…Пісаць пра нешта — гэта значыць задзейнічаць невядомыя нам сілы…

— Юры Станкевіч

«І ЎСЁ МАЦНЕЙ ЖАДАННЕ ЛЁТУ»

Напрыканцы лета, размораныя і квёлыя пасля адпачынку, прыхільнікі беларускай літаратуры могуць нарэшце разгавецца беларускім словам. Выйшаў чарговы (89-ты) нумар часопіса “Дзеяслоў”.

Цэнтральным творам, фармуючым чарговы нумар часопіса “Дзеяслоў”, безумоўна з’яўляецца пачатак новага рамана Людмілы Рублеўскай “Пантофля Мнемазіны”. Ён напісаны па ўсё той жа схематычна-пазнавальнай форме яе папярэдніх твораў. Падчас нават ствараецца ўражанне, што ты чытаеш працяг ужо апрабаваных чытачамі раманаў (“Ночы на Плябанскіх млынах”, “З’яўленне Інфанты”, “Дагератып”). Магчыма, некалі яны звядуцца ў адзіны цыкл, як, да прыкладу, раманы В. Адамчыка (параўнанне, зразумела, умоўнае). Словам, адчуваецца наследаванне караткевічаўскай формулы: на нацыянальным падмурку выснаваць прыгодніцкі антураж твора. Пры ўсім пры тым, адзначу, што тэксты Л. Рублеўскай прафесійныя і па-мастацку таленавітыя, напісаныя з адмысловым майстэрствам. Нібыта нічога звышарыгінальнага: гісторыя замешаная на перапляценні сучаснага і нядаўняга беларускага часу; маладая жанчына страчвае бясследна прапалага ў замежжы мужа, пасля сямі гадоў знікнення яго вобраз пачынае з’яўляцца ў яе візіях і згадках, а тут яшчэ падаспела нечаканая спадчына, якую ён, аказваецца, пакінуў (стары дом у мястэчку). З яго гераіня і пачынае закручваць інтрыгоўны сюжэт, заснаваны на родавай лініі былога сужэнца, прозвішча якога Корвус (гэткая повязь адраджэнскай знітаванасці ў творах пісьменніцы)… Чытач патрапляе ў1930-я, ваенныя і пасляваенныя гады… Закрутак многа і, можа, нават залішне, бо нярэдка даводзіцца празмерна напружваць галаву наконт той ці іншай сітуацыі. Да ўсяго на кожным  артэфакце Рублеўская пачынае акцэнтаваць увагу чытача і выкладаць ледзь не ўвесь датычны да яго вікіпедаўскі лікбез. Аднак жа трэба адзначыць, маладых прыхільнікаў сваёй творчасці пісьменніца прывязвае да старонак прозы моцна. Чым? Адмысловым сюжэтам, сучасным стылем пісьма. У словах, выразах, ідыёмах, мімалётных згадках-замалёўках, лёгка, іранічна, бесканфлікта, без асаблівых прэтэнзій на нешта грандыёзнае, а насамрэч – старонка за старонкай – складвае глыбокі пласт містычна-памятлівай беларускай прозы. Пісьменніца наўмысна падчэплівае чытача, няўзнак выдаючы свае літаратурныя зацікаўленасці, маўляў, “такога я магу вам нагаварыць на сто старонак. Лепшага за мяне спецыяліста па закручванні сюжэту ўсё адно не знойдзеце. Не таму, што я Леў Талстой, а таму, што я мадэратар сайта фанфікшэна. Ну, ведаеце, калі школьніцы альбо іх расчараваныя ў жыцці настаўніцы пішуць працягі прыгод Гары Потэра і Северуса Снэйпа, альбо паляўнічых на монстраў Дзіна і Сэма Вінчэсцераў з серыяла “Звышнатуральнае”, альбо вампіра Эдварда і анемічнай Бэлы, ці Арагорна з Арвен, ці Шарлака Холмса з Ватсанам, ці Жалезнага Чалавека з Халкам, зялёным і няшчасным… У свой час мяне гэтая дурата проста выратавала…” Уласна я нават замілаваўся, успомніўшы маленства, натыкнуўшыся на слова “дзёдзя” (так у вёсцы ласкава звалі свіней, асабліва пры дзецях, праўда, у нас казалі “дзюдзя”). Не памятаю ўжо, калі і кім гэтае слоўца згадвалася. Сустракаюцца і шмат іншых падобных слоў-знаходак і слоў-памятак. А вось некаторых сучасных, такіх, да прыкладу,  як квэст і фанфік, у тэксце аж занадта, нераўнуючы, як спаму. Не зважаючы на дробныя суб’ектыўныя заўвагі, магу запэўніць чытача, што пачатак рамана Л. Рублеўскай захапляльны і варты ўвагі. А тое, што ён чытэльны, не выклікае сумненняў.

Вершы Людкі Сільновай лёгкія, эмацыйна-пачуццёвыя, як палёт руплівай пчалы над адцвітаючым кветнікам… Боль схаваны ўнутр метафары, вонкі – пожад жыццёвай энергіі:

 

Ўсё гэта я?.. Паэт ва ўзросце

Складаным робіцца ці простым –

Як немаўля, што, без адзення,

Увесь – адчай, увесь – здзіўленне

Перад чужой магутнай сілай?..

 

“Парыжскія казкі” Адама Глобуса – гэта змрочна-мройныя творчыя выявы мастака ў мажлівым свеце, у якім рэчаіснасць мяняецца згодна з жаданнем герояў і аўтара тэкстаў. Аднак, як папярэджвае чытачоў пісьменнік: “здавалася б, што гісторыя павінна была скончыцца добра, але ў яе сумнае заканчэнне”…

Што тычыцца вершаў Сяргея Ваганава, то, скажу шчыра, чытаць яго публіцыстычныя нарысы і эсэ мне цікавей. Тут сабраныя роздумы літаратара над пражытым – канкрэтнымі з’явамі, людзьмі, падзеямі… Ёсць і кранальна-разняволеныя строфы, скажам, у вершы, прысвечаным В. Казько:

 

І цяпнуўшы гарэлкі, сэрца зрушу, –

Няхай язык што хоча, то пляце! –

Я б цалаваў заветраную грушу,

Што на Палессі кожны год цвіце.

 

У кароткім апавяданні Паліны Сцепаненкі “Лядоўня ў кватэры № 0” слова “лядоўня” на пачатку тэкста ўжываецца столькі разоў, што здаецца, ты чытаеш, лежачы побач з тым самым гудлівым надакучным халадзільнікам (ужывём такое яго вызначэнне, каб не паўтарацца)… Не мой стыль, але сама задума цікавая, заснаваная на фактах нядаўняга часу. Найбольш адцеміўся наступны фрагмент: “У слове СУМленне адчуваецца сум. Адчуванне страты – у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Мур. Паміж зняволенымі і воляй”. Гэткая афарыстычная набіўка (тату́) нашага беларускага бясчасся…

Друкуюцца вершы берасцейца Васіля Дэбіша – шчымліва-лірычныя, зямныя, зацепленыя на шчырай сыноўняй любові да адышоўшай маці, каханай, але не заўсёды вернай жанчыны, векавечнай Бацькаўшчыны… Узнёслая песня жыццю.

Нібыта чорнай магіяй сапраўднай паэзіі павеяла ад верша “Вароны”:

 

На снезе белым – чорныя вароны.

Галгочуць. З учарашняга яшчэ…

Глядзяць на свет, нібыта шлюць праклёны

Спусцелымі палонкамі вачэй.

Пранізаны завеямі ліхімі,

Іх крылы б’юцца ў такт, як ветракі.

І добра бачна, скамянеў пад імі

Глыбокі снег. Ім хлеб даю з рукі.

Дык не бяруць. Глядзяць – нібыта судзяць –

З прамерзлых дрэў, сцяжынак і слупоў.

Нібы смяюцца: “Прыйдзе час і будзем

Мы піць нябёсы з вашых чарапоў”.

 

Навеяла настальгічную асацыяцыю з радком вядомага верша майго кіраўніка паэтычнага семінару на ВЛК расійскага паэта Ю. Кузняцова: “Я пил из черепа отца”

Жыццёва-творчыя “запісы” Аксаны Спрынчан “Разынкавая муроўка”, з якой высвечваюць і па-сапраўднаму мастацкія разынкі. Вось адзін з запісаў: “Мой двухпавярховы дом стаўся трохпавярховым, бо паміж першым і другім паверхам звілі гняздо малінаўкі. Калі б мой дом быў дасканалым, вядома ж, яны не здолелі б зладзіць гняздзечка.У недаробленым і непрыгожым закрасавала даробленае і прыгожае. У мой дом цяпер можна лятаць. Хіба гэта не падарунак Нябёсаў?!”.

Схіляе да разваг паэтычная нізка Сяргея Сцяпана. Мудрыя глыбокія вершы, напісаныя жыццёвым вопытам душы і плоці, амаль без метафар – як адлюстраванне стомленага духу:

 

Падняцца ранкам,

Каву падагрэць,

Глядзець праз шкло

На чырвань арабінаў.

І раптам

З ціхім болем зразумець,

Што ўжо жыццё

Становіцца  ўспамінам.

 

“Тутэйшыя”. Короткое содержание скачать” – так называецца апавяданне Зараславы Камінскай. Спроба разважання маладых сучаснікаў над нацыянальнай самасвядомасцю народа ды жыццёвым і творчым лёсам іх беларускага Песняра Янкі Купалы падчас універсітэцкіх іспытаў, а таксама намаганні выявіць псіхалагічны, духоўны, творчы і матэрыяльны ўмоўны падзел у жыцці паэта на пачатку сталінскіх рэпрэсій.…  І хто ж галоўны герой п’есы “Тутэйшыя” – ці не сам Янка Купала? Твор можна было б развіваць і да аб’ёму аповесці ці кароткага еўрапейскага рамана…

У рубрыцы “Дэбют” – вершы Веранікі Міхалёвай. Такая мілая натхнёная родным словам і клопатам пра лёс сваёй Айчыны патрыётка, якая шукае ўласныя рыфмы на прасторах беларускага жыцця, натыкаючыся на рыфы сучаснага дзяржаўнага беспрасвецця і народнай годнасці і цярплівасці. Прыкладна так:

 

Слёзы мае – ад нясцерпнага вечнага болю

За народ свядомы,

што свабодным даўно быць мусіў.

Я плачу за тых,

хто не дачакаліся волі.

Гэта слёзы малення.

Аб прывіднай Беларусі.

 

Аксана Данільчык прапануе чытачам свае пераклады з класічнай італьянскай паэзіі канца ХVIII – пачатку ХХ  стагоддзяў (Дж. Леапардзі, Дж. Кардучы, Дж. Паскалі, К. Мікельстэдтэр і Дз. Кампана).

Друкуецца заканчэнне кнігі падарожных эсэ паляка Рышарда Капусцінскага “Кіргіз злазіць з каня”. Гэтым разам пісьменнік выкладае нам свой погляд на апошнія савецкія гады эканамічнага і нацыянальна-духоўнага ў жыцці Туркменістана, Таджыкістана, Кіргізстана і Узбекістана. Як для таго часу, то напісана без “предубеждения” ды ідэалагічных нацяжак. Пераклад Я. Салейчука. Пры канцы хачу прывесці цытату, якая па сутнасці завяршае публікацыю. Гэта выказванне ідэолага суфісцкай дактрыны ісламу  Аль-Газалі. Яно, пэўным чынам, кладзецца і на стасункі самога аўтара эсэ з чытачом. “І няхай ведае, – папярэджваў Аль-Газалі, – што карысць, якую ён атрымае з-за памылкі свайго Шэйха, калі б той памыліўся, будзе большай, чым тая карысць, якую мог бы атрымаць ад сваёй уласнай праўды, нават калі б сапраўды меў рацыю”.

Працягваецца публікацыя “Кнігі Роду” (новай беларускай Бібліі) з заўвагамі і каментарыямі Ірыны Дубянецкай.

Нацыянальны аспект, які высноўваецца з прачытання і разважанняў над выдадзенымі біблійнымі кнігамі Францішка Скарыны. Вельмі досведны і актуальны артыкул маскоўскага (па месцы пражывання) беларускага навукоўца Аляксея Каўкі. Вучоны піша: “Нядаўна брытанскі “The Economist” прысвяціў нашаму супляменніку адмысловы артыкул з аглядам жыццятворчага шляху “беларускага Марціна Лютэра”. Скарына, у адрозненне ад нямецкага пратэстанта-рэфарматара, не зрушваў падваліны папскае царквы, аднак, гаворыцца ў артыкуле, паводле значнасці зробленага ў пашырэнні друкам свяшчэнных тэкстаў, беларускага слова, кірылічнага пісьма наогул ён павінен разглядацца “як адна з найвялікшых фігур еўрапейскай культуры”. Што сімвалічна праілюстравана помнікам Францішку з высока ўзнятай Святою Кнігай перад нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Святло незгасальнае свеціць і цемра не схавае яго. Дасюль – пачатак ХХІ стагоддзя – у Беларусі, ужо незалежна-суверэннай, па-ранейшаму моляцца “за державу нашу российскую”. Малітваў за Беларусь, Богам сцеражоную, у тутэйшых цэрквах Маскоўскай патрыярхіі пакуль не чутно”.

Літаратуразнаўца і паэт Віктар Жыбуль суправаджае пачатак публікацыі захаванай спадчыны неардынарнага і неадназначнага пісьменніка і паэта Алеся Наўроцкага.  Мне, як літаратару, гэта цікава, але напэўна далёка не кожнаму чытачу.

Следам друкуецца даволі глыбокі і ўдумлівы (адзін з лепшых, які мне давялося прачытаць) матэрыял Валерыя Назарава “Маленькая сага…” пра творчасць Янкі Брыля, а менавіта пра яго “Муштук і папку”, з паралельнымі разважаннямі над некаторымі архіўнымі тэкстамі пісьменніка. Як піша аўтар, “пісьменнік здолеў адлюстраваць у лёсе сваёй сям’і сапраўдную гісторыю народа, які быў падзелены, права якога на слова знішчалася ў зачатку, лепшыя сыны якога аказваліся ў гулагах і камерах смяротнікаў. Таму маленькая сага Я. Брыля, выкліканая паяўленнем горкай сямейнай рэліквіі, з’яўляецца сама па сабе рэліквіяй нацыянальнай”.

Удзячнае слова ў вянок памяці вядомага берасцейскага вучонага-літаратуразнаўцы Генадзя Праневіча напісаў крытык, яго літаратурны калега і таварыш Алесь Бельскі.

Ірына Саматой з Віцебска разважае над творчым плёнам рана адышоўшага з жыцця мясцовага краязнаўцы Міхася Райчонка.

Друкуецца заканчэнне манаграфіі Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі” (1871 года выдання) ў перакладзе вядомага педагога і фалькларыста Уладзіміра Васілевіча.

Завяршаецца і публікацыя ўспамінаў Ліі Салавей пра сваю мядзельшчыну 1930-х, ваенных і пачатку пасляваенных гадоў пад назвай “Гавэнды майго краю”. Займальнае, скажу вам, чытанне. Рэцэнзіяй Леаніда Галубовіча на кніжку бялыніцкага (па нараджэнні) паэта, які ўжо чвэрць веку жыве ў Японіі, Вячаслава Казакевіча “За мной придет Единорог” і кароткай анатацыйнай рубрыкай “Дзеяпіс” загортваецца апошняя старонка часопіса.

Далучайцеся да беларускага.

 

ЛеГал

 

Будзьма з «Дзеясловам»!

 

Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі і спраўна атрымліваць яго шэсць разоў на год.

Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,

для ведамаснай падпіскі — 748132.

comments powered by HyperComments