У маёй краіне вайна Вершы з новай кнігі “Калыханка для Бога” ЦІ ПРЫЙДУЦЬ ЯНЫ ЗА ТАБОЙ… Быў шанец сысці з крывёю меншай… Не выпала. Вайна забірае найлепшых. Б’е ў дыхала іх.
Ці прыйдуць яны за табой, хлопчык мой… мілы мой.
Як іх трымае зямля, дзяўчынка мая… мілая. І гэта ўжо ненармальна, калі ты мне снішся штоночы. Было б ідэальна сустрэцца жывымі аднойчы.
Бог і любоў з табою. Шанец утоплены ў Леце. Сумна, трывожна да болю у беларускім свеце.
Ці прыйдуць яны за табой, хлопчык мой… мілы мой.
Як іх трымае зямля, дзяўчынка мая… мілая.
* * * Гарачыя вочы начы. І снег папялее за вокнамі. Ты снамі прыходзіш. Маўчыш. Рыпіш расхістанымі кроквамі.
Я чую, як шчэць расце на шчоках тваіх запалых. І сэрца маё, як твой цень, блукае пралётам Купалы.
Размеле ў далонях жарству Бог, Беларусі народжаны. Будзе Раством улагоджаны той, хто паверыць Раству. 6-7 студзеня 2011, ноч
ГЕНЕРАЛЫ МАЁЙ КРАІНЫ Генералы маёй краіны, героі мае, камандзіры палявыя мне дораць кветкі, як падлеткі.
Доўгія маналогі дадому, як праводзяць, яны прамаўляюць. І рукамі махаюць. І каюцца. І клянуць тых, хто ім прастаўляе. А калі настае час рушыць, то чаму – у снягах і крыках – разбягаюцца ў розных кірунках? Генералы маёй краіны, мне абрыдла. Абдыміце мяне сцягамі, заматайце марлямі ў крові. За мае зялёныя вочы, за мае прыгожыя бровы, за густыя мае валасы… Будзьце мужнымі, мае псы. Ну, падайце свае галасы! Генералы маёй краіны, героі мае, камандзіры – па магілах, па турмах, па… хатах. І апошняе ўсё часцей. Забыцця вас чакае расплата. Каб пасля на аглухлых адрынах разам піць-сумаваць па стратах. Вінаваціць пры браце брата.
Генералы маёй краіны, героі мае, камандзіры… Дзе вы, дзе вы, дзе вашы мундзіры, генералы маёй краіны?..
У МАЁЙ КРАІНЕ ВАЙНА У маёй краіне вайна. Кроў на душах, кроў на снягах. І балюча нават у снах. Ад таго і сноў больш няма. У маёй краіне вайна. З ночы і ажно давідна. І ніяк несыйдзе зіма, і ніяк не пачнецца вясна, бо ў маёй краіне вайна.
Гэткіх зімаў не помніць ніхто. Не было шчэ жалезнай зімы. Каб сняжынкі лавілі ў сіло. Каб, як турмы, стаялі дамы.
І на голы лес гром упаў. Быць бядзе, браце, быць бядзе. Той хто шчасця свайго не знаў, той чужое сабе ўкрадзе.
Пасярод краіны сцяна, за сцяною з табою мы – пілігрымы тае вайны – прычакаем канец зімы.
САТ’ЯГРАХА (канцэпцыя негвалтоўнага супраціву) Дар’ і Каткоўскай Дружа, калі ты вырасцеш, цябе ляснуць аб ходнік, будзь ты дзяўчынка ці хлопчык цябе абавязкова ляснуць. аб ходнік. Магчыма, з разбегу, з усёй дурноты, якую яны назавуць законам, цябе ляснуць аб ходнік, помні.
Калі ты адчуеш – што кроў на вуснах, калі пабачыш – у вачох пацямнела, калі цябе страх агорне, помні, цябе папярэджвалі: не паводле права – паводле закону, цябе абавязкова ляснуць аб ходнік. І калі ты будзеш ляжаць у крыві і брудзе, і цябе будуць мінаць незнаёмыя чужыя і знаёмыя чужыя людзі, на цябе падзьме the wind of change (вецер пераменаў? – не паверыш ты і напоўніш ім грудзі). Ён уздыме тваю чупрыну, ён уздыме сцягі і харугвы, ён уздыме моўчкі на прэнгу – яго уздыме. А пакуль – свята трывае, мы будзем расхістваць цвердзь, мы будзем расхістваць свет, як круты Чэ, як святы Z. Свабода альбо смерць – мы будзем расхістваць. We will we will rock you we will we will сlap Будзем, будзем хлопаць, мы пакінем след. Дружа, мярзоты большае, але большае, большае й згоды. Вачыма маўчыць праўда, авацыі ладзіць свабода. І будзе заслона. І воплескі ў залі. А мы папярэджвалі, а мы – ха! – казалі. А мы ведалі, што толькі тыя, каго будуць біць у сэрцы і біць па твары, здолеюць узняцца і здзейсніць свае мары.
* * * гэтым чорным часам, калі сэрца ў чаканні марудзіць, але яшчэ баліць, карціць маўчаць, ды мушу гаварыць, пішу да цябе… прашу цябе: калі ласка, вярніся… вярніся – і будзь жывы! застанься альбо зрабіся іншым – больш жорсткім ці больш балючым. толькі вярніся, чуеш? толькі вярніся… малюся.
САДА ЭНД МАЗА-ЛЭНД (на шляху да Стакгольмскага сіндрому) У мяне з Краінай кантакт. Мы рухаемся у такт. Я люблю яе, а яна мяне – мае. Дыхаю толькі я. А яна – нямая. Неяк так. Хто такое стрымае?
Бо краіна мая падсела на чужое брыдкае цела – да таго, хто гідуе ўлонне, з якога калісьці героі выходзілі. Цяперака роем з крывёю выходзяць вырадкі. Мае радкі не вартыя імшы. Толькі шашы. Прабач мяне, прабач, мая дарагая, радзіма мая крывая, каравая мая, любая, касавурая. Любая на тваім месцы магла быць. Але з табою жыць. Што тут варажыць. Забраць цябе, забраць да сябе ў сэрца. І звесці, як неба, з сабой. У іншы лад, у іншы крой. Не дай за цябе памерці. Не дай, каб гэтыя чэрці распачалі забой.
Да якога прасіць Аладзіна, Джына, Джа альбо іншага Гуру?.. Ды прасіць я ўсё ж такі буду. І прашу я адно-адзіна: вярні мне жывой Радзіму, калі згвалтуеш яе ты да нематы.
дазволены дзень волі дазволены дзень волі нешта у ім не тое ідзеш у калоне як з перапою паветра замнога але не хапае ты знаеш дарогу ўдыхаеш
выходны і нават нядзеля паветра ў дажджы і снезе а ты на вуліцы недзе і верыш што гэта дзеля…
* хтосьці ідзе да лора хтосьці да дзеўкі волі а хтосьці бярэ малога ці жонку на дзень волі
а потым кавярня з сябрамі ты цэдзіш размову і каву і цешышся: не забралі нястрашнае нейкае свята
дазволены дзень волі – нiбыта надзея ў законе 25 сакавіка 2012
САМЫ КАРОТКI БЕЛАРУСКI РАМАН Кахала яна двух мужчынаў: адзiн быў неўязны ў Беларусь, другi – з Беларусi.
Але аднойчы дзяржава вырашыла, якога грамадзянства будуць яе дзецi – i не падоўжыла вiзу. comments powered by HyperComments |