…не той паэта, хто вершыкі піша
не той празаік, хто піша пра заек…

— Анатоль Івашчанка
 
Свежы "Дзеяслоў"
Паэзія Уладзімер Арлоў. Алека. Балканская балада.               Анатоль Зэкаў. Белае і чорнае. Вершы. Віктар Слінка. Вымаўленае ўслых. З новай кнігі “Элегія звароту”.   Воля Чайкоўская. Зялёная тонкая вечнасць. Вершы.           Мікола Кандратаў. Галасы. Вершы. Андрэй Козел. Верш недапісаны лёг на стале... Вершы.   Проза Віктар Казько. На кручку. Нізка апавяданняў. (Працяг). Валерый Казакоў. «Чорны кот». Раман. (Заканчэнне). Анатоль Бутэвіч. “Балбес”, або Закаханы Колік. Апавяданне. Анатоль Бароўскі. Гетману адданы. Урывак з рамана “Кузня”           Адам Глобус. Віленскія казкі. (Заканчэнне).   Конкурс “Экслібрыс”. Творы пераможцаў конкурсу маладых літаратараў. Антось Уласенка. Faёrie Вялікае Літвы. Алена Карп. All you need is love, або Чалавек мусіць быць абнятым. Даря Латышава. Увайсці ў адно «Возера» двойчы. Паліна Піткевіч. Нырэц па перліны. Тэатр Вольга Гапеева. Там. П’еса ў чатырох дзеях.   Пераклады Леанід Філатаў. Пра Хвядоса-стралка, здатнага дзецюка. Казка для тэатра на матывы расейскага фальклору. Пераклад Макса Шчура.   Згадкі Кастусь Цвірка. Човен майго часу. З новай кнігі.   Юбілей Станіслаў Рудовіч. “Устань, пакрыўджаны народ!” Палітычная публіцыстыка Змітрака Бядулі 1917 – 1920 гг. Васіль Дэбіш. Тры дні на радзіме паэта. Штрыхі да творчага партрэта Алеся Каско.   Эсэ Васіль Жуковіч. Міколавы святыні. Васіль Дранько-Майсюк. Пякельная рэчаіснасць Барыса Сачанкі. Словы Аляксандр Тамковіч. Готланд – далёкі і блізкі. Гутарка з Аленай Пастэрнак. Вандроўкі Вера Лойка. Шведскія канікулы. Кнігапіс Леанід Галубовіч. “А восень яшчэ маладая...” Рэцэнзія на кнігу Хрысціны Лялько. Дзеяпіс Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова».
 
Дзеяслоў №84
«Дзеяслоў» № 84 — вершы Законнікава, проза Бабкова, пераклады з Бадлера і Кульбака У нумары — сучасная беларуская паэзія, «Віленскія казкі» Адама Глобуса, пачатак рамана Валерыя Казакова «Чорны кот», штрыхі да творчага партрэта рэпрэсаванага паэта 1930-х гадоў Змітра Віталіна ад даследчыка Віктара Жыбуля і многае іншае. Паэзія ў нумары прадстаўленая, акрамя ўжо згаданай нізкі Сяргея Законнікава, творамі Міхася Скоблы, Леаніда Дранько-Майсюка, Аксаны Данільчык, Усевалада Сцебуракі і Кацярыны Сянкевіч. Асобнай увагі вартыя пераклады: чытачоў “Дзеяслова” парадуюць проза Масея Кульбака ў перастварэнні Вольфа Рубінчыка, паэзія Шарля Бадлера і Таццяны Якавенка, агучаныя па-беларуску адпаведна Андрэем Хадановічам і Людмілай Паўлікавай-Хейдаравай. З апавяданнем дэбютуе Вольга Мікалайчык, Ігар Бабкоў публікуе аповесць “Эва Дамініка: лінія фронту”, а Алесь Емяльянаў-Шыловіч — россып мініяцюр “Вокны”. Эпісталярый — з электроннага ліставання Тацяны Сапач (заканчэнне), запісы Міколы Гіля (успаміны колішняга рэдактара  “ЛіМ”а), эсэ Сяргея Чыгрына і Анатоля Астапенкі. Крытыка — Леанід Галубовіч пра Марыю Вайцяшонак і Уладзімір Сівіцкі пра Алену Ігнацюк. Завяршаецца нумар традыцыйным аглядам кніжных навінак.
 
Свежы "Дзеяслоў"
Пабачыў свет новы 83-ці нумар "Дзеяслова". Нумар адкрывае новая аповесць Уладзіміра Арлова "Дом з дамавікамі". Гэта ўжо трэці па ліку новы твор вядомага палачаніна, апублікаваны ў нядаўнім часе (пасля "дзеяслоўскіх" "Танцаў над горадам" і "нашаніўскага" "Чорнага чалавека на зялёнай канапе"). Таксама ў рубрыцы проза вартыя ўвагі апавяданні Вінцэся Мудрова, Паліны Качатковай, Зараславы Камінскай, Юльяны Пятрэнка, Крысціны Бандурынай, мініяцюры Мікалая Мароза, заканчэнне дыптыху Генрыха Далідовіча. "І раптам, калі да прыбярэжнага трыснягу заставалася мо якіх пару сотняў метраў, сляпучая серабрыста-блакітная страла ўдарыла паміж лодкай і берагам проста ў возера. Не, гэта была не страла: у навальнічнай прасторай між небам і хвалямі вырас жывы зіхотка-пульсоўны слуп, па якім імкліва прабягалі чорныя змеі. Слуп як быццам спрабаваў падтрымаць гатовы абрынуцца на зямлю небасхіл. На момант чорныя змеі зніклі, і на слупе як быццам праявіліся невыразныя абрысы жаночай постаці". Уладзімір Арлоў, "Дом з дамавікамі" Аб'ёмным творам у раздзеле паэзіі дзеліцца Леанід Дранько-Майсюк — апублікавана яго паэма "Ладдзя Роспачы". З вершаванымі падборкамі ў нумары выступаюць Андрэй Гуцаў, Васіль Жуковіч, Юрый Ігнацюк, Алесь Нінько, Тадора Шпілька, Ігар Высоцкі. Над скрыжаваннем гэты храм. Не відавочны мне і вам. Налева — рынак, зручны кошт. Направа — сервіс "Вынь-Палож". Ля святлафораў гул аўто, Быцця маток, жыцця каўток — І воўк, ахрышчаны ў Тамбове, Рве падлу Божае любові. Андрэй Гуцаў, "Храм зачынены: місія завершана". У рубрыцы "Пераклады" заўважнымі для прыхільнікаў паэзіі стануць новыя пераклады Андрэя Хадановіча, а менавіта — ягоныя перастварэнні першага зборніка Гіёма Апалінэра "Бестыярый", а таксама знакамітай паэмы "Зона". У перакладзе Таццяны Анікеенка друкуюцца апавяданні балгарскіх пісьменнікаў Георгія Маркава і Міхаіла Вешыма. Надзвычай разнастайным і аб'ёмным у нумары стаўся мемарыяльны раздзел. Ладную яго частку займаюць тэксты, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна, якое будзе адзначацца ў жніўні. Частку з сваёй кнігі ўспамінаў прапануе Сяргей Законнікаў, а шматгадовы "лімавец" Мікола Гіль адшукаў у сваіх архівах неапублікаваныя тэксты вядомых беларускіх аўтараў — артыкул Васіля Быкава, лісты Івана Ласкова, Алеся Чобата, Масея Сяднёва, запіскі Рыгора Барадуліна. Выдатна перадае характар трагічна загінулай Таццяны Сапач публікацыя ейнай электроннай перапіскі 2000-х гадоў, прымеркаваная да жнівеньскіх угодкаў паэткі. З навуковымі артыкуламі і рэцэнзіямі на новыя кнігі ў нумары выступаюць Леанід Галубовіч, Іван Саверчанка, Уладзімір Мароз, Анатоль Астапенка, Марыя Маляўка. Нумар адкрывае новая аповесць Уладзіміра Арлова "Дом з дамавікамі". Гэта ўжо трэці па ліку новы твор вядомага палачаніна, апублікаваны ў нядаўнім часе (пасля "дзеяслоўскіх" "Танцаў над горадам" і "нашаніўскага" "Чорнага чалавека на зялёнай канапе"). Таксама ў рубрыцы проза вартыя ўвагі апавяданні Вінцэся Мудрова, Паліны Качатковай, Зараславы Камінскай, Юльяны Пятрэнка, Крысціны Бандурынай, мініяцюры Мікалая Мароза, заканчэнне дыптыху Генрыха Далідовіча. "І раптам, калі да прыбярэжнага трыснягу заставалася мо якіх пару сотняў метраў, сляпучая серабрыста-блакітная страла ўдарыла паміж лодкай і берагам проста ў возера. Не, гэта была не страла: у навальнічнай прасторай між небам і хвалямі вырас жывы зіхотка-пульсоўны слуп, па якім імкліва прабягалі чорныя змеі. Слуп як быццам спрабаваў падтрымаць гатовы абрынуцца на зямлю небасхіл. На момант чорныя змеі зніклі, і на слупе як быццам праявіліся невыразныя абрысы жаночай постаці". Уладзімір Арлоў, "Дом з дамавікамі" Аб'ёмным творам у раздзеле паэзіі дзеліцца Леанід Дранько-Майсюк — апублікавана яго паэма "Ладдзя Роспачы". З вершаванымі падборкамі ў нумары выступаюць Андрэй Гуцаў, Васіль Жуковіч, Юрый Ігнацюк, Алесь Нінько, Тадора Шпілька, Ігар Высоцкі. Над скрыжаваннем гэты храм. Не відавочны мне і вам. Налева — рынак, зручны кошт. Направа — сервіс "Вынь-Палож". Ля святлафораў гул аўто, Быцця маток, жыцця каўток — І воўк, ахрышчаны ў Тамбове, Рве падлу Божае любові. Андрэй Гуцаў, "Храм зачынены: місія завершана". У рубрыцы "Пераклады" заўважнымі для прыхільнікаў паэзіі стануць новыя пераклады Андрэя Хадановіча, а менавіта — ягоныя перастварэнні першага зборніка Гіёма Апалінэра "Бестыярый", а таксама знакамітай паэмы "Зона". У перакладзе Таццяны Анікеенка друкуюцца апавяданні балгарскіх пісьменнікаў Георгія Маркава і Міхаіла Вешыма. Надзвычай разнастайным і аб'ёмным у нумары стаўся мемарыяльны раздзел. Ладную яго частку займаюць тэксты, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна, якое будзе адзначацца ў жніўні. Частку з сваёй кнігі ўспамінаў прапануе Сяргей Законнікаў, а шматгадовы "лімавец" Мікола Гіль адшукаў у сваіх архівах неапублікаваныя тэксты вядомых беларускіх аўтараў — артыкул Васіля Быкава, лісты Івана Ласкова, Алеся Чобата, Масея Сяднёва, запіскі Рыгора Барадуліна. Выдатна перадае характар трагічна загінулай Таццяны Сапач публікацыя ейнай электроннай перапіскі 2000-х гадоў, прымеркаваная да жнівеньскіх угодкаў паэткі. З навуковымі артыкуламі і рэцэнзіямі на новыя кнігі ў нумары выступаюць Леанід Галубовіч, Іван Саверчанка, Уладзімір Мароз, Анатоль Астапенка, Марыя Маляўка. Шукайце часопіс у менскіх кнігарнях: "Акадэмкніга" (пр. Незалежнасці, 72) Кнігарня "Логвінаў" (пр. Незалежнасці, 37а) "Кніжная шафа" (пр. Дзяржынскага, 9 Кніжны салон (вул. Калініна, 5), а таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by i prastora.by.  
 
"Дзеяслоў" у "Кніжнай шафе"
Цяпер часопіс "Дзеяслоў" можна набыць у кнігарні "Кніжная шафа" (пр. Дзяржынскага, 9, уваход са двара). Шукайце часопіс таксама ў менскіх кнігарнях: "Акадэмкніга" (пр. Незалежнасці, 72) Кнігарня "Логвінаў" (пр. Незалежнасці, 37а) Кніжны салон (вул. Калініна, 5) І ў інтэрнэт-крамах knihi.by i prastora.by.
 
Залаты Апостраф-2015

Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай прэміі «Залаты апостраф», якая традыцыйна адзначае найлепшыя публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў» за год. Уганараванне лаўрэатаў адбудзецца 24 лютага ў кнігарні «Галіяфы».

Цяпер намінавацца на прэмію могуць і тыя аўтары часопіса, якія былі лаўрэатамі «Залатога апострафа» ў ранейшыя гады.   Паэзія

Анатоль Брусевіч. Вяртанне ў адсутнасць. Вершы. №76

Вольга Гронская. Мора ўнутры мяне. Вершы. №76

Віталь Рыжкоў. Удары ў хвіліну. Вершы. №79

Аксана Спрынчан. Снежнае «рэ». Вершы. №75

Андрэй Сцепанюк. Бельскае маўчанне. Вершы. №74

Проза

Уладзімер Арлоў. Танцы над горадам. Аповесць. №79

Алена Брава. Мёд Чорнага Месяца. Апавяданне. №77

Уладзімір Някляеў. На ўсякім свеце. Прыпавесць. №78

Франц Сіўко. Цымант. Аповесць. №74

Уладзімір Сцяпан. Задача. Тры навелы. №74

Дэбют

Валерыя Данілевіч. Бойка чорнага з белым. Вершы. №79

Павел Дарохін. Мая Ітака. Вершы. №74

Яўген Іхонкін. Новы дзень, прывітанне! Вершы. №78

Яўгенія Пракапчук. Вышыванка. Вершы. №76

Надзея Тачыцкая. Заслона неўміручасці. Абразок. №75

Уганараванне лаўрэатаў адбудзецца 24 лютага ў кнігарні “Галіяфы” (Траецкае прадмесце; Старавіленская, 6). У вечарыне возьмуць удзел: дзеяслоўцы Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Федарэнка, Анатоль Івашчанка, Усевалад Сцебурака, а таксама лаўрэаты прэміі ранейшых гадоў і музыкі Раман Абрамчук (спевы, гітара), Аляксандр Карабань (кантрабас). Пачатак у 19.00. Уваход вольны.
 
Выйшаў свежы "Дзеяслоў"
[caption id="attachment_1421" align="alignleft" width="193"] Дзеяслоў 80[/caption] Чытайце ў нумары: Проза Васіль Быкаў. «У тую вясну...» Уладзімір Някляеў. Лапаціна. Прыпавесць. Валеры Гапееў. Ноч Цмока. Раман. (Пачатак).           Анатоль Бутэвіч. Тунэль чалавечага жыцця. Дзве рэфлексіі.                                  Анатоль Астапенка. Нэйсі. Фантастычнае апавяданне.      Проза Мікола Гіль. Зімовыя васьмірадкоўі. З файлаў ганебных часін.                  Уладзімер Арлоў. Паэтычны фэст у Друскеніках. Балада.    Алег Мінкін. Як дагарае свечка... Паэма. Валеры Дубоўскі. Белае поле. Вершы.    Віктар Жыбуль. Свабода тэлепартацыі. Вершы.            Дэбют Даша Бялькевіч. Кветкі і цыгарэткі. Вершы.               Пераклады Джузэпэ Манфрыдзі. Пейзажныя замалёўкі. Фрагменты кнігі. Пераклад Аксаны Данільчык.              «Госпадзе, ці Ты маеш насоўку?» Творы гасцей фестываля “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. Пераклады Андрэя Хадановіча і Усевалада Сцебуракі. Мар’юс Бурокас.                               Богдан Задура.                                  Ала Мікалаенка.                                Дайва Чапаўскайтэ.                          Люба Якімчук.                                    Да 130-годдзя Івана ЛУЦКЕВІЧА Аляксей Каўка. Вястун «нашаніўскай» эпохі. З жыццяпісу Івана Луцкевіча, або Ідэя ў дзеянні.                                 Эпісталярый  Леанід Дранько-Майсюк. “…Гатовы Вам заўсёды дапамагчы…” Ліставанне з Міхасём Стральцовым.   Памяць Генрых Далідовіч. “Закон Дамашэвіча”. Згадкі пра старэйшага сябра.               Жыццяпіс Сяргей Шапран. Уладзімір Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія. Старонкі новай кнігі. (Заканчэнне).                                              Гісторыя Ірына Масляніцына, Мікола БагадзяжКнязь Усяслаў Ваўкалак.   Дослед Сяргей Чыгрын. Аматары агню і святла. Беларускамоўная фелуменія.               Практыкум Ірына Шаўлякова. “Net-паязджане”: побыт і норавы сеціўнай літаратурнай крытыкі.   Прачытанне Леанід Галубовіч. За прычыненымі дзвярыма. Развагі пра творчасць паэткі з Бельску Надзеі Артымовіч.    Кнігапіс Наста Грышчук. Кветкі на магілах атлантаў. Рэцэнзіі на кнігі Леаніда Галубовіча і Людмілы Рублеўскай.              Дзеяпіс Новыя выданні на кніжных паліцах "Дзеяслова".   
 
Кавыль – сімвал нязломнасці
Даволі дзіўнае адчуванне ўзнікае, калі набіраеш на кампутары верш 1932 года і ў той жа час ведаеш, што аўтарава дыханне яшчэ грэе свет жывых. Міхась Кавыль, Язэп Казіміравіч Лешчанка сёння адзначае свой 100-гадовы юбілей. Піша Ціхан Чарнякевіч. Міхась Кавыль Нарадзіўся паэт, адпаведна, у 1915 годзе ў адной з сялянскіх хатаў случанскай вёскі Покаршаў. Хадзіў вучыцца ў школкі большых за родную вёсак – у Грэск і Грозава. У тым самым славутым Грозаве, за які год да таго як выправіцца будучы паэт на вучобу, арганізуецца Грозаўскі полк слуцкіх паўстанцаў. 1930 год стане для беларускай гісторыі чорным часам – разгорнецца справа “Саюзу вызвалення Беларусі”, будзе арыштаваная і зацяганая на допыты фактычна ўся нацыянальная інтэлігенцыя: дзясяткі й дзясяткі паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў атрымаюць неўзабаве першыя тэрміны высылкі і лагероў. Для случака Язэпа Лешчанкі гэты год стане шчаслівым; пазней, у сваіх успамінах, будзе ён прыгадваць, як маліўся ўкленчыўшы перад абразом Багародзіцы пра тое, каб паступіць у менскі Белпедэхнікум, і як мара ягоная спраўдзілася. Вучыцца ён разам з беларускімі літаратарамі Сяргеем Астрэйкам, Уладзімірам Гуцькам (Дудзіцкім), Францам Гінтаўтам, Лукашом Калюгам, Уладзімірам Сядурам. Уступае ў літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Маладняк” і друкуе ў аднайменным часопісе першыя свае вершы. Разам з тым, надыходзяць і дні смутку: недзе зусім побач адбываюцца арышты, ходзяць чуткі пра тэхнікумаўскіх сэксотаў, урэшце яго самога заводзяць у дом ГПУ і змушаюць да вярбоўкі і стукацтва на сваіх сяброў. Пасля адмовы Кавыля станавіцца сэксотам праходзіць зусім няшмат часу, і аднойчы, а менавіта 23 лютага 1933 года на святочных танцах у клубе, да яго звяртаецца вайсковец і патрабуе выйсці на двор. Паэт нават не збіраецца браць паліто, але “дабрачы” чэкіст пераконвае яго апрануцца, бо “можна прастудзіцца”. За гэтым – агаламшальнае паведамленне пра арышт, сухая галадоўка, “амерыканка”, камера, поўная напаўзвар’яцелых смяротнікаў, падступнае ілжывае следства і – тры гады канцэнтрацыйных лагероў. Збылося прароцтва цыганкі, якая зайшлася ў хату Лешчанак перад ад’ездам Язэпа ў Менск, сапраўды чакалі на яго “казённы дом і далёкая дарога”. 30 дзён у прадзіманым вятрамі і дарэшты запоўненым вагоне, без дроваў для печкі, з пайкай селядцоў, але без вады. Урал, Сібір, Нова-Сібірск, Нікольск-Усурыйск, Сядан. Далёкі Усход, дзе, дзякуючы малаадукаванай сакратарцы ГУЛАГа не разабраліся: 74 артыкул крымінальнага кодэксу БССР азначаў “контррэвалюцыю”, а Кавыля запісалі па ўсесаюзным 74 артыкуле – “хуліганства”. Амаль тры гады “малядняковец” Язэп Маёвы валіў лес, рабіў дошкі на пілараме, будаваў дамбы на рэках Далёкага Усходу, вывозіў тачкамі зямлю, вырабляў цэглу для ваданапорных станцый, якую даводзілася выцягваць з пякельных лагерных печаў проста рукамі, абернутымі ў старыя рукавіцы; закладаў аманал ва ўладзівастоцкія сопкі, вісячы ў паветры на чэсным слове турэмнай вяроўкі. Аднойчы ж нават змушаны быў намаляваць тушшу 18 партрэтаў наркама ўнутраных спраў Генрыха Ягоды. Урэшце, не адбыўшы да канца свайго тэрміну, быў вызвалены. Далей чакала кароткае падарожжа на Радзіму, адзін дзень у роднай вёсцы і пасяленне ў Варонежы, далей ад Беларусі. Адным вокам убачыў Кавыль на сцэне варонежскага тэатра ў 1936 годзе ссыльнага Восіпа Мандэльштама. Паслухаць выступ расійскага класіка не ўдалося: заля была запоўненая цалкам. У Варонежы вучыўся на настаўніка, працаваў на заводзе, а неўзабаве быў прызваны на фронт, дзе трапіў у палон і вярнуўся ў Беларусь працаваць у беларускіх арганізацыях пад нямецкай акупацыяй. Як і тысячы іншых беларусаў, з веданнем, што яго чакае пасля вайны, вырашыў не заставацца ў Беларусі і паехаў у эміграцыю. Дзе, зрэшты, і нарадзіўся нанова як паэт. Блуканне па пакутах, вечнае вандраванне, цяжкая фізічная праца успрымаліся ўжо як этапы паэтычнага шляху. Першая кніжка вершаў, “Ростань” (1947) выйшла ў лагеры для перамешчаных асобаў у Рэгензбургу. Другая, “Пад зорамі белымі” (1954) у Нью-Ёрку, трэцяя “Першая рана” (1960) у Манчэстэры. Чацвёрты тамок вершаў, “Цяжкія думы” (1961), складзены з цвёрдых паэтычных формаў, пабачыў свет у Саўт-Рыверы. У сярэдзіне 1950-х крытык і ідэолаг амерыканскай эміграцыі Антон Адамовіч намаўляе Кавыля на складаную паэтычную форму, нечуваную для беларускай паэзіі – вянок санетаў. У 1956 годзе Міхась Кавыль, у супрацы і пад шчыльнай рэдактурай Адамовіча, заканчвае свой першы вопыт у гэтай форме – твор “Цяжкія думы”, спаборнічаючы ў гэтым з Алесем Салаўём, які дасылае з Аўстраліі фрагменты свайго “вянка”. Але і без увагі на класічныя вершаваныя памеры Кавыль стаецца адным з самых цікавых паэтаў на эміграцыі, што выразна засведчыў аднатомны збор яго твораў “Міжагнёўе”, выпушчаны Беларускім Інстытуам Навукі і Мастацтва ў Н’ю-Ёрку ў 1990 годзе. 100 гадоў Язэпу Лешчанку, Язэпу Маёваму, Міхасю Кавылю! Шчыра віншуем беларускага чытача і беларускую літаратуру з гэтай сапраўды знакавай датай. Ніжэй прапануем выбраныя вершы апошняга беларускага “маладнякоўца”, праўдзівага патрыярха беларускай паэзіі.   Ідзі, ідзі… Упала ноч. Як эдэльвайсы, зоры Цвітуць над Альпамі. Аскепак-маладзік У неба ўрэзаўся. Блакітнае на горы Імжыць святло. А ты ідзі, ідзі… Якая ноч! Як у святыні, ціха І урачыста. На калені упадзі. Вунь там агонь міргае… Шчасце з ліхам Кладуцца спаць… А ты ідзі, ідзі… Трывожыць ноч, як смерці жах мінулы, І прышласць мроіцца, як недабіты дзік. Нібы агонь, няўсподзеў шуганула Жаданне жыць. Каб жыць, ідзі, ідзі… Разбілась ноч, і зазвінелі зоры. Прамень, як штых, бліснуў… І маладзік Збляднеў, самлеў. Ружовае на горы імжыць святло. А ты ідзі, ідзі… 1944-1952   Маўкліня Баюся ў моўкны мой пакой заходзіць‚ Хто скажа – трус... А я прайшоў агні. І супакой – знаходзіў у прыгодзе‚ Чакаў‚ бы вязень волі‚ маўкліні.   Тады‚ як неба на зямлю йшло ў наступ‚ Хрысцілі высь пражэктараў нажы‚ – Я прабіраўся‚ што вужака‚ пластам У тыл варожы... Вось тады я жыў.   Тады затоеным я жыў дыханнем І прагна піў маўклівасць зораў‚ ніў. Ды перажыў раз маўкліню канання... Маўклівіць ноч. Баюся маўкліні. 21 траўня 1955 г.   Мэта Гараць агні. Зацьміла сонца згага‚ Губляецца ў тумане небасхіл‚ А мы ідзём‚ трымаем раўнавагу‚ Ды падаюць знямоглыя без сіл.   А мы ідзём‚ імпэтам гоім раны‚ Утолім спрагу горкую расой. О‚ цудаў свет! О‚ край укрыжаваны! Хто вас спавіў пакутай і красой?   Далёкі шлях‚ а мэта бліжай‚ бліжай‚ Гараць агні‚ знаёмыя агні... Няхай маланка нашы слёзы ніжа І зорамі рассыпле ў вышыні.   Не стыгне войная адвага                        Уладзіміру Пелясе  Не стыгне войная адвага‚ Паходаў дальніх сняцца сны; Жыцця няўтоленая смага Прыгодаў гойдае чаўны.   Вятры сустрэчныя скуголяць‚ Грымотны блізіцца уздых... Ці шторму буйная сваволя Спраможа поступ маладых?   Ад смелых рызыкі‚ натугі Скрыгочуць крыкі леднікоў... Крывёй абмытыя ратугі Пад ногі вымасцім вякоў.   Паходні жужлай не сатлелі‚ Наш гарт змагарны не асмяг; Шрапнэллю шытыя шынэлі Не кінем з ганьбай у кустах.   Мы не шукаем Тропік Рака – На штурм уснадзім караблі‚ І кінем зноў вандроўны якар У бухце Сонечнай Зямлі.   У акіяне   Вецер-смык на струнах-тросах Грае дзікія факстроты. Як дазоры, альбатросы, Нібы здані, шчоглы-гроты.   Акіяну й неба шэрасць, Маракі наўкол паселі. Дзень і ноч калоціць, мэрам На шалёнай карузэлі.   Раптам кіне, нібы з кручы, Скрыгане, як сталь у жорнах. Як у пекле тым кіпучым, Круціць, верціць, бела, чорна…   Паўтарацьмеш безупынна, Як вар'ят той загайданы – Ўсе пяскі збяру з пустыняў І засыплю акіяны…   27 лютага 1950 г. Атлантычны акіян.   Ню-Ёрк   Ботам каменным упёрся ў воду, У зямлю другім, стаіць і марыць, Голаў узняўшы за хмары, Горад няўзгодаў, горад прыгодаў.   Прыстань вятроў, акіяну хваляў, Сімфонія фарбаў, бетону, сталі… Горад мільённагаловы, мільённавокі Грудзі падставіў ветрам шырокім.   1950   Нож   Не з нягнуткай сталі, з серабра Ён адліты. Год яму ці мала. Колькі раз яго у рукі браў, Над сталом схіліўшыся, Купала.   Разразаў пяшчотна «Кабзара», Вершы Гётэ, томікі Лангфэла… За вакном крывавая зара Над зямлёй спалоханай зырэла.   Здрыгануўся. Смерць у тыя дні І касой махала, і сякерай. Але нож не можам мы вініць: Ён не быў і сведкай харакіры.   Зазвінеў і змоўкнуў на стале. Шуганулі шэрыя шынэлі… Як паэт скрываўлены самлеў, Серабра усхліпы патускнелі.   З той пары лагодная рука Яго доўга, доўга не кранала. На ліхую долю наракаў, Над сталом схіліўшыся, Купала.   Серабро свяцілася зырчэй, Як, бывала, моладзь завітае І віно ў кілішкі пацячэ… О, бурштыну песня залатая!   Толькі ў тую чэрвеньскую ноч, Яе пярун быў джвагнуў перад раннем І Купала выбіраўся ўпроч, – Не прыйшоў ніхто на развітанне.   Кінуў дом паэт і серабро І пайшоў ад смерці ў рукі смерці. Толькі нож мо й бачыў, як дабро Узнялося ў неба чорным смерчам.   Шмат чаго ён бачыў. Не прасем – Ні аб чым не здрадзіць да сканання; Таямніцы ў неведзь панясе У сваім сярэбраным маўчанні.   1953   Сястры  Далёкая каханая сястра! Ці помніш ты, як змеі-бліскавіцы саджалі джалы ў жыта ды пшаніцу, хвастамі росы абсякалі з траў?   Як неба ніву гром-пярун араў, і я ў спалосе долу падаў ніцам? А ты не ўмела «Айчанаш» маліцца, дык ціхай песняй адганяла страх?   З тае пары колькі разоў грымела. Мо не паверыш, але стаў я смелы: ўжо не дрыжу, бы ўзімку верабей.   Ды вось, як толькі блісне, загрукоча, замкнуцца самі неяк хутка вочы, і ўбачу поле, гурт авец, цябе…   1969 Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org Цалкам матэрыял да 100-гадовага юбілею Міхася Кавыля чытайце ў №79 часопіса "Дзеяслоў"
 
У № 78 «Дзеяслова» – невядомы «шасцідзясятніцкі» дзённік Караткевіча
Летам у рэдакцыю часопіса нечакана звярнулася пляменніца пісьменніка Алена Сінькевіч. Яна прапанавала для публікацыі дзённік Уладзіміра Караткевіча, датаваны 1965-1966 гадамі, які захоўваецца ў хатнім архіве пісьменніка. Алена Сінькевіч вырашыла самастойна падрыхтаваць яго да друку і напісаць каментарыі. Спраўджваецца з арыгіналам вёрстка дзённіка У. Караткевіча. Злева направа: Анатоль Івашчанка, Барыс Пятровіч, Алена Сінькевіч Як ведаюць караткевічазнаўцы, паўнавартаснага шматгадовага дзённіка, у адрозненне ад Максіма Танка ці Вячаслава Адамчыка, Уладзімір Сямёнавіч не вёў. У часе перабудовы былі адшуканыя і апублікаваныя паасобныя нататнікавыя запісы пісьменніка, якія да схілу пісьменніцкага веку рабіліся ўсё больш і больш сістэматычна. Аднак запісаў перыяду 1960-х гадоў, так лічылася раней, амаль не захавалася. І гэта пры тым, што найважнейшыя і найаб’ёмнейшыя свае творы Караткевіч напісаў менавіта ў маладосці: раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Леаніды не вернуцца да зямлі». Не кажучы пра шматлікія аповесці і апавяданні, вершы. Ва Уладзіміра Караткевіча быў вельмі чытэльны почырк... Дзённік уяўляе сабой бухгалтарскі гросбух вялікага фармату, старонкі якога з абодвух бакоў запоўненыя круглым, вельмі чытэльным почыркам Караткевіча. Як і ў шматлікіх іншых рукапісах аўтара “Каласоў…”, нямала месца тут адведзена аўтарскім малюнкам. Яшчэ большую цікавасць выклікаюць яны таму, што ў час напісання дзённіка Караткевіч працаваў над раманам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і аповесцю “Чазенія”. Перарабляючы ў каторы ўжо раз сцэнар для кінастужкі, празаік урэшце вырашае для сябе, што не аддасць на глум сваю ідэю, цэнзуруючы пачатковую ідэю паводле чыноўніцкіх вымогаў ад Дзяржкіно. Фактычна на старонках дзённіка Караткевіч пастанаўляе пісаць раман так, як ён хоча, не азіраючыся на кіношнікаў. ...і нешараговы мастацкі талент. Яшчэ адна важная частка дзённіка – падарожжа ва Уладзівасток разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Кляўко. Як кажа легенда, аднойчы паэты жартам патэлефанавалі знаёмаму генералу з просьбай закінуць іх як мага далей у камандзіроўку і пасля забыліся пра той званок. Аднак у Саюз пісьменнікаў БССР прыйшоў афіцыйны ліст, і троіца хоць-няхоцькі паехала набірацца ўражанняў на ціхаакіянскае ўзбярэжжа савецкай імперыі. Беларусы могуць быць насамрэч удзячныя таму невядомаму генералу, бо дзякуючы падарожжу з’явілася “Чазенія” – адзін з самых пранікнёных твораў пра каханне ў беларускай літаратуры. Караткевіч фактычна пачынае пісаць “Чазенію” ў дзённіку, запісваючы для памяці пейзажы прыродных запаведнікаў, але імя галоўнай гераіні аповесці ў побытавы аповед так і не трапляе. Партрэт Каліноўскага ў кабінеце Караткевіча вядомы па фотаздымках і ўспамінах... Дзённік часта запаўняўся Караткевічам постфактум, фактычна – гэта самастойны літаратурны твор, дзе ёсць месца развагам пра беларускае асяроддзе, пытанням пісьменніцкай тэхнікі, праблемам планетарнага маштабу. Аднак нямала старонак аб’ёмнага сшытку прысвечана і побытавым апісанням: жыццю і працы пісьменніка ў рагачоўскай хаце, расповедам пра паходы ў рэдакцыі літаратурных часопісаў, сустрэчам з пісьменнікамі і чыноўнікамі. У тэксце хапае досыць спрэчных і асабістых момантаў, і менавіта таму Алена Сінькевіч як абаронца аўтарскіх правоў пісьменніка вырашыла самастойна падрыхтаваць дзённік Караткевіча да друку. Для каментавання тэксту, паведамляе яна, давялося ці мала праседзець у бібліятэцы беларускай Акадэміі Навук, дзе цяпер у асноўным захоўваецца рукапісная спадчына Караткевіча, у тым ліку аб’ёмнае ліставанне. Гэткім чынам удалося вызначыць шматлікія рэаліі і персаналіі, ведаць якія Алена Сінькевіч не магла і па ўзросце, і таму, што пераехала ў Беларусь толькі ў 1971 годзе. Аднак цікавым з'яўляецца і адварот -- з каліграфіяй Зянона Пазняка: "Уладзімеру Караткевічу. Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці. З.П. 26.ХІ.65. Мінск" Навуковым рэдактарам тэксту з’яўляецца караткевічазнаўца Пятро Жаўняровіч. Відавочна, што дзённік будзе ўлічвацца пры складанні апошніх тамоў збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, выданне якога цяпер ажыцяўляецца. Ужо сёння нумар “Дзеяслова” №78 з невядомым дзённікам Караткевіча можна набыць у Мінску ў краме “Акадэмкніга”. Заўтра часопіс з’явіцца ў продажы ў кнігарнях “Логвінаў”, “Кніжны салон”, на сайце knihi.by. Тэкст і фота: Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org
 
Вечар з "Дзеясловам" (фотарэпартаж)
28 верасня ў мінскім бары «ДК» былі прэзентаваныя новыя нумары літаратурна-мастацкага часопіса, а таксама паэтычны зборнік Наталлі Русецкай, які выйшаў у Бібліятэчцы «Дзеяслова». Прывітальным словам адкрыў вечарыну галоўны рэдактар часопіса, празаік, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч. Вядоўцам стаў паэт, адказны сакратар "Дзеяслова" Анатоль Івашчанка. Барыс Пятровіч -- Сёння, трымаючы ў руках першы нумар "Дзеяслова" і ўспамінаючы, як ён ствараўся, хачу сказаць, што ўсё пачыналася практычна як авантура, з нуля. Літаральна за два летнія месяцы 2002 года былі сабраныя творы, і 23 верасня адбылася прэзентацыя на з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Каля шасці аўтараў першага нумара на той час жылі за мяжой, напрыклад, Алесь Разанаў дасылаў тэксты па электроннай пошце, якая на той час яшчэ не была настолькі развіта ў Беларусі, як зараз. Па творы Івана Антонавіча Брыля ездзілі да яго на лецішча, і паколькі мабільнай сувязі не было і спытаць шляху не было як, спачатку заблукалі на глухой лясной дарозе. Васіль Быкаў тады быў у Празе і параіў узяць адзін са сваіх тэкстаў, але пасля аказалася -- ён ужо друкаваўся ў нейкім замежным выданні, а нашая рэдакцыйная пазіцыя была публікаваць выключна тое, што раней нідзе не выходзіла. Увайшлі ў № 1 творы Ніла Гілевіча, Уладзіміра Някляева, Алеся Асташонка, Святланы Алексіевіч, Андрэя Федарэнкі, Міхася Скоблы. Спачатку мы сумняваліся, наколькі лагічна тое, што ў адным нумары друкуюцца літаратары розных пакаленняў, а таксама артыкулы пра музыку, тэатр, кіно і мастацтва. Цяпер бачна -- "Дзеяслоў" у нас адзін, і яго канцэпцыя яднае ўсіх і адкрытая для ўсіх, -- распавёў Барыс Пятровіч.       Унізе: Анатоль Івашчанка На імпрэзе выступілі аўтары 76-га і 77-га нумароў "Дзеяслова" — Вольга Гронская, Мікіта Найдзёнаў, Арцём Сітнікаў, Андрэй Федарэнка. Галіна Сіўчанка і Вольга Гронская Злева направа: Таццяна Сівец, Марына Шода, Андрэй Хадановіч Арцём Сітнікаў (з гітарай); уверсе: Мікіта Найдзёнаў, унізе: Андрэй Федарэнка  Паэтка Вольга Гронская падрыхтавала супольны вершавана-музычны выступ з бардам Галінай Сіўчанка. Паэт, перакладчык і спявак Арцём Сітнікаў выконваў свае беларускія пераклады з Боба Дылана і Барыса Грэбеншчыкова разам са сваімі сябрамі-музыкантамі. Наталля Русецкая выступае разам з дачушкай Зосяй Беларуская паэтка, даследчыца, перакладчыца Наталля Русецкая, якая жыве і працуе ў Любліне (Польшча), прадставіла свой новы зборнік "Каштаны ў кішэнях". Пераможца конкурсу на лепшы рэкламны верш для "Дзеяслова" Кацярына Шчасная атрымлівае прызы ад "Дзеяслова" Пераклады з Барыса Грэбеншчыкова і Аляксандра Башлачова спявае Анатоль Івашчанка  Былі праведзеныя віктарыны на веданне сучаснай беларускай літаратуры. Пераможцы атрымалі прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" і часопіса "Дзеяслоў".  
 
Выйшаў «Дзеяслоў» №77 — проза Усені і Брава, вершы Голуба і Найдзёнава, доследы Пацюпы і Шаўляковай
Чытайце ў нумары: Паэзія Юрка Голуб. Готландскі нататнік. Вершы.                           Святлана Раманава. Вызначэнне мастацтва. Вершы. Алесь Каско. Цені і водбліскі. Вершы.                    Мікіта Найдзёнаў. Не яго дзэн. Вершы.                          Арцём Сітнікаў. Дабравешчанне Волі. Вершы.           Рагнед Малахоўскі. Рамантык гіне. Вершы.                        Проза Алесь Усеня. Дырэктар могілак, або Тры дні на тым свеце. Аповесць.        Адам Глобус. Смерць ад вялікай любові. Кароткая аповесць пра захапленні. Алена Брава. Мёд Чорнага Месяца. Апавяданне. Сяргей Абламейка. Тастамент. Два апавяданні.    Уладзімір Сцяпан. Салдацкі гузік. Запісы 1983-1985 гг.   Віктар Казько. На кручку. Нізка апавяданняў (Працяг).         Дэбют Зміцер Копаць. Слоік Свабоды. Апавяданне.               Пераклады  Тадэвуш Ружэвіч. Падзенне. Верш і паэма. Пераклад Сяргея Прылуцкага.              Памяць Генадзь Бураўкін. Апошняе сумоўе. Сяргей Шапран – пра развітальныя сустрэчы з Генадзем Бураўкіным. (Заканчэнне).           Спадчына Сяргей Чыгрын. Яму сніліся Скарына і Міндоўг. Творчы партрэт Міколы Арочкі.          Біяграфія Сяргей Шапран. Уладзімір Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія. Старонкі новай кнігі. (Працяг).                                                           Кантэкст  Юры Пацюпа, Вячаслаў Мартысюк. Праўда дзесьці побач. Пра атрыбуцыю і фалькларызацыю. (Заканчэнне).      Эсэ Міхась Скобла. Саркафагі страху. З будучай кнігі.       Дыскусія Непрыдуманая літаратура / літаратура нон-фікшн у Беларусі – што гэта? Круглы стол.                                      Згадкі Славамір Адамовіч. Мая Украіна. Восем эпісодый аднаго жыцця.            Дыяспара  Сяргей Казак. «Тут ёсць і жыве Беларусь!» Беларуская прысутнасць на старонках украінскіх эмігранцкіх выданняў.          Дослед Ірына Шаўлякова. Любіць Зеўса: сацыялогія літаратуры як “прываротная сіла”.                         Кнігапіс Леанід Галубовіч. Сляды ў сумётах. Рэцэнзія на кнігу Таццяны Барысік.