі спрэчку. Юра сказаў, што лёгка праедзе на ровары сто кіламетраў. Раніцай пасля п’янай спрэчкі скульптар праехаў сто кіламетраў, паставіў ровар у кладоўку, лёг на канапу і адразу сканаў.
Казік і машына 
Слесар Казік людзей не любіў. Яны яму шмат кепскага зрабілі. Казік любіў метал, любіў машыны і самалёты. Ён у дзяцінстве склейваў мадэлі самалётаў. Месяцамі мог прасядзець над складанай мадэллю планера. Казік склеіў мадэль і паклаў на канапу. Суседская дзеўка зайшла ў госці і села дупай на мадэль. З Казікам здарылася істэрыка. Ён крычаў на суседку, крычаў на бацькоў, выбег на вуліцу і крычаў, што ў суседзяў сыны ў партызанах. Казіка злавілі, звязалі, паклалі на печ. Казікаў бацька дамовіўся з немцамі, што яны забяруць крыкуна на працу ў Германію. Забралі. У Германіі Казіку было горка, бо падлетка прымушалі працаваць, як дарос­лага. Ад людзей Казік атрымаў шмат розных крыўд і зняваг, а машыны яму дапамагалі. Больш за ўсё на свеце слесар любіў сваю машыну, свой легкавічок, свой “масквіч”. Таму Казік, калі адчуў, седзячы за стырном “Масквіча”, востры боль у сэрцы, не стаў адразу прымаць нітрагліцэрын. Ён вырашыў прытармазіць і акуратна запаркаваць сваю любімую машыну. Ён паўжыцця збіраў грошы на легкавічок, таму старана яго паркаваў, а сэрца рвалася. Казік запаркаваў машыну, дастаў таблеткі, але прыняць не паспеў. Памёр з таблеткамі ў руцэ. Памёр у любімай і акуратна запаркаванай машыне, у сваім чыстым і дагледжаным легкавічку.
Саша і бацькі
Настаўнік Саша любіў сваіх бацькоў. Усе мы любім бацькоў, за выняткам круглых сіротаў і слабаразумных вычварэнцаў. Саша любіў бацькоў моцна, бо нікога блізкага ў гэтым свеце, акрамя таты ды мамы, не меў. У свае сорак пяць Саша так і не займеў сваю асобную сям’ю. Дзяцей таксама не мелася. Жыў з бацькамі. Даглядаў старых. Карміў малочным супам. Першым сышоў тата, а за ім неўзабаве і мама перабралася з Чыжоўкі на могілкі ў Калодзішчах. Саша хадзіў на могілкі да бацькоў, і яму там было ўтульна. Яму хацелася легчы паміж магіламі мамы і таты, легчы і заснуць, і заснуць так, каб не прачынацца. Ад п’янства, ад адзіноты і меланхоліі Аляксандру зрабілася кепска. Ён выклікаў доктара, але не паехаў з ім у бальніцу. Адмовіўся. Саша нават распіску напісаў пра сваё адмаўленне ехаць у бальніцу. Ён застаўся ляжаць у кватэры сваіх бацькоў і праз гадзіну памёр.
Жэня і жанчына
Аптэкар Жэня закахаўся ў прадавачку Косцю. Ён хадзіў за Косцяй неадчэпным хвастом. Адорваў яе срэбнымі і нават залатымі бацацыркамі. Частаваў пірагамі і пахлавой. Вадзіў на канцэрты і спектаклі. Усім здавалася, што Косця вось-вось прыме прапанову Жэні – выйсці замуж. Косця прыняла прапанову выйсці замуж, але не ад закаханага аптэкара. Прадавачка выйшла за міліцыянта. Аптэкар так заперажываў, так занерваваўся, так загнаўся, што купіў вяроўку і павесіўся ў сваёй аптэцы. На пахаванні Жэні ўсе казалі, што ён мог бы атруціцца, а ён замест таго, каб выпіць атруты – палез у пятлю. Вялікае каханне завяло Жэню ў пятлю. Горка. Але ж у Жэні было сваё вялікае каханне, і з гэтым не паспрачаешся.
Ігар і цыгарэта
Шмат хто не можа кінуць курыць, бо любіць тытунёвы дым больш за ўсё на свеце. Графік Ігар нават сярод старых курцоў лічыўся ненатоль­ным аматарам цыгарэт. Ён дыміў не раўнуючы як той казачны Змей Гарынавіч. Ігар выкурваў па дзве пачкі за адзін дзень. Ён нават пасярод ночы ўставаў, каб перакурыць. Кашляў Ігар страшэнна. Сто разоў спрабаў кінуць курыва, але не змог. Курыў і курыў, а калі крышку выпіваў, дык пачынаў прыкурваць адну цыгарэту ад другой. Адну даб’е і другую пачынае. Нічым добрым такая любоў скончыцца не магла. Пасля моцнай п’янкі з сябрамі графікамі Ігар праспаў ноч і палову дня. Прачнуўся і ў адных трусах выйшаў на гаўбец, каб нашча высмактаць першую цыгарэту. Тая першая і стала апошняй. Ігар набраў поўныя лёгкія пякучага дыму і страціў прытомнасць. Непрытомны, ён грымнуўся патыліцай на цэментную падлогу гаўбца і забіўся.
Ладзімір і чысціня
Чысціня для хутаранца Ладзіміра была найвялікшай каштоўнасцю. Хата, падворак, сад, гумно заўсёды трымаліся ў ідэальным парадку. Нават куры і свінні ў ягонай гаспадарцы былі самымі чыстымі ва ўсёй вёсцы з яе навакольнымі хутарамі. Чысты Ладзімір пражыў павольнае і доўгае жыццё. Яму было пад восемдзесят, калі жонка пайшла ў бальніцу, а з яе перабралася на клады. Жыць адному цяжка, асабліва калі табе восемдзесят, але Ладзімір не здрадзіў сваёй чысціні. Карову, свіней і нават курэй ён папрадаваў, але падворак выкошваў, гумно падмятаў, падлога і вокны ў хаце былі вымытымі. У свой апошні дзень Ладзімір спарадкаваў вопратку ў шафе. Выбраў сабе чыстае сподняе. Паклаў яго на крэсла каля ложка. Сеў на ложак і выдыхнуў з сябе ўсё чыста паветра.

Юрась і рыбкі
Акварыумныя рыбкі былі для школьніка Юрася найвялікшым захап­леннем. Ён дзеля іх і жыў. Набыццё корму, усталяванне лямпы і замена вады прыроўніваліся ў Юрася… Ды што там маё “прыроўніваліся”? Былі самымі сапраўднымі рэлігійнымі рытуаламі. Гадзінамі Юрась любаваўся сваімі рыбкамі. У кожнай з іх было імя. З кожнай рыбкай Юрась размаўляў. З-за сваёй любові да рыбак Юрась і загінуў. У краме “Прырода” ён папрасіў у маці грошы на пластыкавае колца для кармлення рыб. Таннае колца, якое ляжыць на паверхні вады і ў якое акварыумісты сыплюць сухі корм для сваіх любімцаў. Маці адмовілася даваць грошы. Юрась выбег з крамы, забег у пад’езд высокага дома, узняўся на апошні паверх, адчыніў пад’езнае акно і скінуўся на зямлю.
Антак і сад
Местачковец Антак больш за ўсё на свеце любіў свой вялікі сад. Ён яго ведаў з першых дзён жыцця, варта нават сказаць, што ягоныя бацькі злюбіліся ў гэтым садзе. Яны злюбіліся ў садзе, пад яблынямі, а праз вызначаны прыродаю час нарадзіўся Антачак. Ён гадаваўся на садовых паўмежках, каля кустоў парэчак і агрэсту. Усё сваё жыццё Антак даглядаў сад. Бяліў камлі. Абразаў сухое вецце. Абкопваў дрэвы. Лепшага занятку ён і не ведаў. У сваім садзе Антак закапаў бутэльку віна, калі сыходзіў у войска. Калі вярнуўся, змучаны і паранены, ён тую бутэльку выкапаў і выпіў, седзячы на зямлі пад грушай-лімонкай. Каб у Антака спыталі, дзе ён хоча жыць і памерці, ён бы сказаў, што рады жыццю пад высокай грушай-лімонкай, і памерці ён хоча вясновым днём, седзячы ў крэсле пад сваёй грушай. Не атрымалася. Лімонка захварэла і засохла. На яе месца Антак пасадзіў грушу-бурачку. Памёр Антак у садзе, седзячы ў крэсле, пад яблыняй – белы наліў.
Валодзя і гарэлка
Чалавек ведае, што можна рабіць, а што – нельга. Ведаць ведае, але не заўсёды паводзіць сябе разумна. Махае рукою, кажа: “Адзін раз жывем!” і творыць відавочнае глупства. Такія паводзіны зразумець цяжка, калі сам ты не лічыш чалавечае жыццё малапатрэбным смешным глупствам. Валодзя не лічыў чалавечае жыццё глупствам, але пасля пяцідзесяці пачаў беспрабудна піць. Ён і раней выпіваў і піў, і нават сыходзіў ў тыднёвыя запоі, але пасля пацідзесяці ён не прасыхаў. Некалькі разоў дактары яго выводзілі з запояў. Ставілі кропельніцы, палохалі смерцю, прасілі больш не цягнуцца да бутэлькі. Валодзя трымаўся месяцы са тры, а потым пачынаў піць з раніцы да вечара. Калі апошні раз сябры выцягнулі Валодзю з глыбокага п’янства, доктар сказаў проста: “Вып’еш – здохнеш!” Каб не маркоціцца ў кватэры, Валодзя выправіўся ў вандроўку. Разам з сябрамі ён плыў на чаўне па Прыпяці. Плыў і плыў, і стала яму так добра, што ён ўзяў прыхаваную сябрамі бутэльку гарэлкі. Узяў і паціху выпіў. Выпіў і, седзячы ў чаўне, адплыў у іншы свет.
Нехта можа мне запярэчыць і сказаць, што людзі канаюць не толькі ад любові, а і ад розных хваробаў паміраюць. Так, мы паміраем ад хваробаў. Згода. Толькі скажы ты мне, адкуль бяруцца тыя хваробы. Вось! Нашыя хваробы з’яўляюцца ад любові. Здаецца, як можа запаленне лёгкіх стаць наступствам любові? Лягчэй лёгкага. Слухай…
Цімох і кусты
Акварэліст Цімох любіў надрэчныя кусты. Ён і Сож любіў, але кусты над вадою – любімы матыў, які акварэліст маляваў і маляваў без стомы. У любое надвор’е Цімох выбіраўся на эцюды. У снег, у дождж, у пякельнае сонца ён ішоў на бераг Сожа і пісаў невялічкія эцюды з кустамі над вадой. Пісаў і дапісаўся. Цімох падхапіў запаленне лёгкіх. Доктар сказаў Цімоху ляжаць у ложку. Сказаў, каб той нават па кватэры не хадзіў. Доктар прапаноўваў перавезці Цімоха ў бальніцу. Акварэліст адмовіўся. Паабяцаў, што будзе дома ляжаць у ложку. Схлусіў Цімох. Як толькі доктар з’ехаў, акварэліст сабраў эцюднічак і пацягнуўся да сваіх кустоў. Там яго і знайшлі мёртвага. Ляжаў сцішаны Цімох каля раскрытага эцюдніка, а дождж сыпаўся і сыпаўся на чысты аркуш паперы.
comments powered by HyperComments