"Дзеяслоў" набывай у Symbal.by

Шаноўныя сябры! Маем файную навіну: "Дзеяслоў" пачаў супрацу з крамай Symbal.by (Менск, пр. Машэрава, 18).
Цяпер "Дзеяслоў" можна замовіць на сайце https://symbal.by/ - як па Беларусі, гэтак і па ўсім свеце!
 
Дзеяслову - 15!

1 лістапада ў менскай кавярні-клубе «Грай» прайшоў юбілейны канцэрт, прысвечаны часопісу. Быў прэзентаваны новы, дзевяносты нумар унікальнага выдання. На дзеяслоўскіх старонках, без перабольшання, друкуецца ўся сучасная беларуская літаратура, прадстаўлена творчасць усіх пакаленняў нашых пісьменнікаў і фактычна ўсе роды і жанры літаратуры. Павіншаваць «Дзеяслоў» і яго стваральнікаў прыйшлі многія: аўтары, чытачы, сябры рэдакцыі, аматары мастацкага слова і музыкі.
Першы нумар часопіса, як распавёў адзін з яго заснавальнікаў і галоўны рэдактар, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, пабачыў свет 23 верасня 2002 года. Цягам свайго існавання калектыў рэдакцыі, колькасць якога, дарэчы, ніколі не перавышала 4 чалавек, імкнуўся як мага больш шырока і дэмакратычна рэпрэзентаваць нацыянальную літаратуру.
Фота: Аляксандр Кісялёў
Творы, упершыню апублікаваныя ў выданні, пазней атрымлівалі высокія літаратурныя ўзнагароды, такія, як Прэмія Гедройца, “Дэбют”, “Кніга году” ды іншыя. “Час second-hand” Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову таксама быў апублікаваны ў часопісе, а пазней выдадзены асобнай кнігай дзякуючы намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў. Акрамя таго, у 2006 годзе рэдакцыяй была заснаваная кніжная серыя “Бібліятэка часопіса “Дзеяслоў””, у якой выйшла ўжо 20 кніг.
Існуе і штогадовая прэмія “Залаты апостраф” за найлепшую публікацыю ў “Дзеяслове”.
Барыс Пятровіч. Фота: Аляксандр Кісялёў
Паэт і грамадскі дзеяч Уладзімер Някляеў сказаў шмат цёплых слоў пра часопіс, у якім аўтар друкаваў і друкуе свае лепшыя творы, і перадаў віншавальную грамату ад імя Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны.
Уладзімер Някляеў. Фота: Аляксандр Кісялёў
Анатоль Івашчанка. Фота: Аляксандр Кісялёў
Выступілі вядомыя пісьменнікі, кожнаму з якіх было чым падзяліцца з гледачамі: добрымі ўспамінамі, звязанымі з часопісам, сваімі вершамі, перакладамі і песнямі. Вялі вечарыну намеснік Старшыні СБП, паэт Усевалад Сцебурака і Барыс Пятровіч.
Вольга Гапеева. Фота: Аляксандр Кісялёў
Валярына Кустава. Фота: Аляксандр Кісялёў
Гурт “Крама”. Фота: Віка Трэнас
Гурт “Крама”. Фота: Віка Трэнас
На сцэне прагучала жывая музыка ў выкананні барда Віктара Шалкевіча, беларускіх гуртоў “Рэха” і “Bar Akaryna”, завяршыўся канцэрт выступам легендарнай “Крамы”.
 
"Дзеяслову"-15!

«Дзеяслову» – 15! Святкуй разам з намі!
1 лістапада ў кавярні-клубе «Грай» (Менск, Інтэрнацыянальная, 33) адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза да 15-гадовага юбілею часопіса «Дзеяслоў». Пачатак у 18.30. Уваход вольны.
Сябры “Дзеяслова”:
Валянціна Аксак, Уладзімер Арлоў, Ігар Бабкоў, Леанід Галубовіч, Вольга Гапеева, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Віктар Жыбуль, Наста Кудасава, Валярына Кустава, Людміла Рублеўская, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, Віктар Шалкевіч і іншыя.
“Дзеяслоўцы”:
Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Федарэнка, Анатоль Івашчанка.
Вядоўца: Усевалад Сцебурака
У праграме:
-- выступы найлепшых айчынных літаратараў;
-- жывая музыка ў выкананні беларускіх гуртоў “Рэха” і “Bar Akaryna”, а таксама легендарнай “Крамы” (Ігар Варашкевіч);
-- прэзентацыя чарговага 90-га нумара “Дзеяслова”;
-- віктарыны, конкурсы, забаўкі, цікавосткі, прызы ад арганізатараў.
Запрашаем!
 
Агляд "Дзеяслова" №89

«І ЎСЁ МАЦНЕЙ ЖАДАННЕ ЛЁТУ»
Напрыканцы лета, размораныя і квёлыя пасля адпачынку, прыхільнікі беларускай літаратуры могуць нарэшце разгавецца беларускім словам. Выйшаў чарговы (89-ты) нумар часопіса “Дзеяслоў”.
Цэнтральным творам, фармуючым чарговы нумар часопіса “Дзеяслоў”, безумоўна з’яўляецца пачатак новага рамана Людмілы Рублеўскай “Пантофля Мнемазіны”. Ён напісаны па ўсё той жа схематычна-пазнавальнай форме яе папярэдніх твораў. Падчас нават ствараецца ўражанне, што ты чытаеш працяг ужо апрабаваных чытачамі раманаў (“Ночы на Плябанскіх млынах”, “З’яўленне Інфанты”, “Дагератып”). Магчыма, некалі яны звядуцца ў адзіны цыкл, як, да прыкладу, раманы В. Адамчыка (параўнанне, зразумела, умоўнае). Словам, адчуваецца наследаванне караткевічаўскай формулы: на нацыянальным падмурку выснаваць прыгодніцкі антураж твора. Пры ўсім пры тым, адзначу, што тэксты Л. Рублеўскай прафесійныя і па-мастацку таленавітыя, напісаныя з адмысловым майстэрствам. Нібыта нічога звышарыгінальнага: гісторыя замешаная на перапляценні сучаснага і нядаўняга беларускага часу; маладая жанчына страчвае бясследна прапалага ў замежжы мужа, пасля сямі гадоў знікнення яго вобраз пачынае з’яўляцца ў яе візіях і згадках, а тут яшчэ падаспела нечаканая спадчына, якую ён, аказваецца, пакінуў (стары дом у мястэчку). З яго гераіня і пачынае закручваць інтрыгоўны сюжэт, заснаваны на родавай лініі былога сужэнца, прозвішча якога Корвус (гэткая повязь адраджэнскай знітаванасці ў творах пісьменніцы)… Чытач патрапляе ў1930-я, ваенныя і пасляваенныя гады… Закрутак многа і, можа, нават залішне, бо нярэдка даводзіцца празмерна напружваць галаву наконт той ці іншай сітуацыі. Да ўсяго на кожным артэфакце Рублеўская пачынае акцэнтаваць увагу чытача і выкладаць ледзь не ўвесь датычны да яго вікіпедаўскі лікбез. Аднак жа трэба адзначыць, маладых прыхільнікаў сваёй творчасці пісьменніца прывязвае да старонак прозы моцна. Чым? Адмысловым сюжэтам, сучасным стылем пісьма. У словах, выразах, ідыёмах, мімалётных згадках-замалёўках, лёгка, іранічна, бесканфлікта, без асаблівых прэтэнзій на нешта грандыёзнае, а насамрэч – старонка за старонкай – складвае глыбокі пласт містычна-памятлівай беларускай прозы. Пісьменніца наўмысна падчэплівае чытача, няўзнак выдаючы свае літаратурныя зацікаўленасці, маўляў, “такога я магу вам нагаварыць на сто старонак. Лепшага за мяне спецыяліста па закручванні сюжэту ўсё адно не знойдзеце. Не таму, што я Леў Талстой, а таму, што я мадэратар сайта фанфікшэна. Ну, ведаеце, калі школьніцы альбо іх расчараваныя ў жыцці настаўніцы пішуць працягі прыгод Гары Потэра і Северуса Снэйпа, альбо паляўнічых на монстраў Дзіна і Сэма Вінчэсцераў з серыяла “Звышнатуральнае”, альбо вампіра Эдварда і анемічнай Бэлы, ці Арагорна з Арвен, ці Шарлака Холмса з Ватсанам, ці Жалезнага Чалавека з Халкам, зялёным і няшчасным… У свой час мяне гэтая дурата проста выратавала…” Уласна я нават замілаваўся, успомніўшы маленства, натыкнуўшыся на слова “дзёдзя” (так у вёсцы ласкава звалі свіней, асабліва пры дзецях, праўда, у нас казалі “дзюдзя”). Не памятаю ўжо, калі і кім гэтае слоўца згадвалася. Сустракаюцца і шмат іншых падобных слоў-знаходак і слоў-памятак. А вось некаторых сучасных, такіх, да прыкладу, як квэст і фанфік, у тэксце аж занадта, нераўнуючы, як спаму. Не зважаючы на дробныя суб’ектыўныя заўвагі, магу запэўніць чытача, што пачатак рамана Л. Рублеўскай захапляльны і варты ўвагі. А тое, што ён чытэльны, не выклікае сумненняў.
Вершы Людкі Сільновай лёгкія, эмацыйна-пачуццёвыя, як палёт руплівай пчалы над адцвітаючым кветнікам… Боль схаваны ўнутр метафары, вонкі – пожад жыццёвай энергіі:
Ўсё гэта я?.. Паэт ва ўзросце
Складаным робіцца ці простым –
Як немаўля, што, без адзення,
Увесь – адчай, увесь – здзіўленне
Перад чужой магутнай сілай?..
“Парыжскія казкі” Адама Глобуса – гэта змрочна-мройныя творчыя выявы мастака ў мажлівым свеце, у якім рэчаіснасць мяняецца згодна з жаданнем герояў і аўтара тэкстаў. Аднак, як папярэджвае чытачоў пісьменнік: “здавалася б, што гісторыя павінна была скончыцца добра, але ў яе сумнае заканчэнне”…
Што тычыцца вершаў Сяргея Ваганава, то, скажу шчыра, чытаць яго публіцыстычныя нарысы і эсэ мне цікавей. Тут сабраныя роздумы літаратара над пражытым – канкрэтнымі з’явамі, людзьмі, падзеямі… Ёсць і кранальна-разняволеныя строфы, скажам, у вершы, прысвечаным В. Казько:
І цяпнуўшы гарэлкі, сэрца зрушу, –
Няхай язык што хоча, то пляце! –
Я б цалаваў заветраную грушу,
Што на Палессі кожны год цвіце.
У кароткім апавяданні Паліны Сцепаненкі “Лядоўня ў кватэры № 0” слова “лядоўня” на пачатку тэкста ўжываецца столькі разоў, што здаецца, ты чытаеш, лежачы побач з тым самым гудлівым надакучным халадзільнікам (ужывём такое яго вызначэнне, каб не паўтарацца)… Не мой стыль, але сама задума цікавая, заснаваная на фактах нядаўняга часу. Найбольш адцеміўся наступны фрагмент: “У слове СУМленне адчуваецца сум. Адчуванне страты – у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Мур. Паміж зняволенымі і воляй”. Гэткая афарыстычная набіўка (тату́) нашага беларускага бясчасся…
Друкуюцца вершы берасцейца Васіля Дэбіша – шчымліва-лірычныя, зямныя, зацепленыя на шчырай сыноўняй любові да адышоўшай маці, каханай, але не заўсёды вернай жанчыны, векавечнай Бацькаўшчыны… Узнёслая песня жыццю.
Нібыта чорнай магіяй сапраўднай паэзіі павеяла ад верша “Вароны”:
На снезе белым – чорныя вароны.
Галгочуць. З учарашняга яшчэ…
Глядзяць на свет, нібыта шлюць праклёны
Спусцелымі палонкамі вачэй.
Пранізаны завеямі ліхімі,
Іх крылы б’юцца ў такт, як ветракі.
І добра бачна, скамянеў пад імі
Глыбокі снег. Ім хлеб даю з рукі.
Дык не бяруць. Глядзяць – нібыта судзяць –
З прамерзлых дрэў, сцяжынак і слупоў.
Нібы смяюцца: “Прыйдзе час і будзем
Мы піць нябёсы з вашых чарапоў”.
Навеяла настальгічную асацыяцыю з радком вядомага верша майго кіраўніка паэтычнага семінару на ВЛК расійскага паэта Ю. Кузняцова: “Я пил из черепа отца”…
Жыццёва-творчыя “запісы” Аксаны Спрынчан “Разынкавая муроўка”, з якой высвечваюць і па-сапраўднаму мастацкія разынкі. Вось адзін з запісаў: “Мой двухпавярховы дом стаўся трохпавярховым, бо паміж першым і другім паверхам звілі гняздо малінаўкі. Калі б мой дом быў дасканалым, вядома ж, яны не здолелі б зладзіць гняздзечка.У недаробленым і непрыгожым закрасавала даробленае і прыгожае. У мой дом цяпер можна лятаць. Хіба гэта не падарунак Нябёсаў?!”.
Схіляе да разваг паэтычная нізка Сяргея Сцяпана. Мудрыя глыбокія вершы, напісаныя жыццёвым вопытам душы і плоці, амаль без метафар – як адлюстраванне стомленага духу:
Падняцца ранкам,
Каву падагрэць,
Глядзець праз шкло
На чырвань арабінаў.
І раптам
З ціхім болем зразумець,
Што ўжо жыццё
Становіцца ўспамінам.
“Тутэйшыя”. Короткое содержание скачать” – так называецца апавяданне Зараславы Камінскай. Спроба разважання маладых сучаснікаў над нацыянальнай самасвядомасцю народа ды жыццёвым і творчым лёсам іх беларускага Песняра Янкі Купалы падчас універсітэцкіх іспытаў, а таксама намаганні выявіць псіхалагічны, духоўны, творчы і матэрыяльны ўмоўны падзел у жыцці паэта на пачатку сталінскіх рэпрэсій.… І хто ж галоўны герой п’есы “Тутэйшыя” – ці не сам Янка Купала? Твор можна было б развіваць і да аб’ёму аповесці ці кароткага еўрапейскага рамана…
У рубрыцы “Дэбют” – вершы Веранікі Міхалёвай. Такая мілая натхнёная родным словам і клопатам пра лёс сваёй Айчыны патрыётка, якая шукае ўласныя рыфмы на прасторах беларускага жыцця, натыкаючыся на рыфы сучаснага дзяржаўнага беспрасвецця і народнай годнасці і цярплівасці. Прыкладна так:
Слёзы мае – ад нясцерпнага вечнага болю
За народ свядомы,
што свабодным даўно быць мусіў.
Я плачу за тых,
хто не дачакаліся волі.
Гэта слёзы малення.
Аб прывіднай Беларусі.
Аксана Данільчык прапануе чытачам свае пераклады з класічнай італьянскай паэзіі канца ХVIII – пачатку ХХ стагоддзяў (Дж. Леапардзі, Дж. Кардучы, Дж. Паскалі, К. Мікельстэдтэр і Дз. Кампана).
Друкуецца заканчэнне кнігі падарожных эсэ паляка Рышарда Капусцінскага “Кіргіз злазіць з каня”. Гэтым разам пісьменнік выкладае нам свой погляд на апошнія савецкія гады эканамічнага і нацыянальна-духоўнага ў жыцці Туркменістана, Таджыкістана, Кіргізстана і Узбекістана. Як для таго часу, то напісана без “предубеждения” ды ідэалагічных нацяжак. Пераклад Я. Салейчука. Пры канцы хачу прывесці цытату, якая па сутнасці завяршае публікацыю. Гэта выказванне ідэолага суфісцкай дактрыны ісламу Аль-Газалі. Яно, пэўным чынам, кладзецца і на стасункі самога аўтара эсэ з чытачом. “І няхай ведае, – папярэджваў Аль-Газалі, – што карысць, якую ён атрымае з-за памылкі свайго Шэйха, калі б той памыліўся, будзе большай, чым тая карысць, якую мог бы атрымаць ад сваёй уласнай праўды, нават калі б сапраўды меў рацыю”.
Працягваецца публікацыя “Кнігі Роду” (новай беларускай Бібліі) з заўвагамі і каментарыямі Ірыны Дубянецкай.
Нацыянальны аспект, які высноўваецца з прачытання і разважанняў над выдадзенымі біблійнымі кнігамі Францішка Скарыны. Вельмі досведны і актуальны артыкул маскоўскага (па месцы пражывання) беларускага навукоўца Аляксея Каўкі. Вучоны піша: “Нядаўна брытанскі “The Economist” прысвяціў нашаму супляменніку адмысловы артыкул з аглядам жыццятворчага шляху “беларускага Марціна Лютэра”. Скарына, у адрозненне ад нямецкага пратэстанта-рэфарматара, не зрушваў падваліны папскае царквы, аднак, гаворыцца ў артыкуле, паводле значнасці зробленага ў пашырэнні друкам свяшчэнных тэкстаў, беларускага слова, кірылічнага пісьма наогул ён павінен разглядацца “як адна з найвялікшых фігур еўрапейскай культуры”. Што сімвалічна праілюстравана помнікам Францішку з высока ўзнятай Святою Кнігай перад нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Святло незгасальнае свеціць і цемра не схавае яго. Дасюль – пачатак ХХІ стагоддзя – у Беларусі, ужо незалежна-суверэннай, па-ранейшаму моляцца “за державу нашу российскую”. Малітваў за Беларусь, Богам сцеражоную, у тутэйшых цэрквах Маскоўскай патрыярхіі пакуль не чутно”.
Літаратуразнаўца і паэт Віктар Жыбуль суправаджае пачатак публікацыі захаванай спадчыны неардынарнага і неадназначнага пісьменніка і паэта Алеся Наўроцкага. Мне, як літаратару, гэта цікава, але напэўна далёка не кожнаму чытачу.
Следам друкуецца даволі глыбокі і ўдумлівы (адзін з лепшых, які мне давялося прачытаць) матэрыял Валерыя Назарава “Маленькая сага…” пра творчасць Янкі Брыля, а менавіта пра яго “Муштук і папку”, з паралельнымі разважаннямі над некаторымі архіўнымі тэкстамі пісьменніка. Як піша аўтар, “пісьменнік здолеў адлюстраваць у лёсе сваёй сям’і сапраўдную гісторыю народа, які быў падзелены, права якога на слова знішчалася ў зачатку, лепшыя сыны якога аказваліся ў гулагах і камерах смяротнікаў. Таму маленькая сага Я. Брыля, выкліканая паяўленнем горкай сямейнай рэліквіі, з’яўляецца сама па сабе рэліквіяй нацыянальнай”.
Удзячнае слова ў вянок памяці вядомага берасцейскага вучонага-літаратуразнаўцы Генадзя Праневіча напісаў крытык, яго літаратурны калега і таварыш Алесь Бельскі.
Ірына Саматой з Віцебска разважае над творчым плёнам рана адышоўшага з жыцця мясцовага краязнаўцы Міхася Райчонка.
Друкуецца заканчэнне манаграфіі Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі” (1871 года выдання) ў перакладзе вядомага педагога і фалькларыста Уладзіміра Васілевіча.
Завяршаецца і публікацыя ўспамінаў Ліі Салавей пра сваю мядзельшчыну 1930-х, ваенных і пачатку пасляваенных гадоў пад назвай “Гавэнды майго краю”. Займальнае, скажу вам, чытанне. Рэцэнзіяй Леаніда Галубовіча на кніжку бялыніцкага (па нараджэнні) паэта, які ўжо чвэрць веку жыве ў Японіі, Вячаслава Казакевіча “За мной придет Единорог” і кароткай анатацыйнай рубрыкай “Дзеяпіс” загортваецца апошняя старонка часопіса.
Далучайцеся да беларускага.
ЛеГал
Будзьма з «Дзеясловам»!
Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі і спраўна атрымліваць яго шэсць разоў на год.
Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,
для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
Свежы "Дзеяслоў" №89

Часопіс адкрываецца новым раманам вядомай беларускай гістарычнай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Твор "Пантофля Мнемазіны" шмат у чым перагукаецца з кнігай "Сутарэнні Ромула" і будзе цікавы ўсім, каго хвалюе тэма сталінскіх рэпрэсій. Відзежы мінуўшчыны традыцыйна сплеценыя тут з героямі 2000-х і закручаныя ў востры сюжэт. Побач з свежымі творамі Паліны Качатковай, Аксаны Спрынчан і Зараславы Камінскай звяртаюць на сябе ўвагу фантасмагарычныя "Парыжскія казкі" Адама Глобуса.
Паэзія прадстаўленая вершамі Сяргея Ваганава, Васіля Дэбіша, Людкі Сільновай і Сцяпана Сяргея, а рубрыка пераклады прадстаўляе міні-анталогію італьянскай паэзіі ў перастварэннях Аксаны Данільчык. Сярод перакладаў і заканчэнне працы Яўгена Салейчука — беларускі варыянт рэпартажнай кнігі Рышарда Капусцінскага "Кіргіз злазіць з каня".
2017-ты юбілейны год "Дзеяслоў" распачаў знакавай для нашай Пяцісотгоднасці публікацыяй — новым перакладам Бібліі, над якім не першы год шчыруе адмысловая група перакладчыкаў. Папярэднія вынікі працы кожны год прэзентуюцца на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, а сёлета ў часопісе пачалася навуковая публікацыя перакладу з прадмовай і падрабязнымі каментарыямі біблеісткі Ірыны Дубянецкай. У №89 чытайце Старазапаветную Кнігу Роду і аповед пра Эдэмскі Сад.
У літаратурнай спадчыны Алеся Наўроцкага з'явіўся ўдзячны даследчык: Віктар Жыбуль выявіў у архіве і публікуе ў "Дзеяслове" невядомы нарыс апальнага літаратара "Слова пра слова", творчую аўтабіяграфію Алеся Наўроцкага, з якой можна вычуць светасузіранне маладога паэта 1950-х.
"Дзеяслоў" працягвае друкаваць выдатную краязнаўчую працу графа Канстанціна Тышкевіча "Вілія і яе берагі", дзе жывапісна распавядаецца пра Беларусь ХІХ стагоддзя, яе прыроду і архітэктуру, помнікі старажытнасці. Пераклад кнігі з польскай мовы здзейсніў вядомы фалькларыст Уладзімір Васілевіч.
Да 100-годдзя Янкі Брыля прымеркавана яшчэ адна архіўная публікацыя: літаратуразнаўца Валерый Назараў пабываў у брылёўскім архіве акадэмічнай бібліятэкі і распавёў гісторыю стварэння найвядомейшага антысталінскага твору Брыля — аповесці "Муштук і папка".
У новым нумары часопіса "Дзеяслоў" — выдатныя творы на любы густ!
 
"Дзеяслоў" №87

ПАЭЗІЯ
Васіль Зуёнак. Прыходжу да свяцілішча ляснога... Вершы.
Антаніна Хатэнка. Водсвет. Вершы.
Фелікс Баторын. Філасофія і творчасць. Вершы.
Валеры Дубоўскі. Тутсамасць. Вершы.
Славамір Адамовіч. Мая прыватная вайна. Вершы.
Аксана Спрынчан. Лунніца. Вершы.
Сяржук Сыс. Паэты нараджаюцца, каб жыць... Вершы.
ПРОЗА
Віктар Карамазаў. Зямля Фердынанда. Аповесць
Леанід Дранько-Майсюк.Дзеці віншуюць немцаў з Калядамі. Апавяданне.
Іна Снарская. Таямніца самаробнай шафы. Апавяданне.
Міхась Зізюк. Хто я такі. Урывак з аповесці.
Уладзімір Міхно. УКантакце. Апавяданне.
Павал Гаспадыніч. Ад сябе да сябе. Проза-думка, проза-нататка, проза-развага.
ДЭБЮТ
Зміцер Брэшчанка. Чорныя справы. Апавяданне.
ПЕРАКЛАДЫ
Магабгарата. Паляўнічы і пара галубкоў. Кніга 12. Раздзелы 141-145. Пераклад Ігара Кулікова.
Канстандзінас Кавафіс. Колькі ёсць змогі. Вершы. Пераклад Лявона Баршчэўскага.
Мары Лундквіст. Срэбны каўчэг. Вершы з “Кнігі мёртвых”. Пераклад Дзмітрыя Плакса.
500-ГОДНАСЦЬ
Ірына Дубянецкая. Кніга Роду. Новая беларуская Біблія. (Працяг).
ПАМЯЦЬ
Наталля Гардзіенка. Адам Варлыга і яго ўспаміны.
Глеб Герасімаў. Адна з галінаў майго роду. Мой дзед Анатоль Бараноўскі.
ДЗЁННІКІ
Міхаіл Дубянецкі. “Трэба рызыкаваць”. Дзённікавыя запісы перыяду працы ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. (Заканчэнне).
ВЫТОКІ
Канстанцін Тышкевіч.
Вілія і яе берагі ў гідраграфічных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных адносінах. Пераклад Уладзіміра Васілевіча. (Працяг).
ЗГАДКІ
Кастусь Цвірка. Човен майго часу. З новай кнігі. (Працяг).
ПРАЧЫТАННЕ
Алесь Разанаў. Зацемкі з тэлефоннай будкі.
КНІГАПІС
Леанід Галубовіч. Ад прыцягальнага космасу да выратавальнага каўчэга. Рэцэнзія на кнігу Міхася Скоблы.
Наталля Якавенка. Люстэрка з памяццю «Fin de siècle». Водгук на дэкадансны раман Людмілы Рублеўскай «Дагератып».
Канстанцін Касяк. Мінулае заўсёды з табой. Рэцэнзія на кнігу Алеся Аркуша.
ДЗЕЯПІС
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова».
 
Агляд "Дзеяслова" №86

НАПРАДВЕСНІ
86 нумар “Дзеяслова” атрымаўся ўніверсальным.
Змешчаныя ў ім тэксты і творы ўключаюць у сябе вельмі шырокую панараму культурнай, філасофскай і літаратурна-мастацкай тэматыкі. На зачыне вядзецца рэч пра надыходзячае вялікае свята – 500-гадовы юбілей беларускага кнігавыдання. Таму за аснову ўзяты скарынаўскі духоўны і нацыянальны подзвіг – выдрукаваная ім Біблія. Чытачам прапануецца ацаніць пачатак працы над перакладам старазапаветнай прозы – першы раздзел Кнігі Роду з каментарыямі (пра стварэнне свету). Гэта, безумоўна, важная падзея для беларускага нацыянальнага самавызначэння і самаўсведамлення ў свеце. Цікава, што не зважаючы на тэалагічную складанасць ды інтэлектуальнасць, тэкст прадмовы да гэтай неардынарнай працы, якая толькі пачалася, напісаны доктарам філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай, чытаецца жыва і з непадробнай цікавасцю.
Працягвае Скарыніяну публікацыя перастварэнняў, зробленых Алесем Разанавым з выдадзенай ім кнігі вершаў “Маем найбольшае самі”, дзе Ф. Скарына гучыць па-сучаснаму зразумела і даходліва, але не менш глыбока і ўзвышана. Чытач даведаецца, што
Таму габраі
людзям не сталым,
якім яшчэ не было
трыццаці гадоў,
не давалі
гэтыя кнігі чытаць –
бо ў іх
замкнёны вялікія таямніцы
і гэтыя таямніцы
пераўзыходзяць розум людскі.
Шырока заяўлена ў часопісе і сучасная мастацкая літаратура. Валянціна Аксак прапануе нізку паэтычных асацыяцый, звернутых да (а часцей: ад) уласнага і надзённага жыцця, занатаваных прозаю. Шчыра кажучы, тэксты мала чым розняцца ад свабодных вершаў паэткі, якія ўжо палюбіліся чытачам. У іх, як і ў згаданай публікацыі, даткліва зладжана гармонія думак і вычуванняў аўтара. Самі па сабе гэтыя вершы ў прозе простыя для чытання і ў той жа час з падсвечанай таямніцай падтэкставага ўспрымання.
“Заходжу ў хату. Вітаюся з бацькамі. Стаю ў чаканні адказу. А яны маўчаць. Проста глядзяць на мяне зверху, з-пад самае столі. Маладыя. Усмешлівыя. Прыгожыя. Шчаслівыя. Аблямованыя вішнёваю самаробнаю рамай. Такой жа, як і Маці Божая і Ісус Хрыстос побач. І самі ўжо сталі іконамі”.
Мы даўно прызвычаіліся да Алеся Камоцкага як да выканаўцы аўтарскай песні (можна сказаць, барда). Прычым песні ў яго даволі глыбокія, з філасофскімі падкладкамі і высновамі. Я і сам іх прыхільнік. Праўда, мне падалося, што жанр і манера выканання бардаўскай песні міжволі схілілі паэтычны талент Камоцкага да запатрабаванняў слухачоў і тэкставай празрыстасці. Дзякаваць Богу, шчырасць і мастацкая даверлівасць засталіся ўсё тыя ж. Не на пустым месцы ўзнікаюць такія радкі:
Хутчэй за ўсё, не так плануе аўтар,
Хутчэй за ўсё, мы самі нішчым цуды.
І тут можна было б пагаварыць пра даволі шырокае кола паэтаў, якія, узняўшыся на пэўны мастацкі ўзровень, як бы прыпыніліся ў сваім творчым развіцці і спакойна пайшлі па гарызантальным шляху да свайго непазбежнага небасхілу. Памятаеце, у Някляева ў адным з яшчэ маладых яго вершаў былі такія, на першы погляд, мімаходныя радкі: “Так верш я скляпаў. Неблагі… Не горшы з усіх маіх вершаў”… На жаль, многія тым і здавольваюцца: раз чарговы вершык напісаўся не горшы за іншыя, дык і добра…
Анатоль Івашчанка са сваёй нізкай вершаў “Сінявокая” – адваротны бок гэтага медаля. Ён якраз з тых, хто творчым высілкам волі адрывае свой гарызантальны пагля́д, прагнучы вертыкальнай духаўздымнасці. Яго вершы нясуць у сабе новае ўспрыняцце старога свету, выяўляючы нестандартны фармат чалавечых і метафарычна-вобразных узаемаадносін, спрабуючы замацаваць суб’ектыўнае на трывалым грунце аб’ектыўнага:
Не той паэта, хто вершыкі піша,
не той празаік, хто піша пра заек.
Цяперашнім часам пісьменнік іншы
найболей збярэ падабаек.
Той, хто напіша чоткі пражэкт,
той, хто засвоіць найбольшы бюджэт,
хто ўсё разруліць, выдаіць грант…
Вось хто цяперака думкі гігант!
Да паэтаў пошукавых, неаднастайных адносіцца і Таццяна Дзмітрыева з Магілёва. Сорамна, што дагэтуль не быў знаёмы з яе творчасцю. Большасць вершаў, якія склалі яе падборку ў “Дзеяслове”, нязмушана-арыгінальныя, з тонкай, як кажуць, скурай, з нервовымі, адчувальна балявымі канчаткамі. Раю пачытаць. Як і вось гэты верш з цыкла “Zug. Accelerando”:
аўтобус
нахіляецца да мяне –
на прыпынку больш нікога
У паэтычнай рубрыцы друкуюцца таксама вершы Юркі Голуба і Леаніда Галубовіча.
Што да прозы. Найперш вылучаецца чарговая нізка апавяданняў Віктара Казько “На кручку”. Гэта густы хаатычны тэкст з панарамай савецкага (расійскага) і постсавецкага жыцця аўтара ў яго філасофскім развароце. Ён – для цярплівага, уважлівага і ўдумлівага чытача. Той жа, хто прачытае аповеды да канца, атрымае своеасаблівы мастацкі шок, пасля якога задумаецца над біблейскімі метамарфозамі зямнога чалавечага жыцця. Нядаўна я спытаў у Віктара Апанасавіча пра цяжкаваты замес яго стылістыкі. І ён адказаў мне, што гэта натуральная (жывая і рэчаісная) манера яго пісьма, якую ён выправіць не можа, не парушыўшы ўжо пазнавальнай многімі чытачамі сваёй літаратурнай адметнасці. Больш за тое, яна суладная і адпаведная яго празаічнаму дыханню, мысленчаму і сюжэтнаму ходу. Спрачацца не выпадала. Не магу не працытаваць некалькі важных, на мой погляд, фрагментаў з яго прозы, якія паказваюць на маштаб пісьменніцкай задумы В. Казько. З апавядання “Зямля як тэкст, альбо Валгаград, Сталінград, Царыцын”: “Савецкая рэчаіснасць паправіла справу. Угноіла глебу пад свае крывавыя міфы, сімвалы і святыні. Перапісала ці не ўсе тэксты сваёй і чужой зямлі, звяла іх да нікчэмнасці. Як жа мы зніякавелі і здрабнелі пасля здабычы агню і вырывання з пячораў. Ці не адно толькі ўдала атрымліваецца ў нас – паскудзіць, гадзіць на магілы продкаў ды на вечным агні памяці пражыць шашлыкі і каля яго спарвацца. Такія нашы сёння пасланні будучыні, тэксты, рукапісы і паліпсесты творцаў новых ідэалаў”.
З аповеду “Дзверы замкнутыя, ключ у вечнасці”: “Сацыёлагі і псіхолагі растлумачылі і ахрысцілі падобную з’яву стварэннем у людства катастрафічнай свядомасці. Свядомасці самазнішчэння і самазабойства, да чаго прыводзіць адчуванне замкнутасці свету на самім сабе. Інакш, кароткае замыканне прасторы і часу, вякоў і стагоддзяў, калі якраз і нараджаюцца монстры і цмокі – Леніны, Сталіны, Троцкія і Гітлеры”.
А вось Вінцэся Мудрова чытаць лёгка. Ён вольна і майстравіта выкладае прыгоды свайго маладога жыцця, прыхарошаныя і прыперчаныя сваім арыгінальным мастацкім талентам. Вось і гэты яго расповед пра “нябесныя знакі” 1986 года, што выявіліся яму на марознай Поўначы расійскага Наябрска, напэўна, намі, беларусамі, будуць зразумелымі лепш, чым іншымі.
Вельмі прыцягальная проза Паўла Ляхновіча. Яго апавяданне “Прыпяць цячэ…” нечым асацыіруецца ў чытацкай свядомасці з хэмінгуэеўскім шэдэўрам “Стары і мора”. Рамантычна-драматычнае падводнае паляванне на велічнага сама заварожвае. Прырода і чалавек ды прырода чалавека – вось асноўная ідэя і тэматыка творчасці гэтага адоранага пісьменніка.
Даволі чытэльная проза паэткі Таццяны Будовіч-Барадулі. Яе праца ў літаратурным музеі, расчытка спадчыны і лёсаў нашых творцаў, разгадка самагубстваў – усё гэта міжвольна прыўнесена ёю ў панараму кароткіх расповедаў, якія сваёй псіхалагічнай неардынарнасцю накладваюцца на нашу рэчаіснасць.
Не сказаў бы, што “мне зайшлі”, кажучы фразеалогіяй аўтара, дэбютныя празаічныя тэксты Марыны Булатоўскай. Гэта, як кажуць, для маладых і прасунутых. Спадзяюся, Марына перажыла ўжо гэтыя свае літаратурныя парыванні. Таму не сумняюся, што з плёну тых перажыванняў выснуюцца новыя, ужо больш сур’ёзныя і глыбокія рэчы.
Друкуецца вялікая падборка перакладаў з сучаснай украінскай літаратуры. Асабіста мяне найбольш уразілі вершы Наталкі Белацарківец і Сяргія Жадана (пераклад А. Хадановіча), а таксама проза Марыны Варыч (пераклад Б. Пятровіча). На гэтым рубрыка не сканчваецца, бо ў дадатак выстаўленая проза ўжо вядомага нам Этгара Керэта ў перакладзе з іўрыту Паўла Касцюкевіча. Гэтым разам перакладчык выбраў кароткія арыгінальныя прытчавыя аповеды ізраільскага пісьменніка з яго кнігі “Раптам стук у дзверы”, вартыя прачытання і траты часу.
Вольга Гронская прапануе чытачам пазнаёміцца з сучаснай аўстрыйскай паэзіяй праз поглядна-крытычныя асацыяцыі яе прадстаўніка Фердынанда Шмаца. Скажу шчыра: пачытаўшы, мне падалося, што наша сучасная не менш цікавейшая і не менш глыбейшая па сваім мастацкім узроўні.
У скароце друкуецца манаграфія Канстанціна Тышкевіча (1806-1868) “Вілія і яе берагі” (у гідраграфічных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных адносінах), адмыслова перакладзеная з польскай мовы Уладзімірам Васілевічам.
“Дзеяслоў” узнавіў публікацыю дзённікавых запісаў Міхала Дубянецкага. Нататкі носяць назву “Трэба рызыкаваць”. Чытанне вымагае роздуму і асэнсавання. Да прыкладу, такі фрагмент пра часы савецкай цэнзуры: “Заведзеная сістэма функцыянуе спраўна – усе ператварыліся ў апалчэнцаў цэнзуры – і аўтары, і рэдактары, і паліграфісты. Многія па перакананні, што так яно і павінна быць, некаторыя ж – каб не страціць куска хлеба. Аўтар баіцца, што калі выдавецтва атрымае з-за яго аплявуху, у Галоўліце ці іншым “галоў”, то больш не возмецца за выданне яго твораў. Гэта ў лепшым выпадку. А калі заўважана нешта больш-менш сур’ёзнае – паплоціцца кар’ерай. Таму перш, чым несці рукапіс у выдавецтва, аўтар прасявае яго сам на густое цэнзурнае сіта... У Галоўліце на кожнага рэдактара вядзецца дасье, куды запісваюцца ўсе яго цэнзурныя грахі. Збярэцца гэтых грахоў некалькі, і цэнзар абавязкова дасць ход справе... На Галоўліце СССР кола не замыкаецца – над ім стаіць ЦК КПСС. Сетка густая. Але ж і гэта яе не поўная характарыстыка. Ёсць яшчэ шматлікі цэнзурны інстытут – чытачы. (…) Гэта чытальніцкія падонкі… Яны бяруць у рукі кнігу не для таго, каб далучыцца да добрага, вечнага, а для таго, каб вышукаць у ёй антысаветчыну і паказаць адпаведным органам, які ён пільны, надзейны і адданы”.
Таксама ў нумары можна пазнаёміцца з творчымі партрэтамі былых сяброў і вядомых калег Кастуся Цвіркі, якія ўвойдуць у яго кніну “Човен часу” (Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін). Эдуард Дубянецкі спрабуе-такі разгадаць “Загадку Стральцова”. Іван Штэйнер разважае пра “канцэпцыю голаду ў беларускай і сусветнай літаратуры”. Алесь Гібок-Гібкоўскі піша пра нечаканы досвед і згадкі, звязаныя з няпростым лёсам свайго бацькі (“Прапаў без вестак”). Сяргей Кавалёў аналізуе гісторыю рамана Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”. Наталля Якавенка рэцэнзуе кнігу Валеры Гапеева “Ноч цмока”, а Яўген Бяласін дзеліцца свежымі ўражаннямі ад нечакана ўскалыхнуўшай медыяпрастору кніжкі Андруся Горвата “Радзіва “Прудок”. Завяршае публікацыі анатацыйная рубрыка новых кніг.
“Дзеяслоў” гэтым разам важкі як ніколі. Чытайма.
ЛеГал
Літаратурная Беларусь, выпуск №3 (127), сакавік 2017.
 

Новы "Дзеяслоў" - 500-годны!
Свежы нумар № 86 часопіса прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Выданне адкрываецца пачаткам публікацыі перакладу на беларускую мову Кнігі Роду, а таксама перастварэннямі Алеся Разанава "Францыск Скарына. Дзеля дабра паспалітага". Яшчэ сярод перакладаў: сучасная ўкраінская паэзія і проза, а таксама Эдгар Керэт і Фердынанд Шмац.
500-годнасць
Ірына Дубянецкая. Кніга роду. Новая беларуская Біблія.
Францыск Скарына. Дзеля дабра паспалітага. З кнігі вершаў “Маем найбольшае самі”. Перастварэнні Алеся Разанава.
Проза-паэзія
Валянціна Аксак. Паэзія прозы.
Паэзія
Юрка Голуб. Містэрыя. Вершы.
Леанід Галубовіч. Наступствы цывілізацыі. Тры вершы і пяць верлібраў.
Алесь Камоцкі. Жыццё пайшло на новы лад. Вершы.
Анатоль Івашчанка. Сінявокая. Вершы.
Таццяна Дзмітрыева. Карціны размаляваныя з абодвух бакоў. Вершы.
Проза
Віктар Казько. На кручку. Нізка апавяданняў. (Заканчэнне).
Вінцэсь Мудроў. Нябесныя знакі. Апавяданне.
Павел Ляхновіч. Прыпяць цячэ… Апавяданне.
Таццяна Будовіч-Барадуля. Помста. Два апавяданні.
Дэбют
Марына Булатоўская. Бедная Марыя. Два апавяданні.
Пераклады
“А ты чалавек – цябе не зловіць ніхто” Сучасная ўкраінская паэзія і проза.
Алег Лышэга. Вершы.
Наталка Білацарківец. Вершы.
Сяргій Жадан. Вершы.
Алена Герасімюк. Вершы.
Пераклад Андрэя Хадановіча.
Марына Варыч. У ноч на перадвелікодную пятніцу. Апавяданне.
Наталля Куліш. Барон. Апавяданне.
Пераклад Барыса Пятровіча.
Этгар Керэт. Іншасвет. Апавяданні з кнігі “Раптам стук у дзверы”.
Пераклад Паўла Касцюкевіча.
Фердынанд Шмац. Паэзія ад мовы ў сучаснай аўстрыйскай літаратуры.
Пераклад Вольгі Гронскай.
Вытокі
Канстанцін Тышкевіч. Вілія і яе берагі ў гідраграфічных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных адносінах.
Пераклад Уладзіміра Васілевіча.
Дзённікі
Міхаіл Дубянецкі. “Трэба рызыкаваць” Дзённікавыя запісы перыяду працы ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. (Працяг).
Згадкі
Кастусь Цвірка. Човен майго часу. З новай кнігі. (Працяг).
Эсэ
Эдуард Дубянецкі. Загадка Стральцова. Да 80-годдзя пісьменніка.
Іван Штэйнер. Голад галодных і сытасць сытых. Канцэпт голаду ў беларускай і сусветнай літаратуры. (Працяг).
Памяць
Алесь Гібок-Гібкоўскі. Прапаў без вестак.
Прачытанне
Сяргей Кавалёў. Карабель у бурлівым моры часу: гісторыя аднаго твора.
Кнігапіс
Наталля Якавенка. Міфалагічна-дэтэктыўны мікс з эратычным флёрам. Роздум над раманам Валера Гапеева «Ноч цмока».
Яўген Бяласін. Кніга Горвата – гэта музей. Рэцэнзія на кнігу Андруся Горвата.
Дзеяпіс
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова».
 
Віншуем лаўрэатаў "Залатога Апострафа"
Увечары 10 лютага ў галерэі TUT.BY адбылося ўрачыстае адкрыццё Шостага міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова. У ягоных межах у 14-ты раз была ўручана штогадовая прэмія за найлепшую публікацыю ў часопісе «Дзеяслоў», якую атрымалі Крысціна Бандурына (дэбют), Валеры Гапееў (проза) і Міхась Скобла (паэзія).
Сімвалы прэміі "Залаты апостраф"
Лаўрэат "Залатога апострафа" ў прозе Валер Гапееў
Міхась Скобла атрымлівае прэмію ў галіне паэзіі з рук адказнага сакратара часопіса "Дзеяслоў" Анатоля Івашчанкі
Трохдзённы паэтычны фестываль сёлета прымеркаваны да 80-годдзя з дня нараджэння свайго патрона Міхася Стральцова, пройдзе на трох пляцоўках і аб'яднае паэтаў, перакладчыкаў, музыкантаў з Беларусі, Літвы, Чэхіі, Швецыі, Украіны, Польшчы, Расіі.
Галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч
Арганізатары — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Беларускі ПЭН-цэнтр.
Партнёры: Шведскі саюз пісьменнікаў, грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!", галерэя TUT.BY, Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Мінску, Чэшскі цэнтр у Кіеве.
Мадэратарам адкрыцця фэсту стаў Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, з прывітальным словам выступіў Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.
Мары Лундквіст (Швецыя) і перакладчыца Надзея Кандрусевіч
Сяргій Жадан (Украіна)
Традыцыйна фэст "Вершы на асфальце" быў распачаты з чытання твораў Міхася Стральцова на розных мовах, у арыгінале і ў перакладзе. Па-ўкраінску перастварыў Стральцоўскія тэксты і прадставіў іх Сяргій Жадан.
Па-шведску загучалі паэтычныя радкі беларускага класіка дзякуючы перакладчыку Дзмітрыю Плаксу і аўтарцы Мары Лундквіст, якая прадэкламавала іх.
Пісьменнік і даследчык Міхась Скобла прэзентаваў укладзеную ім кнігу "Выгнаны патрыцый", прысвечаную жыццю і творчасці Стральцова.
Алена Стральцова і Раіса Баравікова
Злева направа: Марыя Маляўка (намінатка на дэбют "Залатога апострафу"), Крысціна Бандурына (лаўрэатка), Даша Бялькевіч (намінантка), Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч
Свята паэзіі наведала ўдава пісьменніка Алена Стральцова. Музычна аздобіў вечарыну Павел Аракелян.
ВТ, для lit-bel.org
 
Стаў вядомы шорт-ліст прэміі “Залаты Апостраф”

[caption id="attachment_1631" align="alignleft" width="300"] Сяргей Дубавец падчас уганаравання за лепшую публікацыю ў 2014 годзе[/caption]
Рэдакцыя “Дзеяслова” абвесціла шорт-ліст літаратурнай прэміі «Залаты Апостраф», якая традыцыйна адзначае найлепшыя публікацыі ў часопісе за год. Уганараванне лаўрэатаў адбудзецца ў Галерэі TUT.BY падчас адкрыцця VI Міжнароднага паэтычнага фестываля «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова.
Паэзія
Аксана Данільчык. Час знешняй адсутнасці. Вершы. №84
Алег Мінкін. Як дагарае свечка... Паэма. №80
Міхась Скобла. Кансервацыя агню. Вершы. №84
Проза
Валеры Гапееў. Ноч Цмока. Раман. №80-81
Зараслава Камінская. Гульня словаў. Апавяданне. №83
Вінцэсь Мудроў. Марсіяне над вёскай. Апавяданне. №83
Дэбют
Крысціна Бандурына. Гарадскія ланцужкі. Апавяданне. №83
Даша Бялькевіч. Кветкі і цыгарэткі. Вершы. №80
Марыя Маляўка. Жывая рыба. Апавяданне. №81
Уганараванне адбудзецца 10 лютага па адрасе: Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57, ст. м. Міхалова. Пачатак а 18:30.