…Марна стаўляць на яе капкан,
Марна цкаваць ільвамі.
Мова выбухне, як вулкан,
Проста з зямлі пад вамі…

— Міхась Скобла

Соль

Апавяданне

Ноччу з-за прастуды маленькага сына айцец Георгій кепска спаў і на службу прыехаў цалкам разбітым. Марудна пераапрануўся і выйшаў на споведзь. Нягле­дзячы на ранак, у храме было шмат народу – Царква святкавала Узвіжанне.

Святар манатонна прачытаў пакаянныя малітвы і па прынцыпе Бруса Дыкенсана з “Iron maiden” – “думай пра апошняга чалавека з натоўпу перад сцэнай” – амаль закрычаў, гледзячы за калоны:

– Дарагія браты і сёстры! Гасподзь дае нам Таемства Пакаяння, каб мы зазірнулі ў нашае сэрца і ўбачылі зло, якое кіруе намі. Грэх разбурае душу чалавека, але Боская любоў здольная ацаліць ад улады цемры і дараваць збаўленне! Няхай дапаможа Хрыстос нашаму заўсёднаму ўдасканаленню!

Амаль сотня “грэшнікаў” стаяла ў чарзе: у асноўным бабулі і жанчыны перадпенсійнага ўзросту.

Пачалася споведзь:

…Калі паміраў мой муж-чараўнік, дачка ўзяла яго за руку, каб развітацца, і на яе перайшла магічная энергія…

…Суседка ставіць свой пакет са смеццем на лесвіцу, і памыі падцякаюць пад мае дзверы. Каюся, што пакрыўдзіла яе сваёй заўвагай…

…Мне не прадоўжылі кантракт і звольнілі з працы. І цяпер я не ведаю, аднесці сваім былым супрацоўніцам торт на развітанне ці не…

…У парку на танцпляцоўцы адзін пенсіянер абазваў мяне “старой вешалкай”, каюся, што дала яму па мордзе…

…Я жыву жыццём праведным і пабожным, нікога не крыўджу, толькі вось у “Еўраопце” бясплатных цалафанавых пакецікаў бяру цэлы стос, і прадаўцы на касе лаюцца…

…Ой, бацюшка, я здзейсніла страшны грэх, баюся, што Бог мяне пакарае, у пятніцу забылася пра пост і з’ела некалькі лыжак тварагу, але адразу апомнілася і ўставіла два пальцы ў рот…

Святарскі сан айцец Георгій прыняў перад сваімі сарака гадамі. Да гэтага ўдзельнічаў у нефармальным моладзевым руху, вучыўся ва ўніверсітэце, разгружаў вагоны, клаў дарожную плітку, а яшчэ працаваў машыністам на заводзе і проста дворнікам, дзяжурыў у катлоўні і нават абслугоўваў вылеты самалётаў на аэрадроме. Сямейнае жыццё пачынаў з пакоя ў камунальнай кватэры, нарадзіў з жонкай некалькі дзяцей – таму мог падзяліцца побытавым досведам. І ў першыя гады святарства цэлымі гадзінамі размаўляў з людзьмі ў закутках храма, але хутка знясілеў ад цяжару цемрашальства і “выгарэў”. Цяпер на споведзі размаўляў зрэдку, толькі ў выпадку сапраўдных трагедый, а так стомлена слухаў і шкадаваў, што на прыходзе няма штатнага псіхіятра:

…Каюся, што спыніла малітву, калі зазвінеў тэлефон, і закрычала ў слухаўку: Каб ты здох”…

…Я паехаў на лецішча з дзяўчынай дзеля сексу і забыўся выпіць святой вады зранку…

…Каюся, што заходзіла да каталікоў у госці і снедала з імі за адным сталом…

Калі да яго наблізілася чарговая цётка і закаціла вочы пад лоб, яму захацелася кінуць усё і збегчы.

І тут у кішэні на грудзях пачулася вібрацыя тэлефона ад SMS-паведамлення. Сярод святароў хадзіла думка, што мабільнікі на споведзь лепей не браць, быццам “камітэтчыкі” вядуць праслушку, але айцу Георгію нават смешна было ўявіць, каб дзесьці ў кабінеце нейкія супрацоўнікі КДБ “адфільтроўвалі” праз спецапаратуру ўсю гэтую бязглуздзіцу.

Ён неўпрыкмет дастаў тэлефон і прачытаў паведамленне з канцылярыі:

“Вас благаслаўляюць сустрэцца са здымачнай групай тэлебачання”.

У апошні час такая форма рассылкі атрымала афіцыйны характар.

“Ды што ж гэта сёння за дзень такі”, – раззлаваўся ён і працягнуў споведзь.

“Каюся, што я самая грэшніца на зямлі!” – прамовіла жанчына з узнятымі да неба вачамі.

І гэта канчаткова пазбавіла яго цярпення. Пасля пытання, ці настолькі вялікія яе грахі, каб пераўзысці, напрыклад, злачынствы Адольфа Гітлера, цётка абурылася і паабяцала напісаць скаргу.

Ад такой перспектывы ён зусім зніякавеў, але ўбачыў паводдаль здымачную групу тэлебачання і пайшоў папярэдзіць настаяцеля, ужо сівога старца.

– Скажы ім што-небудзь ад сэрца, – дабраславіў той.

Год таму епіскапія заключыла з дзяржтэлекампаніяй дамоўленасць аб супрацоўніцтве, і цяпер кожны тыдзень на цэнтральным канале выходзіла перадача са сціплай назвай “Вечныя словы”.

Змест выступленняў нікім не кантраляваўся, але і так усе разумелі, што ніякае вальнадумства, акрамя нейтральнай рыторыкі, не дазваляецца.

Айцец Георгій стараўся ад такіх паслуханняў ухіляцца, бо перад камерай адчуваў сябе няёмка, але сёння фартуна відавочна ад яго адвярнулася.

Яны выйшлі на цвінтар і сталі ў цень высозных старых таполяў. Канец верасня выдаўся цёплым – стаяла бабіна лета. Апошнімі цёплымі промнямі развітальна свяціла сонейка. Звінелі званы – служба завяршылася.

Аператар марудна раскладваў штатывы, журналістка – маладая дзяўчына, як высветлілася потым, практыкантка, наладжвала гучнасць мікрафона. Айцец Георгій сумна ўзіраўся ў нябёсы. У галаве не было аніякіх вартых думак, акрамя звыклых штампаў.

“Сэрца маё! – ён успомніў дабраславенне настаяцеля, – што ты мне падкажаш? Госпадзе, дапамажы знайсці патрэбныя словы…”

У апошнія месяцы на “Нашай ніве” і “Радыё Свабода” ён сустракаў артыкулы пра аднойдзенне парэшткаў паўстанцаў 1863 года і Кастуся Каліноўскага сярод іх. Гэта было сенсацыяй, бо лічылася, што цела рэвалюцыянера назаўжды схаванае зямлёй. Канечне, дзейнасць Каліноўскага выклікала многа спрэчак, і ў семінарыі ім даводзілі, што ён – бандыт і забойца, але столькі пра яго напісана прыгожых вершаў і такі натхняльны вобраз Алеся Загорскага ў “Каласах пад сярпом тваім” Караткевіча, што, нягледзячы на ранейшае цуранне, айца Георгія стала вабіць постаць гэтага чалавека.

І, дарэчы, Георгій вырас на вуліцы імя Каліноўскага. Пасля вайны на ўскраінах іх горада сталі з’яўляцца паселішчы для перасяленцаў. Усе ўзгоркі і яры забудоўваліся баракамі ці маленькімі, абабітымі руберойдам хаткамі і агароджваліся тынам. Чаму адзін з такіх раёнаў і назвалі ў народзе “Палестынай” – поле з тыну, другі – “Шанхаем”. А пакручастую вуліцу, якая, нібы палявая рачулка, праходзіла праз адно з такіх паселішчаў, – Пярэбарку, што ад слова “пярэбары” – заасфальтавалі і назвалі ў гонар героя нацыі. Жылі ў той Пярэбарцы панаехалыя ў горад вяскоўцы, арыштанты і працоўныя з суседніх заводаў – якраз тыя дзецюкі, да якіх звяртаўся Каліноўскі ў сваёй “Мужыцкай праўдзе”. Ніякай справы да жыцця лідара паўстання, чыё імя насіла вуліца, ні ў кога з іх не было, і калі Георгій пацікавіўся ў аднаго “пярэбарца”, а хто ж такі быў гэты Каліноўскі, то пачуў у адказ:

– Хіба ваявода нейкі…

Але цяпер, ужо сталым мужчынам, ён адчуваў удзячнасць лёсу і нават бачыў нейкую сімвалічнасць, што яго юнацтва прайшло менавіта на вуліцы, названай у гонар гэтага чалавека.

Здымачная група пачакала, пакуль не сціхлі званы.

– Ну што, бацюшка, вы гатовыя? – і дзяўчына паднесла мікрафон.

Айцец Георгій нацяўся, уздыхнуў на ўсе грудзі і з хваляваннем паглядзеў у аб’ектыў:

– Дарагія браты і сёстры! Я ўпэўнены, што кожны з нас чуў пра нядаўнюю археалагічную знаходку ў Вільні на гары Гедыміна парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 года… Гэта цуд гісторыі, ніхто і не верыў у магчымасць такіх падзей… Грамадства проста віруе… Неўзабаве набліжаецца дзень урачыстага перапахавання паўстанцаў, – ад раптоўнай думкі пра наступствы такіх слоў у яго засмяглі вусны, але ён прадоўжыў, – і ў параўнанні з цяперашняй сітуацыяй можна ўявіць, які рэзананс выклікала ў Візантыйскай імперыі аднойдзенне Пачэснага Крыжа Гасподняга. Сёння мы збіраемся ўшанаваць перапахаванне славутых дзеячоў беларускага народа, а тады, у 326 годзе, была адкапаная прылада забойства Самога Творцы Сусвету. І калі такія пачуцці выклікае знаходка цела ўсяго толькі аднаго нацыянальнага героя – Канстанціна Каліноўскага, то як радаваліся хрысціяне Іерусаліма, што адгалоссе той урачыстасці прайшло праз тысячагоддзі і не сціхне ніколі. Сардэчна віншуем вас са святам Узвіжання!

– Цудоўна, – ледзьве не запляскала ў ладкі дзяўчына, – як вы цікава звязалі два гістарычныя факты. Хібы вашага маўлення мы ў студыі адрэдагуем і абавязкова сёння ў эфір!

Толькі аператар, ужо немалады дасведчаны дзядзька, неяк недаверліва паглядзеў на яе.

Калі здымачная група з’ехала, айцец Георгій вярнуўся ў царкву і памаліўся за спачын паўстанцаў і раба Божага Канстанціна, бо ўсё-такі жывыя душы былі, а значыць патрабуюць малітвы. І здзівіўся нават, чаму раней да гэтага не дадумаўся.

Хутка з канцылярыі прыйшла яшчэ адна SMS-ка: “Заўтра Вас выклікаюць на прыём”.

Ноччу айцец Георгій зноў не мог заснуць і толькі перад самым сігналам будзільніка праваліўся ў кароткі палахлівы сон.

Зранку ён уважліва памаліўся і сытна паснедаў – сустрэча з кіраўніцтвам патрабавала максімальнай сканцэнтраванасці. Рэферэнт канцылярыі – раз’едзены манах з абвіслым тварам і водарам дарагой парфумы – сустрэў яго з непрыхаванай пагардай:

– Ты аб чым думаў, айцец, хочаш усіх нас падставіць? Адзін ёлупень-прапаведнік выступіў, а дурніца-практыкантка пусціла ў эфір. Добра, што аператар папярэдзіў галоўнага рэдактара канала. А калі б хто з рэспубліканскай адміністрацыі ўбачыў гэты сюжэт? Нам праблемы не патрэбныя.

– Даруйце, Вашае Высокапрападобіе, – айцец Георгій забыўся, што апраўдвацца небяспечна, – калі-небудзь сітуацыя ў грамадстве зменіцца, і мы вымушаны будзем маліцца за паўстанцаў, а гэта лепей, чым праводзіць сумесныя акцыі з БРСМ, які, дарэчы, з’яўляецца афіцыйным спадкаемцам Камуністычнага Саюза Моладзі…

– Што?! – іераманах ажно пачырванеў ад гневу, – яшчэ раз так выступіш – і паедзеш на самы бедны прыход, ці забаронім у служэнні – як будзеш карміць свой вывадак? Ідзі прэч, выскачка!

І айцец Георгій, як пабіты сабака, выйшаў з кабінета.

Зноў перад ім нейкі Рубікон асабістага страху, за які ён ніколі не ступіць…

Бо колькі было выпадкаў, калі нязгодных святароў ссылалі на мёртвыя вёскі, дзе ані грошай, ні паліклінікі з дзіцячым садочкам. І жыві як хочаш, калі ты такі ганарлівы.

Дома ён, не звяртаючы ўвагі на пытанні жонкі, адразу прайшоў на кухню і высыпаў змесціва сальніцы ў сметніцу.

А потым узяў з паліцы Новы Запавет, падкрэсліў алоўкам патрэбны радок і выйшаў з пакоя.

Пераляканая жонка разгарнула кнігу:

Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу,

то чым паправіць яе?

Яна ўжо ні на што не прыдатная,

хіба што выкінуць яе прэч

на патаптанне людзям

(Мф. 5:13)

Праз месяц у сталіцы Літвы адбылася ўрачыстая цырымонія перапахавання паўстанцаў, але з-за сямейных абставінаў айцец Георгій нікуды не паехаў і з ранку таго дня застаўся дома з малодшым сынам.

Апоўдні яны выбраліся на вуліцу.

Адчувалася хуткае набліжэнне зімы, дзьмуў моцны вецер. Захутаныя ў шалікі бацька з сынам дакрочылі да гарадскога парку. На замеценых лісцем прысадах не было ніводнага чалавека. Голыя дрэвы тырчэлі голлем у шэрыя аблокі і гойдаліся, нібы дзіды.

Айцец Георгій дастаў айфон і ўключыў анлайн-трансляцыю перапахавання.

…Над Вільняй гулі званы. На вайсковых лафетах у суправаджэнні ганаровай варты труны з парэшткамі паўстанцаў перавозіліся на могілкі. Услед ішлі афіцыйныя дэлегацыі на чале з прэзідэнтамі, мітрапаліты, простае духавенства і мноства людзей з нацыянальнамі сцягамі. І першай везлі труну з Кастусём Каліноўскім…

Хлопчык змерз, і бацька ўзяў яго на рукі, але той пачаў хныкаць:

– Мульцік, мульцік! – і цягнуцца да айфона:

– Сынок, любы, паслухай, ты яшчэ маленькі і нічога не разумееш, – загаварыў бацька, – там далёка ў Вільні хаваюць славутых людзей, якія памерлі за нашую Айчыну. Калісьці іх ганебна забілі і таемна пахавалі, а цяпер сотні людзей з гонарам вітаюць іх труны. Можа я памыляюся і прашу нечага непатрэбнага, але дай Бог, каб ты вырас такім мужным, як яны, і пражыў чыстае яскравае жыццё!

Святар маліўся, і пяшчотна цалаваў замерзлыя шчочкі сына са слязінкамі ад ветру, і адчуваў, што соль не страціла сваю сілу, а засталася ў дзіцячых вачах. А значыць, не ўсё так кепска ў гэтым сусвеце, бо дзеці калісьці вырастуць, і некаторыя з іх стануць героямі.

…Над Вільняй гулі званы…

 

Іншыя апавяданні айца Паўла Каспяровіча чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова” №107.

comments powered by HyperComments