Уверцюра прадвесня БАЛГАРСКАЕ ЛЕТА Чыё імя над берагам па літарах Дарыў птах неспакойнай вышыні, а мора гулам безупынна клікала з якіх дарог, з якой далечыні,
чый голас, кім у гэты дзень пачуты, чыю хаду, ацэньваюць якой секунды і мінуты ўсё золата вякоў усіх мацерыкоў?
* * * Адрасы з вясны ляцяць у лета – матылі іх пішуць за вакном на кляновых новенькіх канвертах, барвянець якім асеннім днём.
Ад былой любві – святой ці грэшнай – іскры ўваскрасаюць у вачах, быццам не ачахлі галавешкі на пагаслых над зарой кастрах.
І чытаеш: вуліцам зялёным, гарадам якім ты блізкі зноў? Подыхам успыхвае знаёмым, гарадам якім ты блізкі зноў? Подыхам успыхвае знаёмым на губах гарачы свет кастроў.
КАРАГОД СТАНЦЫЙ У далеч якую хаваюць гады той квецені шчодрай дыханне, што брала ў палон і пасёлкі, і гарады, не абмінала бяссонніц вакзалаў?
А свет не нямы, не сляпы і ў імгле, і сеюцца службы дыспетчарскай словы на прывакзальны перон, дзе хмялеў залётны лісток і пад сонцам, і громам.
Варожаць аб чым і туман, і агні прастораў зямных і нябесных? Праз ночы імчаць цягнікі і праз дні на гук веснавы з пасівелаю песняй.
* * * На гальфстрымы дыхання твайго зоры моляцца ці не моляцца сцюжнай ноччу над цішай снягоў, над акном з неспакоем-бяссонніцай?
Зор далёкіх чакаць адказ – як ляцець на Юпітэр ці Марс: пасівееш апошнім воласам, не рэнтгенам прасвечаны – космасам…
І Ў СЦЮДЗЁНЫМ СВЕЦЕ Праз імглу, віхуры завірухі клічуць на дарогах – ноч ці дзень – рукі, без якіх нямеюць гукі, вочы, без якіх святлее цень.
Купалы калумбамі стагоддзяў і званы – сыны зямных надзей – моляцца: – На снезе і на лёдзе, як раней, душа, не халадзей.
* * * Сёння студзіць рэчку не слуга – раніцы марознай яркі позірк. Дзе той бакен (зваўся ён “куга”), што ківаў і плёсам, і нябёсам?
Лёдам успамін ці закране заўтра снегавая з ветрам сцюжа, ці ў завею, нібы па вясне, зноў анёлы над зямлёй закружаць?
ВУГАЛЁК Вугалёк жывы схаваўся ў прысак. Вугалёк жывы падварушу – і рассыпле ён агніста іскры на маю душу.
Вугалёк – ты сябра мой вячэрні – не шкадуй, гусцей, жарчэй сыпні і гукання, і маўчання зерне ў роднай цішыні.
Асвяці і тое, што пагасла, знікла ў далячынях лет і зім, дзе хадзіў гасціць да зораў ясных неазяблы дым…
* * * Тваёй рукі кранаюся, нібыта кранаюся малітвы вечароў, дзе пацалункі зорнымі арбітамі блукаюць над сцяжынамі гадоў.
У гэты час марозны, час зімовы тваёй рукі кранаюся, каб зноў бярозы пра любоў шапталі долу, укрытаму прызнаннямі снягоў.
Тваю далонь пад небам прамяністым дыханнем саграю, як птушаня. І дзён далёкіх флейты голас чысты ляціць сініцай у абдымкі дня.
ПОМНЮ Словы цёплыя і позіркі за мною зноў ідуць з бязмежжа сцюжных зім – там яшчэ без горычы і дым, не падвешаны журбой зямною.
Там з вакзальнай мітуснёй і з неспакоем голас ціхі парадніўся твой, а сцяжынкі кружаць грайным роем, ружаю марознай – вышынёй. Хочуць што данесці ў свеце раннім да тваіх разбуджаных вакон, за якімі – залатыя грані на бярозах сонечных ікон?
* * * Ледзьве ліст страпянецца сцямнелы, толькі зорка ледзь чутна міргне – неспакоем асветляцца цені ад святла ў непагаслым акне.
Ноч, як бежанка, ходзіць ля вокан, зазіраючы ў кожнае з іх запытальна-дапытлівым вокам, і трывожна напружвае слых.
І ля трасы бетоннай, ля сцежкі да світання шукае каго беспрытульніца ціхая, пешкі ідучы на далёкі агонь? і пра што між ствалоў стромкіх сосен і прымоўклых дамоў гарадскіх ападзе павуцінкай у восень ці пачуты хоць некім уздых?
ВЯСЕЛЬНЫЯ СУБОТЫ У суквецці стужак россып яркі шарыкаў чырвоных і блакітных – маладою радасцю без хмаркі далячыні чысцінёй абмыты. Майскі свет – адкрыты і прыгожы.
Ды ляціць, як роздум нечаканы, на дарогу на вачах прахожых жоўты шарык, хуткасцю сарваны.
* * * Што глыбей глыбокага калодзежа? Возера падземнага вада. Што глыбей вады з такога возера? Дол каменны, цвёрдая руда. Што глыбей, чым дол той зацвярдзелы? Дол наступны, а за ім – яшчэ, як ляднік, калісьці анямелы дол, што сіверам вякоў пячэ. Што ж глыбей за той ляднік глыбокі – сховішча неадшуканых руд? Чалавека погляд адзінокі між мільёнаў воч. Мільёнаў рук.
ЧЭШСКІ ВЕЧАР Вечнасць моўчкі вечар абдымала. Космас кос тваіх і космас сэрца ў горадзе на ўскраіне квартала вартавала сцішанае вецце.
Што ў тваім разгадвала паглядзе вышыня – ці скажуць ліпы букам хоць адным лістком, што промень гладзіў, хоць адзіным перагрэтым гукам?
Русакосае не адцвітае лета. Цёплы вечар Чэшскіх Будзеёвіц і зіму, замоленую ветрам, маладым тваім дыханнем ловіць.
* * * Усміхаецца белаю плотачкай раніца, вынырае ў тумане на плыні вады, як і ў тыя гады, дзе яшчэ пра журбу не пытаецца бераг твой малады.
Вынырае з бліскучай лускою з вады прывітаннямі даўняе лета, што лавіла ў свае невады зор і сонца сакрэты.
Пра чые тут сляды губы рыбы, як з чыстай слюды, выдыхаюць склады плёсаў памяці?
Варажу з паплаўком на маршчынах вады. Усміхаецца белаю плотачкай раніца.
…А твой воблік вадой не змываецца.
РАНІШНІ РАМАНС Мелодыі над квеценню каштанаў – знаёмыя, іх ведаеш даўно. Пытанні – прэч, калі сягоння рана тваё здалёк паклікала акно.
Такі святлісты, без хмурынак, ранак – і пчолам кветкі, нібы губы, піць. Сплывай, сыходзь за моры, акіяны сум учарашніх рэчак і крыніц.
Снам-туманам ныраць на дно на самае віроў раскручаных, давераных вясне. І не адною квеценню каштанавай захмелена і неба ў сівізне…
Да берагоў, што зберагаць умелі сакрэты плёсаў і віроў рачных, лілея подых запытальна-белы на выдых шле, на ўздых грудзей чыіх?
Дыпціх твайго вобліку 1 Як малітва за ўсё і за ўсіх – воблік твой, раннім небам атулены, міражом з варажбою зязюлінай, з мітуснёй матылёў лугавых.
Глыбіню вымяраць не метрамі. у якой ты маўчыш ноччу й днём. Да цябе дакрануцца б – хоць ветрамі, Хоць дажджынай адной.
Спагадае чаборам і верасам бор, дзе ў спёку не родзяць грыбы, без падказкі чыёй: – Не вернецца, што аднойчы на свеце згубіў?
2 Сонца з кожнай мурашкай вітаецца, сваякуецца з хмарамі і воблакам.
Углядаюся ў далечы. Раніца Зноў параніцца тваім воблікам…
Вечар пасее агні – вецер шукае мелодыі ў свеце. дзе дрэў карані жывяцца вечнымі водамі. Знічкі над кожнай вярстой сыплюць святло мімалётнае. Неба – не рамай пустой – поўніцца зорнымі сотамі. Верасень верыць усім позіркам, шэптам з прызнаннямі. Бераг пад лісцем асін дыхае даўнімі тайнамі…
ГЭТЫ ДЗЕНЬ Вечнасць – не ламбард, з якога можна выкупіць мінулых дзён абсяг. А наступным будзе дням жылплошча з небам, як калісьці, на пасаг. Гэты ж дзень ідзе за далячыні зашыфроўваць захад для каго і чырвоным колерам, і сінім – для якіх анёлаў і багоў?
Перад тым, як плёсы і віры ўсе замуруе маразоў уздых, цёплы міг, зноў адгукніся з высяў словам з вуснаў. сэрцу дарагіх.
Гэты дзень і без цябе – з табою. Так, напэўна, і пустыні слых ловіць акіянскі гул прыбою, хваляванне хваляў штармавых…
* * * Шар зямны вачамі тэлескопаў рух высочвае начных планет. Гнецца ў садзе жнівеньская голька: спее яблык. Залаты ранет.
А ў траве свайго жыцця сакрэты: для жукоў кірмаш тут і вакзал. Векавечны космас запаветы караням вузламі завязаў.
Зорку не сагрэеш на далоні – Млечны Шлях не закрануць рукой. А расінка, як дзіцё бяссоння, чый чытае ў свеце неспакой?
ДНІ ЦІШЫНІ Ёсць такія дні, калі маўчанне, як аблога з чатырох бакоў глухіх, і душа, як на пустым прычале, хоць рачны пачуць жадае ўздых.
Слухаеш, ці далеч адгукнецца, у якой рассыпаны вясной квецень, што ляцела і да сэрца праз вятры і туманоў сувой.
Ловіш: ці праб’ецца незабыты летні гук, суніцаў саладзей, і прамень на восеньскай вадзе абвянчае дзень святлом абмытым.
Цеплаходам мёрзнуць у маўчанні. Лёгкі ліст за кім ляціць у свет? І душа, як на пустым прычале, гучным дням шле цішыні прывет…
* * * Серабрыцца пылок снегавы пры святле ліхтароў і вокан. Быў учора з табою на “вы” пад аблокаў малітвай высокай.
Сёння вечар за такой варажбой маладой – у здзіўленні: – Дзе я?
Сёння будзе сустрэча з табой і на “ты” перайсці ёсць надзея…
УВЕРЦЮРА ПРАДВЕСНЯ Яшчэ без зеляніны, ледзь жаўцее вярба, злавіўшы дух сакавіка пасля зімы без гурбаў і завеі – і снежку ёй не кінула рука. Яшчэ на скразняках лісток баіцца праклюнуцца цікаўным птушанём і абвясціць без слоў усім сініцам: – Я – ваш сваяк, хоць і з адным крылом. Яшчэ вада на рэках і азёрах не набрыняла сінню вышыні. Яшчэ любві не адсырэлы порах. Пульсуе кроў – жарынкі цеплыні.
* * * Пра вёрсты распытае, пра гады, сатканыя і з радасці, і з болю, як і раней, ля вокнаў бэз густы… А нам з табою ці сустрэцца болей?
Тут нават верабей умеў мастацтвам здзівіць сваім, не просячы ўзамен прызнанняў гучных пад галлём акацый, калі з табой быў заручоны дзень…
АБНАЎЛЕННЕ Надрэчны салавей світанню шле прывет. І сціплы ціўкат верабей зноў дорыць. Рахманы гром Рахманінавым свет вітае без эстрадных дутых зорак.
І пра жыццё імкне травіны сказ, што акрыяла. Так было заўсёды. Што закране і абміне тут нас?
Мелодыяй нябёсаў – прызнанні-пералёты.
* * * А без твайго дыхання так холадна-сцюдзёна не толькі ў час завей і маразоў – і ў дзень, калі на гольцы першынец зялёны свет спасцігае з веснавых азоў…
НАЧНАЯ МАЗАІКА 1 Дождж тасаваў да раніцы ўсю азбуку, агучваў літары на шкле акна.
Тваё імя не лобзікамі – лазерам вырэзвалі маланкі да самага відна.
2 Лісток цалуецца з дажджынкамі. Шчаслівы. “Ю” ў слове паўтараецца “люблю”. Далёка ў моры змораныя крылы абвесцяць пра світанне караблю… comments powered by HyperComments |