…самы страшны страх –
той, што мы прыдумалі…

— Барыс Пятровіч

Канцэпцыя Вялікага злодзея
Новае прачытанне раманаў “Злачынства і пакаранне” Фёдара Дастаеўскага і “Пошукі будучыні” Кузьмы Чорнага

Ніводная нацыянальная культура не існуе ізалявана, ва ўсёй сваёй самабытнасці яна так ці інакш жыве і развіваецца ў рэчышчы сусветнай культуры, з’яўляецца яе неаддзельнай часткай. Менавіта таму для гэтай работы была абраная форма параўнання: яна дазволіць нам вывесці сваё, беларускае, на ўзровень сусветнага, выявіць асаблівасці паасобнага і прасачыць у ім рысы агульнага. Чаму гаворка пойдзе менавіта пра Кузьму Чорнага і Фёдара Дастаеўскага? На наш погляд, менавіта Кузьма Чорны быў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, які зрабіў спробу зірнуць на агульначалавечае праз прызму нацыянальнага, а шукаць адпаведны яму сусветны кантэкст падаецца лагічным у творчасці найбольш блізкага яму – па светапоглядзе і творчым метадзе – пісьменніка, якім і з’яўляецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі.

З чаго пачаць размову пра агульначалавечае? Бясспрэчна, з пытання, на якім будуецца ўспрыманне чалавекам сусвету: што ёсць дабром і злом у нашым жыцці і адкуль яно паходзіць, як уплывае на свет? Раманы “Злачынства і пакаранне” Ф.М. Дастаеўскага і “Пошукі будучыні” Кузьмы Чорнага і былі спробай стварэння аўтарскай канцэпцыі сусветнага зла (у Чорнага яна ўвасабляецца ў вобразе няўлоўнага Вялікага злодзея) і разгляду механізмаў яго функцыянавання.

Каб лягчэй было назіраць за працэсам стварэння вобраза Вялікага злодзея ў абодвух творах, давайце паглядзім, па якой схеме гэта будзе адбывацца.

Усё пачынаецца з таго, што кожны герой твора надзяляецца пэўнай ідэяй, якая знаходзіць падабенства ў ідэях адных герояў і адрозненне ў ідэях іншых. Так фарміруецца сістэма герояў: яна складаецца з груп герояў-двайнікоў і герояў-апанентаў, дзе, суадносна, ідэі аб’ядноўваюцца пад адной, больш агульнай, выяўляюць сваё паходжанне і сутыкаюцца, параўноўваюцца. У выніку гэтага параўнання вызначаецца, якая з ідэй найбольш чалавечная. Назавём праверку ідэі на чалавечнасць яе выпрабаваннем.

Выпрабоўваецца і сам герой. Ці здатны ён адчуць і праявіць спагаду? Ці здольны прыслухацца да голасу сумлення і адмовіцца ад бесчалавечнай ідэі? Ці хопіць у яго сілы ўтрымацца ад спакусы вярнуцца да бесчалавечнасці, застацца верным ідэі чалавечнай? Калі герой годна вытрывае ўсе этапы выпрабавання (чалавечнасцю, сумленнем, спакусай), пацвердзіць трываласць сваёй чалавечнасці, то атрымае права на будучыню.

 

Сцвярджэнне і разгляд ідэі. Двайнікі

У першай групе герояў-двайнікоў рамана “Злачынства і пакаранне” аб’ядноўваюцца ідэі Радзівона Раскольнікава, Аркадзя Свідрыгайлава і Пятра Лужына. Для ўсіх трох герояў мэта апраўдвае сродкі, але для кожнага з іх гэтая мэта ўяўляецца па-рознаму.

Першапачаткова ідэя Раскольнікава прадугледжвала дапамогу іншым. Расколь­нікаў, як чалавек, які надзвычай востра адчувае чужы боль, імкнецца да імгненнай дапамогі. Калі яго сястры, Дуні Раскольнікавай, пагражае шлюб з падступным Пятром Лужыным, герой прагне “абавязкова штосьці зрабіць, і зараз жа, як найхутчэй, хоць сканаць, а наважыцца хаця б на нешта”. Гэтым “нечым” для героя робіцца забойства: ён гатовы забіць і Лужына, і Свідрыгайлава – усіх, хто толькі наважыцца пагражаць яго сястры. Забойства становіцца для яго дабрачыннасцю пры ўмове, што яно ўчыняецца дзеля іншых. Так нараджаецца арыфметычная тэорыя Раскольнікава – “адна смерць – і сто жыццяў замест”.

Хаця Аркадзь Свідрыгайлаў і сцвярджае, што яму, “дапраўды, не адно ж толькі гвалт чыніць”, годнай мэтай для яго збольшага застаецца ўласная ўцеха. Таму і дапамога як такая часцей за ўсё накіроўваецца ім найперш на задавальненне нейкіх сваіх задум. Так, у абмен на грашовую дапамогу ён прапануе Дуні зрабіцца яго каханкай і з’ехаць з ім за мяжу. Пётр Пятровіч Лужын, у сваю чаргу, не бачыць нічога вартага ні ў чым, акрамя сябе. “Любі перадусім аднаго сябе, бо ўсё на гэтым свеце на ўласнай карысці засноўваецца”– вось ідэя, паводле якой жыве гэты герой. Дапамагаючы сабе, на думку Лужына, чалавек дапамагае ўсяму грамадству, бо стварае такім чынам “агульны дабрабыт”. Менавіта з гэтага “агульнага дабрабыту” і павінен атрымліваць карысць той, хто жыве ў нястачы, а не з “паасобных шчодрасцей”, як Лужын называе дабрачыннасць.

Але трэба прыгледзецца да гэтых ідэй больш пільна: тады гэтыя прыгожыя матэматычныя схемы выявяць унутры сябе нешта большае, страшнейшае.

“Адна смерць – і сто жыццяў замест”. Забі злога чалавека – і вызваліш свет ад таго зла, якое ён у гэты свет прыносіць. Але ж забойства – ненатуральная справа для чалавека, бо сумленне, прыродай закладзенае ў кожным з нас, альбо не дасць здзейсніць злачынства, альбо не дасць вытрываць асэнсавання здзейсненага. Таму, каб атрымаць магчымасць “імгненна дапамагаць”, трэба пазбавіцца сумлення, ці “пераступіць”, як называе гэта сам Раскольнікаў. Тут і ўступае ў гульню другая яго тэорыя. Паводле здольнасці не падпарадкоўвацца законам сумлення Раскольнікаў падзяляе людзей на два разрады: “істот дрыжачых” і тых, хто “права мае”. Вось, як герой фармулюе сваю тэорыю:

“Першы разрад, то-бок матэрыял, агулам кажучы, людзі па натуры сваёй кансерватыўныя, прыстойныя, жывуць у падпарадкаванні і любяць падпарадкоўвацца. Па-мойму, яны абавязаны падпарадкоўвацца, бо гэта іх прызначэнне, і тут анічога ганебнага для іх няма. Другі разрад, усе пераступаюць закон… збольшага яны патрабуюць, у досыць разнастайных праявах, знішчэння існага на карысць лепшага. Але ж калі яму трэба, для сваёй мэты, пераступіць хаця б і праз труп, праз кроў, то ён унутры сябе, па сумленні, можа даць сабе дазвол пераступіць праз кроў, – гледзячы, аднак, па ідэі і па маштабах яе, – гэта заўважце”.

Гаворачы пра першы разрад людзей, Раскольнікаў таксама зазначае, што калі яны зробяць спробу “пераступіць”, то ніяк не вытрымаюць свайго ўчынку і “самі сябе адлупцуюць, бо надта добрае выхаванне маюць”, то-бок занадта залежаць ад абмежаванняў сумлення, каб быць здатнымі на нешта незвычайнае.

Такім чынам, забойства старой мусіла стаць першым крокам на шляху да атрымання права неабмежаваных магчымасцей рабіць “імгненнае дабро”. Менавіта таму герой і кажа сястры Дуні, што “каб дапамагаць, трэба спачатку права такое мець”. Але скрадзеныя грошы, якія Раскольнікаў меўся патраціць на гэты першы крок, ледзь не аказваюцца ў вадзе! Герой і сам гэтаму здзіўляецца, не можа цалкам сабе патлумачыць. Пазней, спавядаючыся Сонечцы і спрабуючы абгрунтаваць матывы свайго злачынства, Раскольнікаў нарэшце спасцігне прычыну такіх паводзінаў:

“– А сапраўды, – сказаў ён, нібы здагадаўшыся, – гэта ж так і было! Вось як: я хацеў Напалеонам зрабіцца, таму і забіў… Мне трэба было высветліць і хутчэй высветліць, ці вош я, як усе, ці чалавек? Здолею я пераступіць ці не здолею? Істота я дрыжачая або права маю”.

Ідэя героя незаўважна для яго самога муціруе, і на момант здзяйснення забойства ўнутры Раскольнікава ўжо адбываецца падмена паняццяў: тое, што мелася здзяйсняцца як подзвіг, як дабрачыннасць, робіцца дзеля атрымання ўлады, дзеля ўзвышэння сябе над іншымі пры дапамозе забойства.

Ідэі двайнікоў героя таксама ўрэшце зводзяцца да ўзвышэння. Свідрыгайлаў спаталяе свае жаданні, карыстаючыся ўзроставай перавагай над маладымі дзяўчынамі, – узвышаецца над іншымі за кошт сілы. Але мацней за ўсіх прагне ўзвышэння Лужын. Вось што ён кажа пра жаніцьбу з Дуняй:

“Ён атрымліваў нават болей, чым яму марылася: трапілася дзяўчына гордая, натурыстая, цнатлівая, выхаваннем і развіццём вышэйшая за яго (ён гэта адчуваў), і такое стварэнне будзе па-рабску ўдзячным яму ўсё жыццё за яго подзвіг і пабожна знішчыцца перад ім, а ён ужо будзе бязмежна і суцэльна ўладарыць”.

“Па-рабску”, “знішчыцца”, “уладарыць” – які трапны выбар слоў! Усё робіцца зразумела і без тлумачэння.

У рамане “Пошукі будучыні” носьбітамі ідэі ўзвышэння з’яўляюцца Густаў Шрэдэр, граф Паліводскі і Люцыян Акаловіч.

Кожны герой звязвае сваю будучыню з пошукам дому. Нямецкі салдат Густаў Шрэдэр у лісце да сваіх родных узгадвае іх сямейную мару – “з арандатараў чужой зямлі зрабіцца ўласнікамі”. Граф Паліводскі, які страціў бацькоўскі дом і ўсе свае маёнткі пасля рэвалюцыі 1917, марыць вярнуцца ва Усходнюю Беларусь і “зноў зрабіцца графам і ўласнікам маёнткаў”. Люцыян Акаловіч, якому бацька “прышчапіў” ідэю пра пашырэнне Польшчы на ўсход, прагне вярнуць сям’і страчаную некалі зямлю пад Бабруйскам. Але што значыць для герояў гэты дом і якімі сродкамі яны яго шукаюць? Густаў Шрэдэр хоча стаць УЛАСнікам – атрымаць УЛАДу над зямлёй і, магчыма, людзьмі, якія на ёй жывуць, а адзіным прыдатным для гэтага сродкам ён бачыць рабаванне чужога краю. “Можа, я здолею зноў здабыць тут табе тваё, любы мой Густаў”, – піша немец сыну ў лісце. Граф Паліводскі, які ніколі сваіх зямель і не бачыў, а толькі “браў з іх чысты прыбытак”, смуткуе не столькі па страце дому як месца, на якім ён быў шчаслівы, як па колькасці дамоў, колькасці МАЁнткаў, якія пацвярджалі яго тытул і ўзвышалі над ненавіснымі мужыкамі. Люцыян Акаловіч старанна не заўважае шчасця, якое мае на роднай зямлі. Ён жадае большага, таго, што, зусім як граф Паліводскі, ніколі ў жыцці не бачыў. Разам з бацькам ён смяецца са слова Беларусь і ненавідзіць усё, што не польскае. Яго мара – узвышэнне польскай нацыі над усімі іншымі ці хаця б над той, якая жыве замест яго пад Бабруйскам. Урэшце ідэі ўсіх трох герояў-двайнікоў зводзяцца да ўзвышэння, таму зусім не выпадкова яны знойдуць пасля “адлюстраванне сваіх асабістых думак” у вучэнні фюрара. Вучэнне гэтае агучвае ў рамане галоўны двайнік Густава Шрэдэра – яго сын Густаў Шрэдэр-малодшы:

“На гэтай зямлі жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. Яны створаны, каб быць слугамі. Павесь над іхнімі галавамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа зарубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усёй светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад імі паддаўся парыву радасці… Ты да таго быў страціў сваю нямецкасць, што аддаў ім здабытае на вайне. Чаму? А толькі з-за таго, што заварушылася душа. Германію зробіш вялікай не душой, а жалезам”.

Шрэдэры прыйшлі ўладарыць над “казюлямі з нявольніцкай псіхалогіяй” – Раскольнікаў “толькі вош забіў, бескарысную, брыдкую, шкодную”; “казюлі” Шрэдэра створаны, каб быць слугамі, каб падпарадкоўвацца – “істоты” Раскольнікава “любяць падпарадкоўвацца, бо гэта іх прызначэнне”; казюлі будуць лізаць боты таму, хто павесіў над імі меч – “істоты” “самі сябе адлупцуць” за непадпарадкаванне закону і, больш за тое, ставяць сваіх катаў “на п’едэстал і ім пакланяюцца”. Падабенства ідэй двух раманаў відавочнае. Тэарэтычныя меркаванні Раскольнікава прыводзяцца ў дзеянне менш як праз стагоддзе пасля іх стварэння. Мэта жыцця – узвышэнне за кошт сваёй сілы, а бескарысліва аддаваць і адчуваць “добрыя пачуцці” – злачынства.

Зусім іншы светапогляд маюць Соня Мармеладава і Дуня Раскольнікава. Абедзве жанчыны згаджаюцца прыняць на сябе пакуты дзеля выратавання сваіх блізкіх: Соня, абцяжараная ганьбай, не раз думае пра самагубства, але адмаўляецца ад гэтага ўчынку, каб не пакінуць без падтрымкі сям’ю; Дуня гатовая пайсці замуж за агіднага ёй чалавека, Пятра Лужына, дзеля таго, каб забяспечыць добрую будучыню свайму ўлюбёнаму брату. “Яна цябе больш за сябе саму любіць”, – піша маці Радзівону пра Дуню. “Мы адно, заАДНО жывём!” – кажа Соня пра сваю сям’ю. У адрозненне ад першай ідэі рамана, тут няма месца ўласнай карысці, уласнаму ўзвышэнню, бо вышэйшая каштоўнасць для гэтых жанчын не яны самі – іх “мілыя, любімыя людзі”. Для іх аддаваць – не злачынства, а любоў.

Падобныя ідэі мы назіраем у другой групе герояў “Пошукаў будучыні”. Кастусь Лукашэвіч, стары Нявада і Сымон Ракуцька, як і іх ідэйныя апаненты, звязваюць будучыню з домам. Усе яны выгнаннікі: сям’ю Лукашэвіча і Сымона Ракуцькі “выгнала ў свет” Першая сусветная вайна, стары Нявада быў вымушаны пакінуць родныя Сумлічы, каб далучыцца да салдат расійскай арміі. Як носьбіты беларускага нацыянальнага характару, героі маюць паталагічны страх дарогі і выгнанніцтва, ім абавязкова трэба за нешта зачапіцца, да чагосьці прымацавацца. Кастусь ратуецца ад беспрытульнасці, дапамагаючы Волечцы, Нявада дзівіцца з Паліводскага, бо “як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца”. Але калі героі першай групы атаясамліваюць дом з маёмасцю, з узбагачэннем, з узвышэннем над іншымі, то дом і гаспадарка не маюць сэнсу для герояў другой групы без людзей, дзеля якіх яны апрацоўваюць зямлю і “даводзяць да дасканаласці сваю дамоўку”. Вяртанне дадому, пад Вілейку, губляе для Кастуся сэнс, бо родныя мясціны звязваліся ў яго ўяўленнях з нябожчыкам-бацькам. А якое трапяткое яго стаўленне да Волечкі! Чаму хлопчык так баіцца за маленькую гаспадыню, калі яна хварэе? Бо страшна страціць яе: у ёй увесь сэнс Кастусёвага існавання. Дзеля яе ён “і клён пасадзіў, і поле ад дзікай травы ратаваў”. Для Нявады “без Волечкі і без шыпшыны няма і роднай бацькаўшчыны”. Што ж Сымон Ракуцька? “Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькі зноў звіць сабе гняздо, як ён скіне цяжар свой”. Новы дом пабудаваны, а спакой у душу не вяртаецца, бо сэнс не ў тым, каб есці хлеб, а ў тым, каб есці яго разам з улюбёнымі дзецьмі, пра якіх ён думае кожную хвіліну, у клопаце пра якіх – няхай і марным, незаўважным праз адлегласць! – ён знаходзіць псіхалагічны паратунак.

Паказальны для герояў і сродак дасягнення жаданай будучыні: не забраць, не “знайсці тут табе тваё”, а адбудоўваць свой дом зноў і зноў, колькі б разоў іх не выганялі з іх родных мясцін.

Як Дастаеўскі надзяляе ідэяй любові жаночыя вобразы, так і Чорны абагульняе сваіх чалавечных герояў пад вобразам дзяўчынкі – маленькай Волечкі Нявады. У душы Волечкі “многа месца для чужой бяды”, у яе гаспадарскай клапатлівасці нібыта ўвасобілася ўся спагада гэтага свету.

Цяпер мы ведаем, на якіх дзвюх магістральных ідэях будуюцца раманы: гэта ідэі ўзвышэння і любові. Але ж якая з іх самая чалавечная? Якім бы відавочным ні здаваўся адказ, пойдзем за самімі аўтарамі, бо для абодвух пісьменнікаў надзвычай важна, каб чалавечнасць перамагла ў роўным баі.

 

Выпрабаванне ідэі. Героі-апаненты

Радзівон Раскольнікаў – герой двухмерны, дзве супрацьлеглыя ідэі вядуць унутры яго барацьбу. Таму выпрабаванне яго ідэі будзе адбывацца не толькі на ўзроўні яго сутыкнення з героем-апанентам – Соняй Мармеладавай, але і на ўзроўні герояў-двайнікоў. Раскольнікаў атрымае магчымасць паглядзець на варыяцыі сваёй ідэі збоку і выявіць сваё да іх стаўленне.

Ідэя Раскольнікава – падзел чалавецтва, ўлада “над кожнай мізэрнай пачварай, над цэлым мурашнікам” – сутыкаецца з непахіснай ідэяй Соні пра суцэльнасць свету (дзяўчына “заадно” з сям’ёй – значыць, яны адзіныя, непадзельныя). Раскольнікава здзіўляе: як Соня здолела захаваць чысціню душы ў такіх бесчалавечных, брудных умовах? Ён адразу ж дае сабе адказ на сваё пытанне, але не асэнсоўвае яго да канца і таму лічыць Соню вар’яткай. “Ад канавы яе ўтрымлівала думка пра грэх і яны, тыя” – Соніну душу падтрымлівае любоў да блізкіх і цвёрдая сістэма каштоўнасцей, стрыжнем якой з’яўляецца Бог, які па сутнасці і ёсць сумленне, якое так перашкаджае Радзівону. Пакуты Раскольнікава вынікаюць з яго прагі вырашаць, каму жыць, а каму паміраць. Героя абцяжарвае не столькі нават сам факт забойства, колькі асэнсаванне ўсёй жорсткасці яго матываў – Раскольнікава гняце яго ўласная ідэя: “Калі б я зарэзаў адно праз тое, што галодным быў, дык я б цяпер шчаслівы быў! Ведай ты гэта!” Соня ж на прапанову Раскольнікава вырашыць, “ці Лужыну жыць ды мярзоты чыніць, ці паміраць Кацярыне Іванаўне” адказвае, што не мае на гэта права. Дакладнае размежаванне добрага і злога, чысціня сумлення, жыццё дзеля іншых – усё гэта хаця б часткова захоўвае жыццё Соні і яе блізкіх. Да таго ж яе бясконцая любоў да бліжняга выратоўвае Раскольнікава: у яго злачынстве Соня бачыць найперш трагедыю яго ўласнай душы (“Што гэта вы над сабой учынілі!” – скажа Соня, калі даведаецца, хто забойца). Раскольнікаў, які зрабіў спробу пераступіць праз кроў і сумленне дзеля ўласнага ўзвышэння, пакрысе сам вар’яцее, разбурае сябе несупыннай барацьбой супрацьлегласцей, забірае жыццё ў іншых людзей, прымушае пакутаваць сястру і маці. Выпрабаванне чалавечнасцю вытрымлівае ідэя Соні.

Часткова апанентамі Раскольнікава з’яўляюцца і Лужын са Свідрыгайлавым. На ідэю Лужына “любі перадусім аднаго сябе” Раскольнікаў рэагуе вельмі дзіўным чынам: “А давядзіце да наступстваў, што вы кагадзе прапаведавалі, і атрымаецца, што людзей можна рэзаць!” Раскольнікаў адмаўляе забойства дзеля высокай мэты і супярэчыць гэтым сам сабе. Жахлівай падаецца для Раскольнікава і перспектыва жаніцьбы старога Свідрыгайлава і маленькай шаснаццацігадовай дзяўчынкі. У Свідрыгайлаве, да якога героя так містычна цягнула нейкая сіла, Раскольнікаў пераконваецца “як у самым пустым і нікчэмным злачынцы ў свеце”.

Крах ідэй Лужына і Свідрыгайлава адбываецца за кошт іх сутыкнення з Дуняй Раскольнікавай. Супрацьстанне Лужына і Дуні яскрава бачна па іх стаўленні да Соні Мармеладавай: у пагардзе Лужына, што хутка робіць высновы, нічога не ведаючы пра чалавека, і ў спагадзе і мудрасці Дуні, што, нягледзячы на плёткі, не грэбуе ёй пакланіцца. Узвышэнне над іншымі сутыкаецца з перакананасцю ў роўнасці ўсіх людзей на свеце – і прайграе. Дуня выганяе Лужына і гэтым даводзіць неспалучальнасць яго ідэі з жыццём. Крах свідрыгайлаўскай ідэі звязаны са стаўленнем герояў да дапамогі. Дуня гатовая аддаць апошнія грошы брату, хаця б гэта асуджала яе на пакуты ў доме Свідрыгайлавых. Сам жа Свідрыгайлаў можа прапанаваць Дуні дапамагчы яе брату выратавацца ад Сібіры толькі пры ўмове, што яна ў адказ застанецца з ім. Ідэя бескарыслівай дапамогі перамагае ідэю ўзаемнай выгоды. Выпрабаванне чалавечнасцю вытрымлівае ідэя Дуні.

Самымі першымі ў рамане Кузьмы Чорнага выпрабоўваюцца ідэі Густава Шрэдэра і Волечкі Нявады. Шрэдэр падзяляе ўсіх людзей на сваіх і чужых, ён упэўнены, што на чужой зямлі да яго не паставяцца літасціва. “Побач са смерцю стаяць каля мяне чужыя людзі”, – піша ён у хваробе свайму сыну. Волечка Нявада, збянтэжаная прысутнасцю чужых людзей у яе хаце, усё адно варыць вячэру “ўсім нам”. І адбываецца цуд! Гэтыя “так непадобныя адзін на другога людзі” на кароткі момант робяцца адзіным цэлым, аб’яднаныя адной вячэрай, адным сталом, адным кароткім словам – “нам”. Для Шрэдэра добрыя пачуцці – злачынства, для Волечкі спагада – натуральная і неаддзельная частка яе душы. Менавіта таму яна поіць свайго хворага ворага не проста з лыжкі – з лыжачкі, а з расповеду фельчара пра скрадзенае немцам золата выносіць толькі адну выснову: “Божа, што той немец перажыў, як ён мучыўся!” Ідэя Волечкі вытрымлівае выпрабаванне чалавечнасцю, і гераіня будзе ўзнагароджана за гэта жыццём: пазней, ужо пасталеўшы, яна атрымае сваю будучыню – народзіць дзіця.

Ідэя графа Паліводскага выпрабоўваецца ў сутыкненні з Сымонам Ракуцькам. Галоўнай сваёй перавагай граф бачыць багацце і тытул. Сымон Ракуцька ж разумее, што ўлада страчвае сваю значнасць перад тварам смерці. Граф Паліводскі ўпэўнены, што дапамога магчымая толькі пры ўмове атрымання за яе ўзнагароды, таму і абяцае Ракуцьку золата за выратаванне. Але ж Сымон Ракуцька робіць дабро проста таму, што для яго натуральна дапамагаць іншым. Як і Волечка Нявада, ён не думаў пра тое, што ў яго доме жыў вораг: ён проста “аддаваў усё, што меў”, чалавеку, які застаўся без здароўя і прытулку.

Сымон Ракуцька праяўляе спагаду і ратуе чужое жыццё, таму лёс узнагароджвае яго будучыняй: у яго нараджаюцца дзеці. Прыходзіць савецка-польская вайна, і такія ж паліводскія выганяюць Ракуцьку з яго хаты, пазбаўляюць яго гармоніі і нанова здабытай будучыні – трэцяе дзіця Сымона Ракуцькі нараджаецца мёртвым. Як бачна, ідэя Паліводскага, у адрозненне ад ідэі Ракуцькі, не праходзіць выпрабавання на чалавечнасць.

Але ж сапраўдны крах ідэі Паліводскага адбудзецца напрыканцы рамана ў сутыкненні з ідэяй старога Нявады. У спробе вызваліць унучку з канцлагера Нявада прыносіць графу яго фамільнае золата, страчанае яшчэ на першай вайне. І Паліводскі, які ўсё жыццё “пражыў адзін, без сям’і і без дзяцей”, усведамляе бессэнсоўнасць шматгадовых пошукаў будучыні. У той час як Нявада радаваўся жыццю на сваім кавалачку зямлі і гадаваў сваю будучыню, унучку, Паліводскі ў сваім імкненні вярнуць дзедаўскія маёнткі жыў у выгнанніцтве на нямецкай зямлі. А фамільнае золата? Герой прагнуў вярнуць не памяць пра продкаў, а пацверджанне свайго тытула – свайго ўзвышэння над іншымі. Які сэнс цяпер ад гэтага золата, калі жыццё мінула і тытул няма каму перадаць? Жыццё Паліводскага “пражыта чорт ведае як… І нічога не ўдалося”.

Люцыян Акаловіч спадзяецца знайсці сваю будучыню, “трымаючыся за абцас нямецкага бота”. Смерць і слёзы, якія абвяшчаюць пачатак вайны з немцамі, узнімаюць Акаловічаў настрой, бо ён шчыра верыць у магчымасць адраджэння Польшчы з дапамогай германскай жорсткасці. Але ж, як сказаў Акаловічаў ідэйны апанент Сымон Ракуцька,“як свет стаіць, то яшчэ не было вядома, каб на нянавісці вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе”. Ідэя Акаловіча не праходзіць выпрабавання і атрымлівае адпаведную “ўзнагароду”, адпаведную будучыню, падрыхтаваную для героя: забітых бацькоў, выгнанніцтва і знішчаную Радзіму.

Такім чынам, ідэя любові перамагае ідэю ўзвышэння. Ці значыць гэта, што носьбіты бесчалавечных ідэй асуджаны на немінучы крах, на смерць? Было б несправядліва чакаць бязлітаснасці ад такіх вялікіх чалавекалюбцаў, як Чорны і Дастаеўскі. Наперадзе ў герояў самая адказная частка – магчымасць зразумець сваю памылку, адмовіцца ад бесчалавечнасці і атрымаць новае жыццё, перарадзіцца.

 

Выпрабаванне героя

У выпрабаванні Раскольнікава важнае месца займае адна адметная мастацкая дэталь – кашмарныя сны. Сумленне і сон Дастаеўскі ўзгадвае ў сваіх чарнавіках у адным кантэксце:

“Ці ёсць закон прыроды, якога мы не ведаем і які крычыць у нас. Сон”.

Як крычыць чалавек чалавеку, перасцерагаючы пра небяспеку, так і сумленне крычыць нам, папярэджваючы пра небяспечнасць нашых дзеянняў, і сон, як люстэрка чалавечай падсвядомасці, робіцца каналам для перадачы гэтага самага крыку… Прыгожая, а галоўнае трапная канцэпцыя! Нездарма Дастаеўскі пераносіць яе ў раман: у першым кашмары, які сніць пасля забойства Раскольнікаў, герой нібы прачынаецца менавіта ад крыку.

Адным з найбольш знакавых сноў Раскольнікава з’яўляецца сон пра забітую кабылку. Герой сніць жахлівае забойства жывёліны раз’юшанымі мужыкамі напярэдадні свайго ўласнага злачынства і – перараджаецца! Нарэшце герой усведамляе неспалучальнасць сваёй натуры з тэорыяй, пад якую ён так старанна сябе ламае і, самае галоўнае, адмаўляецца ад сваёй ідэі: “Божа, – маліў ён, – пакажы мне шлях мой, а я зракаюся гэтай праклятай… мары маёй!” Але выпрабаванне не скончылася: па дарозе дадому ён выпадкова даведваецца пра дакладны час, калі старая будзе дома адна. Адмовіцца ад такой зручнай магчымасці не стае сілы – герой вяртаецца да бесчалавечнай ідэі і ідзе на забойства. Выпрабавання спакусай ён не вытрымлівае, таму праверка працягваецца. Герой увесь час сутыкаецца з чужымі пакутамі – жыццё дае яму магчымасць праявіць спагаду, бескарысліва дапамагчы. І душа героя, што насамрэч востра адчувае чужы боль, увесь час спрацоўвае раней за розум: на працягу рамана Раскольнікаў аддае іншым апошнія грошы (пры першай сустрэчы з Мармеладавым, ратуючы п’яную дзяўчынку на вуліцы). Уплывае і адчуванне спагады з боку Соні: яе бязмежная, невытлумачальная нават любоў размякчае душу героя, і гэта ўрэшце прыносіць плён. Раскольнікаў не проста расказвае Соні пра тое, хто забіў Лізавету – ён просіць прабачэня. Раскольнікаў – няхай пакуль і падсвядома, на ўзроўні пачуцця – пакаяўся, адмовіўся ад сваёй ідэі, а значыць – прайшоў выпрабаванне.

Вельмі падобную схему мае выпрабаванне Свідрыгайлава. Ён гэтаксама прахо­дзіць праз выпрабаванне сумленнем – пакутуе ад “крыку закона прыроды”: чаго вартыя адны прывіды яго нябожчыцы-жонкі, Марфы Пятроўны, нябожчыка-слугі, якога ён быццам бы загубіў сваёю жорсткасцю. Герой здатны на спагаду, інакш бы ён не дапамагаў дзецям Кацярыны Іванаўны. Але ж ён не вытрымлівае самага галоўнага этапу выпрабавання чалавечнасцю: ён хоча дабіцца любові сілай. На апошняй сустрэчы з Дуняй Раскольнікавай Свідрыгайлаў зноў карыстаецца сілавой перавагай, сілавым узвышэннем: гвалтоўна затрымлівае Дуню ў сваёй кватэры з намерам не выпускаць дзяўчыну да таго моманту, пакуль яна не згодзіцца. На жаль, выпрабавання герой не праходзіць. Адмаўленне ад ідэі адбудзецца занадта позна, ужо пасля краху героя, у адным з кашмарных сноў, якія герой будзе сніць напярэдадні самагубства. Гэта сон пра баламутную пяцігадовую дзяўчынку.

Пётр Пятровіч Лужын аказваецца самым безнадзейным з усіх герояў. Жыццё дае яму магчымасць здзейсніць сапраўднае дабро – бескарысліва дапамагчы Соні пасля таго, як яго выгнала Дуня. Аднак тое, што спачатку выглядае як дапамога, аказваецца падступствам. Што ж да сумлення, то Лужын яго проста не мае. Герой нават не задумваецца, што робіць нешта няправільна, таму і не пакутуе ад гэтага. Прыгадаем думкі Раскольнікава пра тых, хто “права мае”:

“Я, нарэшце, даўмеўся, што не толькі яго [Напалеона] не абурыла б, але нават і да галавы б яму не прыйшло, што гэта не манументальна… І нават не зразумеў бы ён зусім: а што тут абурацца? І калі б ужо не было яму іншага выйсця, дык задушыў бы [старую] так, што не даў бы і пікнуць, без усялякіх сумневаў”.

Сапраўдны Напалеон, сапраўдны тыран не пакутуе ад сумлення не таму, што ён яго пераступіў, а таму, што ён яго не мае ў прынцыпе. І Лужын падыходзіць пад гэта азначэнне як найлепш.

Вернемся да герояў рамана “Пошукі будучыні”.

Густаў Шрэдэр-старэйшы ў самым пачатку рамана сутыкаецца з чалавечай спагадай. Клопат маленькай, але чужой дзяўчынкі так моцна ўражвае героя, што ён перараджаецца, здзяйсняе ўчынак, які цалкам супярэчыць яго ідэі – аддае нарабаваны для маёнтка скарб, золата Паліводскага. Герой адмаўляецца ад ідэі ўзвышэння, бо разумее: “Ён уладар свету, бо ўжо зноў ходзіць па зямлі і трох­дзёнае яго змрочнае ўтрапенне мінулася навек. А ўсё золата, якое ёсць на свеце, – нікчэмная драбяза і непатрэбшчына перад самім жыццём”.

Але наступны этап, выпрабаванне спакусай, пацвярджае, што гэты досвед не ўкараніўся ў душы героя. Шмат у чым пад уплывам жонкі і сына Густаў Шрэдэр адмаўляецца ад знойдзенай у душы здольнасці да спагады, праклінае колішні свой душэўны парыў – і далучаецца да ідэі Гітлера. Але ж і гэты выбар не праходзіць для героя бясследна. Мы даведваемся, што нават праз два дзясяткі гадоў Шрэдэр працягвае бачыць вялікую таполю каля Сумліч у кашмарных снах. Дрэва, што змагаецца з навакольным светам за сваё ПАТОМства, сваю будучыню, нібы сімвалізуе сабой той край, насенне якога Шрэдэр стаптаў, прыйшоўшы аднойчы на яго з вайной. Відаць, закон прыроды ўсё ж такі крычыць і ў Шрэдэры, але ён сам не прыслухоўваецца да гэтага “крыку”, не робіць з яго высноў, таму і не праходзіць выпрабаваня сумленнем.

Сустракае чалавечнасць і граф Паліводскі: усе мы памятаем, як Сымон Ракуцька даў яму прытулак у сваім доме падчас першай вайны. Але ж, у адрозненне ад папярэдняга героя, цудоўнае збавенне нічога не зрушвае ў душы графа. Замест радасці жыцця, яго точыць “страшная думка”: ён больш не мае золата з каменнямі. Герой не толькі не рэагуе на спагаду, якую праявілі да яго, ён не праяўляе яе і сам. Замест таго, каб падзякаваць свайму збавіцелю хаця б шчырым словам, ён абражае яго і крадзе яго адзіную дапамогу ў гаспадарцы – худзенькую кабылку. Выпрабаванне не пройдзенае. Нездарма Сымон Ракуцька кажа графу, што ён горнецца да таго, каб мець “толькі маёнткі, а не душу”.

Сімвалічны характар у выпрабаванні Люцыяна Акаловіча носіць яго з’яўленне ў творы. Суддзёй герою выступае Нявада. Стары падсвядома звязвае тых, хто крадзе будучыню ў таполі, з Вялікім злодзеем, які ўкраў у яго маленства дачкі. З чым перадусім прыходзіць Акаловіч у твор? Са “здаравенным абцасам”, які стаптаў маленькае дрэўца. Прадчуванне не падводзіць Няваду: Акаловіч напраўду аказваецца Вялікім злодзеем, а значыць і не праходзіць выпрабавання. Люцыяна Акаловіча таксама не абмінае магчымасць паспытаць чалавечай спагады. Шчырая размова з Ракуцькамі ў лесе, іх чалавечнасць і добрыя словы выклікаюць у героя пачуццё ўдзячнасці. І вось ужо герой зусім блізка падышоў да свайго перараджэння:

“Мне сёння лягчэй. І на душы лягчэй, калі я скінуў з яе камень гаворкаю з вамі”, – скажа Акаловіч Ракуцькам.

Але за гэтую палёгку герой адкажа ўкрадзеным у збавіцеляў хлебам і ўцёкамі без якога-кольвек слова ўдзячнасці. Да таго ж Люцыян Акаловіч не здатны ўсвядоміць сваю памылку. Уласную віну за выгнанніцтва ён перакладае на Паліводскага, што прыводзіць яго да чарговага злачынства – забойства чалавека. Выпрабаванняў ён не праходзіць і права на далейшае існаванне не атрымлівае.

Выпрабаванне чакае і герояў-носьбітаў чалавечных ідэй. Жыццё ставіць іх у такое становішча, дзе выбар учынку, які супярэчыць іх перакананням, можа быць апраўданым. Раскольнікаў правакуе Соню жорсткімі песімістычнымі пытаннямі – “Кацярына Іванаўна вас ледзь не біла?”, “А што як вас у шпіталь звязуць?”, “Дык можа і Бога зусім няма?”, – імкнецца паўздзейнічаць на яе крыўду, распаліць і ў ёй гэты індывідуалісцкі бунт. Але Сонечка застаецца непахіснай, яна хутчэй саму сябе абвінаваціць у жорсткасці, чым Кацярыну Іванаўну. Выпрабаваннем Дунечкі становіцца яе спроба забіць Свідрыгалава. Гераіня стаіць перад чалавекам, які прынёс ёй безліч абраз, пакут, прыніжэння, страхаў, і ведае, што можа зараз лёгка і дакладна яго забіць. Чаму б не? Яна мае на гэта права: так яна пазбавіла б свет не проста ад свайго крыўдзіцеля – ад страшнага гвалтаўніка! Але Дуня не страляе апошні раз. І гэтым яна праходзіць выпрабаванне адразу і спакусай, і сумленнем. Бо што ж яшчэ, як не сумленне, як не яго цвёрды стрыжань, утрымала яе ад здзяйснення недазвольнага?

Падобным чынам правяраецца і Сымон Ракуцька. Гэтаксама, як і Дуня, ён глядзіць у вочы свайму крыўдзіцелю, таму самаму Вялікаму злодзею, які ўкраў у яго маленства яго дзяцей. Гэта ж ён, гэты самы Ракуцька, які прагнуў знайсці і “абезгаловіць” Вялікага злодзея, трымае цяпер у руках рэвальвер! Але, замест кулі, Ракуцька частуе Люцыяна Акаловіча хлебам. Зноў, як і дваццаць гадоў таму ў адной хаце з Паліводскім, ён бачыць у чалавеку найперш чалавека, разгубленага і мізэрнага, які прагне спагады.

Сям’я Нявады – Волечка, Кастусь, яе сябра і муж, і сам стары Нявада – выпрабоўваюцца золатам графа Паліводскага, якое пакінуў ім калісьці як падзяку за чалавечнасць Густаў Шрэдэр. Зноў жа, яны не ўкралі гэтае золата, а атрымалі ў падарунак, чаму б не скарыстацца, не купіць на яго хаця б новага каня? Вольчын конь зрабіўся ўжо зусім стары, нямоглы, а ў гаспадарцы як без каня? Але золата працягвае ляжаць у куфры, усімі забытае і нікому непатрэбнае. Бо ў пуні спявае певень, і “колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука казаў душы больш, чым тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым і таемным графам Паліводскім і набытае і таксама страчанае Густавам Шрэдэрам”.

Што ж мы бачым? Героі-носьбіты чалавечных ідэй годна вытрымалі выпрабаванні, давялі сваё права на існаванне. Аднак носьбіты ідэй бесчалавечных (канешне, за выключэннем Радзівона Раскольнікава) не скарысталіся магчымасцю выправіць сваю памылку і асудзілі сябе на знішчэнне. Ці можна атаясамліваць гэтае знішчэнне адно са смерцю героя? На нашу думку, страшнейшым пакараннем для герояў будзе страціць гармонію і магчымасць быць любімымі. Паглядзім, як гэта паказана ў творах.

 

Крах героя

Самай першай крах героя абвяшчае страта гармоніі. У абодвух творах яна звязваецца з матывам цеснаты. Раскольнікаў жыве ў цесным, падобным да труны пакоі, у горадзе, на вуліцах якога “як у пакоях без фортак”, і да таго ж пакутуе ад прадчування “вечнасці на аршыне прасторы”. Свідрыгайлаў, які ўяўляе сабе вечнасць як пакой з павукамі, ноч перад смерцю праводзіць у цесным задушлівым пакоі з нізкай столлю і пацукамі. Шрэдэр і Гертруда, выгнаныя з прыдбанага на чужой зямлі маёнтка, з горыччу адчуваюць, што “шырокі свет, з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў і зіхаценнем дзён стаў для іх цесным склепам”. Люцыян Акаловіч скардзіцца, што яму “ўвесь свет цесны”, а пасля з крыўдай пытаецца ў Паліводскага: “Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?” Сваёй бесчалавечнасцю героі асудзілі сябе на адвечнае выгнанне, на адзіноту сярод людзей, на цеснату ў шырокім свеце. Відаць, менавіта гэта – страх вечнай адзіноты – і штурхае герояў да людзей. Расчараваўшыся ў ідэі ці пераканаўшыся ў яе непрадуктыўнасці, героі страчваюць сувязь з жыццём, і адзіным, што яшчэ можа затрымаць іх на зямлі, застаецца любоў. Права на спагаду, магчымасць атрымання яе і вызначаюць, ці ёсць у герояў будучыня. Таму спагада раптам набывае для іх такое сакральнае значэнне. Калі Шрэдэр другі раз вяртаецца ў Сумлічы, яму хочацца цалаваць гэтых дзяўчынак, якіх ён бачыць на вуліцах вёскі. Люцыян Акаловіч, нягледзячы на страх, радуецца размове з незнаёмым салдатам у лесе (“Божа! – думае ён. – Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!”) і марыць дацягнуцца дадому, да Клецка, у спадзяванні знайсці там каго-небудзь знаёмага, блізкага. Нават граф Паліводскі, і той “прасвятлеў тварам”, калі да яго прыйшоў Люцыян Акаловіч. Упершыню за ўвесь раман ён звязвае добрыя пачуцці не з золатам, а з чалавекам. “Ваш бацька быў самым блізкім мне чалавекам з усіх”, – кажа ён Люцыяну Акаловічу. Па незвычайнасці, нехарактэрнасці сваёй для героя гэтыя словы можна было б паставіць на адзін узровень з перараджэннем Шрэдэра – калі б Паліводскі вымавіў іх раней, калі яму быў дадзены шанец праявіць спагаду і ўдзячнасць. Героям так важна атрымаць права на спачуванне, што ў некаторых з іх узнікае нават момант пэўнага самаапраўдання. Люцыян Акаловіч сутарагава паўтарае “Я забіў Паліводскага”, калі салдат рыхтуецца стрэліць у яго, у доме Кастуся Лукашэвіча Шрэдэр, замест таго каб прыкінуцца чэхам і захаваць сабе жыццё, узгадвае колішні свой душэўны парыў, калі ён пакінуў у гэтым самым доме золата:

“Я некалі падараваў быў вам золата. Гадзіннікі, пярсцёнкі, крыж. У тую вайну я быў хворы і палонны… Яно пайшло гэтаму дому на карысць?”

Гэтым пытаннем немец быццам бы вымаўляе тое, што раней так строга забараняў сабе казаць: “Хоць ты і не немец, я не буду цябе ненавідзець. Пашкадуй мяне”. Але ж і ён, і Акаловіч, і Паліводскі даўно страцілі сваю магчымасць давесці сваю чалавечнасць. Яны не маюць больш права на спагаду – яны не маюць будучыні. Таму Паліводскі памірае ад нажа Акаловіча, якога ў сваю чаргу забівае ў лесе незнаёмы салдат. Шрэдэр, вярнуўшыся ў хату, дзе калісьці яму далі прытулак, больш не можа патрабаваць ад яе жыхароў спагады: ён не мае на яе права, бо прыйшоў сюды зноў, з сілаю і ўзвышэннем. Кастусь Лукашэвіч забівае Густава Шрэдэра.

У падобным становішчы знаходзіцца і Аркадзь Свідрыгайлаў. Ён нездарма прыязджае за Дуняй у Пецярбург: сустрэча з ёю павінна вырашыць, ці адбудзецца той “некаторы ваяж”, пад якім герой мае на ўвазе самагубства. Падчас гэтай сустрэчы ён павінен даведацца: ці захаваў ён яшчэ права на чалавечую любоў? Але тут недакладнасць: хутчэй не даведацца, а ўзяць сілай. Свідрыгайлаў упэўнены, што інакш як сілай ён свой паратунак не здабудзе, і гэта яго і губіць: пасля ўсяго таго страху і прыніжэння, якое Дуня выносіць ад Свідрыгайлава, яна не можа палюбіць яго. Свідрыгайлаў губляе сваю будучыню і забівае сябе.

Адзіным героем, вартым права быць любімым, застаецца Радзівон Расколь­нікаў. Не толькі з той прычыны, што ён праходзіць усе выпрабаванні. У той час як Свідрыгайлаў ледзь не патрабуе спагады з боку Дуні, Раскольнікаў проста просіць пра яе. Просіць, як разгубленае, кінутае ўсімі дзіця: “То не пакінеш мяне, Соня? У астрог да мяне хадзіць будзеш?” І атрымлівае на гэта не толькі станоўчы адказ – Соня сапраўды не зракаецца Раскольнікава ні на волі, ні ў Сібіры. Герой невыпадкова адчувае, што Соня – “уся надзея яго, увесь зыход”. Апошняе яго пакаянне, самае поўнае, самае праўдзівае і лагічна завершанае адбудзецца ледзь не на фізічным узроўні – праз дотык да Сонінай далоні.

 

Канцэпцыя Вялікага злодзея

Такім чынам, выйсцем крыніц усіх вялікіх зладзеяў абодва пісьменнікі бачаць ва ўзвышэнні чалавека над чалавекам. Гэтая ідэя не сцвярджае жыццё, не стварае будучыні – яна толькі парушае гарманічнасць свету. Праз Вялікага злодзея бела­рус асуджаны на вечнае выгнанніцтва, праз яго заўчасна сталеюць дзеці, праз яго, нарэшце, нараджаецца арыфметычная тэорыя, а Кастусь Лукашэвіч, які нават лаяцца не ўмее, вымушаны ўзяць зброю і сам зрабіцца ліхадзеем – забіваць людзей, якія забіваюць яго дзіця. Сімвалічным з’яўляецца яблык у канцы твора: ён быццам нагадвае пра даўняе выгнанне першых людзей з райскага саду, пра першае ў свеце пазбаўленне гармоніі.

Вялікі злодзей не толькі крадзе гармонію ў іншых – ён пазбаўляе гэтай гармоніі і самога сябе. Успомнім пра Раскольнікава: колькі прыкрасці да ўсяго наўкольнага! “Яму брыдкімі былі сустрэчныя”, яго не радавала гарадская зеляніна, ён не мог нават адчуваць любові да маці і сястры. Свідрыгайлава цісне смутак, да Паліводскага “прысохла чаканне”, Акаловіч не можа напоўніцу адчуць любоў да сваіх родных мясцін, бо лічыць іх несапраўднымі… А ў гэты час:

“Снег, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу – дзень за днём, дзень за днём, – і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што толькі і патрэбна чалавеку”.

Пісьменнікі не аддаюць перавагі нейкай адной ідэі. Як ідэя чалавечная, так і ідэя бесчалавечная атрымліваюць права заявіць пра сябе і паспрабаваць ажыццявіцца. У роўных ступенях ідэі і выпрабоўваюцца: выпрабаванне спакусай не абмінае носьбітаў чалавечнай ідэі. Чалавечнасць перамагае ў роўным баі: Дастаеўскі паказвае нам, што хтосьці да канца трымаецца бесчалавечнасці і скончвае “ад’ездам у Амерыку”, а хтосьці, няхай і шляхам доўгіх пакут і выпрабаванняў, з цеснай каморкі пад дахам вырываецца на паветра, на шырокую прастору некранутай прыроды, бо яго “ўваскрасіла любоў, адно сэрца змяшчала бясконцыя крыніцы жыцця для сэрца другога”. Чорны ж даводзіць нам, што чалавеку вельмі мала патрэбна для шчасця. Што чалавек сапраўды не вытрымае быць зверам і ў рэшце рэшт звернецца да бліжняга па спагаду і любоў.

“Не туманныя прывіды, а выразная ява: гром і маланка, навальніца разрывае зямлю і, здаецца, крышыць на ёй усё. І ўсё ахоплена страшным сваім утрапеннем. Пад громам і агнём, пасярод дарогі, постаць худзенькага хлопчыка”.

Увасобленая ў цела, хіба не так выглядала б душа Люцыяна Акаловіча? Радзівона Раскольнікава?

У якую будучыню павесці гэтага хлопчыка, належыць вырашаць кожнаму з нас.

comments powered by HyperComments