Уладзімір Мароз. Анкета (№121)

 

  1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

Перакананы – без звышняй прадвызначанасці чалавек не можа стаць творцам, нездарма ж у народзе існуе абсалютна просты і глыбокі выраз: “ад Бога”. Бывае, перачытваеш свой верш ці тэкст і не даеш веры, што гэта напісана табой – быццам нехта ў свой час надыктаваў табе якраз такія словы. Выпадкі адзінкавыя, але яны існуюць. Далей рэй вядзе прафесіяналізм, ты можаш нават злёгку прымушана сесці за чысты аркуш і пачаць пісаць апавяданне, эсэ, сцэнарый. Больш складана з вершамі – тут ролю грае хвіліна натхнення, яе якраз і не прапусціць бы. Так што толькі прызванне і прафесіяналізм, аніяк не абавязак, хобі ці звычка. Варта надзённа адзначыць, што сёння літаратура – справа мужных. Часам здаецца – навошта тваё пісанне, калі свет у бальшыні абсалютна прагматыч­ны, калі ніхто нічога не чытае, калі практычна няма грамадскай запатрабаванасці на літаратуру дый увогуле мастацтва? Але часоваму адчаю не варта паддавацца. Трэба верыць, што якраз тваё слова стане той апошняй кропляй, якая на шалях дабра і зла перахіліць вагу ў бок дабра. Бо насамрэч нікому невядома, чыя будзе гэта кропля. Ды і проста не пісаць ты ўжо не можаш, калі згадаць, што літаратурныя жыццёвыя запісы, якія вяду дасёння, пачаў рабіць з восьмага класа. Мне падабаўся і падабаецца сам працэс пісання, складвання словаў у гожыя сказы, якія спатольна кіруюць за думкай. Вось і развяжы пытанне, адкуль твая любоў да слова на чыстым аркушы паперы? Спрыяла, што ў школьныя гады шмат чытаў – у бацькоў, настаўнікаў мовы і літаратуры, была добрая бібліятэка беларускай, рускай і сусветнай класікі. Калі дадаць метафізіку, адпаведны настрой будзіла Мікалаеўшчына, радзіма маёй маці, у дзявоцтве Міцкевіч, наднёманскі коласаўскі край, які сапраўды намагнічаны паэзіяй. Напэўна, якраз зямляк і далёкі родзіч Якуб Колас стаў “хросным бацькам” будучага пісьменніка, проста яскрава ўсвядомілася гэта значна пазней. Дый іншыя класікі – Янка Купала, Максім Багдановіч, Алесь Гарун. А ў студэнцкія архітэктурныя гады я купляў і чытаў паэтычныя кніжкі Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Анатоля Вяцінскага, Рыгора Брадуліна, Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, адкрываючы для сябе, што такое сучасная беларуская паэзія. І проза – Васіль Быкаў, Ула­дзімір Караткевіч, Віктар Казько. У гады вучобы ў Літаратурным інстытуце ў Маскве дадаліся імёны рускіх класікаў і сучаснікаў – Інакенція Аненскага, Фёдара Цютчава, Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Барыса Карнілава, Івана Буніна, Уладзіміра Сакалова, Юрыя Кузняцова.

Калі гаварыць аб дэбюце, то першае апавяданне “Маскоўскае лета” было напісана ў 1974 годзе. Пры падрыхтоўцы да друку трхтомавіка “Выбранага” я згадаў-знайшоў яго проста ў сваіх запісах і практычна не правіў. Першы раз надрукаванае яно было праз сорак гадоў пасля напісання ў зборніку “Пад зоркай кахання”. Такія пературбацыі творчага шляху звязаныя з тым, што першую адукацыю я атрымаў як архітэктар у Беларускім політэхнічным інстытуце, у літаратуру йшоў не наўпрост. Тым больш хацелася быць найперш паэтам. Ранейшыя спробы вершаў выклікалі пытанні з рытмам, але вучоба на архітэктурным факультэце выправіла гэтую хібу, бо архітэктура – якраз найперш рытм. Першы закончаны верш быў напісаны падчас працы над дыпломам у БПІ і потым атрымаў адпаведную назву “Дыпломны праект па горадабудаўніцтве. Год 1975”. У дэбютнай паэтычнай газетнай публікацыі ў 1978 годзе яго няма, надрукаваны ён толькі ў маёй першай уласнай кніжцы “Голас” ў 1993 годзе.

 

  1. У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

Аб адметнасці можна гаварыць толькі ў параўнанні, думаю, што творчы працэс у літаратараў падобны, розняцца адно нюансы. Празаічныя, эсэістычныя тэксты і сцэнарыі кампазіцыйна і змястоўна я прадумваю (выношваю) найперш у галаве, потым надараецца момант, калі застаецца толькі запісаць. З вершамі зноў жа свая гісторыя – тут у любы нечаканы момант можа прыйсці радок, страфа, далей трэба толькі давесці па­чатае да канца. Бывае, праўда, для мяне рэдка, здараецца гэта адразу, у большасці выпадкаў вяртаюся да пачатага праз некаторы час. І калі ўдаецца зноў увайсці ў той эмацыйны стан, які і выклікаў першыя словы, то верш будзе напісаны. Нехта вершы якраз піша, стварае, думае іх, а я іх складаю. З’яўляюцца розныя варыянты слова, радка, страфы, але ў чыставой рэдакцыі застаецца тое, што і павінна было там быць. Як так здараецца – невытлумачальна. Адзін з важных складнікаў творчасці для мяне – назвы. Паэту іх даводзіцца прыдумляць непараўнальна больш, чым празаіку. У маім выпадку – яшчэ і назвы дакументальных фільмаў. Я люблю гэты працэс, часам здараюцца вельмі прыемныя знаходкі – “Шляхцянка-восень”, “За брамай забытых мелодый”, “Самотная альба вершніка”. Ад апошняга адштурхнуся для вызначэння найбольш плённага часу для творчасці – якраз ранішняя песня гучыць найбольш чыста і ясна, няхай нават і не мажорная. Для эсэ і сцэнарыяў, калі падціскаюць тэрміны, магчымы іншы час сутак, бывае, і за поўнач перасягае сядзенне за пісьмовым сталом. Для пісання ўжо даўно выкарыстоўваю камп’ютар, тут адразу бачыш не тое слова, неадпаведны стыль, адразу правіш. І толькі вершы па-ранейшаму пішу шарыкавай асадкаю на чыстым аркушы паперы – сакральны момант тут непарушны. Стымулятараў аніякіх не выкарыстоўваю, гэта ўсё манернасць, гульня ў пісьменнікаў. Нават калі яшчэ паліў, цыгарэта не набывала нейкі асаблівы сэнс. Галоўнае – мець ясную галаву. Запомнілася, як кіраўнік нашага паэтычнага семінара ў Літаратурным інстытуце Валерый Дзяменцьеў адзначаў, што Ясенін ніколі не пісаў на нецвярозую галаву. На сваім вопыце пераканаўся ў слушнасці такой высновы. Іншая справа – натхненне. Ёсць яно, як і згаданая звышняя прадвызначанасць. Толькі як зразумець, што яно ўжо тут, пры дзвярах? Не хвалюйся, дадзена бу­дзе адчуць. “Дык садзіся, браток, і пішы”, як зазначыў я ў адным вершы.

 

  1. Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

 Калі ў цябе ўжо прадуманы пра­за­ічны тэкст, ці калі прыйшло паэ­тычнае натхненне, то і цяжкасцяў асаблівых няма пры пісанні. Галоўнае, вытрымаць стыль, бо якраз стыль, як адзначае мой калега і сябар Андрэй Федарэнка, робіць адметным аднаго пісьменніка перад іншым. Усе сюжэты напісаны-перапісаны, толькі стыль робіць цябе непаўторным. Адсюль і патрэбная належная ўвага якраз да слова, фразы, рытму твора. Напісаны абзац перачытваеш некалькі разоў, калі недзе спатыкнуўся – значыць, трэба правіць. Калі ўсё гладка, узнікае адчуванне адстароненасці аўтара ад свайго тэкста, значыць, можаш смела пісаць далей.
І калі трэба – звяртацца да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедый. Бо трымаць агромністую інфармацыю ў галаве немагчыма, а ў тэкстах усё па­вінна быць дакладна, калі мець на ўвазе даты, падзеі, геаграфічныя паняцці.

 

  1. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных за­думаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

Чалавеку, які, паводле Боскага азначэння, вольны ў сваім выбары, нішто не можа перашкаджаць у творчай працы, хіба толькі ён сам і час, які пралятае вокамгненна і нагадвае табе, што далей адкладваць задуму ўжо нельга. А спрыяе творчы настрой, на хвалю якога ты павінен быць настроены пастаянна, нават калі і не адгукаешся яму штодзённа. То бок ты заўсёды падсвядома ведаеш, што можаш сесці за стол і пісаць. Водгукі сяброў, рэдактараў, чытачоў чаўсёды чаканыя, але на маю творчасць аніяк не ўплываюць. Проста я ведаю, што хачу сказаць, ні пад каго падладжвацца ў любым выпадку не буду. А вось для творчага настрою водгукі важныя, яны падвышаць яго градус.

Што тычыцца вяртання да напіса­­ных твораў дзеля іх удасканалення, то маёй прозы, эсэ, сцэнарыяў дакументальных фільмаў гэта не тычыцца. Напісаны тэкст вылежваецца некалькі тыдняў, потым свежым вокам чытаю яго, рэдактую, дзе трэба. І пасля гэтага да яго ўжо не вяртаюся. Па-іншаму бывае з вершамі, ды і то зрэдчас. Рыхтуючы да друку трохтомавік “Выбранага”, з дзясятак ранніх вершаў я перарабіў ужо з гледзішча свайго літаратурнага вопыту. Адзін мой калега ўсё дапытваўся – а які ж тады год напісання ставіць? Стаўлю два, і тады зразумела, што верш я пераствараў у той ці іншай ступені. Так чэсна.

 

  1. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

 У стаўленні да сваёй творчасці я хрысціянскі фаталіст: “Колькі дадзена словаў табе, столькі скажаш – не болей, не меней” (зноў самацытата). У мяне ёсць задума апокрыфа, амаль раман па аб’ёме мог бы атрымацца. Але час ідзе, накіды да твора множацца, а сам тэкст аніяк не пішацца. Вось і думаеш, згадаўшы хуткаплынны час – магчыма, табе і не варта пісаць гэты твор? Адказу на пытанне не ведаю. А вось тое, што далося напісаць, не расчароўвае. І паэтычны даробак, і празаічны, і эсэ з кінаэсэ, і запісы. Аніяк не сорамна. Таму і жыццё пражыць наноў, няхай сабе толькі ў асобных момантах, не хацеў бы. Значыць, такі лёс, такі жыццёвы шлях. Усе мае творы неад’емныя ад майго жыцця. Уласна, гэта і ёсць летапіс жыцця, які я стараўся напісаць у розных жанрах максімальна шчыра, без фальшу. Каб чытачу можна было адчуць душу чалавека і знайсці ў ёй водгук сваёй душы.

 

  1. Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пішацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

 Аб запісах, якія вяду са школьных гадоў, ужо згадваў. Гэта не дзённік у агульнапрынятым разуменні, хоць літаральна жыццёвыя запісы там таксама ёсць. Гэта больш роздумы, рэфлексіі на падзеі, на літаратурныя імёны і творы, на жыццёвыя з’явы. Штодзённа за іх не саджуся, толькі калі з’яўляецца штуршок занатаваць тое ці іншае. Пасля развагаў аб вызначэнні жанра спыніўся на назве “Згадкі хутаранца”. Я сапраўды па псіхалагічным самапачуванні хутаранец, бо маю хату ад дзеда, якая пачыналася як хутар. І нават цяпер, калі побач суседзі, з ганка я іх не бачу – перада мной лес. Хутаранец і ў цывізацыйным асяроддзі бачыць усё крыху па-свойму. А згадкі таму, што тое, аб чым занатоўваеш, ужо адбылося.

Лянота ўласцівая, як і кожнаму чалавеку. Змагаюся з ёй неабходнасцю набіраць тэксты запісаў, бо да пэўнага моманту пісаў іх асадкаю. Ці раблю якраз запісы, для гэтага натхнення чакаць не трэба. Такой тэхнічнай літаратурнай работай уваходжу ў адпаведны стан, калі можна садзіца за аповеды жыцця, вершы, эсэ.

 

  1. Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

 Чытаў і чытаю, праўда, з уростам гэта ўдаецца менш. Кніг практычна не набываю, толькі маіх шанаваных Андрэя Федарэнкі, Валера Гапеева, Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзі­міра Някляева. Ды яшчэ тыя, якія з’яўляюцца з дарчымі надпісамі калегаў па літаратуры. У асноўным трымаю руку на пульсе праз творы, апублікаваныя ў “Дзеяслове” і “Літаратурнай Беларусі”. З прачытанага замежных аўтараў не знік з памяці раман Харука Муракамі “Паляванне на авечак”. Звычайна зло, з якім мы змагаемся ў сваіх тэкстах, абстрактнае, а тут яно персаніфікаванае. Нешта падобнае я хацеў бы выявіць і ў ненапісаным пакуль апокрыфе. Калі аб перачытанні, то найперш “Новая зямля” Якуба Коласа, геніяльны твор сусветнага ўзроўню. Паэму, як і Новы запавет, можна чытаць і перачытваць з любога месца. Люблю разгарнуць том Аляксандра Блока, каб ухапіць паэтычны настрой. Цяпер перачытваю “Дзве душы” Максіма Гарэцкага, бо думаю, што з першага разу (даўно тое было) не ўсё зразумеў.

 

  1. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

Сучасная беларуская літаратура своеасаблівая, адметная, не горшая і не лепшая за літаратуры іншых краін. Асабліва яскрава я зразумеў гэта ў свой час па зборніку “Апавяданне-2005”, дзе прадстаўлены каля паўсотні аўтараў. Вялікая палітра. Прачытайце кнігу ад пачатку да канца – таксама адчуеце гонар за беларускае пісьменства. Нашай літаратуры не хапае толькі адной простай рэчы – розгаласу. Вельмі няшмат у нас водгукаў і абмеркавання напісанага і выдадзенага, няхай сабе толькі ў культурніцкім коле. Зра­зумела, неадваротна ўплываюць абставіны цяперашняга няпростага часу. Але творы пішуцца, і ў гэтым зарука будучыні. А маладым, якія ідуць літаратурнай сцяжынаю, жадаю мужнасці. Зняверыцца проста, значна больш складана мець змогі застацца на абраным шляху.


Апублікавана

у