…Жыць – гэта проста ісці ўгару.
І неба, і крыж трымаць…

— Вольга Гронская

МАЛІЦЕСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ

Лісты

I

Мой родны, лячу да цябе

Я думкамі кожную хвілю.

Праз наш незашклёны гаўбец

І шторму няўтульныя мілі.

 

К твайму прытуліцца б плячу,

На кухні па-хатняму сесці…

Як шмат распытаць я хачу,

Як многа хачу распавесці.

 

Ты знаеш, Антосік пайшоў!

Стаяў ля канапы шырокай

Ды раптам сам, без хадункоў

Зрабіў да бабулі два крокі!

Ты б бачыў, як песціла я

Ад шчасця яго вачаняткі –

Такія ж блакітныя, як

У нашага любага таткі.

 

З гібіскусам нешта не так…

Мо я даглядаю няўмела.

Чамусьці цвісці перастаў,

І лісце крыху пажаўцела.

 

Чытаў жа ты ўсенька пра іх,

То што я раблю недарэчы?..

А ў Менску святлей ад тваіх

Любімых каштанавых свечак.

 

Іду з перадачай штораз

І мару адно, як увосень

Мы пойдзем каштаны збіраць

З табой і маленькім Антосем.

 

І сцішаным восеньскім днём

У скверы на лавачцы новай

З каштанаў сабраных складзём

Два светлыя нашыя словы.

 

Мой родны, каханы… Як ты?..

Чакаю… Трывожуся вельмі…

Твае не даходзяць лісты

Ў наш шматпавярховік панэльны.

 

Сапраўдны мой… Мой залаты..

Як ты?

Як ты?..

 

II

Рвуць нябачныя кіпці душу.

Пералічваюць пальцы каралі.

Гэты ліст я табе не пішу

І дакладна яго не адпраўлю.

 

За фіранкай куражыцца ноч.

Спіць ціхутка сынок у калысцы.

Давідна не заплюшчыць мне воч.

Буду думаць пра нас. І маліцца.

 

Ты заўсёды любіць навучаў.

У любові, казаў, перамога…

Як любіць, калі чуць увесь час

Енкі невінаватых з астрога?

 

Як любіць, калі ў нас за любоў

Адабралі пачварныя цмокі

Верасовую старасць бацькоў

І дзяцей нашых першыя крокі?

 

Ты даруй мне… Я так не магу.

Я, відаць, хрысціянка благая.

Мне малітва не гоіць тугу

І ад жудасці не захінае.

 

Гэта страшна, калі зуб за зуб.

Гэта жах, калі вока за вока…

Ды страшней для мяне скуралуп,

Што катуе ў засценках прарока.

 

Хто нам верне кахання гады?

Маладосць, пахаваную ў турмах?

Не спатольвае шклянка вады

Ліхаманку пякучую думак.

 

Твой партрэт, што вісеў ля стала,

Патаптаў з насалодаю злыдзень.

Родны мой… Я ўявіць не магла,

Што так моцна магу ненавідзець.

 

Я гатовая іх праклінаць

Да дзясятага часам калена,

Каб ім нават у прывідных снах

Так, як нам, невыносна балела.

 

Адчуваю твой ціхі давер.

І каралі з рукі выпадаюць…

Помніш Пімена Панчанкі верш?

Не… Нікога я не праклінаю…

 

Бо… люблю сваю зямлю… і не магу.

 

 

*  *  *

Як бывае гарачым снег,

Як бывае блудніца – святая,

Так бывае і сумным смех.

Надта часта цяпер бывае.

 

Спадарожнік маёй зямлі.

Непрыдуманы смех скрозь слёзы.

Толькі ён і ратуе, калі

Душы крояць тупыя лёзы.

 

І калі за нішто ў турму

Каты цягнуць праз пляц паяца,

Што яшчэ застаецца яму?

Проста катам у твар смяяцца…

 

 

*  *  *

Маліцеся за Беларусь.

За нашых бацькоў пасівелых.

За нашых дзяцей пасталелых.

За раніцы нашай пару.

 

Маліцеся за Беларусь.

Каб сонца яе прывітала.

Каб пусткаю дзікай не стала,

Адданай чужому цару.

 

Маліцеся за Беларусь.

Хрысту. Саваофу. Алаху.

Каб нашу смяротную плаху

Ў глыбінях схаваў землятрус.

 

Маліцеся за Беларусь.

На волі і ў змрочным палоне.

Калі нат царква забароніць,

Ды ўсё перамелецца ў друз.

 

Маліцеся за Беларусь…

 

 

*  *  *

Зайздрошчу свабодзе нават той вароны,

якую са свайго акна бачу на сьнезе…

З цыдулкі, таемна перададзенай К. Каліноўскім
на волю з турмы.

 

Варона цёмная

На белым снезе,

Жывая ты, а я

Згубіўся недзе.

 

Ты вольная зусім

Па той бок кратаў,

Дык вестку занясі

Да роднай хаты

 

Прашу, ляці хутчэй

Над ціхім местам

Туды, дзе ля дзвярэй

Кусты агрэсту.

 

Агледзься там, і мо,

Сівая птушка,

Убачыш праз акно

Маю дачушку.

 

Вітанне пракрычы

Ты ёй ад таты

Скажы, што я ні ў чым

Не вінаваты.

 

Узняў я вольны спеў

Да зор высока,

Падужаць я хацеў

Ліхога цмока…

 

Не. Птушка не ляціць

З астрожнай плошчы,

Ды ўпершыню ў жыцці

Я ёй зайздрошчу.

 

Адзін крылом узмах,

І з ветрам свежым

Адкрыты ёй абсяг,

Прастор без межаў.

 

Не спыніць іх замок,

Пракляты жоран…

Ні чорны варанок.

Ні чорны воран.

 

 

Споведзь Алеся Дудара

Божа моцны, за што?!

Ты прабач злую дзёрзкасць маю.

Тут я мушу вініцца,

Але вось… цябе вінавачу.

Воўкам хочацца выць.

Сэрца чорныя птушкі цкуюць.

Толькі мы, беларусы,

Не маем сваёй сцяны плачу.

 

Я зусім не самотны,

Нас многа сягоння прыйшло.

Да жахлівага многа ўзляцела

З падвалаў турэмных.

Ці наважыцца хтосьці

Прамовіць хоць некалькі слоў?

Я – скажу. І даруй,

Калі будзе табе непрыемна.

 

 

У краіне маёй

Па-над храмам заўжды эшафот.

Непазбыўнае рабства

Адкрыта пад вокнамі ходзіць.

Сорак год ты вадзіў па пустыні

Свой любы народ.

Дык чаму ж водзіш мой

Па пякельных кругах праз стагоддзі?

 

Спакон веку над намі

Сякера, пятля ці наган.

Страх ліпучы жыве

Часта нават у хлебнай скарынцы…

Колькі часу яшчэ

Будзе шчэрыцца гвалт і падман,

Каб на ўласнай зямлі

Без віны называцца злачынцам?

 

Калі ты міласэрны,

Сваю мне задуму адкрый.

Не хавайся, скажы,

Што ты маеш наконт Беларусі.

Патлумач чалавеку,

Якая з пакутаў карысць.

І тады, можа быць,

Я ахвотна з табою згаджуся.

Ты не мог не пачуць,

Як зайшлося ў слязах немаўля.

Ты не мог не заўважыць,

Бо ўсё ж тваё сэрца не камень.

Як дрыжэла ад гневу

Пад ботамі катаў зямля.

Як апошнімі лісцямі

Плакалі дрэвы над намі.

 

То чаму ж ты маўчыш,

Не ратуеш аглухлы прасцяг?

Што ж забойцам і здзірцам злюцелым

Не робіш нічога?

Божа моцны, чаму?!

На астатняй мяжы забыцця

Я пытаю цябе,

Недасяжна далёкага Бога.

 

 

*  *  *

Поўня мацае хаты страху.

Зазірае праз шыбіну ўпотай.

І стаіць у яе на шляху

Крыж аконнага пераплёту.

 

Сном трывожным забыўся пакой

Пад аховай празрыстай фіранкі…

Толькі ўпарта, адну за адной,

Нехта лічыць хвіліны да ранку.

 

Не спыняе гадзіннік хады,

Хоць спружына звялася дазвання.

Сярод змрочнай містычнай жуды

Хата мусіць дажыць да світання.

 

 

*  *  *

Пакаянне не дадзена Каіну.

І праз тысячы смутных гадоў

Чырванее нязводнаю плямінай

На дубінцы бязвінная кроў.

 

Не адмыць тую пляму жахлівую,

Не саскрэбці ніколі нічым…

Каін зброю і ў прорву вірлівую,

І ў марскую кідаў далячынь.

 

Не аднойчы паліў яе ў вогнішчы,

Пакрыёма хаваў пад гару.

А дубінка ўсё роўна апоўначы

Да ягоных вярталася рук.

 

І казаў сабе Каін: “Няправільна,

Што імя маё кожны кляне:

Калі б я не забіў тады Авеля,

Авель конча забіў бы мяне.

 

А-ёй-ёй!.. Загубіў безбароннага!..

Вой-авохці!.. Яго крэўны брат!..

Што яму замінала, бяззбройнаму,

Тую зброю ў мяне адабраць?!

 

Для чаго так нахабна і здзекліва,

Па-блюзнерску араў ён зямлю?!

Бы не ведаў, нягоднік усмешлівы,

Як страшэнна яго не люблю”.

 

Крык ляціць: “Мяне подла зняславілі!” –

І дранцвеюць нябёсы наўкол –

Кроў падступна забітага Авеля

Зноў сплывае з дубінкі на дол.

 

 

*  *  *

Жыў паэт на зямлі.

З тых, каго называюць прарокам.

Словам сэрцы кранаў,

Як кранаць можа толькі паэт.

Апяваў хараство

Незвычайнага свету навокал,

Не хаваючы крыўды,

Якой перапоўнены свет.

 

Ён пісаў пра людзей

І свой край, у няволю забраны,

Пра народ, забіваны

Пад ценем імперскіх сцягоў.

Больш за ўсё па жыцці

Ненавідзеў рабоў і тыранаў.

А тыран і рабы –

Ненавідзелі люта яго.

 

Шальмавалі і бэсцілі,

Кпілі з ягонае мовы.

Пагражалі этапам

Ды куляй у скронь навылёт.

І аднойчы ўначы

На тырана загад адмысловы

Па-разбойніцку скінулі

Ў лесвічны гулкі пралёт.

 

Цела грымнула ўніз,

А душа перанеслася ўдалеч.

Прэч ад марных надзей,

Ад бяссонных сардэчных пакут.

Паляцела туды,

Дзе стаяць непадкупныя шалі,

І трывае штодня

Справядлівы і праведны суд.

 

На вачах у суддзі,

Нетаропкія, без перапынку,

Два анёлы на шалі кладуць

Нешта з поўных мяхоў.

Важыць белы анёл

Парушынкі шляхетных учынкаў.

Важыць чорны анёл

Камяні патаемных грахоў.

 

І спыніўся паэт

Перад шалямі тымі ў маўчанні:

Да якіх берагоў

Яму суджана будзе прыстаць?

Схамянуўся пасля,

Зразумеўшы зусім нечакана,

Што абліччам падобны суддзя

Да Ісуса Хрыста…

 

Час на роздум далі,

Бо, закону адвечнаму згодна,

Тут жаданне адно

Неадменна здзяйсняецца ўсім:

Можа кожны прасіць,

Што душы яго толькі заўгодна

Перад тым, як пачне

Яму важыць грахі херувім.

 

Хтосьці рвецца назад,

Каб не стала дзіця сірацінкай.

Пра палёгку самому сабе

Слёзна моліць эстэт.

Каб цяжэйшай за камень

На шалях была парушынка…

А чаго хоча ён,

Нежывы беларускі паэт?

 

І пачулі абодва анёлы

Ля срэбраных шаляў,

Як свой голас паэт

Проста ў рукі суддзі аддае:

– Божа мілы, зрабі,

Каб надзённымі быць перасталі

Напісаныя ў цемры

Балючыя вершы мае.

 

 

*  *  *

Стагналі мачты. Клекатала мель.

Маяк ад небяспекі гнаў старанна.

Вузлоў пад трыццаць нёсся карабель

На скалы па загадзе капітана.

 

Ніхто не мовіў слова насупор.

Каманда ў ладкі пляскала бяздумна.

Усіх нязгодных скінулі за борт

Ці наглуха замкнулі ў клеці трумнай.

 

І толькі ў даўкім дыме папярос

Радыст, падпёршы нечым дзверы ў рубцы,

Упарта выдаваў сігналы SOS

З адчаем невымоўным самагубцы.

 

– Я “Альбатрос”… Каардынаты… Курс..

Усім, хто чуе ў моры і на сушы…

Мы гінем каля скал пры маяку…

Mayday! Mayday! Ратуйце нашы душы!

 

А з лайнера ў трох мілях у этэр

Ляцела  скрозь статычныя разрады:

– Мы вельмі заклапочаныя, сэр!

Склікаем тэрміновую нараду!

 

 

*  *  *

Жнівень натхнёна сеяў.

Верасень – не збярог.

Летась жыла надзея.

Сёлета – хіжы змрок.

 

Ноччу кастрычніцкай светлы

Болем зайшоўся рай.

А ў лістападзе пекла

Рынула цераз край.

 

Снежань сляды надзеі

Выстудзіў, каб за ім

Студзеньскія завеі

Іх замялі зусім.

 

Люты шалеў бясконца.

Сівер у спіну гнаў.

І з сакавіцкім сонцам

Не надышла вясна.

 

Зрушаны ўсе прыкметы.

І не заўважыў крык,

Як прамільгнула лета

Ў нас на календары.

 

Зноўку вятрам скуголіць

Як вешчунам завей…

Сёлета мы да волі

Роўна на год бліжэй.

 

 

За намі

Ішло нас нямнога

Забытай дарогай.

Гарчэлі аблокі.

Спазняліся крокі.

Не ведалі змогі

Разбітыя ногі,

Ступалі паволі

Да сонца, да волі.

Мы рай не шукалі.

За намі стаялі

Адны толькі здані

На ростанях цьмяных,

Крыжы на пагосце

Ды прашчураў косці.

А больш за плячыма,

Нібы пілігрымы,

Не мелі нічога,

Апроч пана Бога…

Ляцелі з-за спіны

Зласлівыя кпіны.

Пагрозаў каменне

Цаляла нязменна

Ў адкрытыя скроні.

Хіба абароніць

Ледзь чутнае слова

Ад злосці свінцовай?

Мы крочылі ўпарта,

Адчайна, зацята —

Нас мучылі, білі,

Нам рэзалі крыллі,

У турмы саджалі —

Мы ж крочылі далей

Паўз вокны, дзе ў кратах

Стамляліся  каты,

І гурт памагатых

Чакаў на заплату

За подлую здраду,

За злую параду.

Праз вузкую кладку

Ў дрыгве, дзе знянацку

То злева, то справа

Сычэла пачвара,

Дзе гінулі ў твані

Без роду іваны.

Праз смерць і праз здзекі,

Крывавыя рэкі…

Як часта бывала,

Што нам не хапала

Ні веры, ні клёку:

Бясконца далёка

Цвіла адвячоркам

Жаданая зорка

Жывой Беларусі,

Не стаўшыся, мусіць,

Бліжэй ні на мілю.

І ў гэтую хвілю

Хацелася збіцца

Спыніцца, скарыцца,

Заснуць у бярлогу.

Зусім анікога

Не мелі за спінай

Мы смутнай часінай.

Падманная чутка…

Самотная купка…

Цяпер жа нас многа!

Бо той жа дарогай

Мы крочым за вамі

Відзежамі-снамі

З матуліным імем

У вас за плячыма,

Апроч пана Бога.

Вам – блізка!

Вас – многа!

 

 

*  *  *

Не шчыруйце!

Мы з попелу нават паўстанем,

Прарасцем праз жалезабетон.

З вострым болем у сэрцы парваным

Да канца дабяжым марафон.

 

Толькі выдыхнем раз: “Перамога!”

І апусцімся долу без сіл.

Новай моцы на родным парозе

Нам у жылы ўвалье дзівасіл.

 

І прайшоўшы па лісці апалым,

Па збуялай асотам раллі,

Мы нязгасныя знічкі запалім

Тым, каго ўратаваць не змаглі.

 

У далонях праз лютасць завеі

Данясём, не згубіўшы ў снягах…

І тады ўжо ніхто не пасмее

Іх разбіць, патаптаць, абылгаць.

 

comments powered by HyperComments