…ПРОСТА НАБЫЦЦА ТУТ
* * * Паглядзі, колькі жыццяў вандруе ўва мне! Паглядзі, як сусветы гараць унутры асалодай нясцерпнай! Гэта я – выкшталцоны алень, я – раз’юшаны дзік, гэта я сплю на ладажскім беразе ўсцешанай нерпай.
Паглядзі, паглядзі, я – у кедры сібірскім арэх. Я – касматы какос – грэю брушка ў спякотлівай Гане… Гэта я па-над гаем удмурцкім шапчу “Інмарэ…” і да поўначы любай нясу недасяжнае ззянне.
А туды, дзе накручвае жнівень палям бігудзі, дзе буслы над радзімай маёй плач хаваюць старанна, дзе застыла маўчанне і вусціш… Туды не глядзі. Там – адкрытая рана.
* * * гэта даўно ўжо не сэрца, не сэрца ў шчэлепах рэбраў, загнанае, б’ецца – гэта зязюля знутры мне кувае: дыхаеш? чуеш? жывая? жывая?
гэта даўно ўжо не рукі людскія – выцекла цела ракою на Кіеў, ля берагоў пакалечаных вые: родныя, дзе вы? жывыя? жывыя?
гэта даўно ўжо чужынка, чужынка аслупянела між цыркам і рынкам – ідал пусты, не ўдыхаю, не чую. боль зашывае мне рот нажывую.
* * * драпае цемра скарынкай чэрствай, сочыцца ў горла кармін. за чалавечае слова “зверства” сорамна перад звярмі.
не пракаўтнуць гэты хлеб драпучы. верыш, таварыш маёр? там, у падвалах пякельнай Бучы, сэрца сканала маё.
больш не кране яго шэпт надзеяў, “градаў” выццё, патрулі… мабыць, нарэшце распавядзе мне той, хто мяне акрыліў,
што мне рабіць з расстраляным пер’ем, з вывернутасцю ключыц? лепей бы ўшчэнт скасаваць мой тэрмін тут. і сусвет адключыць.
лепей бы я паважаным зайцам бегла ў вясну з усіх лап, чым гэты боль чалавекам звацца. лепей я зверам была б.
* * * у змроку непрытомных калідораў як ззяеш ты, ахвярнае ягня! тут не ўдыхнуць: туга здушыла горад і цішыня. даруй, што цішыня. даруй, што я, паціснуўшы плячамі, іду далей у даўкай цішыні. як многа вас – тых, што не прамаўчалі, – гарыць у гэтым вусцішным агні! а вулей паслухмяны ўсё шчыруе і дзень, і ноч – аж зелена ўваччу… даруй ім страх. і подласць іх даруй ім. і што маўчу. даруй, што я маўчу.
* * * Як мне змясціць іх, як увабраць іх, як прыняць іх? У гэтым крохкім целе, парослым травой зялёнай… Я бы натоўпам шалёных сланоў растаптаная маці – лячу і слухаю ліпкі енк пахаваных ва ўлонні.
Вось кожны чацвёрты, вось кожны трэці, вось кожны кожны – прашыты куляй, згарэлы зажыва ў сорак трэцім…. Ну, колькі можна ўжо, скажыце мне, колькі можна?! Мне кожная сцежка баліць як шнар на забітых дзецях!
Вось пух таполяў ляціць паэтам, вось Палах-сполах… Героі сеюцца, вы ж не прыйдзеце па ўраджай іх… Я мерцвякамі цяжарны шарык, мне вырак – кола. Я вас хаваю, люляю й гэткіх жа зноў раджаю.
* * * не сумуй, што скончыліся словы, тут заўсёды ёсць чым захапляцца: вось жа поле, пошчак жаўруковы, бусляня з матуляю ў буслянцы.
тут заўсёды ёсць у што паверыць: вось туман прадзе свой мяккі кужаль, на градзе аранжавее перац, верабейка плюхаецца ў лужы…
не сумуй, што вершы анямелі, – мала хто з нас варты быць пачутым. моўчкі луг бруіцца карамеллю, дождж бярэ ў двукоссі ўсе пакуты…
* * * я ведаю, мне ад цябе засталося цяпло. іначай, адкуль гэты жар так настойліва сніцца? а ўсё, што ў зямным вымярэнні між намі было, багоўка-сястра зберажэ на аранжавай спінцы.
я ведаю, мне засталася даверлівасць рук, бяззбройнага дотыку шчырасць, якой не схаваеш. і нават калі я аднойчы напраўду памру – у памяці пальцаў тваіх я гарэцьму жывая.
хай век сабе ўрэшце зацягне на шыі ласо, хай спрахне айчына ў сабою ж атручаным дыме… ды ў памяці нашых сцяжынак і нашых лясоў мы жыцьмем заўсёды – шчаслівымі і маладымі.
* * * не енчу, не шкадую ні аб чым, гадую моўчкі лес мой, крочу, дыхаю… няцяжка мне, па болю ідучы, самоту ўтойваць пад ахоўнай пыхаю. а хоць бы й праразалася крыло – не ўчуе сэрца за сямю напарсткамі. ды толькі зрэдчас вырвецца цяпло, усходзіцца спамін вачмі татарскімі… і быццам лёс не зрынуўся, як сель, і быццам нас жыццё не перайначыла, і быццам вось ты – па лясной расе ідзеш насустрач, не чужы, не страчаны.
* * * я не шукаю замежжа, заможжа, замужжа… і без таго мне належаць найлепшыя з лужаў, поўныя зорных адбіткаў і срэбных аблокаў, сонечны дзень, нападпітку бярозавым сокам… і без таго я па зніжках, нікому не бачных, маю і жолуд, і шышку, і розум дзіцячы, рэкі, дзе лётаюць шпарка шчаслівыя карпы, – і без таго я ўладарка нялічаных скарбаў! мабыць, у важных людзей я нічога не важу – я да сасны кагадзе ўладкавалася пажам. мо адслужу колькі год – стану птушкай у гаі. болей ніякіх выгод я ў жыцці не шукаю.
* * * пабягу да сасны залацістае, абдыму за шурпатую талію… ззяе верас наўсцяж аметыстамі, цішыню выдыхае крыштальную…
наталілася золатам сонечным чыстацела маё святаяннае, і таму, нават збітая горыччу, не ўпаду, не здранцвею, не звяну я.
нават цемраю роспачы воглае я прайду, я здалею, я выстаю. тут чакаюць мяне з перамогаю верас мой і сасна залацістая.
РАГАЧОЎ Андрэю Чарняўскаму Як ні кралі б у нас, ні карналі б, а галоўнага не адбяруць – будзе несці Дняпро свае хвалі, грэць пад пахай гарэзную Друць.
Тлум адкінеш, да берага прыйдзеш, вось ён – мые свой стромы кадык… І пачуеш, як вербы на ідыш нешта шэпчуць люстэрку вады.
І пад шэпт іх угледзіш раптоўна быццам сон ці прымроены свет: Караткевіч у дзедаўскім чоўне зноў жывы ўслед за сонцам плыве…
Хвошча лета, палошчацца шчэбет ды лятуць пакрысе карасі… Што ж так плачацца? Ах, рэбе, рэбе! Дзе той край, што ты ў сэрцы насіў?
Гэты горад – нязводная рана! Пластыр часу крыху адляпі – і праступяць малюнкі Каплана з-пад асфальту завулкавых спін.
Боль не змыеш, як горыч ні ўтойвай, ды лятуць карасі пакрысе, спее луг, плешча вечнасцю пойма і Дняпро нашу памяць нясе…
* * * Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Дрозд, мне муляе жыццё, бы няўпраўлены звіх: мне і смоўж неўдасяж, і агрэст навырост, я нікчэмны муляж, я драбнейшы за ўсіх. Ні пачвара, ні блазан, ні звер, ні блюзнер – я пушынка бязглуздая ў воку тваім. А зраблю толькі крок – асляпляльны аер кружыць голаў, як танец кружыў Наваі. Неймаверны мой верас пячэ хараством так, што дыхаць няможна – ірвуся па швах! Забяры гэты дар, мне занадты твой дом! Я не ўмею тут жыць, я няздольны дзівак. Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Бэз, мне баліць гэты свет, яго веліч і бляск… Дай мне голае поле – найлепшую з нэндз, каб ляцець над зямлёй і маліцца за вас.
* * * “Што ты б’ешся як рыба аб лёд, мой даверлівы Ёве? Я ж усё тут здрабніў, абязглуздзіў, абезгаловіў. Я адняў у іх розум, я душы ім страхам знявечыў, а ты пішаш і пішаш, дзівак, пра святло чалавечае… Я паслаў табе роспач і немач, я дом твой спустошыў, а ты цягнеш упарта за ўсіх недарэчную ношу… Я зрабіў тут усё, каб табе было прыкра і гадка! Што ж ты борацца лезеш, бадлівае аленянянтка? Вось бяспраўе табе, вось знявага, вось допыт, вось арышт, а ты ззяеш і ззяеш, дурненькі мой, марыш і марыш… У дрыгве непрабуднай наўрад ці прыдатныя Ноі, так што хопіць на ўсіх будаваць, не смяшы, кінь дурное!”
“Не палохай і не выпрабоўвай, хітрушчы мой Божа! Гэта ж Ты мне заўсёды казаў, што жыццё пераможа. Гэта Ты – мая купіна ў багне, мой ягель, мой Ягве! І таму я працягваю верыць, я – працягваю”.
* * * Проста набыцца, нагаварыцца з полем юлёвым, пакуль конік зялёны грае на скрыпцы сола замовы ад куль…
Тут, дзе нянавісць бліскае джалам, дзе раскашуе імгла, памятай, я да скону крычала ім пра любоў, як магла!
…Проста набыцца тут, нашаптацца з верасам, мохам, сасной, кінуцца ў ногі блазанцы-пташцы нотай апошняй – скразной…
Тут, дзе ўчарнелі ў гразкім раздраі сонечных промняў ліні, Госпадзе, толькі розуму дай ім! І цеплыні, цеплыні… comments powered by HyperComments |