Уладзімір Някляеў (№97)

Яблычны спас

Някляеў №68АЛІВА

                                                              Вользе

Ён моўчкі крочыў берагам марскім.

Ягоныя сляды змывалі хвалі

І адбягалі… Потым цалавалі

Сляды жанчыны, што ішла за ім.

 

Ён не глядзеў, ці йдзе? Ён шлях пачаў

І доўжыў так, нібыта йшоў да мэты,

Якой ніхто не ведаў, апрача

Яго самога і жанчыны гэтай.

 

За імі шлях не рассыпаўся ў прах,

Бо самі йшлі яны, куды хацелі,

І разам з імі па сваіх шляхах

Звяры і птушкі беглі і ляцелі.

Днём грэла сонца. Ноччу грэў касцёр.

Яны ішлі – нічога не шукалі.

Пілі ваду, што працякала з гор,

І елі сыр, што пастухі давалі.

 

Калі ісці стамляліся, плылі.

Спаць клаліся пад вечнаю алівай.

І ён спяваў нараніцы, калі

Яна з ім прачыналася шчаслівай.

 

У ёй аліва вечная цвіла,

Якая йсці яму давала сілу,

Ён вёў яе, яна яго вяла

Ад небасхілу і да небасхілу.

 

На іх сляды, што йшлі вакол зямлі,

Паклаліся сляды дачкі і сына…

 

Бог ведае, куды яны ішлі…

І хто быў ён… І хто была жанчына…

09.09.2018, Ліда Марыні, Салента, Італія.

 

 

ЯБЛЫЧНЫ СПАС

Наканаванае наканавана.

Разам уночы, як здані з тумана

Выйшлі да возера. Там на вадзе

Спалі лілеі. Ніколі, нідзе

Нам не было так святочна, так светла…

Як мы кахаліся! Дзе тое лета,

Жнівень даспелы, яблычны Спас,

Дзічка, што свечкай свяцілася ў ночы?..

Тыя лілеі, што ўбачылі нас

І сарамліва заплюшчылі вочы.

7.05.2017

 

 

СВЕТ

                                               Сяргею Ваганаву

Калі глядзець на свет прыветна,

Не распаляць у сэрцы злосць –

Свет не такі ўжо беспрасветны,

Святло таксама ў свеце ёсць.

 

І людзі ёсць, і ёсць не людзі,

І ўсё, што тут стварыў Гасподзь…

І ёсць сам-Свет,

Ёсць цуд,

І ў цудзе

Ёсць мы – на міг адзіны хоць…

28.07.2016

 

 

*  *  *

Поўдзень. Субота. У садзе

Брат. У ягоным паглядзе

Сонца. Нябёс вышыня.

Ён усміхаецца. Я –

Брату насустрач –

Шчаслівы…

 

Спёка. На прыпечку дня

Дзедава выспела вішня.

Бацькава выспела сліва.

31.07.2016

 

 

*  *  *

Душа да душы

прывыкаюць,

І рукі да рук

прымыкаюць,

І губы да губ

прынікаюць –

 

Так людзі ў людзей пранікаюць

Адное ў адно звар’яцела,

Пажадліва – целам у цела!

 

А як ты хацела?..

17.01.2017

 

 

*  *  *

Цела на захад, а кроў выцякае на ўсход.

Мёртвы народ сам сябе ўжо не помніць жывога.

Гэта такая трагедыя – мёртвы народ.

Гэта такая камедыя мёртвага Бога.

 

Ён у царквах, у касцёлах – у храмах памёр.

Думалі – храмы, а выйшла, што склепы і труны.

І ні пры чым ні чума, ні халера, ні мор,

І ні пры чым ні варагі, ні скіфы, ні гуны.

 

Час і манюк, і прарокаў да кучы грабе,

Перамяшаліся ў пыле свае і чужыя,

 

Мёртвы народ ажыўляе самога сябе –

І аніяк ён самога сябе не ажывіць.

 

Бог беларускі! Калі ты ў нябёсах есі,

Можа, абрынешся градам, пяском з камянямі,

Громам ударыш, ці вогненны знак падасі,

Страшны свой суд, ажывіўшы, учыніш над намі.

 

Можа, запаліш у нас пад нагамі зямлю,

Каб мы суда пабаяліся болей, чым смерці…

 

Бог беларускі!

Цябе я і мёртвым люблю!

Б’ецца і б’ецца ўва мне тваё мёртвае сэрца.

26.03.2017, Брэст, шпіталь хуткай дапамогі

 

 

*  *  *

Сарвалася ў бездань дарога.

І я азірнуўся ўначы:

За спінай маёй анікога.

Хоць крыкам крычы –

Ніхто мне вяроўку не кіне

Ніхто не працягне руку!..

 

А недзе

Агонь у каміне.

Каханая на скразняку.

24.03.18

 

 

КРЫЖЫ

29 чэрвеня 2018 года былі арыштаваныя крыжы, якія беларусы везлі ў Курапаты, каб абараніць Нацыянальны мемарыял ад нячыстай сілы.

Арыштаваныя крыжы.

Нябесны Ойча, адкажы,

Ці час нам брацца за нажы,

Ці падстаўляць шчаку другую,

Як падстаўляе з году ў год

Яшчэ няспраўджаны народ,

Што сам з сабою варагуе?

 

Даруй нам, Божа. Не карай.

Хай сам сябе знішчае край,

Той родны кут, што так нам мілы,

Дзе ў храмах молімся чужых,

Дзе мёртвым сорамна за тых,

Хто зневажае іх магілы!

 

Даруйце нам, дзяды, бацькі…

Хай вам баляць, пякуць цвікі,

Якімі вы раскрыжаваны,

Хай Беларусь, уся ў слязах,

Пакуль мы таньчым на касцях,

Галосіць, ліжа вашы раны!

 

Няхай паміж крывавых вех

На здзек сыходзіць і на смех

Усё, што стала нашай доляй,

І хай знямее той народ,

Няхай той род ідзе на звод,

Які не заручыўся з Воляй!

 

Даруй смяротны грэх, Гасподзь!

Хай век не скінуць нам аброць,

Хамут, што самі мы надзелі!..

Хай прахам стануць дух і плоць,

Але пакінь надзею хоць,

Пакінь мне, Госпадзі, надзею…

29.06.2018, Курапаты.

 

 

*  *  *

Хрыстос сказаў з крыжа сем фраз.

І ўсе не пра сябе. Пра нас.

 

Ён нам пра тое, як любіць,

Як жыць у Божым свеце годна.

 

А мы Яму: як нам баліць,

Калі глядзім на крыж Гасподні.

Хрышчэнне, 2017

 

 

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

Дым у полі пустым.

Свіст –

Нібы

Пры татара-манголе.

Анікім не засеяна поле,

Анічым – і паволі

Камяні

Узыходзяць

На ім.

 

КАНСПЕКТ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

                                              Алесю Краўцэвічу

Крыжамі на полі карчы.

Я ў полі араты.

А ў хмарах мяне крумкачы

Цікуюць зацята.

Каб сэрцы маё разарваць

І выдзеўбаць вочы!..

Дык што мне:

крычаць?! Ці маўчаць?

“Крычы. Але моўчкі”.

Маўчу. Бо запомніла кроў

На вечныя векі:

Як выйдзе мой крык з берагоў –

Скрывавяцца рэкі.

Зазвоняць над полем мячы,

Заціўкаюць кулі…

І кажа мне памяць: “Крычы!

Ды так, каб не чулі.

Бо ўсіх нас – касой! Як траву –

Ад краю да краю!..”

 

Я моўчкі крычу і жыву.

Я моўчкі ўміраю.

І некалі моўчкі радня

Спытаецца ў скрусе:

“А што гэта за цішыня

Над тым,

што было

Беларуссю?..”

26.09.2018

 

 

*  *  *

У час, заткнуты коркам,

Часцей глядзім туды,

Дзе Божыя сады,

Скуль нам міргаюць зоркі.

 

І поўнімся святлом,

Што нам не слепіць вочы…

 

Мы лепей бачым днём.

Але далей – уночы.

4.01.2017

 

 

НЕВЯДОМЫ

Невядомы ўвайшоў у жытло.

Запаліў невядомы святло

І агонь распаліў невядомы,

Гаспадар невядомага дома.

 

Дзе той дом? На зямлі, на вадзе?

Невядома. Не ведаю, дзе.

 

Але з тым жа – штораніцы – сном

Прачынаюся, бачу ў кашмары:

Невядомы ўваходзіць у дом –

І гарыць на ім шапка ў пажары.

18.01.2017

 

 

*  *  *

Цямрэчы кругаверць.

І пах. Ці кроў? Ці не?

Так востра пахне смерць, –

Падумалася мне.

 

Тады дажыць – паспець! –

Любоў – і з ёй у роў.

Яле якая смерць,

Калі так востра – кроў?

 

Калі паспець – дажыць! –

Калі твой страх бяжыць

Скрозь стрэлы, брэх сабак!..

 

І як яно: не жыць? –

Не ўцяміць аніяк.

23.03. 2018, 20-я камера ЦІП.

 

 

ДЗЕНЬ ВОЛІ

I

У камеры турэмнай, нібы звер,

Глухім адчаем выючы да столі,

Святкую я стагоддзе БНР —

Няспраўджанае свята нашай Волі.

 

Прынік да вочка

вокам

вартаўнік.

Мардаты. Зубы сцяты. Чын па чыну.

А недзе там, над столлю, — сакавік.

І недзе там — за кратамі — Айчына.

 

І раптам я адчуў, што мы ўдваіх

За кратамі. Як з ланцугом на шыі,

Я выю ў столь па гэты бок ад іх,

Яна — па той бок у нябёсы вые.

 

Аж дрыжыкі бяруць з яе выцця!

Такая ў ім туга, нуда такая.

Як не хапае ёй, каб жыць, жыцця,

І смерці, каб памерці, не хапае!

 

І так — скрозь век, скрозь сто студзёных год,

Скрозь боль і жах, скрозь песні з карагодамі —

І скрозь правадыроў, і скрозь народ,

Які ніяк не можа стаць народам.

 

ІІ

Вясна, вясна! Скажы, шапні ты мне,

Калі ўжо ты прыйшла на наш гасцінец,

Чаму я ў роднай, крэўнай старане

Турме — радня, а ўсёй радні — чужынец?

 

Шапні, вясна чаканая, скажы:

У чым я прад Айчынай вінаваты?..

 

І слухаў я, як б’юцца капяжы

Аб падваконнік,

Аб сцяну,

Аб краты…

 

ІІІ

О, Беларусь! О, Крывія мая!

Ты

Ува мне

Жывой крывёй струменіш!

І гэта ўжо ніяк,

Нічым не зменіш:

Кроў на ваду не памяняю я.

 

Дарма — турма! А Воля — не дарма!

І не дарма Пагоні меч узняты!

Мы рассячэм ланцуг! Мы вырвемся з ярма!

Мы ўсё-ткі спраўдзім

Волі нашай

Свята!

  1. 2018, 20-я камера ЦІП

 

 

*  *  *

Яна ў табе – ты ў ёй. Няма паміж

Табою і Айчынаю нікога,

Апроч усемагутнейшага Бога,

Яго любові і Яго ахвяры.

Калі ж вас разламілі, як спарыш,

Калі між вамі ворагі, пажары, –

Хай помстаю, якою ты гарыш,

Гарыць зямля! Гараць у небе хмары!

Вада ў рацэ! І палымнее крыж

У Госпада ў руцэ – як сімвал кары!

12.02.2015

 


Апублікавана

у