…не той паэта, хто вершыкі піша
не той празаік, хто піша пра заек…

— Анатоль Івашчанка

Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце

(Фрагмент)

Наш народ не вызначаецца чысцінёю. Хаты, як правіла, брудныя і настолькі перапоўненыя рознымі насякомымі, што непрызвычаенаму да гэтага чалавеку цяжка тут доўга вытрымаць. Жывёл, праўда, апроч курэй і катоў, у хатах не трымаюць, часам толькі прыганяюць свінню, каб пакарміць яе каля печы, і адразу выганяюць. Хату, праўда, замятаюць кожную раніцу, але пры бясконцым засмечванні, выліванні і сплёўванні тут ніколі не бывае чыста. Па вуглах відаць шэрую імглу павуціння, а летам заўсёды поўна мух і камароў. Двара не замятаюць літаральна ніколі, таму смецце на ім ляжыць кучамі, і нікога гэта не хвалюе. Перад вялікімі ўрачыстасцямі ў хаце наводзяць парадак, прыбіраюць непатрэбныя старыя рэчы, а стол і лавы мыюць гарачаю вадою. Чысціня ўласнага цела, як можна здагадацца, залежыць ад асабістых поглядаў на гэтую справу. Наогул мыюцца штодзённа, адразу пасля ўставання, наступным чынам: набіраюць з кубка ваду ў рот, выліваюць яе з вуснаў у далоні і ёю мыюць сабе твар. Прычэсваюцца рэдка, бадай што толькі адзін раз у тыдзень, у нядзелю з раніцы. У жанчын доўгія прыгожыя валасы, расчэсваюць іх часта звычайным грэбенем з кляновага дрэва, які служыць ім таксама і для часання ільну. Бялізну перамяняюць у нядзелю, або калі выпадае якое свята, або калі ідуць на важныя адведкі. Улетку вельмі любяць халоднае купанне і пасля доўгага працоўнага дня грамадамі цягнуцца за тры вярсты да ракі Арэсы і там купаюцца і адпачываюць. Зімою ходзяць у лазню, якую валасны наглядчык павінен прапальваць перад кожным святам на працягу некалькіх дзён, каб усе маглі ўволю напарыцца. А ўвогуле чысціню тут дагэтуль успрымаюць як нейкае прыхарошванне і святочную празмернасць, і яна не лічыцца паўсядзённай патрэбай.

І тым не менш нельга адмовіць нашым сялянам у пэўным адчуванні прыгажосці. Ёсць цяга да арнаментоўкі хатніх прылад, ёсць моцнае жаданне прыгожа апранацца. Зразумела, што ўсё гэта прадстаўлена яшчэ ў маларазвітых формах, што дамарослыя мастакі не выяўляюць надта вялікай разнастайнасці ў творчых ідэях, але іх майстэрства сапраўды вырасла на мясцовым грунце, без ніякіх чужых уплываў. Не ведаю, ці можна аднесці да тутэйшага тыпу архітэктуры старажытныя ўніяцкія цэркаўкі, якія яшчэ дзе-нідзе сустракаюцца, але ва ўсялякім выпадку яны выглядаюць прыгожа і маляўніча. З хатняга ўжытку – гаршкі і міскі часта бываюць аздоблены пэўным арнаментам светлага колеру на цёмным фоне гліны. Дробныя вырабы з дрэва – такія, як лыжкі, сальнічкі, кублы і г.д. – зроблены з сапраўдным густам і дакладнасцю. Найлепш, аднак, праявілася мастацкае вынаходніцтва ў строях і тканінах. Цікаваю магла б быць калекцыя палескіх тканін і ўзораў, якімі іх аздабляюць нашы жанчыны. Я не ведаю настолькі добра гэтую справу, каб магла гаварыць пра яе; ведаю толькі, што чырвоныя ўзоры на рукавах саматканых кашуль, клеткі ці палосы на спадніцах, канцы намётак або ручнікоў і паясы, якімі падпярэзваюцца, уяўляюць такую вялікую разнастайнасць, што цяжка сустрэць два разы дакладна такі самы ўзор. Амаль кожны ўзор мае сваю, характэрную для яго назву: на ўкоскі, на тры крыж’я, по-піліпоўіцкі, гускі і г.д. Колеры, ужываныя ў вырабах з воўны, бываюць: чорны, чырвоны, зялёны, жоўты, сіні і белы, але дзеля гэтага апошняга бяруць бавоўну. Сам працэс ткання вельмі адмысловы, індывідуальна прадуманы, і здатная майстрыха можа выткаць на невялікім варштаце прыгожыя ўзоры-дарожкі на абрусы або ручнікі. У варштат (кросны) састаўнымі дэталямі ўваходзяць: вороціло, дошчэчкі, ніты, якіх можа быць чатыры, шэсць, восем і больш, бердо і чоленко (чаўнок). Паяскі ткуць нейкім дзіўнаватым спосабам, і адзінай прыладай тут з’яўляецца цвік, убіты ў сцяну, на які прымацавана ўся работа, а далей усё робіцца ў руках.

Адзенне палескага народа вельмі прыгожае. Назіраецца вялікая разнастайнасць у спосабе павязвання хустак, у кроі світак і гарсэтаў; амаль у кожнай вёсцы ёсць свае адметныя рысы. У Камаровічах, нягледзячы на пранікненне новых павеваў, дагэтуль захоўваюцца адвечныя мясцовыя ўборы.

Мужчына носіць кашулю з самаробнага хатняга палатна, доўгую, амаль да каленяў, з малым адкладным каўняром (калнір), завязаным пад шыю чырвонай тасемкай (косінка). Штаны летам носяць найчасцей палатняныя, або з льнянога даматканага матэрыялу, які называюць летнік, у клетку, белае з блакітным. Часам на штаны купляюць корт або сукно, але гэта рэдка бывае. На нагах перш за ўсё носяць палатняныя анучы, якімі абгортваюць нагу аж да калена, а потым абуваюць лапці з ліпавага лыка, завязаныя чорнымі раменнымі аборамі такім самым спосабам, што і пры костцы; там, дзе нага танчэйшая, наматваюць аборамі густа, адзін віток каля аднаго, далей – шырока накрыж і потым зноў пад каленам густа абвязваюць нагу. У дадатак да адзежы носяць таксама боты (чоботы), зробленыя яўрэем-шаўцом з дамашняй скуры. Нідзе босыя не ходзяць, хіба толькі каля дома, па двары, а калі трэба ісці далей, то абуваюць лапці. Штаны запраўляюць у боты, альбо аборамі ад лапцёў завязваюць ля каленяў. На кашулю, якая надзета паверх штаноў, апранаюць даўгаполую камізэльку з глыбокім выразам каля шыі, ззаду яна палатняная, а спераду – са свайго дамашняга сукна, чырвонага ў клетку, альбо ў чорныя, зялёныя ці жоўтыя палосы. Зашпільваецца камізэлька на куплёныя масянжовыя гузікі. Кашулю падвязваюць пояском – або чырвоным, тканым у празрыстую сетку, з вісячымі па канцах хвосцікамі, якія завуцца махры, або рознакаляровым, шырынёю ў тры пальцы, густа тканым, з рознымі ўзорамі. На гэтым поясе вісіць каліта або шабета – скураная сумачка дзеля захоўвання труту і крэменю, ножный (для нажа) скураны футарал, огніво, кавалак каванага жалеза дзеля выкрасання агню. Запалкі дзеля ашчаднасці выкарыстоўваюць як мага менш. Трут робіцца з драўлянага грыба, які доўга вараць, потым прысыпаюць салетрай або порахам. Суконная світа звычайна бывае белая альбо светла-попельнага колеру, доўгая да каленяў, часам крыху вышытая сінім шнурком пры кішэнях. Сукно звычайна даматканае, але світу павінен пашыць яўрэй-кравец. Зімою носяць кажухі. Шапкі па большай частцы купляюць, аднак зімовай парою сустракаюцца яшчэ і шапкі, пашытыя дома: суконныя белыя, уверсе чатырохкутныя, аздобленыя па швах сінім шнурком, аточаныя на адвароце футрам, якое можна апусціць на вушы і завязаць пад барадою. Такія шапкі называюцца аблаухі і носяць іх толькі вельмі старыя людзі.

Жанчыны прыбіраюцца наступным чынам: лапці альбо боты, як і ў мужчын. Доўгая кашуля, якая зашпільваецца на шыі маленькім каўнерыкам, з шырокімі рукавамі, аздобленымі ля далоняў вузкай абшыўкай. Гэтая абшыўка, каўнерык і ўвесь рукаў ад пляча да локця перэтканы чырвонымі ўзорамі, толькі дзе-нідзе ўпрыгожанымі вузкай блакітнай палоскаю. Жаночая кашуля складаецца з трох нясточаных кліноў (полкі), акрамя таго ёсць рукава, а пад імі касыя куточкі або ласточкі, на плячах выстаўкі, пры шыі і рукавах – каўнерыкі, пазуха, з тылу ж, на карку, матэрыял збіраецца ў закладкі. Спадніца доўгая, да зямлі, зморшчаная каля пояса і заўсёды звязаная тканым пояском, канцы якога звісаюць збоку. Спадніца гэтая пашыта з ваўнянога матэрыялу, чырвоная ў клетку ці ў чорныя, сінія або зялёныя палосы; гэты ўласнаручны тканы выраб завецца андаракі. Летам ужо часта можна бачыць у святы паркалёвыя спадніцы, звычайна чырвоныя. На работу таксама надзяваюць, як больш зручныя і танныя, льняныя спадніцы; яны лягчэйшыя і таннейшыя, белыя з блакітным – летнікі. Маюць жанчыны на кожны дзень палатняныя фартухі, ператканыя чырвоным, на святы – белыя, паркалёвыя, куплёныя ў яўрэек, з нашыўкамі альбо з вязанай устаўкаю. За такі фартух, абы-як пашыты, плоцяць па 5 злотых і больш. Горсэты робяць часцей за ўсё цёмныя: шарсцяныя чорныя, сінія, а часта нават чорныя з аксаміту; маладыя жанчыны да свайго строю выбіраюць чырвоныя паркалёвыя з жоўтымі і зялёнымі кветкамі. Такі гарсэт шыецца без рукавоў, з глыбокім выразам каля шыі і зашпільваецца на бліскучыя гузікі; ён шчыльна аблягае фігуру і дасканала падкрэслівае яе формы. На шыі мноства шкляных пацерак, крыжыкаў, латунных медалікаў, разнастайных бліскучых цацак, павязаных стужкамі самых яркіх колераў. І ніколі іх не бывае зашмат. На галаве дзяўчаты носяць паркалёвыя хусткі, завязаныя ззаду так, што два канцы вісяць па абодва бакі. Валасы над ілбом раздзелены і гладка зачасаныя. Цяпер і замужнія жанчыны пачынаюць насіць такія хусткі, але да нядаўняга часу адзнакай замужніцы (жонкі) была намётка. У дзень шлюбу яна была абавязковым убраннем кожнай замужняй жанчыны. На намёткі бяруць самае тонкае і самае лепшае палатно, яго нацягваюць на лубяную формачку ў выглядзе кароны, якая завецца лямец; адзін яе канец абрамляе твар, больш свабодна яна прылягае каля вушэй, а другі канец спадае на спіну ніжэй пояса. На гэтую намётку завязваюць яшчэ каляровую хустку, звычайна чырвоную (бо гэта любімы колер), і прымацоўваюць бліскучымі заколкамі. Жанчыны носяць такія самыя, як і ў мужчын, белыя світы і падпяразваюцца чырвонымі паясамі. Калі гразка ці снег, яны вельмі спрытна падымаюць спадніцу і падтыкаюць яе вышэй каленяў. Прыгожа тады выглядаюць іх зграбныя постаці, што рухаюцца шырокім крокам. Рукі яны трымаюць часцей складзенымі на грудзях, а калі нясуць дзіця або нешта цяжкае, дык заўсёды ў лубяной кашолцы на плячах.

Трэба прызнаць, што палескія жанчыны маюць вельмі прывабны выгляд і ў цэлым прыгажэйшыя за мужчын. Сярэдняга росту, яны ніколі не бываюць ні надта худымі, ні празмерна тоўстымі; яны шырокія ў плячах, з выразнымі грудзьмі і стройнай шыяй, рухаюцца свабодна, размашыста і паважна. Галаву трымаюць узнята, глядзяць прама ў вочы, у маладзейшых вочы так і блішчаць ад какетлівасці. Ёсць у іх штосьці гордае і няскоранае, калі яны ў святочны дзень стаяць са складзенымі на грудзях рукамі, абапершыся на вароты, упэўненыя ў сабе, стройныя, свежыя, асляпляючы яскравасцю колераў. На прывітанне чалавека з панскага двара “Добры вечар!” яны, злёгку ківаючы галавою, спакойна адказваюць: “А добры, пане!” Бабулі, добразычлівыя і даверлівыя, ахвотна затрымліваюцца для даўжэйшай гамонкі. Мужчыны ж наогул маюць сярэдні рост і шмат сярод іх вельмі нязграбных, цяжкіх, з доўгімі рукамі і крывымі нагамі. Але часта сустракаюцца і вельмі малыя. Відаць, іх развіццё адбываецца вельмі запознена, бо часта 22-гадовыя юнакі яшчэ не маюць і следу вусоў і барод і выглядаюць такімі маладымі, што часам іх можна прыняць ледзь не за дзяцей. Барод і вусоў тут ніколі не голяць, хіба як выключэнне, і то толькі тыя, хто нядаўна вярнуўся з войска. Валасы носяць даволі доўгія і стрыгуць іх роўна вакол галавы. У мужчын заўважаецца таксама больш агіднай прыніжанасці перад тымі, каго яны лічаць лепшымі за сябе, кланяюцца ім у пояс, пакорліва прыгінаюцца і наогул яны менш, чым жанчыны, разгаворлівыя, а больш дзікія.

Пераважны колер валасоў на Палессі – светла-русы, крыху залацісты. Сустракаюцца, аднак, вельмі часта зусім чорныя галовы і, што цікава – яны амаль ніколі не сівеюць. Ведала я і 80-гадовых бабуль з абсалютна чорнымі валасамі. Вочы амаль ва ўсіх светла-шэрыя; не памятаю, каб калі-небудзь бачыла чорныя або нават піўныя. Пры цёмных валасах такія шэрыя вочы, акружаныя чорнымі вейкамі, робяць вельмі прыемнае ўражанне. Сустракаюцца таксама і блакітныя вочы, але не так часта. Твары звычайна круглыя, свежыя, з зусім некласічнымі рысамі, вызначаюцца раскошнымі зубамі. Наогул жа, вельмі прыгожых твараў мала, але і выразна брыдкіх не відаць, асабліва сярод жанчын. Гэта пераважна мілыя тварыкі, ад якіх павявае здароўем і весялосцю.

Маладыя хлопцы вельмі дбаюць пра сваю знешнасць і ўмеюць кідаць свае забойчыя позіркі на дзяўчат. Ёсць таксама сярод іх вельмі настырныя і адважныя і ў дачыненні да жанчын. Аднак іх ідэалам з’яўляецца не тая гожая, здаровая, свежая і румяная дзеўка, якую мы звычайна лічым за тып вясковай прыгажосці. Палеская моладзь схільна закахацца ў жанчын хілых, далікатнага выгляду, якія маюць цела бела, чорны бровы і русу косу, а яшчэ трохі падобныя да “паненак”. Такія карыстаюцца вялікім поспехам.

(Цалкам згадкі Эмы Яленскай пра вёску Камаровічы ў перакладзе Уладзіміра Васілевіча чытайце ў 97-99 нумарах “Дзеяслова”).

 

comments powered by HyperComments